Ірына Змачынская




Дата канвертавання29.03.2016
Памер83.55 Kb.
Ірына Змачынская
ТАПАНІМІЧНЫЯ ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ: ЖАНРАВАЯ ІДЭНТЫФІКАЦЫЯ
Сістэматызацыя і тыпалогія легенд і паданняў належаць да найбольш складаных пытанняў у галіне вывучэння народнай прозы. Захоўваецца блытаніна ў тэрміналогіі ў азначэнні легенды і падання, жанравыя межы вызначаюцца размытасцю і неаформленасцю, бо адна і тая ж характэрная асаблівасць жанру можа прыпісвацца ці то легендзе, ці то паданню.

Прывядзем дэфініцыі легенды і падання, якія прыняты ў сучасным літаратуразнаўстве. Так, у літаратурнай энцыклапедыіі тэрмінаў і паняццяў пазначана, што “ў фальклоры легенда — жанр няказкавай прозы, які фантастычна асэнсоўвае падзеі, звязаныя са з’явамі жывой і нежывой прыроды, светам людей (плямёны, народы, асобы), са звышнатуральнымі істотамі (Бог, святыя, анёлы, нячыстая сіла). У аснове фальклорных легенд ляжыць уяўленне пра цуд, што ўспрымаецца дакладнасць, гэта і вызначае структуру, сістэму вобразаў і паэтыку легенд”. Далей адзначана, што “ў адрозненне ад паданняў, падзеі легенды адбываюцца адначасова ў мінулым, сучасным і будучым”, а таксама, што выдзяляюцца наступныя віды легенд: этыялагічныя, рэлігійна-павучальныя і сацыяльна-ўтапічныя. [6, с. 434]. Спрэчным у такім выпадку з’яўляецца аднясенне твораў тапанімічнай прозы да легенд, бо вёска або камень узнікаюць адзін раз і застаюцца ў нязменным выглядзе з пэўнай назвай. Не адносяцца да легенд таксама творы на тапанімічную тэматыку.

У гэтым жа слоўніку паданне трактуецца як “вусны летапіс”, жанр няказкавай прозы з устаноўкай на гістарычную дакладнасць”. Пазначана, што “абавязкова прысутнічае выдумка, фантастыка” і паданням “характэрна лакальная прымеркаванасць да вёскі, возера, гары і г.д.” [6, с. 794—795]. Зноў-такі атрымліваецца, што творы тапанімічнай прозы адносяцца толькі да паданняў. Што датычыць прыведзеных тэрмінаў, то яны падаюцца нам узаемазаменнымі і не ўтрымліваюць выразных рыс размежавання названых жанраў.

У вялікім акадэмічным выданні “Беларускі фальклор” падаюцца наступныя тэрміны: легенда — “фальклорны і літаратурны жанр, дзе фантастычная падзея ці вобраз падаюцца як рэальныя” [2, с. 17], паданне — “вуснае апавяданне, у якім з элементамі меншай ці большай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы навакольнага жыцця, расказвалася пра значныя гістарычныя падзеі роднага краю, пра народных герояў” [2, с. 268]. Галоўны ж крытэрый, прапануемы аўтарамі навуковых артыкулаў для размежавання падання і легенды, наступны: “у адрозненне ад падання, дзе ўзнікненне розных з’яў (звычайна сацыяльных) тлумачыцца пераважна чалавечай дзейнасцю, у легендзе падзеямі кіруюць звышнатуральныя сілы” [2, с. 17]. Але як быць з тапанімічнай прозай, дзе назва месца тлумачыцца ад таго, што царква правалілася пад зямлю? Узнікае натуральнае пытанне: гэта адбылося пад уздзеяннем звышнатуральнай сілы або з-за чалавечай дзейнасці — амаральных паводзінаў служак культу? Здаецца, падыходзяць абодва сцвярджэнні. Адзначым таксама, што аўтары прытрымліваюцца гісторыка-тэматычнага прынцыпа, прапанаванага І.Гурскім, паводле якога творы тапанімічнай прозы адносяцца толькі да паданняў.

Такім чынам, розныя дэфініцыі жанраў легенды і падання абумоўліваюць і розныя падыходы да іх размежавання. Навукоўцы М.Грынблат і У.Проп да паданняў адносяць апавяданні пра гістарычныя падзеі і гістарычных дзеячаў [3, с. 22]. Але, напрыклад, у адным з твораў распавядаецца пра князя Барыса, які заключыў дамову з д’яблам [3, с. 239]. Князь Барыс — гістарычная асоба, атрымліваецца, што гэты твор паданне. Але легенды і паданні перадаюць адметную, своеасаблівую, “фальклорную” гісторыю: ўяўленні народа пра сваё мінулае, прычым носьбіты фальклору не сумняваліся ў яе сапраўднасці. Гісторыя, на думку навукоўцы Мірчы Эліядзе, міфалагізуецца [12, с. 83], і з таго моманту, як міф надае гісторыі сваё больш глыбокае і багатае гучанне, ён становіцца больш верагодным за рэчаіснасць.

А.Цітавец і М.Грынблат лічаць фантастыку канцэптуальным паказчыкам у разуменні жанру легенды. Даследчык жа К.Чыстоў адзначае, што спроба дыферэнцыяцыі фальклорных з’яў па наяўнасці ці адсутнасці выдумкі не можа даць надзейных вынікаў — гэта ўсё суб’ектыўна і адцягнена ад рэальнага механізма ўзнікнення і выдумкі і яго ацэнкі тым асяроддзем, якое захоўвае гэтыя апавяданні [11, с. 20]. Вучоны прапаноўвае дыферэнцыраваць вусныя апавяданні па наяўнасці ці адсутнасці звышнатуральных вобразаў. К.Чыстоў дадае, што ў мінулым у іх рэальнае існаванне безумоўна верылі, але гэта была “рэчаіснасць быццам бы іншага ўзроўня” [11, с. 21].

Паняцця рэтраспектыўнасці прытрымліваюцца даследчыкі А.Цітавец і К.Чыстоў. Але такі падыход не можа служыць надзейным крытэрыем, бо як можна вызначыць час аповеду па уступу “даўно гэта было”, якім пачынаецца большасць твораў тапанімічнай прозы?

К.Чыстоў прапаноўвае размяркоўваць легенды і паданні па прыкмеце лакальнай прымеркаванасці ці не прымеркаванасці. Тады зноў атрымліваецца, што творы тапанімічнай прозы трэба адносіць толькі да паданняў.

У вывучэнні твораў народнай прозы важным з’яўляецца аспект іх суадносінаў з рэчаіснасцю. У гэтым накірунку рацыянальным падаецца падзел няказкавай прозы на дзве галіны, зроблены К.Чыстовым. Навуковец галоўную розніцу паміж імі бачыць у тым, што “адна з іх мае станоўчыя веды аб паўсядзенным (сапраўдныя або ўяўныя), другая — вераванні і народжаныя імі ўяўленні аб чарадзейным” [11, с. 50]. Да першай галіны даследчык адносіць паданні, сказы, да другой — легенды, былічкі. Такога ж меркавання прытрымліваецца і вучоны С.Азбелеў. Але не зразумела, як размяжоўваць творы тапанімічнай прозы, дзе назва аднаго і таго ж аб’екта тлумачыцца па-рознаму, напрыклад, мост назвалі Перуновым, таму што яго разбіваў Пярун, або таму што пабудаваны ён быў іншаземцам Перы [3, с. 70]. Бо першапрычына — патлумачыць назву.

Цяжкасць размежавання легендаў і паданняў, з аднаго боку, а таксама вывучэнне гэтых жанраў у сучаснай фалькларыстычнай навуцы на больш глыбокім, фенаменалагічным узроўні — з іншага, падштурхнулі навукоўцу Т. Лук’янаву да думкі, што легенды і паданні, магчыма, не з’яўляюцца асобнымі жанрамі, а ўяўляюць з сябе разнавіднасці адзінага жанру: “Такім чынам, найбольш агульным вызначэннем легенды будзе — вусны празаічны твор, што мае ўстаноўку на верагоднасць і шырока выкарыстоўвае міфалагічныя, рэлігійныя, гістарычныя і побытавыя матывы” [7, с. 59]. Такім чынам, няма максама дастаткова дакладнага і прызнанага азначэння паняццяў “легенда” і “паданне”.

Цяпер звернемся непасрэдна да аналізу твораў тапанімічнай прозы, сабраных у ходзе фальклорнай практыкі, і ўзгадаем некаторыя з іх. У Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці намі атрымана ад інфармантаў 26 твораў з тапанімічнымі матывамі. Яны запісаны ад асобаў сталага ўзросту. На нашу думку, захаванасці твораў тапанімічнай прозы ў быту садзейнічае нястомная цікавасць да падзей мінулага, да гісторыі свайго краю, назваў вёсак і ўрочышчаў.Спецыфіка твораў з тапанімічнымі матывамі абумоўлена асаблівасцямі зместу, канфліктаў, тыпамі герояў і функцыямі гэтых твораў.

Узнікненне назвы вёскі звязана найчасцей з уласнымі імёнамі. Гэта група твораў тапанімічнай прозы самая шматлікая. Напрыклад, назва вёскі Асташэва ўзнікла ад імя лесніка Асташкі. Паселішча Якубаўшчына названа так ад імя смелага хлопца Якуба, які адолеў злога чараўніка, што на Купалу кожны год краў самую прыгожую дзяўчыну. У назве вёсцы Яськаўшчына спалучаецца тлумачэнне ўласным імем з сацыяльнай матывацыяй, а таксама дадаецца матыў няшчаснага кахання: парабак пакахаў панскую дачку, за што быў аддадзены ў рэкруты, а яго каханая — Яся — з гора ўтапілася ў возеры. Адслужыўшы, парабак вярнуўся ў родныя мясціны і пасяліўся каля таго возера. Пазней узнікла вёска, якую і назвалі Яськаўшчынай. Сацыяльную матывацыю набыло паведамленне пра назву вёскі Глоданкі. Пан у гэтых мясцінах быў вельмі жорсткі, бязлітасна збіраў з сялян аброкі, і, калі адбываўся неўраджай, надыходзіў голад. Каб хоць неяк уратавацца, сяляне елі кару з дрэў, якія пасля стаялі, як абглоданыя. Ад імя Напалеона быццам бы паходзіць назва вёскі Палёнаўка — у ваколіцах гэтай вёскі мясцовыя жыхары падпалілі абоз Напалеонаўскай арміі, не жадаючы скарыцца ворагу. А раней паселішча мела назву — Напаляонаўка. Але ў гэтым творы тапанімічнай прозы мы маем як бы двайную матывацыю: і ад дзеяслова “паліць”, і ад назвы галоўнакамандуючага французскімі войскамі ў вайну 1812 года. У гэтым творы сутыкаемся з двайной матывацыяй назвы паселішча. Як бачна, такая “дваістасць” тлумачэння можа быць ці у адным творы, ці пра населены пункт існуе некалькі твораў народнай прозы. Напрыклад, назва вёскі Калышкі паходзіць, паводле аповеду інфарманта, ад арэляў, на якіх тут гушкаліся, або ад кольяў, якімі яўрэі абносілі свае гаспадаркі.

Трэба адзначыць, што для твораў народнай прозы такога тыпу, у якіх вытлумачэнне назвы тапанімічных аб’ектаў дастасавана да ўласных імёнаў або мае сацыяльную матывацыю, характэрны больш-менш развіты сюжэт і разгорнутасць апавядання.

Намі вылучаны творы тапанімічнай прозы, дзе назва паселішча паходзіць ад сказаных кімсьці слоў. Так, вёскі Бабінавічы і Дабрамыслі названыя паводле слоў Кацярыны ІІ, якая падарожнічала па гэтай мясцовасці, адпаведна — “бабій горад” і “добра мысль”. Трэба адзначыць, што імя гэтай гістарычнай асобы даволі часта ўзгадваецца ў сувязі з тлумачэннем назвы паселішчаў у Віцебскай вобласці. Так, горад Лепель, паводле падання, атрымаў сваю назву ад сказаных імператрыцай слоў [9].

Назвы тапанімічных аб’ектаў могуць паходзіць таксама ад статусу першых жыхароў: гарадскі пасёлак Лёзна названы так з той прычыны, што на месцы паселішча жылі людзі “лёзныя”, што значыць вольныя. Таксама гэты твор закранае і сямейныя праблемы — купец раззлаваўся на сваю прыгажуню дачку, пра якую папярэдне зманіў даверліваму бацьку поп, і загадаў свайму сыну забіць сястру, але брат з сястрой уцяклі ад злоснага родзіча і пасяліліся на іншай зямлі. Прапанова бацькі забіць сваю дачку ўяўляецца архаічнай рэшткай, сведчыць пра даўнасць узнікнення твора і, здаецца, мае сувязь з казачным матывам.

Назва населенага пункта можа тлумачыцца яго геаграфічнымі, прыроднымі асаблівасцямі ці назвай суседняга геаграфічнага аб’екта. Паселішча Чарнаручча мае адпаведную назву з-за таго, што на мясцовасці, выбранай людзьмі для жыцця, цяклі тры ручаі, вада з якіх, калі яе ўзбаўтаць, станавілася чорнай. Цікавасць уяўляюць творы тапанімічнай прозы, у якіх назвы вёсак звязваюцца з пэўнымі маральнымі якасцямі. Паселішча Лындзіна названае паводле ляска гэтай мясцовасці з такой жа назвай. Лес жа празвалі так людзі, якія бачылі, як працавіты гаспадар гнаў бярозавым прутком сваю жонку з гэтага ляска, прыгаворваючы: “Ах ты лында!”. Тлумачэнне гэта займальнае, але наўрад ці мясцовым жыхарам прыемна было называць вёску ад амаль што лаянкавага слова, але такая матывацыя назвы таксама мае права на існаванне.

З сабраных твораў тапанімічнай прозы можна меркаваць, што для іх характэрна дакладная ўстаноўка на гістарызм і рэальнасць аповеду. Яны ўцягваюць у сваю сферу даволі шырокае кола жыццёвых пытанняў, пачынаючы ад грамадска-сацыяльных і да сямейна-бытавых праблем. У большасці выпадкаў гістарычны матэрыял, гэтак жа як і спасылкі на старых людзей, падпарадкаваны агульнай мэтавай накіраванасці твораў, нярэдка яны толькі мастацкі прыём, які стварае неабходнае ўражанне дакладнасці апавядання.Наяўнасць фантастычных вобразаў і сюжэтаў дае магчымасць супаставіць творы тапанімічнай прозы з чарадзейнымі казкамі, выявіць іх падабенства і адрозненні, што можа стаць далейшым накірункам навуковых пошукаў у гэтай сферы. Канфлікт твораў падпарадкаваны тлумачэнню назваў і вельмі часта мае падставы ў фізіка-геаграфічных і сацыяльна-гістарычных асаблівасцей Віцебшчыны. Героі твораў намаляваны смелымі, мужнымі, свабодалюбівымі людзьмі, патрыётамі свайго краю, што абуджае не толькі пазнавальную, але і эмацыянальную зацікаўленасць, і тым самым творы знаходзяць перспектывы захавання ў якасці паэтычных ілюстрацый гісторыі Віцебшчыны.

Мы вызначылі жанр сабраных твораў як тапанімічныя паданні, улічваючы прапанаваныя крытэрыі размежавання легенд і паданняў. Але сустракаюцца і пераходныя з’явы, якія можна класіфікаваць і як легенды, напрыклад, твор пра вёску Якубаўшчына.



Разгледжаныя прынцыпы жанравай ідэнтыфікацыі легенд і паданняў патрабуюць далейшай, больш дасканалай распрацоўкі і ўдакладнення ў навуковых колах, бо даследчыкі паспяхова спраўляюцца з гэтай задачай толькі ў межах уласных канцэпцый.

  1. Азбелев С. Отношение преданий, легенд и сказки к действительности с точки зрения разграничения жанров // Славянский фольклор и действительность. — Москва, 1965.

  2. Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка. Кніга 4. Народная проза. — Мінск, 2002.

  3. Легенды і паданні. — 2-е выд., дап і дапрац. — Мінск, 1983.

  4. Легенды і паданні Віцебшчыны. — Віцебск, 2002.

  5. Литературный энциклопедический словарь. — Москва, 1987.

  6. Литературная энциклопедия терминов и понятий / Гл. ред. и сост. А. Николюкин — Москва, 2001.

  7. Лук’янава Т. Казка і няказкавая проза. Сістэматызацыя і класіфікацыя жанраў // Роднае слова № 12. —Мінск, 2005. — 75 с.

  8. Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі / склад. Н. Гілевіч — Мінск, 1983.

  9. Прозаические жанры фольклора народов СССР. Тезисы докладов на Всесоюзной научной конференции “Прозаические жанры фольклора народов СССР” 21-23 мая 1974 г. — Мінск, 1974.

  10. Пропп В. Фольклор и историческая действительность. — Москва, 1976.

  11. Чистов К. Фольклор. Текст. Традиция. — Москва, 2005.

  12. Элиадэ М. Миф о вечном возвращении. — Улан-Удэ, 1969.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка