Ірына шаўлякова як важна не быць “Арцюрам Рэмбо”




Дата канвертавання06.06.2016
Памер20.02 Kb.
ІРЫНА ШАЎЛЯКОВА
Як важна не быць “Арцюрам Рэмбо”...
Рагнед Малахоўскі стаўся “ахвяраю не натуры, а культуры, у прыватнасці, айчыннага піяру і запланаванага плюралізму меркаванняў. Адзін крытык дэбютную кнігу вершаў “Беражніца” атрымаў ад выдаўца; другі рэгулярна наведвае кнігарню, сузірае кошты, выпраўляецца на паляванне ў сутарэнні літаратурна-мастацкіх рэдакцый – і становіцца рэцэнзентам, не патраціўшы на кнігу ні грошай, ні часу; трэці слухае радыё, чытае напісанае першым і другім – і храбра вяртаецца ва ўлонне “крытычнага бессвядомага”, перажываючы рэцыдыў “адзінагалоснасці”.

Толькі ў “ЛіМе” цягам апошніх двух-трох месяцаў пра “Беражніцу” выказваліся Л. Галубовіч, Н. Капа, С. Патаранскі, Ю. Нераток. Паказальна, што ў маладзейшых спн. Капы ды сп. Патаранскага незраўнана больш ментарства ды безапеляцыйных рэкамендацый, чым у аўтара “ЛеГалізацыі”: гэта як бы доктар спрабаваў лячыць чалавека, а фармацэўт выпраўляў небараку на могілкі. Між тым, “зялёны” (на чым настойлівае паэт/крытык Н. Капа) сп. Малахоўскі выяўляе сябе паслядоўным, сталым

– захавальнікам традыцыйных для беларускай паэзіі тэм, матываў і вобразаў:

“Вечар – цуда Матухны-прыроды, –

Крылы развінаючы свае,

Ап’яняе мяккай асалодай

І ў душы спагадліва пяе."

(“Вечар”);

“На шчодрай гронцы спелага кахання

Адлюстраванне зманлівага раю?

Мне не знайсці адказу на пытанне,

Пакуль жыву, пакуль яшчэ кахаю.”

(“Чаму”).

(У сувязі з апошняй цытатай заўважым, што аўтару – 21 год, а ён ужо – віртуозны “імітатар”, прычым тут усё сур’ёзна, без блазнотаў і злых намераў. Спачатку авалодваем класічнай тэхнікай пісьма, і толькі пасля рушым у найноўшыя “бадлеры”.);

– змагаром з паныласцю і дэструктыўнасцю настрояў уласнага ж пакалення:

“Прасветліцца свядомасцю сумленне,

Туман надзей ахутае дамы.

Сябе спазнаўшы, наша пакаленне

Дакажа свету, што не ўмёрлі мы.”

(“Не ўмёрлі мы”);

майстрам спелай (і неадзінкавай!) метафары: “смягла ручай дапівае вясёлку ўрачыстую”, “...закаханай паэткаю клалася // ганарлівая котка за печкаю”, “цэзію палосы // і стронцыю шырокія пракосы // крыжуюць свет за дротам небыцця” і інш.

У “Беражніцы” не давядзецца вышукваць ні рытарычных воклічаў (“Сам д’ябал з катла на яго зубы точыць, // а ён Чалавек! Чалавек ён! Жыць хоча!”, ні збыткоўнасці тропаў (“халодны позірк шчасця ліхадзейны”), ні рытуальнага “неабайранізму” (“чаму я ўспомніў даўнія хвіліны, // Калі плылі былога шчасця ноты?..”) – іх заўважыць (?!) і народны крытык. Ды хвалявацца трэба было б якраз у тым выпадку, калі б нічога з пералічанага ў дэбютнай кнізе сп. Малахоўскага не было. Тады б яго, бадай, чакаў лёс Арцюра Рэмбо, які ў свае семнаццаць панаствараў такога і столькі, што далей яму і жыць было нецікава, не тое што вершы пісаць... А так – дзякуй Богу!



(“ЛіМ” 1 ліпеня 2005г.)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка