Ірына Багдановіч "пэрламутны смутак у імгле ", або футурыстычная "заумь" уладзіміра дубоўКІ




Дата канвертавання01.05.2016
Памер93.84 Kb.
Ірына Багдановіч

"ПЭРЛАМУТНЫ СМУТАК У ІМГЛЕ...", або ФУТУРЫСТЫЧНАЯ "ЗАУМЬ" УЛАДЗІМІРА ДУБОЎКІ

Уладзімір Дубоўка быў найбольш яркай фігурай не толькі "Узвышша", але і ўсёй маладой беларускай паэзіі 1920-х гг. Ён быў лідэрам, які задаваў тон, на яго паэзію зважалі, яе спадкавалі, яе ясабліва рэзка крытыкавалі ў другой палове дзесяцігоддзя. За што ж крытыкавалі паэта?

У 1928 г, кнігу крытычных артыкулаў "Пра нашы літаратурныя справы" выдаў Тодар Глыбоцкі - вядомы паэт Алесь Дудар (Дайлідовіч), які нямала месца адвёў там аналізу, разгляду паэзіі ўзвышаўцаў. Нават назвы артыкулаў гавораць самі за сябе: ``Літаратурнае балота" і "Пад шыльдай пралетарскай літаратуры". Артыкул "Дэпешы без адрасу" быў прысвечаны спецыяльна творчасці Уладзіміра Дубоўкі. Яго зборнікі "Сгеdо" (1925) і "Наля" 1927) Т. Глыбоцкі разглядаў як этапы творчага заняпаду паэта, крытыкаваў за "экстравагантныя шуканні з боку мовы", за "заняпад рыфмы" (пры "этым прыводзіў прыклады наватарскіх асанансных рыфмаў У. Дубоўкі і яго моўныя наватворы)2. Асабліва з'едлівы крытычны пафас быў накіраваны на цыкл "мэлёдый" "Наля" ў аднайменным зборніку У. Дубоўкі: тут аўтару дасталося менавіта за "заумныя выкрунтасы". У якасці прыкладаў Т. Глыбоцкі прыводзіў радкі, у якіх, на яго думку, разабрацца цяжка нават добра падрыхтаванаму чытачу". Прывядзём іх і мы:

1) Ціха... ціха...



Гэта добра... так жа лети...

Ня фіялкі, не...

Пад нагамі сьпег...

Пэрламутны смутак у імгле..

.

2) Нечаканае



- дзе

- на

Канула

- дзень

- ля...

"Такія слоўныя практыкаваньні, - зрабіў выснову крытык, - ні да чога добрага ні беларускую паэ­зію, ні Дубоўку не давядуць. Мінулае іх у сусьветнай літаратуры - вельмі цёмнае, будучыня яшчэ цямней. Лепей як-небудзь так... папросту!.."3. Такім чынам, як можна заўважыць, Т. Глыбоцкі крыты­каваў У.Дубоўку меыавіта за авангардысцкія мастацкія прыёмы, за паэтычнае наватарства, выстаўляючы пры гэтым сваю абсалютную эстэтычную абмежаванасць. Красамоўнай з'яўляецца і апошняя фраза "лепей як-небудзь так... папросту!", якая фактычна заклікала не проста да прымітыўных вершаў, але да спрошчаных слоганаў і шаблонаў. I гэта ў той час, як еўрапейская паэзія поўнілася бязмежжам авангардысцкіх груп і самых смелых эксперыментаў! А таксама і сам гора-крытык, калі станавіўся паэтам Алесем Дударом, прэтэндаваў на арыгінальнасць і наватарства, вучыўся, што праўда, гэтаму найперш у таго самага У. Дубоўкі. Пра цікавасць узвышаўцаў да авангарду і жаданне самім сцвердзіцца ў ім гавораць і мемуарныя крыніцы. Так, ва ўспамінах Максіма Лужаніна чытаем: "Даходзілі чуткі аб вымудрах і рызыкоўных паводзінах маладых літаратараў з іншых сталічных гарадоў. А мы што, кіпцямі загон барануем?.."4.

На творчы пошук пісьменнікаў правакаваў сам час, новыя вынаходніцтвы ў самых розных сфе­рах чалавечай дзейнасці. Культурны зрух у свеце быў звязаны таксама са з'яўленнем фатаграфіі, кінематографа, эстрады, з пераменамі густаў і стылістык у танцавальным мастацтве, музыцы, жывапісе. Эле­менты навацый у гэтых мастацтвах пранікалі ў па­эзію, надавалі ёй дынаміку і дух сучаснасці, можа быць, болей выразную, чым шум фабрычных гудкоў. Модным станавіўся футурыстычны сінкрэтызм мастацтваў, які ўводзіў у глыбіню чалавечай куль­туры, скіроўваў да яе першабытных формаў, адкрываючы прымітывізм як форму новага авангарднага мыслення. Выкарыстоўваючы стылістыку кічу, кірмашовасці, вулічных гутарак і спеваў, народ­ных куплетаў, ён набываў самыя розныя афарбоўкі. Тут абнаўляліся прынцыпы народнага тэатра батлейкі, інтэрмедый, нараджаўся новы літаратурны "балаган". У рускай літаратуры 1910-х гг. такі стыль, як вядома, шырока выкарыстоўваў вытанчаны паэт з ам­плуа сімваліста Аляксандр Блок. Немалы ўплыў на фармаванне авангарднага дыскурсу мела таксама мастачка і паэтка Наталля Ганчарова, пра "футурыстычны тэатр" якой цяпер нямала пішуць даследчыкі. Яго называюць яшчэ "дзікай пантамімай" або "чыста футурыстычным кабарэ". Пра гэта быў зняты нават фільм "Драма ў кабарэ футурыстаў № 13" (захаваліся яго апісанні). Тут спалучаліся дэкламацыя, пантаміма, танец, абавязковай была размалёўка твараў. Персанажы "футурыстычнай вечарынкі" выходзілі на сцэну: паэт, размахваючы аркушам паперы, дзе зігзагам былі раскіданы літары верша, прысвечанага Н. Ганчаровай; танцорка, якая выконвала "футурыстычнае танга", "то падаючы на калені і апускаючы галаву на зямлю, то выкідваючы ногі перад сабой". Потым на сцэне з'яўлялася Н. Ганчарова і ў пары з нейкім персанажам танцавала чачотку, "дробна перабіраючы нагамі". "Цвіком праграмы" быў "футуратанец смерці", калі адзін партнёр забіваў другога і адбывалася "футурапахаванне"5. Ставілася гэтая імпрэза ў 1914 г., калі кубафутурызм перажываў пік сваей славы.

Ці на самай справе ўсё падобнае было нічога не вартымі "выкрунтасамі"? Сэнсавыя зрухі, слоўныя эксперыменты, нязвыклыя, мудрагелістыя камбіна-цыі з прадметаў рэчаіснасці - усё гэта напоўнена падкрэсленым, свядомым алагізмам, вонкавай бессэнсоўнасцю, унутры якой існуе пэўная матываванасць сэнсаў У наш час даследчыкі робяць слушныя высновы пра тое, што "сутнасць падобных маніпуляцый прадметамі не толькі ў задавальненні забаўляльнай патрэбы футурызму ў знаках і паролях". Абгрунтоўваецца "прынцып інтэлектуальнага калажу", які ляжыць у аснове футурыстычнай эстэтыкі" і разглядаецца "як адзін са сродкаў пабудовы новай мадэлі свету"6. Так рэалізоўваўся крэацыйны сэнс авангарду ў цэлым і футурызму ў прыватнасці. Значэнне іх было найперш у тым, што яны дэманстравалі бязмежжа і раскаванасць творчага пошуку, дэкларавалі свабоду мастакоўскага самавыяўлення.

Уладзімір Дубоўка пастаянна шукаў шляхі абнаўлення паэтычнага тэксту. Адмысловая словатворчасць У. Дубоўкі, яго смелыя эксперыменты з рыфмай, строфікай праходзілі менавіта ў рэчышчы агульнаеўрапейскага эстэтычнага працэсу, у якім гучна і трыумфальна сцвярджаў сябе ўжо не-калькі дзесяцігоддзяў авангард. Футурызм хоць і ўспрымаўся ўжо з вышыні 1920-х гг. як легенда, але заставаўся прыкладам для эксперыментавання і скіроўваў да творчай свабоды. "Выкрутасы" У. Ду­боўкі мала каго маглі здзівіць, напрыклад, у рускім авангардзе, дзе экстраардынарнасць зместу і разбурэнне мовы дагэтуль уражваюць бязмежнасцю фантазіі ў мадэляванні "новай рэальнасці", а ча­сам шакуюць, як, скажам, паэмы "Родить мужчинам" (1923) Барыса Нясмелава ці "Третье рожде­ство великого мирового поэта титанизма социаль­ной революции Константина Олимпова, родителя мироздания" (1922). Зважаючы на авангарднае "наваколле", У. Дубоўка ашчадна і прыгожа эксперыментаваў з беларускім паэтычным словам. Напрыклад, у прыведзенай вышэй цытаце вылучым радок "Пэрламутны смутах у імгле... " і звернем увагу на яго адмысловую фанетычную інстру-ментоўку - вось тая "заумь", супраць якой абураўся Т. Глыбоцкі, а яна якраз вытрымана ў рэчышчы футурыстычных гукавых эксперыментаў, накірава-ных на павышэнне экспрэсіі і сугестыўнасці радка, а зусім не на тое, каб ён быў "зразумелым". Цяпер даследчыкі глыбока вывучаюць такія футу-рыстычныя з'явы, як гукапіс (фонасімвалізм) і гукаперайманне (анаматапея), майстрамі якога лічыліся, як вядома, у рускім футурызме Аляксей Кручоных і Велімір Хлебнікаў, а ў італьянскім Філіпа Тамаза Марынэці. Вядомае кручоныхаўскае "Дыр бул щыл / убешщур / скум / вы со бу / р л эз"7, - з пункту погляду авангарду не было такой ужо недарэчнасцю, вартай абсмяяння, як тое рабілася ў крытыцы савецкага часу. 3 падачы аўтара, гэта адзін з вершаў, напісаных на ўласнай мове, і ў футурыс­тычным сэнсе каштоўны эксперыментатарскі твор. Тут, відавочна, рэалізаваны прынцып пераймання дзіцяці, якое, вучачыся гаварыць, вымаўляе на "сва­ёй мове" цэлыя народы складоў, у якіх для дарослых сапраўды няма ніякага сэнсу. Гэта яркі прыклад неапрымітывісцкай практыкі ў межах футурыз­му. Тое, што раней называлася проста "заумью" і падлягала крытыцы, цяпер разглядаецца даследчыкамі як "канцэпцыі фонасімвалізму і анаматапеі (гукапераймання як моўнага факта)"8, шырока і сур'ёзна вывучаецца не толькі ў літаратуразнаў-стве, але і ў мовазнаўстве.

Прыёмы футурыстычнай паэтыкі ў творчасці Уладзіміра Дубоўкі досыць размаітыя.. Алітэрацыйная інструментоўка тут займае важнае месца. Такім прыёмам паэт досыць часта карыстаўся ў творах 1923 - 1927 гг., напрыклад у паэме "Там, дзе кіпарысы" (1925): "Шастаньне хмар на хорах агорне... "; "пытаньне катаваньнем коліцъ.. "9. Паэт нямала эксперыментаваў у футурысцкім духу ў першым зборніку "Строма" (1923). Пра гэты зборнік яшчэ Антон Луцкевіч напісаў: «Уладзімір Дубоўка радыкальна разарваў сувязь з традыцыйным стагнаньнем... <...> Многа вольнасці ў яго словатварэньні, многа цікавых гукавых эфектаў. Слова "завіхрыцца" сустракаецца ў "Строме", здаецца, ажно тры разы. I "віхрыстасьць" зьяўляецца асноўным тонам вершаў Ул. Дубоўкі»10. Як можна заўважыць, тут зроблены акцэнт на авангард­ных рысах паэзіі Дубоўкі, сінонімам чаго стала слова віхрыстасць. Верш "Імжа, і склізота, і прыкрая золь..." цалкам пабудаваны на гукавых эфектах ды вышуканых словах:



Імжа, і склізота, і прыкрая золь

За скрогатам ветру навалай.

У чмарнасьць убралася сьветная столь,

Блакіт ад зямлі адарвала.
Кудлатай лазой расплялася журба,

Цярушыцца шэраньню ў сэрца.

Душа у падаржы жахлівы жабрак,

Наўкол непакойныя гэрцы.
I скогат, і скарга, - ня скеміць, што скуль:

Вялізманны восенны вераск.

Угрунь і угрунь, не для мэты пакуль,

Праз стромы, амшары, праз верас11

Не адзін-два радкі, а цэлы верш, як бачна, пабудаваны на гукавым падабенстве, асабліва яскравым у пералівах "жорсткіх" складоў иро-ру-ра" ды "жу-шы-шэ-ша-жы-жа", якімі перадаецца адчуванне с усветнага неспакою і душэўнай трывожнасці. Апрача гэтага, заўважаем нямала слоў нязвыклых, малаўжываных або ўжытых у нязвыклых формах і словаспалучэннях, прастамоўных: чмарнасьць, гэрцы, скеміць, скуль, вялізманны, восенны, угрунь. Як ніхто з паэтаў свайго пакалення, Дубоўка меў найбагацейшы паэтычны слоўнік і ўвесь час абнаўляў яго, шукаючы рэдкія "самавітыя" беларускія словы, карыстаючыся пры патрэбе запазычанымі ды актыўна ствараючы новыя словы, што адразу ж рабіліся метафарамі. Асабліва значнай навацыяй стала ў творчасці У. Дубоўкі стыхія словастварэння - дзеяслоўная і назоўнікавая. Ужо ў прыведзеным вершы мы заўважылі такі назоўнік - чмарнасьць. Словатворчасць пашырала поле вобразнай асацыяцыйнасці. Менавіта дзеля гэтага прапаноўвалі эксперыментаваць з мовай футурысты, разумеючы рух як ланцужок асацыяцый. Што датычыць галоўных часцін мовы, то яшчэ ў "Тэхнічным маніфесце футурысцкай літаратуры" Ф.Т.Марынэці заклікаў да ўжывання дзеяслова толькі ў неазначальнай форме, бо толькі яна "можа выразіць бесперапыннасць жыцця і тонкасць яго ўспрымання аўтарам". За­клікаў ён таксама да адмены прыметнікаў і пры-слоўяў як непатрэбных, а ў кожнага назоўніка, сцвярджаў ён, мусіць быць двайнік, або іншы на­зоўнік, з якім ён звязаны па аналогіі"12. Гэты моўны кодэкс футурызму не стаў догмай, але штурхаў паэтаў да актыўнай словатворчасці. Рускі футурызм падхапіў гэтую ідэю з новым энтузіязмам і пайшоў далей, як мы бачылі, у творчасці А. Кручоных, В. Хлебнікава ды іншых.

Покліч футурызму да вышукання новага слова ў беларускай паэзіі быў пачуты і ўспрыняты для актыўнай практыкі менавіта Уладзімірам Дубоўкам, які, тонка адчуваючы стыхію роднай мовы, здолеў правесці такі форматворчы эксперымент, што не разбураў моўнай структуры, але адкрываў шырокую прастору для словатворчасці і на будучыню, праклаўшы шлях для абнаўлення беларускага вершаскладання. Прывядзем шэраг прыкладаў Ду-боўкавых слоў-навацый: "Між зёлак пахлых і пад ліпай / Ускоўдрыць нас з табой туман... " ("Над ставам дым...")13; "Хай барвуюцца, хай крышталяць, /як восемь занізьзю журавін..."; "Але, ўспаветрыліся пырскі / і стан у вільгаці застыў "; "Асмугласьць рук лягла на ногі / і кармазыніць вуснаў мак..." ("Там, дзе кіпарысы")14; "У песьнях пабудую свой трыкліні / на лозах ніцых кіну сум-жуду " ("Сьцежка")15; "Час імклівіў кудысьці, грунём... "; "/ пялёсткі наземіцъ мак... " ("Дзіва-ваўся так і кахаў")16. Адмысловым наватарствам вылучаецца цыкл мелодый "Наля", што выклікаў у свой час, як мы бачылі, разгромную крытыку. У. Дубоўка ўзнавіў тут матыў верша са зборніка "Строма": "Імжа, і склізота, і прыкрая золь... " - з гэтага радка ён пачынае новы цыкл вершаў, нібы вяртаючыся да ранейшага трывожнага светаадчування, якое толькі ўзмацнілася з цягам часу, бо светлая мара сутыкнулася са змрочнай рэальнасцю: мжа, і склізота, і прыкрая золь / у засьціле сьцелюцца чорнай... "; "Каб гэтак бясконца і жыць і любіць, / праменьнем пярэстым крышталіць... "". Прыведзенымі ўзорамі, безумоўна, не абмяжоўваецца поле Дубоўкавых навацый. Мы прывялі характэрныя прыклады аўтарскіх дзеясловаў і назоўнікаў, што надзвычай узбагачаюць асацыяцыйнасць і метафарычнасць яго паэтычнай мовы, а таксама прыклады запазычанага словавобраза ("трыкліні") і назоўніка-двайніка("сум-жуду"), якія надаюць вершаванаму выказванню сімвалічную шматмернасць і пашыраюць прастору асацыяцый.

Такім чынам, вершатворчасць Уладзіміра Ду­боўкі многімі прыёмамі паэтычнага пісьма шчыльна лучылася з футурызмам, хоць аўтар і не заяў-ляў пра сваю прыналежнасць да гэтай авангарднай плыні.



1 Ад беларускага літаратурна-мастацкага згуртаваньня "Узвышша" //Узвышша. 1927. № 1. С.169 - 170.

2 Гл.: Глыбоцкі Т. Пра нашы літаратурныя справы. - Мінск: ВДВ, 1928. С. 203 - 204.

3 Тамсама. С. 152-153.

4 Лужанін М. Наш рух - калодзеж непачаты... // ЛіМ.
1988. 1 крас.

5 Боулт Дж. Наталья Гончарова и футуристический театр // Поэзия и живопись: Сборник трудов памяти . И. Харджиева / Сост. и общ. ред. М. Мейлаха и Д. Сарабьянова. — Москва: Изд-во "Языки русской
культуры", 2000. С. 254 - 255.

6 Горячева Т. Иконология кубофутуризма // Поэзия и живопись. С. 146.

7 Поэзия русского футуризма. — С-Петербург: Академический проект, 2001. С. 206.

8 Импости Г. Роль звукоподражания в поэтике итальянского и русского футуризма // Поэзия и живопись...С. 469-478.

9 Дубоўка У. Там, дзе кіпарысы. — Менск: Выд. ЦБ Маладняка, 1925. С. 8 -

10 Навіна А. Новае ў беларускай паэзіі // Заходняя Беларусь. — Вільня, 1924. С 101.

11 Дубоўка У. Строма. — Вільня: Выданьне "Нашай будучыны", 1923. С. 20.

12 Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров западно-европейской литературы XX века. - Москва, 1986. С. 163 - 164.

13 Дубоўка У. Строма. С. 18.

14 Дубоўка У. Там, дзе кіпарысы. С. 8, 12 — 13.

15 Дубоўка У. Сгесdо: Вершы. - Менск: Выд. ЦБ Маладняка, 1926. С. 6.

16Тамсама. С. 16-17.

17 Дубоўка У. Наля: Мэлёдыі // Узвышша. 1927. № 1. С. 39.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка