Інстытут сучасных ведаў імя А. М. Шырокава




Дата канвертавання30.03.2016
Памер107.56 Kb.


Макарава Алена Аляксандраўна

Прыватная установа адукацыі

“Інстытут сучасных ведаў

імя А.М. Шырокава”

горад Мінск

АМАТАРСКАЯ МАСТАЦКАЯ ТВОРЧАСЦЬ І БЕЛАРУСКІ ФАЛЬКЛОР:

ДА ВЫНІКАЎ ДАСЛЕДВАННЯЎ ДЗЕЙНАСЦІ

АМАТАРСКІХ КАЛЕКТЫВАЎ НА МІНШЧЫНЕ


Аматарская мастацкая творчасць як сацыяльна-культурны феномен з'яўляецца прадметам вывучэння культуралогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, педагогікі, мастацтвазнаўства і тэорыі сацыяльна - культурнай дзейнасці. Гэта тмумачыцца тым, што, як з'ява музычнай культуры і пласт народнай мастацкай творчасці, аматарская мастацкая творчасць выступае ў якасці дзейснага фактару сацыякультурнай дынамікі і эфектыўнага сродку праяўлення сацыягенных патраб асобы і яе этнічнай самабытнасці.

Так, вядомы беларускі культуролаг А.І.Смолік, разглядаючы аматарскую мастацкую творчасць з пазіцый тэорыі культуры, сцвярджае, што «яна з’яўляецца састаўной часткай духоўнай культуры грамадства, якая спрыяе яе ўзбагачэнню і дэмакратызацыі, а таксама фарміраванню сістэмы вытворчасці і распаўсюджванню эстэтычных каштоўнасцей» [1, с.130131]. Звяртаючы ўвагу на тое, што аматарская мастацкая творчасць – гэта неад’емная частка духоўнай культуры грамадства, сучасныя культуролагі падкрэсліваюць, што сацыяльна – культурная актыўнасць розных груп насельніцтва ў сферы мастацтва з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай культурнай палітыкі.

Нельга не пагадзіцца з думкай, што «аматарская мастацкая творчасць—гэта найважнейшы пласт нацыянальнай культуры, яе аснова, без якой немагчымы фарміраванне нацыянальнай свядомасці і развіццё прафесійнага мастацтва». Аналіз сацыякультурных працэсаў у сучаснай народнай мастацкай творчасці дазволіў беларускім даследчыкам В.П.Скараходаву і І.В.Пыж зрабіць вывад, што «масавасць, уласцівая аматарскай творчасці, дазваляе ёй быць глебай мастацкага жыцця беларускага грамадства, носьбітам і паказчыкам яго патэнцыяльных магчымасцей у культурастваральнай дзейнасці» [2, с.91].

Аматарская мастацкая творчасць у Беларусі – сапраўдная з’ява беларускай мастацкай культуры і, адначасова, форма праяўлення сацыяльна-культурнай актыўнасці насельніцтва ў сферы мастацтва. Яна ўключае ў сябе розныя віды аматарскай мастацкай творчасці, дзіцячую і сямейную мастацкую творчасць, студэнцкую самадзейнасць, мастацкую творчасць аматарскіх калектываў і асобных выканаўцаў, практыку функцыянавання аматарскіх мастацкіх аб’яднанняў і гурткоў па захапленнях, сацыяльна-культурныя ініцыятывы ў галіне мастацкай культуры і інш.

Як спецыяльна арганізаваная дзейнасць па засваенні, стварэнні і распаўсюджванні культурна-эстэтычных каштоўнасцей ва ўмовах вольнага часу аматарская мастацкая творчасць не губляе сваёй надзённасці і актуальнасці. Пацвярджэннем значнай сацыяльнай ролі аматарскіх мастацкіх калектываў у культурным жыцці Беларусі з'яўляюцца шматлікія фестывалі, агляды-конкурсы, святы народнага мастацтва, якія дэманструюць творчыя дасягненні мастацкіх аматарскіх калектываў і асобных выканаўцаў.

Як кожная з’ява культуры, аматарскае мастацтва – вельмі мнагамерны, шматузроўневы сацыяльны арганізм. Штогод у рэспубліцы з удзелам аматарских калектываў праводзіцца больш за 80 тысяч канцэртаў і спектакляў, каля 25 тысяч тэатралізаваных святаў, 20 тысяч выставак твораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Значная колькасць калектываў аматарскай мастацкай творчасці належыць клубным установам сістэмы Міністэрства культуры Беларусі (на пачатку 2011 г. колькасць калектываў складала каля 17000 адз.); установам культуры клубнага тыпу іншых ведамстваў, якія з'яўляюцца сапраўднымі цэнтрамі развіцця аматарскай творчасці і сацыяльна-культурных ініцыятыў, надаюць арганізаваны характар розным відам і формам мастацкай творчасці аматараў. Каля 1400 мастацкіх калектываў працуе ва ўстановах культуры сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Шырока прадстаўлена аматарская творчасць у навучальных установах краіны [3].

Вытокі аматарскай мастацкай творчасці ляжаць у народных звычаях і каляндарных абрадах, грамадскіх формах выкарыстання вольнага часу, звязаных з песеннай, інструментальнай, тэатральнай і вусна-паэтычнай творчасцю, гульнявымі зносінамі, сямейнымі і святочна – абрадавымі традыцыямі.

Нельга не адзначыць, што ўзнаўляючы каштоўнасці традыцыйнай беларускай культуры ў сучасных сацыякультурных умовах, аматарская мастацкая творчасць выступае ў якасці самастойнай падсістэмы сацыялізацыі асобы, сацыяльнага выхавання і адукацыі. Яна з’яўляецца актыўным сродкам самарэалізацыі творчых здольнасцей асобы, яе самапраяўлення і самавызначэння; выступае дзейсным механізмам эстэтычнага развіцця асобы, забяспечвае змястоўную арганізацыю вольнага часу аматараў мастацтва.

Так, на мяжы ХХ –ХХІ стст. у Беларусі быў праведзены шэраг фальклорных фестываляў: рэспубліканскія фестывалі беларускага народнага танца “Беларуская полька” (1993, 1994, 1996, 2000), “Палескі карагод” (1991, 1994, 1997, 2000, 2004), “Пярэзвы” (1992), міжнародны фестываль фальклору (1994), рэгіянальныя фестывалі аўтэнтычнага фальклору Беларускага Падняпроўя (1996), фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” (2000, 2002, 2004). Гэтыя фестывалі служылі мэтам адраджэння і падтрымкі традыцыйных формаў народнай культуры, стымулявалі развіццё аматарскага мастацтва [4].

Даследваніі, якія праводзіліся намі ў складзе групы супрацоўнікаў установы культуры “Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці” на працягу 15 год у рэгіёнах Міншчыны (22 раёны), дазваляюць сцвярджаць, што вяртанне да культурна-гістарычных традыцый – адзін з найбольш актыўных сацыяльна-культурных працэсаў, што адбываецца зараз у аматарскай мастацкай творчасці [5].

.

Творчыя намаганні аматарскіх мастацкіх калектываў Міншчыны характарызуецца, у першую чаргу, зваротам да традыцыйнай мастацкай культуры. Так, аналіз практыкі функцыянавання калектываў Мінскай вобласці дае падставу для меркаванняў, што рух аматарскай творчасці – асаблівая і вельмі цікавая з’ява беларускай культуры. Ён адчувае на сабе сацыяльна-гістарычныя ўплывы, якія перажываў беларускі народ на розных этапах сваёй гісторыі.



“Цэнтральная Беларусь займае асноўную частку сучаснай Мінскай і заходнюю ўскраіну Магілёўскай абласцей – Белай Русі, Літвы (Чорнай Русі) і Палесся. Як рэгіянальны варыянт народнай культуры Цэнтральная Беларусь вызначалася ў адносна позні гістарычны час (ХУП-ХІХ стст.). Разам з тым, яна адыграла адметную ролю ў працэсе фарміравання беларускага этнасу і яго культуры.” Мясцовы этнакультурны ландшафт увасобіў у сабе, нібы ў фокусе, шматлікія элементы і рысы, уласцівыя амаль усім беларускім рэгіёнам[6].

Гэта выразна назіраецца ў сферы песенных традыцый, якія, ідучы з поўначы, поўдня, усходу і захаду сустракаюцца тут і пераплятаюцца. Цэнтральная Беларусь тым і цікавая, што дае магчымасць назіраць працэсы “перацякання” адной традыцыі ў другую, і, як вынік – утварэнне ў месцах іх перакрыжаванняў арыгінальных версій і варыянтаў тыповых каляндарных і сямейна-абрадавых напеваў, а таксама спосабу і манеры іх выканання, што і характарызуе спецыфіку мясцовай песеннай культуры. [6].

Звяртаючы увагу на ўзнаўленне фальклорных традыцый у аматарскай творчасці, неабходна падкрэсліць, што аўтэнтычны фальклор, як «першасны від традыцыйнай мастацкай культуры ў яго спрадвечным выглядзе існуе ў натуральным вясковым асяроддзі, мае старажытныя карані, перадаецца з пакалення ў пакаленне вусным шляхам, выяўляецца праз носьбітаў фальклору (спевакоў, музыкаў, танцораў, казачнікаў, майстроў, знаўцаў мясцовай традыцыі і звычаяў)»

Відавочна, што менавіта сельскія аматарскія калектывы, узнаўляючы каштоўнасці традыцыйнай культуры ў сучасных сацыякультурных умовах, садзейнічаюць мэтам сацыялізацыі асобы, яе сацыяльнаму выхаванню, абапіраючыся на традыцыі беларускага этнасу, што “набыў свае асаблівасці, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і існуюць у такіх адносна ўстойлівых формах, як мова, традыцыі, абрады, народная творчасць, этнічная самасвядомасць, тапаніміка, культура, лад паўсядзённага жыцця і г.д.»

Па сутнасці, з’яўляючыся працягам масавай аматарскай самадзейнасці савецкага часу, сучасная аматарская творчасць увабрала ў сябе ўнікальную беларускую ментальнасць і працягвае дэманстраваць уласцівую нашаму народу таленавітасць, жыццялюбства. Набывае асаблівы сэнс і культуралагічную каштоўнасць зварот да вытокаў нацыянальнай культуры і адраджэнне ў сучасным культурным жыцці фальклорных узораў народнай творчасці.

На Міншчыне існуе 210 фальклорных калектываў (практычна ў кожнай трэцяй клубнай установе), 90 з якіх — дзіцячыя, якія сваёй творчай працай уносяць значны ўклад у нацыянальную культурную скарбонку, садзейнічаюць фарміраванню нацыянальнай культуры праз прапаганду каштоўнасцей гэтай скарбонкі усімі даступнымі ёй формамі і метадамі [7 с.].

Неабходна падкрэсліць, што катэгорыя пераемнасці з’яўляецца асноўнай у дачыненні да выяў традыцыйнай культуры. Так, у мэтах забеспячэння пераемнасці духоўных і мастацкіх традыцый упраўленнем культуры і ўпраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама была распрацавана абласная праграма “Традыцыйная культура і дзеці” на 2006 — 2010 гады. За час дзеяння праграмы ўстановамі культуры Міншчыны быў назапашаны значны вопыт у далучэнні дзяцей і падлеткаў да засваення традыцыйнай мастацкай творчасці беларусаў. Супрацоўнікамі клубных устаноў былі выкарыстаны такія формы працы, як правядзенне фальклорных абрадавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў, выставак народных промыслаў і рамёстваў, сустрэч з майстрамі, конкурсаў, вечарын, гульнева-забаўляльных праграм, народных гулянняў, кірмашоў. Каля 1500 дзяцей засвойваюць народныя танцы, гульні, звычаі, знаёмяцца са святамі і абрадамі родных мясцін.

За значны ўклад у прапаганду народнага мастацтва Беларусі, актыўную канцэртную дзейнасці фальклорны ансамбль "Крупіцк1я музыкі" узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Аматарская мастацкая творчасць". У 2008 годзе лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыях “Народная творчасць” “Аматарская мастацкая творчасць” стаў народны фальклорны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра культуры і вольнага часу Мінскай вобласці.

З 1968 года існуе народны фальклорны ансамбль "Маркаўчанка" Маладзечанскага раёна ( мастацкі кіраўнік -- Вера Зікунова). Канцэртныя праграмы калектыў будуе пераважна на мясцовым фальклоре, але ўключае песні на словы і музыку мясцовых аўтараў. Народны хор народнай песні "Сябрына" Цясоўскага сельскага Дома культуры Салігорскага раёна (мастацкі кіраўнік -- Таццяна Якуніна) за 35 год існавання неаднаразова падцвердзіў сваё права насіць пачеснае найменне "народны". Рэпертуар калектыва складаецца з вялікай колькасці беларускіх народных песень, як папулярных, так і традыцыйных фальклорных спеваўі.

Народны ансамбль беларускай народнай песні "Медуніца" (мастацкі кіраўнік-- Алена Губарава) Палаца культуры Беларускага аўтазавода горада Жодзіна дэманструе высокае выканальніцкае майстэраства, цікавы рэпертуар, сувязь з фальклорнымі крыніцамі. Традыцыі музычнай сямейнай творчасці беражліва захоўвае народны ансамбль сям'і Бойка Гаўрылічскага сельскага Дома культуры Салігорскага раёна, у якім прадстаўлена некалькі пакаленняў музыкаў – аматараў. Стабільным поспехам у гледачоў карыстаецца самабытны ўзорны ансамбль народнай музыкі і песні дзіцячай школы мастацтваў вёскі Аношкі Нясвіжскага раёна. Народны ансамбль народнай музыкі "Спадчына" Дзяржынскага гарадскога Дома культуры ( мастацкі кіраўнік -- Віталь Клімакоў) даволі арганічна спалучае гучанне старажытных і сучасных інстументаў: ліры, цымбалаў, жалейкі, скрыпкі, кантрабаса і інш. [5].

Істотным вынікам дзейнасці ўстаноў культуры вобласці з’яўляецца шырокае ўкараненне ў побыт насельніцтва сістэмы традыцыйных святаў, абрадаў і рытуалаў на базе фальклорнай спадчыны. Некаторыя унікальныя старажытныя абрады з’яўляюцца візітоўкай пэўных арэалаў Міншчыны і падлягаюць ахове і захаванню. Так, на Міншчыне існуе 5 аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці: гэта абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна (у 2009 г. гэты аб’ект быў унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO рашэннем 4й сесіі Міжурадавага камітэта UNESCO па захаванні культурнай спадчыны; абрад “Шчодрык” вёскі Рог Салігорскага раёна; спеўная манера выканання фальклорных калектываў вёскі Закальное, Обчын, Ямінск Любанскага раёна.

Дзякуючы намаганням вядомых беларускіх даследчыкаў, такіх як А.Боганева, Т.Варфаламеева, М.Козенка, В.Ліцвінка і інш, падтрымка дзейнасці фальклорных гуртоў набыла навуковы характар і рэалізуюцца ў форме комплексных доўгатэрміновых праграм [7,8].

Такім чынам, працэс узнаўлення фальклорных традыцый у дзейнасці большасці канцэртных калектываў свае станоўчыя прыкметы. Беларускія народныя песні, наігрышы, інструментальныя творы, заснаваныя на фальклорных традыцыях, прадстаўлены ў канцэртных праграмах практычна кожнага раёна вобласці. Таленавітыя музыкі ўзбагачаюць новымі рысамі і гранямі традыцыйныя ўзоры беларускай музыкі, захоўваючы пры гэтым іх каларыт і непаўторнасць. Як з’ява беларускай нацыянальнай культуры, сучасная аматарская мастацкая творчасць праз зварот да этнарэгіянальных традыцый і звычаяў беларускага, а таксама і іншых народаў Беларусі набывае новы якасны ўзровень і эстэтычную значнасць.

Арыентацыя на захаванне культуных каштоўнасцей традыцыйнай культуры, якая існуе ў дзейнасці аматарскіх калектываў вобласці, выклікае разам з тым неабходнасць больш дакладнага навуковага асэнсавання аўтэнтычных форм традыцыйнай мастацкай культуры і больш беражлівых адносін да праяў народнай культуры з боку кіраўнікоў мастацкіх калектываў. У прыватнасці, дзейнасць некаторых фальклорных калектываў, маючых ганаровае найменне “народны” і “узорны” у большай ступені адлюстроўвае растыражыраванныя ўзоры беларускай народнай песні, і ў меньшай ступені, спрыяе захаванню мясцовых рэгіянальных этнатрадыцый.

Выклікае заклапочанасць той факт, што практыка развіцця аматарскай мастацкай творчасці, якая апераджальна развіваецца ў апошнія дзесяцігоддзі, недастаткова актыўна асэнсоўваецца з боку гісторыкаў, фалькларыстаў, культуролагаў, сацыёлагаў і інш... Належыць канстатаваць, што пакуль не атрымалі належнай распрацоўкі навукова-тэарэтычны і метадычны аспекты функцыянавання аматарскіх мастацкіх калектываў ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай дынамікі.

Спіс крыніц:

1. Смолік А.І. Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме: Вучэб. дапам. для выш. і сярэд. спец. навуч. ўстаноў. -- Мінск: Бел. ун-т культуры. -- 1999. – С.130-131.

2. Скараходаў У.П., Пыж І.В. – Сацыякультурныя працэсы ў народнай мастацкай творчасці // Беларуская культура сёння.--Мінск: БелДІПК, 2003. -- С.91-104.

3. Справаздачныя матэрыялы упраўлення народной творчасці і устаноў культуры Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

4. Сівурава Л.П. Фестывалі фальклорныя //Беларускі фальклор: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Лабараторыя традыцыйнага мастацтва ― “Яшчур” /Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. ― Мінск: БелЭн. — 2006. ― С. 672―677.

5. Макарова Е.А. Любительское музыкальное творчество Минской области /Минская область.Энциклопедия в 2 т./Редкол.:Л.Ф.Крупец, Г.П.Пашков и др. -- Мн.:БелЭН, 2007.-- С.151-154.

6. Першы міжнародны фестываль фальклору . – Мн.: БелІПК, 1994. – 115 с.

7. Варфаламеева Т.Б., Боганева А.М. Рэкамендацыі па ахове, захаванню, пераемнасці і папулярызацыі беларускага аўтэнтычнага фальклору.-- Мінск: БелДІПК, 2001.-- 12 с.

8. Козенка М.А. Аб выніках рэалізацыі рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Танцавальны фальклор і дзеці” (2001 – 2003 гг.) // Традыцыйная культура і дзеці. Вып. 1: Рэсп. эксперым. праект “Танцавальны фальклор і дзеці” / Уклад. М.А. Козенка. – Мн.: БелІПК, 2004. – 288 с.



Сумесна з тагачасным Беларускім дзяржаўным інстытутам праблем культуры і адпаведнымі інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2006 — 2009 гг. праводзілася даследаванне па тэме “Сучасны стан традыцыйнай мастацкай культуры Міншчыны”, вынікам якога будзе запланаванае на 2010 — 2011 гг. выданне “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Цэнтральная Беларусь” (5ы том шасцітомнай серыі ў 2х кнігах).
МАЦНТ мэтанакіравана праводзіць аналітычную работу па абагульненні тэндэнцый развіцця традыцыйнай культуры вобласці па розных відах, жанрах, напрамках, падрыхтаваны шэраг аналітычных матэрыялаў, у тым ліку “Аналіз стану традыцыйнай культуры Мінскай вобласці”.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка