Ініцыятывы салідарнасці ў вэб-кампаніях падчас прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы і Беларусі




Дата канвертавання15.03.2016
Памер272.88 Kb.
Ініцыятывы салідарнасці ў вэб-кампаніях падчас прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы і Беларусі

Уступ

У вывучэнні ўзроўня сеткавай актыўнасці падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы і Беларусі аўтар вырашыў дыстанцыянавацца ад традыцыйнай схемы аналізу вэб-адзінак, правядзення на яго базе параўнальнага аналіза і вывядзення агульных высноваў. Куды большы інтарэс выклікае вывучэнне Інтэрнэту ў нацыянальных палітычных кампаніях як механізма, што распаўсюджвае ідэі салідарных ініцыятываў. Пры гэтым, паняцце салідарнасці і салідарных дзеянняў мы будзем разглядаць у больш шырокім сэнсе: сюды мы адносім і распаўсюд інфармацыі, і заклікі удзельнічаць/байкатаваць выбары ды іншыя акцыі.

Выбар краіны для правядзення параўнальнага аналіза ў даследаванні на карысць Польшчы можна патлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, гэта краіна наўпрост мяжуе з Беларуссю і таму, улічваючы агульны кантэкст нашага рэгіёна, будзе нескладана разумець і апісваць праблему. Па-другое, у абедзьвюх выбарчых кампаніях выкарыстоўваліся адныя і тыя інструменты: персанальныя сайты, блогі і сацыяльныя сеткі; выкарыстанне банэрнай і відэарэкламы; анлайнавыя гульні і г.д. І, па-трэцяе, сёлетнія прэзідэнцкія выбары ў Польшчы і Беларусі мелі падобныя дэталі як, напрыклад, аднолькавая колькасць кандыдатаў у прэзідэнт ці праходжанне кампаній на фоне агульнай неспрыяльнай сітуацыі ўнутры кожнай з краінаў. Канешне, мы абавязкова ўлічваем галоўнае разыходжанне – ступень дэмакратычнасці выбарчай кампаніі, на што ў даследаванні будзе зроблены акцэнт.

Апісанне салідарных ініцыятываў у Польшчы ў кантэксце выбарчай кампаніі

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы, як ужо адзначалася вышэй, праходзілі ў дастаткова неспрыяльных умовах, у якіх апынулася краіна. Выбары па звычайнаму графіку павінны былі прайсці паміж 19 верасня і 3 кастрычніка, але з-за катастрофы прэзідэнцкага лайнера 10 красавіка ў Смаленску, кампанія стартавала датэрмінова: дата галасавання была прызначана на 20 чэрвеня1. Авіякатастрофа наклала адбітак на агульным вядзенні палітычнай барацьбы ў кампаніі паміж асноўнымі канкурэнтамі – палітычнымі партыямі “Права і Справядлівасць” (Prawo i Sprawiedliwość) і “Грамадзянскай платформай” (Platforma Obywatelska). У агульных рысах сёлетняя кампанія праходзіла досыць стрымана ў параўнанні з папярэднімі выбарамі 2005 г., якія сталі барацьбой колькі не саміх кандыдатаў, а брудных тэхналогій. Але разам з тым, у некаторы час адносіны паміж асноўнымі супернікамі абвастраліся: гэта здарылася ўжо пасля правядзення выбараў і абрання новага прэзідэнта, але ўсё роўна мы будзем разглядаць інцыдэнты ў кантэксце выбарчай кампаніі. На самым пачатку жніўня ў Польшчы адбыліся два вялікія канфлікты – інцыдэнт з рэкламным банэрам піва “Lech” насупраць Вавельскага замка ў Кракаве2 і абарона ўсталяванага ў памяць загінулых падчас катастрофы ў Смаленску крыжа перад прэзідэнцкім палацам у Варшаве3.

Размяшчэнне банэра Zimny Lech (“Халодны Лех”) насупраць Вавэлю можна расцэнваць неадназначна: з аднаго боку, гэта была агульнанацыянальная рэкламная кампанія дадзенай маркі піва4 і размяшчэнне такой рэкламы ў гэтым месцы можна разглядаць усяго толькі як злое супадзенне; з другога боку, назва рэкламы выглядае двухсэнсоўнай: прыметнік “халодны” можна атаясамліваць з сінонімам “мёртвы”.

Інцыдэнт прывёў да заклікаў з боку еўрапарламенцёра ад партыі “Права і справядлівасць” Марэка Мігальскага аб’явіць спажывецкі байкот піўной маркі. Заклік быў агучаны ва ўласным блогу5 парламенцёра, а ў сацыяльнай сетцы facebook былі арганізаваны суполкі6 для падтрымкі заявы байкоту.





Мал. 1. Узор выявы з заклікам байкатаваць кампанію, якая выпускае піва “Lech”

Адзначым, што салідарная акцыя мела поспех і рэкламны банэр быў у хуткім часе дэмантаваны. Падобная сітуацыя з заклікам спажывецкага байкоту адбылася ў Польшчы і раней: тады пад “прыцэлам” аказалася кампанія Coca-Cola, якая спансавала выхад праграмы Poranny WF на радыёстанцыі Eska Rock7. Тады вядучыя праграмы Міхал Фігурскі (Michał Figurski) і Куба Ваявудскі (Jakub Wojewódzki) запісалі зневажальную песню8, якая прысвячалася брату загінуўшага прэзідэнта, старшыні “Права і справядлівасці” Яраславу Качыньскаму.

Інцыдэнт у Варшаве быў выкліканы ў сувязі з распаўсюдам інфармацыі пра магчымы перанос крыжа з месца насупраць рэзідэнцыі кіраўніка польскай дзяржавы ў бліжэйшы касцёл святой Ганны. На рэсурсе facebook.com былі арганізаваны шэраг інфармацыйных суполак9 з заклікам далучыцца да абароны. 4 жніўня адбылася жорсткая сілавая сутычка абаронцаў крыжа з паліцыяй, але ўлады не сталі далей выкарыстоўваць сілавы сцэнар супраць дэманстрантаў і на некаторы час адступілі. 10 жніўня ў польскай сталіцы прайшла контр-дэманстрацыя з заклікам перанесці крыж. Перанос усё ж адбыўся адбыўся 16 верасня.

У абодвух выпадках разгледжаныя салідарныя ініцыятывы з’яўляюцца прыкладамі негатыўных кампаній. Акрамя іх у якасці негатыўнай кампаніі, але разам з тым і не пазбаўленай гумару, можна назваць ініцыятыву Idą wybory, przywiążę babcię do krzesła (“Ідучы на выбары, прывяжыце бабулю да крэсла”)10. Сэнс акцыі палягаў ў тым, каб, верагодна, зрабіць адток патэнцыйных галасоў за Яраслава Качыньскага, бо лічылася, што за яго будуць галасаваць пераважна сталыя асобы. Праўда, гэта ідэя не ёсць новай: яе карані паходзяць яшчэ з часоў “Салідарнасці”, але тады неабходна было схаваць пашпарт сталага чалавека, каб голас не быў адданы камуністам. Існавала таксама і інтэрнэт-кампанія, якая заклікала выбарцаў не галасаваць за Яраслава Качыньскага11.

Як прыклад пазітыўных вэб-кампаній можна вылучыць суполкі ў сацыяльных сетках з заклікам прыняць удзел у галасаванні (пры гэтым, не важна ў падтрымку якога кандыдата)12, а таксама суполкі, якія былі ініцыяваны польскай дыяспарай за мяжой13. Усе яны выконвалі інфармацыйна-мабілізацыйную ролю і захоўвалі нейтральнасць у падачы матэрыялаў.

Для павышэння цікавасці да выбараў, у сацыяльных сетках распрацоўваліся праграмныя прылады, якія дазвалялі рабіць апытанне грамадскай думкі і складаць рэйтынгі кандыдатаў. Дзве такія прылады працавалі ў сацыяльнай сетцы facebook14.



Апісанне сітуацыі ў Беларусі

Лічыцца, што да ўзнікнення народнай салідарнасці ў Інтэрнэце прывёў хуткі і жорсткі разгон Плошчы 19 снежня. Але на думку аўтара, адпраўной кропкай з’яўляюцца не сумныя падзеі вечара асноўнага дня галасавання, а ранейшая дата. Салідарныя дзеянні распачаліся ўжо ад старту збору подпісаў. Тады яны праяўлялася ў распаўсюдзе агульнай інфармацыі пра хаду кампаніі: у асноўным, асвятляліся прэцэдэнты з парушэннямі1516 ды іншыя актуальныя навіны.



У інтэрнэт-прасторы з’явіліся сайты election.in-by.net, vybory2010.by, belpolitics.org17, dec19.org18, якія падавалі інфармацыю з пералікам звестак па кожным з кандыдатаў (біяграфія, праграма, навіны і нш.) і па кампаніі ў цэлым. Агульную інфармацыйную скіраванасць меў таксама і сайт ploshcha.com, але ён выконваў таксама і ролю мабілізацыйнага рэсурса, што пацвяржае ўскосна яго назва. У якасці прыкладаў негатыўнай кампаніі (меліся толькі ў адрас дзеючага прэзідэнта) можна назваць сайт кампаніі “Сыходзь!”19. Вялікі рэзананс выклікаў відэаролік “Бабуля-2010”, які быў выкладзены на партале youtube.com 28 лістапада і за першы дзень быў прагледжаны 23 тысячы разоў20. На рэсурсе livejournal.com інфармацыя, звязаная з выбарамі, акумулявалася ў суполцы “Беларуская палітыка”21.

Не засталася па-за ўвагай прэзідэнцкая кампанія і ў сацыяльных сетках: так на рэсурсе vkontakte.ru можна вылучыць тры асноўныя інфармацыйныя суполкі выбарчай тэматыкі: “Выбары-2010. Беларусь”22; Выборы 2010: in-by.net (приложение, биографии, программы и пр.)”23 і “Президентские выборы - 2010 (Беларусь). Экзит пулл. ЗА КОГО ГОЛОСОВАЛИ ВЫ?”24. Акрамя таго, на гэтым жа рэсурсе была створана суполка25 з заклікам сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ўвечары 19 снежня.




Мал. 2. Аватар з заклікам выйсці на Плошчу 19 снежня. Актыўна распаўсюджваўся ў сацыяльнай сетцы vkontakte.ru

Па меры набліжэння асноўнай даты галасавання была створана суполка Ночлег 19 декабря в Минске. Заселим людей с других городов во время президентских выборов!”26, удзельнікі якой прапаноўвалі іншагароднім грамадзянам начлег перад і, як меркавалася, у дні падчас пратэстнай акцыі. Тэма з аналагічнай прапановай была адкрыта і ў адной з суполак блога livejournal27.

Праз сацыяльныя сеткі і блогі распаўсюджвалася карысная інфармацыя для тых, хто намагаўся прыняць актыўны ўдзел у акцыі 19 снежня: як перанесці холад28; як паводзіць сябе падчас руху маніфестантаў29; інфармацыя пра меры бяспекі30 і г.д. Для менш актыўных (ці на слэнгавай мове - “спачуваючых у Інтэрнэце”) прапаноўвалася інфармацыя пра меры абыходу блакіроўкі сайтаў у выніку яе ўвядзення31.


Для характарыстыкі распаўсюду інфармацыі праз сацыяльныя сеткі і блогавыя сістэмы увядзем два яго асноўныя віды.

Першы метад – “метад звяна” – праяўляецца ў тым, што інфармацыя распаўсюджваецца ад аднаго чалавека да другога і гэтак далей у n-ай колькасці. Пры гэтым зусім не абявязкова, каб усе людзі са звяна былі знаёмыя паміж сабой у рэальным жыцці. Тэхнічнае вырашэнне сацыяльных сетак і блогаў дазваляе выкарыстоўваць такі метад праз адмысловыя опцыі: “падзяліцца” (як на рэсурсах vkontakte i facebook); repost (livejournal) i retweet (для мікраблога tweeter).

Другі метад – “метад слупа” – праяўляецца хутчэй не ў распаўсюдзе інфармацыі, а ва ўзроўні рэзанансу на яе. Гэты метад праяўляецца як колькаснымі, так і якаснымі паказчыкамі каментавання тэкставай і/ці мультымедыйнай інфармацыі. У сацыяльных сетках выкарыстанне “метада слупа” зводзілася да таго, што карыстальнікі пакідалі каментары або адзначалі той ці іншы допіс значыкам “упадабаць” (“like”). Дадзены метад нельга назваць занадта эфектыўным, бо распаўсюду інфармацыі пры яго выкарыстанні магло ўвогуле не быць, альбо ён адбываўся ў вузкім коле. Падчас выбачай кампаніі інфармацыя ў вэб-прасторы распаўсюджвалася пры дапамозе як першага, так і другога метадаў. Часам абодва метады выкарыстоўваліся адначасова, утвараючы змяшаную сістэму.

Некаторыя рэсурсы былі скіраваны на павелічэнне цікавасці да выбарчай кампаніі: гэта дазваляла даць магчымасць назіраць за ўсім працэсам “тут і цяпер”. У якасці аднаго з метадаў для дасягнення гэтай мэты была выкарыстана інтэрактыўнасць. Інтэрактыўныя рэсурсы даюць магчымасць кожнаму карыстальніку незалежна ад яго ўзроста, прафесіі і іншых паказчыкаў быць “у адной камандзе з усімі”. Гэты фактар вельмі важны з пункту гледжання сацыяльнай псіхалогіі, бо, такім чынам, магчыма арганізаваць эфектыўную каманду з неабыякавых удзельнікаў. У якасці прыклада арганізацыі такой каманды можна назваць практыку стварэння і выкарыстання хэш-тэга #electby у мікраблогавай сістэме twitter. Кожны з карыстальнікаў гэтага рэсурса цяпер мог сам стаць “ньюсмэйкерам”, дадаўшы ва ўласны запіс гэты тэг. Калі інфармацыя сапраўды прадстаўляла цікавасць для большай масы, то запіс трапляў у твітэр-акаўнт by_elect32, у якім збіраліся навіны па выбарчай кампаніі.

У якасці інтэрактыўных рэсурсаў таксама выкарыстоўваліся формы інтэрнэт-галасавання: на сайце election.in-by.net, у аднайменных суполках сацыяльнай сеткі vkontakte і мікраблога twitter33; а таксама ў якасці самастойнай праграмнай прылады для рэсурса vkontakte.ru.34 Яшчэ адным прыкладам дзейнасці сістэматызаванага анлайн-галасавання можна прывесці сайт belarusvotes.com.

Пачатак датэрміновага галасавання прынёс павелічэнне звязанай з выбарамі інфармацыі, якая, у большасці, тычылася розным відам парушэння заканадаўства. Акумуляцыя такой інфармацыі праходзіла на рэсурсах, створаных на вэб-платформе ushahidi35 (з мовы суахілі – “сведка”, “сведчыць”). Платформа агрэгуе сацыяльную актыўнасць, грамадзянскую журналістыку і геапрасторавую інфармацыю і прадастаўляе назіральніку выкладваць інфармацыю, скарыстаўшыся адпраўкай SMS ці электроннага ліста, а таксама выкарыстоўваючы ўласныя акаўнты сацыяльных сетак. Усе атрыманыя дадзеныя збіраюцца, сістэматызуюцца і аўтаматычна накладваюцца на мапы. У Беларусі самым вядомым праектам выкарыстання такой тэхналогіі з’яўляўся сайт electby.org. Але акрамя яго існаваў таксама і спецыяльны праект рускай службы радыёстанцыі “Голас Амерыкі” “Выбары ў Беларусі. Грамадзянскі кантроль”36.



Інтэрнэт як рухавік народнай салідарнасці

Імгненны і малазатратны распаўсюд інфармацыі ёсць галоўным плюсам Інтэрнэту. І ў папулярызацыі ідэі салідарнасці ён зрабіў вялікі унёсак37. Але распаўсюд інфармацыі не з’яўляецца аднароднай з’явай, бо па розных прычыных мае сваю спецыфіку, мэты і жаданыя вынікі. Узвязку з падзеямі, якія адбыліся 19 снежня і пасля гэтай даты, важна правесці падзел на розныя віды распаўсюду інфармацыі, улічваючы пералічаныя ў папярэднім сказе фактары.

На думку аўтара, у распаўсюдзе інфармацыі пра салідарнасць і яе папулярызацыі Інтэрнэт выконваў наступныя функцыі:


  • агульнае інфармаванне пра тое, што здарылася 19 снежня ў Мінску;

  • рэкрутацыя валанцёраў для дабрачынных праектаў і інфармаванне дадзенай катэгорыі;

  • пляцоўка для пошуку людзей, якія трапілі ў медыцынскія і пенітэнцыярныя ўстановы; стварэнне “чорнага спісу” з правакатараў, супрацоўнікаў міліцыі і некаторых іншых установаў;

  • канал для распаўсюду самвыдавецкай прадукцыі;

  • збор грашовых сродкаў праз віртуальныя плацёжныя сістэмы і інфармаванне пра збор грошаў наяўнымі;

  • салідарныя дзеянні з канкрэтнымі асобамі;

  • правядзенне флэш-мобаў у вэб-прасторы.

У асноўны дзень галасавання ўлады пачалі блакаваць вэб-рэсурсы. У прыватнасці, былі створаны фальшывыя люстэркавыя сайты некаторых кандыдатаў у прэзідэнты з даменам .in; адбылося адключэнне зашыфраванага злучэння (https); некаторыя інфармацыйныя рэсурсы падвергліся масіраванаму DDoS-нападу (больш-менш стабільна працаваў толькі рэсурс vkontakte, таму ён і стаў асноўным інфармацыйным цэнтрам). Адразу ж салідарныя дзеянні былі накіраваны на распаўсюд інфармацыі пра меры абыходу блакіроўкі (хаця дадзеная інфармацыя распаўсюджвалася яшчэ напарэдадні). Працягвалі дапаўняць карціну выбараў і інтэрактыўныя рэсурсы: на сайце electby.org мапа з маркерамі парушэнняў стала значна больш інфарматыўнай.

Дата 19 снежня была яшчэ адзначана ініцыятывай, ідэя якой была агучана загадзя – т.зв. акцыя “Дзень без фэйса”. Карыстальнікам сацыяльнай сеткі facebook прапаноўвалася замяніць свае профільныя выявы (“аватары”, “юзэрпікі”) на малюнак, прыведзены ніжэй:





Мал. 3. Аватар ініцыятывы “Дзень без фэйса”

Ініцыятыва па змяненні профільных выяваў станецца далёка не апошняй і ўвойдзе пасля ў звычайную практыку. Ужо пасля разгону акцыі пратэсту карыстальнікі сацыяльных сеткаў і блогаў у знак салідарнасці сталі масава мяняць свае профільныя выявы. Самыя папулярныя выявы прыведзены ніжэй:





Мал. 4. Аватар ініцыятывы змены профільнай выяве ў блогавай сістэме livejournal.com



Мал. 5. Чорны квадрат – адно з самых простых графічных выкананняў знаку салідарнасці



Мал. 6. “Патрабуем вызваліць нашых таварышаў”



Мал. 7. Знічы як сімвал салідарнасці з пацярпелымі

Пасля 19 снежня да ініцыятывы змены профільных выяваў далучылася Беларуская асацыяцыя журналістаў, якая прапанавала свае варыянты38.

З пачаткам акцыі пратэсту – “Плошчы-2010” – у сацыяльных сетках і блогу livejournal39 пачалася анлайнавая трансляцыя з месца асноўных падзей. Акрамя тэкставай быў вялікі аб’ём і мультымедыйнай інфармацыі: фотаздымкаў і відэазапісаў (як журналісцкіх, так і аматарскіх)40. Прамую трансляцыю з акцыі вёў інфармацыйны партал tut.by.

Пасля разгону Плошчы і пачаўшыхся ў тую самую ноч вобшукаў на офісах недзяржаўных арганізацый і прыватных кватэрах актывістаў вельмі бракавала інфармацыі пра дакладную колькасць затрыманых і месца іх знаходжання. На працягу некалькіх дзён абсалютна няяснай была сітуацыя з Уладзімірам Някляевым. У Сеціве нават хадзілі чуткі, што былы кандыдат быў забіты. Дарэчы, што тычыцца чутак, то цалкам можна зразумець прыроду іх паходжання, асабліва ў экстрымальных сітуацыях: большасць людзей не чакала развіцця падзеяў па найгоршым са сцэнароў і ўспрымала любую інфармацыю эмацыйна і нават наіўна. Калі разгон Плошчы яшчэ не завершыўся, у Інтэрнэце ўжо распаўсюджваліся паведамленні пра чалавечыя ахвяры: нібы падчас самога разгону і на станцыі метро “Плошча Леніна”. Аўтар не адмаўляе, што дэзінфармацыя была спецыяльна ўкінута недабразычліўцамі для захавання панічных настрояў і пачуцця страху ў грамадстве. Нешта падобнае мы маглі назіраць пасля тэракту ў мінскім метро 11 красавіка, калі на форумах і ў сацыяльных сетках распаўсюджвалася несапраўдная інфармацыя пра выбухі ў аўтобусе №100, на аўта- і чыгуначным вакзалах.

Першыя дакладныя спісы затрыманых асобаў і асобаў, якія трапілі ў шпіталі, з’явіліся 23 снежня. Некаторыя з іх складаліся на базе googledocs41 і выкладваліся ў Інтэрнэт у свабодным доступе (г.зн. маглі быць прачытаныя тымі, хто не мае рэгістрацыі паштовай скрыні ў сістэме gmail.com).

Сістэматызацыяй дадзеных па затрыманым і асуджаным займалася таксама грамадзянская ініцыятыва “Анёл-ахоўнік”42, якая паўстала на наступны дзень пасля разгону дэманстрацыі. Улічваючы, што падобная ініцыятыва ўяўляе класічную мадэль grassroots і мела патрэбу ў валантарыяце, то разам са спісамі распаўсюджвалася інфармацыя пра набор дапамагатых з пералікам канкрэтнай працы43. Акрамя гэтага, пералічаўся спіс рэчаў, прадуктаў харчавання, якія можна было перадаваць асуджаным44.

Акрамя рэчаў і прадуктаў можна было рабіць і грашовыя ахвяраванні. Для ахвяраванняў грашыма былі адкрытыя банкаўскія рахункі і рахункі ў сістэмах электронных плацяжоў easypay і webmoney. Сабраныя фінансы накіроўваліся, напрыклад, на аказанне медыцынскай дапамогі збітай падчас разгону Плошчы Маі Абромчык45; Таццяне Грачаннікавай46, у якой падчас адсідкі ў СІЗА абвастрылася цяжкая хвароба. Сродкі дапамаглі ў поўным аб’ёме кампенсаваць страты ў памеры 14 млн. беларускіх рублёў падчас “штурма” Дома Урада47.

Інфармацыя пра дапамогу распаўсюджвалася таксама ў адным з акаўнтаў у мікраблогавай сістэме twitter48.



Сацыяльныя сеткі як “дошка ганьбы”

Выкарыстанне ў паўсядзённым жыцці сацыяльных сетак мае і свае пагрозы: часам, карыстальнікі выкладваюць у вэб-прастору асабістыя дадзеныя (нумары тэлефонаў, хатнія адрэсы, імёны і прозвішчы сваякоў і інш.), якія потым могуць быць лёгка выкарыстаны супраць іх гаспадароў. Як спрацаваў гэты механізм упэўніліся, калі ў Сеціве пачалі распаўсюджвацца спасылкі на акаўнты 49 у сацыяльнай сетцы vkontakte спецназаўцаў. Пры гэтым, дзівіла наяўнасць жорсткіх выказванняў у бок апазіцыі ад тых, хто ўдзельнічаў у зачыстцы плошчы Незалежнасці50. Самымі папулярнымі “героямі” аказаліся нехта Ігар Савіцкі51 і Саня Воцінаў52 (арыгінал напісання імя захаваны – М.Н.): іх старонкі падвергліся найбольш актыўнаму акляйменню, у выніку якога гэтыя людзі паспешліва пачалі выдаляць ўсю інфармацыю і рэгістраваць новыя акаўнты.

Асобная частка ў збіраемай інфармацыі і складанні чорных спісах была прысвечана правакатарам, якія разбівалі вокны і дзверы Дома Урада ў момант, калі побач праходзіла акцыя пратэсту. Самая цікавая інфармацыя па правакатарх акумулявалася ў блогу zmagarka.livejournal.com, дзе акрамя тэкставых запісаў, уладальнік выкладваў і мультымедыйную інфармацыю53 (нават з атрыманымі расшыфроўкамі радыёперамоваў нібы паміж сілавікамі і правакатарамі54). Сабраная інфармацыя давала ўсе падставы даказаць, што акцыя штурма была спланаваная спецслужбамі і што ў планы апазіцыйных кандыдатаў яна не ўваходзіла.

Акрамя інфармацыі пра спецназаўцаў і правакатараў у Інтэрнэце распаўсюджваліся персанальныя дадзеныя, напрыклад, старшыні адной з выбарчых камісіяў Рамана Хмеля. У спісе з’явіўся і галоўны ўрач бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Віктар Сірэнка, якога праваабаронцы абвінавацілі ў парушэнні прафесійнай этыкі55.

З пачаткам першых судовых працэсаў над удзельнікамі маніфестацыі ў Інтэрнэце пачала распаўсюджвацца інфармацыя пра суддзяў. У акаўнце суддзі Вольгі Комар у фэйсбуку разгарэлася дыскусія56, у якой прыняла ўдзел і сама Комар57.

Збор дадзеных па асобах, якія скампраматавалі сябе ў падзеях 19 снежня (і пасля іх) адбываўся праз электронны адрас chornyspis2010@gmail.com. Акрамя гэтага, быў створаны спецыяльны сайт posobniki.com.

У гэту сумную кампанію ўмоўна аднесены і экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук, які “праславіўся” сваёй заявай ад 20 снежня58, дзе асудзіў правакацыю са штурмам, абвінаваціўшы ва ўзнікненні яе некаторых апазіцыйных кандыдатаў. Рэакцыі інтэрнаўтаў доўга чакаць не прыйшлося: на сцяне старонкі59 былога кандыдата абрынулася лавіна незадаволеных запісаў, нават з боку тых, хто яшчэ ўчора галасаваў за Раманчука. Запісы з абурэннямі межавалі з запісамі, якія ўтрымлівалі абразы і кпіны ў бок кандыдата, бо многія палічылі Раманчука здраднікам. Толькі за 20 снежня каля 700 карыстальнікаў выдалілі акаўнт кандыдата з ліку сваіх сяброў.

Інтэрнэт як канал распаўсюду самвыдату

Распаўсюд інфармацыі праз Інтэрнэт можа зусім не закранаць тую катэгорыю грамадства, якая мала карыстаецца ці не карыстаецца ўвогуле гэтым сродкам, што ўсё яшчэ актуальна для Беларусі. Таму ў сувязі з гэтым было прапанавана правесці ў Сеціве кампанію па распаўсюду самвыдавецкай прадукцыі, пасля чаго раздрукоўваць яе ў хатніх умовах і распаўсюджваць па паштовых скрынях. Заклікі далучыцца да гэтай кампаніі прагучалі сярод некаторых блогераў60, пасля чаго абвесткі перасунуліся і ў сацыяльныя сеткі. Таксама распаўсюджваліся спасылкі на ўзоры самвыдату, які быў выкананы на платформе googledocs і выстаўляўся ў адкрытым доступе61. У 2011 г. быў створаны цэлы партал нагляднай агітацыі antibrainwash.net з пералікам улётак і плакатаў і магчымасцю іх спампаваць.



Адрасныя кампаніі падтрымкі

Апроч салідарных дзеянняў, якія разлічвалія на агульную катэгорыю (пад зборным паняткам “пацярпелыя”) мелі месца ініцыятывы адраснага характара. У якасці такіх прыкладаў можна прывесці распаўсюд інфармацыі пра акцыю салідарнасці ля Акрэсціна62 21 снежня63; кампанію ў падтрымку “Аўтарадыё”64; правядзенне выставы Салідарнасці65; кампанію салідарнасці блогераў з журналістам Андрэем Пачобутам66. Пры гэтым, адбыўся выпадак, калі адзін з блогераў па ўласнай ініцыятыве праводзіў кампанію салідарнасці67.

Незалежна ўтварылася ініцыятыва з падпісаннем паштовак палітвязням, якая базуецца на сайце pashtouka.org. Ідэя ініцыятывы палягае ў тым, што на самім сайце можна абраць паштоўку з некалькіх прапануемых варыянтаў, абраць яе адрасата і, запоўніўшы спецыяльную форму, адправіць яе па назначэнні. Па словах ініцыятараў, у першыя дні такой паслугай скарысталіся больш за тысячу чалавек68. Такая ідэя, бадай, палягае ў эканоміі часу, хаця падобныя акцыі ўжо мелі месца як знак салідарнасці, калі ў турмы адпраўляліся паштоўкі запоўненыя ад рукі69.

Флэш-мобы як традыцыйны элемент салідарнасці

Улічваючы трагічнасць падзей, некаторыя карыстальнікі ўсё ж не гублялі пачуцця гумару і прыдумвалі забаўляльныя акцыі: як кампанію “ШОС”70 ці флэш-моб з рондалямі71.





Мал. 8. Рэстайлінг лагатыпу адной з грамадскіх кампаніяў пад “ШОС”

Фантазія народных гумарыстаў наконт ідэі “ШОС” была развіта далей, пра што сведчыць альбом калажоў у суполцы на рэсурсе vkontakte.ru72.

Што тычыцца флэш-моба з рондалямі, то падставай да яго правядзення стала выказванне старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай нараніцу 20 снежня, калі яна выказалася пра жанчын, якія прынялі ўдзел у акцыі напярэдадні: “Сидели бы дома, борщ варили, а не по площадям шастали. Это позор для женщины – участвовать в подобных мероприятиях73. Цытата стала крылатай, а сама Ярмошына была нават намінавана ў прэміі “Сэксіст года-2010”74 – яшчэ адной інтэрнэт-ініцыятыве, праўда, расійскай.

Гэтыя два моманты з’яўляюцца, бадай, адзіным пазітывам ва ўсіх сумных падзеях, звязаных з 19 снежня.



Падагульненне і агульныя высновы

З даследавання бачна, што ідэя салідарных дзеянняў мела большую актуальнасць у Беларусі, чым у Польшчы. Прычыну гэтай з’явы можна патлумачыць даволі проста: недэмакратычныя выбары і разгон дэманстрацыі 19 снежня здолелі згуртаваць вакол ідэі дапамогі прыхільнікаў дэмакратычнага развіцця краіны. Няхай нават гэтых прыхільнікаў будзе і ў разы менш, але перад іх патэнцыял у сеткавай актыўнасці змог перайсці ў патэнцыял у рэальным жыцці. Таксама аб’ектыўнай прычынай поспеху можна назваць і адсутнасць татальнага кантролю за Інтэрнэтам. Калі б сітуацыя ў гэтым плане была куды горшай, чым ёсць сёння, пра магчымасць поспеху салідарных ініцыятываў трэба было усумніцца.

Інтэрнэт-праекты у Беларусі могуць быць паспяховымі і наведальнымі. У прыклад напісанаму, выпадак з ператрусам ў кватэры адміністратара адной з буйнейшых суполак беларускага сегменту сацыяльнай сеткі vkontakte.ru “Мы за Вялікую Беларусь”75 Сяргея Паўлюкевіча. У інтэрв’ю штотыднёвіку “Наша ніва” Паўлюкевіч сказаў, што супрацоўнікі КДБ “…аказаліся добра інфармаванымі аб працы суполкі…”76, таму і звязаў арганізацыю ператруса ў сябе дома з гэтым фактам. Праўда гэта ці не, але дапушчальна, што арганізацыя працы наведвальных інтэрнэт-праектаў могуць выклікаць у Беларусі цікавасць з боку сілавых органаў.

Вэб-праекты ў Беларусі могуць стаць рухавіком у распаўсюдзе салідарных ідэяў у рэальнасці, што ўжо можна назваць вялікім поспехам. Цяпер інтэрнэт-карыстальнікі, акрамя сваёй звычайнай штодзённай прысутнасці ў віртуальнай прасторы з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі, могуць быць карыснымі дзеля благой справы.



14 ліпеня прайшоў другі тур галасавання

2http://krakow.naszemiasto.pl/artykul/516264,krakow-w-poniedzialek-zdejma-zimnego-lecha,id,t.html

3http://wiadomosci.gazeta.pl/Wiadomosci/1,80708,8207440,Przed_Palacem_goraco__Decyzja__Nie_przenosimy_krzyza_.html

4Напрыклад, як гэтая відэарэклама: http://www.youtube.com/watch?v=G73QfD9oQkg

5http://migalski.blog.onet.pl/1,DA2010-08-01,index.html

6http://www.facebook.com/group.php?gid=141984695825223; http://www.facebook.com/group.php?gid=139402159427852

7Афіцыйны сайт: http://www.eskarock.pl

8Песня мае назву Każdy chce leżeć na Wawelu | Jarek, po trupach do celu (“Кожнаму хочацца быць на Вавэлю | Ярэк, па трупах да мэты). Відэаролік з песняй знаходзіцца тут: http://www.youtube.com/watch?v=8InwcRDzNvc


http://www.youtube.com/watch?v=8InwcRDzNvc

9Прыклад адной з такіх суполак: http://www.facebook.com/group.php?gid=143389482346632

10http://www.facebook.com/group.php?gid=120030248033861

11http://www.facebook.com/group.php?gid=122187644459115

12Як, напрыклад, гэта суполка: http://www.facebook.com/group.php?gid=120305321317693

13http://www.facebook.com/group.php?gid=120916981263224

14http://www.facebook.com/sondazwyborczy; http://www.facebook.com/prawybory

15http://belhelcom.org/node/8945

16http://twitter.com/vybary2010

17 Рэсурс пазіцыянаваўся як “Першая палітычная сацыяльная сетка”

18Сайт грамадзянскай ініцыятывы “19 снежня”

19Перадвыбарчая кампанія “Маладога фронту”. Сайт размяшчаецца па адрасе: http://www.syhodz.info/

20http://www.svaboda.org/content/transcript/2230880.html

21http://by-politics.livejournal.com

22http://vkontakte.ru/club15428665. Па стану на 23:59 18.12.2010 г. сябрамі суполкі з’яўляліся 4.598 удзельнікаў

23http://vkontakte.ru/club20809720. Па стану на 23:59 18.12.2010 г. сябрамі суполкі з’яўляліся 133 удзельнікі

24http://vkontakte.ru/club4618077. Па стану на 23:59 18.12.2010 г. сябрамі суполкі з’яўляліся 179 удзельнікаў

25http://vkontakte.ru/event16839117. Па стану на 23:59 18.12.2010 г. сябрамі суполкі з’яўляўся 7.651 удзельнік

26http://vkontakte.ru/club22266299. Правапіс назвы суполкі захаваны ў арыгінале – М.Н. Па стане на 23:59 18.12.2010 г. налічвала 118 удзельнікаў

27http://minsk-by.livejournal.com/6982259.html

28http://kilgor-trautt.livejournal.com/612496.html

29http://by-politics.livejournal.com/2616506.html

30http://petra-leleka.livejournal.com/305618.html?nc=33

31https://docs.google.com/document/d/1Vf7BuI80KQmVXOLSUH-nPbkk6TjDP_LdJkzzpkKRTHA/edit?pli=1#

32http://twitter.com/by_elect

33http://twitter.com/election_in_by

34http://vkontakte.ru/app1983814

35Галоўны сайт http://ushahidi.com/

36http://golosameriki.crowdmap.com/

37“Інтэрнэт” ужываецца тут ў больш шырокім сэнсе, чым толькі характарыстыка тэхнічнага боку. Гэта яшчэ і асяродак з некалькіх мільёнаў карыстальнікаў

38http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-9730.html

39http://minsk-by.livejournal.com/7008041.html?nc=119

40http://karpenkod.blogspot.com/2010/12/blog-post_20.html;http://invizio.livejournal.com/669.html; http://invizio.livejournal.com/787.html; http://invizio.livejournal.com/1164.html


41https://spreadsheets.google.com/ccc?authkey=CNGrwbME&key=tUS5ZeMhP6AG2ZQmrh9gt5A&authkey=CNGrwbME#gid=5

42http://www.help.roh-roh.net/

43http://adelka.livejournal.com/262866.html

44http://adelka.livejournal.com/263425.html; http://adelka.livejournal.com/266659.html

45http://nn.by/?c=ar&i=50412

46http://nn.by/?c=ar&i=52741; http://imbierac.livejournal.com/23098.html

47http://nn.by/?c=ar&i=50722; http://adelka.livejournal.com/280868.html

48http://twitter.com/samadapamoga

49http://ezhimo.livejournal.com/109187.html?page=2&cut_expand=1

50Як у гэтым фотальбоме: http://vkontakte.ru/album-18923125_123942335. Пры гэтым, спецназаўцы самі адзначалі сябе на фотаздымках, якія былі зроблены падчас разгону дэманстрацыі ўвечары 19 снежня, што паскорыла працэс іх пошуку і ідэнтыфікацыі

51http://vkontakte.ru/id95489720

52http://vkontakte.ru/id20431196

53http://zmagarka.livejournal.com/1120792.html#cutid1; http://zmagarka.livejournal.com/1129362.html

http://zmagarka.livejournal.com/1168801.html#cutid1

54http://zmagarka.livejournal.com/1144463.html

55Маецца на ўвазе эпізод вечара 19 снежня, калі Сірэнка дазволіў прадстаўнікам спецслужбаў вывезці цяжка параненага Уладзіміра Някляева са шпіталю

56http://nn.by/index.php?c=ar&i=50689

57Праўда, “плюралізм меркаванняў” цягнуўся нядоўга, бо ўладальнік профіля хутка вырашыла зрабіць яго закрытым

58http://www.youtube.com/watch?v=tX2-oNI_Rrc

59http://www.facebook.com/pages/%D0%AF%D1%80%D0%BE%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2-%D0%A0%D0%BE%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D1%87%D1%83%D0%BA/157502274264924

60http://abc-in-lj.livejournal.com/21181.html з двума прыкладамі ўлётак

61http://zmagarka.livejournal.com/1086268.html;https://docs.google.com/viewer?a=v&pid=explorer&chrome=true&srcid=0B30qgqUsynSdODI0M2M0ZTctYTAwNi00ODc4LWFiMWItODBjNDcyYzVmN2I2&hl=en;https://docs.google.com/viewer?a=v&pid=explorer&chrome=true&srcid=1ECFMoIgWl8Dvrjsmdxzo1fAxUV6wVLvMbCzREtitR66RXi4gSVbUy4-RhDB1&hl=en&authkey=CICZnoUI;http://narod.ru/disk/1913778001/Rezanans2.pdf.html

62Ізалятар часовага ўтрымання ў Мінску па адрасе: Першы завулак Акрэсціна, 36А. “Праславіўся” як месца масавай адсідкі людзей пасля разгону намётавага гарадка ў сакавіку 2006 г.

63http://nn.by/?c=ar&i=47862

64http://mfront.net/content.php?content.3550

65http://generation.by/doc14-472.html

66http://fotaczka.livejournal.com/201002.html

67Як, напрыклад, блогер budimir, які аб’явіў бестэрміновую галадоўку да таго моманту, пакуль не будуць вызвалены ўсе палітвязні (гл. тут: http://budimir.livejournal.com/103720.html). Cкончыў галадоўку на дваццаты дзень

68http://anei-aka-kirian.livejournal.com/284312.html

69У асноўным гэта былі паштоўкі з віншаваннямі з Калядамі і Новым годам, бо тэрмін знаходжання за кратамі для большасці арыштаваных якраз прымаў на гэтыя святы

70Абрэвіятура склалася з пачатковых літар фразы на трасянцы “Шоб Он Сел”; таксама ходзіць і больш жортскае тлумачэнне: “Шоб Он Сдох”

71http://petra-leleka.livejournal.com/325483.html#cutid1

72http://vkontakte.ru/album-23966472_127554172

73Аўдыёзапіс таго выказвання можна паслухаць тут: http://euroradio.fm/ru/node/3930

74http://www.zafeminizm.ucoz.ru/news/premija_seksist_goda_2010_itogi/2011-01-13-28

75 http://vkontakte.ru/club3452603

76 http://nn.by/?c=ar&i=48745


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка