Імгненне І вечнасць




старонка1/4
Дата канвертавання27.03.2016
Памер0.82 Mb.
  1   2   3   4

Васіль Рагаўцоў



ІМГНЕННЕ І ВЕЧНАСЦЬ

Васіль Рагаўцоў



ІМГНЕННЕ І ВЕЧНАСЦЬ

Вершы


Мінск, «Кнігазбор», 2010

УДК 821. 161.3- 1

ББК 84 (4 Беи)

Р 14


Рагаўцоў, В.

Р14 Імгненне і Вечнасць : вершы / Васіль Рагаўцоў. –

Мінск : Кнігазбор, 2010. – 176 с.

ISBN 978-985-6976-24-0


У кнігу Васіля Рагаўцова «Імгненне і Вечнасць» увайшло ўсё лепшае са зборнікаў «Сутонне» (1995), «Долягляд» (1998), «На роскрыжы дарог» (2008), а таксама новыя вершы.

Як суразмерыць вялікае і малое, імгненне і вечнасць – гэтыя пытанні ў першую чаргу турбуюць паэта. Роздум яго скіраваны і на спрадвечныя каштоўнасці чалавека: любоў, дабрыню, высакароднасць, самаахвярнасць. Слова паэта свежае і вобразнае.


УДК 821. 161.3- 1

ББК 84 (4 Беи)

ISBN 978-985-6976-24-0 © Рагаўцоў В., 2010

© Афармленне. ПУП

«Кнігазбор», 2010


І ШЛЯХ, І ПОШУК…


Даўно, пачынаючы з самых першых публікацый, сачу за творчасцю Васіля Рагаўцова. Больш таго, давялося быць рэдактарам некалькіх яго паэтычных кніг. Таму і маю права на сваю думку адносна яго творчасці. Васіль Рагаўцоў адзін з тых творцаў, хто ў літаратуру ідзе сваім, хай сабе і няпростым шляхам, не заўсёды прытрымліваючыся традыцыйных «установак», але і не адпрэчваючы іх.

У кароткіх вершах-роздумах аўтар ставіць мноства пытанняў, часта пакідаючы іх без адказу. Але ў гэтым ёсць і патаемны сэнс: важна паставіць пытанне і запрасіць у суразмоўцы самога чытача, нават змусіць яго задумацца над тым, што хвалюе аўтара. Гэта – як своеасаблівае запрашэнне да дыялогу праз аўтарскую задуму.

Прыём гэты хутчэй філасофскі, чым літаратурны. Возьмем да прыкладу такія радкі:
Калі не пяецца – навошта й спяваць

І песняй натужнай маркоціць душу.

Услухайся лепей у пошум дажджу,

Учуй, як рагоча надрыўна сава,

Гулліва шчабеча пад шынай жарства...

Навошта спяваць, як душа не пяе...

Услухайся лепш

у яе.
Можа, на першы погляд і надта простыя радкі. Але чаму іх захацелася перачытаць яшчэ раз? Урэшце, куды скіроўвае нас аўтар? А тут, як і ў кожным філасофскім зачыне, адразу некалькі адказаў. І адзін абавязкова пэўны: трэба ўмець слухаць душу! Як часам гэтага не хапае паэтам.

А вось яшчэ адзін верш:


У царкве.

Адны моляцца –

просяць паратунку,

другія замольваюць

свае грахі,

а трэція –

стаяць моўчкі.

З заплаканымі свечкамі.
Зноў жа, які абсяг для роздуму! Тут паэт як быццам засяроджваецца на чымсьці драматычным. Але яно зусім не драматызуецца. Радкі верша напоўнены прадчуваннем жыццёвай непазбежнасці ці незваротнасці, а то і рытуальнай звыкласцю: свечкі, слёзы…

«Дзе тут паэтычны пошук?» – можа спытацца прыдзірлівы чытач. А ён якраз мне і бачыцца ў тым, што аўтар, нікога не асуджаючы, не аспрэчваючы штосьці, бярэ ўвесь боль чалавечы (а ў падтэксце ён адчувальны) на сябе.

А вось яшчэ адносна душы:
Каб маглі зазірнуць

у чалавечую душу,

нібыта ў люстэрка, –

як бы сумеліся мы…
Пасля гэтых радкоў ужо крыху інакш глядзіш на многія вершы паэта. Чытаючы іх, трэба мець на ўвазе ўсё тую ж душу, бо яна ў В. Рагаўцова – паняцце матэрыялізаванае. Нездарма амаль заўсёды ў творах слова Душа стаіць побач са словам Бог. І абодва яны пішуцца з вялікай літары.

Дарэчы, да самога слова ў В. Рагаўцова вельмі своеасаблівыя, нават болеадчувальныя адносіны. Трэба памятаць, што ён мовазнавец, загадчык кафедры беларускай мовы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А. Куляшова. А таму самыя нечаканыя яго словатворы не здаюцца нам ненатуральнымі, бо яны вынікаюць са зместу вершаў. Вельмі арганічна гучаць у тэксце ягоныя долягляд, плыніць, травець і інш.

Паэтычны роздум Васіля Рагаўцова скіраваны да паняцця вечнасці, гаворачы пра якую, ніяк не абыдзешся без самога імгнення. Менавіта з імгнення, толькі нейкай кропелькі ў жыццёвым моры, пачынаюцца заўсёды развагі пра вечнасць. Часам складаецца ўражанне, што зашмат адразу пытанняў задае нам аўтар. Але ж яны ў першую чаргу адрасаваны сабе самому.

У кнізе ёсць добрае адчуванне шляху, ёсць удумлівая, непаспешлівая хада, а самае галоўнае – асабісты пошук… Гэтым і цікавая нам новая сустрэча з паэтам Васілём Рагаўцовым.


Казімір КАМЕЙША,

лаўрэат Літаратурнай прэміі

імя Аркадзя Куляшова
ТРЫЯЛЕТ
Я зноў нарадзіўся на свет –

І ў гэтым маё збавенне.

Праз роспач, пакуты, сумненні

Я зноў нарадзіўся на свет.
Як мара, як сон-запавет,

Душу маю крыліць натхненне…

Я зноў нарадзіўся на свет –

І ў гэтым маё збавенне.
кастрычнік 1991
* * *
Жыццё складаецца з імгненняў

Дабра і Зла, Святла і Ценяў…

У ім і роспачы спатканняў,

у ім і радасці расстанняў.


жнівень 1991

* * *
Гармонія...

Для адных яна – святыня,

для другіх – таямніца,

для трэціх – проста каханне...

На святыню моляцца,

таямніцу імкнуцца спазнаць,

каханне –

зберагчы да скону.

Як святыню.

Як таямніцу.

Як вечнасць.

Каб жыццё было часцінкай

гармоніі.
жнівень 1991

* * *
Спявае Душа ад смутку –

ды спеў той журботны.


Сумуе Душа ад гуллівасці –

толькі сум бесклапотны.


Смяецца Душа ад зайздрасці –

ды смех той калючы.


А плача Душа ад радасці –

плач той… гаючы.


верасень 1991
АКРАВЕРШ
Над зямлёю неба просінь.

Астываюць, меркнуць росы.

Ты паглядам мілым просіш:

«Ах, хутчэй, хутчэй бы восень!..»

Шчодры водар думных сосен…

Ах, хутчэй, хутчэй бы восень…


кастрычнік 1991

* * *
Дрэвы сумуюць па птушках,

па іх песнях-літаннях,

каб пазбыцца тугі і смутку,
птушкі – па небе,

не спавітым хмурнай смугою,

каб адчуць моц сваіх крылаў,
неба сумуе па зорках,

бы свежая ралля па залацістым зерні,

каб наталіцца іх трапяткім ззяннем,
зоркі – па рэках і азёрах,

каб на іх люстраной гладзі

падзівіцца з свае адвечнае ціхмянасці…
Чалавек сумуе па птушках, па небе, па зорках…

па ўсім, што ў яго душы і сэрцы,

каб адчуць непаўторнасць жыцця.
кастрычнік 1991

* * *
Азірніцеся на ўласныя цені…

Гэта здані прашчураў

святой мінуўшчыны,

якая лучыцца з нашым сённяшнім

несмяротнасцю Душы.

Цені-прывіды бароняць чалавека

ад усюдыісных угоднікаў,

каб не ператварыўся ў невідушчага,

аберагаюць ад адзіноты,

каб не звар’яцеў,

засланяюць ад позіркаў

хціўцаў і зларадцаў,

каб не знявечыўся душою…

А калі чалавек адыходзіць у нябыт,

цені застаюцца для тых,

хто з’яўляецца на свет

як працяг чалавечага роду.
кастрычнік 1991
* * *
Я шукаю цябе –

і не магу знайсці.

Дзе-е-е ты? –

знемагаюць у прасторы

словы мае.

– Дзе ты-ы-ы? –

голасам кані

адгукаюцца з паднябесся

твае словы.

А мы – няўлоўныя.

Як подых ветру,

як святло бліскавіцы…

І загадалася нам жаданне...

І нам усміхнулася знічка.


кастрычнік 1991

* * *
Цячэ рака жыцця майго

ў сутонні мройна-шэрым.

Суцішыўся душы агонь,

а ты, дзівачка, верыш:

спашле Ўсявышні нам з нябёс

заранак весніх долю.

…Скрыпіць пакутліва, да слёз,

наводшыбе таполя.


кастрычнік 1991

* * *
Мне так трывожна, як падчас расстання,

бо цяжка б’ецца сэрца цішыні,

бо дагараюць зоркі на світанні

і засыхаюць дрэваў карані…


Бо надмагільны крыж зацяўся з болю

за тых ахвяр радзімае Зямлі,

што мужна неслі нам Святло і Волю

і ўратаваць якіх мы не змаглі.


Я слухаю з затоеным дыханнем,

як Час плыве у Вечнасць небыцця.

І чую я, народ, тваё стагнанне…
Хай будзе гэта стогнам-развітаннем

з бязладдзем і нягодамі жыцця!


кастрычнік 1991
* * *
У цішыні

ёсць нешта непаўторнае,

непадуладнае пазнанню.

Яна ахінае чалавека,

каб даць яму спачын

ад пакутлівых дум,

роспачных пачуццяў,

жыццёвых нягод.

Яна гоіць знясіленыя

душы людскія.

Да самазабыцця

я слухаю цішыню

і трапляю нібыта ў іншы свет,

дзе ні згрызот,

ні спакус,

ні кпінаў,

дзе ты –

сам-насам з сабою.

Я слухаю цішыню

і міжволі ўваходжу

ў таямніцу Вечнасці.

Баюся нават павесці веямі,

каб ні на імгненне не парушыць

святое маўчанне цішыні,

яе неруш і чароўнасць.

Я раствараюся ў цішыні і знікаю,

раблюся яе часцінкай.

І пачынаю жыць у новым свеце,

дзе няма

ні божае кары,

ні людской здрады,

ні чалавечых пакут…


кастрычнік–лістапад 1991
* * *
Хто над Духам маім уладарыць?

Пасылае яму такі лёс?

Ён маланкай сягае за хмары,

каб спазнаць таямніцы нябёс.


І з гарачым, як жар, утрапеннем

прыпадае да вуснаў крыніц.

Ён імкне на адно хоць імгненне

прычасціцца святлом зараніц.


Як пакутнік, вандруе па краі,

ўсё часцей і часцей – без надзей:

Там крыніца жыцця замірае,

Там самотныя душы ў людзей.


…Грымнуў з неба пярун ашалелы –

аж пачуліся стогны Зямлі.

І збудзіўся народ мой знямелы…

А ці стане ён шчасным?

Калі?
кастрычнік–лістапад 1991
НЕ ВЕРЦЕ…
Не верце, што дрэвы не тужаць ніколі.

Шчымліва журбуюць яны й на прыволлі

па песнях птушыных, не чуць якіх болей,

па ветры-свавольцу, згубіўся што ў полі.


Не верце, што рэкі не просяць напіцца.

У сушу-спякоту, каб смагі пазбыцца,

сумуюць яны па сцюдзёных крыніцах,

ім сняцца начамі дажджы-навальніцы.


Не верце, што сэрца не знае спачыну,

што б’ецца яно увесь час несупынна.

Яно замірае на хвілю-часіну

ад жаху…


здзіўлення…

пагляду дзяўчыны.


кастрычнік–лістапад 1991

* * *
У перадсмяротным змаганні

Душа пакідае чалавека,

каб развітацца

з салаўіным гаем,

які акрыляў закаханае сэрца,

з песняю жаўранка,

што трымцела над нівай жытнёваю,

з бруістымі крыніцамі,

якімі сілкаваліся родныя рэкі…

А развітаўшыся,

Душа зноў вяртаецца

да чалавека.

Толькі на часіну.

Каб сканаў ён

святою смерцю –

без жалю, шкадобы…


А можа, і з імі…
кастрычнік–лістапад 1991

* * *
Рвуцца думкі мае ў паднябессе –

ў каралеўства спакуснай цішы.

Ветрык ласкавым подыхам песціць

расхістаныя струны душы.


Думкі мкнуцца на волю, мяцеляць...

Бліснуў сонца прамень у вакне.

Нечуваная лёгкасць у целе.

Птахам сон пакідае мяне.


кастрычнік–лістапад 1991

* * *
Адбалелае –

не забаліць

і пачуццяў святых

не верне.

Як не ўзыдзе

на ззяблай раллі

залацістае зерне.
кастрычнік–снежань 1991

* * *
Ноч…

З бурштынавымі пацеркамі –

застылымі слязьмі –

высяцца стрункія сосны,

малыя –

перад веліччу



зорнага неба.
Бы сівыя прашчуры,

стаяць сіратліва дубы,

употай падзяляючы

з цішынёю

горыч і крыўду

зямную.
Нябесныя рупліўцы –

зоркі –

сваім адвечным святлом



мілуюць цішыню,

бо ведаюць:

і ёй нялёгка.
лістапад 1991

* * *
Дзе тояцца душы тваёй Пакуты?

Ў маім маўчанні.

Дзе тояцца і Радасць, і твой Смутак?

Ў маім дыханні.

Дзе тоіцца-жыве твая Надзея?

Ў маім паглядзе.

…Кружляе Дух мой птахам-чарадзеем

на доляглядзе.


лістапад 1991


МЕСЯЦ… ГРЭЕ
Месяц свеціць,

ды не грэе.

(Прымаўка)
Не бяруся аспрэчваць

гэтай народнай высновы, але…

…Месяц срэбным святлом

грэе-лашчыць сэрцы закаханых,

суцяшае збалелыя душы,

цепліць думкі-надзеі

адзінокаму вандроўніку…

Пад месяцовым

жыццядайным сяйвом

наліваюцца сокамі дрэвы,

узыходзіць і красуе жыта,

раскашуюць духмяныя травы…

І цячэ ракою Вечнасці

чалавечае жыццё

з яго адвечнымі трывогамі,

горыччу і асалодай.

Месяц свеціць…

І святло яго вечнае,

як і вечныя

яго спадарожнікі –

зоркі.
лістапад 1991; 2011
* * *
Прашчуры мае сівыя,

абкураныя дымам вогнішчаў,

ахрышчаныя сполахамі маланкі,

асмужаныя сонцам і ветравеем,–

я пакланяюся вам,

як пакланяліся вы

агню-цудадзею,

маланцы-бліскавіцы,

сонцу-жыццядаю…

Прашчуры-радаводцы,

абкураныя дымам вогнішчаў,

а не заводскіх каміноў,

ахрышчаныя сполахамі маланкі,

а не рукою хлуслівага прарока,

асмужаныя сонцам і ветравеем,

а не радыяцыйным пылам,–

прашчуры мае нятленныя,

мая душа імкне да паяднання

з вашымі душамі –

чыстымі, як крыніцы,

светлымі, як мары,

даверлівымі, як дзеці…

Каб не страціць

веры ў людзей.

І ў самога сябе.
лістапад 1991

* * *
...Каб сам сабою стаў народ,

Пачуўшы гукі крэўнай мовы!



Р.БАРАДУЛІН
Ці станеш ты, народзе,

сам сабою,

пачуўшы гукі крэўнай мовы?

Калі ўдарам перуновым

не будуць струшчаны аковы

пакоры, што ўладарыць

над табою?!
лістапад 1991

РАМАНС
Адлісцела восень,

адлісцела.

Не чуваць сімфоніі

жытоў.


Пасмутнела неба,

пасмутнела

ад тужлівай песні

журавоў.
Падаўжэлі цені,

падаўжэлі.

Сонца арабінаю

гарыць.

Пагусцелі зоры,



пагусцелі,

з месяцам мілуюцца

ўгары.
Замірае сэрца,

замірае


ад вусцішна-мяккай

цішыні.


Дагарае восень,

дагарае


барваю вячэрніх

зараніц.
1991



СПАДЧЫНА
Засталася ад бацькі

спадчына:

каса, плуг, сякера…

Касою вітаўся

з расою світальнай –

пахкае сена было;

плугам агорваў

аблогі дзірванныя –

радзілася жыта;

сякераю ладзіў

грабільны яловыя –

лоўка хадзілі ў руках…

…Засталася ад бацькі

спадчына…

Як светла-тужлівая згадка.
1991, 1996

* * *
Бацька клепле касу.

Дбайна ладзіць клеп.

«Ранкам загон скашу:

Добры удаўся хлеб».


Дрогкі клёкат буслоў,

Тупат стомленых ног,

Цокат сталёвых падкоў

Будзяць прастор дарог…


Будзяць і мой успамін,

Горкі, як той палын.


лістапад–снежань 1991

* * *
…А ў люстэрку тваіх вачэй

убачыў


сяйво зорак,

жытнёвую рунь,

агністыя маланкі…
У пералівах голасу

пачуў


пошчак салаўя,

скрып весніц,

плач немаўляці…
Я спытаўся ў цябе:

«Ты… шчаслівая?»

І ты –

усміхнулася.


снежань 1991; 1996

* * *
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…



М. БАГДАНОВІЧ
Лятуць апантаныя коні…

Па краі знямелым імчыць

Раскутая Воляй Пагоня –

Нястрымна імкне ў далячынь.


Лятуць апантаныя коні –

Аж стогне пад імі зямля.

Падковамі цокатна звоняць –

Віхурыцца рэха здаля.


Лятуць апантаныя коні…

І іх не суняць і не скуць.

Ад цокату стукае ў скронях…

Куды ж яны зноўку лятуць?!


снежань 1991 – студзень 1992

* * *
…А той, хто не ўчуў

пошчаку ручая,

уздыху раллі,

шэпту дажджу…

Той – не музыка.
А той, хто не ўбачыў

трымцення паветра,

росаў згасання,

цвіцення маланкі…

Той – не мастак.
А той, хто не спазнаў

шчымлівасці Слова,

тужлівасці шчасця,

асалоды адзіноты…

Той – не паэт.
снежань 1991 – студзень 1992

* * *
Душа і Розум…

Два чалавечыя полюсы.

Дзве іпастасі.

Душа прагне узлёту,

Розум – спакою.

Розумам


Спазнаеш свет,

Душою –


Чалавека ў ім.

З-пад улады Розуму

Трапляеш у палон Душы.

І так бясконца.

Пакуль нітуецца

Жыццё.
студзень 1992



* * *
…Зямля – з хлебам,

грымоты – з бліскавіцай,

месяц – з небам,

з борам – ігліца,

вечнасць – з імгненнем,

ластаўка – з летам,

дрэва – з карэннем…

А чалавек –

з цэлым светам?
студзень 1992

* * *
Спеюць у прыцемках зоры.

Месяц дрыготка блішчыць.

Смехам срабрыстым азорыш

крылы збалелай душы.


Глянеш паглядам чароўным –

сэрца пазбавіш тугі…

Зорна-блішчастая роўнядзь

лучыць душы берагі.


студзень 1992
* * *
У прыроды свае законы –

спаконвечныя.

Калі засыхаюць крыніцы –

плытчэюць рэкі і рачулкі,

якія жывіліся імі,

чэзнуць хмызнякі і лазнякі,

сірацеюць на птаства,

бяднеюць лугі і лугавіны:

менее зёлак і красак…

Ці ж не такі лёс

і чалавечай мовы?

Яна жыве, красуе,

набірае моцы і дужасці,

пакуль сілкуецца вытокамі –

гаворкамі прадзедаў.

Але ж і яны,

гэтыя крыніцы-вытокі,

з часам плытчэюць,

губляюць жыватворнасць.

Блякне тады і мова,

вяне яе першацвет…
студзень 1992

* * *
Зоркавы смех

Чуецца ў сне –

На радасць.
Грамы-кавалі

Вясёлку скавалі –

На ўцеху.
Кружаць буслы

Над гняздоўем пустым –

На гора.
Кінуў араты

У глебу зярняты –

На шчасце…
люты 1992
* * *
Празрыстая ціша, як шкло,

і чуйная, быццам бяздонне.

Дрыготкае рэха

сэрца сцяло,

як сцінаецца сонцам

сутонне.
І голас лясоў…

і грымот-навальніц…

і весніц сіпатых…

і пожняў…

Уздыхі і стогны

радзімай зямлі

сцінаюцца ў гук

трывожны.
Здранцвела

знямоглая цішыня

ад рэха тых гукаў балесных…

А гукі набатам

звіняць і звіняць,

нібыта на родных абшарах

ім цесна.
І ціша напялася,

як цеціва.

Крый Божа,

вось-вось парвецца…

Дажыць бы да новага

нам


жніва

і новае ўбачыць

дасвецце.
сакавік 1992
* * *
Цвіце таполя…

Як на выданні

нявеста.

Нібы ў запаволеным танцы,

кружляе ў паветры

шызаваты пух.

Кудзеркі-пухавінкі лашчацца,

хінуцца адна да аднае

ў роспачнай асалодзе,

што не паўтарыцца

такому імгненню…

Яны зліваюцца

ў бухматае воблачка,

якое расце і, здаецца,

вось-вось зліецца

з грывастаю хмаркаю…

Кружыць тапалёвы пух

у няўмольным

і такім велічным

танцы…


Уладна і непаўторна –

бы самавіты дырыжор –

верхаводзіць

гэтым цнатлівым карагодам

вятрыска.

…І замірае маё дыханне,

нібы тапаліная аблачынка

ў абдымках голлейка

чубатага клёна.
19.04.1992
ВАРЫЯЦЫІ
І
Бяскрылы птах

у неба не ўзляціць.

Бяскрылая душа

усё ж імкнецца ў неба…

Ды толькі тым, крылатым,

хто ўзляцеў,

спускацца на зямлю

аднойчы трэба.


ІІ
Бяскрылы птах

у неба не ўзляціць,

бяскрылая душа

не вырвецца ў палёт,

бяскрылы громе –

ён не загрыміць,

бяскрылае святло

не разлагодзіць лёд...


Бяскрылыя, бяскрылыя...

Нямоглыя й нямілыя.


21.04.1992
* * *
Каб стаць паэтам,

трэба быць

хоць крыху незямным.

І тады ў звычайным свеце

ты адчуеш нязвыклае:

у салаўіным пошчаку –

біццё сэрцаў закаханых,

у пералівах світанкавых росаў –

бляск вачэй закаханых,

у перазвоне ручая –

галасы закаханых...

Толькі трэба быць

хоць крыху

незямным!


21.04.1992
* * *
Спытаўся ў ветру:

– Ты дзе спачываеш,

вятрыска?

– Ў задумным бары.

Як лагоджу я ручанькі-лапкі

лахматым ялінам…


У хмаркі спытаўся.

– Над лугам прырэчным.

Калі я смакую

туман-сырадой,

каб потым праліцца

дажджом навальнічным…


А маці…

А маці мне так адказала:

– У полі.

Як жну залацістае жыта

і голубам ветрык

вуркоча…


І ў думках…

Калі я з табою,

сынок мой!
23–24.04.1992; 1999
* * *
Зорыцца неба…

Пацеркі-дыяменты

шчодраць зямлі

жыццядайнае святло,

каб на ёй,

як і спакон вякоў,

красавала жыта,

цвіў лён,

курэлі каноплі…

і спелі


зямныя зоркі –

росы.
5–6.05.1992


* * *
…Прылятае ў сне

груган да мяне

і, знямоглы,

пытаецца:

«Ці даўно ты быў

на пагосце?

Чаму ж не прыходзяць

у госці


да родных і блізкіх

іх дзеці і ўнукі?

Я адзін без прынукі

вартую іх сон,

каб за полагам дзён

род людскі зберагчы…

травеюць жыцця берагі…

і курчацца з болю

вашы пакутныя прадзеды.

Ім


і на свеце на тым

Богам


долі не дадзена…»
Б’ецца вецер у вокны

трывожна…

Трымціць у куце сіратліва

набожнік…

«Ты скажы мне,

скажы…» –

птахаў голас дрыжыць

і згасае,

як полымя свечкі…
10.05.1992

* * *
Правуркатаў

гром-вястун

над разлогам,

раскатурхаў

ён вясну:

«З богам!..»


18–19.05.1992

* * *
Памяці Міколы Лупсякова
Слязіцца зорка

у небе ранішнім –

тая, з якой ты вітаўся

сутонлівым адвячоркам

і развітваўся

шэрым досвіткам…


Галосіць вецер

дняпроўскаю чайкаю,

прычэсвае хвалі рачныя,

якія лагодзілі

твае агрубелыя рукі

і зямлістыя валасы…


Палавее Дняпро

зарой-зараніцаю

і водсветам полымя

зыркіх тваіх вачэй…


І плача надрыўна

над лугам

бяздомная кнігаўка

голасам маці тваёй…


29–30.05.1992
  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка