І за дробны крадзеж штраф можа быць вялікі




Дата канвертавання01.04.2016
Памер25.79 Kb.
І ЗА ДРОБНЫ КРАДЗЕЖ ШТРАФ МОЖА БЫЦЬ ВЯЛІКІ

Час ідзе, змяняецца грамадства, змяняецца многае ў грамадстве. Калі раней мы, не задумваючыся, сказалі б, што крадзеж – гэта дрэнна, то сёння часта абураемся, што чалавека пакаралі дарэмна: не надта шмат ён і ўкраў. Брыдкаслоўе наогул увайшло ў быт як неад’емная частка жыцця. Дарэчы, абраза чалавека лічыцца дробным хуліганствам і на гэты конт таксама ёсць пэўны артыкул у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Каб бліжэй пазнаёміць з заканадаўствам школьнікаў, а заадно паказаць, якія канкрэтна прадугледжаны пакаранні і як прымяняюцца артыкулы Закона да правапарушальнікаў, чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прайшло на базе ўстановы адукацыі “Лешніцкі дзяржаўны вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-агульнаадукацыйная сярэдняя школа”. У ліку прысутных – педагогі, вучні 7-9 класаў, бацькі дзяцей, якія ўчынілі правапарушэнні. Намеснік старшыні камісіі Святлана Іванаўна Бондар засяродзіла ўвагу на тых артыкулах, якія найчасцей парушаюцца непаўналетнімі. Пры гэтым падобныя ўчынкі падлеткам не ўяўляюцца чымсьці дужа дрэнным. Дзеці не задумваюцца, з якой лёгкасцю яны ставяць пляму на сваёй біяграфіі.

Два вучні школы, знаходзячыся на вуліцы, выказваліся нецэнзурна ў адрас сталай жанчыны. Былі складзены пратаколы, з якімі хлапчукі пагадзіліся, у час пасяджэння пацвердзілі што ўсё запісана правільна, хаця ніяк не маглі растлумачыць, чаму ім спатрэбілася абражаць чалавека.

Здаецца, аднолькава вінаватыя, аднак пратаколы складзены па-рознаму. Адзін – непасрэдна на падлетка, 22.12 1998 года нараджэння, паколькі ён ужо дасягнуў узросту, з якога наступае адміністрацыйная адказнасць, а другі – на матулю падлетка, 21.01.2000 года нараджэння, за неналежнае выхаванне сына. Пакаранне за дробнае хуліганства (менавіта так класіфікуецца ўчынак падлеткаў) адпаведна з артыкулам 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжана ў выглядзе штрафу ад 2 да 30 базавых велічынь. На сённяшні дзень адна базавая велічыня складае 130 тысяч рублёў.

Класныя кіраўнікі нядрэнна ахарактарызавалі хлопчыкаў. Ва ўсякім разе, віну сваю яны ўжо добра зразумелі і паводзіны змянілі. І ў адрас абедзьвюх матуль гаварыліся толькі добрыя словы. Улічваючы ўсё гэта, падлеткам вынесена папярэджванне. На працягу года, калі хлапчукі нічога супрацьзаконнага не ўчыняць, то папярэджанне пагасіцца, аднак запіс аб правапарушэнні ў базе дадзеных застанецца.

Падрабязна пішу пра гэта толькі дзеля таго, каб дзеці і бацькі зразумелі, што падобным учынкам можна на ўсё жыццё ўпісаць сябе ў супрацьпраўны летапіс. Ды яшчэ і штраф заплаціць замест таго, каб патраціць грошы на паўсядзённыя патрэбы.

А вось былому вучню школы, які зараз ужо працуе (5.05.1997 года нараджэння) давядзецца выплачваць штраф. І даволі адчувальны, хоць крадзеж, учынены хлопцам, лічыцца дробным і ацэнены на суму 117 тысяч рублёў. Справа ў тым, што ў непаўналетняга гэта другое правапарушэнне на працягу года. Пакаранне адпаведна з артыкулам 10.5 частка 2 прадугледжвае штраф у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь. Члены камісіі пагадзіліся на мінімальную лічбу. Але і яна азначае не малую суму: 3 мільёны 900 тысяч рублёў. Да яе неабходна дадаць папярэдні штраф – 3 мільёны рублёў. У каго, скажыце, амаль 7 мільёнаў рублёў лішнія?

Яшчэ раз хачу звярнуць увагу на дробны крадзеж. Дзеці іншы раз могуць украсці ў магазіне жвачку, пячэнне – былі такія пратаколы. Калі на першы раз іх пашкадуюць, то паўторны крадзеж на самую мінімальную суму абыдзецца сямейнаму бюджэту на сённяшні дзень у 3 мільёны 900 тысяч рублёў. Нявыплачаны штраф пазбавіць вас магчымасці выехаць за мяжу, напрыклад, на адпачынак.



С.І. Бондар настойліва параіла вучням азнаёміцца з заканадаўствам і засвоіць, што з’яўляецца правапарушэннем. А знайсці прававыя дакументы можна ў інтэрнэце. Ды і настаўнікі пастаянна праводзяць тлумачальную работу. Трэба не ігнараваць падобныя гутаркі, а прыслухоўвацца.

Ніна ФЕДАРОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка