І. Ю. Смірнова. Апытальнік для збору матэрыялаў па беларускім народным касцюме




Дата канвертавання03.05.2016
Памер264.34 Kb.

І.Ю. Смірнова.

Апытальнік для збору матэрыялаў па беларускім народным касцюме



Падрыхтоўка

Перш чым пачаць збор матэрыялу па традыцыйным народным касцюме свайго рэгіёна, пажадана азнаёміцца з сабранымі раней звесткамі: экспазіцыяй і фондавай калекцыяй раённага (абласнога) музея, навуковай і папулярнай літаратурай па тэме, скласці бібліяграфію. Значную частку інфармацыі аб комплексах касцюма можна атрымаць са старых фотаздымкаў фондавых калекцый музеяў і прыватных (сямейных) архіваў.Галоўным прынцыпам правядзення даследавання павінны стаць навуковы падыход, які патрабуе дакладнасці, дастатковых ведаў па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, а таксама асабістай зацікаўленасці ў рабоце.

Неабходна добра ўсведамляць мэты і задачы збору звестак па дадзенай тэме. Асноўнымі задачамі збору матэрыялаў па беларускім народным касцюме павінны быць вызначэнне асаблівасцей традыцыйнага касцюма рэгіёна, яго месца ў сістэме беларускіх народных строяў, удакладненне межаў яго лакальных і мікралакальных варыянтаў.

Збор матэрыялаў па беларускім народным касцюме прадугледжвае абавязковае вывучэнне гісторыі рэгіёна (лакальнай зоны, асобнай вёскі), дзе праводзіцца даследаванне. Даследчык павінен ведаць:

— час і ўмовы ўзнікнення населеных пунктаў, якія даследуюцца;

— асаблівасці эканамічнага развіцця, тэрыторыю эканамічнага ўзаемадзеяння, уплыў узроўню прамысловасці і гандлёвых зносін на ўзнікненне новых населеных пунктаў, міграцыю насельніцтва;

— асноўны занятак насельніцтва ў розныя часы існавання (сельская гаспадарка, рамесніцтва, гандаль, адыходніцтва і г. д.);

— нацыянальны склад насельніцтва і яго змены;

— сацыяльную прыналежнасць сялян у мінулым (прыгонныя, дзяржаўныя, вольныя і г. д.);

— канфесійную прыналежнасць і яе змены, існаванне царквы (касцёла, малітоўнага дома і г. д.), межы сельскіх прыходаў;

— дынаміку роста насельніцтва ад часу ўзнікнення населенага пункта да сённяшняга моманту;

— тэрыторыю роднасных сувязей (“геаграфія” шлюбаў і міграцый);

— наступствы Другой сусветнай вайны (ці была спалена вёска, як змянілася колькасць насельніцтва і г. д.).

Збор матэрыялу

Для збору матэрыялу па традыцыйным касцюме даследчыку неабходна мець пэўную тэхнічную забяспечанасць і падрыхтаванасць.

Для запісу размоў пажадана мець дыктафон, што не выключае нататак на паперы пра тэмы гутаркі, тэрміны, найбольш важныя звесткі.

Для фіксацыі матэрыяльных прадметаў неабходна мець фотаапарат.

Каб інфармацыя па традыцыйным адзенні была найбольш поўнай, пажадана рабіць замалёўкі і замеры прадметаў адзення: агульны выгляд, асаблівасці крою і велічыня асобных дэталей, схемы размяшчэння арнаментаў.

Дзеля дасягнення высокага выніку трэба прадугледжваць не разавыя апытанні носьбітаў традыцыі, а планавыя неаднаразовыя сустрэчы. Пры размове неабходна даць магчымасць інфарматарам адказаць найбольш поўна, прывесці ў якасці прыкладу выпадкі з уласнага жыцця і вопыту.

Даследчык не павінен ставіць адной з найважнейшых мэт набыццё прадметаў адзення (для музея, этнаграфічнага кутка і г. д.). З гэтым пытаннем трэба звяртацца да субяседніка вельмі тонка і тактоўна, пажадана напрыканцы размовы. Добры здымак і падрабязна сабраны матэрыял могуць у значнай ступені кампенсаваць адсутнасць самой рэчы.

Апроч таго, кожны даследчык павінен улічваць, што пасля аварыі на ЧАЭС вялікая колькасць жыхароў пацярпелых раёнаў Гомельскай вобласці была расселена па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Недапушчальна выдаваць сабраны матэрыял і прывезеныя перасяленцамі рэчы за мясцовыя.

Апрацоўка і афармленне сабраных матэрыялаў

Расшыфроўкі запісаў на дыктафон робяцца падрабязныя, з адлюстраваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі, у форме дыялога (пытанне — адказ).

Расшыфроўцы папярэднічае пашпарт запісу, дзе ўказваюцца:

дата запісу;

месца запісу (вобласць, раён, вёска);

звесткі аб інфармантах (прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, адукацыя, веравызнанне, перасяленні ў сувязі са шлюбамі, іншымі сямейнымі абставінамі, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС);

звесткі пра даследчыка.

У працэсе расшыфроўкі пажадана звяртаць увагу на мясцовыя тэрміны (прадметы адзення і іх часткі, спосабы нашэння, тэхнікі вышыўкі, ткацтва і г. д.). Складанне тэрміналагічнага слоўніка ўзбагаціць атрыманыя звесткі. Да апрацаваных запісаў прыкладаюцца фотаздымкі прадметаў адзення, замалёўкі і выкрайкі. У сучасных умовах пажадана рабіць камп’ютэрны набор расшыфраванага матэрыялу і яго раздрукоўку.

З аўдыёкасет пажадана складаць аўдыёархіў, дзе кожная адзінка павінна быць падпісана (дата, месца, прозвішча інфармантаў, тэма размовы).

Апрацаваны такім чынам матэрыял дае не толькі звесткі па традыцыйным адзенні рэгіёна, але можа выкарыстоўвацца ў якасці метадычнага дапаможніка пры стварэнні сцэнічных касцюмаў мясцовых самадзейных калектываў, дапаўнення экспазіцыі музея, рэканструкцыі касцюмаў мясцовымі дамамі (цэнтрамі) рамёстваў і фальклору.



І. Традыцыйнае адзенне

Пытанні сфармуляваны ў першую чаргу для даследчыка, а не для інфармантаў. Пры размове з носьбітамі традыцыі патрэбна задаваць пытанні без навуковых тэрмінаў, больш простай мовай, з улікам мясцовых дыялектаў, каб суразмоўца даў найбольш поўны адказ.



Агульныя пытанні

1. Склад насельніцтва вёскі (беларусы, украінцы, рускія, яўрэі і г. д.) раней і цяпер.

2. Склад насельніцтва навакольных вёсак і мястэчак, розніца ў веравызнанні.Як называлі жыхары самі сябе і сваіх суседзяў?

3. Веравызнанне (праваслаўныя, каталікі і г. д.). Дзе была бліжэйшая царква, з якіх вёсак у яе прыходзілі на святы?

4. Дзе адбываліся вялікія кірмашы, куды хадзілі часцей? Ці набывалі на кірмашах адзенне, абутак, упрыгожанні? Ці існавала “спецыялізацыя” па вырабе паясоў, сукна, абутку ў навакольных вёсках?

5. Ці былі раней у вёсцы маленькія крамы? Хто звычайна гандляваў у іх? Што з прадметаў адзення там можна было набыць?

6. Ці адрознівалі па адзенні жыхароў суседніх вёсак? Па якіх прыкметах (спосаб завязвання хустак, галаўныя ўборы, паясное адзенне, фартухі, крой і колер верхняга адзення)?

7. Чаму менавіта так, а не іначай апраналіся ў вашай вёсцы?

Трансфармацыя вясковага касцюма ў часе

Гэты блок пытанняў можа існаваць як самастойны, так і разбіты па іншых тэмах, але даследчык разумее, што ІІ пал. XIX — ХХ стст. прынеслі вялікую колькасць паступовых змен у традыцыйны народны касцюм, адбывалася пастаянная яго трансфармацыя (уплыў гарадскога і местачковага касцюма, узнікненне мясцовых “мод”, змяненне крою, матэрыялу, тэхнік аздаблення, змяненне сілуэта, вобраза касцюма). Пры размове пра асобныя дэталі касцюма неабхода пастаянна ўдакладняць, з якімі іншымі прадметамі адзення яны спалучаліся, каб атрымаць найбольш дакладныя звесткі па розначасовых комплексах касцюма.

8. Як змянялася адзенне з цягам часу: што насілі вы, вашы матулі, бабулі (сарочкі, паясное адзенне, паясы, абутак, прычоскі і г. д.)?

9. Якія асноўныя “моды” існавалі ў вёсцы, з чым гэта было звязана?

10. Ці працавалі, на вашай памяці, у вёсцы ці бліжэйшых мястэчках майстры, якія шылі разнастайнае адзенне, у тым ліку і верхняе? Ці дорага бралі за работу, колькі?

11. Ці з’явіліся, на вашай памяці, новыя тэхнікі і прыёмы ткацтва?

12. Калі пачалі вышываць каляровымі ніткамі крыжыкам, адвольнай гладдзю?

13. Калі на вёсцы з’явілася сподняя бялізна? Ці выраблялі яе самастойна, як упрыгожвалі (карункі, вышыўка і г. д.)?

14. Ці з’явілася новая форма адзення пасля Вялікай Айчыннай вайны пад уплывам “трафейнага” еўрапейскага?

Дзіцячае адзенне

15. Ці спавівалі поясам немаўлят? Як называўся такі пояс ці яго замяняльнік (спавівач)? Які ён меў выгляд і памер, як яго рабілі?Як спавівалі дзяцей (замалюйце ці зрабіце фотаздымак)?

16. Якім было дзіцячае адзенне хлопчыкаў і дзяўчынак да 5–6 гадоў (летам, зімой)? Ці вышывалі дзіцячыя сарочкі?

17. Якія паясы насілі дзеці (вітыя шнуры з рознакаляровых нітак, плеценыя на дошчачках, скураныя і г. д.)?

18. Як апраналі дзяцей у святочныя дні? Шылі новае адзенне ці перашывалі са старога?

19. Ці насілі дзяўчынкі малодшага ўзросту якія-небудзь упрыгожанні?

20. Які абутак быў у дзяцей, хто яго рабіў?

21. З якога ўзросту дзеці пачыналі насіць паясное адзенне (спадніцы, фартушкі, нагавіцы і г. д.)?

22. Ці рабілі дзяўчынкам адзенне тыпу сарафанаў? Запішыце падрабязна.

23. Што рабілі з прадметамі адзення, каб засцерагчы дзяцей ад сурокаў?

Жаночае адзенне

Сарочкі


На Беларусі бытавала некалькі тыпаў крою жаночых сарочак, найбольш распаўсюджаны з якіх быў паліковы крой (з палікамі, прышытымі па ўтку). Сарочкі на гестцы з’явіліся на мяжы XIX — ХХ стст. Сарочкі паліковыя і на гестцы паступова былі заменены разнастайнымі блузкамі.

24. Як называлі льняную жаночую сарочку (сарочка, кашуля і г. д.)?

25. Калі перасталі насіць такія сарочкі як святочнае адзенне, як паўсядзённае (працоўнае) адзенне?

Cарочкі паліковага крою

26. Колькі полак (кавалкаў тканіны) даматканага палатна складалі стан сарочкі?

27. Якой формы і памеру былі палікі?

28. Як былі адзначаны месцы злучэння паліка і рукава (простае злучальнае шво, дэкаратыўныя швы (плеценыя, мярэжка і г. д.), вышыўка?

29. Шырокія ці вузкія рабілі рукавы? Як былі размешчаны вышытыя (тканыя) арнаменты? У якой тэхніцы іх выконвалі?

30. Які каўнер быў у сарочках паліковага крою (стойка, адкладны), ці ўпрыгожаны вышыўкай (крыжыкам, наборам), карункамі, махрамі і г. д.? Як зашпільваўся (завязваўся) каўнер?

31. Ці быў упрыгожаны падол сарочак? Ці былі адзначаны дэкаратыўнымі швамі месцы злучэння палотнішчаў тканіны на падоле?

32. Ці былі раней сарочкі, пашытыя з цэльных палотнішчаў? Калі сарочкі шылі састаўнымі, як называліся верхняя і ніжняя часткі? Калі сталі насіць кароткія сарочкі?

33. Ці былі кашулі, у якіх асноўны ўзор выконвалі белымі ніткамі, як называлася такое адзенне? Калі яго выкарыстоўвалі?

34. Ніткамі якога колеру вышывалі і ткалі арнаменты на сарочках (чырвоныя, чорныя, рознакаляровыя)?

Сарочкі на гестцы

35. Калі з’явіліся сарочкі на гестцы? Яны былі святочныя ці паўсядзённыя?

36. Ці шылі такія сарочкі з ільнянога даматканага палатна?

37. Якой формы рабілі гестку? Як яе кроілі?

38. Якой формы быў выраз гарлавіны? Ці былі сарочкі на гестцы з каўнярамі, якой формы (стойка, адкладны і г. д.)?

39. Ніткамі якога колеру вышывалі арнаменты (чырвоныя, чорныя, рознакаляровыя)? Якой тэхнікай выконвалі вышыўку (крыжыкам, гладдзю і г. д.)?

40. Як доўга бытавалі ў вас сарочкі на гестцы? Магчыма, імі карыстаюцца і ў наш час (носяць як працоўнае адзенне, сцэнічнае адзенне)?

Блузкі

41. Калі ў вашай мясцовасці пачалі насіць блузкі(за часамі бабулі, маці)? Як яны выглядалі, з якой тканіны былі пашыты? Які мелі колер?



42. Як упрыгожвалі блузкі (вышыўкай, аплікацыяй, дэкаратыўнымі строчкамі, гузікамі, бісерам і г. д.)?

43. Блузкі шылі самастойна ці аддавалі мясцовым майстрыхам?

Калі ёсць магчымасць, зрабіце фотаздымак, малюнак ці выкрайку.

Паясное адзенне

Асноўным тыпам жаночага паяснога адзення на Беларусі ў пачатку ХХ ст. з’яўляўся андарак, пашыты з 3-4 прамавугольных кавалкаў (полак) даматканай ваўнянай тканіны. У заходніх рэгіёнах на змену андаракам прыйшлі спадніцы, пашытыя з трапецыяпадобных кавалкаў (“у кліны”). На Палессі і ў Падняпроўі, дзе значна даўжэй захоўваліся такія архаічныя формы паяснога адзення, як панёва, бурка, бытаваў андарак з прышытым ліфам (“саян”, “панёва з кабатам” і інш.). У сярэдзіне ХХ ст. распаўсюдзіліся спадніцы з тканін прамысловай вытворчасці, значна карацейшыя і вузейшыя за андаракі. Неабходна ўлічваць, што паясное адзенне падзялялася на святочнае і паўсядзённае, летняе і зімовае, жаночае і дзявочае. У адпаведнасці з гэтым выкарыстоўвалі тканіны рознай якасці.

Панёвы


(Пытанні аб панёвах — для рэгіёнаў Магілёўскага і Гомельскага Падняпроў’я, часткова — Усходняга Палесся.)

44. Што называлі панёвай? Ці насілі панёвы ў вашай мясцовасці? Калі перасталі вырабляць, насіць?

45. Якія існавалі панёвы (расхінная, глухая, панёва-плахта)?

Колькі полак тканіны ішло на панёву? Ці былі яны сшыты між сабой? Ці ўсе полкі былі з аднолькавай тканіны? Якога памеру была панёва ці асобныя яе полкі?

46. З якой тканіны шылі панёвы? Ці было спецыяльнае “панёўнае” палатно? Якімі ніткамі снавалі, якімі ткалі панёўнае палатно (лён, воўна), якога колеру? У колькі нітоў ткалі? Якія дадатковыя прыстасаванні выкарыстоўвалі? Ці кожная жанчына магла снаваць для панёвы, ткаць самастойна, або патрабавалася нечая дапамога? Ці былі “простыя” і “складаныя” спосабы ткацтва панёўнага палатна?

47. Якія ўзоры былі на панёвах? Прывядзіце іх назвы.

48. Як завязвалі і насілі панёвы? Як мацаваліся яны на поясе? Дзе сыходзіліся крайнія полкі панёвы (спераду, збоку)? Ці падтыкалі край (краі) панёвы пад пояс? Ці існавалі назвы для розных частак панёвы (завязанай, незавязанай)?

49. Ці насіліпанёвы дзяўчаты? Чым адрозніваліся панёвы дзяўчат, маладзіц, жанчын, старых?

50. У якім узросце дзяўчына першы раз завязвала панёву? Як вызначалі час, тэрмін (пэўны ўзрост, надыход палаваспеласці, вяселле)? Ці існаваў спецыяльны абрад, звязаны з першым апрананнем панёвы?

51. Колькі панёў магло быць у жанчыны? Ад чаго залежала іх колькасць (ад заможнасці сям’і, ад майстэрства гаспадыні)?

52. Як выкарыстоўвалі панёвы (панёўнае палатно) пасля таго, як гэты від адзення перастаў бытаваць?

Андаракі


Тэрмінам “андарак” у дадзеным выпадку названы спадніцы, пашытыя з 3-4 полак ваўнянай тканіны. Акрамя назвы “андарак” у розных мясцінах бытавалі назвы “саян”, “летнік”, “бурка” (назва “бурка” характэрна для Маларыцкага строю) і г. д. Неабходна абавязкова ўдакладняць, што абазначае тое ці іншае слова.

53. Як называлі спадніцу, пашытую з некалькіх прамавугольных полак даматканага сукна ці ваўнянай тканіны? Колькі звычайна было полак?

54. Якія тэхнікі ткацтва выкарыстоўвалі (простае палатнянае, саржавае перапляценне, шматрамізнае ткацтва ў 4-8 нітоў і г. д.)?

55. З якой тканіны шылі андаракі (аднаколерная, паласатая, у клеткі)? Які колер быў асноўны?

56. Ці шылі андаракі з тканіны прамысловай вытворчасці, ільнянога палатна?

57. Чым упрыгожвалі падол андарака (гарызантальныя складкі, стужкі і г. д.)?

58. Якімі былі даўнія вясельныя андаракі?

59. Ці бытавалі ў вас андаракі з вышыўкай па ніжнім краі (пытанне для рэгіёнаў Цэнтральнага і Усходняга Палесся)? Якога колеру былі такія андаракі? Ніткамі якога колеру вышывалі? Якой тэхнікай? У які час насілі такія андаракі?

Спадніцы(Найбольш падрабязны матэрыял па блоку “Спадніцы” можна сабраць у заходніх рэгіёнах рэспублікі.)

60. Што называлі спадніцай?

61. З якіх тканін шылі спадніцы (прамысловай вытворчасці, тонкае даматканае сукно, змешаныя тканіны і г. д.)?

62. Якой даўжыні былі спадніцы? Як мянялася даўжыня спадніцы з цягам часу?

63. Якім чынам кроілі спадніцы? Калі кроілі спадніцы з трапецападобных дэталей, як іх называлі (“у кліны”, “з хвастамі” і г. д.)? У колькі “кліноў” шылі такія спадніцы (4, 5, 6 — 12)?

64. Як называліся спадніцы рознага крою, пашытыя з неаднолькавых тканін?

65. Чым упрыгожвалі падол спадніцы (гарызантальныя складкі, стужкі, гузікі і г.д.)?

66. Ці падшывалі падол тонкай тасьмой прамысловай вытворчасці ў выглядзе шчотачкі? Як яна называлася?

67. Якімі былі даўней вясельныя (вянчальныя) спадніцы?

68. Ці насілі разам са спадніцамі (ці андаракамі) ніжнія юбкі? Як іх шылі, з якой тканіны, чым і якім чынам упрыгожвалі?

Саян

(Жаночае адзенне гэтага тыпу характэрна для Падняпроўя.)



69. Што называлі саянам?

70. Як яго кроілі? З якой тканіны шылі верхнюю частку (ліф-гарсэт)?

71. Колькі полак тканіны ішло на ніжнюю частку саяна? Ці былі зборкі або складкі на поясе?

72. Дзе была засцежка (пасярэдзіне, збоку), на што зашпільвалі (гузікі, гаплічкі)?

73. Як быў упрыгожаны падол?

Сукенкі


(Сукенкі на вёсцы пачалі бытаваць у розныя часы: на захадзе Беларусі яны былі распаўсюджаны ўжо ў пачатку ХХ ст., у іншых мясцінах з’явіліся толькі ў сярэдзіне ХХ ст.)

74. Калі на вёсцы з’явіліся сукенкі? Адкуль прыйшла такая мода? Якімі былі найбольш модныя сукенкі ў даваенны час, у 1950 — 60 я гг.?

75. Сукенкі куплялі гатовыя ці шылі на заказ у мясцовых майстрых?

76. Які колер (спалучэнні колераў) быў найбольш модным (распаўсюджаным)?

77. З якой тканіны шылі сукенкі?

78. Ці упрыгожвалі сукенкі вышыўкай?

Фартухі

79. Якімі былі і чым адрозніваліся фартухі жанчын розных пакаленняў? Запішыце мясцовыя назвы розных фартухоў.



80. З якой тканіны шылі (лён, паркаль), якога колеру (белага, чырвонага, чорнага і інш.)?

81. У колькі полак шылі фартухі (у адну, дзве, тры)? Як злучалі палотнішча паміж сабой (простым злучальным швом, дэкаратыўным швом і г. д.)?

82. Як упрыгожвалі кожны з відаў фартухоў (вышыўкай наборам, крыжыкам, гладдзю, тканымі арнаментамі (бранае, пераборнае ткацтва і г. д.), брыжыкамі, стужкамі, прошвамі з карункаў ці тканіны іншага колеру і г. д.?

83. Ці былі ў вас суконныя фартухі (пытанне для рэгіёнаў Падняпроўя, Усходняга і Цэнтральнага Палесся)? Якога колеру (чорныя, чырвоныя, зялёныя, сінія, узорыстыя)? Якой тэхнікай ткалі (простае палатнянае перапляценне, шматнітовае ткацтва, закладное ткацтва і інш.)? Як аздаблялі такія фартухі (вітымі шнурамі, тасьмой і г. д.)? Калі яны канчаткова выйшлі з ужытку?

84. Чым адрозніваліся святочныя і будзённыя фартухі, фартухі маладых і старых?

85. Ці абавязкова было дзяўчыне насіць фартух? Ці насілі фартухі дзяўчынкі?

86. Ці носяць у вас фартух цяпер як святочнае ці працоўнае адзенне?

87. Ці выкарыстоўваюць зараз фартухі ў якасці неабходнай часткі пахавальнага адзення?

Нагруднае адзенне

Безрукаўкі

88. Як называлася безрукаўнае адзенне (гарсэт, нагруднік, шнуроўка, кабат і г. д.)?

89. Якімі былі святочныя безрукаўкі? Якое пакаленне іх насіла?

90. З якой тканіны шылі, якога колеру?

91. Якога пакрою безрукаўкі бытавалі ў вас (кароткія да таліі, з адразной баскай, суцэльнакроеныя прыталеныя, з бакавымі ўстаўкамі і г. д.)?

92. Як упрыгожвалі безрукаўкі (вышыўкай, стужкамі, аплікацыяй і г. д.)?

93. З якога боку зашпільваліся (злева, пасярэдзіне), як зашпільваліся (на гузікі, гаплічкі і г. д.)?

94. Якімі былі будзённыя (працоўныя) безрукаўкі? З якой тканіны шылі верхнюю частку, з чаго рабілі падкладку? Чым уцяплялі безрукаўкі (воўнай, льняной кудзеляй і г. д.)?

Запіны (Жаночае адзенне тыпу нагруднага фартуха, характэрна для некаторых рэгіёнаў Падняпроўя, у прыватнасці, Неглюбскага строю.)

95. Ці існавала адзенне тыпу нагруднага фартуха, як яно называлася (запіна, завеска і г. д.)?

96. Калі насілі такое адзенне, як даўно яно знікла з ужытку?

97. Апішыце, як яно выглядала (з адной полкі тканіны, на завязках, з плечавой устаўкай і г. д.).

98. Якой даўжыні было такое адзенне?

99. Чым было ўпрыгожана (тканым, вышытым арнаментам, карункамі, махрамі па ніжнім краі і г. д.)?

100. У комплексе з якімі прадметамі адзення насілі запіны?

Паясы

101. Якія насілі паясы, як яны называліся? Іх набывалі ці рабілі самі: на дошчачках, на сценцы, ткалі, выраблялі са скуры? Як упрыгожвалі?102. Як завязвалі паясы жанчыны, мужчыны: на таліі, вышэй ці ніжэй яе, колькі разоў абкручвалі вакол сябе, дзе заставаліся канцы пояса (спераду, збоку, ззаду), завязвалі ці падтыкалі канцы?



103. Ці змяніўся спосаб завязвання і сам пояс з цягам часу?

104. Ці мацавалі раней што-небудзь на поясе мужчыны ці жанчыны, што менавіта?

Прычоскі

105. Якія прычоскі насілі дзяўчаты? Колькі кос запляталі, ці ўкладалі на галаве? Ці былі складаныя спосабы пляцення кос (на 4 — 8 пасмаў)? Як яны называліся? З якой прычоскай хадзілі ў буднія дні, у царкву, на вечарыны? Ці маглі дзяўчаты хадзіць з незаплеценымі валасамі, у якім выпадку?

106. Якія прычоскі насілі жанчыны розных пакаленняў (бабулі, маці), чым яны адрозніваліся? Як называліся?

107. Якой была найбольш даўняя жаночая прычоска, яе назва? Запішыце падрабязна: ці рабілі прабор, запляталі ці скручвалі пасмы валасоў, ці ўпляталі пасмы лёну, зверху, пасярэдзіне ці знізу галавы размяшчалі, як укладалі і замацоўвалі прычоску?

108. Ці выкарыстоўвалі дадатковыя прыстасаванні (абручы з лёну, лубу, складаныя прыстасаванні)? Прывядзіце, памагчымасці, іх назвы.

109. Калі ў вас з’явілася мода на кароткія стрыжкі і хімічную завіўку? Як адносіліся старэйшыя да такіх прычосак?

Чапцы

110. Ці насілі раней чапец, каптур (каптур бытаваў пераважна ў Цэнтральнай і Заходняй Беларусі)? Якое пакаленне жанчын насіла чапец? Запішыце мясцовую назву (чэпік, зборнік, павойнік і г. д.).



111. Якім быў чапец (плецены з нітак, пашыты з тканіны)?

112. Чапец пакрываў толькі прычоску ці ўсю галаву? Як мацавалі чапец?

113. З якой тканіны кроілі, шылі, як упрыгожвалі (вышыўка, карункі, стужкі і інш.)?

114. Ці быў бачны край чапца з-пад хусткі?

115. Ці існавалі якія-небудзь іншыя формы чапца, яго імітацыі (раскроеныя касынкі, стужкі і інш.)?

116. Да якога часу ў чапцах хавалі жанчын старэйшага пакалення?

Магчыма, жанчыны старэйшага пакалення памятаюць выгляд чапцоў, тое, як іх шылі. Зрабіце замалёўку выкрайкі і знешняга выгляду. Прапануйце з вашай дапамогай выкраіць і пашыць новы, падабраўшы адпаведную тканіну і ўпрыгожанні.Наміткі(Намітка бытавала да 1930-х гадоў пераважна на Палессі.)Даследчык можа атрымаць розныя звесткі: зафіксаваць факт бытавання наміткі, выкарыстанне ў абрадах, вельмі рэдка можна зафіксаваць спосаб завівання наміткі. У такім выпадку неабходна вельмі падрабязна апісаць, зрабіць замалёўкі, фотаздымкі ці відэазапіс.

117. Ці насілі калі-небудзь намітку як галаўны ўбор? Як яе называлі (намітка, плат, павівала і г. д.)?

118. Якога памеру яна была (даўжыня, шырыня)?

119. Якое палатно ішло на наміткі? З цэльнага кавалка палатна ці сшытая (уздоўж, упоперак)? Колькі дэталей складалі намітку (адна, дзве ці больш)?

120. Ці была яны ўпрыгожана ткацтвам ці вышыўкай (назавіце ўзоры)? Ці была адзначана налобная частка? Дзе яна размяшчалася на палатне наміткі?

121. Ці быў дадатковы каркас, з дапамогай якога навівалася намітка? Як ён фіксаваўся на галаве?

122. Намітку перад завіваннем складалі (колькі разоў і ў якім парадку) ці накладвалі на галаву разгорнутую ва ўсю шырыню?

123. Як накладвалі намітку на галаву (нізка да броваў, да сярэдзіны лба, лоб ці лінія валос заставаліся адкрытыя)?

124. Які канец наміткі быў больш доўгі і наколькі?

125. Якім канцом пачыналі завіваць намітку? У які бок? Запішыце парадак завівання другога канца наміткі.

126. Калі перасталі насіць намітку? Чым яна была заменена?

127. У якіх абрадах выкарыстоўвалі наміткі (вяселле, хрэсьбіны, пахаванне)?

Галаўныя уборы

Дзявочыя


128. Якім быў святочны галаўны ўбор дзяўчыны (хустка, стужка, вянок і г. д.)? Прывядзіце мясцовыя назвы.

129. Ці былі складаныя галаўныя ўборы: на каркасе, з кветкамі, стужкамі? Як яны называліся, хто іх рабіў?

130. Калі, на якія святы дзяўчаты плялі вянкі з жывых кветак? Назавіце кветкі.

131. Як завязвалі хусткі дзяўчаты (летам, зімой, у святочныя дні і г. д.)?

Хусткі

132. Колькі хустак на розныя выпадкі жыцця было ў адной жанчыны? Якія яны былі паводле матэрыялу (даматканыя льняныя, тканыя або вязаныя з ваўняных нітак, фабрычнай вытворчасці баваўняныя, ваўняныя, шаўковыя)? Як называлася кожная з іх?



133. Якімі былі даматканыя хусткі, з чаго іх ткалі, калі, якім быў іх памер? Ці былі гэтыя хусткі ўпрыгожаны тканым або вышытым арнаментам? Дзе размяшчаўся арнамент (на цэнтральным полі, на кутах, у палосах па краі)? Ці аздаблялі махрамі, карункамі рагі хустак?

134. Апішыце выгляд і спосаб вырабу вялікіх хустак (тканыя, вязаныя). Як абхіналіся такімі хусткамі? Дзе набывалі вялікія хусткі прамысловай вытворчасці? Зрабіце фотаздымак ці малюнак.135. Як завязвалі святочныя хусткі сярэдняга памеру (пад падбародкам, канцамі назад, вакол шыі ці іншымі спосабамі)? Запішыце назву кожнага са спосабаў завязвання, папрасіце паказаць, як гэта рабілі, замалюйце ці зрабіце фотаздымак.

136. Ці завязвалі па дзве хусткі адначасова? Як была завязана кожная з іх?

137. Па-рознаму ці аднолькава завязвалі хусткі дзяўчаты і жанчыны? Як гэта рабілі жанчыны сталага ўзросту, удовы?

138. Як завязвалі хусткі пад час розных работ (дома, у полі)?

Упрыгожанні

139. Якія ўпрыгожанні былі ў дзяўчат, жанчын?

140. Як называліся ўпрыгожанні з бісеру, пацерак, бурштыну?

141. Якія ўпрыгожанні былі з металу (пярсцёнкі, завушніцы), з якога матэрыялу?

142. Ці былі на вёсцы свае майстры, якія рабілі завушніцы, пярсцёнкі, крыжыкі і пад.?

Запішыце падрабязна расказ пра гэтых людзей.

143. Ці былі шыйныя ўпрыгожанні са стужак, якія іх назвы? Дзяўчаты ці жанчыны карысталіся такімі рэчамі?

144. Ці рабіліся ўпрыгожанні з ягад, костачак, саломкі?

Мужчынскае адзенне

145. Якая даўней была мужчынская сарочка (святочная, паўсядзённая)? Якім быў крой (тунікапкадобны, з палікамі)?

146. Ці насілі сарочку з разрэзам пазухі пасярэдзіне? У які час з’явіліся касавароткі (“шахцёркі” і інш)?

147. Які быў каўнер: стойка, адкладны, без каўняра? Ён зашпільваўся ці завязваўся?

148. Якой даўжыні былі мужчынскія рубахі, запраўлялі іх ці насілі навыпуск?

149. Ці ўпрыгожвалі мужчынскія рубахі вышыўкай (крыжыкам, наборам і г. д.), дзе былі размешчаны ўзоры (на каўняры, на абшлагах, манішцы, па ніжнім краі)?

150. Ці насілі мужчыны камізэлькі (святочныя, будзённыя)?

151. Ці было адзенне тыпу пінжака, як яно называлася?

152. Якога крою былі нагавіцы (зімовыя, летнія)? Прывядзіце іх мясцовыя назвы. З якой тканіны шылі (лён, поскань, сукно, змешаныя тканіны)?

153. Якія шапкі насілі мужчыны зімой, летам? З якого матэрыялу іх рабілі, як называліся розныя віды галаўных убораў?

Верхняе адзенне

154. Якія віды жаночага верхняга адзення насілі па сезонах? Прывядзіце мясцовыя назвы.

155. З якой тканіны шылі верхняе адзенне? Які быў крой? Якая даўжыня палатна?


156. Якое верхняе адзенне насілі мужчыны, як яно называлася? Як яго кроілі, з чаго шылі?

157. Якія былі віды доўгага і кароткага верхняга адзення, на падкладцыі без яе (мужчынскае і жаночае)?

158. Дзе і ў каго замаўлялі верхняе адзенне, колькі плацілі? Калі сталі купляць гатовае верхняе адзенне прамысловай вытворчасці?

159. Да якога часу на вёсцы шылі кажухі і карысталіся імі?

Абутак

160. Які абутак насілі мужчыны, жанчыны, дзеці розных пакаленняў на святы, у буднія дні, пад час працы? Да якога часу вырабляўся і набываўся абутак мясцовых майстроў?



161. З чаго плялі лапці (з лыку, вяроўкі ды інш.)? Ці аднолькава плялі лапці для жанчын і мужчын? Ці падшывалі іх чымсьці?

162. Ці насілі скураны абутак? Апішыце розныя яго віды (пасталы, боты і інш.). Дзе яго набывалі ці замаўлялі?

163. Якія валёнкі насілі? Рабілі іх самастойна ці набывалі?

ІІ. Адзенне ў жыццёвым коле чалавека

Апрацоўка сыравіны і выраб адзення

164. Калі перасталі вырабляць тканіну для адзення самастойна? Калі з’явілася магчымасць набываць гатовае адзенне і абутак?

165. Якое палатно традыцыйна ткалі для адзення (для верхняга адзення, для святочных і працоўных сарочак, андаракаў)? Якія назвы і асаблівасці ткацтва мелі такія тканіны?

166. Ці аддавалі фарбаваць ніткі, тканіну, гатовае адзенне? Дзе набывалі фарбу для самастойнай афарбоўкі? Якія колеры атрымліваліся?

167. Калі не было магчымасці набыць фарбу, чым карысталіся (натуральнымі фарбавальнікамі — кара, шышкі, лушпінне цыбулі і г. д.)? Якія колеры атрымліваліся?

Распытайце падрабязна аб працэсе падрыхтоўкі натуральнай фарбы і афарбоўкі.

168. Як адбельвалі льняныя ніткі, тканіну? Апішыце працэс адбельвання.

169. Ці валілі даматканае сукно розных гатункаў (на андаракі, верхняе адзенне)? Аддавалі вырабляць ці апрацоўвалі самі? Калі магчыма, апішыце хатні працэс валення сукна.

170. Калі жанчыны займаліся вырабам адзення для членаў сям’і (восень, вясна, буднія дні, пад час посту і г. д.)?

171. Колькі часу патрабавалася, каб пашыць і ўпрыгожыць адну сарочку (святочную, будзённую)? Колькі новых сарочак рабіла сабе на працягу года дзяўчына, жанчына? Колькі наогул магло быць сарочак у адной дзяўчыны, жанчыны?

172. Як называлі самую таленавітую, лепшую майстрыху? Як называлі няўмелую, лянівую?

173. Дзе захоўвалі святочнае, будзённае адзенне? Як часта перамянялі і мылі адзенне ў розныя поры года?

174. Хто займаўся мыццём адзення ў сям’і? Калі перасталі карыстацца жлуктамі?

Апішыце падрабязна гэты працэс.

Працоўнае адзенне

175. Ці карысталіся даматканымі палотнамі для вырабу працоўнага адзення ў пасляваенны час?

176. Чым адрозніваўся крой і аздабленне святочных і будзённых сарочак (жаночых, мужчынскіх)? Ці ўпрыгожвалі будзённыя сарочкі?

177. Як завязвалі хусткі пад час працы (спосабы і назвы спосабаў завязвання)?

178. Як апраналіся пад час сяўбы? У якім адзенні сеялі жыта (белым, чыстым), лён (белым, доўгім, парваным і г. д.)? Лён — у льняным, каноплі — у пасконным? Грэчку (у чыстым, брудным)?

179. Хто сеяў лён (каноплі): мужчыны, жанчыны? У чым неслі насенне льну (канопляў) у поле? Ці былі нейкія асаблівасці ў адзенні пры сяўбе ў жанчын (прычоскі, галаўныя ўборы), у мужчын (адсутнасць пояса і г. д.)?

180. Ці былі асаблівасці ў адзенні жанчын пры сяўбе агародных культур?

181. Як апраналіся жанчыны ў дзень першага выгану жывёлы ў поле? Ці было асаблівае адзенне ў маладзіцы для гэтага дня? Якую ролю набываў пояс?

182. Як апраналіся, калі хадзілі палоць у поле, агарод?

183. У якім адзенні хадзілі на сенажаць, з чаго складаўся такі строй? Ці была ў яго свая назва?

184. У якім адзенні ішлі на зажынкі? У якім адзенні працавалі ў іншыя дні жніва? Як апраналіся на дажынкі?

185. У якім адзенні хадзілі браць лён (тузаць каноплі)?

Святочнае адзенне

Святочным лічыцца адзенне для набажэнстваў, сямейных свят, збораў моладзі, гасцяванняў, паездак на кірмаш, і г. д.

186. Якім раней было святочнае адзенне (бабулі, маці, уласнае, дзяцей, унукаў)? Як ацэньваюць старое адзенне ў параўнанні з сучасным?

187. Да якога свята звычайна рабілі новае адзенне дзецям і дарослым?

188. Што казалі пра прыгожа апранутую дзяўчыну, маладзіцу, жанчыну? Якую ацэнку давалі чалавеку, калі ён быў апрануты неадпаведна часу і ўзросту, калі часткі адзення не суадносіліся адна з другой?

189. Якім было святочнае адзенне ў дзяцей (каляндарныя і сямейныя святы, наведванне царквы і інш.)? Якім было ў каталікоў адзенне “да першай споведзі”?

190. Ці аднолькава прыгожа апраналісяна розныя святы дзяўчаты, жанчыны (Каляды і Вялікдзень, Ушэсце, Тройца)? На якое свята апраналіся найбольш урачыста? Да якога свята апранаюцца найпрыгажэй у наш час?

191. З чаго складалася святочнае адзенне старой жанчыны ў адрозненне ад адзення маладых (сарочка, паясное адзенне, фартух, хустка ці іншы спосаб яе завязвання і г.д.)? Які колер пераважаў у адзенні старых? Чаму?

192. Як апраналіся ў пост? У якім адзенні хадзілі ў царкву падчас посту?

Народзіны, хрэсьбіны

193. У якім адзенні была бабка-павітуха пад час родаў?

194. Як была апранута парадзіха (кашуля — суцэльная ці з постаўкай, як упрыгожана)? Ці трэба было ёй перад родамі пераступаць цераз адзенне ці пояс мужа? Ці развязвалі каўнер яе кашулі, пояс, ці распляталі косы і г. д.? Для чаго гэта рабілі? Ці рабілі гэтаксама іншыя жанчыны ў сям’і? Што рабілі з адзеннем жанчыны пасля родаў?

195. У што адразу загортвалі нованароджанага? Ці былі гэта прадметы адзення, якія, чые (матчына рубаха, бацькавы штаны, чыстае, ношанае і г. д.)? Ці завязвалі што-небудзь у край гэтага адзення, чым тлумачылі такія дзеянні?

196. Ці рыхтавалі адзенне для дзіцяці загадзя, хто гэта рабіў? Калі першы раз апраналі дзіця ў кашульку (да хрэсьбін, пасля іх, у іншы час)? Калі першы раз падпяразвалі малога (на 40-вы дзень пасля народзін, праз 6 тыдняў, у год)?

197. Хто рабіў ці дарыў першы паясок? Як ён быў сплецены, з чаго?

198. Што рабілі са старым, зношаным дзіцячым адзеннем?

199. Калі прыходзілі ў адведкі, ці прыносілі ў падарунак парадзісе, нованароджанаму адзенне або тканіну?

200. Як былі апрануты на хрэсьбінах маці, бацька, бабка-павітуха, хросныя бацькі? Ці было якое-небудзь асаблівае адзенне ў маці нованароджанага?

201. Як было апранута і спавіта дзіця на хрэсьбінах? Ці абавязкова спавівалі поясам? Ці клалі дзіця на кажух у час хрэсьбін? Для чаго?

202. На чым трымалі дзіця пад час абраду хрышчэння (намітка, палатно і г. д.)? Каму аддавалі рэч потым?

203. Ці дарылі на хрэсьбінах бабцы-павітусе адзенне, тканіну? Каму яшчэ рабілі такія падарункі (куму, куме)?

204. Чым накрывалі гаршчок з “бабінай кашай”: ручніком, хусткай?

Адзенне ў вясельным абрадзе

205. Як вызначалі, што дзяўчына ўступіла ва ўзрост нявесты, каб да яе можна было сватацца? Як казалі пра гэта бацькі, суседзі?

206. З якога ўзросту дзяўчынапачынала рыхтаваць сабе пасаг? З якіх прадметаў адзення ён складаўся? У чым захоўвалі Пасаг (скрыня, кубел, куфар)? Ці захоўвала дзяўчына свае вырабы асобна ад іншых жанчын у сям’і? Калі было некалькі сясцёр, як вырашалася гэтае пытанне? Калі з’явіліся шафы для захоўвання адзення?

207. Ці дапамагаў хто-небудзь дзяўчыне рыхтаваць пасаг (маці, сёстры)? Хто дапамагаў збіраць пасаг сіраце ці дзяўчыне з беднай сям’і?

208. Ці можна было паказваць падрыхтаваныя ў пасаг рэчы суседкам, сяброўкам дзяўчыны? З якой мэтай гэта рабілі? Ці заахвочвалі маці дзяўчат дэманстраваць свой пасаг, сваё майстэрства ў ткацтве, вышыўцы і г. д.?

209. Калі шылі вясельнае адзенне (загадзя, напярэдадні вяселля)? Ці былі якія-небудзь асаблівыя ўмовы, прыкметы для гэтага (напрыклад, вясельную кашулю кроілі і шылі ў асобныя дні, пэўны час сутак і г. д.)?

210. Якім было вясельнае адзенне жанчын розных пакаленняў (бабулі, маці...)? Як адрозніваліся вясельныя вянкі?

211. Адну ці дзве сарочкі (сукенкі) рыхтавала дзяўчына для вяселля? Ці адрознівалася адзенне першага і другога дня вяселля (кроем, колерам, арнаментам і г. д.)? Чым гэта тлумачылі?

212. Ці абавязковай часткай вясельнага ўбору быў фартух, пояс?

213. Як выглядаў вясельны вянок? Хто яго рабіў, якія матэрыялы выкарыстоўвалі (каркас, папяровыя ці жывыя кветкі, стужкі і г. д.)?

Запішыце мясцовыя назвы такога ўбору. Калі магчыма, зрабіце рэканструкцыю з дапамогай інфармантаў.

214. Што рабілі з вянком пасля вяселля?

215. Як доўга захоўвалі вясельны строй? Ці апраналі яго калі-небудзь у першы год пасля вяселля? Калі (на Масленку, на першы выган жывёлы), чым гэта тлумачылі?

216. Якое адзенне рыхтавалі маладому на вяселле? Хто шыў вясельную сарочку маладому (нявеста, маці)? Якія былі пояс, галаўны ўбор, абутак?

217. Як былі апрануты хлопец, дзяўчына пад час заручын? Ці магчыма было па адзенні адрозніць заручоную дзяўчыну ад астатніх (інакш завязаная хустка, іншая прычоска і г. д.)? Ці былі змены ў адзенні жаніха ў перыяд ад заручын да вяселля?

218. Што дарыла нявеста жаніху непасрэдна перад вяселлем? Ці адбывалася гэта пры асаблівых умовах (свята, вечар, ноч і інш.)? Ці рабілі што-небудзь з адзеннем, каб малады добра ставіўся да сваёй жонкі, кахаў яе?

219. Якія падарункі (прадметы адзення) атрымлівала нявеста ад маладога перад вяселлем?

220. Ці дапамагалі сяброўкі дзяўчыне перад вяселлем рабіць падарункі жаніху, свекрыві, іншым родным? Што менавіта яны рабілі? Што з падарункаў (прадметаў адзення) нявеста рабіла сама? Колькі кашуль (паясоў, хустак і г. д.) трэба было падрыхтаваць да вяселля ў падарункі?

221. Як была апранута нявеста пад час прыезду жаніха (будзённае, вясельнае адзенне)? Калі і дзе пераапраналася?

222. Хто дапамагаў нявесце прыбірацца да шлюбу (адна ці некалькі жанчын, родныя, суседкі)? У якой хаце гэта адбывалася? Ці апраналі што-небудзь з адзення навыварат? Ці адорвала нявеста тых, хто ёй дапамагаў?

223. Хто дапамагаў апранацца маладому? Якія правілы паводзін існавалі для яго ў гэты момант?

224. Як былі апрануты на вяселлі бацькі нявесты, жаніха?

225. Як былі апрануты сват, свацця, удзельнікі дружын маладога і маладой?

226. Як былі апрануты каравайніцы?

227. Чым пакрывалі нявесту пад час вянчання (хусткай, наміткай)? У якім уборы, чым пакрытая вянчалася дзяўчына, якая не захавала сваю цнатлівасць?

228. Хто расплятаў касу маладой (брат, дружка і г. д.), дзе гэта адбывалася (дома, у царкве)? Што рабілі са стужкамі з касы?

229. Ці апраналі на нявесту (жаніха) кажух (звычайна навыварат)? Чым гэта тлумачылі? Хто яшчэ на вяселлі быў у кажуху?

230. Якія падарункі на заручынах атрымлівалі малады, бацькі маладога?

231. Ці апраналі маладыя падораныя адно аднаму рэчы на вяселлі? Ці адзначалася гэта перад гасцямі?

232. Якія падарункі рабіла нявеста на вяселлі: маладому (кашулю, пояс), свекрыві (сарочку, намітку і г. д.), свёкру, залвіцам і г. д.?

233. Што з прадметаў адзення дарылі на вяселлі жаніх, свякроў, іншыя госці?

234. Якія падарункі рабілі на вяселлі маладым хросныя бацькі?

235. Ці прынята было ўхваляць маладую за яе майстэрства пры атрыманні падарункаў? Як пра гэта казалі?

236. Як свякроў ставілася да падарункаў, атрыманых ад нявесткі (захоўвала, апранала ў святы, буднія дні)? Ці аддавалі перавагу падарункам любімай нявесткі?

237. Як доўга захоўвалася традыцыя дарыць тыя ці іншыя прадметы адзення (панёву, намітку і інш.), нават калі яны выйшлі з ужытку?

238. Ці існуе цяпер звычай дарыць на вяселлі тканіну і прадметы адзення?

Адзенне ў пахавальным абрадзе

239. Ці рыхтавалі адзенне для пахавання загадзя? Як яно называлася (смяротнае, смярцёнае і г. д.)? Дзе яго захоўвалі? Ці можна было паказваць каму-небудзь гэтае адзенне? Каму? Навошта?

240. Ці абавязкова было новым пахавальнае адзенне? Калі не, то ў якіх выпадках і як часта яго апраналі (у царкву і г. д.)?

241. Ці захоўвалі вясельны строй для пахавання?

242. Як кроілі пахавальную сарочку (жаночую, мужчынскую)? Палатно для пахавальнага адзення рвалі ці разразалі? Якімі ніткамі шылі, якімі швамі? Ці рабілі вузлы на нітках? Ці можна было шыць пахавальнае адзенне на машынцы?

243. Хто і як здымаў адзенне з нябожчыка? Што рабілі з адзеннем нябожчыка (знішчалі, аддавалі)?

244. Хто апранаў нябожчыка (родныя, суседзі, той, хто абмываў)? Ці былі якія-небудзь асаблівасці пры гэтым (апраналі навыварат рубаху, у іншы бок завязвалі пояс, анучы, пакідалі незавязаным каўнер, пояс і г. д.)? Ці абавязкова завязвалі пояс, чым тлумачылі? Якога колеру пояс, з якіх нітак зроблены?

245. Ці хавалі нябожчыкаў у саване? Як яго шылі (на руках, без нажніц, трымаючы іголку наперад, ніткі без вузлоў)?

246. Ці абавязкова было хаваць чалавека ў тым адзенні, у якім ён прасіў? Чаму?

247. У якім адзенні хавалі дзяцей? Хто рабіў адзенне для іх?

248. У якім адзенні хавалі дзяўчат (святочным, вясельным строі)? Якія ўпрыгожанні былі ў дзяўчыны-нябожчыцы?

249. У якім адзенні хавалі жанчын? Якія былі сарочкі, паясное адзенне, як завязвалі (ці не завязвалі) хустку?

250. У якім адзенні хавалі старых? Ці адрозніваліся іх кашулі, паясное адзенне, хусткі ад адзення маладзейшых? Ці хавалі старых у адзенні іх маладосці (наміткі, панёвы), ці клалі старое адзенне ў труну?

251. Ці абавязкова жанчыне-нябожчыцы падпяразвалі фартух?

252. У якім адзенні хавалі маладых хлопцаў, мужчын? Якія галаўныя ўборы былі ў іх? Якія рэчы клалі ў труну?

253. У якім абутку хавалі (лапці, боты і інш.)? Чым тлумачылі выбар ці забарону таго ці іншага абутку? Ці плялі пахавальныя лапці нейкім асаблівым спосабам?

254. Ці хавалі нябожчыкаў у панчохах? Як тлумачылі?

255. Ці надзявалі на нябожчыка крыж (медны, драўляны, рэбны, з воску)?

256. Ці клалі ў труну хустку (на дно, на падушку, прыбівалі на века труны ў сярэдзіне ці збоку на ўзроўні твару)?

257. Ці пакрывалі нябожчыка наміткай? Якога памеру былі такія наміткі, ці здымалі “мерку” з чалавека для ткацтва? Чым пакрываюць зараз?

258. На чым неслі труну, апускалі яе ў магілу (палатно, ручнік, намітка)? У якім выпадку гэта рабілі (заўсёды, калі хавалі дзяцей, маладых, паважаных людзей)? Што рабілі з гэтымі прадметамі пасля пахавання?

259. Чаму імкнуліся пахаваць у адзенні, характэрным для сваёй вёскі?

260. Як былі апрануты на пахаванні блізкія, суседзі? Ці існавала спецыяльнае жалобнае адзенне, асобныя элементы (колер, спосабы рашэння, завязвання і г. д.)? Хто з блізкіх насіў жалобнае адзенне, як доўга (40 дзён, 6 месяцаў, год)?
Спіс літаратуры:

1. Беларускае народнае адзенне — Мн.: “Навука і тэхніка”, 1975.

2. Беларускія народныя тканіны. Каталог. — Мн., 1979.

3. Белорусы. Серия “Народы и культуры”. — М., 1998.

4. Бернштам Т.А. Молодежь в обрядовой жизни русской общины. — Л., 1988.

5. Гістарычнае і народнае адзенне Віцебшчыны. // Зборнік матэрыялаў навукова-практычнай канферэнцыі. — Віцебск, 1992.

6. Древняя одежда народов Восточной Европы: Материалы к историко-этнографическому атласу / М.Г. Рабинович, Э.Н. Риксман, В.В. Седов и др./; АН СССР, Ин-т этнографии им. Н.Н. Миклухо-Маклая. — М.: Наука, 1986.

7. Народныя паясы — мастацтва і рамяство. // Мат. навукова-практычнай канферэнцыі. — Мн., 1994.

8. Віннікава М.М. Жаночыя галаўныя ўборы ў традыцыйным адзенні Заходняга Палесся. // зб. Загароддзе-2. — Мн., 2000. С. 90 — 99.

9. Вяселле. Абрад. Серыя БНТ. 2-е выданне. — Мн., 2004.

10. Древняя одежда народов Восточной Европы: Материалы к историко-этнографическому атласу. — М.: Наука, 1986.

11. Зеленин Д.К. Восточнославянская этнография. — М., 1991.

12. Лобачевская О.А. Декоративно-конструктивные швы в белорусском народном костюме: семантика, орнаментика, технология. /Мода и дизайн: исторический опыт — новые технологии. Материалы 6-й международной научной конференции. Под ред. Калашниковой Н.М. — СПб.: СПГУТД, 2003. С.74 — 79.

13. Маленка Л.І. Беларускі народны касцюм. — Мн.: Ураджай, 2001.

14. Маленка Л.І. Беларускі пахавальны касцюм. // Весці БелДІПК, 2004 — № 2 — с. 135 — 139.

15. Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах ХIХ — н. ХХ вв. — М., 1984.

16. Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев, белорусов. // в кн. Восточнославянский этнографический сборник. Изд. АН СССР. — М., 1956.

17. Нячаева Г.Р. Мярэжы. Тэхналогія як магія. — ч. Мастацтва, 2000, № 4, с. 46 — 49.

18. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 1. Магілёўскае Падняпроўе. — Мн.: Бел. Навука, 2001.

19. Раманюк М.Ф. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц к. ХIХ — с. ХХ стст. — Мн., 1993.

20. Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне. Альбом. — Мн., 1981.

21. Смирнова И.Ю. Женские головные уборы Неглюбского строя. /Этнаграфія Беларускага Падняпроўя. Матэрыялы навуковай канферэнцыі. — Магілёў, 1999. С. 121 — 125.

22. Смирнова И.Ю. Возрастная дифференциация женской одежды Неглюбского строя. /Навуковыя запіскі Веткаўскага музея народнай творчасці. — Гомель, 2004. С. 107 — 110.

23. Смірнова І.Ю. Народнае адзенне. /Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Гродзенскае Панямонне. — Мн., 2006. Т. 3 у 2 кн. Кн. 2. С. 547 — 632.

24. Сысоў У.М. Беларуская пахавальная абраднасць. — Мн., 1995.

25. Титов В.С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов ХIХ — н. ХХ вв. — Мн., 1983.



26. Фадзеева В.Я. Беларуская народная вышыўка. — Мн., 1991.

27. Этнаграфія Беларусі. — Мн., 1989.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка