І. С. Шахрай рэалізацыя экалагічных прынцыпаў права лесакарыстання ў заканадаўстве рэспублікі беларусь




Дата канвертавання18.03.2016
Памер223.86 Kb.
І.С. Шахрай
РЭАЛІЗАЦЫЯ ЭКАЛАГІЧНЫХ ПРЫНЦЫПАЎ ПРАВА ЛЕСАКАРЫСТАННЯ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Лес з’яўляецца ўзнавімым прыродным аб’ектам, аднак лесагаспадарчы вытворчы цыкл надзвычай працяглы і вылічваецца дзесяцігоддзямі. Гэта абавязвае сувымяраць карыстанне ляснымі рэсурсамі з тэрмінамі і маштабамі іх узнаўлення [1]. Таму важным для захавання лясоў з’яўляецца прытрымліванне прадугледжанага артыкуламі 20, 35 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2000 г. [2] (далей – Лясны кодэкс) прынцыпу бесперапыннага, неспусташальнага і рацыянальнага лесакарыстання, сутнасць якога выяўляецца ў тым, што сярэднегадавы памер лесакарыстання на працягу доўгага часу не павінен прыводзіць да далейшага пагаршэння або змяншэння рэсурсаў лесу [1, c. 160].

Асновай для рэалізацыі прынцыпу бесперапыннага, неспусташальнага і рацыянальнага выкарыстання лясоў выступае навукова абгрунтаванае, мнагамэтавае лесакарыстанне (арт. 3 Ляснога кодэкса). У сувязі з гэтым Лясным кодэксам замацавана магчымасць перадачы ўчастка дзяржаўнага ляснога фонду ў карыстанне аднаму або некалькім суб’ектам для ажыццяўлення розных відаў лесакарыстання (арт. 41, 45), а ў некаторых выпадках – і абавязковасць ажыццяўлення некалькіх відаў лесакарыстання на адным участку лесу. Так, артыкулам 58 Ляснога кодэкса ўстаноўлена, што нарыхтоўка жывіцы ажыццяўляецца ў перастойных і спелых дрэвастоях, або ў падаспяваючых дрэвастоях, якія да тэрміну заканчэння падсочкі дасягнуць узросту рубак; прычым перадача дрэвастояў у падсочку ажыццяўляецца толькі пасля зацвярджэння планаў рубак галоўнага карыстання.

У мэтах рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў лесу на лесакарыстальнікаў ускладаюцца абавязкі па найбольш поўнаму выкарыстанню (у рамках вызначанага мэтавага прызначэння, устаноўленага дазвольнымі дакументамі) перададзеных ім участкаў лесу. Так, у адпаведнасці з артыкулам 47 Ляснога кодэкса, лесакарыстальнікі абавязаны не пакідаць лесасекі з незакончанымі рубкамі, праводзіць ачыстку лесасек ад парубачных рэшткаў. Юрыдычныя асобы-лесакарыстальнікі павінны ажыццяўляць збор драўняных адходаў, якія ствараюцца пры ажыццяўленні розных відаў рубак, нарыхтоўцы галін, вяршынь, сучча, кары, драўніннай зелені, у адпаведнасці з патрабаваннямі, якія выкладзены ў лесарубным білеце (ордэры). Такія адходы могуць выкарыстоўвацца юрыдычнымі асобамі для ўласных патрэб або рэалізоўвацца спажыўцам [3].

Па дзеючаму заканадаўству права лесакарыстання ахоплівае не толькі карыстанне драўнінна-хмызняковай і іншай расліннасцю, але і такія віды дзейнасці, як карыстанне ўчасткамі дзяржаўнага ляснога фонду ў навукова-даследчых, вучэбна-асветных, культурна-аздараўленчых, турыстычных, спартыўных і іншых рэкрэацыйных мэтах, а таксама для патрэб паляўнічай гаспадаркі (арт. 36 Ляснога кодэкса). Пры гэтым не ўстанаўліваецца якога-небудзь прыярытэтнага віду права лесакарыстання. Трэба адзначыць, што ў заканадаўстве, якое дзейнічала да прыняцця Асноў ляснога заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік ад 17 ліпеня 1977 года [4] (далей – Асновы ляснога заканадаўства), ужываўся тэрмін «асноўнае лясное карыстанне», г.зн. нарыхтоўка драўніны. Акрамя асноўнага, маглі ажыццяўляцца «пабочныя лясныя карыстанні», да якіх, у адпаведнасці з Лясным кодэксам БССР ад 15 жніўня 1924 года [5, ст. 106], адносіліся самыя розныя віды дзейнасці, у прыватнасці, пасьба жывёлы, касьба, збор ляснога подсцілу і моху, рыбная лоўля ў лясных азёрах і рэчках, здабыча на тэрыторыі лясніцтва торфу, гліны, пяску, каменю, вапняку. Такім чынам, нарыхтоўка драўніны з’яўлялася прыярытэтным відам лесакарыстання. Захаванне ў дзеючым заканадаўстве тэрмінаў «пабочнае лесакарыстанне», «другарадныя лясныя рэсурсы» ўмоўна пацвярджае захаванне такого прыярытэту.

Вялікае значэнне для рацыянальнага выкарыстання і аховы лясоў мае вызначэнне тэрмінаў лесакарыстання. Права лесакарыстання можа быць пастаянным або часовым, часовае лесакарыстанне, у сваю чаргу, – кароткатэрміновым або доўгатэрміновым (арт. 37 Ляснога кодэкса). Пры гэтым артыкулам 43 Ляснога кодэкса ўстаноўлена, што пры доўгатэрміновым і пастаянным лесакарыстанні лесарубны білет, ордэр, лясны білет выдаюцца лесакарыстальніку штогод, што мае на мэце стымуляванне найбольш поўнага і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў і выканання абавязкаў па іх ахове.

Рацыянальнае выкарыстанне лясоў магчыма толькі пры строга мэтавым характары лесакарыстання. Мэтавае прызначэнне лясоў, якія выкарыстоўваюцца, можна падзяліць на агульнае мэтавае прызначэнне, прадыктаванае прававым рэжымам групы лясоў або катэгорыі ахоўнасці, да якіх аднесены вызначаны ўчастак дзяржаўнага ляснога фонду, і спецыяльнае мэтавае прызначэнне, абумоўленае адпаведным дазволам [6].

Мэты, для якіх участак лесу перадаецца ў карыстанне, указваюцца ў дазвольных дакументах. Артыкулам 47 Ляснога кодэкса ўстанаўліваецца абавязак лесакарыстальнікаў выкарыстоўваць участкі дзяржаўнага ляснога фонду ў адпаведнасці з мэтамі, для якіх яны дадзены. Невыкананне лесакарыстальнікам адпаведных патрабаванняў, выкладзеных у лесарубным білеце, ордэры, лясным білеце, спецыяльным дазволе, цягне абмежаванне, прыпыненне або спыненне права лесакарыстання (арт. 49, 50 Ляснога кодэкса).

Згодна з дзеючым лясным заканадаўствам, спецыяльнае лесакарыстанне з’яўляецца платным, за выключэннем прадугледжаных выпадкаў поўнага або частковага вызвалення ад платы (арт. 35 Ляснога кодэкса). Памер платы за лясныя карыстанні вызначаецца па таксах або па дагаворных цэнах.

Таксы за пабочныя лясныя карыстанні і нарыхтоўку другарадных лясных рэсурсаў устанаўліваюцца абласнымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Таксы на драўніну на пні і жывіцу, а таксама памер мінімальнай платы за карыстанне ўчасткамі дзяржаўнага ляснога фонду, дадзенымі для патрэб паляўнічай гаспадаркі, вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Плата за ўчасткі дзяржаўнага ляснога фонду, дадзеныя ў арэнду для ажыццяўлення лясных карыстанняў, спаганяецца ў памеры, які вызначаецца дагаворам арэнды. Пры гэтым арэндная плата ўстанаўліваецца не ніжэй дзеючых таксаў (мінімальнай платы) за адпаведны від лесакарыстання (арт. 93 Ляснога кодэкса).

Трэба адзначыць, што прыродакарыстанне ў СССР па агульнаму правілу з’яўлялася бясплатным [7, с. 67]. Аднак аналіз савецкага ляснога заканадаўства розных перыядаў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што права спецыяльнага лесакарыстання, за рэдкім выключэннем, базіравалася на прынцыпе платнасці. Так, Дэкрэт Усесаюзнага цэнтральнага выканаўчага камітэта РСФСР «Аб лясах» ад 27 мая 1918 года [8] прадугледжваў бясплатны водпуск драўніны на пні і пабочнае лесакарыстанне толькі сялянскаму і гарадскому працоўнаму насельніцтву для задавальнення яго гаспадарчых патрэб па ўстаноўленых нормах (арт. 18). У іншых выпадках, згодна з артыкулам 19 Дэкрэта, лесакарыстанне з’яўлялася платным (карыстанне лесам звыш устаноўленых норм, а таксама карыстанне, якое ажыццяўлялася непрацоўным насельніцтвам і прамысловымі прадпрыемствамі). Дэкрэт «Аб лясах» таксама прадугледжваў, што грамадзяне, якія з’яўляюцца лесакарыстальнікамі, павінны асабістай працай удзельнічаць у работах па ўзнаўленню, уладкаванню лясоў, грамадскай нарыхтоўцы матэрыялаў, іх апрацоўцы, перавозцы і г.д. Пры немагчымасці па нейкіх прычынах удзельнічаць у гэтых работах лесакарыстальнікі былі абавязаны ўплачваць «для арганізацыі і паляпшэння лясной гаспадаркі ў памеры, вызначаным Цэнтральнай уладай, лясныя зборы, якія паступалі ў распараджэнне агульнанароднай казны» (п. 37, 38).

У пастанове Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР ад 15 жніўня 1924 года «Аб стане лясной гаспадаркі і аб мерах па ўзнаўленню і развіццю яе» [5, ст. 107] указвалася на неабходнасць паступовага спынення бясплатнага водпуску лесу насельніцтву і яго замены крэдытаваннем (п. 3).

У далейшым савецкае лясное заканадаўства ўстанаўлівала, што лесакарыстальнікі атрымліваюць права лесакарыстання за плату па ўстаноўленых таксах (плата ад пня), за выключэннем калгасаў, якія маглі карыстацца драўнінай і другараднымі ляснымі матэрыяламі з лясоў, што знаходзяцца ў іх валоданні, для задавальнення патрэб грамадскай гаспадаркі бясплатна, і некаторых асобых выпадкаў, калі дапускалася поўнае або частковае вызваленне ад платы (арт. 27, 41 Асноў ляснога заканадаўства, п. 17 Палажэння аб калгасных лясах, зацверджанага пастановай Савета Міністраў СССР ад 4 сакавіка 1968 г. № 144 [9]).

У юрыдычнай літаратуры неаднаразова абмяркоўвалася пытанне аб прававой прыродзе таксы за водпуск драўніны на пні.

На думку А.У. Караса, «попенная плата с юридической стороны не может быть отождествлена с покупной ценой заготовляемой древесины, а представляет собой плату за допущение лесозаготовителя к разработке и использованию принадлежащих социалистическому государству природных (естественных) богатств» [10]. Плата ад пня, такім чынам, – гэта пошліна, якая спаганяецца за перадачу ў рубку дрэў. Драўніна пры гэтым разглядаецца А.У. Карасам у якасці лясной прадукцыі толькі пасля таго, як яна ссечана, г.зн. толькі як вынік лесанарыхтоўчых (лесарубных) работ.

Аналагічнай пазіцыі прытрымліваецца шэраг аўтараў [7; 11; 12]. Так, на думку Д.І. Ісупава, «взимание попенной платы за отпускаемую древесину на корню не является куплей и продажей леса, а есть не что иное, как возмещение государству материальных и других затрат по ведению лесного хозяйства» [12].

Л.І. Дэмба вырашае дадзеную праблему інакш, размяжоўваючы лес як сродак вытворчасці, які знаходзіцца ў выключнай дзяржаўнай уласнасці, і драўніну на пні, іншыя прадукты, якія здабываюцца ў лясах і складаюць частку агульнага аб’екта, не выключаныя з грамадзянскага абароту. З гэтага пункту гледжання, драўніна на пні прадаецца лесакарыстальніку, прычым плата ад пня з’яўляецца яе адпускной цаной [13].

Г.Н. Палянская, у цэлым падзяляючы другую пазіцыю, падкрэслівае, што нарыхтоўшчык лесу выступае не толькі як пакупнік лясной прадукцыі, але і як лесакарыстальнік, які абавязан выконваць пры ажыццяўленні лесанарыхтоўчай дзейнасці шэраг умоў у інтарэсах забеспячэння захаванасці лясоў. Таму нарыхтоўка лесу ўяўляе сабой самастойны прававы інстытут, які аб’ядноўвае куплю-продаж лясной прадукцыі ў выглядзе лесу на пні і карыстанне лесам [14].

Аналіз норм лясного заканадаўства Рэспублікі Беларусь дазваляе згадзіцца з думкай аўтараў, якія ўказваюць, што па прававой прыродзе такса водпуску драўніны на пні з’яўляецца пакупной цаной.

Так, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2001 года № 407 «Аб таксах на драўніну лясных парод, якая адпускаецца на пні» [15], названыя таксы ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад лесатаксавага разраду, якасных характарыстык драўніны, а таксама віду ажыццяўляемых рубак. Размеркаванне лясоў дзяржаўнага ляснога фонду па лесатаксавых разрадах ажыццяўляецца Камітэтам лясной гаспадаркі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь для кожнага ляснога квартала (урочышча) у залежнасці ад адлегласці да пункту вывазкі драўніны або да пункту спажывання (п. 2).

Таксы водпуску драўніны на пні вызначаюцца, такім чынам, зыходзячы з выдаткаў на вядзенне лясной гаспадаркі, але маюць на мэце і атрыманне дзяржавай даходаў. Улік у таксавым кошце лесу адлегласці ад месца рубкі да дарог агульнага карыстання садзейнічае таму, што лясы, якія маюць больш зручнае месцазнаходжанне, прыносяць дадатковы даход у параўнанні з іншымі лясамі, г.зн. гэта частка таксавага кошту ўлічвае сярэдні прыбытак ад вядзення лясной гаспадаркі. У той жа час прадугледжаны парадак вызначэння таксаў выконвае і функцыю аховы лясоў, паколькі стымулюе навукова абгрунтаванае размеркаванне лесасек, а не іх канцэнтрацыю ў раёнах са зручным месцазнаходжаннем.

Аднак не ўсе фактары, якія ўплываюць на сабекошт нарыхтоўкі і вывазкі драўніны, могуць быць улічаны пры фарміраванні такс на драўніну, паколькі да ўвагі прымаюцца сярэднія паказчыкі. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць прыняцця нарматыўных прававых актаў, якія рэгулявалі б парадак рэалізацыі драўніны на пні па дагаворных цэнах [16-18], узровень якіх вызначаецца праз увядзенне каэфіцыентаў, улічваючых таксавы і дадатковы кошт драўніны, разлічаны па кожнай лесасеке.

На наш погляд, заслугоўвае падтрымкі тэндэнцыя абмежавання ў заканадаўстве выпадкаў рэалізацыі драўніны па таксаваму кошту пераважна водпускам на сацыяльныя мэты [19]. Ажыццяўленне лесакарыстання, асабліва нарыхтоўкі драўніны, па дагаворных цэнах, на нашу думку, больш адпавядае мэтам аховы лясоў, але пры ўмове, што значная частка сродкаў, атрыманых у выглядзе розніцы паміж дагаворнай цаной і таксавым коштам драўніны, павінна выкарыстоўвацца на фінансаванне мерапрыемстваў па ўзнаўленню лясоў. Дадзенае патрабаванне трэба дакладна замацаваць у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь.

Пастановай Савета Міністраў ад 27 сакавіка 2001 года № 407 прадугледжана магчымасць зніжэння таксаў на драўніну ва ўстаноўленых выпадках. Акрамя таго, юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, лесагаспадарчая дзейнасць якіх фінансуецца са сродкаў бюджэту, вызваляюцца ад платы за драўніну, якая нарыхтоўваецца пры правядзенні рубак прамежкавага карыстання, суцэльных санітарных рубак, іншых лесагаспадарчых работ, лесаўладкаванні, г.зн. у выпадках, калі драўніна атрымана імі ў выніку мерапрыемстваў па захаванню, узнаўленню і ўмацаванню карысных функцый лясоў (п. 7).

Адным з праяўленняў рацыянальнага, мнагамэтавага выкарыстання лесу з’яўляецца комплекснае вядзенне лясной гаспадаркі, звязанае з выкарыстаннем усёй разнастайнасці рэсурсаў ляснога фонду. Прадугледжанае Лясным кодэксам БССР 1979 года выдзяленне ў складзе дзяржаўнага ляснога фонду калгасных лясоў не садзейнічала рэальнаму ажыццяўленню дадзенага патрабавання, паколькі, у адпаведнасці з п. 3 Палажэння аб калгасных лясах, лясная гаспадарка ў калгасных лясах ажыццяўлялася ў мэтах «далейшага развіцця і ўздыму сельскагаспадарчай вытворчасці», г.зн. мела пераважна эксплуатацыйны характар.

Практыка паказвала, што вядзенне лясной гаспадаркі ў калгасных лясах не забяспечвала іх ахову і рацыянальнае выкарыстанне. У сувязі з гэтым 20 красавіка 1998 года была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 623 «Аб мерах па ўпарадкаванню карыстання лясамі» [20], якім прадугледжвалася неабходнасць адабрання ў 1998-2000 гадах у калгасаў і іншых суб’ектаў гаспадарання зямель, пакрытых лесам, за выключэннем полеахоўных палос і дробных участкаў лесу плошчай да 25 га, размешчаных сярод сельскагаспадарчых угоддзяў, і перадачы гэтых зямель лесагаспадарчым прадпрыемствам Міністэрства лясной гаспадаркі. Аднак рэальна працэс адабрання гэтых зямель ажыццяўляўся недастаткова эфектыўна [21].

Далейшаму забеспячэнню мнагамэтавага выкарыстання лясоў, павышэнню іх эканамічнага і прыродаахоўнага значэння садзейнічала замацаванне ў артыкуле 21 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь дакладнага пераліку суб’ектаў, якія маюць права вядзення лясной гаспадаркі. Рэалізацыі названай нормы садзейнічала прыняцце 29 снежня 2000 года пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 2039 «Аб мерах па далейшаму ўпарадкаванню вядзення лясной гаспадаркі ў лясах рэспублікі» [22], якая ўстанавіла неабходнасць адабрання да 14 ліпеня 2001 года ў калгасаў і іншых юрыдычных асоб, якія не маюць права вядзення лясной гаспадаркі, як лясных, так і нелясных зямель.

Важным прынцыпам лесакарыстання з’яўляецца планаванне. Асаблівае значэнне мае дадзены прынцып пры нарыхтоўцы драўніны, паколькі адступленне ад навукова абгрунтаваных планаў пры ажыццяўленні названага віду лесакарыстання можа нанесці вялізны ўрон як лясам, так і навакольнаму асяроддзю ў цэлым.

План нарыхтоўкі драўніны пры рубках галоўнага карыстання вызначаецца ў межах разліковай лесасекі, устанаўленне якой накіравана на забеспячэнне балансу адабрання і ўзнаўлення лясных рэсурсаў. Пры вызначэнні разліковай лесасекі па рубках галоўнага карыстання найважнейшым фактарам з’яўляецца магчымасць выкарыстання рэсурсаў лесу працяглы час без наступнага зніжэння аб’ёмаў нарыхтоўваемай драўніны і пагаршэння дрэвастояў.

У адпаведнасці з артыкулам 19 Ляснога кодэкса, разліковая лесасека вызначаецца па рубках галоўнага карыстання пры лесаўладкаванні па кожнай юрыдычнай асобе, якая вядзе лясную гаспадарку, асобна па групах парод (хвойных, мяккаліставых і цвёрдаліставых) без права замены адной пароды іншай у межах груп і катэгорый ахоўнасці лясоў. Разліковая лесасека па рэспубліцы ўстанаўліваецца як сума разліковых лесасек па кожнай юрыдычнай асобе, якая вядзе лясную гаспадарку. Менавіта такі спосаб вылічэння разліковай лесасекі садзейнічае раўнамернаму размеркаванню лесасек па рэспубліцы і, у выніку, захаванню лясоў [23].

У адпаведнасці з артыкулам 53 Ляснога кодэкса БССР 1979 года, у лясах другой групы маглі дапускацца рубкі галоўнага карыстання ў памерах, перавышаючых разліковую лесасеку. Такая практыка наносіла вялікі ўрон лесу, у сувязі з чым у літаратуры выказваліся прапановы аб яе забароне [1]. Названая праблема была вырашана замацаваннем у артыкуле 56 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь нормы аб забароне ажыццяўлення нарыхтоўкі драўніны ў аб’ёме, які перавышае разліковую лесасеку.

Планаванне лесакарыстання ажыццяўляецца таксама шляхам вызначэння лесасечнага фонду. Лесасечны фонд ствараецца з запасаў спелых і перастойных дрэвастояў, прызначаных для нарыхтоўкі драўніны. Памер лесасечнага фонду вызначаецца штогод Урадам Рэспублікі Беларусь (арт. 52 Ляснога кодэкса).

Планіраванне іншых відаў лесакарыстання ў шмат якіх выпадках залежыць ад планаў нарыхтоўкі драўніны. Так, напрыклад, нарыхтоўка жывіцы, драўняных сокаў бярозы і клёну магчыма толькі пасля зацвярджэння планаў рубак галоўнага карыстання (арт. 58 Ляснога кодэкса, п. 64 Правіл нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання, зацверджаных пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 2001 г. № 4 [24]).

Важным прынцыпам лесакарыстання з’яўляецца неабходнасць захавання і ўмацавання асяроддзеўтвараючых, водаахоўных, ахоўных, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і іншых функцый лясоў у мэтах аховы здароўя насельніцтва і паляпшэння стану навакольнага асяроддзя. Рэалізацыя дадзенага патрабавання забяспечваецца, у прыватнасці, дыферэнцыяцыяй права лесакарыстання ў залежнасці ад групы лясоў і катэгорыі ахоўнасці.

У лясах другой групы нарыхтоўка драўніны ажыццяўляецца ў парадку правядзення ўсіх відаў рубак спосабамі, якія забяспечваюць умовы для ўзнаўлення каштоўных парод дрэў і дазваляюць эфектыўна і рацыянальна выкарыстоўваць лясныя рэсурсы.


У лясах першай групы (акрамя лясоў з асаблівым рэжымам ахоўнасці) нарыхтоўка драўніны павінна ажыццяўляцца спосабамі, якія забяспечваюць паляпшэнне стану дрэвастояў і павышэнне іх устойлівасці, захаванне і ўмацаванне прыродаахоўных функцый лясоў, а таксама своечасовае і рацыянальнае выкарыстанне спелых і перастойных дрэвастояў. У гэтых лясах трэба прымяняць пераважна паступовыя і выбарачныя спосабы рубак галоўнага карыстання.

У лясах, размешчаных на тэрыторыі нацыянальных паркаў, помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, асабліва ахоўваемых частках заказнікаў, на асабліва цэнных участках дзяржаўнага ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навуковае і гісторыка-культурнае значэнне, у санітарна-гігіенічных і аздараўленчых лясах, у ахоўных лясах (супрацьэразійныя лясы) дапускаюцца толькі рубкі прамежкавага карыстання і іншыя рубкі, а таксама рубкі ўзнаўлення і перафарміравання ў спелых і перастойных дрэвастоях, якія страчваюць ахоўныя ўласцівасці і забяспечаны натуральным або штучным узнаўленнем. У лясах запаведнікаў дапускаюцца толькі іншыя рубкі, якія адпавядаюць запаведнаму рэжыму (арт. 55 Ляснога кодэкса).

У залежнасці ад асноўнага мэтавага прызначэння лясоў і выконваемых імі эканамічных, асяроддзеўтвараючых, водаахоўных, ахоўных, санітарна-гігіенічных, рэкрэацыйных і іншых функцый, прадукцыйнасці лясных насаджэнняў і біялагічных асаблівасцей драўняных парод вызначаецца ўзрост рубак лесу (арт. 18 Ляснога кодэкса).

Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь таксама прадугледжана залежнасць умоў іншых відаў лесакарыстання ад групы і катэгорыі ахоўнасці лясоў. Так, у Правілах нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання пералічваюцца катэгорыі лясоў, якія маюць генетычнае, навуковае, гісторыка-культурнае значэнне, і ахоўных лясоў, у якіх забараняецца нарыхтоўка другарадных лясных рэсурсаў, а таксама ажыццяўленне пабочнага лесакарыстання. Прычым у адных выпадках забарона тычыцца названага віду дзейнасці ў цэлым (напрыклад, згодна з пунктам 36 Правіл забараняецца нарыхтоўка пнёў і карэнняў у гарадскіх і супрацьэразійных лясах), а ў іншых – толькі прамысловай нарыхтоўкі (напрыклад, у адпаведнасці з пунктам 73, забараняюцца нарыхтоўка і збор дзікарослых пладоў і арэхаў у прамысловых мэтах у лясах запаведнікаў, помнікаў прыроды, гарадскіх лясах).

Разліковая лесасека таксама прызвана садзейнічаць умацаванню водаахоўных, ахоўных і іншых асяроддзеўтвараючых функцый лесу, паколькі ў разлік не прымаюцца ўчасткі лесу, для якіх устаноўлены асаблівы рэжым ахоўнасці [25].

У мэтах рэалізацыі патрабавання аб умацаванні асяроддзеўтвараючых, водаахоўных, ахоўных і іншых функцый лесу на юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, ускладаецца абавязак ажыццяўляць догляд за лясамі, праводзіць работы па селекцыі, лясному насенняводству і сортавыпрабаванню каштоўных драўняных парод, а таксама іншыя работы па паляпшэнню пароднага складу лясоў, павышэнню іх прадукцыйнасці і ахоўных уласцівасцей. Пры гэтым павінна забяспечвацца ў першую чаргу захаванасць і своечасовае ўзнаўленне каштоўных драўняных парод (дубу, ясеню, клёну, карэльскай бярозы і інш.) (арт. 23 Ляснога кодэкса). У літаратуры прапаноўваецца разглядаць ажыццяўленне пералічанага комплексу работ як асаблівы від лесакарыстання – права асяроддзеўтвараючага лесакарыстання – і замацаваць адпаведныя нормы ў лясным заканадаўстве [26]. На нашу думку, гэтая прапанова А.І. Красава заслугоўвае падтрымкі. Рэгламентацыя ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь парадку ўзнікнення і ажыццяўлення права лесакарыстання ў асяроддзеўтвараючых мэтах дазволіла б разглядаць названы від лесакарыстання ў якасці прыярытэтнага, забяспечыўшы гэтым самым належную ахову лясоў.

Важным з’яўляецца выкананне такога прынцыпу лесакарыстання як стварэнне ўмоў для ўзнаўлення лясоў. Мэтамі ўзнаўлення лясоў з’яўляюцца своечасовае правядзенне лесаўзнаўленчых работ на не пакрытых лесам участках дзяржаўнага ляснога фонду, паляпшэнне пароднага складу лясоў, павелічэнне прадукцыйнасці лясоў і ўмацаванне іх асяроддзеўтвараючых, водаахоўных, ахоўных, санітарна-гігіенічных, рэкрэацыйных і іншых функцый, забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання зямель дзяржаўнага ляснога фонду, захаванне генетычнага фонду і біялагічнай разнастайнасці лясоў (арт. 69 Ляснога кодэкса).

Узнаўленне лясоў, такім чынам, ахоплівае дастаткова разнастайныя віды дзейнасці і ўключае як ажыццяўленне мерапрыемстваў па лесаразвядзенню і лесаўзнаўленню, так і мерапрыемстваў па павышэнню прадукцыйнасці і якасці лясоў. У мэтах скарачэння плошчы непрадукцыйных зямель на зямельных участках дзяржаўнага ляснога фонду, не пакрытых лесам, дзе па прыродных умовах магчыма стварэнне лясных культур, праводзяцца мерапрыемствы па ўзнаўленню лясоў (на высечках, гáрах і іншых раней пакрытых лесам зямельных участках) і лесаразвядзенню (арт. 69 Ляснога кодэкса). Павышэнне прадукцыйнасці і якасці лясоў ажыццяўляецца пры дапамозе сістэмы навукова абгрунтаваных рубак, паляпшэння пароднага складу лясоў, стварэння і эфектыўнага выкарыстання лесанасеннай базы, своечасовага правядзення ў лясах лесагаспадарчых мерапрыемстваў (арт. 70 Ляснога кодэкса).

Узнаўленне лясоў і лесаразвядзенне, нарыхтоўка ляснога насення і вырошчванне пасадачнага матэрыялу ажыццяўляюцца як юрыдычнымі асобамі, якія вядуць лясную гаспадарку, так і іншымі лесакарыстальнікамі. Аб’ём, спосабы, тэрміны правядзення лесакарыстальнікам лесаўзнаўленчых мерапрыемстваў прадугледжваюцца ў дагаворы арэнды ўчастка дзяржаўнага ляснога фонду, лесарубным білеце, ордэры і (або) лясным білеце.

Пры ажыццяўленні работ па нарыхтоўцы і тралёўцы драўніны павінны прымяняцца тэхніка і тэхналогіі, якія забяспечваюць максімальнае захаванне біялагічнай разнастайнасці і своечасовае ўзнаўленне лясоў. У выпадках, калі работы, якія ажыццяўляюцца лесакарыстальнікамі, адмоўна ўплываюць на ўзнаўленне лясоў, юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, могуць прыпыняць гэту дзейнасць да ўстаранення прычын парушэння названых патрабаванняў (арт. 72 Ляснога кодэкса).

Лес уяўляе сабой экалагічны комплекс з уласцівымі яму ўнутранымі ўзаемасувязямі, які знаходзіцца таксама ў ланцугу экалагічных сувязяў з іншымі прыроднымі аб’ектамі, асабліва зямлёй, водамі, жывёльным светам. Таму ў працэсе лесакарыстання абавязкова павінны ўлічвацца гэтыя ўзаемасувязі і прымацца меры па ахове названых прыродных аб’ектаў. Дадзены прынцып атрымаў у юрыдычнай літаратуры назву экасістэмнага падыходу да рэгулявання прыродакарыстання [27].

Лясы выконваюць важную ролю ў падтрыманні натуральнага рэжыму водных аб’ектаў, у сувязі з чым высечка лясоў прыводзіць да змянення гідралагічнага рэжыму рэк, уплывае на тэмпературу і якасць вады. Прычым зніжэнне водаахоўнай ролі лясоў праяўляецца на працягу дзесяцігоддзяў [28]. У сувязі з гэтым надзвычай важным з’яўляецца абмежаванне рэжіму лесакарыстання ў лясах, якія выконваюць водаахоўныя функцыі. Таму артыкул 16 Ляснога кодэкса адносіць водаахоўныя лясы – забароненыя палосы лясоў і лясы ў межах водаахоўных зон па берагах рэк, азёр, водасховішчаў і іншых водных аб’ектаў – да першай групы.

Водаахоўныя ўласцівасці лясоў могуць быць зменены пры дапамозе навукова абгрунтаваных рубак дрэў, у сувязі з чым у літаратуры ўказвалася на мэтазгоднасць юрыдычнага афармлення распрацаваных лесаводчай навукай методык рубак догляду, у тым ліку тых, што ажыццяўляюцца ў водаахоўных лясах [29]. З гэтай мэтай загадам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 1992 г. № 15 было зацверджана Настаўленне па рубках догляду ў лясах Рэспублікі Беларусь [30], у адпаведнасці з п. 9.1.1. якога ў лясах, выконваючых пераважна водаахоўныя функцыі, ажыццяўляюцца толькі рубкі догляду, накіраваныя на вырошчванне здаровых, устойлівых насаджэнняў з падборам драўняных і хмызняковых парод з глыбокай каранёвай сістэмай. Правядзенне рубак дрэў у лясах, якія выконваюць пераважна водаахоўныя функцыі, такім чынам, мае на ўвазе адначасова дзве мэты: падтрыманне адпаведнай якасці гэтых лясоў і якасці ахоўваемых з іх дапамогай вод [31]. На нашу думку, мэтазгодна дапоўніць главу 19 Лясного кодэкса артыкулам, які раскрываў бы вышэйназваныя асаблівасці лесакарыстання і вядзення лясной гаспадаркі ў водаахоўных лясах.

На захаванне водаахоўных функцый лясоў накіравана норма пункта 5 Палажэння аб водаахоўных палосах (зонах) вадаёмаў Беларускай ССР, зацверджанага пастановай Савета Міністраў БССР ад 14 ліпеня 1989 г. № 189 [31], у адпаведнасці з якім рубка дрэў, нарыхтоўка пнёў і збор лясной падсцілкі ў лясах, размешчаных у водаахоўнай зоне вадаёмаў, дапускаюцца толькі па ўзгадненню з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і органамі аховы рыбных запасаў. Аднак у лясным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь не прадугледжваецца неабходнасць адпаведнага ўзгаднення ні на стадыі ліцэнзавання пералічаных відаў дзейнасці [32], ні на стадыі прыняцця рашэнняў кампетэнтнымі органамі дзяржаўнага кіравання аб перадачы участкаў дзяржаўнага ляснога фонду ў карыстанне (ст. 41 Ляснога кодэкса). Таму ў лясным заканадаўстве трэба прадугледзець, што рашэнні аб перадачы ўчасткаў ляснога фонду, размешчаных у водаахоўнай зоне вадаёмаў, для ажыццяўлення некаторых відаў лесакарыстання, якія робяць уплыў на стан водных аб’ектаў, прымаюцца кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі па ўзгадненню з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэта, на наш погляд, будзе садзейнічаць рэальнаму выкананню вышэйпрыведзенай нормы воднага заканадаўства і прадугледжанага артыкулам 41 Ляснога кодэкса патрабавання аб неабходнасці ўліку інтарэсаў аховы навакольнага асяроддзя пры прадастаўленні права лесакарыстання.

У лясным заканадаўстве ўстаноўлены патрабаванні па ахове зямель у працэсе лесакарыстання. У прыватнасці, на лесакарыстальнікаў ускладаецца абавязак весці нарыхтоўку і збор лясных рэсурсаў спосабамі, якія прадухіляюць узнікненне эрозіі глебаў; прыводзіць землі дзяржаўнага ляснога фонду ў стан, прыдатны для лесаўзнаўлення і іншага мэтавага выкарыстання (арт. 47 Ляснога кодэкса).

Юрыдычныя асобы, якія вядуць лясную гаспадарку, павінны забяспечваць выкарыстанне па мэтаваму прызначэнню зямель дзяржаўнага ляснога фонду, праводзіць работы па павышэнню ўрадлівасці глебаў, прадухіленню іх воднай і ветравой эрозіі, забалочвання, засалення і іншых негатыўных працэсаў (арт. 23 Ляснога кодэкса).

Лясы з’яўляюцца асяроддзем пражывання жывёл. Жывёльны свет – адзін з самых «адчувальных» прыродных аб’ектов, стан якога ў многім залежыць ад стану іншых аб’ектаў прыроды, з’яўляючыхся асяроддзем яго пражывання, у прыватнасці – лясоў. Таму важна, каб лесакарыстанне ажыццяўлялася спосабамі, якія не наносяць шкоды жывёльнаму свету. Дадзенае патрабаванне знайшло выяўленне ў артыкулах 16, 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 1996 года «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» [33], якія ўстанаўліваюць, што пры ажыццяўленні лясных карыстанняў павінны прадугледжвацца і ажыццяўляцца мерапрыемствы па захаванню асяроддзя пражывання, умоў размножвання, шляхоў міграцыі і месцаў канцэнтрацыі жывёл, а таксама забяспечвацца недатыкальнасць участкаў, якія ўяўляюць асаблівую каштоўнасць у якасці асяроддзя пражывання жывёл.

Лясное заканадаўства ўскладае на лесакарыстальнікаў, у тым ліку юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, шэраг абавязкаў па ахове жывёльнага свету. Так, у адпаведнасці з Правіламі нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання, названыя віды дзейнасці павінны ажыццяўляцца спосабамі, якія не прыводзяць да гібелі, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя пражывання жывёл (п. 37). На лесакарыстальнікаў ускладаецца абавязак не дапускаць знішчэння карыснай для лесу фауны, разбурэння мурашнікаў, гняздоўяў птушак і іншых дзеянняў, пагражаючых захаванню асяроддзя пражывання жывёл (п. 128).

Асаблівай ахове, у адпаведнасці з вышэйназванымі Правіламі, належаць жывёлы, якія адносяцца да відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, рэліктавых і інтрадуцыраваных парод: на ўчастках дзяржаўнага ляснога фонду, дзе пражываюць такія жывёлы, забараняюцца некаторыя віды дзейнасці па нарыхтоўцы другарадных лясных рэсурсаў і ажыццяўленню пабочнага лесакарыстання (п. 36, 86). Шэраг норм названных Правіл устанаўлівае забарону ажыццяўлення некаторых відаў лесакарыстання ў глушцовых такавішчах і ў радыусе трохсот метраў вакол іх.

У мэтах аховы жывёл на арандатараў участкаў дзяржаўнага ляснога фонду для патрэб паляўнічай гаспадаркі ўскладаецца абавязак весці паляўнічую гаспадарку на падставе біёлага-эканамічнага абследавання гэтых участкаў з правядзеннем на іх мерапрыемстваў па ахове, развядзенню і нарміраванню здабычы дзікіх жывёл, якія адносяцца да аб’ектаў палявання, а таксама па ахове асяроддзя іх пражывання (арт. 60 Ляснога кодэкса; арт. 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету»). Пры гэтым колькасць дзікіх жывёл у лясах павінна падтрымлівацца ў такіх межах, каб забяспечваліся стабільнасть экасістэмы, раўнавага паміж колькасцю дзікіх жывёл і кармавымі рэсурсамі ў лесе (арт. 60 Ляснога кодэкса). Аднак на практыцы карыстальнікі паляўнічых угоддзяў не заўсёды выконваюць дагаворныя абавязацельствы ў частцы аховы і ўзнаўлення дзікіх жывёл, што выклікае неабходнасць умацавання адпаведнага ведамаснага кантролю з боку юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку [21].



У цяперашні час няма сумненняў, што прыродакарыстанне і ахова навакольнага асяроддзя ўяўляюць непарыўныя грамадскія адносіны і што характар прававой аховы лясоў і іншых прыродных аб’ектаў у значнай ступені вызначаецца асаблівасцямі права лесакарыстання. Таму ўдасканаленне прававога рэгулявання карыстання лясамі, рэальнае ажыццяўленне экалагічных прынцыпаў права лесакарыстання маюць вялікае значэнне для захавання лясных багаццяў для сучаснага і будучага пакаленняў.
Літаратура:

  1. К р а с с о в О. И. Принцип непрерывного неистощительного лесопользования и правовая охрана лесов //XXVII съезд КПСС и правовые проблемы агропрома и охраны окружающей среды. М., 1987. С. 160-163.

  2. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000. № 70. 2/195.

  3. Палажэнне па рацыянальнаму выкарыстанню драўнінных адходаў. Зацв. Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 6 ліпеня 1999 г. // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 1999. № 70. 8/638.

  4. Ведомости Верховного Совета СССР. 1977. № 25. Ст. 388.

  5. Собрание Узаконений и Распоряжений рабоче-крестьянского правительства БССР. 1924. № 10. Ст. 106, 107.

  6. Е р о ф е е в Б. Ф. Земельное право. Учебник для высших юридических учебных заведений. М., МЦУПЛ, 1999. С. 500-501.

  7. Правовая охрана природы / Под ред. В.В. Петрова. М., 1980.

  8. СУ РСФСР. 1918. № 42. Ст. 522.

  9. СП СССР. 1968 г. № 5. Ст. 24.

  10. К а р а с с А. В. Право государственной социалистической собственности. М., 1954. С. 52-53.

  11. Х а л ф и н а Р. О. К вопросу о предмете и системе советского финансового права // Вопросы советского административного и финансового права. М.: Изд-во АН СССР, 1952. С. 211.

  12. И с у п о в Д. И. Правовой режим лесов в СССР. Свердловск, 1960.

  13. Д е м б о Л. И. Правовой режим лесов в свете сталинского плана преобразования природы. Л., 1951. С. 12.

  14. П о л я н с к а я Г. Н. Право государственной собственности на леса в СССР. М., 1959. С. 350.

  15. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001. № 33. 5/5577.

  16. Аб продажы ў 1997 годзе ў якасці эксперымента часткі драўніны на пні па дагаворных цэнах. Зацв. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 168 ад 6 сакавіка 1997 г. // Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. 1997. № 7. Арт. 265.

  17. Аб продажы часткі драўніны на пні па дагаворных цэнах. Зацв. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 936 ад 16 чэрвеня 1998 г. // Эталонный банк данных правовой информации "Эталон", с29800936.

  18. Часовы парадак рэалізацыі драўніны ў Рэспубліцы Беларусь. Зацв. загадам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь № 217 ад 31 снежня 1998 г. // Эталонный банк данных правовой информации "Эталон", w60002735.

  19. Палажэнне аб парадку вызначэння дагаворных цэн на драўніну на пні і фарміравання адпускных цэн на лесаматэрыялы і піламатэрыялы. Зацв. пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь № 18 ад 21 верасня 2000 г. // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2000 г. № 96. 8/4197.

  20. Эталонный банк данных правовой информации Республики Беларусь «Эталон», s29800623.

  21. Аб рабоце Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання па прытрымліванню прыродаахоўнага заканадаўства і мерах, накіраваных на выкананне рашэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 1998 года па паляпшэнню выкарыстання зямель. Зацв. рашэннем Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 13 лістапада 1998 г. № 120 // Эталонный банк данных правовой информации Республики Беларусь «Эталон», r998n0120.

  22. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001. № 5. 5/4961.

  23. П о л я н с к а я Г. Н. Актуальные вопросы лесного законодательства. М., 1985. С. 106.

  24. Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001. № 39. 8/5499.

  25. Комментарий к Лесному кодексу Российской Федерации / Отв. ред. С.А. Боголюбов. М., 1997. С. 141.

  26. К р а с с о в О. И. Современные проблемы лесного права. // Советское государство и право. 1990. № 2. С. 69-76.

  27. Б р и н ч у к М. М. Экологическое право (право окружающей среды): Учебник для высших юридических учебных заведений. М., 1998. С. 210-211.

  28. П о б е д и н с к и й А. В. Сохранять и усиливать водоохранно-защитные функции лесов //Лесное хозяйство. 1984. № 10. С. 39.

  29. Право природопользования в СССР / Отв. ред. И.А. Иконицкая. М., 1990. С. 155.

  30. Эталонный банк данных правовой информации "Эталон", w60002706.

  31. СЗ БССР. 1989. № 18. Ст. 181.

  32. Палажэнне аб ліцэнзаванні дзейнасці па нарыхтоўцы драўніны, жывіцы, драўнінных сокаў. Зацв. загадам Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 1998 г. // Бюллетень нормативно-правовой информации. 1998. № 2.

  33. Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. 1996. № 31. Арт. 571.


Статья опубликована:

Шахрай, І.C. Рэалізацыя экалагічных прынцыпаў права лесакарыстання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь // Весцi Нац. акад. навук Беларусi. Сер. гуманіт. навук. – 2003. – № 1. – С. 33 40.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка