І. С. Піскун (Мінск) фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі праз комплекснае выкарыстанне




Дата канвертавання13.06.2016
Памер73.93 Kb.
І. С. Піскун (Мінск)
ФАРМІРАВАННЕ КАМУНІКАТЫЎНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ

ПРАЗ КОМПЛЕКСНАЕ ВЫКАРЫСТАННЕ

СУЧАСНЫХ АДУКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ

НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Чалавечае грамадства не існуе па-за зносінамі. Зносіны выступаюць неабходнай умовай быцця людзей, без якой немагчыма паўнавартаснае фарміраванне не толькі асобных псіхічных функцый, працэсаў і ўласцівасцяў чалавека, але і асобы ў цэлым. Рэальнасць і неабходнасць зносін вызначана сумеснай дзейнасцю: каб жыць, людзі змушаны ўзаемадзейнічаць. Мае актыўнае суразмоўніцтва заўсёды дзейны чалавек, дзейнасць якога перасякаецца з дзейнасцю іншых людзей. Менавіта зносіны дазваляюць арганізоўваць грамадскую дзейнасць і ўзбагаціць яе новымі сувязямі і дачыненнямі паміж людзьмі.

Стагоддзямі навукоўцы і практыкі ўсяго свету працавалі над праблемай фарміравання мыслення і зносін. Станаўленне вышэйшых узроўняў камунікатыўнай кампетэнтнасці сучасныя даследчыкі абавязкова звязваюць са спосабамі разумовай дзейнасці суб'екта, з аднаго боку, і магчымасцямі яго сацыяльнай рэалізацыі ў свеце сталых тэхналагічных і грамадска-палітычных змен, з іншага боку.

Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў вучняў выхоўвала тое школьнае сацыяльнае асяроддзе, якое арганізуецца для кожнага асобнага дзіцяці, – так лічыў класік педагагічнай псіхалогіі Л. С. Выгоцкі. Настаўнік з'яўляецца арганізатарам выхаваўчага асяроддзя і кіруе не толькі пазнавальнымі працэсамі свайго вучня, але і асноўнымі рычагамі сацыяльнай сітуацыі яго развіцця. У аснове выхавання – мэтанакіраваная і наўмысная выпрацоўка новых формаў паводзін і дзейнасці вучня, якая вызначае планамерную арганізацыю яго паэтапнага развіцця.

Гуманістычны прынцып павінен з'яўляцца адным з галоўных у нашай працы. Як вядома, расійскі акадэмік Дз. С. Ліхачоў калісьці растлумачыў тое, што калі новае стагоддзе не стане стагоддзем гуманістычнай культуры, яго не будзе зусім. Таму мы ўпэўнены ў тым, што закладваць падмурак талерантнасці, патрыятызму, грамадзянскасці можна толькі ў гуманістычным асяроддзі і ў той педагагічнай сітуацыі, дзе кожнае дзіця, не губляючы права на памылку, можа разлічваць на дапамогу і любоў з боку атачальных яго дарослых і дзяцей.

Прагрэс нашай краіны як суверэннай дзяржавы непасрэдна звязаны з развіццём сістэмы адукацыі, якая з'яўляецца асновай росту інтэлектуальнага патэнцыялу народа. Змены, якія адбываюцца ў сацыяльна-эканамічнай сферы, ставяць новыя патрабаванні да нас, педагогаў, якія выконваюць самую важную сацыяльную функцыю – духоўнае ўдасканаленне чалавека і грамадства.

Асаблівую актуальнасць вышэйзгаданае набывае пры навучанні беларускай мове і літаратуры. У наш час вучні часам прымаюць вельмі шмат славеснай «атруты», калі ўключаюць тэлевізар, глядзяць рэкламу, калі чуюць гаворку атачальных. Усё гэта іншым разам аказвае на іх згубнае ўздзеянне. На наш погляд, скажэнне, разбурэнне мовы вядзе да разбурэння культуры, грамадскай свядомасці, маральнасці і маралі. Таму значным з’яўляецца веданне нормаў літаратурнай мовы (агульных правіл вымаўлення, напісання слоў, іх змен і злучэння аднаго з адным). Уменне правільна казаць і пісаць, уменне выбіраць самыя дакладныя і патрэбныя моўныя сродкі для выказвання думкі з’яўляецца адным з асноўных накірункаў у развіцці маўленчай дзейнасці вучняў.

На сённяшні дзень моўная адукацыя асэнсоўваецца ў значнай ступені з пазіцый практычнай маўленчай дзейнасці, што вызначае і актуальныя адукацыйныя мэты: максімальная ўвага да развіцця тых здольнасцей, якія неабходны асобе і грамадству, сацыяльна-каштоўнасная арыентацыя асобы ў грамадстве, стымуляванне бесперапыннай самаадукацыі пасля заканчэння навучальнай установы. Моўная і маўленчая культура выпускніка школы асэнсоўваецца як адна з найвышэйшых каштоўнасцей для чалавека і грамадства, вядучы і вызначальны фактар фарміравання асобы, галоўны інструмент пераемнасці паміж культурай пакаленняў.

Родная мова на ўсіх этапах яе выкладання ўспрымаецца як прадмет, які арганізуе працэс навучання і моўныя зносіны. Задачы школы ў гэтым накірунку прадугледжваюць выкладанне беларускай мовы не толькі ў логіцы адной навукі, яны арыентуюць на запатрабаванні асобы і грамадства, у прыватнасці, не толькі на забеспячэнне новых ведаў, уменняў і навыкаў, але і развіццё здольнасцяў, гатоўнасці карыстацца мовай як кагнітыўным сродкам (сродкам пазнання), інтэрактыўным сродкам (сродкам сацыяльнага ўзаемадзеяння), валюнтатыўным сродкам (сродкам сацыяльна-псіхалагічнага ўздзеяння). Здольнасць і гатоўнасць выпускніка самастойна і нарматыўна правільна ажыццяўляць маўленчую дзейнасць у разнастайных сферах зносін разглядаецца як адна з найважнейшых умоў яго паспяховай сацыялізацыі і нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі.

У сувязі з гэтым адной з найважнейшых метадычных задач бачыцца неабходнасць знайсці тыя формы і сродкі навучання, якія паспрыяюць станоўчым вынікам навучання. Рэалізацыя пастаўленай мэты, на наш погляд, магчыма пры комплексным выкарыстанні сучасных педагагічных тэхналогій. Акрамя таго, працэс тэхналагізацыі адукацыйнай практыкі прызнаецца адной са стратэгічна перспектыўных задач ў развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Шматлікія педагагічныя тэхналогіі зацікавілі нас у першую чаргу з пункту гледжання іх патэнцыяльных магчымасцей для выніковасці вучэбнага працэсу.


Праз іх комплекснае выкарыстанне мы імкнемся:

▪ павысіць матывацыю школьнікаў да вывучэння беларускай мовы і літаратуры;

▪ забяспечыць набыццё вучнямі трывалых ведаў па беларускай мове і літаратуры;

▪ развіваць інтэлектуальныя і маўленчыя здольнасці вучняў;

▪ фарміраваць здольнасць вучняў ажыццяўляць паўнавартасныя стасункі ў працэсе камунікацыі, самастойна вырашаць розныя задачы ва ўсіх сферах жыцця;

▪ садзейнічаць станаўленню ў вучняў уменняў партнёрства і супрацоўніцтва; выхоўваць грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны;

▪ праз метад групавога абмеркавання спрыяць ўразуменню кожным удзельнікам свайго ўласнага пункта гледжання, развіццю ініцыятывы, а таксама развіваць камунікатыўныя якасці і ўменні.

Асаблівую цікавасць у згаданым кантэксце, на наш погляд, уяўляюць магчымасці комплекснага выкарыстання наступных тэхналогій:



  • тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо (Н. Суворава),

  • модульнай тэхналогіі (П. Траццякова, Т. Шамава),

  • тэхналогіі праблемнага навучання (Дж. Д’юі),

  • тэхналогіі педмайстэрняў (А. Акунёў),

  • тэхналогіі асобаснай арыентацыі (С. Астравумаў).

Найбольш значнай супярэчнасцю ў фарміраванні перспектыўнага педагагічнага вопыту з’яўляецца існаванне разнастайных эфектыўных адукацыйных тэхналогій і складанасць іх хуткай адаптацыі да канкрэтных умоў навучання вучняў. Кожны вучнёўскі калектыў, па сутнасці, “індывідуальны” і мае адметныя асаблівасці як у дачыненні да ўзроўню базавай падрыхтоўкі па дысцыплінах, так і па матывацыі да вучэбнай дзейнасці. На наш погляд, менавіта гэтыя фактары найперш уплываюць на выбар выкладчыкам той ці іншай педтэхналогіі. Тым не менш, неабходнасць тэхналагізацыі вучэбнага працэсу (як ужо адзначалася раней) патрабуе ад настаўніка ўмення не толькі адаптаваць тэхналогію да ўмоў навучання, але і знайсці тыя аргументы, якія дапамогуць зацікавіць абыякавага да навучання чалавека, раскрыць патэнцыяльныя здольнасці кожнага вучня. Менавіта праз комплекснае выкарыстанне педагагічных тэхналогій можна выявіць тыя рэсурсы ва ўдасканаленні адукацыйнага працэсу, што часам з’яўляюцца не зусім відавочнымі пры традыцыйнай арганізацыі выкладання.

Этапы станаўлення нашага вопыту:

  1. Разгляд сучасных педтэхналогій як аб’екта метадычнага вывучэння.

  2. Комплекснае выкарыстанне метадаў і прыёмаў тэхналогій развіцця крытычнага мыслення, модульнага навучання, праблемнага навучання, асобаснай арыентацыі, педмайстэрняў.

  3. Раскрыццё рэзерваў комплекснага выкарыстання адукацыйных тэхналогій як умовы развіцця камунікатыўнасці вучняў.

Пяць асноўных накірункаў нашай дзейнасці пры комплексным спалучэнні педтэхналогій у вучэбным працэсе адлюстраваны на малюнку 2.

Малюнак 2 – Накіраванасць дзейнасці ў працэсе комплекснага выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій пры навучанні беларускай мове
Для эфектыўнай арганізацыі працы па розных педтэхналогіях варта асаблівае значэнне надаваць матывацыі, псіхалагічнай падрыхтоўцы да працы. Немалаважным бачыцца актыўнае ўключэнне школьнікаў у пазнавальна-пошукавую дзейнасць, пры якой яны становяцца суб’ектамі навучання – даследуюць моўныя з’явы, вылучаюць істотныя прыметы, абагульняюць іх, абстрагуюцца ад прыватнага і робяць уласныя высновы (у выніку не толькі паглыбляюцца веды аб моўных адзінках, але і развіваецца здольнасць будаваць вуснае паведамленне на розныя тэмы – здольнасць параджаць маналагічнае маўленне).

Варта дадаць, што рэалізацыя інтэрактыўнага навучання (а менавіта з ім мы маем справу пры навучанні па розных педтэхналогіях) ва ўмовах сучаснай школы звязана перш за ўсё з прынцыпамі актыўнай і апасродкаванай камунікацыі. Беларускія вучоныя-метадысты адзначаюць, што ў працэсе навучання беларускай мове яны часткова перакрыжоўваюцца. У адпаведнасці з прынцыпамі актыўнай камунікацыі граматыка ставіцца ў залежнасць ад тэматыкі элементарнага суразмоўніцтва. Прынцып апасродкаванай камунікацыі, наадварот, дэкларуе значнасць засваення граматыкі праз рэалізацыю функцыянальнага аспекту мовы ў працэсе працы з кнігай і суразмоўніцтва, паэтапна наладжанага на ўсіх навучальных стадыях. Неабходна засяродзіць увагу менавіта на спалучэнні вышэйзгаданых прынцыпаў у навучанні, бо своеасаблівасць соцыялінгвістычнай сітуацыі вымагае асобай стратэгіі і тактыкі выкладання, іх карэляцыі з сацыяльна-культурнымі патрэбамі чалавека ў моўнай практыцы.

Развіццё псіхічнай функцыі мыслення напрамую злучана з узрастаннем складанасці самой структуры думкі. Ад таго, як пабудавана думка, залежыць развіццё ўсіх разумовых аперацый, таму працэс навучання, з аднаго боку, абапіраецца на скончаныя цыклы псіхічнага развіцця і гаворкі ў пэўным узросце, з іншага – патрабуе ад асобы адпаведных ведаў пра законы мовы, нормы і правілы вуснай і пісьмовай гаворкі. Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнтнасці школьнікаў – складаная і адказная задача сучаснай школы. Новая школа вырастае са "старой адзежы" – скінуўшы яе, яна рухаецца ў будучыню, дзе ў інавацыйных формах навучання захоўвае лепшыя традыцыі мінулага, стварае ўзоры сучаснай адукацыі, пабудаванай на паслядоўным развіцці мыслення і гаворкі.

Для сённяшніх школьнікаў неабходны такі тып навучання, пры якім яны будуць бесперапынна знаходзіцца ў пошуку, вырашаць новыя для іх праблемныя задачы, дзякуючы чаму набудуць веды, вопыт, авалодаюць спосабамі творчай дзейнасці.



Комплекснае выкарыстанне на ўроках педагагічных тэхналогій сведчыць, што яны дапамагаюць фарміраваць у школьнікаў вызначаныя праграмай лінгвістычныя і літаратуразнаўчыя паняцці, развіваць мову і маўленне вучняў, што неабходна падлетку для паспяховай сацыялізацыі і нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі ў грамадстве.

На нашу думку, прапанаваныя матэрыялы могуць знайсці дадатковае выкарыстанне ў школах пры выкладанні беларускай мовы і літаратуры. Акрамя таго, мы бачым перспектыву для будучай працы ў накірунку далейшай тэхналагізацыі вучэбнага працэсу для забеспячэння больш поўнага ўвасаблення міжпрадметных сувязей і працэсу інтэрактывізацыі дзейнасці навучэнцаў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка