І пра вайну нічога не забыта




Дата канвертавання02.07.2016
Памер58.81 Kb.
І пра вайну нічога не забыта.
Патрыятычны ўрок да 65-годдзя вызвалення Беларусі і Докшыцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На патрыятычную гадзіну запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
Гучыць беларуская мелодыя.
Чытальнік: ( на фоне музыкі)
Любы Докшыцкі край…

Мая калыска, жыццё маё, прытулак мой.

З гарачаю любоўю нізка

Схіляемся перад табой.


Звіняць крыніцы, як цымбалы,

Сцяжынкі свецяць у лясах.

Палі, узгоркі, перавалы,

Прасторны шлях, далёкі шлях.


Мясціна славы партызанскай,

Мясціна міру і даброт,

Ты – наша гордасць, наша слава,

Як сонца, добры наш народ.


Вяд. 1: Вайна – гэта самая старажытная людская трагедыя. Калі б людзі помнілі і ніколі не забывалі ўсё гора, жах, пакуты, страх, прынесеныя чалавецтву войнамі, то на зямлі не гучалі б больш стрэлы.
Вяд. 2: Прайшло шмат часу з дня вызвалення Беларусі і нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хоць гады аддаляюць нас ад тых гераічных падзей, што праходзілі на беларускай зямлі, але ніхто не забыты, нішто не забыта. Ад імя маладога пакалення выступіць Сіляўская Вольга. (Выступленне).
Вяд. 1: Усё ідзе наперад, такі закон жыцця. Але ў святах, у буднях працоўнага дня мы не павінны забываць пра подзвігі нашых дзядоў і бацькоў. Нямногія з іх прайшлі ўсю вайну, нямногія пачулі пераможныя залпы ў Берліне.
Чытальнік: Колькі рэк пераплыў, колькі падаў,

Колькі цяжкіх прамерыў дарог!

Не баяўся атак і снарадаў,

Страх смяротны ў баях перамог.

Яго сэрца было не са сталі.

Ён – упаў.


Не паспеў пасівець,

Каб пасля з вышыні п’едэстала

На жывых блаславёна глядзець.

Ю.Свірка
Вяд. 2: Шматпакутная зямля Беларусі пасвенчана крывёю загінуўшых воінаў. Легендай авеяны подзвігі герояў, якія змагаліся на беларускай зямлі. Вецер часу развеяў попел спаленых вёсак, засыпаў акопы, партызанскія зямлянкі, але памяць народа будзе вечна берагчы слаўныя справы сыноў і дачок. Мы заўсёды будзем помніць тых, хто не вярнуўся з поля бою.


Гучыць песня “В землянке”, муз. К. Лістоў, сл. А. Суркова.
Вяд. 1: Гэты дзень пачаўся не ціхім росным світанкам, а грукатаннем бомб, скрыгатам сталі. Усё, што было дагэтуль, адсеклі гарматныя залпы, змяшалі з дымам і крывава-чырвоным агнём. Многія маці адзначаць гэты дзень чорнай датай. На многіх палянках з’явяцца першыя ўзгоркі.
Вяд. 2: Гэта было 22 чэрвеня 1941 года. Пройдуць дзесяцігоддзі і вякі, але чалавецтва заўсёды будзе помніць гэту горкую дату пачатку самай страшэннай вайны.
Чытальнік: Што Даты? Гэта толькі вехі

Гісторыі.

А для салдат,

Чые навек закрыты вейкі,

Няма ўжо дат, ніякіх дат.
За рысай той – маўкліва, пуста,

І на дарогах крыжавых

Узводзім помнікі і бюсты

Мы не для іх, а для жывых.


І для дзяцей, каб не зблудзілі

У гушчары нікчэмных дат.

Каб памяць песні нарадзіла

Аб неўміручасці салдат.


Вяд. 1: Першымі на свае плечы прыняла ўсе жахі вайны наша беларуская зямля. Але не скарыўся беларускі народ. Больш чым два непакорныя сыны і дочкі Беларусі чакалі шчаслівага дня вызвалення, вялі рашучую і самаадданую барацьбу ў тыле ворага.
Вяд. 2: Нялёгка дасталася нам гэта перамога. На зямлі беларускай фашысты знішчылі звыш 3 мільёнаў мірных жыхароў, разбурылі і спалілі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, звыш 9 тысяч сёл і вёсак.
Вяд. 1: Усё далей і далей аддаляюцца ад нас страшэнныя гады вайны.Вырасла не адно пасляваеннае пакаленне. Зарубцаваліся раны ветэранаў, але баляць яшчэ раны на сэрцы. Не звіняць дзіцячыя галасы ў сотнях вёсак і сёл, спаленых фашыстамі разам з жыхарамі, няма сёння з намі кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, загінуўшага ў гады вайны.
Чытальнік: Зямля мая бой прымала

ад стара і да мала, ад стогадовага Талаша

да Казея-малыша.

І падаў, распасцёрты,

кожны чацвёрты.
Часта згаралі знічкі тады.

Быў небасхіл чорны.

А на зямлі стылі сляды –

кожны чацвёрты.


Мір асвяціў нас сваім святлом.

Грымелі ўрачыста акорды.

Толькі не быў за святочным сталом

кожны чацвёрты.


Доўга не трацілі ўдовы надзей,

доўга чакалі маці дзяцей.

Не верылі усё, што мёртвы

кожны чацвёрты.


Помнім мы болі і страты свае

памяць шуміць, як чароты!

О як нам вас нестае –

кожны чацвёрты!


Вяд. 2: Цяжкая доля дасталася і жыхарам нашага раёна. У раёне загінула звыш 20 тысяч чалавек, ці кожны трэці жыхар раёна. Амаль няма сям’і, няма дома, якіх не кранула б ваеннае гора. Разбурана і спалена 107 мірных вёсак. Ніколі не будуць звінець дзіцячыя галасы ў вёсках Азарцы, Залатухі, Шунеўка. Гэтыя вёскі былі спалены разам з мірнымі жыхарамі.
Чытальнік: Тут у полі свецяцца бярозы.

А на плітах прозвішчы гараць,

20 тысяч… камянеюць росы,

Слёзы камянеюць, гэта ж – раць.

А ў полі зноў рунее жыта

І жаўрук, як і спрадвек, пяе,

Толькі нам насустрач незабыты

Ні адзін баец не ўстае.


І за іх тут жнуць і сеюць людзі,

І за іх у сінь нябёс глядзяць,

А зямлі прастрэленыя грудзі

Праз гады ўжо, а як смыляць.


Вяд. 1: Але не скарыліся людзі нашага раёна перад фашысцкай навалай. Ужо ў верасні 1941 года ў раёне былі арганізаваны першыя фарміраванні народных мсціўцаў.
Вяд. 2: Докшыцкая зямля – гэта край партызанскай і воінскай доблесці. У гады вайны на тэрыторыі раёна дзейнічала 12 партызанскіх брыгад і атрадаў.
Вяд. 1: У летапіс Вялікай Айчыннай вайны жыхары раёна ўпісалі шмат яркіх старонак, здзейснілі легендарныя подзвігі. У снежні 1942 года быў вызвалены Бягомль і з таго часу і да прыхода Чырвонай Арміі тэрыторыя былога Бягомльскага раёна, плошчай у 2 тысячы квадратных кіламетраў з насельніцтвам 40 тысяч чалавек, поўнасцю кантралявалася партызанамі. У Бягомлі дзейнічаў партызанскі аэрадром.
Вяд. 2: 2 ліпеня 1944 года адбылася знамянальная падзея ў жыцці раёна. Прыйшло доўгачаканае вызваленне ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.
Чытальнік: Ён вызваленне нёс у нашы хаты,

Хаця ўсе хаты спалены былі.

Адплаты ўсім хацелася, адплаты,

Каб вораг нашай не таптаў зямлі.


Выходзілі аброслыя з блакады,

Выходзілі галодныя з балот.

Ішлі пад грукат новай кананады,

Пад жорсткі і крывавы абмалот.

Для нас, малых,

Той ліпень – вызваленне.


Вайна ўжо заставалася былой.

А ўсіх мужчын ён вёў у наступленне,

Нестраявых – у строй стаўляў, у строй!
Прывыклі заглядаць у вочы праўдзе

І не схіляць ад страху галавы.

І ў строй яны пасталі па камандзе,

Хаця з іх кожны быў нестраявы

.

Усхліпвалі жанчыны. У адчаі,



Заплаканыя, гладзілі малых.

І сувязь, што іх з любымі злучала,

Цяпер ужо трымалася на іх.
Ніхто не мог нічога перайначыць,

Ішлі да абгарэлых каміноў.

І енчыў вецер сіратлівым плачам,

Хістаўся, не знаходзячы вуглоў.


Ліпнёвы вецер нам здаваўся стылым,

Прапахлы горкім порахам, крывёй…

Перадавая гаманіла з тылам

І адгукаўся тыл з перадавой.



Ю.Свірка
Вяд. 1: Сёння мы не можам не ўспомніць пра ветэранаў, тых людзей, якія дажылі да шчаслівага дня вызвалення.

(Ідзе расказ пра ветэранаў).
Вяд. 2: Шматпакутная Докшыцкая зямля акроплена крывёю загінуўшых воінаў. Легендамі авеяны подзвігі герояў-землякоў, якія змагаліся на беларускай зямлі; мы заўсёды будзем помніць тых, хто не вярнуўся з поля бою.

(Ідзе пералік загінуўшых).
(Гучыць песня «Жураўлі на палессе ляцяць» сл.А.Ставера,муз.И.Лучанка).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка