I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей




Дата канвертавання17.05.2016
Памер91.81 Kb.
Цюцік

1

Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў і ніяк не называўся,— жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам са сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала і лізала, пяшчотна і многа. Было яшчэ нешта другое — маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне і, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком і ўсё мармытала, усё пахныквала...



Пасля цюцік стаў бачыць і ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом і соскамі — гэта яго мама, калматая сўка Муха, а цёпленькі мармытун — брат, такі самы шчанюк, як і ён. 3 ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары і ў будзе на саломе.

I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.

Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы і глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, і не хацелася нават носа высаджваць на двор.

Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні і паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра іх, але ніхто не чапаў.

А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй і глядзіць на шчанят. Пасля гэта — шлэп, шлэп у лапцях — падышоў да буды.

—І-і,— кажа,— якія харошанькія!

Усадзіў у буду руку і пагладзіў іх, прыгаворва-ючы: «Цюценькі, цюцькі...» За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.

3 хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.



  • Я ж кажу, чалавеча,— гаварыў дзед,— бяры хоць абодвух, балазе і сукі няма.

  • Дзе там, дзеду, абодвух,— адказаў дзядзька,— будзе мне і з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.

  • Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.

  • Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.

  • Я ж і кажу — часцей нос падціраў бы.

  • А ўжо ж неяк там будзе.

  • Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?

  • Мяшэчак вось...

I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.

—Дзяржы ж, т'каля. Я ж кажу — ядуць усё, як старыя, і ў роце чорна: злосныя.

Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, і апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, і цюціку зрабілася цём­на. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах і паехаў.

Была позняя, шэрая восень, гразка, і на звілістых лясных дарогах — глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала і трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно і жаласна пахныкваў.

Лесам, лесам, пералескамі — і дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі і заснуў.

2

Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, а ў другую — мяшок з цюцікам і пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, і дзеці яго, Міхась і Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..



—Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком.— Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!

I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.



  • Сабачка! Мама, сабачка! — закрычалі Міхась і Волька.— Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, і лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы... Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!

  • Яшчэчагонебыло,— аказаласямаці.— Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, і гэтага звяду! Не бачыла смуроду!

  • От ты сціхні,— адказаў ёй бацька.— Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!

Ён распрануўся і сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені і спытала, пазіраючы ў вочы:

—А што мы яму, тата, есці будзем даваць?



  • От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? — адказаў тата і пагладзіў Вольку па галоўцы.

  • Пэўна,— аказалася ад печы мама.— Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! — паставіла яна на стол капусту.

Але бацька ўстаў і пайшоў да паліцы, на якой стаялі збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.

—Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!

А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў і ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь і ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.

Міхась і Волька падскаквалі ад радасці і смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну і таксама смяяўся.

А той, за каго пасварыліся — галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,— хлябтаў, разгірачыўшыся, і толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам і ўвачавідкі таўсцеў.
3

Маму звалі цётка Алена.

I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна іх з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:

—А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!

Шэраму пеўню пападала па пер'і, і, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча -— дурная баба...

—Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!

На «шчадра» цётка Алена накарміла іх куццёй у вялікім абручы з кадушкі, і неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву і на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.

—Ёсць! — крыкнуў Міхась.— У гэтым куточку яйцо, а ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!

Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі і цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой і кудахнула.

—Ну, вылазь, а то спудзіш яе! — гукнула маці пад печ, і Міхась вылез на хату.

—Мне зварыш, мама, мне! — затупала Волька. А Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад

радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам і аблізаўся.

—Яшчэ чаго не было!— крыкнула мама.— Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!

Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў і лёг у сваім кутку.

Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання і лічы, што як дзядзькі дома няма, дык і паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка і панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях і дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй і яе пякучымі махрамі...

Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі знайшла.

Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля — нюх, нюх, нюх,— пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў — цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.

— О, гэта дык але! — стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух і давай яго сцябаць, прыгаворваючы: « А я табе! А я табе!» А цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор і шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.

Снегу было няшмат, і цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць — заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай... Плот быў новы і зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор — не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай... «Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!..» Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.

Чыкіляў, чыкіляў цюцік і апынуўся пад нейкім гумном. 3 дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы і пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу і палез на падворак. Пуста навокал, і сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў і палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх... Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам — шшух! — і паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся і ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, і ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк і прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай і сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.

«Ну,— падумаў цюцік,— прападу я тут за нішчымны квас...»

4

У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, а хатніх — няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма — і Сцяпан, і Настуля, і Рыгорка.



—А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.

Бабуля апранула кажушак, узяла кошык і патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык і ну ступаць на лесвічку.



  • А-я-яй! — заенчыла нешта адтуль.

  • Пан Бог з намі — што ж гэта? — Уздрыгнулася бабуля ды ходу.— Хай яго ліха, што ж гэта? — Пастаяла, падумала.— Пайду хіба газоўку вазьму.

Але старая і з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, і бабуля ім расказала.

  • Хадзем! — сказаў Рыгорка. Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.

  • А мо не лезь, унучак, хай яго... Шаркнула запалка, і ў жарале засвяцілася.

  • Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты! 3 ямы пачулася пахныкванне.

Цюціка дасталі і панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.

—Бедненькі, цюцька, галодненькі,— шкадавала яна.



  • Хай яго! Толькі напалохалася,— смяялася бабуля.— Дальмала: што за звер?..

  • От, бедавалі па Лыску. От і сабака будзе. Бачыш, які ладны,— казаў тата, папыхваючы люлькай.

Налілі цюціку капусты.

  • Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! — смяяўся тата.

  • Нейкая ж зараза ножку перабіла,— гаварыў Рыгорка, прыглядаючыся.

Тата адкашляўся і плюнуў.

  • Мала хіба дурняў на свеце,— сказаў ён і зноў зацягнуўся дымам.

  • От дзе — буху, буху, як у бочку, а ўсё смокча махнушу гэтую,— сказала мама.

А бабуля Хвядося:

—Што ж ты,— кажа,— другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа...

А цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.

Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў і палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў і пайшоў.

Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем і аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала і, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што і яна ўжо ведае пра ягоную крыўду і шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць...

Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы і мляўкі!



Цюцік скурчыўся і шчасліва заснуў.
1937





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка