І. М. Саматыя (Мінск) вывучэнне тэкстаўтваральнай ролі парадку слоў на ўроках беларускай мовы ў 8 класе




Дата канвертавання30.04.2016
Памер122.35 Kb.
І.М. Саматыя (Мінск)

ВЫВУЧЭННЕ ТЭКСТАЎТВАРАЛЬНАЙ РОЛІ ПАРАДКУ СЛОЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў 8 КЛАСЕ

Каб авалодаць уменнямі будаваць тэкст лагічна, паслядоўна, захоўваючы правілы яго кампазіцыйнага афармлення, неабходна ўмець выкарыстоўваць тэкстаўтваральныя функцыі адзінак мовы на структурным узроўні, г.зн. ведаць і выкарыстоўваць тыя іх магчымасці, якія праяўляюцца ў такіх тэкставых катэгорыях, як звязнасць, цэласнасць, завершанасць, праспекцыя, рэтраспекцыя. Вывучэнне гэтых функцый мэтазгодна звязаць з вывучэннем сінтаксічных паняццяў, перш за ўсё сказа і тых катэгорый, якія рэалізуюцца ў яго структуры. Гэтае палажэнне можа быць абгрунтавана перш за ўсё тым, што іменна ў сінтаксісе найбольш паслядоўна і выразна праяўляюцца адносіны мовы да мыслення. Першачарговай задачай пры вывучэнні сінтаксічных паняццяў ў школьным сістэматычным курсе сінтаксісу, як лічыць Н.А. Іпалітава [1, с. 102], “з’яўляецца навучанне школьнікаў выкарыстанню знаёмых ім сінтаксічных паняццяў для сувязі асобных сказаў і частак тэксту, для прыдання яму кампазіцыйнай формы”.

Прыступаючы да вывучэння таго ці іншага паняцця, неабходна вызначыць кола з’яў, што звязаны з яго тэкстаўтваральнымі функцыямі, якія могуць быць асэнсаваны школьнікамі з улікам зместу праграмы, матэрыялаў падручніка і ведаў, атрыманых імі на папярэдніх этапах навучання. Так, напрыклад, у ходзе вывучэння тэмы “Парадак слоў у сказе” патрэбна паказаць школьнікам, якую ролю ў стварэнні тэксту выконвае мэтазгоднае размяшчэнне слоў у структуры сказа, якім чынам гэтая акалічнасць звязана са зместам выказвання ў цэлым. Для гэтага пажадана звярнуць увагу школьнікаў на наступнае: “парадак слоў як сродак рэалізацыі сувязі сказаў у тэксце; змяненне парадку слоў у структуры тэксту як пераход да новай часткі; залежнасць парадку слоў ад жанру тэксту” [1, с. 104–105].

Аналіз структурна-семантычных асаблівасцей вывучаемых катэгорый пераконвае, што іх тэкстаўтваральныя функцыі праяўляюцца ў звязных выказваннях розных тыпаў. Значыць, вывучэнне дадзеных тэм павінна быць забяспечана серыяй тыпізаваных кантэкстаў, у якіх праяўляюцца структурна-семантычныя і тэкстаўтваральныя функцыі аналізуемых сінтаксічных паняццяў. Відавочна, што адабраныя тэксты павінны валодаць пэўнымі жанравымі і стылістычнымі прыметамі. Гэта вызначаецца зместам працы па развіцці маўлення ў цэлым.

У традыцыйнай школьнай практыцы пры вывучэнні тэмы “Парадак слоў у сказе” выкарыстоўваюцца тэрміны прамы і адваротны парадак слоў [2, с. 63]. Пры гэтым адваротны парадак слоў звязваюць з паняццем інверсіі як прыёму ўзмацнення выразнасці маўлення.

Аднак ці могуць гэтыя звесткі служыць асновай для засваення сінтаксічных і стылістычных нормаў размяшчэння слоў у сказе?

Напрыклад, настаўніку патрэбна паказаць памылкі, дапушчаныя вучнямі ў наступных сказах: 1. Вучні дакладна павінны засвоіць гэтае правіла. 2.У краме праводзіцца выстава-продаж тавараў для дзяцей вясенне-летняга асартыменту. 3.Дзядуля гадоў сямі-васьмі меў унучку. 4.У пакоі стаяў стол, зроблены з дубу на адной точанай ножцы. 5.Аўтамашына набрала хуткасць з небяпечным грузам. Ці можна растлумачыць вучням памылкі ў размяшчэнні слоў, абапіраючыся на звесткі аб прамым ці адваротным парадку слоў? У прыведзеных прыкладах парушаны асноўны закон сінтаксісу – размяшчэнне слоў перашкаджае ўстанаўленню паміж некаторымі з іх тых граматычных сувязей і сэнсавых адносін, якія мелі на ўвазе аўтары. З-за няправільнага размяшчэння парадку слоў разбурыліся словазлучэнні, якія аўтары хацелі выкарыстаць пры стварэнні сказаў (дакладна гэтае правіла ці засвоіць дакладна; выстава-продаж вясенне-летняга асартыменту ці дзеці вясенне-летняга асартыменту; дзядуля ці ўнучка гадоў сямі, стол ці дуб на адной ножцы, аўтамашына ці хуткасць з небяпечным грузам.

Аналіз такіх прыкладаў дазваляе падкрэсліць важнасць вывучаемай тэмы: адступленні ад нормаў размяшчэння слоў у сказе ўскладняюць, а часам і скажаюць сэнс выказвання, прыводзяць да камічнасці (дзядуля гадоў сямі-васьмі).

Другая сітуацыя. Настаўнік просіць вызначыць, прамы ці адваротны парадак слоў у прапанаваных сказах:

1.Раніца марозная з дрэў збівае медзь (А.Пісьмянкоў). 2.Аднойчы вечарам калабок каціўся па лузе, нібы клубок, румяны, крамяны, у краме не куплены (П.Макаль). 3.Мы п’ём гарачую гарбату з мёдам майскім упрыкуску (Л.Пранчак).

У вучняў узнікаюць цяжкасці: што браць пад увагу – размяшчэнне дзейніка і выказніка ці размяшчэнне даданых членаў сказа. Калі прымаць пад увагу размяшчэнне дзейніка і выказніка, патрэбна сказаць, што ў сказах прамы парадак слоў. Калі ж меркаваць аб парадку слоў па размяшчэнні даданых членаў (раніца марозная; клубок крамяны, румяны, у краме не куплены; мёдам майскім), яго прыдзецца прызнаць адваротным.

Сітуацыя наступная. Ці сустракаецца ў прыведзеным ніжэй тэксце інверсія?



Беглі дні, і памалу канчалася восень. Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі. З дня ў дзень губляла блакітную празрыстасць неба і, усё часцей хмурнеючы, як бы ніжэй апускалася да зямлі. Цьмянасцю пакрыліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды...

Але ўсё яшчэ сярод хмарных здараліся і пагодлівыя дзянькі, калі зямля, здавалася, на поўныя грудзі дыхала цеплынёй, а навокал стаяла такая яснасць, што курлыканне адлётных журавоў чутно было ў небе на многія вёрсты (У. Краўчанка).

Інверсіі няма, а парадак слоў у адных сказах прамы (дзейнік папярэднічае выказніку), а ў іншых – адваротны ( выказнік папярэднічае дзейніку). Як гэта растлумачыць?

Справа ў тым, што звычайны парадак размяшчэння дзейніка і выказніка (саставу дзейніка і выказніка) у сказе залежыць ад тыпу тэксту, у якім сказ выкарыстаны. У тэкстах-апісаннях пры звычайным парадку слоў спачатку ідзе састаў выказніка, затым – дзейніка. Напрыклад:

Ціхая ноч ляжала над Палессем.

Аднатонную песню вялі колы вагонаў. Бясконцы рой залатых іскраў выпускаў паравоз, агністаю палоскаю вызначаючы сабе дарогу. Ціха гулі і судрыгаліся балоты побач чыгункі, дзе бегла машына. Раскаціста і гучна грымелі салаўі: звону іх песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Месцамі ўзнімаўся белаваты туман і нерухома звісаў над маладымі асокамі цёмнымі абрысамі разложыстых купчастых лазнякоў. I калі спынялася машына на станцыях і паўстанках і заціхаў шум поезда, з балот даносіліся хвалі незвычайна мяккіх зыкаў крахтання жаб. Нейкі невыразна маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі, як бы яны апавядалі гэтай ціхай ночцы і гэтым людзям, што не спалі, адвечную скаргу сваю і смутак свой (Я. Колас).

У апавяданні і разважанні звычайным з’яўляецца іншы парадак: спачатку дзейнік , потым – выказнік. Напрыклад:



Аднойчы я заначаваў у жыце, што красавала на лясной прагаліне. Уранні нехта схіліўся нада мной. Я ўбачыў невысокага, уроўні з жытам, сівога дзядка ў палатнянай кашулі. Стары прыгнуў сцябліну і коласам кратаў мой твар, а сам мружыў вочы і хітравата пасміхаўся.

Я адразу сцяміў, што перада мною – Бялун... (А. Мінкін).

У словазлучэнні звычайны парадак слоў не залежыць ад таго, у якім тыпе тэксту яно выкарыстоўваецца. Тут прасочваецца залежнасць ад спосабу падпарадкавальнай сувязі слоў.

Звесткі пра парадак слоў, як лічыць А. Ю. Купалава [3, с. 143], будуць больш дакладна служыць інструментам удасканалення маўлення, калі размежаваць матэрыял, які падпарадакоўваецца розным заканамернасцям:

– звычайны парадак слоў у словазлучэнні;

– звычайны парадак размяшчэння складу дзейніка і складу выказніка.

Для таго каб вучні ўсвядомілі, чым вызначаецца звычайны парадак слоў у словазлучэннях, члены якога спалучаны рознымі спосабамі падпарадкавальнай сувязі, можна прапанаваць для аналізу схемы:



1)~~~~~~ + (дапасаванне)


2) + --------

~~~~~ (кіраванне)

-.-.-.-.-.




3) + -.-.-.-.

~~~~

(прымыканне)

-.-.-.-. +


Перад вучнямі ставіцца пытанне: “Што адлюстравана ў схемах?”

Калі для іх задача будзе складанай, можна прапанаваць план дзеянняў, які вызначае паслядоўнасць аналізу:

1.Чым адрозніваюцца схемы словазлучэнняў?

(Месцам залежнага слова, яго сінтаксічнай роляй, спосабам сувязі паміж галоўным і залежным членамі словазлучэння. Напрыклад:

+

1) цікавае апавяданне (дапас.);



+ + +

2) апублікаваць апавяданне; апавяданне без канцоўкі; апублікаваць у часопісе (кіраванне);

+ +

3) апублікаваць восенню; апублікаваць знарок (прымыканне).



+ ^

хутка апублікаваць (прымыканне прыслоўя на –а).

2. Якая з гэтых прыкмет з’яўляецца для нас патрэбнай у адпаведнасці з тэмай урока? (Размяшчэнне залежнага слова ў адносінах да галоўнага.)

Ці важна для вызначэння звычайнага парадку слоў у словазлучэнні, якую сінтаксічную ролю выконвае яго залежны член? (Не, на схемах паказана, што, напрыклад, азначэнне ў словазлучэнні можа быць размешчана і перад галоўным словам, і пасля яго.)

4. Чаму і навошта ў схемах паказаны спосабы сувязі слоў у словазлучэнні? ( У залежнасці ад гэтай прыметы вызначаецца звычайны парадак слоў у словазлучэнні. Пры дапасаванні залежнае слова звычайна стаіць перад галоўным, пры кіраванні і прымыканні – пасля яго, за выключэннем выпадкаў прымыкання прыслоўяў на -а, якія пры звычайным парадку слоў могуць ужывацца і перад галоўным словам, і пасля яго.)

Значыць, каб пракантраляваць, ці правільна пабудавана словазлучэнне з пункту погляду парадку слоў, патрэбна вызначыць, якім спосабам яны звязаны, успомніць і прымяніць правіла ці праверыць сябе па прапанаваных схемах. Такім чынам, схемы могуць мець навучальную функцыю і быць сродкам самакантролю.

Зразумець, чым выкліканы асаблівасці звычайнага размяшчэння дзейніка і выказніка ў тэкстах розных тыпаў (апісання, апавядання, разважання і іх спалучэнняў), дапамогуць заданні, у якіх ёсць пытанні, якія скіроўваюць на гэта:

1. Прачытайце тэкст. Да якога тыпу маўлення ён адносіцца? На чым засяроджана ўвага: на прадметах (асобах) ці на дзеяннях? (Для назірання можна выкарыстаць тэксты практыкаванняў з падручніка і дыдактычнага матэрыялу [4, 5]).

Такую працу пажадана праводзіць на розных этапах засваення курса роднай мовы. Напрыклад, выкрыстоўваючы пры вывучэнні параўнанняў і параўнальных зваротаў, іх функцыі ў маўленні, не астаўляем па-за ўвагай, паўтараем ролю парадку слоў у тэкстах-апісаннях Івана Пташнікава. Пры стварэнні пейзажных замалёвак Іван Пташнікаў выкарыстоўвае разнастайныя мастацкія сродкі, асабліва адметныя параўнанні. Яскравы прыклад – часцінка восеньскага пейзажу з апавядання “Алені”:



Увосень, калі стаіць пагода, шасціць пад нагамі мох і трава сівец, гараць сіняватыя пупышкі верасу на пасецы – верас высокі, што трава ў лучках. Па ім поўзаюць мурашкі, вялікія з крылцамі, і лётаюць пчолы. Сядзе пчолка на верасовую галінку, калышацца, пасля нахіне яе аж да самай зямлі, абдыме ножкамі, перагнецца ўся, адтапырыць крылцы і лезе з галоўкай у маленькую кветачку. Пасля застыне, не кранецца, як памерла, -- п’е.

Або:


Вечарэла. У тым баку, дзе вёска, заходзіла сонца – і здавалася, загарэўся лес. Над ракой, дзе Старыя Вольхі,засінеўся туман, як дымок.

Ці:


У бярэзніку растуць і малыя сасонкі, дробныя, прыземістыя, з вярхамі, як парасончыкі, -- што кроп у гародзе.
2. Разгледзьце, які парадак размяшчэння дзейніка і выказніка ўласцівы для сказаў у тэксце-апісанні.

Ведаючы, што найбольш важнае слова звычайна выносіцца ў канец сказа, няцяжка растлумачыць, чаму ў апсісанні дзейнік размяшчаецца пасля выказніка: галоўнае ў апісанні – прадметы.

А ў апавяданні? Выкарыстоўваем тыя ж арыентавальныя пытанні да другога тэксту, дзе апавяданне змяняецца апісаннем і лёгка назіраць, як гэта адлюстоўваецца на парадку размяшчэння галоўных членаў у сказе.

У апавяданні галоўнае – дзеянне. І звычайнае месца саставу выказніка – пасля саставу дзейніка (параўнайце апавядальную і апісальныя часткі).

Атрымаўшы такую арыентавальную аснову, вучні па-новаму ўспрымуць выяўленчыя магчымасці незвычайнага парадку слоў у тэкстах, якія яны раней чыталі, магчыма, не звяртаючы ўвагі на ролю інверсіі. У прапанаваных прыкладах школьнікі бачаць пацвярджэнне, што засвойваць прамы парадак слоў як нейтральна-нарматыўны, а зваротны – як інверсію не мае сэнсу.

Аналізуючы тэксты, засяроджваем увагу васьмікласнікаў і на тым, што парадак размяшчэння галоўных членаў сказа служыць адным са сродкаў сувязі канструкцый, ствараючы іх паралелізм, рытмічную мелодыку тэксту. Напрыклад:

Звініць вярбы шкляное вецце,

Прымерзла неба да зямлі,

Балюе ў полі белы вецер.

У садзе снегіры, здаецца,

На снег ранеты атраслі.
І лес бясконцай таямніцай

У срэбры велічна стаіць.

У хмарах сонца залаціцца,

І рэчка срэбная іскрыцца

І берагі ў рамонках сніць.

М.Пазнякоў
Праца над тэмай праводзіцца практычна, у практыкаваннях і задачах. Тэарэтычныя звесткі, якія могуць прад’яўляцца вучням праз заданні, патрэбны ў гэтым выпадку не для завучвання і аднаўлення, а для арыенціроўкі ў матэрыяле. Важна псіхалагічна скіраваць школьнікаў на ўвагу да парадку слоў як важнаму сродку сінтаксічнай арганізацыі выказвання. Такім чынам, вучні выпрацоўваюць навыкі самакантролю правільнасці, дакладнасці і выразнасці ўласнага маўлення.

З мэтай навучання васьмікласнікаў супастаўляць граматычныя прыметы вывучаемага паняцця з яго камунікатыўнай функцыяй, вызначаць яго тэкстаўтваральную ролю як на семантычным, так і на структурным узроўні прапануецца прачытаць тэкст і падабраць да яго загаловак. Затым вучні дзеляць тэкст на часткі, адказваюць на пытанне, ці аднолькавы парадак слоў у сказах абедзвюх частак тэксту.Чым растлумачыць, што ў другой частцы тэксту парадак слоў мяняецца?



Веснавая цёплая ноч толькі што апранула зямлю і раскідала свае таемныя чары, поўныя крыху смутнага хараства. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе, а з-за лесу залатым пажарам узнімаўся кругам блішчасты месяц. Дробныя белыя хмаркі высцілалі яму дарожку сваімі лёгкімі празрыстымі тканінамі і расступаліся перад ім, скупануўшы ў яго бляску свае танкарунныя кудры.

Пахла зямля, багата акропленая расою. У сяле чуліся гаворка і песні. Смела ўразаліся ў цішыню ночы і бойка плылі за рэчку, тут яны ўпыняліся ў высокі бераг, адскоквалі назад і беглі ўздоўж яго па дузе лукі і заміралі ўжо за лугам (Паводле Я. Коласа).

Аналізуючы змест тэксту, вызначаючы яго жанр, стыль і будову, школьнікі прыходзяць да вываду, што змяненне парадку слоў прыводзіць да змены тэмы ў другой частцы тэксту: апісанне зрокавых прымет змяняецца апісаннем гукавых прымет веснавой ночы.

Для такога аналізу вучням прапануюцца адпаведныя тэксты з розных крыніц. Пажадана ўключаць і тэксты вучнёўскіх творчых прац, напрыклад:

Сасна-ветразь
На летніх канікулах я часта ездзіў з братам на рыбалку. Не заўсёды нам шанцавала з уловам, але затое кожны раз мы вярталіся з добрым настроем. Аднойчы выбраліся на Атолава. Гэтае возера выцягнулася ажно на дванаццаць кіламетраў. У ім шмат затокаў, сустракаюцца невялікія астравы. У тую суботу да палудня мы навудзілі цэлае вядро ладных плотак і краснапёрак. Па дарозе дамоў вырашылі зайсці на на могілкі, што непадалёку ад вёскі Кугоні.

Звычайныя вясковыя клады, нават не абгароджаныя. Мы абышлі вакол іх і спыніліся ўражаныя. Нашу ўвагу прыцягнула да сябе старая сасна з растапыранымі ў бакі галінамі і паламанымі сукамі. На таўшчэзным камлі ад самай зямлі і ледзь не да вершаліны выгнулася глыбокая чорная адмеціна. Я спачатку падумаў, што што дрэва наўмысна хтосьці падпаліў. А брат, калі падышоў бліжэй, сказаў, што вуглісты расшчэп – след ад удару маланкі. На ствале і галінах добра бачны адтуліны дзятлавых дуплаў. Каля аднаго дупла круціліся пчолы. А можа, восы? Дакладна не магу сказаць

Я не ведаю, колькі гадоў кугоніцкай сасне. Магчыма, трыста, калі не больш. Падобная яна на зялёны ветразь, пашкамутаны стагоддзямі, які гамоніць з роднай зямлёю, з небам і людзскімі сэрцамі. Такія дрэвы – жывыя помнікі нашай прыроды, Іх трэба берагчы (В.Навіцкі, Ушацкі раён. Часопіс сяброў прыроды “Лесавік”).

Вучні вызначаюць тып тэксту (апавяданне з элементамі апісання), аналізуюць ролю парадку слоў у розных часках тэксту.



Пры адборы тэкстаў для вывучэння парадку слоў у сказе і галоўных членаў сказа неабходна прыняць пад увагу, што праграмай [2] прадугледжана ў 8 класе напісанне паведамлення на маральна-этычную тэму; пераказ зместу кінафільмаў, урыўкаў з мастацкіх твораў, радыё- і тэлеперадач з выкарыстаннем двухсастаўных сказаў; напісанне тэкстаў, звязаных з працай людзей розных прафесій; абмеркаванне пэўнай падзеі ў форме дыялога; водгук на празаічны або вершаваны твор; напісанне віншаванняў афіцыйных пісем і сяброўскіх лістоў апісанне помніка гісторыі (культуры), і да т.п.


Літаратура


  1. Ипполитова, Н. А.  Текст в системе изучения русского языка в школе / Н.А. Ипполитова. – М.: Флинта, 1998. –127с.

  2. Бадзевіч, З.І. Беларуская мова: вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў з беларускай і рускай мовамі навучання / З.І. Бадзевіч, І.М. Саматыя. – Мінск: НІА, 2009.  – 279 с.

  3. Вучэбная праграма для агульнадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання: Беларуская мова: V-XI класы. – Мінск : НІА, 2012. – 55 с.

  4. Купалова, А.Ю. Изучение синтаксиса и пунктуации в школе / А.Ю. Купалова. – М. : Дрофа, 2002. – 256 с.

  5. Бадзевіч, З.І. Дыдактычны матэрыял па беларускай мове: 9-ы кл.: дапам. для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў з белар. і рус. мовамі навучання / З.І. Бадзевіч, І.М. Саматыя. – Мінск: НІА, 2007. – 168 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка