ы, -і: цэхі, дамы, азёры, моры не блытаць з адпаведнымі рускімі назоўнікамі, якія ў множным ліку заканчваюцца на –а




Дата канвертавання10.05.2016
Памер40.58 Kb.
Множны лік назоўнікаў

Трэба запомніць, што ў назоўным склоне (хто? што?) беларускія назоўнікі маюць канчаткі –ы, -і: цэхі, дамы, азёры, моры (не блытаць з адпаведнымі рускімі назоўнікамі, якія ў множным ліку заканчваюцца на –а). Аднак ёсць невялікая група назоўнікаў з суфіксам –анін/-янін (гараджанін, грамадзянін, селянін, англічанін), якія ў множным ліку заканчваюцца на – ане/-яне: гараджане, грамадзяне, сяляне, англічане.

Варта таксама звярянуць увагу на змену асновы некаторых назоўнікаў пры ўтварэнні множнага ліку:


  • дзяўчына – дзяўчаты (але калі гэты назоўнік спалучаецца з колькасным лічэбнікам 2, 3, 4, будзе ўжывацца форма дзяўчыны: дзве дзяўчыны);

  • назвы маладых істот: жарабя – жарабяты, кацяня – кацяняты, шчаня - шчаняты і да. т.п., а таксама слова зерне – зярняты;

  • неба – нябёсы, імя – імёны (але ёсць і варыянт імі), стрэмя – страмёны (стрэмі), аднак племя – плямёны;

  • пан – панове (клічная форма, якая можа ўжывацца побач з паны).

У родным склоне (каго? чаго?), калі звярнуцца да сучасных граматык і слоўнікаў беларускай мовы, назіраецца самы вялікі разнабой канчаткаў, перадусім абумоўлены родам назоўніка і тыпам асновы. Гэта і канчаткі –аў/-яў/-оў/-ёў, якія сустракаюцца ў назоўніках мужчынскага, ніякага і жаночага роду, і нулявы канчатак, перш за ўсё ўласцівы назоўнікам жаночага роду на –а/-я, і канчаткі –эй/-ей у назоўніках невялікай групы мужчынскага, ніякага і жаночага роду. Чаму ж гэтыя формы настолькі неўнармаваныя ў сучаснай беларускай мове і дасюль выклікаюць спрэчкі? Відаць, гэта звязана з пэўнай тэндэнцыяй да ўніфікацыі склонавых канчаткаў, якая дзейнічае не толькі ў нашай мове, але, напрыклад, і ў рускай (узгадайце канчаткі –а і –у ў назоўніках роднага склону адзіночнага ліку, дзе канчатак –а фактычна перамог). Калі ўзгадаць першыя спробы нармалізацыі сучаснай беларускай мовы, зробленыя Тарашкевічам у ягонай граматыцы, мы ўбачым, што перавага надавалася канчатку –аў і яго варыянтам перад усімі іншымі. Прычына гэтага палягае ў тым, што Тарашкевіч абапіраўся на заходнебеларускія гаворкі, у якіх гэтыя канчаткі дамінавалі (тут, праўда, трэба зазначыць, што гэта былі першыя спробы нармалізацыі, бо граматычная сістэма толькі пачынала складацца. Узгадайце разнабой з канчаткамі на старонках “Нашай нівы”, напрыклад). Аднак у 30-ыя гады, пасля сумна вядомай рэформы беларускага правапісу, пачалася штучная русіфікацыя нашай мовы, калі перавага надавалася формам, найбольш блізкім да рускіх, а тыя, якія адрозніваліся ад рускіх, апынуліся пад поўнай ці частковай забаронай. Такім чынам, натуральнае развіццё нашай мовы было фактычна спынена, адбылася сістэмная дэфармацыя, якая, у выніку, прывяла да заблытанасці і нелагічнасці, і плады якой мы пажынаем і да сёння.

Такім чынам, уніфікацыя канчаткаў у родным склоне – працэс натуральны, хоць і дагэтуль незавершаны. Таму назіраецца іх пэўная канкурэнцыя (але не варта забывацца, што ў нашых гаворках сустракаюцца ўсе гэтыя канчаткі) пры дамінаванні генералізаванага канчатка -аў з варыянтамі -яў/-оў/-еў/-ёў. Прычына распаўсюджання менавіта гэтага канчатка тлумачыцца перадусім рэакцыяй на гвалтоўную русіфікацыю, тэндэнцыяй адштурхоўвання ад рускай мовы.

Таму ў большасці выпадкаў, незалежна ад скланення назоўнікаў, гэты канчатак можа ўжывацца або як адзіна магчымы, або як адзін з варыянтаў: песняў і песень, магчымасцяў і магчымасцей. Аднак ёсць выпадкі, калі мы выкарыстоўваем іншыя канчаткі, на іх мы зараз і спынімся:


  1. Назоўнікі з канчаткам –эй/-ей. Да іх адносяцца формы вачэй, вушэй, плячэй, якія з’яўляюцца рудыметнамі парнага ліку, архаічныя формы кшталту коней, гасцей, лапцей, а таксама формы назоўнікаў жаночага роду з націскным канчаткам гусей, смярцей, часцей, абласцей, начэй. Дарэчы, у выпадку, калі назоўнікі коней, лапцей спалучаюцца з лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі словамі, ужывацца форма з канчаткам –ёў/-яў: 5 канёў, некалькі лапцяў.



  1. Нулявы канчатак маюць назоўнікі з асновай на г, к, х або на збег зычных, апошні з якіх г, к, х (тады з’яўляецца беглая галосная): рук, ног, суседак, кніжак.

Цікавая сітуацыя назіраецца з формамі год і гадоў. Назоўнік год заўсёды мае форму год у назвах: калгас “Сорак год Кастрычніка”. Форма гадоў заўсёды ўжываецца ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам: у сярэдзіне нулявых гадоў, у канцы дзевяностых гадоў. Калі ж спалучаецца з колькасным лічэбнікам ці словам з колькасным значэннем, то мае варыянтнасць: пяць год/гадоў, шмат год/гадоў. Форма з –оў звычайна пераважае ў словазлучэннях, другім кампанентам якіх выступае прыметнік: з маладых гадоў, цягам апошніх гадоў (аднак магчымае ўжыванне: з малых год).

У творным склоне (кім? чым?) некаторыя назоўнікі будуць мець варыянтныя канчаткі –амі/-ямі і – мі: конямі і коньмі, санямі і саньмі. Множналікавыя назоўнікі дзверы, грошы маюць паралельнія канчаткі –амі і –ыма: дзвярамі і дзвярыма, грашамі і грашыма.



Заданне

Пастаўце назоўнікі ў назоўным склоне множнага ліку:

Пяро – пёры

Прамень – промні, прамяні

Корань – карані, корані

Цяля – цяляты

Лес - лясы

Дзяўчына – дзяўчаты, але 2 дзяўчыны

Вуха – вушы, але 2 вухі

Неба – нябёсы

Зерне- зярняты

Поле – палі

Трактар - трактары



Пастаўце назоўнікі ў родным склоне множнага ліку, улічваючы магчымую варыянтнасць:

Горка - горак

Гумно – гумнаў і гумен

Крэсла – крэслаў і крэсел

Кнігарня – кнігарняў і кнігарань

Сястра – сёстраў і сясцёр

Сотня – сотняў і соцень

Свякроў – свекрывей

Ручка - ручак

Гусь – гусей

Грудзі – грудзей

Імя – імён, імёнаў і імяў

Грошы – грошай

Вішня – вішняў і вішань

Госця – госцяў

Госць – гасцей

Год – з 30-ых гадоў

Пастаўце назоўнікі ў творным склоне множнага ліку, улічваючы магчымую варыянтнасць:

Далонь – далонямі і далоньмі

Рэч – рэчамі

Вуха – вушамі і вушыма

Грудзі – грудзямі і грудзьмі

Людзі – людзьмі



Плячо – плячамі і плячыма

Косць – касцямі і касцьмі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка