Хто смяецца апошнім камедыя ў трох актах




старонка2/5
Дата канвертавання08.05.2016
Памер1.16 Mb.
1   2   3   4   5

З і н а. Ты ж ведаеш дзе.

З ё л к і н. Я-то ведаю... На машыне раскатвалася...

З і н а. Хто табе казаў?

З ё л к і н. Той, хто бачыў.

З і н а. Глупства! Бабскія плёткі!

З ё л к і н. Зінка, помні! Калі што якое, дык я цябе задушу вось гэтымі сваімі рукамі. Я зараз пайду да Гарлахвацкага і зраблю скандал. (Накіроўваецца да дзвярэй.)

З і н а. Пайдзі, пайдзі, ён табе ўстроіць, што і з работы паляціш.

З ё л к і н (спыняецца). Хацеў табе сказаць навіну цікавую, але калі ты такая — не скажу.

З і н а. Зёлачка, скажы, міленькі!

З ё л к і н. Дзяржаўная тайна.

З і н а. Магіла — нікому не скажу.

З ё л к і н. Нашага Чарнавуса (аглядаецца кругом і шэпча на вуха).

З і н а (робіць вялікія вочы). Ну?!

З ё л к і н. Гэта ведаю толькі я і яшчэ адзін чалавек.

З і н а. Ай! Трэба ж Лідзе пазваніць. Яна ж з Чарнавусавай дачкой дружыць.

З ё л к і н (каб чула Зіна). А Гарлахвацкаму я ўсё-такі зраблю скандал. (Нібы накіроўваецца да дзвярэй кабінета.)

З і н а (махае рукой). Ідзі, ідзі. Я пагляджу, як ты будзеш вылятаць адтуль.

Далей дзея працягваецца ў кабінеце Гарлахвацкага.

Г а р л а х в а ц к і (закурыўшы папяросу, гаворыць да цёці Каці, якая трымаецца за ручку дзвярэй). Вы мне што-небудзь сказаць хочаце, цёця Каця?

Ц ё ц я К а ц я. Я хацела запытацца, ды не адважуся.

Г а р л а х в а ц к і. Пра што ж вы хацелі запытацца?

Ц ё ц я К а ц я. Ці праўда гэта, Аляксандр Пятровіч, што пра нашага Чарнавуса

гавораць?

Г а р л а х в а ц к і. А што пра яго гавораць?

Ц ё ц я К а ц я. Ну... вы ж ведаеце. Кажуць, што яго хутка ў нас не будзе...

Г а р л а х в а ц к і. А хто вам казаў?

Ц ё ц я К а ц я. Таварыш Зёлкін. Кажа, ужо прыходзілі па яго.

Г а р л а х в а ц к і. Зёлкін? (Паўза.) Мусіць, ён ведае, калі казаў.

Ц ё ц я К а ц я. Вы ж лепш ведаеце?

Г а р л а х в а ц к і. Каб я што і ведаў, дык вам бы не сказаў. Пра гэта гаварыць няможна.

Ц ё ц я К а ц я. Ага! Дык такі праўда. (Выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). Пайшло пісаць! (Паўза.) Цікава панаглядаць, як гэты шаноўны вучоны трапятацца будзе. (Устаў, прайшоўся па пакоі, падышоў да стала, узяў у рукі адну з костак маманта.) Маслы праклятыя! Што я з вамі рабіць буду? Дажыўся таварыш Гарлахвацкі, няма чаго сказаць! Косткамі абклаўся, палеантолагам стаў. А было ж раней — Гарлахвацкаму банкеты, Гарлахвацкаму авацыі, Гарлахвацкі мог любога ў бараноў рог скруціць. I раптам — косткі! Скруці яе, праклятую, калі хочаш! Запхпулі мяне прыяцелі ў гэту дзіру. Далей ад небяспекі. I спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся,— палеанталогія. Гэта значыць, сядзі, Гарлахвацкі, і не рыпайся, а то можаш і нас аскандаліць. Сядзі ціха, а калі спатрэбіцца — пазавём. Сядзець-то тут зацішна... Але Гарлахвацкі сядзець не прывык — вось у чым уся бяда. (Стук у дзверы.) Што ж, зробім выгляд, што мы займаемся навукован працай. (Раскладае на стале косткі, разгортвае кнігі і садзіцца за стол.)

Уваходзіць З ё л к і н.

З ё л к і н. Выбачайце, Аляксандр Пятровіч, што я вам думаць перашкодзіў.

Г а р л а х в а ц к і (нібы з намаганнем адрываецца ад работы). Я вас слухаю, таварыш Зёлкін.

З ё л к і н. Праваронілі, Аляксандр Пятровіч! Ах, як мы праваронілі! Нам даўно трэба было яго прашчупаць.

Г а р л а х в а ц к і. Выбачайце, я нешта не разумею... Што праваронілі? Каго прашчупаць?

З ё л к і н. Вы мяне добра разумееце, Аляксандр Пятровіч, і ведаеце, пра каго я гавару. Ад мяне цяжка схаваць што-небудзь. Досыць мне было пачуць адно слова, як я адразу здагадаўся, пра каго ідзе гутарка.

Г а р л а х в а ц к і. Я вам нічога не гаварыў.

З ё л к і н. Мне і гаварыць нічога не трэба, я і так усё ведаю. Я нават ведаю прычыны.

Г а р л а х в а ц к і. Якія ж прычыны?

З ё л к і н. Брат за граніцай — раз. (Загінае палец.)

Г а р л а х в а ц к і. Брат?

З ё л к і н. Так, родны брат.

Г а р л а х в а ц к і. А яшчэ што?

З ё л к і н. Геалагічную здымку збіраецца рабіць у прыгранічным раёне — два. (Загінае другі палец.) Да брата цягне — разумееце?

Г а р л а х в а ц к і. Усё?

З ё л к і н. Не, не ўсё. Кніга яго шкодніцкая — тры. (Загінае трэці палец.)

Г а р л а х в а ц к і. Якая кніга?

З ё л к і н. А вось гэта, якую ён у выдавецтва здаў.

Г а р л а х в а ц к і. Чым яна шкодніцкая?

З ё л к і н. Залежы фасфарытаў паказаны там, дзе іх вельмі мала, і не паказаны самыя

багатыя. Хавае для некага — разумееце?

Г а р л а х в а ц к і. I вы можаце гэта даказаць?

З ё л к і н. Няхай ён раней паспрабуе даказаць, што гэта няпраўда.

Г а р л а х в а ц к і. Гм... Як жа вы — ведаеце такія важныя факты і маўчыце? Хочаце, каб і вас пацягнулі разам з ім?

З ё л к і н. Баяўся раней. А цяпер, калі за яго ўзяліся, я ўжо маўчаць не буду. Пра брата — у мяне ёсць чалавек, які напіша. Пра фасфарыты і пра здымку ў пагранічным раёне я сам шапну ў выдавецтве і на геафаку, дзе ён лекцыі чытае. У Маскву ж паслаў нейкую сваю працу. Чакае адказу, а таго не ведае, што зараз яму дадуць адказ... А што ён пра вас гаворыць, каб вы ведалі... Тулягу як вучонага ён ставіць вышэй вас.

Г а р л а х в а ц к і. Што ж, можа, гэты Туляга і сапраўды вялікія веды мае.

З ё л к і н. Веды-то ён мае, але што за карысць! За ўсё жыццё ніводнага радка не надрукаваў. Баіцца. Усяго ён баіцца. Ходзіць і калоціцца. Кажуць, што ён быў у Дзянікіна палкоўнікам.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, дзе ўжо яму!

З ё л к і н. Праўда, праўда! Сёння на вуліцы адзін чалавек пазнаў яго. Дык ён цяпер ні жывы ні мёртвы ходзіць.

Г а р л а х в а ц к і (смяецца). Баязлівы ён, гэта праўда. Палкоўнік! Ха-ха-ха...

У кабінет з ахапкам усялякіх пакупак увальваецца А н н а П а ў-л а ў н а, З ё л к і н знікае.

А н н а П а ў л а ў н а. Вось палюбуйся, ірад, на сваю жонку! Што я табе — грузавічок, каб гэта ўсё цягаць на сабе?

Г а р л а х в а ц к і. Хто ж цябе прымушае?

А н н а П а ў л а ў н а. Ці чулі вы! Яшчэ трэба, каб мяне прымушалі дзяцей сваіх адзяваць. (Перабірае пакупкі і кладзе іх на стол.) Жоржыку паліто трэба? Трэба. Штаны яму трэба? Таксама трэба. Славіку коўдру трэба? Ну, і без гэтага не абыдзешся. (Ставіць на стол медны таз.)

Г а р л а х в а ц к і. Што ты, звар'яцела?

А н н а П а ў л а ў н а. Як гэта — звар'яцела! А што ж, я варэнне ў капелюшы ў тваім буду варыць?

Г а р л а х в а ц к і. Дык хіба ж на стол? Тут жа працаваць трэба. Я проста не разумею, нашто ты ўсё гэта сюды прынесла?

А н н а П а ў л а ў н а. I яшчэ прынясу. I ванначку прынясу, і прьмус, і пасуду кухонную. Не павалаку ж на сабе дадому.

Г а р л а х в а ц к і. Дык ты б рамізніка ўзяла.

А н н а П а ў л а ў н а. Дзякую табе за ласку! Вядома ж, ты тры тысячы ў месяц бярэш, што я на рамізніках буду раз'язджаць. Не хворы і сам занесці.

Г а р л а х в а ц к і. Каб ты ведала, Нюрачка, як ты мне перашкаджаеш!

А н н а П а ў л а ў н а. I заўсёды буду перашкаджаць. Я табе даўно кажу — у цябе павінна быць машына.

Г а р л а х в а ц к і. Дзе ж я яе вазьму?

А н н а П а ў л а ў н а. Дзе хочаш. Вунь Соня Спевак па ўсім Кіеве раз'язджае на мужавай машыне.

Г а р л а х в а ц к і. Нюрачка, прашу цябе, пе ўспамінай ты мне пра Кіеў! Я і так рад, што сухім з вады выйшаў. Я ж табе казаў, што ва ўсёй гэтай установе ніводнай машыны няма.

А н н а П а ў л а ў н а. Значыць, такая твая ўстанова. Чаго ты лез сюды? Займі такую пасаду, каб можна было жыць, як людзі жывуць.

Г а р л а х в а ц к і. Чаго лез... Прыпрэ, дык нехаця палезеш.


А н н а П а ў л а ў н а. Але ж цяпер ужо не прыпірае? Усё абышлося добра.

Г а р л а х в а ц к і. Трэба абдумаць, за што раней узяцца.

А н н а П а ў л а ў н а. За розум вазьміся. У цябе ж нейкае пасведчанне ёсць, што ты вучоны. Дык і дабівайся па вучонай лініі.

Г а р л а х в а ц к і. Пасведчанне... Ты ж ведаеш, як мне гэта паперка прыйшлася?

А н н а П а ў л а ў н а. На паперцы не напісана, як яна табе прыйшлася.

Г а р л а х в а ц к і. Каб чаго-небудзь дабіцца, як ты кажаш, па вучонай лініі, трэба навуковую працу мець, а не паперку.

А н н а П а ў л а ў н а. Дык напішы працу. Хто ж табе не дае?

Г а р л а х в а ц к і. Падумай, Нюра, што ты гаворыш. Вазьму я, напрыклад, костку хоць бы гэтага маманта. (Паказвае на костку.) Напішу якое-небудзь глупства, дык жа Чарнавус мне слова выгаварыць не дасць, ён мяне на смех падыме. Тады страціш і гэту пасаду, якую маеш.

А н н а П а ў л а ў н а. Што там у цябе за Чарнавус такі?

Г а р л а х в а ц к і. Гэта такі Чарнавус, што ўсе гэтыя косці, мабыць, ведае, як свае пяць пальцаў. Тут трэба асцярожна дзейнічаць, з розумам.

Уваходзіць З і н а.

З і н а. Гэта трэба адаслаць, Аляксандр Пятровіч. Падпішыце, калі ласка. (Падае паперу.)

Г а р л а х в а ц к і. Давайце. (Падпісвае.)

З і н а зняважліва аглядао пакупкі, пасля бярэ паперу і выходзіць. Гарлахвацкі з-за жончыных плячэй пасылае ёй пацалунак.

А н н а П а ў л а ў н а. Гэта што за краля такая?

Г а р л а х в а ц к і. Так, дробязь... сакратар, Зіна Зёлкіна.

А н н а П а ў л а ў н а. Нешта ты паглядаеш на гэту дробязь, як кот на сала!

Г а р л а х в а ц к і. Што табе здалося?

А н н а П а ў л а ў н а. Глядзі, каб не збылося! Я не пагляджу, што ты вучоны.

Г а р л а х в а ц к і. Кінь, Нюра! Хіба ж я адважуся што-небудзь такое? Я ж твой характар ведаю.

А н н а П а ў л а ў н а. Не адважваешся, не адважваешся, а пасля і адважышся. Я цябе ведаю. Нашто табе наогул трымаць яе каля сябе?

Г а р л а х в а ц к і. Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе.

А н н а П а ў л а ў н а. Мужчын табе мала?

Г а р л а х в а ц к і. А дзе ж жанчынам падзецца?

А н н а П а ў л а ў н а. Дзе хочуць. Няма чаго ім ацірацца каля чужых мужоў.

Г а р л а х в а ц к і. Дзіўна ты разважаеш, Нюра. Няўжо ж усіх жанчын з працы прагнаць?

А н н а П а ў л а ў н а. У другім месцы як сабе хочуць, а тут я не пацярплю.

Г а р л а х в а ц к і. Так ты мяне можаш аскандаліць.

А н н а П а ў л а ў н а. I аскандалю. Я наконт гэтага баба шалёная. Як скажу, што ты ў Кіеве вырабляў... Няхай не будзе ні мне, ні другой.

Г а р л а х в а ц к і. Ціха ты! (Азіраецца баязліва.) Я скажу лепш прыбіральшчыцы, каб яна табе памагла занесці. (Прыадчыняе дзверы.) Цёця Каця, хадзіце сюды! (Уваходзіць цёця Каця з пакетамі ў руках.) Пошту прынеслі? Палажыце на стол. Зараз памажыце занесці ка мне на кватэру гэтыя рэчы. (Анна Паўлаўна і цёця Каця выходзяць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін. Бярэ канверт і разрывае). Зноў напамінак. (Чытае.) «Напамінаем вам трэці раз аб неабходнасці даць аб сабе наступныя весткі: 1. Ваша на-вуковая спецыяльнасць. 2. Якія надрукаваныя працы вы маеце? З. Над чым працуеце ў


сучасны момант?..» Ах, чорт!.. Выходзіць, што трэба пісаць навуковую працу... Якую? Адкрыць, скажам, новы від дагістарычнай жывёлы.

Гэта было б цікава... Зрабіць так, каб Туляга і нават сам Чарнавус былі тут у мяне на паслугах... на іх спінах у вялікія вучоныя ўехаць. Хрыбеціны ў іх моцныя, галовы разумныя,— няхай стараюцца, калі хочуць на свеце жыць... (Паўза.) У манастыр мяне сюды саслалі, на пакаянне. Не апраўдаў давер'я. Не, даражэнькі, рана вы Гарлахвацкага ў манастыр саслалі!.. Я дакажу, на што я здатны... Я ў гэтым манастыры так зблытаю карты, што свой свайго не пазнае. Тады вы ўбачыце, чаго варт Гарлахвацкі. (Тэлефонны званок. Гарлахвацкі ў трубку.) Слухаю... Гарлахвацкі... Пра Чарнавуса? А хто гэта пытаецца... З геафака?.. Я вам нічога пэўнага не маю права сказаць... Зёлкін званіў?.. Ён мае нюх на такія справы... Пацікаўлюся... Гэта Зёлкін ведае лепш за мяне. Праверу... Бывайце. (Палажыўшы трубку.) Трэба падліць масла ў агонь. (Набірае нумар.) Выдавецтва? Хто пры тэлефоне?.. Перадайце трубку самому дырэктару. Драчык? Здароў, Ваня... Гарлахвацкі гаворыць... У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць... Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Гатова? Дык вось у чым справа... Вы, здаецца, друкуеце кніжку Чарнавуса? А ты ведаеш, што ён шкоднік? Так, мой супрацоўнік Зёлкін устанавіў, што кніга напісана па-шкодніцку... Зёлкін раскажа табе ўсё падрабязна. За ім і яшчэ тое-сёе лічыцца. З Чарнавусам гаварыць не варта. Пытацца ў ворага, ці праўда, што ён вораг,— гэта смешна... Так, гэта паміж намі, пакуль што... Бывай... (Кладзе трубку.) Ну, пасеяў, дай божа ўраджай сабраць. А калі што якое — Зёлкін адкажа. (Пачынае разбіраць пошту, разрывае канверты, прабягае вачыма. Узяўшы чарговы канверт, чытае ўслых.) «Аляксандру Пятровічу Чарнавусу...» З Масквы... Мусіць, водзыў на яго працу... Цікава, цікава... (Раздзірае канверт і глядзіць на подпіс.) Так і ёсць, прафесар Анікееў піша... (Чытае.) «Паважаны Аляксандр Пятровіч! Папярэдняе азнаямленне з Вашай працай дае нам падставу заявіць, што яна мае не толькі навуковае, але і глыбокае практычнае значэнне. (Углыбіўшыся ў пісьмо, прачытвае ўголас асобныя фразы з яго.) Гэтыя нашы меркаванні апраўдаліся Вашай працай...» Гм... Бачыш ты!.. (Думае.) Паважаны Аляксандр Пятровіч... А чым жа я не Аляксандр Пятровіч? Самы сапраўдпы Аляксандр Пятровіч, хоць у пашпарт паглядзі... Паважаны? Паважаны, дык паважаны — супроць гэтага я таксама не буду пярэчыць. Навуковай працы, праўда, у мяне яшчэ няма... але яна будзе... Так, хутка будзе... (Рашуча згортвае паперку.) Вельмі дзякую вам, паважаны прафесар Анікееў. Такая паперка мне патрэбна. А Чарнавусу яна, як мёртваму кадзіла. (Стук у дзверы. Гарлахвацкі паспешна хавае пісьмо.) Зайдзіце. (Уваходзіць Чарнавус. Гарлахвацкі з шырокім жэстам.) А, міласці просім, Аляксандр Пятровіч!

Ч а р н а в у с. Вы адзін? А мне паказалася, што вы гаварылі з некім.

Г а р л а х в а ц к і. А гэта, ведаеце, такая ў мяне прывычка. З маленства... Люблю дэкламаваць, калі адзін астануся. «Брожу ли я вдоль улиц шумных, вхожу ль во многолюдный храм...» Помніце? Здорава. Дэкламую вось так сам сабе, і пад гэту дэкламацыю такія ўсякія харошыя ідэі прыходзяць у галаву, так лёгка працуецца... Сядайце, расказвайце, што новенькага. Як жывём, працуем?

Ч а р н а в у с (садзіцца). Добра жывём, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Чуў, чуў. У Маскву паслалі, а мне не паказалі. Ах, які вы нядобры!

Ч а р н а в у с. Прабачце, Аляксандр Пятровіч, неяк так яно выйшла, сапраўды нядобра. Аж мне сорамна перад вамі.

Г а р л а х в а ц к і. Я не крыўджуся. Там, вядома, лепш за мяне здолеюць ацаніць вашу працу.

Ч а р н а в у с. Ды нешта адказу доўга няма. Я пачынаю непакоіцца.

Г а р л а х в а ц к і. Чаго вам непакоіцца? Вашы веды і вашы здольнасці даволі вядомы. Я

ўпэўнены, што ваша праца атрымае найвышэйшую ацэнку.

Ч а р н а в у с. Папрацаваў-то я нямала.

Г а р л а х в а ц к і. Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Часамі дзівішся, як чалавек можа вынесці столькі працы. Навокал жыццё такое прыгожае, столькі радасці, а мы не маем часу імі карыстацца. А старасць не жджэ. Яна, подлая, памаленьку, нячутна падкрадваецца. Вунь і ў вас серабро на скронях.

Ч а р н а в у с. Ёсць такі.

Г а р л а х в а ц к і. Ахвяравалі б вы, Аляксандр Пятровіч, адзін вечарок, ды пайшлі б мы з вамі ў рэстаранчык, выпілі б там па малюсенькай і пагаварылі б, як людзі. Часамі так хочацца пачуць цёплае слова друга.

Ч а р н а в у с. Дзе там рэстаранчык! Часу няма. Там універсітэт, там для дзяцей пішы. Ну, і свая асноўная даследчая работа. Збіраюся маленькую экспедыцыю зрабіць. Хачу ў вас грошай прасіць.

Г а р л а х в а ц к і. Цэлую экспедыцыю?

Ч а р н а в у с. Не пужайцеся. Гэта экспедыцыя будзе складацца з мяне і яшчэ адной асобы.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, гэта можна будзе. Вы дайце заявачку, колькі гэта будзе каштаваць, а я пагляджу, што ў нас там ёсць.

Ч а р н а в у с. Каштаваць нямнога будзе.

Г а р л а х в а ц к і. Ды вы не скромнічайце. А то я вас ведаю, вы гатовы пяшком ісці пятнаццаць кіламетраў, каб толькі на рамізніку сэканоміць.

Ч а р н а в у с. А я баяўся, што вы адмовіце.

Г а р л а х в а ц к і. Ну што вы!.. I Вера з вамі едзе?

Ч а р н а в у с. Без яе мне, як без рук.

Г а р л а х в а ц к і. Харошая дзяўчына гэта Верачка.

Ч а р н а в у с. Слаўная дзяўчына. Я проста рад, што маю такую памочніцу.

Г а р л а х в а ц к і. Глядзіце, Аляксандр Пятровіч, не закахайцеся. А то вы — цаца-цаца, ды ў кішэнь.

Ч а р н а в у с. Што вы, баценька! Куды мне, старому!

Г а р л а х в а ц к і. Я ведаю такіх старэнькіх, якім дзяўчаты на шыю вешаюцца.

Ч а р н а в у с. У мяне ўжо дачка такая, як яна.

Г а р л а х в а ц к і. У вас хіба дачка дарослая ёсць?

Ч а р н а в у с. Педінстытут канчае.

Г а р л а х в а ц к і. Вось як!

Ч а р н а в у с. Так. Выдатніца.

Г а р л а х в а ц к і. У папу ўдалася.

Ч а р н а в у с. Слаўная дзяўчурка.

Г а р л а х в а ц к і. Як зваць вашу дачку?

Ч а р н а в у с. Тамара.

Г а р л а х в а ц к і. Харошае імя — Тамара. Мне адразу Лерыантаў успамінаецца. А я, Аляксандр Пятровіч, таксама працу пішу... Хутка канчаю.

Ч а р н а в у с. Вялікая праца?

Г а р л а х в а ц к і. Не так яна вялікая, як цікавая. Вельмі ж мне матэрыял удзячны трапіўся... Думаю нешта новенькае сказаць у сваёй галіне.

Ч а р н а в у с. У палеанталогіі?

Г а р л а х в а ц к і. Так. Думаю арганізаваць пры інстытуце сектар палеанталогіі. Як вы глядзіце на гэта?

Ч а р н а в у с. Што ж, у добры час!

Г а р л а х в а ц к і. Думаю, што вы не адмовіцеся прыняць удзел?

Ч а р н а в у с. Змілуйцеся! Я ж, можна сказаць, прафан у гэтай галіне.

Г а р л а х в а ц к і. Як прафан? Гэты ж, напрыклад, матэрыял вам знаёмы?

Ч а р н а в у с. Ну, гэта косці маманта. А пакажыце мне што-небудзь іншае, дык я і не разбяруся.

Г а р л а х в а ц к і. А хто тут спецыяліст у гэтай галіне?

Ч а р н а в у с. Я такіх не ведаю. Спецыяльнасць гэта даволі рэдкая.

Г а р л а х в а ц к і. Каго б вы мне ўсё-такі параілі з працаўнікоў інстытута?

Ч а р н а в у с. Цяжка мне вам сказаць. Вось хіба Туляга. Раней ён захапляўся палеанталогіяй.

Г а р л а х в а ц к і. Шкада. Але ад свайго намеру я не адступлюся. Прыйдзецца запрасіць сюды на працу вядомых мне палеантолагаў з іншых рэспублік. Праца, якую я рыхтую, будзе першай цаглінкай у гэтай справе. Так і папрашу яе разглядаць як першую спробу.

Ч а р н а в у с. Вы мяне проста заінтрыгавалі. Калі не сакрэт — на якую тэму?

Г а р л а х в а ц к і. А вось гэтага я і не скажу... вам на злосць. Не люблю, ведаеце, афішыравацца. Хутка скончу, зачытаю на савеце, тады крытыкуйце, калі ласка. У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага.

Ч а р н а в у с. Вельмі рад буду пазнаёміцца з вашай працай.

Г а р л а х в а ц к і. Мы з вамі яшчэ пакажам сябе, Аляксандр Пятровіч. Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць.

Ч а р н а в у с (устае). Я пра многае не мару, Аляксандр Пятровіч. Хоць нямнога зрабіць, але каштоўнага.

Г а р л а х в а ц к і. Скромнічаеце, скромнічаеце, даражэнькі. А самі ў знамянітасці мерыцеся... Дык заходзьце калі-небудзь.

Ч а р н а в у с. Дзякую.

Г а р л а х в а ц к і. А грошы будуць. Для вас з-пад зямлі дастану.

Ч а р н а в у с. Вельмі дзякую. (Выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (адзін). А наконт дзяўчуркі трэба ўсё-такі пазваніць. (Бярэ трубку.) Педінстытут? Каго-небудзь з прафкома... Сакратар? Вельмі добра. Я хачу папярэдзіць вас. Тамы у вас вучыцца Тамара Чарнавус?.. Справа ў тым, што яе папа заблытаўся ў варожых справах... Як гэта — яна пры чым? Мусіць жа пры чым, калі я гавару... Так... гавораць з інстытута геалогіі... у нас ёсць пэўныя даныя. Наш супрацоўнік Зёлкін раскажа вам усё падрабязна. Ён зойдзе да вас... Калі ласка... (Кладзе трубку.) Ну вось. Чарнавуса ўпарадкаваў збольшага. Кніга яго свету не ўбачыць, з работы яго, трэба думаць, таксама знімуць адусюль. Адзіны паратунак ён будзе бачыць ва мне. А Гарлахвацкі не толькі з работы яго не зніме, а наадварот — найлепшы яго прыяцель, чулы і велікадушны. Павінен быць мне ўдзячны за гэта? Павінен. Не адважыцца стаць мне поперак дарогі? Думаю, што не адважыцца. Які б ён вучоны ні быў, а і яму свая скура дорага. Цяпер возьмемся за Тулягу. (Адчыняе дзверы ў калідор.) Хто тут ёсць? Нічыпар! Скажыце таварышу Тулягу, што я прашу яго зайсці да мяне. (Зачыняе дзверы.) Зараз мы дадзім ход яго ведам.

Т у л я г а (уваходзіць нясмела). Вы мяне клікалі, Аляксандр Пятровіч?

Г а р л а х в а ц к і. Я, Мікіта Сымонавіч, хацеў сказаць вам адну рэч, ды не ведаю, ці варта. Уласна кажучы, і гаварыць я не маю права.

Т у л я г а (спужаны). Што-небудзь для мяне непрыемнае?

Г а р л а х в а ц к і. Не скажу, каб гэта было вельмі прыемна для вас.

Т у л я г а (калоцячыся). Аляксандр Пятровіч, родненькі! Што ж такое?

Г а р л а х в а ц к і. Прыходзілі, пыталіся пра вас.

Т у л я г а. Пра мяне?

Г а р л а х в а ц к і. Так. Кажуць, у вас працуе тут нейкі Туляга. Чалавек нявысветлены.

Т у л я г а (са страхам). Нявысветлены?

Г а р л а х в а ц к і. Ціне вядзе ён, кажуць, тут якой-небудзь падрыўной работы і ці праўда гэта, што ён дзянікінскі палкоўнік?

Т у л я г а. Палкоўнік?

Г а р л а х в а ц к і. Так. I прозвішча палкоўніка называлі, але я забыўся.

Т у л я г а. Не Падгаецкі?

Г а р л а х в а ц к і. Здаецца, Падгаецкі.

Т у л я г а (хапаецца за галаву). Ай, ай! Дайшло-такі! Каб яна правалілася з сваім языком! Прасіў жа не гаварыць нікому.

Г а р л а х в а ц к і. А вы каму-небудзь расказвалі па сакрэту сваю біяграфію?

Т у л я г а. Паверце, Аляксандр Пятровіч, што ўсё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, можа, падпалкоўнікам. Справа ж не ў гэтым.

Т у л я г а. I падпалкоўнікам не быў.

Г а р л а х в а ц к і. А чаго ж вы былі ў Дзянікіна?

Т у л я г а. Я не ў Дзянікіна, а ў варонежскай гімназіі настаўнікам быў.

Г а р л а х в а ц к і. А я вас, помніцца, бачыў недзе на фатаграфіі... у палкоўніцкай форме.

Т у л я г а. Вы, мусіць, бачылі палкоўніка Падгаецкага. Ён быў падобны на мяне.

Г а р л а х в а ц к і. Іначай кажучы, ваша сапраўднае прозвішча Падгаецкі? Вы тут пад чужым прозвішчаы?

Т у л я г а. Што вы, Аляксандр Пятровіч! Я і на свет нарадзіўся Тулягам. I дзяды і прадзеды мае былі Тулягі.

Г а р л а х в а ц к і. Значыць, вы ў Дзянікіна былі пад чужым прозвішчам?..

Т у л я г а. I там я быў Туляга. Я ж кажу,— настаўнікам быў.

Г а р л а х в а ц к і. Як жа вы з Беларусі аж там апынуліся?

Г а р л а х в а ц к і. Ад немца ўцякаў. Як немцы ў 1915 годзе Баранавічы ўзялі, дык я і пераехаў.

Г а р л а х в а ц к і. Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць.

Т у л я г а. Як жа мне гэта даказаць? Да каго звярнуцца? Навучыце, Аляксандр Пятровіч.

Г а р л а х в а ц к і. Дакажыце сваёю працай.

Т у л я г а. А як жа з палкоўнікам быць?

Г а р л а х в а ц к і. Гэта мы без вас высветлім.

Т у л я г а. Значыць, толькі працаю?

Г а р л а х в а ц к і. Працаю і паводзінамі. Што да працы, дык я прапаную вам заняцца палеанталогіяй.

Т у л я г а. Палеапталогіяй? Чаму палеанталогіяй?

Г а р л а х в а ц к і. Я хачу, каб вы працавалі пад маім непасрэдным наглядам.

Т у л я г а. Што ж я буду рабіць пад вашым наглядам?

Г а р л а х в а ц к і. Мы з вамі будзем пісаць навуковую працу.

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка