Хто смяецца апошнім камедыя ў трох актах




старонка1/5
Дата канвертавання08.05.2016
Памер1.16 Mb.
  1   2   3   4   5
ХТО СМЯЕЦЦА АПОШНІМ

Камедыя ў трох актах

Дзеючыя асобы

Г а р л а х в а ц к і А л я к с а н д р П я т р о в і ч — дырэктар інстытута геалогіі.

А н н а П а ў л а ў н а — яго жонка.

Ч а р н а в у с А л я к с а н д р П я т р о в і ч — прафесар.

Т у л я га М і к і т а С ы м о н а в і ч— навуковы супрацоўнік.

Л е в а н о в і ч — сакратар парткома.

В е р а — малодшы навуковы супрацоўнік.

З ё л к і н — малодшы навуковы супрацоўнік.

З і н а З ё л к і н а — яго жонка, сакратар.

Ц ё ц я К а ц я — прыбіральшчыца.

Н і ч ы п а р — дворнік.

Н е з н а ё м а я ж а н ч ы н а.

Ч а л а в е к у ф о р м е НКВД.

АКТ ПЕРШЫ

Калідор — вестыбюль установы.

Ц ё ц я К а ц я (выходзіць з дзвярэй дырэктаравага кабінета. За ёю Нічыпар). Фу!.. Добра, што ты якраз падышоў, я ж бы адна гэтаму сталу і рады не дала.

Н і ч ы п а р. Гэта, брат, стол! Каб некалі мне такі пляц зямлі, то я б гаспадаром быў.

Ц ё ц я К а ц я. Новы поп, дык новае і маленне. У таго дырэктара, бывала, адзін столік, два крэслы і ўсё. А ў гэтага ж стол гэтакі, а на стале ж мартаплясаў усялякіх панастаўляна — таксама грошай каштуюць.

Н і ч ы п а р. А што яму — шкада казённых грошай? Не з свае ж кішэні плаціць.

Ц ё ц я К а ц я. Дзве канапы скураныя, мяккія. I нашто яны? Хіба ён лежачы працаваць думае.

Н і ч ы п а р. Далікатнага, мусіць, заводу. Баіцца, каб на цвёрдьга мазалёў не панаседжваць.

Ц ё ц я К а ц я. I вось, скажы ты... Зараз год, як я на гэтым месцы, а не магу ўцяміць, што тут людзі робяць. Такі ж каваль у кузні куе, то знак ёсць, настаўнік дзяцей вучыць, і то знак ёсць, а тут людзі нешта робяць, робяць, і работы гэтай не відаць.

Н і ч ы п а р. Кажаш, працуюць і смаку не чуюць.

Ц ё ц я К а ц я. Яны, можа, і чуюць, але я не бачу, які тут смак. Нейкія ўсё каменні, косці перабіраюць, пясок перасыпаюць.

Н і ч ы п а р. Гэта яны зямлю вывучаюць.

Ц ё ц я К а ц я. Як гэта зямлю?

Н і ч ы п а р. А так, што як паглядзяць на гэтыя косці, дык адразу скажуць, колькі зямлі год і як яна выглядала, калі маладою была.

Ц ё ц я К а ц я. Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству.

Н і ч ы п а р. Запытайся ў Чарнавуса. Ён чалвек дарма што сур'ёзны, а калі разгаворыцца, дык люба слухаць. Раскажа, і дзе некалі мора было, і чаму яго цяпер там няма, і якія жывёлы былі мільёны год таму назад, і як яны елі адна другую. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым.

Ц ё ц я К а ц я. А ў тым інстытуце, што на Шырокай, дык сабак поўна. Там з імі ўсялякія штукі вырабляюць, практыку здымаюць. Мая суседка там прыбіральшчыцай, дык расказвае, што не даюць, каб гэтыя сабакі ротам елі, а папракручвалі дзіркі ў баку ды ўліваюць ім яду туды.

Н і ч ы п а р. Ну, гэта хто да якой навукі здатны. Адны зямлю вывучаюць, а другія жывёлу.

Ц ё ц я К а ц я. Але нашто ж дзіркі круціць?

Н і ч ы п а р. Чаму нашто? Трэба ж хоць адным вокам глянуць, што там усярэдзіне робіцца.

Ц ё ц я К а ц я. Дык хіба ім не хапае гэтых дзірак, што сабаку бог даў?

Н і ч ы п а р. Гэта табе здаецца, што хапае, а ім, бачыш, мала... Загаварыўся тут з табой, а ў мяне яшчэ двор не прыбраны.

Ц ё ц я К а ц я. Прыбярэш, дзе твой двор дзенецца.

Н і ч ы п а р. Дырэктар прыйдзе, нагонку дасць.

Ц ё ц я К а ц я. Вельмі твой дырэктар на двор углядаецца. У яго другім галава занята. Учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў на таксі, дык аж пыл курэў.

Н і ч ы п а р. З нашай Зіначкай?

Ц ё ц я К а ц я. А то з якою ж?

Н і ч ы п а р. Глядзі ты! У яго ж і свая жонка гладкая.

Ц ё ц я К а ц я. Гладкая, мусіць, прыелася, да шурпатай пацягнула.

Н і ч ы п а р. А Зёлкін як жа?

Ц ё ц я К а ц я. А што Зёлкін... Толькі ходзіць на мяккіх лапах ды прыслухоўваецца, хто што гаворыць. Што дырэктар з яго жонкай забаўляецца, дык ён гэтага не бачыць.

Н і ч ы п а р. Бачыць, ды віду не паказвае. Што ж гэтакі пеўнік зробіць дырэктару? А таму раскоша тут, як шчупаку ў сажалцы. Усе так і выдыгаюць перад ім: «Таварыш Гарлахвацкі! Таварыш Гарлахвацкі!» А ў таго Гарлахвацкага крукам носа не дастаць. Адзін Чарнавус яго не баіцца. Гэты сам разумее ў навуцы не менш за яго.

Ц ё ц я К а ц я. З'есць і Чарнавуса.

Н і ч ы п а р. Глядзі, каб не ўдавіўся.

Ц ё ц я К а ц я. Папомніш маё слова. З'есць, як з'еў ужо Муравіцкага. Так падвядзе, што той не будзе і ведаць, адкуль што ўзялося.

Н і ч ы п а р. Чарнавуса таксама голымі рукамі не возьмеш. Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае, для піянераў у журнал піша. Напісаў, кажуць, нейкую кнігу важную, дык аж у Маскву паслаў. Гэта, брат, галава! (Бярэ мятлу і выходзіць. Цёця Каця канчае выціраць падлогу. Уваходзіць Вера.)

В е р а. Добры дзень, цёця Каця!

Ц ё ц я К а ц я. Дзень добры, Вера Міхайлаўна. Вось ранняя птушка?! Заўсёды першая!

В е р а. Аляксандра Пятровіча няма яшчэ?

Ц ё ц я К а ц я. Каторага вам? У нас жа іх два — дырэктар і Чарнавус.

В е р а. Мне Чарнавуса.

Ц ё ц я К а ц я. Нешта вы жыць без яго не можаце?

В е р а. Жыць-то магу, а працаваць без яго мне цяжка было б.


Ц ё ц я К а ц я. Гэта вы пры ім навуку праходзіце?

В е р а. Ага.

Ц ё ц я К а ц я. Нашто вам, маладой дзяўчыне, гэтыя старыя косці спатрэбіліся?

В е р а. Косці ў яго старыя, але душа маладая.

Цёця Каця. Хто ў боб, а хто ў гарох. Я пра тыя косці, што ў шафах.

В е р а (смяецца). А я думала, пра Аляксандра Пятровіча. Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. (Уваходзіць Левановіч.)

В е р а (жартаўліва). Што, нагрузку нясеш?

Л е в а н о в і ч. Нясу.

В е р а. Я ж ведаю, што ты пра мяне не забудзеш. Гавары хутчэй, у чым справа?

Л е в а н о в і ч. Справа ў тым, што трэба ў падшэфнай часці лекцыю прачытаць.

В е р а. Аб чым?

Л е в а н о в і ч. Просяць расказаць ім аб мінулым нашай планеты.

В е р а. Дык гэта ты мне даручаеш?

Л е в а н о в і ч (жартуючы). Хацеў даручыць табе, ды баюся, што байцы больш будуць глядзець на цябе, чым слухаць.

В е р а. Калі ты навучыўся кампліменты гаварыць?

Л е в а н о в і ч. А гэта хіба камплімент?

В е р а. Самы сапраўдны. Сакратару парткома гэта як быццам і не да твару.

Л е в а н о в і ч. Даю слова надалей гаварыць з табою толькі дырэктывамі. Дык каго мы ўсё ж такі пашлём лекцыю прачытаць?

В е р а. Можа, Гарлахвацкага? Няхай бярэ сваіх мамантаў у мяшок ды ідзе расказвае.

Л е в а н о в і ч. Гаварыў з ім. Просіцца — кажа, вельмі заняты.

В е р а. Я б гэтага не сказала.

Л е в а н о в і ч. Можа, старога?

В е р а. Чарнавуса?

Л е в а н о в і ч. Ага. Хоць ён, здаецца, не вельмі любіць выступаць.

В е р а. З прамовамі... А пра зямлю расказаць — гэта ён з ахвотаю. У яго гэта выходзіць, як казка.

Л е в а н о в і ч. Дык ты перадай яму, што я прасіў, каб ён з'ездзіў у часць. Можа не адмовіцца?

В е р а. Пабурчыць крыху, што ад работы адарвалі, а пасля і сам будзе задаволены.

Л е в а н о в і ч. А аб часе я паведамлю. (Збіраецца адыходзіць.)

В е р а. Як твой торф?

Л е в а н о в і ч. Канчаю лабараторныя доследы.

В е р а. Кажуць, што ты з яго ледзь не торты збіраешся рабіць.

Л е в а н о в і ч. Торты што! Я вырабляю больш сур'ёзныя рэчы.

В е р а. Напрыклад?

Л е в а н о в і ч. Напрыклад — спірт і яшчэ шмат чаго.

В е р а. Спірт? Дык ты ж самагоншчык?

Л е в а н о в і ч. Прыходзь, пачастую. (Выходзіць.)

В е р а. Вось, цёця Каця, малады хлопец, а хутка прафесарам будзе.

Ц ё ц я К а ц я. Цяпер жа ўсе маладыя — разумныя, на тое ж вас і вучаць.

В е р а. I на чым жа вырас! На торфе!

Ц ё ц я К а ц я. Усюды растуць: на торфе, на гліне. На пяску і то растуць. Такі ўжо клімат у нас.

В е р а. Добры клімат, цёця Каця, савецкі!


Ц ё ц я К а ц я. Я ж і кажу. А чаму гэта ён там працуе, а сюды распараджацца ходзіць?

В е р а. У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах.

Ц ё ц я К а ц я. Вунь ідзе ваш далакоп. (Бярэ анучу і адыходзіць цбок.)

Уваходзіць Ч а р н а в у с.

В е р а (стаўшы ў позу, гаворыць урачыста-дураслівым тонам). Прывітанне галоўнаму далакопу, ахавальніку скарбаў старой бабулі-зямлі! Выгляд у вас бадзёры і натхнёны. Ці не ўдалося вам узламаць яшчэ адзін з куфраў старой бабулі?

Ч а р н а в у с. Раней для гэтага мне трэба выпрасіць у Гарлахвацкага пару тысяч рублёў.

В е р а. Ух, вядро халоднай вады! А што — не дасць, думаеце?

Ч а р н а в у с. Трэба, каб даў, іначай мы не закончым доследаў у раёне Рудні.

В е р а. З Масквы нічога не атрымалі?

Ч а р н а в у с. Не. (Да цёці Каці.) Кацярына Іванаўна, сёння пошты не было яшчэ?

Ц ё ц я К а ц я. Не, не было.

В е р а. Ага, забрала за жывое! Правалілася ваша праца.

Ч а р н а в у с. Дражніцеся, а ў самой душа ў пятках.

В е р а. А мне што?

Ч а р н а в у с. Як гэта што? Ваша асоба тут таксама замешана як быццам.

В е р а. А я адмяжуюся. Скажу, што ніякага ўдзелу ў працы не прымала, што прафесар хоча схавацца за мае вузкія плечы малодшага супрацоўніка.

Ч а р н а в у с. Не, выбачайце! Разам працавалі, разам і адказваць будзем. Ад гэтага вам ніяк не выкруціцца.

В е р а. Ды ад вас-то цяжка выкруціцца. Учора Зёлкін круціўся, круціўся, і нічога не выйшла.

Ч а р н а в у с. Як ён сябе адчувас? Не бачылі яго сягоння?

В е р а. Не, яшчэ не бачыла. Думаю, што няважна.

Ч а р н а в у с. Выступаць з такім навуковым дакладам — гэта безабразіе. Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэтнага. Не выкарыстаў нават таго матэрыялу, які яму быў дадзены амаль поўнасцю апрацаваным. I каго ён хацеў падмануць?

В е р а. Сам сябе.

Ч а р н а в у с. Мабыць, злы на мяне?

В е р а. Я думаю! Такую лазню вы яму далі...

Ч а р н а в у с. Яж яму дабра жадаю.

В е р а. Наўрад ці здольны ён ацаніць гэта.

Ч а р н а в у с. Можа, я занадта рэзка выступіў. Трэба будзе пагаварыць з ім.

В е р а. Я лічу, што вы вельмі добра выступілі, і няма чаго вам прабачэння прасіць.

Ч а р н а в у с. Не прабачэння, а растлумачыць яму ў больш спакойнай абстаноўцы.

В е р а (паказваючы на Тулягу, які ўвайшоў). А вось яшчэ адзін шаноўны далакоп. Што з вамі, Мікіта Сымонавіч? Чым вы так усхваляваны?

Т у л я г а. Мяне так напужалі, што я апамятацца не магу.

В е р а. Хто ж вас так напужаў?

Т у л я г а. Я ўжо і не ведаю, ці гаварыць.

В е р а. Калі вы нам не давяраеце, дык не гаварыце.

Т у л я г а. Не ў тым справа, што не давяраю.

В е р а. Дык у чым жа?

Т у л я г а. Скажаш, а пасля пойдзе гаворка, і нажывеш непрыемнасці.

В е р а. Ну то не гаварыце.

Т у л я г а. Але ж я хацеў бы параіцца з вамі, што рабіць.

В е р а. Дык парайцеся.

Т у л я г а. Але ж і раіцца небяспечна. Баюся, што пойдуць усялякія чуткі.

В е р а. I так страшна, і гэтак страшна. Заўсёды вам чаго-небудзь страшна, Мікіта Сымонавіч. Лепш не гаварыце, а то яшчэ больш будзеце баяцца. (Да Чарнавуса.) Пойдзем, Аляксандр Пятровіч.

Т у л я г а. Чакайце, таварышы! (Вера і Чарнавус спыняюцца.) Я ж не ведаю, што мне рабіць... Можа такі параіцца з вамі?

Ч а р н а в у с (з усмешкай). Гэта вы ўжо самі глядзіце.

Т у л я г а (адважыўся). Дзіўнае здарэнне, ведаеце... Іду гэта я па вуліцы, раптам абганяе мяне нейкі чалавек. Абганяе і... (Не адважваецца сказаць.)

В е р а. I... што?

Т у л я г а. Не ведаю, ці гаварыць.

Вера (смяецца). Дык вы хоць нас адпусціце, Мікіта Сымонавіч, калі не можаце. (Мерыцца адыходзіць.)

Т у л я г а. Хвіліначку, таварышы! Я зараз... Але я прашу, каб вы пра гэта нікому ні слова.

Ч а р н а в у с. Ды ладна ўжо, Мікіта Сымонавіч.

Т у л я г а. Дык вось... Абмінае і глядзіць мне проста ў твар.

В е р а (насмешліва). Ну, няўжо ў твар?

Т у л я г а. Не, вы ж паслухайце! Раз аглянуўся, другі раз аглянуўся і трэці раз аглянуўся. А пасля спыніўся і пытаецца: «Скажыце,— кажа,— ваша прозвішча не Падгаецкі?» Тут я ўвесь аж закалаціўся. «Не,— кажу,— я не Падгаецкі, я Туляга».

В е р а. А ён што?

Т у л я г а. «Выбачайце,— кажа,— вельмі ж падобны. Я некалі ў Варонежы,— кажа,— сустракаў такога тыпа»,— і пайшоў.

В е р а (іранічна). I пайшоў! Скажыце, калі ласка! Дык гэта ж сапраўды страшна!

Т у л я г а. Але ж гэта яшчэ не ўсё. Калі я ўваходзіў у інстытут, ён яшчэ раз аглянуўся на мяне.

В е р а. А калі і яшчэ раз, дык што ж тут страшнага?

Т у л я г а. Не, гэта такі страшна. У Варонежы сапраўды быў некалі Падгаецкі — дзянікінскі палкоўнік.

В е р а. Дык вы тут пры чым?

Т у л я г а. А я ў той час таксама быў у Варонежы.

В е р а. Палкоўнікам?

Т у л я г а. Не, я быў настаўнікам гімназіі.

В е р а. Дык мы ж гэта ведаем.

Т у л я г а. Але вы не ведаеце, што гэты палкоўнік быў падобны на мяне, як дзве кроплі вады.

В е р а. Ну і што?

Т у л я г а. Гэты чалавек можа сказаць, што ў інстытуце працуе дзянікінскі палкоўнік. (Чарнавус і Вера с.мяюцца.) Не, гэта зусім не смешна. Дакументаў у мяне з таго часу няма — чым я апраўдаюся?

Ч а р н а в у с. Ды кіньце вы! Гэта ўсё пустыя страхі.

Т у л я г а. Дык, па-вашаму, няма чаго баяцца?

В е р а. Ідзіце, Мікіта Сымонавіч, працуйце, і нікога не бойцеся.

Т у л я г а. Праўда, не баяцца?

В е р а. Не бойцеся. Я нікому не скажу, што вы — дзянікінскі палкоўнік.

Т у л я г а (аж прысеў). Тсс!.. звар'яцелі вы! Хіба гэтым можна жартаваць!

В е р а (смяецца). Ай, баязлівец вы, баязлівец!

Разыходзяцца па сваіх пакоях. Туляга варочаецца і падыходзіць да цёці Каці.

Т у л я г а. Кацярына Іванаўна! Вы, калі ласка, нікому не расказвайце пра гэту гаворку, а то яшчэ за праўду палічаць.

Ц ё ц я К а ц я. Хіба гэтаму хто паверыць! Які ж вы палкоўнік?

Т у л я г а. Ай-ан! Не гаварыце гэтага слова! Я вас прашу.

Ц ё ц я К а ц я. Выбачанце, Мікіта Сымонавіч! Больш не буду.

Т у л я г а выходзіць.

З і н а ч к а (уваходзіць). Аляксандра Пятровіча яшчэ няма?

Ц ё ц я К а ц я. Вашага яшчэ няма.

З і н а ч к а. Чаму майго?

Ц ё ц я К а ц я. У нас жа два Аляксандры Пятровічы, але ж з Чарнавусам вы ніякіх спраў не маеце, а падпісвае паперкі вам Гарлахвацкі.

З і н а ч к а. Ой, цёця Каця! Я не ведала, што вы такая злая.

Ц ё ц я К а ц я. Якая ж тут злосць, таварыш Зёлкіна. Я ж праўду кажу: вы сакратар, а ён дырэктар, дык як жа вы без яго можаце абысціся альбо ён без вас?

З і н а ч к а (адыходзячы ў пакой, жартаўліва грозіць пальцам). Ладна, ладна, яхідная жанчына, я вам гэта прыпомню!

Ц ё ц я К а ц я (адна). Хто парасё ўкраў, у таго ў вушах пішчыць. Я і не думала ёй шпільку падпускаць (Корпаецца нешта ў кутку. Нячутна ўваходзіць Зёлкін. Аглядае калідор, заўважае цёцю Кацю.)

З ё л к і н (знянацку). Добры дзень, цёця Каця!

Ц ё ц я К а ц я (спалохана). Цьфу ты, нячысты дух! Выбачаііце, таварыш Зёлкін. Гэта ж вы так мяне спалохалі!

З ё л к і н. Я ж толькі прывітаўся.

Ц ё ц я К а ц я. Дзякую вам за такое вітанне. I чаму вы, таварыш Зёлкін, ходзіце так заўсёды, быццам у вас не ногі, а мяккія лапы?

З ё л к і н. Пра мае ногі вы не турбуйцеся.

Ц ё ц я К а ц я. Я пра сябе турбуюся, а не пра вашы ногі.

З ё л к і н. Скажыце, Аляксандр Пятровіч прыйшоў?

Ц ё ц я К а ц я. Таго, які вам трэба, няма.

З ё л к і н. А які ёсць?

Ц ё ц я К а ц я. Чарнавус.

З ё л к і н. А хто яшчэ ёсць?

Ц ё ц я К а ц я. Усе ёсць.

З ё л к і н. Варачка прыйшла?

Ц ё ц я К а ц я. Прыйшла.

З ё л к і н. Мусіць, першая?

Ц ё ц я К а ц я. Першая.

З ё л к і н. Сядзела на канапе і чакала Чарнавуса?

Ц ё ц я К а ц я. Сядзела і чакала.

З ё л к і н (падміргвае). Ці не ўтрэскалася яна?

Ц ё ц я К а ц я. Вы лепш глядзіце, каб ваша жонка не ўтрэскалася.

З ё л к і н. Вы за маю жонку не бойцеся, яна ў добрых руках.

Ц ё ц я К а ц я. У чыіх гэта?

З ё л к і н. У маіх, вядома. Во, у гэтых.


Ц ё ц я К а ц я. Ха-ха-ха...

З ё л к і н. Чаго вам смешна? Гэта нейкія непрыстойныя намёкі. Вы калі маеце што сказаць, дык кажыце проста.

Ц ё ц я К а ц я. Ніякіх намёкаў. Я з вашых рук смяюся, што яны такія малыя.

З ё л к і н. Вы, можа, намякаеце на тое, што мая жонка ўчора з некім на машыне ехала? Дык гэта хлусня. Учора адвячоркам мая жонка была тут і працавала. I я прашу вас плётак не распускаць!

Ц ё ц я К а ц я. А я пра машыну і не казала вам.

З ё л к і н. Адным словам, пакінем пра гэта гаварыць. Калі даведаецца пра вашу гаворку таварыш Гарлахвацкі, дык ён вас з работы прагоніць.

Ц ё ц я К а ц я. За што? Я ж нічога не кажу, гэта вы самі.

З ё л к і н. А пра што яны гаварылі?

Ц ё ц я К а ц я. Што ж я ведаю? Машына толькі мігнулася.

З ё л к і н. Ды я не пра тое. Вера з Чарнавусам што гаварылі?

Ц ё ц я К а ц я. Я не прыслухоўвалася.

З ё л к і н. Нядобра так, цёця Каця. Мы ж з вамі заўсёды прыяцелямі былі.

Ц ё ц я К а ц я. Праўда, я добра не чула, што яны гаварылі.

З ё л к і н. Пра дырэктара нічога не гаварылі?

Ц ё ц я К а ц я. Не.

З ё л к і н. А пра мяне?

Ц ё ц я К а ц я. I пра вас нічога.

З ё л к і н. Няўжо ж яны больш нічога і не гаварылі?

Ц ё ц я К а ц я. Кажу ж вам, што нічога. Толькі Туляга расказаў, як у яго на вуліцы нейкі чалавек запытаўся, ці не Падгаецкі яго прозвішча.

З ё л к і н. Дык ён што? Спужаўся?

Ц ё ц я К а ц я. Страшэнна перапужаўся. Кажа, што быў дзянікінскі палкоўнік Падгаецкі, вельмі падобны на яго.

З ё л к і н. А можа, ён і сапраўды які палкоўнік?

Ц ё ц я К а ц я. Хто?

З ё л к і н. Туляга.

Ц ё ц я К а ц я. Ды кіньце вы! Я ж яго ведаю даўно, яшчэ да таго, як ён у Варонеж выехаў быў. Ён і ў войску не быў ніколі.

З ё л к і н (заняты нейкімі сваімі думкамі). Цікава, цікава... Вы мне, цёця Каця, заўсёды расказвайце што-небудзь такое... свежанькае... Я вельмі люблю слухаць. (Адыходзіць.)

Ц ё ц я К а ц я (адна). Бач, ласы які да бабскіх плётак! У самога вушы вялікія, хадзі да выслухоўвай!

Уваходзіць Н і ч ы п а р.

Н і ч ы п а р. Ідзе.

Ц ё ц я К а ц я. Няхай ідзе.

Н і ч ы п а р. Я зайшоў, каб часамі беспарадку ў цябе якога не было.

Ц ё ц я К а ц я. А які ў мяне беспарадак можа быць? Падмецена, выцерта... Чаго яшчэ трэба?

Н і ч ы п а р. Ды ты баба спраўная. Ну, я пайшоў...

Уваходзіць Г а р л а х в а ц к і. Знімае паліто і капялюш і аддае цёці Каці.

Г а р л а х в а ц к і. Як жывём, цёця Каця?

Ц ё ц я К а ц я. Нічога, жывём памаленьку.

Г а р л а х в а ц к і. Чаму памаленьку?

Ц ё ц я К а ц я. Ну, так гаворыцца.

Г а р л а х в а ц к і. Трэба шпарка жыць.

Ц ё ц я К а ц я. А як гэта — шпарка?

Г а р л а х в а ц к і. А так, каб аж вецер свістаў ля вушэй. Працаваць трэба заўзята. Вось як я, напрыклад,— адпачыць хвіліну часу няма.

Ц ё ц я К а ц я (убок). Спрацаваўся, бедны! (Гарлахвацкаму.) Ну, учора ж вы, мусіць, адпачылі крыху?

Г а р л а х в а ц к і. Адкуль вы ведаеце?

Ц ё ц я К а ц я. Я бачыла, як вы з жонкай за горад ехалі на машыне.

Г а р л а х в а ц к і. Жонка сілай ад стала адарвала, каб крыху праветрыўся.

Ц ё ц я К а ц я. Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландынка.

Г а р л а х в а ц к і (збянтэжана). Бландынка? Як бландынка?

Ц ё ц я К а ц я. Ну, бландынка, я ж бачыла ўчора.

Г а р л а х в а ц к і. А можа, і праўда — бландынка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландынілася, а я і не заўважыў. (Рагоча.) Так улёг у работу, што нават не заўважыў, калі жонка валасы пафарбавала. Аж смешна! (Рагоча.)

Ц ё ц я К а ц я. Сапраўды, смешна. Вы думалі, чорныя, а яны светлыя, як у нашай Зіначкі. (Рагочуць абое, разумеючы адзін другога.)

Г а р л а х в а ц к і. Вы толькі не кажыце нікому, што я валасы жончыны пераблытаў, а то смяяцца будуць.

Ц ё ц я К а ц я. А мне што? Блытайце сабе.

Г а р л а х в а ц к і (супакоіўшыся). Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... звыш нормы.

Ц ё ц я К а ц я. Няхай бы памералі, можа і лішняя.

Г а р л а х в а ц к і. I не мераючы відаць. Напішыце маленькую заяўку, а я налажу рэзалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты.

Ц ё ц я К а ц я. Дзякую... Я за сакрэты грошай не бяру.

Г а р л а х в а ц к і. Вось як! (Мацае ў кішэнях.) А папяросы забыўся. Як жа я працаваць буду?.. Цёця Каця, вось вам грошы, прынясіце мне два пачкі папярос.

Ц ё ц я К а ц я. Добра. (Бярэ грошы і выходзіць.)

Г а р л а х в а ц к і (прычэсваецца перад люстэркам). Ну і шэльма баба! Так адсекла!

Уваходзіць ч а л а в е к у ф о р м е НКВД.

Ч а л а в е к у ф о р м е. Скажыце, як мне пабачыць Валодзю Пракаповіча?

Г а р л а х в а ц к і. Валодзю Пракаповіча? А хто ён такі?

Ч а л а в е к у ф о р м е. Мой брат. Перадайце яму, калі ласка, што брат з раёна прыехаў — няхай ён сюды выйдзе.

Г а р л а х в а ц к і. У нас такога няма.

Ч а л а в е к у ф о р м е. Чакайце! Гэта ж інстытут біялогіі?

Г а р л а х в а ц к і. Вы памыліліся: гэта інстытут геалогіі, а інстытут біялогіі знаходзіцца на Шырокай вуліцы. Нумар дома я вам не магу сказаць. (У адных дзвярах паказваецца галава Зёлкіна.)

Ч а л а в е к у ф о р м е. Значыць, на Шырокай? Ну, дзякую. Цяпер я ўжо яго знайду. (Выходзіць.)

З ё л к і н (падыходзіць да Гарлахвацкага). Чаго ён прыходзіў?

Г а р л а х в а ц к і (як бы нехаця). Цікавяцца некаторымі асобамі.

З ё л к і н. Кім, калі не сакрэт?

Г а р л а х в а ц к і. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет.)

З ё л к і н (адзін). За каго ж гэта бяруцца?.. Называлася Шырокая вуліца... Хто ж там жыве з нашых? (Наморшчыўшы лоб, стараецца прыпомніць, потым дастае з кішэні блакнот і паспешна гартае.) Аляксандр Пятровіч Чарнавус — Шырокая, 2З. Вось табе і выдатны вучоны! Даскакаўся, галубок! Шкада толькі, што гэта здарылася не перад маім дакладам. (Да цёці Каці, што ўвайшла з папяросамі.) Цёця Каця, чулі навіну?

Ц ё ц я К а ц я. Не, не чула. А што такое?

З ё л к і н. Няможна казаць.

Ц ё ц я К а ц я. Я нікому не скажу.

З ё л к і н (агледзеўшыся кругом, шэпча). Нашага Чарнавуса... (Далей шэпча нешта ў самае вуха.) Прыходзілі нядаўна.

Ц ё ц я К а ц я (здзіўлена). Што вы кажаце!

З ё л к і н. Маўчок. Пра гэта ведаю толькі я ды яшчэ адзін чалавек.

Ц ё ц я К а ц я. А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць. Гэткі, здаецца, чалавек! Проста аж не верыцца. (Ідзе з папяросамі ў кабінет дырэктара.)

З ё л к і н (адзін, бярэ тэлефонную трубку). Пеця... ты яшчэ нічога не чуў пра нашага Чарнавуса? Амба... Яшчэ не, але сёння ці заўтра напэўна... Ага, пыталіся адраса. Гэта пакуль што паміж намі... бывай... (Набірае другі нумар.) Саша, гэта ты? Скажу табе навіну... Наш Чарнавус пляснуўся. Не, ён яшчэ на рабоце, але ўжо ўсё роўна, як і там. Каб не ведаў, дык бы не гаварыў. (Вешае трубку. Прыадчыняе адны дзверы, што выходзяць у калідор.) Зіна! Выйдзі сюды на хвіліну. (Выходзіць Зіна.) Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім?

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка