Хто ў шоку ад pisa?




Дата канвертавання05.05.2016
Памер88.94 Kb.


Хто ў шоку ад PISA?

У апошні час у свеце назіраецца павышаны інтарэс да праблем якасці адукацыі і правядзення маніторынгавых даследаванняў у гэтай галіне.

Міжнародная асацыяцыя па ацэнцы вучэбных дасягненняў (IEA) і Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (ОECD) выступаюць асноўнымі каардынатарамі сістэмы маніторынгу якасці адукацыі ў свеце.

Прыкладамі міжнароднага супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы з’яўляюцца параўнальныя даследаванні, сярод якіх можна вылучыць: IAEP, SITES, PIRLS, TIMSS, CIVIC, PISA і інш.

Пачынаючы з 2000 года, ОECD трохгадовымі цыкламі праводзіць Міжнародныя даследаванні адукацыйных дасягненняў 15-гадовых падлеткаў па праграме PISA, якія скіраваны на вызначэнне здольнасці навучэнцаў выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні, неабходныя для функцыянавання асобы ў грамадстве.

У аснову гэтых даследаванняў пакладзены так званы кампетэнтнасны падыход. Трэба адзначыць, што запыт на кампетэнтных выпускнікоў школ быў сфармуляваны не педагагічнай супольнасцю, а сучасным рынкам працы.

У вытворчасці на дадзеным этапе развіцця грамадства кампетэнтнымі з’яўляюцца тыя, хто пры вырашэнні розных задач выкарыстоўвае сродкі і прыёмы, якія адрозніваюцца ад папулярных у класічнай адукацыйнай сістэме. Як вядома, тэсты кампетэнтнасці ацэньваюць не ўзровень ведаў і ўменняў, а тое, ці сталі яны рэальным інструментам мыслення і дзеянняў асобы.

Па міжнароднай праграме PISA даследуюцца фактары, якія дэманструюць адрозненні ў адукацыйнай дзейнасці паміж старшакласнікамі краін-удзельніц, даецца характарыстыка навучэнцаў і іх сем’яў, а таксама навучальных устаноў, дзе атрымліваюць адукацыю падлеткі.

Па Міжнароднай праграме PISA даследаванні праводзяцца па праверцы матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай і чытацкай граматнасці.

Пад матэматычнай граматнасцю аўтары заданняў разумеюць не ўменне рашаць тыповыя вучэбныя матэматычныя задачы, а ўменне разбіраць (аналізаваць) праблемныя сітуацыі, якія звязаны з рознымі аспектамі жыццядзейнасці чалавека. Гэта значыць – здольнасць вызначаць і разумець ролю матэматыкі ў свеце, у якім мы жывём. У такім выпадку, паняцце “матэматычная граматнасць” тоесна так званай “функцыянальнай граматнасці”. Тэст на праверку матэматычнай кампетэнтнасці, як правіла, змяшчае заданні, якія складзены па матэрыялах з розных вучэбных прадметаў.

Для аналізу матэматычнай граматнасці 15-гадовых падлеткаў выкарыстоўваюцца часцей за ўсё закрытыя і адкрытыя заданні, а таксама заданні з разгорнутым вольным адказам. У першым выпадку вучань выбірае адказ з некалькіх прапанаваных; у другім – заносіць у адпаведны бланк свой адказ без каментарыяў; у трэцім – выконвае рашэнне задачы і прыводзіць аргументацыю.

Пры вызначэнні чытацкай граматнасці не ацэньваецца тэхніка чытання і літаральнае разуменне тэксту. Вучань павінен умець працаваць з літаратурнымі і навукова-папулярнымі тэкстамі, рознымі графікамі, дыяграмамі, табліцамі і схемамі. Значная роля адводзіцца на пошук пэўнай інфармацыі ў тэксце, яго інтэрпрэтацыю і рэфлексію.

Выконваючы заданні на выяўленне ўзроўню прыродазнаўчанавуковай граматнасці, навучэнцы павінны прадэманстраваць веды, якія могуць быць карыснымі для паўсядзённага жыцця і неабходнымі для разумення навакольнага свету і тых змен, што адбываюцца ў выніку дзейнасці чалавека. Навучэнцы павінны ўмець апісваць, тлумачыць і прагназаваць розныя прыродныя з’явы, разумець метады навуковых даследаванняў і інтэрпрэтаваць звесткі, атрыманыя з розных крыніц інфармацыі.

Правяраецца таксама здольнасць вучняў вырашаць праблемныя сітуацыі, якія могуць быць важнымі для арганізацыі асабістага жыцця. Для ацэнкі кампетэнтнасці навучэнцаў у вырашэнні праблемных сітуацый даследуецца іх здольнасць прымаць рашэнні, аналізаваць і планаваць, выходзіць з надзвычайных сітуацый, якія ўзнікаюць раптоўна. Уменне старшакласнікаў вырашаць розныя праблемы аўтары даследаванняў адносяць да так званых “рэальных жыццёвых кампетэнцый”.

Паводле свайго характару даследаванне маніторынгавае. Гэта дазваляе выяўляць і параўноўваць дынаміку паспяховасці старшакласнікаў у галіне адукацыі ў розных краінах. Пры гэтым тэставыя заданні, як правіла, скіраваны не столькі на выяўленне канкрэтных ведаў, колькі на ўменне навучэнцаў супастаўляць факты, рабіць вывады, працаваць з інфармацыяй.

Карацей, у аснову даследаванняў пакладзена выяўленне ў падлеткаў здольнасці лагічна мысліць.

Звычайна заданні ў тэстах пабудаваны на сітуацыях, якія аўтары бяруць з рэальнага жыцця.

Праграма PISA ажыццяўляецца ў адпаведнасці з адзінымі інструкцыямі і правіламі, якія распрацоўваюцца Міжнародным каардынацыйным цэнтрам па стандартызацыі правядзення даследаванняў. Такая ўніфікацыя ўсяго працэсу даследаванняў не дапускае значных хібаў у выніках і мае высокі ўзровень дакладнасці.

Для ацэнкі праведзеных даследаванняў выкарыстоўваецца міжнародная 1000-бальная шкала, дзе сярэдняе значэнне роўнае 500 балам, стандартнае адхіленне – 100.

Пасля першых аб’яўленых даследаванняў тэста PISA у 2000 годзе асобныя краіны былі прыемна ўражаны станоўчымі вынікамі, другія, наадварот, – моцна здзіўлены нездавальняючымі вынікамі. Нават з “лёгкай” рукі еўрапейскіх менеджараў ад адукацыі з’явіўся новы тэрмін PISA-Shock. Аднак, як першыя, так і другія пазітыўна аднесліся да гэтых даследаванняў і прызналі іх сучасны характар і аб’ектыўнасць.

Міжнародныя параўнанні выявілі характэрныя праблемы адукацыйнай сістэмы ў кожнай краіне, якая ўдзельнічала ў даследаваннях. Гэта дазволіла ў кожным канкрэтным выпадку ставіць “дыягназ” адукацыі.

Вынікі чарговага, пятага (2012 г.), цыкла праграмы PISA нядаўна абвясцілі арганізатары даследаванняў.

Прапаную параўнальныя вынікі даследаванняў краін-удзельніц за ўвесь час іх правядзення (табл. 1 – 3).

За вызначаны перыяд дасдедаванняў аўтарытэт праграмы значна вырас, што прывяло да павелічэння колькасці краін-удзельніц. Калі на старце ў 2000 годзе было 32 краіны, то ў 2012 годзе – 65 краін.

Такую цікавасць да праграмы PISA можна растлумачыць тым, што даследаванні дазваляюць вызначыць стан адукацыі паводле міжнародных стандартаў і, адпаведна, напрамкі ўдасканальвання адукацыі. Не становіцца перашкодай і тое, што працэдура даследаванняў не толькі складаная, але і не танная.

На працягу пяці цыклаў даследаванняў захаваўся пастаянны склад краін-удзельніц. Гэта дазваляе прааналізаваць дынаміку іх паспяховасці. Большую частку ўдзельнікаў складаюць краіны Арганізацый Эканамічнага Супрацоўніцтва і Развіцця, да якіх адносяцца “развітыя краіны, што прызнаюць прынцыпы прадстаўнічай дэмакратыі і свабоднай рыначнай эканомікі”.

Калі параўнаць краіны-лідары паводле вынікаў даследаванняў у матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай і чытацкай адукаванасці, то можна адзначыць, што гэтыя краіны ў аднолькавай ступені паспяховыя ў гэтых жа галінах кампетэнтнасці.

Якія ж гэта краіны?

На працягу ўсіх цыклаў даследаванняў лідарамі выступаюць краіны Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі (Сінгапур, Тайвань, Карэя, Японія і др.). Амаль усе яны адрозніваюцца хуткімі тэмпамі развіцця эканомікі, у якой рост ВУП значна вышэйшы не толькі ў параўнанні з так званымі краінамі, якія развіваюцца, але і ў параўнанні з краінамі Старога Свету.

Абсалютным жа лідарам паводле вынікаў даследаванняў з’яўляецца Кітай (Шанхай, Ганконг і Макаа). Кітайскія падлеткі ў аднолькавай ступені дэманструюць высокую кампетэнтнасць у валоданні як матэматычнай граматнасцю, так і чытацкай, і прыродазнаўчанавуковай.

Дарэчы, усе краіны-лідары ў даследаваннях PISA, - як правіла, на міжнародных школьных алімпіядах таксама першыя.

У гэтых краінах сярод нацыянальных прыярытэтаў адукацыя займае пачэснае месца. Грошай на яе развіцце гэтыя краіны не шкадуюць. У школах добра развіта прафільная адукацыя. Так, у Сінгапуры вучняў старэйшых класаў дыферэнцыруюць як паводле здольнасцей, так і паводле іх творчых інтарэсаў, пасля гэтага для кожнага класа распрацоўваюць індывідуальныя праграмы навучання. У гэтай жа краіне пасля дзесяцігодкі патрэбна абавязкова скончыць двух – альбо трохгадовы каледж для тых, хто збіраецца паступаць ва ўніверсітэт.

У дванаццацігадовай сярэдняй школе Кітая значная ўвага звяртаецца на індывідуальнае развіцце асобы вучня. Так, у школах Шанхая дазваляецца пэўная гнуткасць у арганізацыі і кіраванні адукацыяй. Вучні могуць самастойна выбіраць некаторыя вучэбныя курсы. Настаўнікі павінны ўлічваць здольнасці, інтарэсы і захапленні кожнага асобнага вучня і ўсяляк заахвочваць іх да далейшага развіцця, як у час вучобы, так і на практыцы.

Школьнікі маюць магчымасць прымаць удзел у розных праграмах, дзе яны набываюць пэўны вопыт сацыялізацыі асобы.

Толькі ў Шанхаі для вучняў школ функцыянуе больш за 1000 розных сацыяльных курсаў. У межах пазашкольнай адукацыі ў горадзе створана каля 200 розных палацаў, маладзёжных навуковых і тэхнічных станцый, цэнтраў маладзёжнай творчасці, дзіцячых паркаў, ІТ-школ, навуковых школ выхаднога дня і др.

Усё гэта стварае добры падмурак для развіцця эканомікі згаданых краін. У сваю чаргу вытворчасць стымулюе адукацыю да падрыхтоўкі як адукаваных, так і кампетэнтных будучых спецыялістаў і навукоўцаў.

Сярод краін Еўропы стабільна высокія паказчыкі на працягу ўсяго часу даследаванняў дэманструе Фінляндыя. Поспех гэтай скандынаўскай краіны выклікаў той самы PISA-shock, асабліва для яе краін-суседак з Паўночнай Еўропы (Данія, Швецыя, Нарвегія).

У школах Фінляндыі значная ўвага адводзіцца кампенсацыйным мерапрыемствам для вучняў з меншымі здольнасцямі (чым не савецкі вопыт працы з непаспяваючымі школьнікамі?). У аснову адукацыйнага працэсу ў гэтай краіне пакладзены індывідуальны падыход да вучняў. Прычым настаўнік нясе адказнасць за добрае засваенне вучэбнага матэрыялу кожным школьнікам. Неразуменне тэмы ўрока не лічыцца віной навучэнца. Гэта сведчыць пра тое, што настаўнікі (а іх, дарэчы, у класе два) на занятках не знайшлі эфектыўныя дыдактычныя прыёмы і метады выкладання.

Не выпадкова і Эстонія – у рэйтынгу названых краін. Былая савецкая рэспубліка па сістэме адукацыі шмат у чым падобна да краіны-суседкі.

Станоўчую дынаміку дэманструе Польшча, якая прымае ўдзел у даследаваннях на працягу ўсіх пяці цыклаў з 2000 года. Яе паказчыкі па ўсіх трох напрамках выраслі на 30 – 45 балаў (табл. 1 – 3). Адна з прычын такога поспеху Польшчы тлумачыцца тым, што краіна правяла рэформу школы пад уплывам PISA. Тут не толькі вучэбныя праграмы арыентаваны на кампетэнтнасны падыход, а і маніторынгі ведаў пабудаваны на аснове заданняў гэтага даследавання.

Адносна нядрэнныя паказчыкі на працягу ўсяго перыяду даследаванняў дэманструюць дзве еўрапейскія краіны – Швейцарыя і Ліхтэнштэйн.

Асаблівасцю Швейцарыі з’яўляецца тое, што ў гэтай краіне адсутнічае адзіная нацыянальная сістэма адукацыі. Разам з тым школы адметныя не толькі інтэрнацыянальным характарам адукацыі, але і высокім яе ўзроўнем. Асновы “швейцарскай школы” былі закладзены яшчэ ў XIX ст. пад уплывам славутых педагогаў І. Песталоцы, М. Мантэсоры і Р. Штайнера. Прапанаваныя імі метады і прыёмы адукацыі дзяцей выкарыстоўваюць і цяпер.

У школах Швейцарыі дзейнічае ўніверсальная міжнародная праграма адукацыі International Baccalaureate, якая дае магчымасць любому яе выпускніку, незалежна ад мовы навучання (французская, нямецкая, англійская ці італьянская), падрыхтавацца да паступлення не толькі ва ўніверсітэты краіны, але і практычна ў любую вышэйшую навучальную ўстанову свету.

Стабільныя вынікі на працягу ўсяго перыяду даследаванняў дэманструе Канада, якая ўсхваляе сваю сістэму школьнай адукацыі. Традыцыйна вучні дэманструюць добрую падрыхтоўку падчас розных міжнародных даследаванняў.

Вучням старэйшых класаў дванаццацігадовай сярэдняй школы Канады даецца права выбару вучэбных прадметаў для іх паглыбленага вывучэння.

У вучэбным працэсе канадскай школы значная ўвага надаецца самастойнай рабоце вучняў. Кожны школьнік выконвае індывідуальнае заданне, у межах якога ён павінен не толькі падрыхтаваць нейкую інфармацыю па зададзенай тэме, але і абараніць рэферат (вусная прэзентацыя перад класам). Заўважце, гэта не сачыненне па тэмах, пералік якіх вядомы вучням, якія могуць “творча” карыстацца любымі крыніцамі для яго напісання. Практыкуюцца і іншыя формы творчых заданняў. Не ігнаруюцца розныя пісьмовыя работы як у вучэбным працэсе, так і падчас экзаменаў. Гэта можа быць тэст па пройдзеным матэрыяле альбо напісанне ЭСЭ.

Выніковая адзнака па прадметах за курс сярэдняй школы – інтэграваны паказчык паспяховасці вучня – выстаўляецца за вусны экзамен, творчы праект і пісьмовыя работы, якія выконваліся на працягу ўсёй вучобы.

З улікам таго, што Беларусь не ўдзельнічае ў гэтых даследаваннях, мы не маем магчымасці як устанавіць узровень кампетэнтнасці нашых падлеткаў, так і вызначыць месца нашай краіны сярод удзельнікаў праекта.

Калі ж дапусціць, што як нашы, так і расійскія школьнікі маюць прыблізна аднолькавыя паказчыкі паспяховасці, то і рэйтынг Беларусі можа быць дзесьці ў дыяпазоне Расійскай Фэдерацыі. Між тым педагагічная грамадскасць Расіі не ў захапленні ад вынікаў даследаванняў адукацыйнай кампетэнтнасці сваіх падлеткаў.

Трэба заўважыць таксама, што да інтэрпрэтацыі вынікаў даследаванняў трэба падыходзіць асцярожна: вывады не заўсёды будуць эквівалентнымі рэальным паказчыкам кампэтэнтнасці вучняў. Справа ў тым, што суадносіны прадстаўленых у даследаванні вучэбных тэм часта разыходзяцца са структурай асобных прадметаў для 15-гадовых падлеткаў у розных краінах, якія ўдзельнічаюць у праекце.

Так, па даследаванні матэматычнай граматнасці ў праекце PISA прадстаўлена шмат заданняў па такіх тэмах, як “Камбінаторыка”, “Верагоднасць”, “Статыстыка”. Гэтыя тэмы, дарэчы, адсутнічаюць у праграмах школ як у Расійскай Фэдерацыі, так і ў Беларусі.

Аднак у парадку самакрытыкі трэба заўважыць, што як для расійскай, так і для айчыннай школы характэрны празмерны акадэмізм асобных вучэбных курсаў. Практычным заняткам у школе па-ранейшаму не надаецца належная ўвага.



М. Фяськоў


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка