Хрумкач (Аповесць)




старонка1/8
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.08 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8

ХРУМКАЧ (Аповесць)


Яны не ведалі, што бачацца апошні раз. Сын і родныя яму людзі – бацька і маці.

Ходзікі на сцяне спраўна чэкалі і паказвалі далёка за поўнач, і Ромка прыспешваў сябе, каб да світанку быць у глыбіні пушчы, далей ад чужых вачэй, людных дарог і сцежак.

– Адагрэўся ў вас, – ён стаяў ужо на парозе, нават рамень вінтоўкі перакінуў цераз плячо, а Ганна аберуч учапілася ў яго рукаво, затуманенымі ад слёз вачыма глядзела ў сынаў твар, акурат старалася запомніць на ўсё астатняе сваё жыццё.

– Ну, мам, – Ромка нават адной рукой развязаў матузок насунутай на самыя вушы заячай шапкі-аблавухі, бо станавілася горача. – Мне ўжо трэ. К вясне, калі далёка куды не перакінуць, яшчэ прыбягу поначы.

Але яна ўсё адно як і не чула яго слоў. З ціхім усхліпам кволымі схуднелымі грудзьмі прыпала да яго грудзей, і ён нават праз ватоўку і паддзёўку пад ёй чуў, як трапечацца яе сэрца.

Ігнат быццам не рэагаваў ні на што, сядзеў на ўслоне, уталопіўшыся ў новыя, яшчэ да вайны пашытыя ў мястэчку і зараз наваксаваныя да бляску хромавыя боты ля ягоных ног. Не, ён не збіраўся іх абуваць, быў ужо абуты ў буркі з буцамі, а боты не адымаў ад сябе, бо ўсё яшчэ спадзяваўся, што сын адумаецца і ў апошні момант пакладзе абнову ў свой заплечнік. Ён таксама быў па-зімоваму апрануты – старэнькі латаны-пералатаны кажух наапашкі, на галаве гэткая ж самая, як у сына, толькі трусіная і выскубеная да белай шкуркі шапка без аднаго матузка, адарванага невядома калі.

– То, можа… – ён зноў паклаў цяжкую, спрацаваную далонь, на якой не было мезенца, на боты. – Вясной, калі шугане вада, нагам будзе ой як дабрэнна.

Ромка, аднак, быў катэгарычны:

– Не, тато (Ромка чамусьці заўсёды называў бацьку тато), не і яшчэ раз не. Покуль мне ў валёнках добра. А на талае ёсць у зямлянцы гумовікі. І парцянкі сухія трымаю. Хлопцы маё не чапаюць.
За вакном, завешаным тоўстай суконнай коўдрай, чутно было, як шалее вецер, б’е сухой снежнай крупой у шыбкі, нейкім чынам пранікае трохі і ў кухню, бо агеньчык у газніцы на краі стала трапечацца, гатовы ў любую хвілю патухнуць.

– Што ж, –  бацька ўжо падняўся з услона. – Вернешся жывы-здаровы, будзе табе на вяселле спраўны дарунак. А зараз я праводжу цябе. Хоць за лог. Толькі спачатку выйду першы, абыду хату, хлеў, выгляну за брамку. Можа ж усюды ціха.

Стараючыся не скрыпець дзвярыма, ён падаўся ў сенцы, адтуль нячутна выйшаў на падворак. Не было яго хвілін пяць-сем. За гэты час, адарваўшыся ад сына, Ганна зноў укленчыла перад іконай, шаптала малітву, каторы ўжо раз за сённяшні вечар прасіла Бога быць літасцівым да яе крывінкі ў гэтай нечуванай у свеце калатнечы.

– Ну, мама, – Ромка падышоў, падаў матцы руку, прыцягнуў да сябе, пагладзіў яе там-сям дачасна пасівелыя валасы, якія разбэрсаліся па плячы, хоць яна і брала іх ззаду ў тугі вузел. – Вайна ж ужо коціцца на Захад, і фрыцу, лічы, капут. Так што і вокам не міргнеце, як буду ўдома.

Але ж лютуюць як, – яна ў душы хоць і спеліла гэтую надзею, дзень і ноч думала пра тое, але зараз празмерная ўпэўненасць сына трохі яе палохала. – Я гэных баек, што мы… гэта… ну, самыя дужыя ў свеце, што самыя хуткія нашыя танкі і летакі, начулася шчэ да вайны. І па радзіву, і ў спевах пра тое надрывалася. Але бачыш, што выйшла… Поўны пшык. Цяпер, во, ачухаліся. У мястэчку, вунь, заўчора шчэ трох павесілі. Маладых ды такіх жа гарачых. Не ведаю, ці ўжо знялі з вяровак.

– Стане і на іх вяровак. І куль хопіць. Адплоцім.

У сенцах пачуўся асцярожлівы тэпат бацькавых ног, і Ромка сам узяўся за клямку, прачыніў трохі дзверы, праз якія тхнула ў кухню, ажно агеньчык газоўкі на стале захістаўся туд-сюд, тугім і сцюдзёным.

За кароткі час на дварэ бацькаў кажушок, асабліва каўнер, ды і аблавуха пакрыліся снегавой беллю.

– Пойдзем, – сказаў Ігнат, яшчэ раз глянуўшы на ікону і ў думках перажагнаўшы сына.Ён не саромеўся хрысціцца, але зараз, каб не паказаць Ромку, а найперш жонцы свайго ўтрапення, сваёй нечаканай слязлівасці (ведаў, баба, калі адчуе хоць якую з яго боку маркоту, а яшчэ, крый Бог, убачыць мокрыя вочы, завые, загалосіць так, што і суняць будзе немагчыма), хаваў твар у ценю газніцы. Аднак Ганна ў гэтым кароткім, акурат хто шархануў па жывым лязом брытвы, слове“пойдзем” адчула невыказны адчай. Хтось таемны бытта шапнуў ёй (такое адно мацяркам дадзена ў самыя адказныя хвілі іх жыцця), што з сынам яны развітваюцца назусім. Яна, ледзьве не самлеўшы, зноўку кінулася Ромку на грудзі, і каб той не падтрымаў матку, няйначай спаўзла б на падлогу.

– Сыно-о-очак, родненькі! – голас яе, даўкі, утробны (выць на ўсю хату яна ўжо баялася), абудзіў котку Мурку, і тая, хоць хваравіта апошні тыдзень сябе пачувала, нічога не ела, толькі зрэдзь піла ваду, скокнула з чарана, дзе моцна спала, падышла і церанулася аб Ромкавы ногі. – Гля, і яна цябе шкадуе. Гэта ж знак якісь… Бо-о-ожачка-а!..Тут ужо Ігнат не вытрымаў, цыкнуў на жонку:

– До! Супакойся. Што ты, гэта, псуеш хлопцу настрой у дарогу? Усё абыдзецца. Перазімуем, дасць Бог, і пералятуем. І ён, і мы. Ігнат хацеў адагнаць Мурку, якая ўсё яшчэ сядзела ля парога, заглядвала ў вочы то аднаму, то другому, бытта хацела што сказаць. Але Ромка нахінуўся, узяў котку на рукі, пачаў гладзіць, і тая ад чалавечае ўвагі і пяшчоты ажно замурлыкала, шорсткім языком дацягнулася да ягонага падбародка, лізнула раз і другі. Пасля печы Мурка была цёплая, у поўсці яе грэць бы ды грэць рукі, прыціскаць да голага цела, адчуваючы незвычайную асалоду. Але час прыспешваў, і Ромка, яшчэ раз пагладзіўшы па спінцы сваю любімку, якую не бачыў больш за чатыры месяцы, перадаў яе матцы ў рукі. Сам, хаваючы павільгатнелыя вочы, крутануўся і рашуча адчыніў дзверы ў сенцы. Ганна памкнулася ўслед, але Ігнат не вельмі далікатна адпіхнуў яе ад парога, коратка кінуўшы: “Усё, до”, выйшаў за сынам следам. Сухая снежная каламуць, якая сеялася з цёмнага неба, скуголіла па завуголлі і віхурыла, намятаючы ўпоравень з платамі гурбы пухкага снегу, хутка праглынула іх.Яны ішлі след у след. Першы Ромка, за ім, стараючыся не адстаць, Ігнат. Мінулі агароды, выйшлі на лог. Тут снегу было больш чым па калена, і Ромка, шкадуючы бацьку, спыніўся, няголасна сказаў:

– Усё, тато, я ўжо адзін пабяруся. Тут блізка санная дарога, якой ездзяць у лес па дровы. Можа ж не замяло.Ігнат, трохі запыханы, падышоў упрытык, стаў, нацягнуў глыбей аблавуху, прыслухаўся. Вёска, што засталася ззаду, не нагадвала пра сябе ні брэхам сабак, ні якім іншым чынам. Нават пеўні, чакаючы сваёй пары, моцна спалі на седалах у цёплых катухах хлявоў. І ўсё ж да наструненага вуха данёсся, працінаючы жахам наваколле, воўчы галас, на яго праз колькі секунд адгукнуўся працяглым выццём іншы звер.

– Гады, падбіраюцца да нашай Янаўкі, каб чым пажывіцца, – сцепануўся Ігнат. І раптам занепакоена: – А калі, крый Бог, цябе там, у лесе, перастрэнуць? Яны ж зараз лютыя і галодныя…Ромка, каб падбадзёрыць бацьку, бесклапотна адгукнуўся:

– А ў лабаціну не хацелі? – ён таргануў рамень вінтоўкі. – Патронаў у мяне на дзесяць зграй хопіць. Ды і дзве гранаты ў дадатак. Чуючы порах, яны, ваўкарэзіны, тож не хочуць лезці на ражон.Трохі пабавіліся на месцы. Мяцеліца, якая, здэцца, яшчэ больш уз’юшылася, тут жа засыпала іхнія сляды.

– То йдзі ўжо. Матка будзе нервавацца. Сёння яна нейкая…

– Матка ё матка. Ты ж у нас адзін, – у голасе Ігната, як ён ні стараўся годна, па-мужчынску трымацца, адчулася невыказная трывога і скруха. Памуляўшыся які момант, на развітанне сказаў: – Я зноўку пра боты. Надта ж яны хвацкія й паглядныя. На іх могуць палажыць вока паліцаі, ды і ў вашых, колькі чутно ад людзей, рукі надта ж заграбушчыя. Не менш за бобікаў валтузяць поначы, выграбаюць усё дарэшты, нават нявінных, калі якое пярэчанне, могуць і за хлявом шлёпнуць.

–    Ну, тато… – памкнуўся нешта пярэчыць Ромка.Аднак Ігнат, ведаючы, што спрэчку з сынам зараз пачынаць не варта, усё ж мусіў удакладніць сваю думку да канца:

– Боты я закапаю. Метры за два справа ад склепа, побачкі з грушай. Каб гэта ведаў, калі што-якое… Спаражню тую жалезную скрыню, у якой ячмень хаваем, абмажу звонку каланіцай, добра закупору і… глыбей у зямлю, каб ніякі прэнт ці шомпал не дастаў. Яшчэ што лепшае туды кіну. Вернешся, дасць Бог, то як знойдзеш.Ромка нясмела заікнуўся:

– Сам бы, тато, насіў калі на святы. У цябе ж самога нічога людскага няма. Ды і ў мамы. Усё лепшае мне да мне…

– Ат, не будзем зараз пра гэта. Мо й вяселля прычакаем. Нявестаў жа хапае. Чаго вартая хоць бы вучыцелька нашая. Паглядная дзеўка, ого. Ды і вумніца якая. Відаць, ты ёй неабыякавы. Неяк спыніла мяне на вуліцы і, пачырванеўшы, папытала, дзе ты і што з табою. А што я мог сказаць? Не прызнаешся ж, што ў лесе ў парцізанах. Крый Бог да паганых вушэй каму дойдзе. Сказаў, што не ведаю. Што ў армію як забралі, то й ні слыху ні дыху.

– Ну вы, тато… – невядома што хацеў сказаць Ромка, але Ігнат адчуў: згадка пра Наталлю запаліла бляскам сынавы вочы. “То й добра, – падумаў з уцехай. – То, можа, і пабяруцца. Толькі б скарэй”. Ён неяк нялоўка, бы саромеючыся, аберуч ашчаперыў сына, цмокнуў яго ля носа, неатуленага шапкай, пасля, ступіўшы паўкрока назад, зняў рукавіцы, моцна паціснуў Ромку руку:

– То беражы сябе, сынку.

– І вы, тато, і мама, таксама не перасільвайцеся і не бярыце нічога кепскага ў галаву, – у Ромкі, сам таго не чакаў, неяк неспадзеўкі задрыжаў голас, а да горла падступіў даўкі камяк. Каб зусім не расцвеліць бацьку, не паказаць і сваю слабінку, ён павярнуўся і хутка пашыбаваў у бок недалёкага ўжо лесу.

2

Ігнат як у ваду глядзеў. Ужо праз тыдзень, а было гэта незадоўга да абеду, у Янаўку нахлынулі немцы і іх памагатыя – паліцыянты. Яны прыехалі на дзвюх крытых брызентам машынах, спыніліся ў двары мураванай пачатковай школкі, што стаяла наводшыбе бліз гравійкі. У школе ў гэты час мясцовая настаўніца Наталля Рыгораўна праводзіла з дзеткамі апошні ўрок па арыфметыцы. Немцы, як толькі машыны заглушылі маторы, імкліва, пад каманду даўгалыгага і худога, акурат гліст, акулярыстага афіцэра выкуліліся са сваіх буданоў, нястройна, трымаючы на плячы аўтаматы, пасталі ў шарэнгу. Немец штось коратка сказаў ім, і яны задаволена загергеталі, пасля навыперадкі памчаліся да ганка школы. Насустрач ім выйшла ў адной кофтачцы збялелая Наталля Рыгораўна. Расставіўшы ўшыркі рукі, яна засланіла сабою дзвярны праём, нешта па-нямецку, як толькі ўмела, загаварыла да нечаканых візітоўцаў. Услужлівы незнаёмы паліцай (мясцовых тут не было) высунуўся наперад, памкнуўся груба адпіхнуць дзяўчыну, нават лэпнуў яе за руку, хацеў, відаць, заламаць, але настаўніца праявіла ўпартасць, не дала нахабніку зрушыць сябе з месца.



– Ты што, сучка паганая, – вызверыўся паліцай, – не бачыш, хто перад табой? Зараз вось шлёпну, мокрае месца ад цябе застанецца.

– Сам ты паганец, – вырвалася ў дзяўчыны. – Вылупі вочы і паглядзі, што гэта школа, там маленькія дзеткі, і мы вучымся. Хочаш перапалохаць іх да смерці?

Паліцай  наліўся крывёю, а вочы шалёна бліснулі. Ён хапіўся быў за карабін, пасля адумаўся і занёс кулак, каб апусціць на галаву настаўніцы. Руку яго, аднак, пераняў камандзір. Кінуўшы на бобіка знішчальны погляд, гняўліва сказаў:

– Хамула ты. Табе толькі жывадзёрам рабіць. Хто ж так з гожымі фрау размаўляе? – І ўжо звяртаючыся да настаўніцы: – Дайце яму па фізіяноміі. Я дазваляю. Калі самі не можаце, то я за вас гэта зраблю.

Не паспела Наталля Рыгораўна зразумець увесь сэнс сказанага немчыкам, як той вокамгненна, нават не паварочваючыся, секануў даланёй па твары паліцая. Трапіў акурат у нос, і з яго цурком хлынула кроў. Уся хеўра, што згрувасцілася ля ганка школы, выбухнула дружным рогатам. Афіцэр узмахам рукі спыніў балаган сваіх падначаленых. Узяўшы настаўніцу пад локаць, пафасна загаварыў:

– Вялікай Германіі патрэбны такія гожыя і рашучыя жанчыны. Яны змогуць і працаваць самааддана дзеля нашай перамогі, і задавальняць іншыя патрэбы гаспадароў фатэрлянда. Запішыце яе першай.

“Што ён вярзе?” – жахнулася Наталля Рыгораўна. – Што ўдумаў?” Яна хацела павярнуцца і падацца ў клас да сваіх вучняў, якія, навучаныя небагатым сваім досведам, нічога добрага не чакалі ад чужынцаў. За тры гады вайны дзеці, нягледзячы на малы ўзрост, пабачылі самі і наслухаліся ад дарослых гэтулькі ўсяго страшнага, што зараз, пакуль не было настаўніцы, затаіліся, бы мышы пад венікам, баяліся нават падысці да вокнаў і зірнуць у двор. Наталля Рыгораўна прыгадала і вельмі ўстрывожылася за здароўе Волечкі Белай, самай здольнай, але і самай хваравітай першакласніцы. У дзяўчынкі яшчэ да вайны выявілі нелады з сэрцам. Ёй нельга было хвалявацца, бо ўжо неаднойчы, нават тыдзень таму, яна млела на ўроках, і Наталля Рыгораўна трымала ў сваім рыдыкюлі нашатыр і патрэбныя таблеткі.

Непакоілася яна недарэмна. Афіцэр яшчэ штось патэтычна балабоніў наконт вялікай Гераманіі, як у часе ягонай слоўнай тырады выскачыў на ганак Міколка Залужны з расшыранымі ад страху вачыма і, заікаючыся, залепятаў:

– Там… яна… Пад стол упала. Не дыхае бытта…

Наталля Рыгораўна адразу здагадалася, пра каго гаворка. З усяе сілы вырваўшы сваю руку з учэпістай немчыкавай клюшні, яна бягом кінулася ў клас. Згледзела Волечку пад сталом у нялоўкай позе, збялелую і нерухомую, папрасіла хлопчыкаў асцярожна пакласці яе на кушэтку, што стаяла пры акне. Сама ліхаманкава пабегла да вешалкі пры парозе, хапіла пачэплены на кручок рыдыкюль, памкнулася як мага хутчэй адчыніць. Там была бутэлечка з нашатыром. Але ў клас, шырока махануўшы дзверы, уварваўся афіцэр, за ім ягоная злавесна маўклівая хеўра. Твар акулярыстага немчыка, калі згледзеў, што вучыцелька штось вымае з сумачкі, страхавіта торгнуўся і пабраўся бурымі плямалі. У імгненне вока ён выбіў з рук Наталлі Рыгораўны рыдыкюль, з якога выпалі і пакаціліся па падлозе няхітрыя дзявочыя рэчы: круглае люстэрка, аловак з тоўстым стрыжнем, відаць, для падмалёўкі броваў і веек, маленькія нажнічкі, акуратна складзеная насоўка, флакон з адэкалонам. Сярод усяго гэтага скарбу была і такая зараз патрэбная бутэлечка з нашатыром. Але яна не вытрымала падзення і разбілася, пакінуўшы на падлозе даволі ладную лужынку, ад якой адразу тхнула ў нос рэзкім пахам лякарства.

“Што вы, нелюдзі, нарабілі?!” – хацела ў роспачы крыкнуць Наталля Рыгораўна, аднак не паспела: глістападобны немчык з афіцэрскімі пагонамі, убіўшы сабе ў голаў, што вучыцелька шукае наган, каб стрэліць у яго, інакш чаго б гэтак вырывалася і ашалела бегла ў клас, а там ліхаманкава корпалася ў сумачцы, адным узмахам касцістай, добра, відаць, трэніраванай далані, трапіўшы ў шыйныя пазванкі, без прытомнасці зваліў дзяўчыну на падлогу.

Дзеці, ні жывыя ні мёртвыя, якія спачатку анямела маўчалі і ад страху калаціліся ўсім целам, а некаторыя ў дадатак дробна ляскалі зубамі, раптам, убачыўшы сваю змярцвелую вучыцельку, выбухнулі працяглым галашэннем. У дзяўчынак дайшло ажно да істэрык. Немец тым часам сам абшнарыў рыдыкюль і, пераканаўшыся, што зброяй тут і не пахла, хіба што нашатыром, які едка раздзіраў ноздры і выклікаў з вачэй слёзы, памкнуўся ўтаймаваць кіндэраў. Калі ж гэта яму не ўдалося (не хапала туземных слоў, а па-нямецку дзеці ані не петрылі), загадаў аднаму з паліцаяў перакласці тое, што ён скажа. А сказаў ён не шмат. Галоўнае, як зразумела малеча, ім трэба ані кроку са школы, ажно да тае пары, покуль яны, немцы, самі не заедуць сюды і не распарадзяцца, як быць далей. А калі іхняя вучыцелька акрыяе, а яшчэ вунь тая, што валяецца чагось на кушэтцы, тое ж самае перадаць і ім. За парадкам будзе сачыць вось гэты ваяка, – афіцэр пагардліва торкнуў пальцам у грудзі бобіка, якому расквасіў нос і які ўсё яшчэ трымаў акрываўленую анучку ля сваёй нюхаўкі.

Чужынцы, хутка скочыўшы ў свае крытыя буданы, падаліся ў вёску. Адна машына затармазіла ля першых хат, другая, адольваючы гурбы снегу, якога за ноч намяло Бог ведае колькі, што людзі не ўправіліся пакуль хоць трохі расчысціць дарогу, спынілася бліз студні ў канцы селішча. Па камандзе афіцэра – ён акурат быў у кабіне той апошняй машыны – паліцаі, а за імі і немцы хутка падаліся ў двары, скуль неўзабаве ўшчаўся шалёны брэх сабак, самых злосных з якіх тут жа ўціхамірвалі стрэламі. У сабачы енк упляліся прарэзлівы віск свіней, гвалт пярнатак, надрыўны плач гаспадыняў.

Рабаўнікі, аднак, не звярталі аніякае ўвагі на гэтыя крыкі і енкі. У хлявах шчыравалі бобікі: курам адкручвалі галовы, а свіней і парасят, у каго яны яшчэ вадзіліся, спрактыкавана валілі долу і калолі штыкамі. Немцы былі занятыя чысцейшай работай: шукалі ў кублах шпэк, ліхтарыкамі высвечвалі цёмныя куты кладовак і знімалі з крукоў кумпякі, а з шастоў над печчу ў хаце – колцы кілбас, вязанкі часнаку, цыбулі. Са шкапчыкаў выграбалі да апошняга яйка, адкупорвалі папяровыя коркі бутэлек і нюхалі. Калі пахла шнапсам, радаваліся не менш чым за яйкі і кілбасы. У шафы і камоды немцы не заглядвалі – ведалі, што гэта дарэмная трата часу. Тыя транты, у якіх на святы фарсілі маладзёны абарыгенаў, іх ані не цікавілі. А каштоўнасці – золата там ці срэбра, пярсцёнкі, іншыя дарагія ўпрыгожанні – яны, дрымучыя вяскоўцы, наўрад ці маюць. А ў каго што і вялося, то ўжо ці памянялі на цукар, соль, апратку, ці схавалі так, што ты іх хоць рэж на кавалкі, хоць разапні на крыжы, не выдадуць месца хованкі.

Не заставаўся без справы і афіцэр. У яго быў яшчэ больш чысты занятак: разам з рабаціністым паліцаем Сталабыцем, які некалі ў палоне ў германцаў (быў ён там ажно тры гады) трохі навучыўся нямецкай мове, якая зараз, з пачаткам вайны спатрэбілася яму, каб слугаваць акупантам. Яны першыя заходзілі на падворак ці ў хату гаспадароў. Афіцэр пытаўся пра іхніх дзяцей – хто і якога года нараджэння. Сталабыць акуратна занатоўваў звесткі ў тоўсты блакнот і заадно папярэджваў бацькоў, каб нікога не ўтойвалі, давалі дакладна звесткі, бо ён усё ведае, у яго ёсць на тое сельсавецкія запісы.

– А Божухна, на што вам гэта? – ушчэнт ашаломленыя, як не спаралізаваныя гвалтоўным рабункам у хаце і на падвор’і, нясмела спрабавалі заікнуцца гаспадар ці гаспадыня. – Нашы дзеці нікому ўрада не робяць. Яны ціхмяныя і рабацяшчыя.

Сталабыць як мог перакладаў афіцэру сказанае, на што той крывіў рот і казаў:

– Ведаем, якія яны ціхмяныя. Удзень, дома, авечкі, а поначы бягуць у лес і разам з бандытамі ўзрываюць пуці і эшалоны, нападаюць на гарнізоны… – Немчык, узгадваючы ўсё гэта, так распаляўся, пылаў такім гневам, што, здавалася, з яго расчырванелага твару брызне блакітная арыйская кроў. І ўсё ж, трохі суняўшыся, глянуўшы на запіс, абменьваўся некалькімі словамі з перакладчыкам, торкаў пальцам у тое ці іншае пазначанае на паперы імя і голасам, які выключаў магчымасць хоць малога пярэчання, загадваў рыхтаваць уладальніка ці ўладальніцу гэтага імя ў няблізкую дарогу. Маўляў, ім выпаў шанец вырвацца з нечуванай дзікасці і свінскага існавання і паехаць у фатэрлянд, то бок у вялікую цывілізаваную Германію, і самаахвярна папрацаваць, тым самым знайсці сваё шчасце і сцвердзіць сябе як асобу. “Во артыст, – у думках дзівіўся сам сабе Сталабыць. – Павязуць як рабоў на згубу, а ён малюе ім райскую жытку”. Аднак ён, хоць і з пятае на дзесятае, стараўся перакладаць, мыляючы губамі, падбіраў адпаведныя словы, каб сэнс сказанага больш-менш дакладна дайшоў да вушэй ні жывых ні мёртвых гаспадароў.

Афіцэр тым часам, выгаварыўшыся, выносіў канчатковы прысуд:

– Праз дзве гадзіны каб ваша паненка (калі гаворка ішла пра дзяўчыну) была гатова да ад’езду, – ён вымаў з кішэні цёплага, на мяху, футра бліскучы круглы гадзіннік, шчоўкаў вечкам і засякаў час. – І хай не ўздумаюць адпірацца ці хітрыць, спасылацца на якую там хворасць. Усіх абгледзяць дактары. Непатрэбных адпусцім дадому. Калі хто схаваецца ці ўздумае ўцячы, знойдзем і зробім пах-пах, – немчык, усміхаючыся, нават адшпільваў кабур і паказваў свой варанёна-чорны парабелум.

Такога пярэпалаху, такога галашэння вёска яшчэ не бачыла і не чула з дня пажару, які надарыўся гадоў дзесяць таму, калі згарэла датла як не палова хат. Пагарэльцы высільваліся, нярэдка галадалі, зімавалі хто дзе, а большасць у зямлянках, але будаваліся, аднаўлялі страчанае ў агні. Многім толькі за год да пачатку фашыстоўскай навалы ўдалося справіць улазіны ў новых дамоўках, у такія ж новыя хлявы прыдбаць што-кольвечы з жыўнасці, каб было чым карміць дзяцей і сябе… І вось зараз гэтыя прыхадні, пачвары ненажэрныя не толькі вымятаюць усё да крошкі, але хочуць адабраць ад іх і звезці невядома куды самае дарагое і святое, дзеля каго яны жылі, на каго ўскладвалі надзеі на сваю старасць і нямогласць – іхніх дачушак і сыноў.

Да Ігната і Ганны налётчыкі ўваліліся на падворак, толькі калі сам гаспадар адшчапіў ім хітра змайстраваную почапку на высокай і шчыльнай брамцы з тоўстых дубовых плашак. З такіх жа плашак былі зроблены і вароты, якія зімой, калі намятала снегу, ні разу не адчынялі: на кані пакуль што нікуды не выязджалі, а карова яшчэ з Пакроваў, калі скавала раннім марозам пашу, стала на сухі – сена ды сечка – корм.

Паліцаі адразу ж кінуліся да хлява, а немцы, весела гергечучы, у сенцы і ў хату. Ігнат загадаў жонцы сядзець ціха, ні ў чым не пярэчыць рабаўнікам. Забраць многа ў іх яны не забяруць: з курэй у хлеўчыку засталося толькі пяць хахлатак і адзін певень, а ладнаватага кабанчыка закалолі яшчэ пад Каляды: частку свежыны ўжо з’елі, цэлы добра ўсолены кумпяк уладкавалі ў заплечнік Ромку. Сала і яшчэ кумпяк з лапаткай Бог нібы падказаў адразу пасля сынавага наведвання закапаць у скрыні ў снег ля грушы. У апошні момант ён кінуў, абгарнуўшы чыстай анучай, туды ж і боты. Гэта, меркаваў, часова, да вясны. Як пачне таяць снег, ён ноччу ўздзяўбе зямлю і больш надзейна перахавае дабро.

Паліцаі злавілі толькі дзве курыцы, а тры, і пеўнік з імі, выскачылі з-пад рук і зашыліся кудысь так, што колькі бобікі ні лазілі, ні шукалі, намаганні іх былі дарэмныя. Ганне і тых дзвюх курак было да слёз шкада. Яна, калі ўбачыла праз кухоннае вакно, як іх, нежывых ужо, за лапкі валакуць ад хлява, не стрымалася, выскачыла на ганак, закрычала-загаласіла:

– Ірады праклятыя, жывадзёры ненажэрныя, каб вы апруцянелі, кроўю каб дрысталі, з’еўшы што не вашае…

Яна яшчэ кляла б іх на чым свет стаіць і на ўсю вёску, але адзін з паліцыянтаў, кінуўшы курыцу долу, выхапіў з вінтоўкі шомпал, падскочыў да ганка і з усяго маху агрэў Ганне ніжэй паясніцы. Ад удару яна звалілася з ганка, кульнулася тварам у снег, захліпнулася енкам ад болю і роспачы. Паліцай хацеў яшчэ аперазаць яе шомпалам, але ў гэты час праз брамку зайшлі афіцэр са сваім прыхваснем-перакладчыкам, і бобік, згадаўшы сённяшні выпадак з вучыцелькай, хуценька, неўпрыкмет сунуў шомпал назад у гняздо. Ігнат вокамгненна выскачыў на падворак з намерам упіцца кіпцюрамі ў глотку нямецкаму халую. Аднак намаганнем волі стрымаў сябе і не стаў дражніць звера. Падняў жонку і зласліва шапнуўшы: “Я ж казаў табе”, павёў у хату, дзе шнарылі-шуравалі двое немцаў. Туды следам зайшоў і афіцэр, усім відам паказаўшы, бытта нічога не бачыў і не чуў, што чыняць яго падначаленыя. Па-гаспадарску ўсеўся ля стала, пачаў прынюхвацца, чым гэта смачным пахне. Пасля, зразумеўшы, імкліва падаўся да печы, адчыніў засланку, і адтуль, з гарачага яшчэ ад рання чэрава тхнула нейкім смакоццем, ад якога дух займала.

– О-о-о! – падняў угору палец. – Гут-гут!

Ён, усё яшчэ ўцягваючы ў ноздры паветра, штось сказаў перакладчыку. Той выклаў жаданне афіцэра падсілкавацца хатняй стравай, чаго даўно не пробаваў. Ганна, якая знямела сядзела на падлозе пры печы і раз-пораз мацала пальцамі паясніцу і мяккае месца, пачуўшы, што хочуць гэтыя прыхадні, памкнулася зноў злосна выгаварыцца ў іхні адрас. Але Ігнат зласнавата зіркнуў на яе вачыма, змусіўшы на паўслове змоўкнуць і больш не вытыркацца. Перакладчыка ж папрасіў перадаць немцу:

– Нашыя людзі заўсёды былі і будуць спагадныя і ў шчырай просьбе ніколі не адмовяць, а калі гвалтам… Карацей, калі пан афіцэр не грэбуе сялянскай ежай, то можна і пачаставаць. Чаму ж не? У гаршку акурат добра ўпараная бульба з бручкай. Там жа і мясная костка і грыбоў троху.
– Я-я, – каўтануў сліну афіцэр, калі яму пераклалі сказанае гаспадаром.

Ігнат узяў у чалесніку вілкі, лоўка падчапіў з поду чыгунок, выцягнуў на прыпечак. Без накрыўкі бульбяныя крышаны зверху ўзяліся апетытнай ружовай скарыначкай, якую вельмі любілі і ён сам, і асабліва Ромка. “Божухна, як ён, сынку, там? Ці ж хоць дабраўся без прыгод да сваіх?”

Драўлянай лыжкай Ігнат памяшаў у чыгунку, выявіўшы нямала адмысловай жончынай прыправы, якая і давала гэткі апетытны пах.

  1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка