Хмурны майскі ранак. Неба, зацягнутае хмарамі, свінцовым цяжарам давіла на ўмытую вясновым дажджом зямлю. Здавалася, што толькі дзіцячая ўсмешка, добры настрой маглі ўпрыгожыць гэты дзень




Дата канвертавання15.03.2016
Памер160.08 Kb.
Хмурны майскі ранак. Неба, зацягнутае хмарамі, свінцовым цяжарам давіла на ўмытую вясновым дажджом зямлю. Здавалася, што толькі дзіцячая ўсмешка, добры настрой маглі ўпрыгожыць гэты дзень.

Нас чакаў Полацк. Ад гэтага адчування неяк лёгка рабілася на сэрцы, лёгкая лагода разлівалася па ўсім целе. Цэлы дзень разам! Усёй сям’ёй!..

…У лужыне адлюстроўваліся хмары. Усплёск—і яны пайшлі рабаціннем. Гэта верабейчык пачаў свой дзень ранішнім купаннем. Напэўна, дзень будзе цёплым…

Вялікі аўтобус, як дракон з казкі, аднаго за адным “глытаў” будучых вандроўнікаў. Полаччына чакала нас-- маладых, нястомных, вельмі і вельмі шчаслівых у гэты веснавы ранак! Такая цудоўная магчымасць адчуць сябе першаадкрывальнікам яшчэ не зведаных намі чароўных куткоў нашай Бацькаўшчыны! Здаецца, што ў любым узросце чалавек выпрабоўвае патрэбу адчуць сябе часцінкай сваёй роднай Беларусі, патрэбу адкрываць для сябе ўсё новыя і новыя таямніцы сваёй зямлі і ,галоўнае, пакінуць свае веды, свае адкрыцці людзям, будучым пакаленням, сваім нашчадкам, сваім дзецям…

Дарога бегла-слалася мокрай чорнай стужкай пад коламі нашага аўтобуса, і дажджавыя кроплі на шкле, як слёзы на нябесным твары, збягалі ручайкамі-сцяжынкамі ўніз, а на душы чамусьці было лёгка, светла. Хацелася ўзірацца ў далеч, агорнутую смугой, заўважаць усе змены ў прыродзе і забыцца на ўсё, што звязана з паўсядзённасцю…

…На скрыжаванні дарог, каля абрыву, вадзіцель сцішыў ход—аўтобус спыніўся. Шматгалоссе ў салоне, шум рухавіка змяніўся цішынёй, якая абрынулася на нас нечакана, вельмі раптоўна. Усе пасажыры раптам прыціхлі, аглушаныя гэтай цішынёй і зачараваныя цудоўным, хоць і дажджлівым, ранкам, прыгоствам і непаўторнасцю гэтага майскага дня.

Людзі высыпалі з аўтобуса, каб глытнуць свежага паветра і размяць зацекшыя ногі, нягледзячы на тое, што церусіў невялікі дождж. Хто ж яны—нашы спадарожнікі? Вучні нядзельнай школы пры царкве і іх бацькі—у жыцці вельмі сур’ёзныя людзі, а сёння, як і мы з жонкай і дзецьмі, надзвычай шчаслівыя ад таго, што разам з сем’ямі адправіліся ў гэта падарожжа, і ад таго, што ў Полацку мы зможам трапіць на царкоўную службу ў Свята-Ефрасіннеўскі манастыр, наведаць Сафійскі сабор, а пасля Полацка паспець яшчэ ў Лагойск—у мясцовы храм на службу, а таксама ў знакамітую купель на крыніцы. Такую вось вялікую мэту мела наша падарожжа.

Я ж вырашыў у любы зручны момант рабіць запісы ў сваім блакноце і фатаграфаваць усё самае цікавае і, на мой погляд, самае каштоўнае, што можа спатрэбіцца, у першую чаргу, у школе на ўроках. А яшчэ вельмі хацелася сваімі вачыма убачыць усё тое, што дагэтуль бачыў толькі ў падручніках па гісторыі і сусветнай мастацкай культуры.

…З абрыву адкрываўся такі непаўторны від, што я адразу пашкадаваў аб тым, што не мастак, бо не змагу так трапна і дасціпна перадаць усю прыгажосць роднага краю.

З падручнікаў па геаграфіі можна даведацца пра тое, што звычайны ландшафт Пінскага Палесся—балоцістая раўніна са шматлікімі астравамі-купінамі—вельмі адрозніваецца ад марэннага ландшафта цэнтральнай і паўночнай часткі Беларусі. Гэта добра разумееш, калі едзеш, вось як зараз, па шашы на поўнач—да Полацка. Дарога,як атракцыён у парку, кідае аўтобус то ўніз, то ўверх—петлямі, як змяя. Але шаша “змяіцца” вельмі прыгожа. Асабліва цікава гэта, калі, падняўшыся на вяршыню “пятлі”, бачыць, як удалечыні, паабапал шашы паўстае лес. Вяршыні дрэў амаль злучаюцца над дарогай, утвараючы дзе-колечы дзівосную арку.

І вось зараз, калі аўтобус зноў набірае ход, уварваўшыся ў дзівосную, непаўторную цішыню, ты, з вышыні ўзіраючыся ў маўклівую неабсяжную далеч, гледзячы на зялёны дыван, сатканы з вершалін дрэў, аздоблены люстраной гладззю азярын і балацінак, адчуваеш сябе часцінкай роднай прыроды, імклівай птушкай, якая, распасцёршы крылы, напаўняе гэтую прастору сваёй шчасліваю песняй і натхняе сваіх шматлікіх слухачоў быць душою адкрытымі гэтаму свету, шчырымі перад самім сабой і людзьмі…

Лёгкі туманок пакрываў гэтыя абшары, ствараючы непаўторнае ўражанне неакрэсленасці, бязважкасці.

…Адна за адной праплываюць дарожныя слупы з надпісамі—назвамі раёнаў: Лагойскі, Лепельскі, Ушацкі…І, нарэшце, вось ён—Полацкі раён!

Пакуль набліжаемся да знакамітага райцэнтра, трэба прыгадаць некаторыя звесткі пра Полацк.

У запісную кніжку: Полацк—цэнтр Полацкага раёна, на рацэ Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні ў яе ракі Палаты ( адсюль назва горада ) , за 105 кіламетраў на паўднёвы захад ад Віцебска. Паводле летапісаў, меў у розныя часы назвы Полотеск, Полтеск, Полотьск. Заснаваны крывічамі.

Асноўныя даты:.

* 862г.—упершыню ўпамінаецца ў “Аповесці мінулых гадоў”

* канец 9ст.—уваходзіць у склад Кіеўскай Русі.

Размешчаны на правым беразе ракі Палаты. Прыкладная плошча гарадзішча ў той час—1га.

* пачатак 11ст.—дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Заходнюю Дзвіну. Пазней гэта Верхні замак. З таго часу Полацк—важнейшы гандлёва-культурны цэнтр ( частка шляху “з варагаў у грэкі”).

* 10—13ст.—цэнтр Полацкага княства. Развіццё атрымалі розныя рамёствы, у тым ліку шавецкае, кавальскае, касцярэзнае, гарбарнае, ювелірнае і іншыя. ( шырока вядомыя імёны такіх славутых майстроў, як дойлід Іаан і ювелір Лазар Богша, якія жылі і працавалі тут, у Полацку, ў 12ст.) Пры Усяславе Брачыслававічу ( 1044—1101 ) горад дасягнуў найбольшага росквіту, стаў галоўным канкурэнтам Кіева.

* 1110(?)г.—нарадзілася Ефрасіння Полацкая.

* 12—13ст.—у параўнанні з 9-м ст. плошча Полацка павялічылася ў 80 разоў, гэта значыць складала ў гэты перыяд прыкладна 80га. Горад меў развітую планіровачную структуру і складаўся з наступных “раёнаў”: пачатковага гарадзішча і селішча на правым беразе Палаты; Верхняга замка; Вялікага пасада на правым беразе Заходняй Дзвіны; Запалоцця—за ракой Палатой. У 14ст. быў заселены левы бераг Заходняй Дзвіны.

Архітэктурныя помнікі, створаныя ў гэты час:

11ст.—Полацкі Сафійскі сабор;

12ст.—Полацкі княжацкі храм; Полацкія княжацкія палаты; Багародзіцкая царква ( не захавалася ); Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; заснаваны Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр.

* 1307г.—Полацк у складзе Вялікага княства Літоўскага. У 14—16ст. меў асобыя правы—Полацкія прывілеі.

* 1490(?)г.—у Полацку нарадзіўся Францыск Скарына, наш славуты першадрукар.

* 1498г.—горад атрымаў Магдэбургскае права.

* 1558—1583г.—Лівонская вайна ( у 1558—1579г. горад заняты рускімі войскамі; у 1579г.—Стэфанам Баторыем ).

* 1580г. С.Баторый накіраваў у Полацк езуітаў на чале з П.Скаргай.

* 1581г.—заснаванне касцёла і калегіума езуітаў. ( у 1812г. калегіум ператвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію ). Пры калегіуме створана друкарня.

* канец 16ст.—яшчэ больш развітая планіровачная структура. Гэта Верхні і Ніжні замкі і 6 пасадаў: Вялікі, Запалоцкі, Востраўскі, Якіманскі, Крыўцоў ( знаходзіўся за Заходняй Дзвіной ), Слабадскі ( уздоўж ракі Бельчыца ).

Архітэктурныя помнікі, створаныя на працягу 16—17ст.: Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі касцёл і кляштар бернардзінцаў, кляштар францысканцаў, кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян.

* 1601г.—узнікненне двух першых рамесніцкіх цэхаў ( слесараў, кавалёў, ювеліраў, мечнікаў, кацельшчыкаў; гарбароў, краўцоў, шапачнікаў, кушняроў).

* 1776г.—цэнтр Полацкай губерні, у 1778—1796г.—намесніцтва, з 1796г. цэнтр павета.

* 1781г.—зацверджаны герб Полацка—“пагоня”.

* Сярэдзіна 18ст.—склалася прамавугольная сістэма планіроўкі горада.

* 1838г.—распрацаваны праект плана для ўсяго горада.

* 1835г.—адкрыццё кадэцкага корпуса.

* 1872—адкрыта настаўніцкая семінарыя ( у 1902г. яе скончыў беларускі паэт Я.Журба ).

* 1866г.—адкрыццё руху на ўчастку Дынабург—Полацк Рыга-Арлоўскай чыгункі.

* 1880г.—нарадзіўся ў Полацку беларускі савецкі кінарэжысёр Ю.В.Тарыч.

* 1904г.—у Полацку 17 навучальных устаноў, 288 рамесных майстэрняў ( 1198 рабочых ).

* 1925—1928г.г.—працавала Полацкая філія “Маладняка”.

* З 1924г. Полацк—цэнтр раёна, 1935—1938г.г.—цэнтр акругі.

* 1936—1941—дзейнасць калгасна-саўгаснага тэатра.

* 1940—1941г.г.—у Полацку дзейнічалі 16 агульнаадукацыйных школ, будаўнічы і лясны тэхнікумы, 2 педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 масавых бібліятэк, краязнаўчы музей.

Вялікая Айчынная вайна, як ні цынічна гэта гучыць, унесла свае карэктывы ў жыццё беларускіх гарадоў, у тым ліку і Полацка. Напрыклад, у гады фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра знаходзіўся лагер ваеннапалонных. Большая частка гістарычных помнікаў Полацка знаходзілася ў руінах. Так працягвалася амаль да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Дарэчы, у 1960-м годзе, паводле загаду ўладаў, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр быў афіцыйна закрыты, а ўсе насельніцы яго павінны былі пераехаць у Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр. І толькі праз 30год, у 1990г., дзейнасць Спаса-Ефрасіннеўскай светачы была адноўлена...

Знаходзячыся ў такіх гарадах Беларусі, як Полацк, Заслаўе, Нясвіж, я заўсёды адчуваю, што быццам час тут нібы замарудзіў свой ход, і ты адначасова можаш апынуцца ў 19, 17-м і нават у 11—12-м стагоддзях, быццам “падарожжа па краіне беларусаў” працягваецца ў розных гістарычных эпохах і не жадае скончыцца калі-небудзь. І сапраўды, менавіта ў гэтым закон чалавечага жыцця—“валадарыць сумненнем і думамі” беларусаў ( па Караткевічу ) і ніколі не спыняць свайго руху ў мінулым, сучасным і будучым…

Падарожжа першае: Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр.

“Вузкія вулачкі правінцыяльнага гарадка,”—так бы адзначыў у сваім дзённіку вандроўнік з “ вялікай сталіцы”—Масквы, Парыжа, Рыма, нават Мінска, гаворачы аб Полацку. Але, трапіўшы на вуліцу імя Ефрасінні Полацкай, ён бы адразу зразумеў, што менавіта ў гэтым горадзе і жыла славутая палачанка, пра якую складзены шматлікія легенды і паданні, якую нездарма называюць святой…Прапраўнучка роўнаапостальнага Уладзіміра, унучка князя Усяслава Чарадзея, княжна Ефрасіння ( Прадслава ) нарадзілася каля 1101—1105гг. у сям’і полацкага князя Георгія і княгіні Сафіі. Калі Прадславе споўнілася 12 гадоў, бацька і маці захацелі выдаць яе замуж. Але княжна, адчуваюючы гарачае жаданне, прысвяціць сваё жыццё Богу, употайкі ад бацькоў пайшла ў манастыр, дзе ў той час ігуменняй была яе родная цётка, удава князя Рамана. Спачатку яна пачала адгаворваць юную пляменніцу адмовіцца ад свайго намеру, але пасля “удивилась блаженная княгиня разуму отроковицы и её любви к Богу, и повелела свершиться по воле её. И огласил её иерей, и совершил обряд посвящения, и нарёк ей имя Евфросиния”/27, с.24/. Падзвіжніцкая дзейнасць Ефрасінні спрыяла развіццю ў Полацкай зямлі культуры, асветы, мастацтва. З яе іменем звязана будаўніцтва ў Полацку дзвюх цэркваў, заснаванне манастыра, стварэнне славутага крыжа—выдатнага помніка прыкладнога мастацтва старажытнай Русі—майстрам Лазарам Богшам. Пад канец жыцця Ефрасіння падарожнічала ў Палесціну, памерла ў Іерусаліме ў 1173г. Пахавана яна была ў манастыры Феадосія Вялікага, а праз чатырнаццаць год, у 1187 годзе, манахі-суайчыннікі, як святыню, перавезлі яе мошчы ў Кіева-Пячэрскую Лаўру, а ў 1910 годзе—у Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Гэта адбылося ў канун страшэнных здарэнняў, ад якіх здрыгануўся ўвесь свет. Не ўсе ведаюць, што ў 1921—1922 гадах святыя мошчы былі блюзнерска ўскрыты і адпраўлены на атэістычную выставу ў Маскву, адкуль потым перавезены ў Віцебскі краязнаўчы музей. Шматлікія манастырскія каштоўнасці былі таксама страчаны для вернікаў у пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1928 годзе дзейнасць манастыра па загаду ўладаў была ўвогуле спынена, а адноўлена толькі ў 1943 годзе. 25 кастрычніка 1943 года сюды вярнуліся і нятленныя мошчы святой заснавальніцы манастыра, якія пачываюць у ім і да гэтага часу.

…Аўтобус спыніўся ў пачатку нешырокай вуліцы, з левага боку якой ішоў рад драўляных аднапавярховых дамоў, а з правага цягнулася металічная рашотка з нейкім цагляным збудаваннем за ёю—як быццам бы злучаліся паэтычна-мілагучнае мінулае і прагрэсіўна-настойлівае, непазбежнае сучаснае. І мірыла іх паміж сабою цудоўнае абрамленне з абодвух бакоў прыгожых высокіх дрэў, якія, як вартаўнікі, адкрывалі шлях да мураванай уязной брамы, за якой можна было бачыць купал Крыжа-Узвіжанскага сабора. Вуліца імя Ефрасінні Полацкай была запоўнена народам: адны ішлі да храма, другія вярталіся. Але штосьці агульнае было на тварах усіх тых, хто ў гэты суботні майскі ранак ішоў да яе, славутай палачанкі—пакланіцца яе святым машчам, адчуць тое, што, напэўна адчувала яна, знаходзячыся ў храме, які сама збудавала для нас, яе нашчадкаў…

Раптам пачуўся звон. Паветра напаўнялася святой мелодыяй, і сэрца адгукнулася, затрапятала, як птушка, якой не даюць спяваць на волі. Мілагучнасць званоў нараджала адначасова трэпет і лагоду, гармонію. Усе людзі адначасова спыніліся, павярнуліся ў бок храма, і кожны асяніў сябе крыжом. Мы падыходзілі ўсё бліжэй, і сэрцы нашы напаўняліся нейкім дзіўным адчуваннем урачыстасці і святой чысціні, хваляваннем ад сустрэчы з жывой гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны.



У запісную кніжку: Спаскі манастыр—помнік архітэктуры 12—19 стагоддзяў. Заснаваны на правым беразе ракі Палаты, як абарончы паўночны фарпост Полацка. Неаднаразова быў разбураны і перабудаваны. У ансамбль уваходзілі:

--Спаса-Ефрасіннеўская царква;

--Храм-пахавальня ( засталіся падмуркі);

--мураваная уязная брама 16 стагоддзя ( збераглася толькі цэнтральная частка);

--мураваны жылы манастырскі корпус пачатку 18 стагоддзя;

--службовыя і гаспадарскія памяшканні;

--сад;

--агарод.



У 2-й палове 19 ст. да брамы прыбудаваны два бакавыя аб’ёмы і ўзведзена вежа ( яна, на жаль, не збераглася ). У пачатку 20-га ст. з заходняга боку брамы пабудаваны мураваны двухпавярховы жылы корпус. Якраз у 1882 годзе на месцы драўлянай званіцы была ўзведзена каменная званіца, у 1891 годзе—сестрынскі корпус.

У 1897 годзе быў збудаваны Крыжа-Узвіжанскі сабор, спраектаваны ў візантыйскім стылі архітэктарам Коршыкавым.У гэтым жа годзе ў памяць аб каранацыі імператара Мікалая Другога была ўзведзена капліца ( да нашых дзён, на жаль, не захавалася).

Таксама ў сярэдзіне 19 ст. побач са Спаса-Ефрасіннеўскай царквой была змуравана невялікая па памерах Цёплая царква, якая да нашых дзён таксама не захавалася. Мураваная ўязная брама і Спаса-Ефрасіннеўская царква вызначалі галоўную планіровачную вось кампазіцыі манастыра.

...Прайшоўшы праз арку брамы і апынуўшыся ва ўнутраным дворыку манастыра, адчуваеш сябе чалавекам, які, пераляцеўшы на машыне часу праз вякі, спыніўся прыкладна ў стагоддзі 14—15-м, або нават і раней. Прыкладна такое ж адчуванне я выпрабоўваў, калі наша група наведала Спаса-Ефрасіннеўскую царкву, якая, калі глядзець ад увахода, ад брамы, знаходзіцца якраз пасярэдзіне, справа ад Крыжа-Узвіжанскага сабора—трохнефавага, у візантыйскім стылі, крыжова-купальнага храма, з чатырма малымі і адным, пасярэдзіне, вялікім купалам. Канструктыўна гэты сабор уяўляе сабой чатыры вертыкальныя апоры, на якія з дапамогай ветразяў* і абапіраецца барабан з купалам пасярэдзіне. Калі знаходзішся ўнутры Крыжа-Узвіжанскага сабора, то вельмі здзіўляе прастора і вышыня. Напэўна, гэта і ёсць галоўная ідэя кожнага храма—увасабленне ўяўленняў людзей аб неабсяжнасці свету, яго ўсеабдымнай цэльнасці, гармоніі. Рысы базілікі* таксама прысутнічаюць у гэтым будынку. Два бакавыя нефы акрэслены аркамі на ўзроўні алтара ў цэнтральным нефе*, што зрокава робіць памяшканне больш прасторным. Унутраную прастору значна павялічваюць апсіды* з конхамі*--звычайна з усходняга боку, а ў нашым выпадку паўкружжы прысутнічаюць з чатырох бакоў, а ў плане ( калі глядзець зверху ) перакрыцці ствараюць крыж з разгалінаваннямі аднолькавай даўжыні.

Акрамя унутранага ўбрання і знешняй велічнасці Крыжа-Узвіжанскага сабора, вельмі ўражвае лёс некаторых святыняў храма. Напрыклад, гісторыя Эфескага абраза Божай Маці.

Каля 1155г. ігумення Ефрасіння непадалёк ад Спаскага манастыра будуе царкву Прасвятой Багародзіцы, пры якой пачынае сваю дзейнасць мужчынскі манастыр. Тут яна пажадала мець цудатворны абраз Божай Маці, адзін з тых, якія былі напісаны апосталам і вангелістам Лукой, дакладна—абраз з грэчаскага горада Эфеса, дзе, па меркаваннях гісторыкаў, жыў у ссылцы бацька Прападобнай.”И послала слугу своего Михаила в Царьград к царю Мануилу и Патриарху Луке с дарами бесценными, прося у них икону святой Богородицы”.Мара Ефрасінні здзейснілася. Міхаіл, якога “Жыціе” называе “слугой”(як лічаць гісторыкі, ён быў намеснікам Багародзіцкага Полацкага манастыра), прынёс у Полацк Эфескі абраз Адзігітрыі, або Пуцяводніцы. Існуе легенда аб тым, як на шляху у Полацк Адзігітрыю ледзь не на год затрымалі жыхары Карсуні (Херсанеса), якія не маглі расстацца са святыняй. Таму абраз атрымаў другую назву—Карсунская. У 1239г. Эфескі абраз Божай Маці трапіў да князя Аляксандра Яраславіча (Неўскага), як благаславенне на вянчанне з полацкай князёўнай Параскевай, унучатай пляменніцай прападобнай Ефрасінні. Праз стагоддзі Сімяон Полацкі напісаў верш “Прылог”, у якім выказаў спадзяванне аб тым, што святыня ўсё ж вернецца ў Полацк. Некаторы час абраз знаходзіўся ў саборы горада Тарапца Пскоўскай губерні. Зараз жа святыня захоўваецца ў фондах Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу.

Другой сусветна вядомай святыняй манастыра лічыцца крыж Лазара Богшы. Гэты асобы напрастольны крыж—“честное древо безценно” (такі надпіс быў зроблены на святыні)—для Спаса-Праабражэнскай царквы заказала ігумення Ефрасіння. У 1161г. таленавіты майстар-ювелір Лазар Богша выканаў заказ.Шасціканцовы крыж уяўляў сабою каўчэг са святынямі. Вышыня яго—каля 52 сантыметраў. Кіпарысавая аснова, на ёй 22 залатыя пласціны і 20 сярэбраных з пазалотай пласцін, аздобленыя вытанчаным арнаментам, каштоўнымі камянямі і жэмчугам, а таксама 20 эмалевымі абразкамі—Лазар Богша быў добра знаёмы са старажытнавізантыйскай тэхнікай перагародачнай эмалі. Крыж—гэта таксама і помнік пісьменнасці Старажытнай Русі. На адваротным баку—надпіс, які паведамляе імя аўтара святыні:”Господи, помози рабу своему Лазорю, нареченному Богши, сделавшему крест сий Святаго Спаса, и Офросиньи”/27,с.48/ На бакавых гранях змешчаны надпіс-запавет Ефрасінні:”Да не изнесется из манастыря никогда же, яко ни продати, ни отдати. Аще се кто преслушаеть, изнесеть его из манастыря, да не будет ему помощник честный крест ни в сей век, ни в будущий”/27, с.48/. Але, нягледзячы на запавет, на рубяжы 12—13 стагоддзяў крыж Ефрасінні быў вывезены ў Смаленск, а ў 1514г., калі горад захапілі войскі вялікага князя Васіля Трэцяга,--у Маскву. У 1563 годзе цар Іаан Жахлівы пасля заваявання Полацка вяртае крыж у Спаскі манастыр. Стэфан Баторый, заваяваўшы Полацк у 1579г., перадае манастыр годам пазней у рукі каталіцкага ордэна езуітаў. Крыж палачане пераносяць у Сафійскі сабор, які ў канцы 16 стагоддзя стаў уніяцкім. Езуіты спрабавалі выкрасці крыж, замяніўшы яго падробкай, пасля няўдалай судовай справы, якая завершылася не на іх карысць. Вернікі заўважылі, як незнаёмец падчас службы пры ўсім народзе падмяніў святыню на яе копію і спрабаваў адразу ж пакінуць храм. Людзі пагналіся за злодзеем і, схапіўшы яго на вуліцы, адабралі крыж і вярнулі на месца…Спаскі манастыр яшчэ доўгі час заставаўся ў руках езуітаў. А гісторыя крыжа Лазара Богшы, на вялікі жаль, абрываецца ў час Вялікай Айчыннай вайны:святыня знікла, і да сённяшняга дня лёс яе невядомы. Але ў 1997г. брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч увассаздаў крыж прападобнай Ефрасінні.Пачаў сваю нялёгкую і пачэсную працу майстар у 1992г., якраз у канун 1000-годдзя Полацкай епархіі.Святыня была ўрачыста перавезена ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у канун свята Узвіжання ў 1997г.

Захавалася яшчэ адна святыня, якая ў 1998г. таксама знайшла сваё месца ў Крыжа-Узвіжанскім саборы,--вярыгі прападобнай Ефрасінні. Гэта ланцугі вагой суадносна 5,5 і 1,5 кг кожны. Яны былі захаваны веруючымі палачанамі ў час ганенняў і ўрачыста перададзены манастыру…

Служба ў саборы заканчвалася, і людзі нетаропка выходзілі на вуліцу, раскрываючы парасоны і падстаўляючы свае твары вясноваму ветрыку. Маладзенькая дзяўчына ў манашаскай вопратцы, якая суправаджала нашу групу ў манастыры, пачала расказваць гісторыю стварэння Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, што знаходзіцца побач з Крыжа-Узвіжанскім саборам. Стоячы на каменным бруку манастыра і ўслухоўваючыся ў спакойны, поўны паслушэнства і замілавання голас дзяўчыны, зноў раптам адчуваеш, што не прайшло гэтых амаль дзесяці стагоддзяў з таго часу, як дойлід Іаан пабудаваў каменны храм Спаса, які захаваўся да нашых дзён. Час нібы спыніўся, застыў ў маўклівым чаканні, скіраваўшы свой позірк у будучыню…Невялікі па памерах храм, у келлі якога жыла вялікая палачанка, узвышаецца над горадам, як сведка мінуўшчыны, як яе маўклівая споведзь…

У запісную кніжку:Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква—помнік старажытнарускай архітэктуры—пабудавана дойлідам Іаанам паміж 1152—1161г.г. як саборны храм Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.Часткова перабудавана ў 19 стагоддзі ( архітэктар А.Порта ).Спаская царква ўяўляе сабой невялікі мураваны трохнефавы шасцістаўповы крыжова-купальны храм. Толькі абышоўшы яго, заўважаеш, што цэнтральны неф завершаны прыгожай паўкруглай масіўнай апсідай. Два бакавыя нефы, больш вузкія ў параўнанні з цэнтральным, упрыгожаны паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны.Фасад ( з паўднёвага і паўночнага боку ) расчлянёны пілястрамі* з паўкалонамі, што падзяляюць паверхню на два вузкія і два шырокія прасценкі. Прыгожы высокі барабан са шлемападобным купалам падняты на спецыяльным п’едэстале, як цудоўнае завяршэнне ўсёй кампазіцыі. Але вельмі цікава ведаць тое, што да 19 стагоддзя трохсхільны дах, што існуе зараз, замяніў пазакамарнае пакрыццё ( ярусную кампазіцыю верху стваралі закамары* і какошнікі*, якія мелі кілепадобнае завяршэнне ).

…Апынуўшыся ля ўваходу, я раптам адчуў усю ўрачыстасць гэтага моманту—я знаходзіўся ў некалькіх кроках ад адкрыцця, мабыць аднаго з галоўных у жыцці.Увайшоўшы ў храм, адчуў,што сэрца затахкала мацней. Перада мною стаяла людская сцяна (не можа быць, каб столькі людзей адразу маглі зайсці сюды! ).Але не гэта больш за ўсё ўразіла мяне—шматлікія фарбы фрэскавага роспісу ( мы называем гэта манументальным жывапісам ) упрыгожвалі інтэр’ер храма. Колеравая гама—зялёная, сіне-блакітная, чырвона-карычневая, белая…Справа ля ўваходу я ўбачыў выяву ( яе фотаздымак быў у школьным падручніку па гісторыі). Успомніў подпіс:”Ефрасіння Полацкая”.Чамусьці вельмі захацелася дакрануцца рукою да гэтай выявы, адчуць подых стагоддзяў, але праз момант зразумеў: апынуўшыся тут, у святыні зямлі беларускай,

адчуваеш блізкасць да роднага краю, яго гісторыі і культуры, хаця б раз убачыўшы гэтыя цудоўныя помнікі старажытнасці.

У запісную кніжку: Інтэр’ер Спаса-Ефрасіннеўскай царквы аздоблены фрэскамі 12 стагоддзя—унікальнымі помнікамі старажытнарускага манументальнага мастацтва. Большасць з іх закрыта напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 1832—1835 і 1840г.г. Пасля расчысткі сценапісу бало выяўлена 8 фрагментаў, 3 з якіх знаходзяцца ў алтарнай частцы ( выява двух святых у поўны рост з кнігамі ў руках і трэцяга святога, што моліцца на фоне вежы ), а 5 астатніх—у цэнтральнай частцы.( дзве выявы святых у поўны рост са скруткамі ў руках, а таксама 3 выявы святых манашак ). У тоўшчы заходняй сцяны зроблены ход, што вядзе ў келлі Ефрасінні Полацкай і яе сястры Еўпраксіі. У цэнтральнай частцы храма колеравы фон фрэсак пераважна цёмна-сіні з фіялетавым адценнем, а ў келлі прападобнай Ефрасіі—цёмна-сіні з зеленаватым адценнем. Прапорцыі выяў святых—класічныя: прадаўгаватыя твары, вялікія вочы міндалевіднай формы, цёмныя вачніцы, прыгожыя вусны…

Выявы святых, падсвечаныя невялікімі плямамі нясмелага святла, здаваліся жывымі—жывымі сведкамі былых падзей, большасць з якіх назаўсёды застанецца таямніцамі нашай гісторыі…

(Працяг будзе)
У СЛОЎНІК:
*Апсіда ( ад грэч.apsis ( apsidos )—скляпенне, дуга, паўкруг, арка )—выступ будынка паўкруглай, часам шматвугольнай формы, пакрыты паўкупалам ці самкнёным паўскляпеннем. У хрысціянскіх храмах апсіды ўзводзіліся з усходняга боку, у іх размяшчаўся алтар.
*Базіліка ( лац.basilica, ад грэч.basilike—царскі дом )—прамавугольны ў плане будынак, які складаецца з трох ці пяці падоўжаных частак ( нефаў), аддзеленых адзін ад аднаго каланадай ці аркадай. Сярэдні ( галоўны ) неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, а верхнія часткі яго сцен выступаюць над дахамі сярэдніх.
*Ветразь—трохкутная выгнутая паверхня ў купальнай канструкцыі, якая нагадвае напоўнены ветрам карабельны ветразь.
*Закамара—паўкруглае ці кілевое завяршэнне вонкавага боку сцяны будынка, якое па форме адпавядае скляпенню. У залежнасці ад колькасці скляпенняў фасад будынка можа мець некалькі закамараў. Характэрна для храмаў візантыйскага крыжова-купальнага тыпу.
*Какошнік ( ад стараслав. кокошь—курыца, певень )—паўкруглая ці кілепадобная штучная закамара, якая мае дэкаратыўнае прызначэнне; размяшчаецца ў завяршэнні сцен, скляпенняў, у аснове шатроў і барабанаў купалаў культавых збудаванняў.
*Конха ( ад грэч.konch—варонка, konche—ракавіна )—паўкупал, самкнёнае паўскляпенне, якое служыць для перакрыцця паўцыліндрычных частак будынкаў ( апсід, нішаў ).
*Неф ( франц.nef, ад лац.navis—карабель )—прадаўгаватая прамавугольная ў плане прастора будынка, абмежаваная сценамі або радамі слупоў, калон, аркадамі. Адрозніваюць сярэдні, бакавыя, папярочныя ( трансепт ) нефы. На перакрыжаванні сярэдняга і папярочнага нефаў часта ўзводзілі купал на барабане. У бакавых і галоўным нефах размяшчалі алтары.
*Пілястра ( франц.pilastre, ад італьянск.pilastro, ад лац.pila—слуп )—плоскі вертыкальны выступ на паверхні сцяны. Пілястра мае тыя ж часткі, што і калона ( ствол, капітэль, база ). Служыць для члянення фасадаў будынка з мэтай надання яму большай выразнасці, а таксама для ўмацавання найбольш напружаных частак сцен.

Дзмітрый Пятровіч







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка