Хата з матчынай душою Фальклорнае свята




Дата канвертавання16.05.2016
Памер173.55 Kb.
Хата з матчынай душою

Фальклорнае свята
Сцэна стылізавана пад беларускую хату. На покуці вісяць абразы, упрыгожаныя ручнікамі. Ля ўвахода знаходзіцца печ. На сценах развешаны ручнікі, тканыя посцілкі. На стале, на падлозе стаяць рэчы хатняга ўжытку: дзяжа, бойка, прасніца, пранік, качалка, кашы, збаны, гарлачы, лапці.

Кожны ўдзельнік свята будзе падыходзіць да пэўнай рэчы (браць у рукі ці стаяць ля яе), расказваць, паказваць, як ёю карысталіся.


1 вучань чытае верш Р.Барадулiна «Матчына хата».


Лазой згінаючыся ніцай,

Дзяды прасілі абразы:

-Не дай Бог тры разы жаніцца,

Не дай сяліцца тры разы!..


Жылі ці бедна, ці багата,

Ды як вядзецца з тых вякоў,

Агорвалі так-гэтак хату

Прапрадзеды, бацькі бацькоў.


Замочвалі з будаўнікамі

(Бо быў заклён вядомы ім)

І падмуроўкі першы камень,

І першы цвік, і першы дым.


Каб абміналі хату сваркі,

Каб сёе-тое ў кубле мець,-

Тулілі пасля добрай чаркі

У вугал серабро і медзь...


Каб дамавітасць сцены зналі,

Пускаўся ў хату першым кот.

Хлеб-соль на стол яловы клалі,

Счарсцвелы, каб не йшоў на звод.


А што чакае ў новай хаце –

Казалі першай ночы сны.

Лучына ела вочы маці,

У сілу браліся сыны.


Сусед дапамагаў парадай

Ды бедаваннем над жыццём.

Гасцю былі заўсёды рады,

Хоць хлеб не частым быў гасцём.


Не сеялі на сіта мліва –

Мірыліся і з асцюком.

Жылі і клаліся маўкліва

У дамавіну – вечны дом.


Хай будуць сцежкі невядомы

І гору і бядзе ў той дом,

Што мы завём бацькоўскім домам,

Што хатай матчынай завём.




1 вядучы. Дарагiя сябры! Сёння мы разам з вамi адправiмся ў цiкавае падарожжа па краiне нашых продкаў

«Хата з матчынай душою». Мы завiтаем з вамi на вясковую сядзiбу.


2 вядучы. Для кожнага чалавека, асаблiва вяскоўца, сядзiба – гэта спадчына, зробленая яго рукамi i

духоўная, якую атрымалi мы ад продкаў i якую павiнны годна перадаць сваiм дзецям i ўнукам.


1 вядучы. Што страцiлi мы з гэтай спадчынай? Што прыдбалi за свой век?
2 вядучы. Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылi

нашы дзяды-прадзеды, трэба.


1 вядучы. Пры яркiм святле блiскавiцы вiдаць усё навокал. А пры святле свечкi на покуцi ў матчынай

хаце, пры святле малiтвы ў душы вiдаць i тое, што засталося ў мiнулым, i яснiцца шлях у

будучыню.
2 вядучы. Запрашаем вас у матчыну хату.
2 вучань.
Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займае ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца. Абагравае хату, у ёй вараць ежу, на ёй спяць, адпачываюць, лечацца.

Да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасцi» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце».

Печ (а дакладней - падпечак) – месца знаходжання добрага духа – дамавiка, галоўныя «абавязкi» якога – клопат пра дабрабыт сям’i.

З печчу звязана шмат цiкавых звычаяў. Кума, перш чым перадаць мацi ахрышчанае дзiця, пасля вяртання з царквы абносiла яго тройчы вакол слупа печы, «каб дзiця любiла хату i трымалася яе».

Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадынi кармiлi кароў на пячной засланцы, каб яны трымалiся свайго двара.

У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сiмвалiчнага запякання слабых, хворых дзяцей у печы. Дзiця захутвалi ў коўдру i трымалi некалькi хвiлiн у печы адразу пасля таго, як скончаць палiць. Лiчылася, што пасля такога «запякання» дзiця набывае здароўе i сiлу.

Печ асэнсоўвалася нашымi продкамi як «жаночае» месца ў хаце. Сваты, збiраючыся iсцi сватаць дзяўчыну, дакраналiся да печы ў сваiм доме, «каб быў лад». Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё наблiжалiся да печы i цiхенька звярталiся да яе: «Печ, печ, памажы!» Пасля вiталiся з гаспадарамi, садзiлiся на лаву i пачыналi гаворку.
3-4-ы вучні.
Дзяўчынка мяце венікам падлогу ад парога. Уваходзіць дзядуля.
- Ад парога хату не мятуць.

- Ай, ці так ужо важна, як месці, галоўнае ж, каб чыста было. Сёння, дзядуля, на вячоркі да нас прыйдуць хлопцы і дзяўчаты.

- Так-то яно так, дзетка, але ж хіба бабуля не казала? То паслухай, што я табе скажу. Парог, як і печ, - месца ў хаце незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, заможнасць, узаема-адносіны з іншымі людзьмі. З гэтым вераваннем звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з часоў сівой даўніны. Найбольш вядомы з іх – рытуальнае сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Абавязкова трэба было маўчаць. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў-нябожчыкаў. Вядома прыкмета, якая забараняе вітацца праз парог, бо гэта можа прывесці да спрэчкі, непаразумення паміж людзьмі. А ці ведаеш ты, унучка, чаму на вяселлі малады ўносіць на руках у сваю хату жонку?

- Не, не ведаю.

- Пераступаючы з ёю парог, ён тым самым аберагае маладую ад адмоўных да яе адносін продкаў. А вось якія яшчэ існуюць звязаныя з парогам прыкметы. Чалавека, які ўваходзіць у хату, чакае непрыемнасць, калі ён спаткнецца аб парог. А вось садзіцца на парог або станавіцца на яго народная этыка не дазваляе. Асабліва асцерагаюцца гэтага хлопцы і дзяўчаты, інакш іх чакае адзінота. Забаранялася садзіцца на парог і цяжарным жанчынам, бо дзіця народзіцца з дрэннай памяццю. Яшчэ адзін паэтычны звычай. Калі нявеста абходзіла з паклонам усіх, развітваючыся з бацькоўскім домам, яна кланялася да зямлі парогу і прасіла прабачэння. Як бачыш , дзетка, парог займаў значнае месца ў жыцці нашых продкаў.
5 вучань.
Некалі дзяцей ставілі ў кут - каралі за свавольства і іншыя правіны. Але ёсць у вясковай хаце кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць - так называецца гэта пачэснае месца ў хаце, не забытай Богам. Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень,і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І не абы як, уперамежку, а па старшынству, дарослыя і дзеці. Маліліся , успаміналі добрым словам дзядоў - прадзедаў, частаваліся.

Покуць - гэта куточак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы - з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё людзей у гэтай хаце, на ўсёй сядзібе.

Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі - набожнікі. І зімою тут залацяцца галінкі асвечанай вярбы, пучкі жытнёвых каласоў і траў. За абразамі трымаюць бутэлечку са свянцонай вадою - лекамі ад розных хвароб. Да столі часам падвешваецца саламяны павук: лічыцца, што ён прыносіць шчасце.

6 вучань.
Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў. Гэта дзяжа. Няцяжка здагадацца, чаму гэтую рэч называлі хлебніцаю. У ёй заквашвалі цеста, з якога пяклі духмяны хлеб. Цеста ў дзяжы варушылася, расло, як жывое. Прасілася ў печ.

Дзяжа – гэта шырокая бочачка, звужаная кверху, з накрыўкаю-вечкам. Рабілі дзяжу з дубу ці з хвоі. Часам хваёвыя і дубовыя клёпкі чаргаваліся. Дуб паскараў квашанне і надаваў цесту прыемны пах.

Дзяжу ў вёсцы шанавалі. Пры ўваходзінах яе першай уносілі ў хату, каб не зводзіўся хлеб на стале.

Не абыходзіўся без дзяжы і абрад вяселля. Перад прыездам жаніха на дзяжу садзілі нявесту. Распляталі дзявочую касу, благаслаўлялі на шчасце і дастатак. Перш чым апробаваць новую дзяжу, якую прывозіла з сабою ў дом маладая, яе ставілі побач са старой – на адной посцілцы , пад адным абрусам. Каб старая дзяжа, так бы мовіць, падзялілася вопытам, як лепей цеста на хлеб заквашваць.

У старых вяскоўцаў і зараз захоўваецца невялікая дзежка, у якой расчыняююць цеста на бліны. Дзежка-блінніца. Гаспадыня бярэ апалонік – вялікую драўляную лыжку, кідае цеста на скавародку і ставіць у печ. Гарачыя бліны мігам з’ядаюцца, толькі падавай на стол. Ласунам да бліноў – яшчэ і загадка:

“ Жалезны ток, свіны падскок, а грэцкі пасад”. Адгадайце і вы. Не кожны адгадае, таму падкажам: жалезны ток – патэльня, свіны падскок – падмазка са здору, якой патэльню мажуць, каб бліны не падгарэлі, а грэцкі пасад - гэта блін з грэцкай мукі.



7 вучань.

А вось перад вамі бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой . Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла.

Бойка – высокая круглая кадачка, звужаная кверху. Рабілі бойку з клёпак або выдзёўбвалі з дрэва. Клёпкі найчасцей стругалі з елкі, гладка апрацоўвалі гэблікам і сцягвалі абручамі. Бойка мела накрыўку з адтулінаю пасярэдзіне – для калатоўкі-біла.

Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, знізу-ўверх. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплаю бульбаю.

Прыгадваецца казка пра дзвюх жабак, якія трапілі ў пастку – збанок са смятанаю. Адна жабка адразу выдыхнулася, здалася і патанула ў смятане. А другая, упартая, доўга працавала лапкамі, як калатоўкаю, і збіла са смятаны масла. Стала на грудку масла і выскачыла са збанка на волю. Казка цікавая і павучальная: ніколі не падайце духам, сябры, верце ў свае сілы – і зможаце выбрацца з любой пасткі.
8 вучань.
Глiняны посуд i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб.

Гэта – збан. Пасудзiна добра вядомая. У iм звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. Бакi ў збана выпуклыя, шыйка – звужаная. Мае ручку i носiк-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лiлося ў мiску цi ў кубак.

Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькi гарлач без ручкi i не мае носiка-дзюбкi зверху. Пасудзiна адна, а называлi яе дзе збаном, дзе гарлачом, дзе стаўбуном.

Як панiч у абноўцы, красаваўся на стале берасцень – гарлач, аплецены стужкамi бяросты. Шанавалася ў хаце яшчэ адна глiняная пасудзiна – гляк. У iм добра захоўвалiся алей, квас, бярозавы i кляновы сок, калодзежная i крынiчная вада. Гляк падобны на шар, часам – выцягнуты ўгору. З адной цi дзвюма ручкамi па баках. Дно плоскае, шырокае, а горлачка – кароткае i вузенькае, як у бутэлькi. Такi гляк цяпер рэдка дзе ўбачыш. А некалi стаяў побач з гарлачамi i збанамi, так бы мовiць, у адной сям’i.


9 вучань.
Кожны вясковы пастушок умеў некалi плесцi кашы. Часу для гэтага на пашы хапала. Патрэбны былi толькi востры ножык-складанчык, лазовыя дубцы цi хваёвыя карэньчыкi. Ды яшчэ, вядома, майстэрства. У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, старых i новых, вялiкiх i малых. Без iх, лёгкiх i зручных, не абыходзiлiся нi дарослыя, нi дзецi.

У каша быў сваяк – кораб. Рабiлi карабы з большай выдумкаю, чым кашы. Прыгожыя, яны глядзелiся як ганчарны посуд, сплецены з лубу, бяросты, лазы цi саломы. То як бочачка, то як гаршчок. Часта карабы зачынялiся вечкам, каб лепш было захоўваць i пераносiць у iх збожжа, крупы, муку.

У каша i кораба была яшчэ i сястра – вярэнька. Гэта круглая цi прадаўгаватая каробка – лубяная, берасцяная, лазовая, з вечкам i без вечка, з адной або дзвюма ручкамi. У такiх каробках пераносiлi на плячах прадукты i агароднiну. Вярэнька-падарожнiца часта бывала ў гасцях, любiла частаваць радню i знаёмых, асаблiва дзяцей.

Карабы i вярэнькi засталiся ў казках. А кашы i сёння дапамагаюць нам збiраць ураджай – бульбу, агароднiну, садавiну. I ў лес бегаюць, калi год багаты на грыбы.


10 вучань.
У кожнай сялянскай хаце можна было ўбачыць зручны абутак, плецены з лыка, лазовай кары, бяросты цi пянькi – канапляных вяровачак. Лыка дралi найчасцей з маладой лiпы, сушылi ў клецi або на гарышчы хаты. Потым палоскi кары, каб яны не ламалiся, размочвалi ў цёплай вадзе. I плялi лапцi. Плялi на драўлянай калодцы. Палоскi лыка шчыльна падганялi адна да адной. Па баках пакiдалi петлi-вушкi, у якiя зацягвалiся аборы – вераўчаныя цi раменныя шнуркi. Аборамi лапцi прывязвалiся да ног. А на ногi накручвалiся палатняныя анучы, зiмою – суконкi, каб цяплей было. Падэшву для трываласцi падпляталi тым жа лыкам, пянькою, зрэдку падшывалi скураю.

Круглы год насiлi кавярзнi – лапцi з глыбокiм закрытым наском i запяткам. А лапцi-шчарбакi плялi без наска i заднiка: адна падэшва – з лыкавымi петлямi для абораў спераду i па баках. Насiлi iх улетку, у сухое надвор’е.

Плялi лапцi звычайна мужчыны. Сярод iх былi сапраўдныя майстры: выштукаваныя iмi лапцi, лёгкiя i зграбныя, прыгожа глядзелiся на любой назе. У iх добра было i на працы, i ў танцы.

Лапцi i сёння «скрыпяць» у народных казках i песнях. I не лапаць, вядома, вiнаваты, а сам чалавек, калi з яго, недарэкi, смяюцца: «Лапаць ты!»


11 вучань.
Быў час, калі ў вёсцы ўсе былі папрадухамі: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Пралі за прасніцаю. Яна складаецца з лопасці, падобнай на лапату або на вясло і днішча. Да лопасці падвешваецца барада – воўна, кудзеля, пянька. Папрадуха левай рукою выцягвае з барады валасінкі – валаконцы, а правай круціць верацяно, навіваючы на яго нітку.

Некалі прасніцу рабілі з суцэльнага кавалка дрэва.Для гэтага дрэва выкопвалі з каранямі, адпілоўвалі ніжнюю частку – камель. Высякалі, гладка вычэсвалі зверху лопасць, а ўнізе пакідалі адзін корань – адгалінаванне – для апоры і каб было на што сесці гаспадыні – папрадусе. Прасніцу, бывала, з густам аздаблялі: выразалі на лопасці фігуркі жывёл, птушак, лісцікі, пялёсткі, узоры.

З такою прасніцаю не сорамна было пайсці на вячоркі, дзе праліся не толькі ніткі, але і песні, прыпеўкі. Гудзела, як вулей, ад жаночых галасоў прасторная звонкая хата. Дзяўчаты збіраліся асобна ад замужніх папрадух. У іх былі свае інтарэсы, свая кампанія. Да іх наведваліся хлопцы, часта прыводзілі вясковага музыку. У такі вечар прадзіва пакідалі на другі дзень. Моладзь весялілася, спявала, скакала. Завітаем на вячоркі?
ВЯЧОРКІ

(удзельнічае 9 чалавек)
1-ы госць. Добры дзень, даражэнькія гаспадары! Весялосці вам і радасці, бабка Агата і дзед Панас!

1-ая госця. Мір вашаму дому, быць пірагу ядому!

1-ы госць. Даўно да вас збіраліся, ды ледзь-ледзь сабраліся.

2-ая госця. Палотны пабялілі, уборы пашылі, квасу наварылі – усё парабілі. І ў дарогу.

1-ы госць. Пакуль ехалі – кола зламалася, вось згубілася, мы ў яму ўваліліся, а ў яме мядзведзь. Ледзь-ледзь

адбіліся. Ды вось сюды з’явіліся. Ці паверылі вы нашым байкам?



1-ая госця. Чалом вам б’ём, у ножкі кланяемся. А ці знойдзецца для нас месцейка цёпленькае ў вас? Ды

добрае слоўца? Бо нас вунь колькі прываліла!

(Паказвае на гасцей).

Гаспадар. Бачыць вас у нашай хаце мы заўсёды рады.

Гаспадыня. Праходзьце, шаноўныя госцейкі. Чакалі вас, ледзь дачакаліся!

Гаспадар. А што ж у вас хлопцаў не густа?

3-яя госця. А навошта нам хлопцы? Хопіць аднаго кавалера – дзеда Панаса. (Спявае прыпеўку).
А наш дзед маладзец, хоць і лысаваты,

Ўчора бабку Агрыпіну праводзіў дахаты.


Гаспадар. Ах, весялухі, праходзьце хутчэй, масціцеся, дзе каму зручней. (Са смехам і жартамі

ўсаджваюць гасцей).



Гаспадыня. Вось і добра, што ўсе сабраліся разам. Нездарма кажуць: “Адпачынку – хвілінку, а справе –

час”. Ёсць у мяне, мае харошыя, справа неадкладная. Трэба вось гэтыя ніткі ў клубкі зматаць.

Пастараемся – не ўмаемся. Бярыцеся за справу смела, не шкадуйце ручанятак белых. А я тым

часам шкарпэтку давяжу. ( Дзяўчаты бяруцца за работу. Хто вяжа, хто вышывае. Клубкі

матаюць.)
4 –ая госця. Гануся, а праўда, што ты пачала ручнікі вышываць, пасаг збіраць?

3 – ая госця. Не таіся, не таіся, калі трэба, мы дапаможам.

Гануся (2-я госця). Ой, дзяўчаты, старыя людзі вучаць: “Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш”.

1 – ы госць. А я сёння, ідучы да вас, загадкі вам прыпас. Ці згодны вы, бавячы час за работаю, іх адгадаць?

Усе. Згодны. Згодны. ( Загадвае загадкі).
ЗАГАДКІ


  1. Вось вам быль-небыліца: у пяці чалавек адна паясніца. (Рука і пяць пальцаў.)

  2. Глядзяць удзень і ўночы, вытарашчыўшы вочы, ні на дварэ, ні ў хаце. Як іх назваці?

  3. Ляцела цяцера вечарам, ні цяпера, упала ў лебяду, удзень не знайду.(Раса.)

  4. У кутку барада на кійку.(Мятла.)

  5. А гэта што? Гарбаты бес на дзеда ўзлез.(Кажух.)


1-ы госць. Ой, якія вы ўсе тут кемлівыя, разумныя, працавітыя!

2-ая госця. Мы - такія. Ой, павесяліцца хочацца.

( Выходзіць у круг і пяе песню “Чаму ж мне не пець?”)



5 - ая госця. А я, дзяўчаткі, вельмі люблю песню “Вяне рута”. Можа, заспяваем яе?

4 - ая госця. То прасі Івана, няхай дапаможа.

Іван (2 – госць ). А чаму ж не. Можна і дапамагчы. ( Пяе песню “Вяне рута”. Дзяўчына дапамагае.)

4 – ая госця. Ой, наспяваліся ад душы!

Гаспадар. А можа, вы, дзяўчаты, і прыпеўкі паспяваеце?

5-ая госця. Канечне, паспяваем. Ногі самі ў скокі просяцца. ( 3 дзяўчынкі пяюць прыпеўкі).

Гаспадыня. Ай ды госцейкі сёння ў нас! Да ўсяго спраўныя. І сказаць, і паказаць умеюць.

Гаспадар. Скачыце, танцуйце, чаравікаў не шкадуйце!

1 – ая госця. Ой, хутка ўжо пеўні заспяваюць. Трэба збірацца дадому. На сёння хопіць.

Гаспадар. Мала вы пагулялі ды і справу сваю не закончылі.

4-ая госця. Вечары піліпаўскія доўгія, хопіць часу і давышываць, і давязаць.

Гаспадыня. Шкада развітвацца. Цудоўнае атрымалася сёння ў нашай хаце свята. А ці спадабалася вам у

нас? Ці добра вас сустракалі? Ці смачна частавалі?



Госці. Добра тут у вас. Весела. Утульна.

Гаспадар. Дык прыходзьце да нас часцей.

Гаспадыня. Не абыходзьце нашага парога, калі будзе ісці побач ваша дарога.
12 вучань.
У канцы зiмы жанчыны пачыналi снаваць кросны. Праца гэта была адказная. Каб зрабiць нiткi больш мяккiмi i моцнымi, з асновай трэба нямала папрацаваць. Яе парылi гадзiн 6-8 у лузе. Ведаеце, што такое луг? Гэта шчолачная вадкасць, якая атрымоўваецца, калi кiпень прапусцiць праз слой попелу. Луг знiшчае тлустасць i робiць нiткi мяккiмi. Потым аснову крухмалiлі, таўклi ў ступе або выбiвалi пранiкам, расцягвалi, сушылi, плялi ў пляцёнкi.

Нарэшце кросны настроены. Цяпер можна браць i чаўнок. Дзецi ў сялянскiх хатах засыналi пад калыханку матчыных красён. Рыпелi панажы, стукалi бёрда з набiлiцамi. Хадзiлi ўверх – унiз нiты – i ткалася палатно, белае цi расквечанае яркiмi ўзорамi. На чарадзейных кроснах ткалася ўсё: ад грубага зрэб’я да тонкага кужалю. I сёння яшчэ ў вясковай хаце можна ўбачыць куфар, дзе ляжыць скарб, вытканы на кроснах.

Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосцi кашуль i фартушкоў, посцілак і абрусаў, ручнікоў і розных намітак. Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.
13 вучань.
Палатно, вытканае на кроснах , трэба было давесці да ладу: вымачыць, выбіць пранікам, адбяліць. Звычайна вясною гаспадар запрагаў каня і вёз на калёсах трубкі палатна за вёску, на бераг рэчкі ці возера. Там гаспадыня вымочвала палатно ў вадзе. Потым рассцілала яго на беразе і, стаўшы на калені, біла - перыла пранікам - пляскатым драўляным бруском. На роснай траве, пад сонечнымі промнямі палатно за дзень добра адбельвалася. Прыязджаў на кані гаспадар, і палатно, скручанае ў трубкі, зноў адвозілі дахаты. З палатна шылі бялізну, верхняе адзенне, святочныя мужчынскія кашулі, жаночыя кофтачкі і наміткі.

І прыгожая дзяўчына лічылася беспасажніцаю, калі ў куфры не было кужэльнага палатна - чыстага, белага, мяккага, як дотык мілых рук. І палатно, і вырабы з яго трэба было час ад часу разгладжваць. Цяпер добра: бяры электрычны прас - і лёгка разганяй складкі на адзенні. А некалі ў вяскоўцаў не было нават жалязкі - праса, які награваўся на агні. І тканыя вырабы разгладжвалі качалкамі. Качалка - няхітрае прыстасаванне: сама качалка і валок. На качалку - паўмятровую палку-круглячок накручвалі, скажам, кашулю і раскочвалі валком - драўляным брусам з ручкаю. Валок быў прамы або выгнуты, знізу меў тупаватыя зубцы, нарэзаныя ўпоперак. Гаспадыня прыціскала валок да качалкі, і валок, хуценька бегаючы туды-сюды, качаў, разгладжваў кашулю. (Дзяўчына качае ручнік качалкай).


14 вучань. Чытае верш “Бялюткія на сценах ручнікі...”
Бялюткія на сценах ручнікі.

Прыгожых мараў мамы яны сведкі,

А кветкі – не знайсці ў жыцці такіх,

Шукай такія ў райскім садзе кветкі.

Вунь колькі іх – вялікіх і малых,

Агністых і ружовых, жоўтых, сініх,

У кошыках, вяночках і без іх,

На ручніках, дарожках і прасцінах.

А мама нешта вышывае зноў.

За вокнамі мяцеліца гуляе.

Аб чым ты, мама, марыш між снягоў?

Дзе, у якіх цяпер блукаеш далях?

А кветкі яркія, як памяць аб тых днях,

Дзе песня твая лепшая не спета...

Вятры злуюць, галосяць у снягах,

А ў хаце мамінай красуе лета.

(З. Мінчанка.)
15 вучань.
Ручнікі не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах. На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі маладых пасля вянчання ў царкве. Ручнікі дарылі родзічам маладога, але не ўсім, а пераважна мужчынам: маладому, яго бацьку, тату, дружыне маладога. Ужываўся ручнік і ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. Адыходзячы ад аналоя, нявеста старалася цягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёю, выходзілі замуж. У жалобнай абраднасці таксама прысутнічаў ручнік. На Палессі здаўна ручнікамі абвязваюць надмагільныя крыжы, каб аздобіць магілы. Самых паважаных гасцей падчас урачыстасцей і зараз сустракаюць хлебам-соллю на прыгожых ручніках.

На ручніках, расшытых пеўнямі,

хлеб-соль падносім да гасцей,

вядзем за стол, каўшамі пеннымі

частуем брагай пагусцей.

І не хаваем - дзе падзенешся?-

сваіх пачэсных мазалёў.

А трэба - крынкаю падзелімся:

Лепш сто сяброў, чым сто рублёў.

(С.Грахоўскі)



16 вучань.
Узорныя посцілкі сталі ткаць значна пазней, чым ручнікі і абрусы, бо ложкі ўвайшлі ў быт сялян вельмі позна. Але мастацкае аздабленне іх досыць высокае. Рознымі колерамі вясёлкі, шматлікімі ўзорамі радуюць нас гэтыя вырабы. Смела могуць суседнічаць яны з сучаснымі дыванамі.
2 вядучы.
Ёсць такая легенда. Чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек азірнуўся... Дый як жа не азірнешся, калі родная сядзіба – гэта цэлы свет. Наперадзе, за таямнічаю мяжою гарызонта новыя дарогі, новыя людзі, новы свет. Але на ўсё астатняе жыццё застаюцца ў памяці “парог, высечаны з успамінаў, дзверы на завесах цвыркуновай песні; вокны, зашклёныя вачамі блізкіх; хата, пакрытая крыламі ластавак...”
1 вядучы.
Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у хаце з матчынай душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.
Літаратура:


  1. М. Маляўка. Сядзіба, або Хата з матчынай душою.

  2. В. Раманцэвіч. Пачаткі роднае мовы.

  3. Роднае слова. № 2/2003, с. 79.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка