Гуманітарная адукацыя: тэкст, мова, інтэрпрэтацыя




Дата канвертавання13.05.2016
Памер94.41 Kb.
Міхась Тычына, доктар філялягічных навук, шматгадовы выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэю
ГУМАНІТАРНАЯ АДУКАЦЫЯ: ТЭКСТ, МОВА, ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ
Ці не галоўнай праблемай, галаўным болем нашага падпольнага існаваньня была і ёсьць адсутнасьць тэкстаў, адсутнасьць нашай унікальнай бібліятэкі 1.

Спэцыфіка гуманітарыстыкі, заўважная на фоне прыродазнаўства і грамадазнаўства, грунтуецца на тым, што прадметам яе ўвагі ёсьць тэкст. У географаў — гэта мапы, у гісторыкаў — дакумэнты, у мастацтвазнаўцаў — карціны, у лінгвістаў — слова, словазлучэньне, выказваньне, у літаратараў — мастацкія творы. Яднае нас усіх разуменьне знакавай прыроды тэкстаў, асноўнай уласьцівасьцю якіх зьяўляецца зьвязнасьць (складнасьць) і цэласнасьць, узаемазалежнасьць часткі і цэлага.

Менавіта ўменьне заўважаць, распазнаваць, асэнсоўваць і ацэньваць знакі, якімі перапоўненая культурная прастора, адрозьнівае “чалавека адукаванага” ад “чалавека культуры”, здольнага разумець мову навакольнага сьвету, свабодна ўступаць у дыялёг з культурамі іншых эпохаў і народаў. Інтэлектуальны складнік усіх вялікіх перамогаў розуму англічанаў, пісаў расійскі мысляр Я.Вандам, грунтуецца “на ўважлівым вывучэньні жыцьця чалавецтва ў цэлым, на ацэнцы кожнай падзеі паводле ступені яе ўплыву на духоўны стан супольнасьці, на няспыннай працы мозгу над развіцьцём у сабе здольнасьці на вялікай адлегласьці ў часе і прасторы бачыць і адчуваць тое, што людзям з лянівым розумам і кволым уяўленьнем здаецца пустой фантазіяй. У майстэрстве змаганьня за жыццё гэтая здольнасьць дае англічанам перавагі геніяльнага шахматыста над пасрэдным гульцом” 2.

Праблема тэксту ўзнікае, аднак, не тады, калі тэкстаў няма альбо мала, як у нашым становішчы, а тады, калі мы трапляем на перасячэньне лінгвістыкі, эстэтыкі, літаратуры, сэміётыкі. Як звычайнае слова, ужытае ў яго прамым слоўнікавым значэньні (сонца — цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое зьяўляецца гіганцкім вогненным шарам, што выпраменьвае сьвятло і цяпло), набывае на нашых вачах безліч вобразных значэньняў (гімнастычнае практыкаваньне на турніку; крой спадніцы; на Купальле сонца іграе; загляне сонца і ў наша ваконца; каханая-сонейка)? Як раскрываецца патэнцыял сэнсанараджэньня і як трансфармуецца значэньне слова ў вобразе, знаку, сымбале? Як не заблукаць у “змрочным лесе”, “ня згледзеўшы, куды вядзе дарога” (Дантэ. «Боская камедыя», пераклад Л.Баршчэўскага), і як абраць на ростанях найкарацейшы шлях, які вядзе да беларушчыны? Знакавая прырода тэксту нагадвае пра тое, што тэксты зьяўляюцца носьбітамі інфармацыі, якую трэба вучыцца “счытваць”, дэшыфроўваць, засвойваць, тлумачыць, інтэпрэтаваць 3.

Гаворка ідзе пра гермэнэўтыку як навуку тлумачэньня, разуменьня і інтэрпрэтацыі. Гэта і пераклад тэксту з адной мовы на іншую мову, і ўзнаўленьне (рэканструкцыя) сапраўднага сэнсу тэксту, і фармаваньне ў дыялёгу новага сэнсу. Гермэс, пасланец багоў, нясе вестку аб вышэйшых ведах сьветабудовы. Гермэнэўтыка патрэбная там, дзе няма паразуменьня.

Найлепшых вынікаў уважлівы чытач дасягае ў тым выпадку, калі ён суадносіць зьмест тэксту з уласным вопытам “сучаснасьці”, уступае ў дыялёг з аўтарам тэксту, у працэсе якога нараджаецца новы, часта новы і для самога аўтара, сэнс 4. Сэнс як бы “схаваны” ад чытача, і задача – яго дэшыфраваць, зразумець, інтэрпрэтаваць. На першы плян вылучаюцца інтэпрэтацыйныя спосабы атрыманьня інфармацыі. Інтэрпрэтацыя скіраваная “ў глыбіню сэнсу”, а найбольш адэкватным для тэкставага чытаньня ёсьць павярхоўны рух, паводле Р.Барта, па ланцужку мэтаніміі (пераносе імя з аднае клясы аб’ектаў альбо адзінкавага аб’екта на другую клясу альбо асобны прадмет, які асацыюецца па сумежнасьці, уцягнутасьці ў адну сытуацыю («рагатала ўся Беларусь», «фабрыка застрайкавала», «народ нас не зразумее», «жыў-быў чырвоны капялюшык»; «Менск едзе па грыбы»).

Рух па ланцужку мэтаніміі, а таксама, дадамо, і мэтафары, ды іншых паэтычных тропаў, якія грунтуюцца на ўжываньні слова (альбо словазлучэньня) ў пераносным сэнсе дзеля ўзмацненьня маляўнічасьці і выразнасьці маўленьня, — гэта своеасаблівы “сярэдні шлях” паміж абстрактнасьцю лінгвістыкі і канкрэтнасьцю літаратуры. Яшчэ Квінтыліян даў адно з самых трапных вызначэньняў: “Троп ёсьць такія зьмены ўласнага значэньня слова альбо слоўнага звароту ў іншае, калі адбываецца ўзбагачэньне значэньня”. Менавіта тут адбываецца прырост ведаў у галіне гуманітарных навук. Інтэпрэтацыя ўяўляе сабою свабодны творчы акт і можа стаць першым крокам да сапраўднай мастацкай і навуковай творчасьці. Акрамя таго, у працэсе інтэрпрэтацыі набірае моц майстэрства дыялёгу, такая чыста псыхалягічная якасьць, як цярпімасьць да мноства магчымых тлумачэньняў і інтэрпрэтацыяў аднаго і таго ж тэксту.

Дарэчы, у працэсе інтэрпрэтацыі знаходзіцца і актыўнае ўжываньне такіх спэцыяльных тэрмінаў лінгвістыкі, як сэма, рэма і тэма. Сэма — мінімальная адзінка зьместу. Менавіта яе меў на ўвазе У.Караткевіч, калі выказваў сваё творчае крэда: “І коскі зь месца ня зрушу” (хаця, вядома, даводзілася, хочаш ці не хочаш, пагаджацца з патрабаваньнямі рэдактуры й цэнзуры). Рэма — кампанэнт актуальнага чляненьня сказу, тое, што пытаецца альбо сьцьвярджаецца аб зыходным пункце паведамленьня — тэме, пазнаецца па галоўным (лагічным) націску, мае маркеры («менавіта», «толькі»). А.Блок у такім выпадку казаў, што верш трымаецца на апорных (стрыжнявых) словах, як палатка на калках. Тэма — тое, што ляжыць у аснове, менавіта на яе арыентаваная ўвага аўтара і чытача.

У якасьці ўзору для падобнага разбору тэксту можна прапанаваць лірычны верш Я.Купалы “Чорныя вочы” (1905 — 1907 гг.):

Што, скажыце, цямнейшым на сьвеце ад ночы?

— Дзявочыя чорныя вочы, дзявочыя чорныя вочы.

Што больш мае і тайнаў і чараў, як ночы?

— Дзявочыя чорныя вочы, дзявочыя чорныя вочы.

Што, няведама дзе завядзе, як мрок ночы?

— Дзявочыя чорныя вочы, дзявочыя чорныя вочы.

Што нас губіць, як гінуць зблудзіўшыя ночай?

— Дзявочыя чорныя вочы, дзявочыя чорныя вочы.

Разуменьне тэксту як структурна арганізаванага цэлага ўлучае ў сябе некалькі этапаў, адносна самастойных і гіерархічна зьвязаных паміж сабой.



Першы этап разуменьня тэксту разглядае тэкст з сынтаксічнага пункту погляду як мноства асобных элемэнтаў (сказаў, выказваньняў, кампазыцыйных кампанэнтаў адпаведнай знакавай сыстэмы), зьвязаных паміж сабой характэрнымі для сэмантычнага поля сыстэмы пэўнага тыпу (класіцызму, сэнтыменталізму, рамантызму, рэалізму, натуралізму, мадэрнізму, постмадэрнізму).

У вершы Я.Купалы “Чорныя вочы” навідавоку прыкметы рамантызму, якія вядуць нас, напрыклад, да верша “Черны очи” М.Лермантава:

Много звезд у летней ночи;

Отчего же только две у вас,

Очи юга! черны очи!

Нашей встречи был недобрый час.


Кто ни спросит, звезды ночи

Лишь о райском счастье говорят;

В ваших звездах, черны очи,

Я нашел для сердца рай и ад.


Очи юга, черны очи,

В вас любви прочел я приговор,

Звезды дня и звезды ночи

Для меня вы стали с этих пор!



Другі этап разуменьня тэксту выяўляе сэмантычна значныя, сэнсавыя структурныя адзінкі і вырашае пытаньне аб іх агульным сэмантычным значэньні.

У вершы Я.Купалы “Чорныя вочы” гэта “ключавыя словы”, поўныя глыбокай сэнсоўнасьці і незвычайнай прыгажосьці: ноч, вочы, тайны, чары, змрок. У пэўнай ступені сымболіку гэтых слоў тлумачаць адпаведныя разьдзелы энцыкляпэдычнага даведніка “Беларуская міталёгія”.



Трэці этап разуменьня тэксту зьвязаны з улікам кантэксту ўжываньня й інтэпрэтацыі. Міт аб філіяцыі, наяўнасьці крыніцаў і ўплываў, зь гістарычнай сумы якіх узнікае тэкст, мае сваю гістарычную аснову. “Здавалася б, — пісаў Ю.Лотман, што тэкст, праходзячы праз стагодзьдзі, павінен сьцірацца, губляць змешчаную ў ім інфармацыю 5 . Аднак у тых выпадках, калі мы маем справу з тэкстамі, што захоўваюць культурную актыўнасьць, яны выяўляюць здольнасьць зьбіраць інфармацыю, гэта значыць, здольнасьць памяці. Цяпер “Гамлет” — гэта ня толькі тэкст Шэкспіра, але і памяць пра ўсе інтэрпрэтацыі гэтага твору і, больш за тое, памяць пра тыя гістарычныя падзеі, што знаходзяцца па-за тэкстам, але зь якімі тэкст Шэкспіра можа выклікаць асацыяцыі”6 .

Чацьверты этап разуменьня тэксту ўлічвае “фонавыя веды”. Множнасьць сэнсаў, прынцыповая адкрытасьць, незавершанасьць значэньняў, якая не паддаецца вызначэньню і кантролю ўлады і адсылае да сфэры жаданьня, нетэматызаванай памежнай вобласьці культуры, суб’ектыўных намераў аўтара, яго ўнутранага сьвету, залежнага ад выхаваньня, адукацыі, захапленьняў, веравызнаньня, нацыянальнага паходжаньня, сацыяльна-класавай прыналежнасьці, калектыўнага несьвядомага, мэнталітэту, матэрыяльных умоваў жыцьця.

“Мэта, — пісаў Р.Барт, — хутчэй за ўсё палягае ў тым, каб убачыць, як тэкст выбухае і рассейваецца ў міжтэкставай прасторы... Аснову тэксту складае не яго закрытая структура, якая паддаецца вычарпальнаму вывучэньню, а яго выхад у іншыя тэксты, у іншыя коды, у іншыя знакі”. Гэта азначае прынцыповую адмову ад выяўленьня “адзінага” сэнсу тэксту, імкненьне да “чытаньня як бы ў замаруджаных здымках”. Тэкст, кажуць, трэба чытаць гэтак жа павольна, як павольна ён ствараўся. Рэч у “карэктным чытаньні”, “правільнай інтэрпрэтацыі”, “поўным разуменьні” тэксту. Нельга зводзіць усё да асобы аўтара (біяграфічны мэтад), за якім адкрываецца прастора часу, гісторыі, узнікае сувязь прафаннага з трансцэндэнтальным. Імёны аўтара, аднак, зьяўляюцца своеасаблівымі маркерамі, якія нясуць зафіксаваную знакава-сымбалічную нагрузку, паказваюць на пэўныя мастацкія кірункі, мэтады, стылі, жанры, адсылаюць да пэўных твораў, клясычных узораў.



Пяты этап разуменьня тэксту ўлічвае прагматычны крытэр, ад якога залежыць мэта выказваньня. “Галяктыка Гутэнберга” вылучыла ў свой час магутны імпульс, які спарадзіў “культуру зроку”, “культуру чытаньня”. У фокусе абмеркаваньня некалькі стагодзьдзяў знаходзіліся апазыцыі мовы і рэальнасьці, маўленьня і мовы, маўленьня і пісьма, пісьма і чытаньня, а таксама пошук шляхоў да яе пераадоленьня. Сьвет адкрываўся чалавеку ў выглядзе гісторый (паданьняў) пра яго.

Тэкст — “мова ў дзеяньні”. Тэкст у кантэксце “электроннай эпохі” — “машына вытворчасьці жаданьняў”. Ён набывае сэнсавае адзінства не ў сваім паходжаньні, а ў сваім прызначэньні. Сэнсы нараджаюцца ў працэсе функцыянаваньня тэксту, яго станаўленьні, вытворчасьці, дэканструкцыі, інтэрпрэтацыі, якія адсылаюць да іншых сэнсаў і знакаў, акрэсьленых “даляглядам” мовы, пісьма. Цэнтар знаходзіцца паўсюль, і тэкст можна чытаць зь любога месца. Гэта – рэальнасьць, якая “загаварыла”, раскрылася ў тэксце. Увесь сьвет — вялікі тэкст.

На заканчэньне варта сказаць пра стратэгіі чытаньня, яго тэхналёгію. Тэкст ня толькі рэпрэзэнтуе рэальнасьць, але і арганізуе соцыюм, мае ўладную сілу. “Воля да ведаў”, калі мець на ўвазе нашы экстрэмальныя ўмовы для іх набыцця, па сутнасьці, паляваньня за ведамі, адначасова зьяўляецца “воляю да ўлады”. Сродак супрацьстаяньня ўладзе ведаў — глябальная, франтальная рэвізія стэрэатыпаў “наіўнага чытача”, бо любое апавяданьне ня толькі забяспечвае — шляхам інтэрпрэтацыі — доступ ў свет, але і закрывае і скажае яго аб’ектыўны зьмест.

З дапамогаю сьвядома адабраных, строга ацэненых з пункту погляду высокай эстэтыкі, інтэлектуальна адрэфлексаваных літаратурных тэкстаў наша «партызанская» школа здольна навучыць чытаць знакавыя сыстэмы сучаснага сьвету – прынамсі, найбольш вядомыя ў цывілізаванай прасторы. У гэтым сэнсе меў рацыю Ф.Ніцшэ, які ў адным са сваіх філязофскіх афарызмаў выказаў аптымістычную веру ў лепшае. Вось гэты ягоны афарызм: “Эстэтыка — этыка будучыні”.





1 У гісторыі мы ведаем безьліч выпадкаў — ад Герастрата і зьнішчэння паганскіх тэкстаў да вогнішчаў з кніг і зачыненых спэцфондаў, злавесны сэнс якіх адназначны. У кантэксьце заяўленай праблемы вартая ўвагі рэакцыя А.Блока і Я.Купалы. А.Блок, паводле ўспамінаў У.Маякоўскага, які спаткаў яго неўзабаве пасля захопу бальшавікамі ўлады каля вогнішча перад Зімовым паляцам у салдацкім шынялі, на пытаньне: “Нравится?” адказаў: “Хорошо”. А пасьля дадаў: “У меня в деревне библиотеку сожгли”. Паэт-сымбаліст меў на ўвазе сваё, а паэт-футурыст — зусім іншае: “Лафа футуристам, фрак старья разлазится каждым швом”, “Кругом тонула Россия Блока... Незнакомки, дымки севера шли на дно, как идут обломки и жестянки консервов”. Я.Купала ў лісце да Б.І.Эпімах-Шыпілы (ад 13 красавіка 1919 г.) скардзіўся: “Многа рукапісаў не магу дашукацца. Бачыце, паночку, рэч у тым: мяне тут у Менску страшэнна абакралі. У 1916 г. я пакінуў пяць скрынь з кнігамі, рукапісамі і іншымі пісьменнымі матэрыяламі ў беларускай кнігарні пад апеку Уласава і Лявіцкага. Цяпер, як прыехаў у Мінск, то і сьледу ад усяго гэтага не знайшоў. Раскралі ўсё, — і хто? — свае ж беларусы, каб ім ні дна ні пакрышкі. Вельмі шкода рукапісаў і кніжак. Некаторых кніжак цяпер за ніякія грошы не дастану, як, напр., Статут Літоўскі. І тое яшчэ найгоршае, што тут у Мінску няма ніводнай дарэчнай бібліятэкі, дзе б можна было карыстаць з кніг болей паважных” (Купала Я. ПЗТ: У 9 т. Т. 9, Кніга 1. Мн., “Мастацкая літаратура”. С. 248.

2 Литературная газета, 2005, ад 16-22 лістапада. С. 8.

3 Як гэта робіцца на практыцы, добра патлумачыў аднойчы, калі на летняй замежнай сесіі Гуманітарнага Ліцэю зайшла гутарка аб цяжкасьцях засваення нават такой блізкай нам, беларусам, мовы, як польская, Л.Баршчэўскі. Палтглёт, перакладчык, навуковец, ён раіў чытаць усё, што трапляецца на вочы: шыльды, аб’явы, дарожныя ўказальнікі, тытры на тэлеэкране, цэннікі, надпісы на майках, каб хутчэй увайсці ў польскі кантэкст.

4 У многіх знаёмых (“зачытаных”) тэкстах у такім разе лёгка заўважаюцца прыкметы сучаснага жыцьця, якія грэшна было б абысьці ўвагай. Сучаснае прачытаньне нацыянальнай клясыкі — ад Я.Купалы да У.Караткевіча, ад Я.Коласа да В.Быкава — дае надзвычай шмат матар'ялу для гістарычных паралеляў, жыцьцёвых аналёгіяў, стымулюе да глыбокага роздуму. Актуалізацыя літаратурнай клясыкі асабліва прыкметная ў тэкстах сучасных постмадэрністаў, якія паводле вызначэньня ахвотна выкарыстоўваюць цытаты, артыкулююць фэномэн ўзаемадзеяньня тэксту з сэмантычным культурным асяродзьдзем (Ганс-Георг Гадамер: “калі нясказанае сумяшчаецца са сказаным, усё выказванне становіцца зразумелым”; Юлія Крысцева: “усякае слова (тэкст) ёсць перасячэньнем іншых словаў (тэкстаў)”; Ралян Барт: “аснову тэксту складае яго выхад у іншыя тэксты, іншыя коды, іншыя знакі”; “кожны тэкст ёсьць інтэртэкстам; іншыя тэксты прысутнічаюць у ім на розных узроўнях у больш ці менш пазнавальных формах: тэксты папярэдняй культуры і тэксты навакольнай культуры” ).

5 Ці не таму У.Набокаў да свайго перакладу пушкінскага “Яўгена Анегіна” дадаў гісторыка-літаратурны каментарый, які паводле свайго аб’ёму перавысіў ў тры столкі тэкст арыгінала паэмы? Гэта і ёсьць паказьнік унікальных інфармацыйных магчымасьцяў вобразнага слова.

6 Лотман Ю. Языки русской литературы. М., 1996. С. 22.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка