Гуманістычны пафас балады Аркадзя Куляшова “Маці”




Дата канвертавання01.05.2016
Памер105.56 Kb.


Гуманістычны пафас балады Аркадзя Куляшова “Маці”

Мэты: даць паняцце пра баладу як ліра-эпічны жанр; садзейнічаць свядомаму засваенню ідэйнага зместу і мастацкіх асаблівасцей твора, паказаць яго антываенную накіраванасць; развіваць уменне суадносіць літаратурны твор з фальклорным, удасканальваць навыкі аналізу паэтычнага твора, выразнага чытання; ствараць умовы для выхавання пачуцця любові і павагі да блізкага чалавека – маці, негатыўных адносін да вайны як сацыяльнай з’явы.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.

Формы работы: індывідуальная і групавая.

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, камп’ютар, вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання

Эпіграф:


Цябе на гэтыя паходы

Благаслаўляю, сыне мой,

Вялікай мужнасцю народа

І шчырай любасцю сваёй.

Хай беражэ цябе ад кулі

І ад варожых злых штыкоў

Святое пачуццё матулі –

Мая бязмежная любоў.

Пятро Глебка.

Ход урока

І. Арганізацыйна-матывацыйны этап.

1.Стварэнне псіхалагічнага настрою.

На фоне ціхай музыкі гучыць уступнае слова настаўніка, якое павінна настроіць вучняў на урок, на асэнсаванне яго задач.

Настаўнік. (Сл.1).Сёння ў нас незвычайны ўрок: па-першае, прысутнічае шмат гасцей, а, па-другое, вельмі своеасаблівая тэма. Я хачу, каб вы глыбока пранікліся ёю, бо ў нас не толькі ўрок літаратуры, але і ўрок жыцця. Хацелася б, каб вашы сэрцы і душы былі адкрыты для шчырай размовы. А гаворка пойдзе пра самага дарагога, роднага і светлага чалавека – маці.

Маці – апора ў душэўнай смуце. Мы заўжды адчуваем цяпло яе рук і сардэчную цеплыню.Ніхто не ўмее так цярпець і ахвяраваць сабой , як маці. (Сл.2). І адразу ўспамінаецца старадаўняя прытча пра юнака, які ў ахвяру жорсткай і хцівай каханай прынёс матчына сэрца. Ён бег з ім у руках, спатыкнуўся аб камень і застагнаў. “Ой, табе ж баліць , сынок! Ідзі цішэй, дзіцятка! “ – прашаптала чулае матчына сэрца.

Вобраз маці не мінуў у сваёй творчасці ні адзін пісьменнік, паэт, мастак, музыкант, скульптар. (Сл.3)Таму і дамашняе заданне ў вас было - звярнуцца да вобраза маці.



2. Праверка дамашняга задання. (задавалася па групах)

Заданне першай групе: прыгадайце творы пра маці, якія мы вывучалі ў папярэдніх класах.

Заданне трэцяй групе: назваць вядомых мастакоў слова, жывапісу і іншых відаў мастацтва, якія звярталіся да тэмы “Маці” (дэманструюцца слайды кніг пра маці, рэпрадукцыі карцін М. Савіцкага і інш.)

Сл.4. 1-ая група: В.Быкаў«Незагойная рана», В.Карамазаў “Дзяльба кабанчыка” , З.Бядуля “На Каляды к сыну”, А.Дудараў “Вечар”, Н.Гілевіч “Маці”

Сл.5. Група 3. Вобраз маці, бадай , адзін з самых галоўных у беларускай літаратуры. Ні адзін з пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў, мабыць , не абышоў яго. Наша група падрыхтавала нізку вершаў, прысвечаных маці. Аўтарамі гэтых твораў з’яўляюцца нашы землякі са Стаўбцоўшчыны.

Мікола Маляўка “Мама”.Яўген Хвалей “Матчына постаць”. Адам Грынкевіч”Мацярынскі партрэт”. Яўген Карпуць верш “ Дарагой матулі”, песня “Міласэрная ты і святая”. Ва ўсіх гэтых вершах услаўляецца вобраз маці. Паэты падабралі самыя ласкавыя і дакладныя словы , каб расказаць пра сваіх матуль.

Жадаючыя могуць пазнаёміцца з творамі на перапынку.

Вобраз маці таксама не абышлі і мастакі жывапісу. Сл. 6 Майстрам паказу Мадонн(або Маці Божай) з’яўляецца італьянскі  мастак Рафаэль. Лікі Мадонн задуменныя, сур’езныя, бездакорныя.Сл.7. Таксама нашу ўвагу прыцягнулі рэпрадукцыі карцін Альфрэда Ізідора Ромера «Пінская мадонна ці Божая Маці з дзіцем» і Віктара Шматава «Маці».


ІІ.Інфармацыйны этап.

Мастакі слова, жывапісу маці ўслаўляюць у розных жыццёвых сітуацыях.



  1. Сл.8 Праца з эпіграфам.Звярніце ўвагу на эпіграф. (Вучань зачытвае). Як вы думаеце , у які момант жыцця паўстане маці.

  2. Сл.9. Праца з тэмай урока.Аб самаахвярнасці маці, яе гатоўнасці ў любы момант засланіць сваіх дзяцей ад небяспекі ў беларускай літаратуры створана шмат твораў. Адзін з іх – балада А.Куляшова “Маці”.(Знаёмства з тэмай).

Сл.10. Сёлета мы ўжо знаёміліся з творчасцю А.Куляшова, калі аналізавалі верш “Бывай” з інтымнай лірыкі. І вы ведаеце, што 6 лютага мы адзначалі 100 – годдзе з дня нараджэння А. Куляшова.

Сёння мы зноў дакранёмся да яго паэзіі. На гэты раз пазнаёмімся з баладай “Маці”, напісанай у 1943 годзе. Менавіта ў гады вайны А.Куляшоў выявіў сябе як выдатны майстар балады.

Другая група падрыхтавала паведамленне“След вайны ў жыцці А. Куляшова” (вучань дэманструе два-тры слайды пра час суровых выпрабаванняў А.Куляшова.)

Сл.11. 2-ая група: 24 чэрвеня А. Куляшоў пакідае разбураны Мінск, пяшком прайшоўшы « горкі шлях » да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступае у рады Чырвонай Арміі. Пасля вучобы ў Ноўгарадскім ваенна-палітычным вучылішчы А. Куляшоў працуе у армейскай газеце « Знамя Советов ».

Сл.12. « Дзень на перадавой, вечар у дарозе, ноч у зямлянцы, дзе пры цьмяным святле газоўкі пісаліся вершы, нарысы, артыкулы, заметкі. А раніцою ўсе гэта ўжо чыталася ў палках і на батарэях » -- так пісаў пра работу франтавога журналіста рускі паэт Аляксей Суркоў.

Сл.13. Назаўжды ў народнай памяці застануцца героі напісаных А. Куляшовым у гады вайны балад — дзеці і сястра камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, расстраляныя фашыстамі; камсамолец, абліты на марозе ледзяной вадой, мужныя беларускія дзяўчаты, якіх фашысты вывезлі ў Германію, але не змаглі зламаць духоўна. Пра гэта Аркадзь Куляшоў расказвае у такіх творах, як « Балада аб чатырох заложніках », «Камсамольскі білет», «Ліст з палону», «Над брацкай магілай». Гэтыя творы ў гады вайны не толькі гаварылі суровую праўду пра пакуты і мужнасць нашага народа — яны былі і застаюцца крыніцай духоўнай сілы чалавека.
Лейтматывам усёй ваеннай творчасці паэта гучаць радкі, з якімі ён звяртаецца да вас, маладых, да нас, да тых, хто не бачыў вайны (чытае ўрывак з верша “Размова з патомкам”):

Песня мая

не красуняю-кветкай з паляны,

Песня мая пехацінцам

увойдзе ў твой дом,

Ты ёй даруй

і глыбокія шрамы і раны,

Знай, што і ім ты

сваім абавязан жыццём.
· 3. Пастаноўка задач урока. Сл.14. Звярніце ўвагу на задачы нашага ўрока. (Задачы змешчаны на слайдзе).

4. Чытанне балады “Маці” Аркадзя Куляшова настаўнікам. Сл.15- 33

ІІІ. Арыентацыйная гутарка.


  • Якія пачуцці ўзніклі ў вас ?

  • Які настрой гэтага верша? (Сумны, журботны)

  • Вайна… Якія асацыяцыі выклікае ў вас гэтае слова? ( Боль, зло, жудасць, выбухі, несправядлівасць, гібель…)

  • Што вайна несла людзям, усяму жывому на зямлі? (Смерць, страты, пакуты, боль, разбурэнні…)

- Што вам вядома пра Вялікую Айчынную вайну? (Адказы вучняў)

IV. Праца над зместам балады. Тэорыя літаратуры.

- Перачытайце яшчэ раз твор. Сл.34.Растлумачце лексічнае значэнне наступных слоў:



  • улашчыць – улагодзіць, задобрыць;

  • гасцінец – вялікая бітая дарога, тракт;

  • праклён – крайняе і беспаваротнае асуджэнне са злавесным пажаданнем;

  • пякельны – тут: вельмі моцны.

-Над чым прымусіў вас задумацца твор? (Адказы вучняў)

Настаўнік. Твор “ Маці” А. Куляшова – гэта балада. Што ж такое балада? Сл.35. Звярніце ўвагу на слайд. (Адказ змешчаны на слайдзе. Запісаць у сшыткі).



Балада (ад італ. ballare танцаваць) – невялікі сюжэтны верш гераічнага ці легендарнага зместу, у якім расказваецца пра незвычайнае здарэнне.

Сл. 36. Прыём “Альтэрнатыўня тэст” (на слайдзе змешчаны правільныя і памылковыя сцвярджэнні, з якіх вучні выбіраюць толькі тыя, што адпавядаюць сапраўднасці) .

Што ж характэрна для балады як жанру літаратуры?Выберыце тыя сцвярджэнні, якія характэрны для балады.



Для балады характэрна:

  • наяўнасць сюжэта;

  • складаецца з дзвюх частак: аповеду і маралі;

  • напружаны, драматычны змест;

  • паэтызацыя гераічнай, самаахвярнай асобы.

  • Сацыяльна-бытавы змест.

Пытанні:

· Ці мае твор рэальную аснову? (Не, верш “Маці “ напісаны як твор народны, прыдуманы, які не мае жыццёвай асновы. У ім А. Куляшоў выкарыстоўвае фальклорныя матывы і кароткія казачныя элементы.)

· Назавіце прыкметы, якія збліжаюць баладу “ Маці” з фальклорнымі творамі. (Размаўляе дарога; камень становіцца зямлёю, а маці каменем; трайны матчын праклён; своеасаблівая варажба на зярнятах)

· Аснову балады складае размова маці з дарогай і каменем. Давайце зачытаем гэтыя радкі.



  • Каму прысвечана балада? (Балада прысвечана самаахвярнасці маці, яе гатоўнасці ў любы момант засланіць сваіх дзяцей ад бяды) Сл. 37

V. Праца над тэкстам. Аналіз твора.

1.Аналітычная гутарка паводле сюжэту і кампазіцыі. · Ахарактарызуйце цэнтральны вобраз балады – маці. Якімі эпітэтамі надзяляе яе аўтар? (Працаўніца, суровая, стрыманая, клапатлівая, цярплівая, самаахвярная, духоўна моцная).

· Вызначце тэму і ідэю балады. (Тэма: ваенная: пакутлівае чаканне маці з вайны свайго сына; ідэя – непераможнасць мацярынскага сэрца, душы, яе самаахвярнасць )

· Што гаворыць у баладзе пра вайну А. Куляшоў? ( Аўтар раскрывае антычалавечую сутнасць вайны, выступае супраць яе. Вайна нясе пакуты, фізічны і душэўны боль, чалавечыя страты, жахі, холад,голад. Вайну нельга нічым апраўдаць)


  • Балада А.Куляшова – твор антываенны. Але аўтар ні разу не ўжывае слова “вайна”. Якімі словамі аўтар замяніў яго і чаму? (Бітва крывавая, паход. Балада “Маці” блізкая да фальклорных твораў, а слова “вайна” не характэрна народнай творчасці; словы-замены больш эмацыянальна выразныя.)

· Што, на вашу думку, сімвалізуе ў баладзе вобраз зярнят? (Сімвал жыцця)

· Сімвалам у творы з’яўляецца камень. Што ён увасабляе? (З аднаго боку, камень увасабляе бяду, гора, пакуты маці, а з другога – варожую сілу, якую з-за Буга закацілі на нашы палі чужынцы).

· Хто ў творы супрацьстаіць каменю-захопніку? (Сіла бязмежнай матчынай любові, якая здольная зрабіць немагчымае. У баладзе яна адольвае камень і на ім прарастаюць зярняты).

Настаўнік. Нездарма ў народзе гавораць:

- Што наймякчэйшае ў свеце?

- Сэрца маці.

- Што можа быць цвярдзейшае за камень?

- Сэрца маці.

Менавіта мацярынская любоў давала сілы юнакам выстаяць у неймаверных жудасных умовах вайны. Яна здольна тварыць немагчымае: у баладзе яна адолела чужы ненавісны камень, на якім усё ж прараслі зярняты перамогі.

Самаахвярная смерць маці ў творы сімвалізуе непераможнасць народа, веру ў яго вызваленне.



Хвілінка адпачынку. Сл. 38. Заплюшчыце вочы, уявіце вясновы сонечны дзянёк. Свеціць пяшчотнае сонейка, лагодны ветрык павявае.Вакол так хораша і прыемна,мносва рознакаляровых кветак. І кожны з вас пра сябе паўтарае: “Я самы разумны, самы ўважлівы, таму ў мяне ўсё атрымаецца”.

А цяпер з добрым настроем прыступаем да аналізу твора.



2. Праца ў групах (працуюць тры групы ).

Заданне 1-ай групы. Вызначце кампазіцыйныя часткі ў творы.



І частка – завязка (маці выпраўляе сына на вайну: “На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты…”)

ІІ, ІІІ часткі – развіццё дзеяння (маці робіць усё, каб прараслі зярняты: “Дарэмна ўздыхала…”; размова з дарогай, просьба ўлашчыць камень: “Пачуй мае словы…”)

IV частка – кульмінацыя (маці праклінае камень, які становіцца зямлёй: “Цяпер я крывёю сваёю цябе праклінаю…”)

V частка – развязка (сын вяртаецца дадому: “На камні былым пры дарозе…”)

Або: IV частка – кульмінацыя і развязка, а V – эпілог.

Заданне 2-ой групы. Прывядзіце прыклады мастацкіх тропаў, якія выкарыстоўвае аўтар у баладзе.



Гіпербала: камень зрабіўся зямлёю ад матчыных слёз, а маці – каменем;

Эпітэты: знаёмая дарога, суровы камень;

Метафары: сын са славаю пройдзе, маці чакала шчасця і долі; камень…слязьмі палівала;

Параўнанне: кроплі кіпелі на ім . як на патэльні;

Увасабленне : размаўляе дарога.

Заданне 3-яй групы. Сл.39. Уважліва разгледзьце работы вядомых майстроў мастацтва, змешчаных на слайдах. Якую б карціну ці скульптуру вы выбралі ў якасці ілюстрацыі да балады “Маці”? Абгрунтуйце свой выбар.

(Адказы вучняў)

VI. Творчая праца вучняў .

Клас падзелены на тры групы, раздаюцца карткі.

Заданне 1-ай групы. Уявіце, што вы сустрэліся з маці. Звярніцеся да яе, супакойце, аблегчыце яе пакуты чакання.

Заданне 2-ой групы. Уявіце, што вы сустрэліся з сынам, які вярнуўся з фронту. Раскажыце пра тое, як пакутліва яго чакала маці.

Заданне 3-яй групы. Вусны слоўны малюнак “ Самая лепшая на свеце – мая мама”.

VII. Падвядзенне вынікаў творчай дзейнасці вучняў. Афішаванне.

Адказы вучняў.

Настаўнік. Наш урок заканчваецца. Калі мы не ўсё здолелі адчуць і зразумець, хай нам у гэтым дапаможа песня на словы А.Куляшова, музыку да якой напісаў выдатны кампазітар І.Лучанок, а выконвае яе ансамбль “Песняры”. (Паказ мультымедыйнай прэзентацыі “Жанчана на вайне” пад песню).

Заданне для 1-ай і 2-ой груп: напісаць верш-сінквейн на тэму “Вайна”. (Вучні складаюць сінквейны, зачытваюць свае запісы.)

Заданне для 3-яй групы: напісаць верш-сінквейн на тэму “Маці”. (Вучні складаюць сінквейны, зачытваюць свае запісы.)



  • Параўнайце сінквейн “Вайна” з сінквейнам “Маці”. Што вы заўважылі? Ці можна сказаць, што яны антанімічныя?

VIII. Рэфлексія. Высновы ўрока.

Настаўнік. Адным з вобразаў–сімвалаў балады Аркадзя Куляшова з’яўляецца камень. У аўтара ён агідны, шчарбаты, чужы. Аднак камяні чалавеку ў жыцці бываюць вельмі патрэбныя. Раскажу вам невялікую прытчу.

Нясуць тры чалавекі за плячыма каменне.

-Чым вы займаецеся? –спыталі ў іх.

-Цягну гэтыя праклятыя камяні,- злосна адказаў першы.

-Зарабляю сабе на хлеб, - стомлена прамовіў другі.

-А я будую храм, - радасна паведаміў трэці…

Настаўнік. Пачуцці якога з гэтых трох чалавек адпавядаюць вашаму стану пасля сённяшняга ўрока? Чым для вас быў урок? Працай, якая пакінула толькі стому? Вы працавалі толькі дзеля адзнакі і пахвалы? А можа, вы будавалі храм? Зрабіце свой выбар. (Вучні змяшчаюць фішкі на малюнку з грудай камення, грашыма, храмам)

Настаўнік. Мне асабіста ўдалося сёння пабудаваць храм. І мы яго ўзводзілі разам з вамі, закладваючы вашы веды і цудоўныя адказы. (Настаўнік змяшчае сваю фішку)

Выстаўленне адзнак

IX. Дамашняе заданне.

1. Падрыхтаваць разгорнуты адказ пра ідэйны змест і мастацкую арыгінальнасць твора.

2. “Я памятаю вайну такой …” (інтэрв’ю з вясковай жанчынай – сведкай ваенных падзей.)

Заданне 1-ай групы. Вызначце кампазіцыйныя часткі ў творы.

Заданне 2-ой групы. Прывядзіце прыклады мастацкіх тропаў, якія выкарыстоўвае аўтар у баладзе.

Заданне 3-яй групы Уважліва разгледзьце работы вядомых майстроў мастацтва, змешчаных на слайдах. Якую б рэпрадукцыю вы выбралі ў якасці ілюстрацыі да балады “Маці”. Абгрунтуйце свой выбар.

Заданне 1-ай групы. Уявіце, што вы сустрэліся з маці. Звярніцеся да яе, супакойце, аблегчыце яе пакуты чакання.

Заданне 2-ой групы. Уявіце, што вы сустрэліся з сынам, які вярнуўся з фронту. Раскажыце пра тое, як пакутліва яго чакала маці.



Заданне 3-яй групы. Вусны слоўны малюнак

“ Самая лепшая на свеце – мая мама”.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка