Гукайце, дзеці, Масленіцу! Сцэнарый свята для другой малодшай групы




старонка1/3
Дата канвертавання08.05.2016
Памер431.43 Kb.
  1   2   3
Гукайце, дзеці, Масленіцу!

Сцэнарый свята для другой малодшай групы
Баечніца. Паслухайце, дзеткі, якую я вам казачку раскажу. Жыло-было сонейка. Кожную раніцу яно уставала і старанна працавала. А работы было многа. Перш-наперш трэба было пеўніка разбудзіць, каб той сваю песеньку заспяваў. "Ку-ка-рэ-ку!" — прачнуўся пеўнік. Потым — матулю, каб снедаць гатавала. "Дзякуй табе, сонейка!" — кажа матуля. А потым — хлопчыкаў і дзяўчынак, каб у сад дзіцячы спяшаліся. "Добрай раніцы, сонейка, з табой, ласкавым, цёпленька! Пакацілася сонейка на лужок, кветачкі разбудзіла. Прачнуліся кветачкі, галоўкамі заківалі. Пакацілася ў лясок — пра птушак не забылася. Зачырыкалі, заспявалі птушачкі, высока паляцелі. Пакацілася на поле, пшанічку пазалаціла. Пад кожны лісточак зазірнула — кожную ягадку даспяліла. I так кожны дзень працавала, цяпло людзям давала.

Але рантам прыйшла зіма-бабулька, сівая халадулька. Незалюбіла яна сонейка, схапіла яго, у цямніцу пасадзіла. Стала на вуліцы холадна, голадна. Няма чаго есці звярам, няма чаго есці птушкам — не чырыкаюць яны, не спяваюць. Ніводнага лісточка на дрэўцах няма — памерзлі, апалі. Дзетак на вуліцу не пускаюць — холадна.

Раззлаваліся дзеткі: "Ты нам, зімачка, надакучыла, снегам-холадам нас замучыла. Уцякай!" Не слухаецца зіма, смяецца, яшчэ больш холаду напускае.

Прыляцела ластаўка: Гукайце, дзеткі, Масленку! Лятаю я высока, бачу далёка. Толькі яна дапаможа".

Прыйшлі дзеткі да Масленіцы: "Дапамажы, калі ласка, зіму прагнаць!" Тая ў адказ: "Дапамагу! Зараз печ растаплю ды бліночкаў напяку. Буду маслам паліваць, зіму-сцюжу выганяць".

Яна кругленькіх, жоўценькіх, быццам тое сонейка, бліночкаў напякла, кожнаму дала. Выйшлі дзеткі з блінцамі на вуліцу — спужалася зіма: было адно сонейка, а стала вунь іх колькі! У адзін міг растопяць! Конікаў запрагла і паехала ў сваім вазочку па беленькім сняжочку — толькі яе і бачылі.

Узрадаваліся дзеткі, адчынілі замочкі, выпусцілі сонейка. Цяпер зімы не баяцца. Як толькі прыйдзе яна, пачне ўсіх халадзіць ды марозіць, дзеці Масленіцу гукаюць:

Масленка, Масленка,


Нясі сыру, масла,
Каб зіма згасла.

Прынясе Масленка сыру, масла, пачастуе ўсіх. Дзеткі блінцы смакуюць ды прыгаворваюць:

Едзь, зіма, у вазочку
Па беленькім сняжочку.

I да нас сёння Масленка прыйшла. Чую, што і дзед з бабай да яе сустрэчы рыхтуюцца. Давайце зойдзем ды паглядзім, паслухаем.



(Казка суправаджаецца дэманстрацыяй фігурак настольнага тэатра. Пасля яе наказу дзеці ідуць у "хатку " і глядзяць, як дзед з бабай рыхтуюцца да Масленіцы.)


Дзед. Схадзі, старая, на кадушцы паскрабі, па скрыні памяці, ці не наскрабеш мукі на калабок.
Баба. А навошта ён табе, дзед?
Дзед. Як гэта навошта? Сёння ж Масленка, усе блінцы пякуць.
(Баба замешвае цеста, прыгаворвае:) "Па кадушцы паскрэбла, па скрыні памяла і наскрэбла мукі жменю. Замяшу муку на смятане, масліцы. Вось які калабок атрымаўся. Пакуль ён спячэцца, вы мне, дзеткі, песеньку заспявайце". (Дзеці спяваюць.)

Баба. Ну, вось і спёкся Калабок. Пакладу яго на акенца студзіць!
(Баба ідзе за шырму лялечнага тэатра. На шырме хатка, на акенца якой баба кладзе Калабок.)

Калабок. Палажы мяне астудзідца...
Колькі ж буду ляжаць? Не ляжыцца!

Пакачуся праз лясок,


Хоць і страшнавата,
У дзіцячы садок —
Там жа сёння свята!
Дзеці Масленку сустракаюць,
Мяне ў госці даўно чакаюць.
Будзем зімку праганяць
I вясну-красну гукаць.


Баечніца. Пакаціўся Калабок — з акна на лаўку, з лаўкі на падлогу, па падлозе да дзвярэй, скок цераз парог — ды ў сенцы, з сенцаў на ганак, з ганка на двор, з двара за вароты. Коціцца Калабок па дарозе, насустрач яму Заяц.
Заяц. Калабок, Калабок, я цябе з'ем!
Калабок. Не еш мяне, Зайчык, я табе песеньку праспяваю:

Я Калабок, Калабок,


Па кадушцы скрэбены
Ды па скрыні мецены,
На смятане мешаны
Ды ў масле спечаны,
На акенцы студжаны.
Я ад дзеда ўцёк, я ад бабы ўцёк,
Пакаціўся праз лясок у дзіцячы садок.
Там дзеці Масленку сустракаюць,
Мяне ў госці даўно чакаюць.
Будуць зімку праганяць
I вясну-красну гукаць.

Заяц.

Калі так, Калабок, дык спяшайся ў садок!


Бо нам зімка надакучыла, сцюжай, холадам замучыла.
Няма ў нас морквы, няма капусты,
Нам холадна, голадна, дрэнна,
Не маем мы нават сена.
Хай дзеткі зіму хутчэй выганяюць,
У каморачку замыкаюць.


Баечніца. Пакаціўся Калабок далей. Коціцца, а насустрач яму Воўк.
Воўк. Калабок, Калабок, я цябе з'ем!
Калабок. Не еш мяне, Воўк, я табе песеньку праспяваю.

(Спявае песеньку.)
Воўк.

Калі так, Калабок, дык спяшайся ў садок!


Бо мне зімка надакучыла, сцюжай, холадам замучыла.
Цяжка, цяжка мне, Ваўку, холадна ў хмызняку.
Хай дзеткі зіму хутчэй выганяюць,
У каморачку замыкаюць.


Баечніца. Пакаціўся Калабок далей. Коціцца, а насустрач яму Мядзведзь.
Мядзведзь. Калабок, Калабок, я цябе з'ем.
Калабок. Не еш мяне, Мядзведзь, я табе песеньку праспяваю.

(Спявае.)
Мядзведзь.

Калі так, Калабок, дык каціся ў садок.


Бо і мне зіма надакучыла, сцюжай, холадам замучыла.
Надакучыла ў бярлозе ляжаць,
Усю зіму лапу смактаць.
Хай дзеткі зіму праганяюць,
У каморачку замыкаюць.


Баечніца. I пакаціўся Калабок далей. А насустрач яму Ліска. Навастрыла вушкі Ліска, пачала ўглядацца: Ці няма спажывы блізка — птушкі або зайца?
Ліса.

Ах-ах! Ах-ах! Гэта што за смачны пах?


Мусіць, у садку маляткі смачныя пякуць аладкі,
Масла падліваюць, госцейкаў склікаюць.


(3-за кусточка выглядвае Калабок.)

Ліса.

А хто гэта ў кустах?


Дык вось адкуль салодкі пах!
Смачна пахне Калабок!
Зараз з'ем цябе, браток!


Калабок. Не еш мяне, Ліса, я табе песеньку праспяваю! (Спявае.)

Ліса. Ах, песенька прыгожая, ды чую я кепска. Калабок, Калабок, сядзь на носік мне, браток, ды паспявай яшчэ разок, толькі мацней.
Баечніца. Не садзіся, Калабок, хітрай Лісцы на насок. У другі каціся бок. Яна з'есць цябе, браток! Да мяне каціся, Калабок, я занясу цябе ў садок.
Калабок. Зараз, зараз, прыбяруся і да дзетак пакачуся.
Баечніца. Капялюшык ён надзеў і ў люстэрка паглядзеў.
Калабок. Добры дзень, маляты, я паспеў на свята?
Дзеці. Так!
Калабок.

Як у вас гасцей багата! А якое сёння свята?




Дзеці. Масленіца!
Калабок.

А як Масленку гукаюць,


Зіму-сцюжу выганяюць?


Дзіця.

Масленка, бела вутка,


Нясі сыру, масла хутка!
Сыру і масла, каб зіма згасла.


Калабок.

А ў мяне вось ёсць бліночкі,


Не бліночкі — калабочкі.
Іх трэба маслам паліваць, а смятанкай заядаць.
У сярэдзіну зірні, што ляжыць там — забяры!
Толькі ці ёсць у вас смятана, масла,
Каб зіма-бабулька згасла?


Баечніца.

Назбірала гаршчок масла, гаршчок смятаны, гаршчок сыру,


Усіх дзетак запрасіла:
Трэба вам усім падняцца, за сталамі ўладкавацца,
Будзем частавацца.


(Ідуць за сталы.)

У сярэдзіну зірну,


Што там ёсць — забяру.
Не бліночкі — калабочкі.
У смятанку іх мачайце,
Масленку ўспамінайце.

Мы вясну гукаем, вясну сустракаем.

Сцэнарый свята для дзяцей сярэдняй групы

Зала прыбрана пад сялянскую хату. У залу заходзяць дзеці, становяцца ў карагод. Гаспадары свята— цётка Лявоніха і дзядзька Лявон.

Дзеці. Добры дзень! У хату мы да вас прыйшлі. Ці чакаеце вы нас?
Лявоніха.

Добры дзень усім вам, госці,


Дзякуем, што прыйшлі ў госці.
Рады бачыць вас у хаце,
Караваем частаваці.

Лявон. А сабраліся мы, каб гукаць у наш край вясну-красну. Вясной абуджаецца прырода, прылятаюць птушкі. Вясна займае асаблівае месца ў працоўным календары сялян.
Дзеці (спяваюць).

Жавароначкі, прыляціце,


Вясну красную прынясіце,
А зімачку забярыце,
Бо з'шачка надаела,
Увесь хлеб наела.

Вясну красную прынясіце,


Ночку цёмную праганіце.
Ночку цёмную праганіце,
Светлым сонетам засвяціце.

..Жавароначкі, прыляціце,


Вясну красную прынясіце,
А зімачку забярыце,
Бо зімачка надаела,
Увесь хлеб паела.


Дзеці садзяцца, а на сярэдзіну залы "вылятаюць птушкі"—пачынаецца інсцэніроўка пацешкі "Ладачкі-ладушкі".

1. Ладачкі-ладушкі,


Прыляцелі птушкі.
Селі на варотах
У чырвоных ботах.


Дзеці, апранутыя у птушак, "ляцяць " па кругу, спыняюцца, ківаюць галовамі.

2. Боты паскідалі,


Кругам паляталі.
Сталі сакатаці,
Каб ім есці даці.


Тупаюць нагамі, перакручваюцца, робяць махі рукамі ў бакі.

3. Прынясу ім жыта,


Будуць птушкі сыты.
Ды насыплю грэчкі,
Хай нясуць яечкі.

З'яўляецца дзяўчынка, якая левую руку трымае так, як быццам у руцэ сіта, а правай рукой бярэ зярняткі і кладзе на далоні "птушак ".
"Птушкі", крыху нахіліўшы тулава, пальцам правай рукі стукаюць па далоні левай, як бы дзяўбуць зярняты.


Лявоніха. Малайцы, дзеці! I сапраўды, у даўнія часы людзі ўслаўлялі птушак—вестуноў вясны. Гаспадыні ў гэты час выпякалі з цеста "жаваранкаў" і іншых птушак.
Лявон. А цяпер, дзеткі, мы будзем вясну клікаць, як у даўнія часы. Дзяўчаты збіраліся гуртам, ішлі ў канец вёскі, адтуль пачынаўся абход усіх двароў. Падыдуць дзяўчаты пад акно і пытаюцца:
—Ці трэба вам вясна-красна?
Лявоніха. Трэба, трэба.
Лявон. Ці дазволіце вясну гукаць, вясну заспяваць?
Лявоніха. Спявайце, калі ласка, спявайце.

Дзеці ўтвараюць карагод, спяваюць.

Свяці, свяці, сонейка,


Каб нам было цёпленька.
Ай, люлі, ай, люлі,
Люленькі, люлі.
Сонца, сонца, выгляні ў аконца,
Пасвяці нам трошку, дам табе гарошку.
Свяці, свяці, сонейка,
Каб нам было цёпленька.
Ай, люлі, ай, люлі,
Люленькі, люлі.


Дзеці спыняюцца і выказваюць свае пажаданні гаспадарам.

1-е дзіця. Вам шчасця і хлеба уволю!
2-е дзіця. Каб не хварэлі і ўвесь хлеб паелі!
3-е дзіця. Каб вырас у вас кала¬сок з піражок.
4-е дзіця. Гаспадарам жадаем жыці-быці, сто бочак жыта намалаціці.

Дзеці садзяцца.

Лявон і Лявоніха. Дзякуй вам, мае любыя, дзякуй вам, мае прыгожыя, за такія шчырыя пажаданні.
Лявоніха. I слухайце, дзеці, што далей было на свеце. Збіраліся дзяўчаты на ўзгорках за вёскай і спяваді песні да позняй ночы. Часам спявалі па чарзе, пачнуць у адным канцы вёскі, а ў другім працягваюць. А потым...

У залу ўваходзіць Вясна.

Вясна. Дзень добры вам, хлопчыкі і дзяўчынкі! Дзень добры, гаспадары і госці!
Я прыйшла на ваша свята і многа хараства прынесла. I перадам яго таму, хто захоўвае ў сваёй памяці мудрасць народную.

Пачынае гаварыць пачатак прымавак, а дзеці—канец.

—Калі ў сакавіку вада цячэ, у красавіку трава... (не расце).


—Травень халодны—год... (хлебародны).
—Калі ў чаромхі многа цвету— лета будзе... (мокрым).
—Птушкі ўюць гнёзды на сонечным баку—лета будзе... (халодным).


Потым дзеці ўтвараюць карагод "Вясна-красна, адкуль прыйшла ".
Калі праспяваюць гэты карагод, Вясна дорыць дзяўчынкам вяночкі, і свята працягваецца карагодам “Вяночак".


Вясна. Добра, дзеці. А цяпер давайце пагуляем. Толькі ў якую гульню будзем гуляць?
Дзеці. У гульню "Грушка"!
Вясна. Цікавая гульня, давайце гуляць.

Праводзіцца гульня "Грушка ".

Вясна. А яшчэ, любыя мае дзеткі, вясна славіцца і тым, што гэта пара палявых работ. Праўду кажуць: "Што вясной пасееш, тое ўвосень збярэш".
Лявон. Пра гэта таксама ведаюць дзеці.
Лявоніха. Таму падрыхтавалі карагод "Лянок".

Дзеці выконваюць карагод "Лянок".

Лявон. А каб ты, Вясна, стала яшчэ цяплейшай ды ласкавейшай, нашы дзеці-музыкі падрыхтавалі табе свой падарунак.
1-е дзіця.

Вось яны, мае цымбалы,


Струн вясёлы перазвон,
Як зайгралі, заспявалі
Дзілі-дзілі, дзілі-дон.

2-е дзіця.

Весялей, сябры, іграйце,


Праганяйце з хаты сон.
I ляноту праганяйце.
Дзілі-дзілі, дзілі-дон.


Іграе дзіцячы аркестр народных інструментаў.

Лявоніха. А якое ж свята без танца?

Дзеці выконваюць народны танец.

Вясна. Вось і надышоў час развітвацца з вамі. Дзякуй вам, гаспадары, мне пара ісці будзіць пушчы, бары, палі, азёры.

Раздае дзецям пачастункі і выходзіць.

Лявон. Да сустрэчы ў наступным годзе, Вясна!
Лявоніха. Дзякуй і вам, дзеці, што сустракалі з намі надыход вясны.

Дзеці развітваюцца з гаспадарамі і выходзяць з залы.
А ў нас сёння масленіца...

Сцэнарый свята
Свята праводзіцца на вуліцы.

1-ы скамарох. Увага! Увага! Усім, усім, усім—хто не змёрз зусім!
2-і скамарох.

Спяшайцеся, спяшайцеся парадаваць увесь свет!


Зіма нам шле развітальны прывет.

Карагод "Гуканне вясны".
На санях Дзед Мароз, Снягурачка і Зіма.

1-ы скамарох.

Едзе, едзе Дзед Мароз


Ў ледзяной калясцы.

2-і скамарох.

Ну, а побач з ім Снягурачка


3 чарадзейнай казкі.

1-ы скамарох.

А вось і сама


Матуля-Зіма.

Дзед Мароз.

Добры дзень, сябры даражэнькія,


Вялікія і маленькія!

Снягурачка.

Мы прыйшлі развітацца да вас—


Адышоў наш зімовы час.

Зіма.

Прывезлі вам масленіцу,


Пачынаем ластавіцу.
Наша масленіца гадавая,
Яна госцейка дарагая.
Яна пешая не ходзіць,
Усё на коніках раз'язджае.
Ды каб конікі былі вараныя,
Ды каб слугі былі маладыя!


Скамарохі выносяць з саней ляльку-масленіцу і чучала (з саломы, паперы ці тканіны).

1-е дзіця.

А мы масленіцу дажыдалі, У акенца паглядалі,


Гару сырам набівалі,
Зверху маслам палівалі.

2-е дзіця.

Ад сыру—гара сыра,


Ад масла—гара ясна.

3-е дзіця.

Масленка—бела вутка,


Нясі сыру, масла хутка,
Сыру і масла,
Каб зіма згасла.

4-е дзіця.

Надакучыла зіма,


Цёплыя валёнкі,
Хочацца ўжо цяпла,
Песень птушак звонкіх.

5-е дзіця.

Ты ўжо, зімачка, надакучыла,


Снегам-холадам нас замучыла.
Усе ў далоні біце,
Вясну-красну завіце.

Зіма. Бачу, дзеткі, што я вам надакучыла. Але ж я старалася, гурбы снегу намятала, каб вам весела было. Ці ж не хораша вам было зімой? У якія гульні вы зімой гулялі?

Адказы дзяцей.

Гульня ў снежкі.


Зіма. Добра, весела гуляеце. А ці ведаеце вы песню пра мяне?
Песня "Зіма".
Дзед Мароз. Ну як, Зіма, даспадобы прыйшлася песня?
Зіма. Так. Але ж, Дзед Мароз, набліжаецца вясна, і нам час адпраўляцца ў царства льдоў і снягоў.
Снягурачка. Я думаю, што вы, дзеці, нас доўга не забудзеце. Да пабачэння, да наступнай зімы!

Дзед Мароз, Снягурачка і Зіма ад'язджаюць на санях.

1-ы скамарох.

А ўжо масленка канчаецца,


3 вамі, дзеткі, развітаецца.

Дзеці (усе разам). Бывай, масленіца!

Запальваецца саламянае чучала.

1-ы скамарох.

Благаславі, Божа, зіму замыкаці,


Зіму замыкаці, вясну гукаці.

2-і скамарох.

Выходзьце, дзеткі, гукаць вясну.


Абуджаецца прырода ад зімовага сну.


Карагод "Мы вясну гукаем",
Дзеці водзяць карагод вакол вогнішча.


1-ы скамарох.

Шуміць, гудзе, вясна ідзе!


Шчасце і радасць людзям нясе.

Выходзіць Вясна.

Вясна. Ну, вось і я прыйшла да вас зноў, дзеці.
Чакалі вы мяне з нецярпеннем?
Дзеці.Так.
Вясна. Растане снег, бо сонца ярка свеціць.
Ці рады вы мне?
Дзеці. Рады!
1-е дзіця.

Ой, вясна, вясна,


Як жа ты красна!
Мы для цябе спяваем,
Цябе мы сустракаем.

Песня "Падарункі вясны".

Вясна. А зараз я вам загадкі свае загадаю:

3-пад снегу выйшла, расцвіла,


I так, што аж зіма ўцякла.

(Пралеска)
То празрысты, то вясёлы,
То халодны і густы.
Луг яго чакае, поле,
А яшчэ—чакаеш ты.
Пройдзе ён, і каля хаты
Ручаінкі зазвіняць,
Выйдзеш ты, бясконца рады,
— I караблікі пускаць.

(Дождж)

Вясна.

Зіме канец, вясне пачатак


— Для нас усіх сягоння свята.
Музыка, грай!
У коле вялікім
Няхай паскачуць чаравікі!

Танец па выбары выхавальніка.
У час танца Баба Яга выкрадае Вясну.


2-і скамарох. Дзеці, а дзе ж гэта падзелася Вясна? Напэўна, Баба Яга яе забрала. Трэба нам усім ісці шукаць яе!

Дзеці шукаюць Вясну. Баба Яга выглядае з-за вугла.

Баба Яга. А! Вясну шукаеце? А я вам яе не аддам, таму што Свята распачалі, а мяне не пазвалі.
1-ы скамарох. Дзеці, я ведаю, як нам забраць Вясну ў Бабы Ягі.
(Шэпча дзецям, як Бабу Ягу акружыць.)

Гульня з Бабай. Ягой.

Дзеці забіраюць Вясну. Баба Яга плача. Дзеці запрашаюць яе на свята. Вясна дзякуе дзецям за дапамогу.


Вясна. Дзеці, калі я да вас ехала, то бачыла, што мядзведзь пад кустом спіць. Трэба яго пабудзіць і сказаць, што вясна прыйшла.

Дзеці будзяць Мядзведзя, але ён не прачынаецца.

2-і скамарох. А навошта яму прачынацца, калі няма чым частавацца? Вось калі пачуе, што пчолы гудуць ды мёд нясуць—адразу прачнецца!
Баба Яга. А я прыдумала, як мядзведзя падмануць. Ператваруся ў пчолку і буду лятаць каля яго, пакуль ён не прачнецца.

Баба Яга «лятае» вакол Мядзведзя і гудзе. Мядзведзь прачынаецца.

Мядзведзь. Мне здалося, што пчолы ляталі, але ж мёдам не пахне.
Баба Яга (дражніць Мядзведзя).
Мёду захацеў, а яго няма!
Мядзведзь. Дык гэта ты тут гула і пчалой прыкідвалася. Зараз я табе «палятаю», і тады табе не мінуць ліха.

Мядзведзь даганяе Бабу Ягу.

Вясна. Мядзведзь, не злуй на Бабу Ягу. Мы хацелі цябе пабудзіць і сказаць, што вясна прыйшла. А каб ты на нас не злаваў, мы падорым табе гаршчочак мёду. (Аддае гаршчочак мядзведзю.)
Мядзведзь есць мёд.


1-ы скамарох. Гэй, сюды, сюды, хто хоча мёду, мёду на выгоду!
2-і скамарох. Абаранкі, плюшкі, смачныя ватрушкі!
1-ы скамарох. I бліны пшанічныя, кругленькія, пышныя!
2-і скамарох. Кругленькія, жоўценькія, быццам тое сонейка!
1-ы скамарох. Ешце, маслам палівайце, а смятанай заядайце!
2-і скамарох. Грошай многа не бяром, амаль дарам прадаём!
1-ы скамарох. У масла блін мачайце, масленіцу запамінайце!

Дзеці частуюцца блінамі і чаем.
Праводзяцца розныя гульні-спаборніцтвы па выбары выхавальніка.


Гуканне вясны

Сцэнарый Свята для дзяцей групы «Фантазёры»

Пад гукі лірычнай мелодыі дзеці ўваходзяць у залу, аформленую па вясновых матывах.

Вядучы.

А зіма аж пачарнела—


Годзе ёй тут кроены ткаць!
Гэй, маленства, жыва, смела
Выйдзем вясну прывітаць!

Я.Колас.


1-е дзіця.

Хмара снегам не цярушыць,


I не гнуць вятры бяроз.
Ні за шчокі, ні за вушы
Не шчыпае Дзед Мароз.
Рамантуюць гнёзды галкі,
Рэчка поплаў заліла,
I плывуць зімы кавалкі
Каля самага сяла.

І. Муравейка



Вядучы.

Радасна працуюць пчолкі,


Птушкі гімн пяюць вясне.
Вецер сонечны, вясёлы
Падпявае ім і мне.

М.Пазнякоў.




Песня «Ой, вясна, вясна» (апр. А.Залётнага).

2-е дзіця.

Завея зранку віравала,


Круціла злосна мокры снег,
Ды сонца весела зайграла
Апоўдні на цымбалах стрэх.
А хутка з поля да ракіты
Зіму пагоняць ручайкі.
I ў небе радасна-блакітным
Развесяць бомы жаўрукі.

М.Пазнякоў.




Вядучы.

Сонейка вясновае


Радасна ўсміхаецца.
Ззяе ўсё абноваю:
—Прывітанне, раніца!

Дзеці, да нас сёння ў госці прыйдзе Мікіта.



З'яўляецца Мікіта.

Мікіта. Добры дзень, даражэнькія! Я завітаў да вас, каб разам з вамі сустракаць вясну!
Вядучы. Добры дзень, Мікіта! Будзем свята святкаваць, ды вясну сустракаць!
Мікіта.

Выйшаў ранкам я на ганак,


Не рыпеў марозны снег.
Нібы з тонкіх-тонкіх кранаў
Кроплі падалі са стрэх.
Луг прачнуўся, зелянее,
Сняцца лесу казкі-сны.
I прырода разумее
Мову цёплую вясны,

П.Прануза.




Вядучы. А скажы нам, Мікіта, ці прыляцелі ўжо з цёплых краёў птушкі?
Мікіта. Так, так...

У родны край з-за акіяна,


3-за высокіх сініх гор
Жураўлі ляцяць клінамі,
Абуджаючы прастор.

Л. Шырын.

А яшчэ ляцелі гусёлкі цераз мой садочак.

Вядучы. Вось як добра! А мы ведаем песеньку пра гусёлак. Давайце, дзеці, заспяваем яе.

Беларуская народная песня “Ляцелі гусёлкі” (апр. А. Залётнева)

Мікіта.

Разбудзілі мяне рана


Галасістыя шпакі,
Я стаю усхваляваны
-- Малайчыны, спевакі!

Н. Галіноўская.




Вядучы. Нашы дзеці, Мікіта, ведаюць верш пра шпакоўню і шпакоў. Паслухай, калі ласка.
3-е дзіця.

Як сады зазелянелі,


Зашумелі раўчукі,
К нам з-за мора прыляцелі
Два вясёлыя шпакі.
Аглядзелі дом навокал:
Зверху, знізу і з бакоў—
I прыветна, і высока...
Чым не дача для шпакоў?
Нацягалі траў, саломкі,
Ложак выслалі пушком.
Цэлы дзень іх голас звонкі
Весяліць шпачыны дом.

АЖаўрук,



Вядучы. Але не толькі шпакі да нас прыляцелі, а і іншыя птушкі. Давайце паслухаем ласкавую песеньку.

Песня «Прыляцелі куры» (апр. А. Рашчынскага).

Мікіта.

Журавель, клекатун,


Цягнуў жабу за каўтун!
Ён ляцеў, махаў крыламі
Нізка-нізка па-над намі.


Вядучы. Давайце пагуляем у жвавую, вясёлую гульню.

Гульня «Журавель» (апр. В.Кузняцова).

Мікіта. А зараз паспрабуйце адгадаць маю загадку. Яна таксама пра птушачку.

Ціха ў полі, ціха ў лесе,


Чуць балбоча ручаёк,
А высока ў паднябессі
Льецца звонкі галасок.

Я.Колас.



Беларуская народная песня «Жавараначкі, прыляціце» (апр. В.Сярых).
У дзяцей ў руках—птушкі-жаваранкі (цацкі).

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка