Грыцько Чубай/ Грицько Чубай (1949–1982) – украінскі паэт і перакладнік, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў львоўскага андэграўнду 1970-х гг., «папярэднік бубабізму»




Дата канвертавання27.03.2016
Памер43.63 Kb.




Грыцько Чубай/ Грицько Чубай (1949–1982) – украінскі паэт і перакладнік, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў львоўскага андэграўнду 1970-х гг., «папярэднік бубабізму». У 1970 г. арганізоўвае і выдае «Скриню» – адзін з першых самвыдатаўскіх часопісаў Украіны. Падчас рэпрэсій 1972–1973 гг. Чубай быў арыштаваны і абвінавачаны ў «антирадянській агітації та пропаганді», аднак праз некалькі дзён вызвалены. У 1979 г. Г. Чубай бліскуча здае экзамены ў маскоўскі Літаратурны інстытут, аднак скончыць інстытут не паспявае: у 1982 годзе ва ўзросце 33 гадоў паэт пайшоў з жыцця.

МАРЫЯ
Паэма

1
бачу траву што памерла пасля смерці не стаўшы птушкай

бачу вязніцу й студню што маюць аднолькавыя назовы
мінулыя галасы ў магнітафоне рудымі вавёркамі ў коле

карабель снягоў што ў глыбокае поле сплывае

старыя сляды вавёрак нясе на сабе

…………………………………………………………

ужо шпарка ніхто не бяжыць ад сасны да сасны

і на вогкім пяску экстазна ніхто не танчыць на досвітку

бачу ў люстэрку срэбныя дэпешы хмар нікім не падпісаныя

бо для святла найтанчэйшага як ні шукай не знойдзеш імя

яно з-за бязлюдных бугроў вынурае
і ляціць як страла ў цела незацуглянае

.................................................

.................................................

....................


– о хто ты хто

што ўжо маеш пахмурнага мужа

– о хто ты хто

што ўжо маеш безліч дзяцей?!

– аддалася яму ў высокай траве

сярод белага дня

на закінутым цвінтары

......................................................................................................................
– і хто ж верне цяпер белыя снягі да берага?!

назаве хто імя для святла найтанчэйшага

для святла найтанчэйшага

што так прыпазнілася?


2
бачу як памяць яе беспрытульная йдзе па раллі напрасткі

засціла памяць сабой гарады

і снягоў караблі патанулыя
дзевы блакітных дажджоў на закінутым цвінтары

свяцёлку ёю пакінутую вымываюць у чэрапе


шлюбны спеў цвіркуноў надвячоркам

і зыкі савы апоўначы

заклікаюць яе вярнуцца дамоў

......................................................................................................................


– хто згадае імя для святла найтанчэйшага,

што няўчасна ўпала ў высокае жыта?!

................................................

......................................................................

ды й шчэ рана на досвітку рана да свету

голас плоці пачуе на цёмнай сцяжыне

васьмігадовая жонка семігадовага мужа
бачу першыя словы яе бачу хаду першую

бачу першыя любасці бачу цела аголенае

бачу твар азораны што неадрыўна глядзіць

туды дзе вада лятучая

туды дзе сузор’і залатых цвіркуноў
3

тыя што ў поле дарогу забылі

тыя не ўмелі спяваць

ведалі ноч па імені

але ж не кахалі нікога
яны звонкія кветкі ціхім сабакам цкавалі
пямяць іх сёння азываецца шэптам

памяць іх сабаку свайго

выпускае сёння на кветкі
яны ўсе на адзін твар

але не браты яны


і паўз цвінтар закінуты

у іх дарога адна

і ў склепе пустым

хочуць узяць яе ў жонкі

але крок іх павольны

дойдуць пакуль – нібы вецер будуць нябачныя

будуць нібы святло нячутныя

будуць зямлі ўласнасцю

як і птушкі пасля смерці

......................................................................................................................


бачу цела яе ў палоне асветленых гукаў

што і сёння ўбаку ад усіх як калісьці


бачу пальцы яе што бягуць па цямнеючай шыбе –

пішуць звонкую назву лятучай срэбранай рыбіне

што з месяцовых плёсаў у вырай злятае навечна
бачу растанне жанчыны з рыбінай

бачу пасля як самотная йдзе – абмінае струхлелы час

на яго светла-цёмных рыпучых арэлях

яе жэсты фатальныя

нібы валасы ў бліскавіцы
яе танец вясельны мае рытмы глыбокія

нібы калодзеж золку


4

бачу памяць яе

што як вада лятучая мае крыло нерухомае

бачу сон бездыханны

што на крыле нясе яна асцярожна
бачу вырай душы

на які толькі раз наглядзецца магчыма

гэта восень людская калі аблятаюць валасы й адзежа
а першымі – вочы
бачу восень такую апошнімі днямі якой

у белым голлі касцей завываюць вятры

......................................................................................................................
вы не спыняйце яе

ўжо чужую для вашага цела

што была ад ўсіх вас наіўнейшай

да яе святло прыпазнілася

а цемра дайшла да яе апоўдні

......................................................................................................................


не спыняйце яе

бо толькі яна была б здольная

нарадзіць для вас збаўцу
які навучыў бы ўсяго баяцца ўпотай

і без страху ва ўласную восень глядзець навучыў бы

бо яе насампраўдзе няма

ёсць толькі вецер які забірае цела і вочы

пакідаючы вам найважнейшае

тое


чым вы былі насампраўдзе

......................................................................................................................


не спыняйце яе

бо яна памятае пра цвінтар і жыта высокае

яна памятае
яна засвечвае месяц сабой

і засвечвае вуснамі гукі


над калыскай вашай бачу яе з плачам
над дамавінай вашаю бачу яе са смехам
адно калі вы засынаеце

яна за усіх вас шчаслівейшая танчыць на вогкім пяску

......................................................................................................................
і сёння

яна з танцам сыходзіць ад вас

вам не сказаўшы бывайце
1971
Пераклад з украінскай Марыі Мартысевіч.
© Грицько Чубай, спадкаемцы, 2009.

© Марыя Мартысевіч, пераклад, 2009.




prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка