Грамадзянскае права І працэс гаспадарчае права І працэс




Дата канвертавання17.03.2016
Памер65.72 Kb.
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

«ПРЫВАТНЫ ІНСТЫТУТ КІРАВАННЯ І ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА»



ЮРЫДЫЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ

індывідуальны залік



ТЭОРЫЯ І ГІСТОРЫЯ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА

РАЗВІЦЦЁ МЯСЦОВАГА САМАКІРАВАННЯ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ



ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАВА І ПРАЦЭС

ГАСПАДАРЧАЕ ПРАВА І ПРАЦЭС

ПРАДМЕТ І АБ’ЕКТ ГРАМАДЗЯНСКІХ ПРАВААДНОСІН

ДРЫНДЗЕЛЬ АЛЯКСАНДР МІХАЙЛАВІЧ, 5 курс дзённае аддзяленне

8 029 746 48 37

МІНСК, 2008

Развіццё мясцовага самакіравання ў Вялікім княстве Літоўскім

У сучасны перыяд у Беларусі створана досыць разгалінаваная сістэма органаў самакіравання – мясцовых Саветаў дэпутатаў. На апошніх выбарах у мясцовыя Саветы 14 студзеня 2007 года было абрана больш за 22 тысячы дэпутатаў. Выбары забяспечвалі каля 100 тысяч чалавек, якія працавалі ў складзе выбарчых камісій. З гэтых лічбаў вынікае, што мясцовыя выбары з’яўляюцца больш маштабнымі ў параўнаннi нават з парламенцкiмi i прэзiдэнцкiмi выбарамi.

На першы погляд вышэйзгаданыя лічбы павінны ўпэўніць нас у тым, што ў нашай дзяржаве існуе якаснае мясцовае самакіраванне, але гэта не зусім так. На нашу думку, вялізныя маштабы сістэмы яшчэ не з’яўляюцца гарантыяй якасці яе функцыянавання. Відавочна, што дзяржава імкнецца забяспечыць Саветы ўсім неабходным, фінансуе вельмі затратныя выбары і г.д. Аднак, на нашу думку, пры гэтым застаецца нявырашанай адна з галоўных праблем – размежаванне кампетэнцыі органаў мясцовага самакіравання і органаў дзяржаўнай улады. Саветы, на наш погляд, па- ранейшаму з’яўляюцца дастаткова фармальнымі органамі, якія залежаць ад адміністрацыі.

Гэта праблема ў пэўнай ступені дасталася нам ад мінулага. Нагадаем, што ў СССР камуністычная партыя і выканаўчыя органы вырашалі ўсе пытанні, а Саветы былі дэкаратыўнымі, другараднымі органамі. Але ў гісторыі нашай Радзімы ёсць перыяды, калі мясцовае самакіраванне было больш значным і змястоўным. У першую чаргу, на наш погляд, трэба звярнуць увагу на перыяд існавання Вялікага княства Літоўскага. Гісторыя самакіравання ў ВКЛ сведчыць аб высокім узроўні правасвядомасці насельніцтва, якое актыўна абараняла свае правы і інтарэсы. Таму, калі ёсць неабходнасць працягваць рэфарміраванне інстытутаў мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь, то неабходна выкарыстоўваць гістарычны вопыт менавіта ВКЛ.

Мясцовыя органы ўлады і кіравання на дзяржаўных землях Вялікага княства Літоўскага будаваліся ў адпаведнасці з іх адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Да ўтварэння ваяводстваў і паветаў асобныя землі кіраваліся намеснікамі вялікага князя. Пры намесніках былі такія службовыя асобы, як ключнік, гараднічы, цівун, канюшы, ляснічы, пасады якіх у асноўным засталіся і пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565 – 1566 гг., што падзяліла ВКЛ на ваяводствы ( акрамя існаваўшых раней уводзіліся і новыя), паветы і воласці.

Базавым звяном у сістэме мясцовага кіравання былі дзяржаўцы – кіраўнікі дзяржаўных вялікакняжацкіх маёнткаў. Яны мелі правы вяршыць суд над усімі простымі людзьмі, якія жылі на падначаленай ім тэрыторыі. Гэтак жа як ваяводы і старасты, дзяржаўцы неслі адказнасць за сваю дзейнасць перад урадам. У мясцовасцях, дзе жылі дзяржаўныя сяляне і не было замкаў ці маёнткаў, дзейнічалі органы сялянскага самакіравання і выбраныя імі старцы.

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі мясцовай улады выступалі павятовыя і ваяводскія шляхетскія соймікі. У іх удзельнічалі ўсе землеўласнікі павета ці ваяводства. Мясцовыя органы ўлады мелі шырокія паўнамоцтвы і мала залежалі ад цэнтральных органаў. У сваёй дзейнасці яны кіраваліся агульнадзяржаўнымі нарматыўнымі актамі і мясцовым звычаёвым правам, а таксама актамі мясцовай адміністрацыі.

Органы мясцовага кіравання і самакіравання ў гарадах Беларусі, якія рэгулявалі жыццядзейнасць карпарацый мяшчан, значна адрозніваліся ад другіх мясцовых органаў улады на месцах. Па арганізацыі кіравання і характару залежнасці ад вышэйшых органаў улады беларускія гарады падзяляліся на тыя, якія мелі спецыяльныя граматы (прывілеі) на магдэбургскае права, і тыя, якія іх не мелі. Гарады, якія атрымалі прывілеі, выключаліся з адміністрацыйнай улады ваявод і старастаў, у іх утвараліся органы гарадскога кіравання (магістрат) у спалучэнні з некаторымі элементамі самакіравання. У гарадах, атрымаўшых прывілей на магдэбургскае права, хадзіла прымаўка: “Гарадское паветра робіць чалавека вольным”.

У магістрат уваходзілі войт, бурмістры, радцы і лаўнікі. Войт стаяў на чале гарадской адміністрацыі і суда, прызначаўся на гэтую пасаду ўрадам з ліку феадалаў або гараджан і ажыццяўляў правасуддзе сумесна з сябрамі гарадской Рады і лаўнікамі (засядацелямі). Войт мог прызначыць сабе намесніка лент-войта. Памочнікам войта па кіраванні справамі ў горадзе былі бурмістры, якія прызначаліся або зацвярджаліся войтам з ліку сяброў гарадской Рады.

У большасці беларускіх гарадоў Рада складалася прыкладна з 6 – 20 чалавек. Як правіла, у яе ўваходзілі найбольш багатыя купцы, кіраўнікі рамесных цэхаў, багатыя майстры-рамеснікі. У адных гарадах Рада выбіралася мяшчанамі, у другіх яе фарміраваў войт. Рада вызначала асноўны напрамак развіцця гарадской гаспадаркі і кіравала пытаннямі добраўпарадкавання і ўтрымання ў баявой гатоўнасці абарончых збудаванняў, займалася зборам сродкаў на гарадскія патрэбы, ажыццяўляла кантроль за іх расходаваннем.

Граматы на магдэбургскае права былі выдадзены: Вільні ў 1387 г., Берасту ў 1390 г., Гародні ў 1391 г., Полацку ў 1498 г., Менску ў 1499 г., Навагародку ў 1511 г., Магілеву ў 1577 г., шэрагу іншых беларускіх гарадоў. Аналіз зместу гарадскіх грамат паказвае адну характэрную рысу: ні ў адной з іх няма спасылак на канкрэтныя крыніцы магдэбургскага права. Гэта дае падставы сцвярджаць, што ўрад, выдаючы граматы на магдэбургскае права, не імкнуўся змяніць мясцовыя нормы права і ўсталяваць новыя праваадносіны на нямецкі лад, а толькі хацеў стварыць больш спрыяльныя ўмовы для знешняга гандлю, а значыць, дзеля павелічэння прыбытку ў дзяржаўны скарб і лепшага забеспячэння абароны гарадоў.

Для вывучэння старажытнага быту сялян, іх павіннасцей перад дзяржавай і мясцовай адміністрацыяй, цікава разгледзіць валасныя граматы, выдадзеныя валасцям. Гаспадарскія лісты выдаваліся валасцям часцей за ўсё ў выніку чалабітнай скаргі насельніцтва на парушэнне даўніны і самавольства мясцовай адміністрацыі. Гэтыя акты па сваім змесце насілі розны характар. Адны з іх даволі падрабязна вызначалі памеры многіх павіннасцей насельніцтва. Другія закраналі толькі адну або некалькі павіннасцей. Агульны аналіз гэтых актаў дазваляе ў значнай ступені ўявіць характар эксплуатацыі сельскіх жыхароў дзяржавай у цэлым і асобнымі феадаламі ў прыватнасці.

Аўтаномныя правы некаторых зямель (ваяводстваў, паветаў) замацоўваліся ў абласных граматах ВКЛ. Нормы змешчаныя ў абласных граматах, паходзілі: па-першае, з мясцовага звычаёвага права, выпрацаванага ў час, калі многія з гэтых зямель былі самастойнымі дзяржавамі і іх насельніцтва, выбіраючы сабе князя, заключала пагадненне, у якім былі абумоўлены правы і абавязкі як князя, так і народа; па-другое, з папярэдніх нарматыўных актаў; па-трэцяе, з норм, выпрацаваных адміністрацыйнай і судовай практыкай. Так замацоўваліся старадаўнія абавязкі князя і мясцовага ваяводы дзейнічаць толькі згодна з мясцовым правам, захоўваць аўтаномныя правы дадзенай зямлі, не ўмешвацца ў царкоўныя справы, забяспечваць маёмасныя і асабістыя правы. Баяры і мяшчане гэтых зямель карысталіся правам свабодна выязджаць у замежныя краіны.

Выданне валасных і абласных грамат і іх неаднаразовае пацверджанне, на наш погляд, сведчаць аб рашучасці жыхароў ВКЛ абараняць сваё старажытнае права, аб высокім узроўні правасвядомасці.

Падсумоўваючы падкрэслім, што пры ажыцяўленні даследавання гісторыі развіцця інстытута самакіравання ў ВКЛ, мы можам больш дасканала асэнсаваць падзеі рэчаіснасці, прааналізаваць папярэднія памылкі і знайсці шляхі ўдасканальвання мясцовага самакіравання, якія найбольш падыходзяць для сучаснага ўзроўню развіцця грамадства.

Мы спадзяёмся на тое, што ў беларускім грамадстве ў сучасны момант сфарміравалася аднадушнае разуменне неабходнасці далейшага развіцця і паляпшэння сістэмы мясцовага самакіравання. Мы ўпэўнены, што развіццё мясцовага самакіравання мае вялізнае значэнне для грамадзян Беларусі.

Па-першае, самакіраванне з’яўляецца інстытутам дэмакратыі, сродкам непасрэднага ўдзелу грамадзян у вырашэнні публічных спраў. Без самакіравання, на наш погляд, немагчыма фарміраванне грамадзянскай супольнасці.

Па-другое, самакіраванне з’яўляецца фактарам абмежавання дзейнасці дзяржавы. Яно спрыяе рэалізацыі прынцыпа суверэнітэта народа.

Развіццё самакіравання – гэта не толькі аб’ектыўная патрэбнасць. Гэта, як мы перакананы, і наш абавязак перад нашымі продкамі, якія ў свой час шмат зрабілі для таго, каб народ ператварыўся з аб’екта гістарычнага працэсу ў суб’ект, які з гонарам заявіў аб сваіх правах.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Вішнеўскі. А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дап. / А.Ф. Вішнеўскі. – Мн.: Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь, 2003. –319 с.

2. Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах (Са старажытных часоў да нашых дзён): Вучэб. дапаможнік / Пад агул. рэд. праф. А.Ф. Вішнеўскага. – 2-е выд., дап. – Мн.: Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь, 2003. – 320 с.

3.Кодавбович В.А. Принцип разделения властей в системе местного управления и самоуправления Беларуси // Юридический журнал.- 2006.- N 3.- С.26-30.

4.Местное самоуправление в Беларуси / Кивель В.Н., Фатеев В.С., Сидорчук В.К. и др.; редактор Сидорчук И.П.; Просветительское общественное объединение "Фонд имени Льва Сапеги".- Минск: Тонпик, 2007.- 416 с.

5.Орепук Л.Л. Самоуправление в средневековой Белоруссии // Вестник молодежного научного общества.- 2001.- N 2.- С.40-44.



6.Сапелкин Е. П. Местное управление и самоуправление в Респулике Беларусь: современные технологии, перспективы развития / Сапелкин Е.П., Масловская Т.С.- Минск: Издательский центр БГУ, 2006.- 239 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка