Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь Моўчану Алегу Уладзіміравічу




Дата канвертавання17.03.2016
Памер36.99 Kb.
Грамадзяніну Рэспублікі Беларусь

Моўчану Алегу Уладзіміравічу,

што пражывае па адрасе:

….


індывідуальнага прадпрымальніка

Будкіна Сяргея Анатольевіча,

пасведчанне аб рэгістрацыі №

191792571 ад 09.10.2012, выд.

Адміністрацыяй Маскоўскага

района г.Мінска

АДКАЗ НА ПРАПАНОВУ АБ ДОБРААХВОТНЫМ УРЭГУЛЯВАННІ СПРЭЧКІ

12 верасня 2014 года ў клубе Re:Public, што месціцца па адрасе: г.Мінск, вул.Прытыцкага, 62, прайшоў канцэрт-прэзентацыя музычнага праекту “Re:Песняры”, прысвечанага 45-годдзю ансамбля “Песняры”. Мэтай праекту было адлюстраваць наколькі музыка “Песняроў” паўплывала на новае пакаленне беларускіх музыкантаў. Праект з’яўляўся прыватнай ініцыятывай шэрагу асобаў, зацікаўленых ва ўзняцці прэстыжу беларускай мовы і культуры, найперш сярод моладзі. Таму да ўдзелу ў ім былі запрошаныя найперш музыканты, якія пачалі сваю творчую дзейнасць у новым стагоддзі, і карыстаюцца пэўным аўтарытэтам у публікі ва ўзросце 16-30 год. Я ажыццяўляў функцыі каардынатара праекту.

Канцэрт і ўвесь праект у цэлым не меў камэрцыйнага характару. Ад пачатку прадугледжваўся запіс твораў з рэпертуару “Песняроў” новымі музыкамі ў студыі. Новыя версіі песень меркавалася выкласці ў сетку Інтэрнэт для бясплатнай загрузкі, а CD-дыск разаслаць на радыёстанцыі, у культурныя ўстановы ў Беларусі ды за яе межы, разыграць на далейшых канцэртах беларускіх выканаўцаў сярод гледачоў і г.д. У шырокі продаж дыск аддаваць не планавалася. У час працы над праектам дыск вырашана было не выдаваць. На канцэртную прэзентацыю праекту прадаваліся квіткі з мэтай пакрыць некаторыя арганізацыйныя выдаткі (найперш арэнда пляцоўкі і апаратуры, прамоцыя канцэрту, яго рэклама ў інтэрнэце, друк і размяшчэнне афішаў). Астатнія выдаткі на праект, у тым ліку запіс новых версій кампазіцый, пакрываліся за ўласны кошт арганізатара і партнёраў праекту.

У якасці каардынатара праекту “Re:Песняры” я звярнуўся ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (далей па тэксце – НЦІУ) з просьбай дазволіць выкарыстанне дадзеных песень у межах праекту. З НЦІУ, як арганізацыяй па кіраванню калектыўнымі правамі і прадстаўніком інтарэсаў аўтараў песень, якія меркавалася ўключыць у праект, мною была заключаная дамова № 3059 ад 01.08.2014, згодна з якой было атрыманае права на выкарыстанне твораў, якія знаходзяцца ў каталогу НЦІУ, у тым ліку і песні “Малітва” на Вашу музыку. Разумеючы, што ў дадзеным выпадку размова можа весціся не толькі пра публічнае выкананне твору, але і пра магчымае яго пераасэнсаванне (перапрацоўку арыгіналу альбо наогул пра стварэнне новага твору) удзельнікамі праекту я звярнуўся дадаткова да аўтараў (спадкаемцаў) з просьбай дазволіць уключыць названыя песні ў праект. У выпадку з “Малітвай” я атрымаў адмову ад Вас, Алег Уладзіміравіч. У гэтай сувязі, песню, ужо запісаную для праекту гуртом Naka вырашана было не выкладаць у вольны доступ у сетку інтэрнэт і не ўключаць у фінальную версію праекту. У сувязі з гэтым было вырашана не выдаваць CD-версію праекту, бо праект уяўляўся няпоўным.

Верш аўтарства Янкі Купалы “Малітва”, пакладзены на музыку, прагучаў на канцэрце-презентацыі праекту ў выкананні гурта Naka з асабістай ініцыятывы музыкантаў. Вакалістка гурта Наста Шпакоўская патлумачыла публічна, што гэтая песня выконваецца дзеля павагі да творчасці “Песняроў” і будзе выканана ў першы і апошні раз. Разумеючы, што я нясу персанальную адказнасць як арганізатар праекту і канцэрту за ўсё, што адбываецца ў яго межах, я адлюстраваў факт выканання песні ў праграме-рапартычцы НЦІУ, не ставячы пры гэтым пад сумнеў прыналежнасць выкананай гуртом Naka у межах канцэрту песні “Малітва” Вашаму аўтарству. Заўважу пры гэтым, што відэазапіс выступу быў зняты і выкладзены ў Інтэрнэт іншымі асобамі, за дзеянне якіх я не нясу адказнасці.

Мною было сплочана аўтарскае ўзнагароджанне за выкарыстанне твору шляхам яго канцэртнага выканання ў памеры 5% ад сумы валавага збору ад продажу квіткоў адпаведна разліковага ліста па дамове № 3059 ад 01.08.2014. Усведамляючы тое, што нават факт выканання дадзенай кампазіцыі мог Вас абурыць, я патэлефанаваў Вам з мэтай залагодзіць магчымы канфлікт і прапанаваў дадаткова сплаціць грошы асабіста за разавае выкананне песні (нягледзячы на падпісаную дамову з НЦІУ). Яна значна перавышае мінімальную стаўку, устаноўленую Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусі №1610 ад 29 лістапада 2011. Адпаведна гэтаму дакументу за выкарыстанне “твора для вакальнага камернага ансамбля з суправаджэннем і без яго, цыклічныя вакальныя творы для голасу з інструментальным суправаджэннем” выплочваецца 1,5 базавых вялічыняў. Паколькі ў нашай сітуацыі было відавочнае непаразуменне, я знайшоў мэтазгодным прапанаваць суму, якая больш чым у 10 разоў перавышае дадзеную стаўку, а менавіта 2 500 000 рублёў. Менавіта гэтая сума склала чысты прыбытак з канцэрту. Тым самым я імкнуўся таксама падкрэсліць адсутнасць камерцыйнага разліку ў нашым праекце.

У дасланай на маё імя “Прапанове аб добраахвотным урэгуляванні спрэчкі” Вы лічаце абгрунтаваным прад’явіць патрабаванне аб выплаце кампенсацыі ў памеры 250 б.в., што складае 37 500 000 рублёў па факце парушэння выключнага права на аб’ект аўтарскага права, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 20 000 000 рублёў.

У сувязі з вышэйапісаным я не магу пагадзіцца з абгрунтаванасцю спагнання сумы ў памеры 37 500 000 (трыццаць сем мільёнаў пяцьсот тысячаў) рублёў з улікам вышэйапісанага. Таксама лічу неабгрунтаваным спагнанне з мяне 20 000 000 (дваццаці мільёнаў) рублёў за маральную шкоду.



Таму па-ранейшаму дэкларую сваю гатоўнасць сплаціць Вам суму 2 500 000 (два мільёна пяцьсот тысячаў) беларускіх рублёў за разавае выкананне песні на канцэрце “Re:Песняры”.

9 кастрычніка 2014 года Будкін С.А


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка