“Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”




старонка5/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.59 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

3 ГАННА АХМАТАВА І РАІСА БАРАВІКОВА: ПЕРАЕМНАСЦЬ ТРАДЫЦЫЙ
Літаратурная генеалогія Раісы Баравіковай, у чым неаднаразова прызнаецца і са­ма аўтарка (“ЛіМ”. 27.01.1995, “Крыніца”. №5-6. 1996), узыходзіць да рускай паэзіі “срэб­нага веку”, і ў першую чаргу да творчасці Ганны Ахматавай. Уздзеянне лірыкі Г.Ахматавай на паэзію Р.Баравіковай грунтуецца не так на ўнутранай блізкасці, тоесна­сці светаўспрымання, як на іншадумстве, непадобнасці псіхатыпу. Жыццёвая па­зі­цыя лірычнай гераіні рускай паэткі, дзе апорнымі пунктамі з’яўляюцца моц, воля, ве­ліч­насць і гордасць, прыцягвае, вабіць сучасную аўтарку і нараджае імкненне пера­адо­лець зададзеную полам слабасць і дасягнуць ідэалу дасканаласці, што, паводле яе мер­каванняў, увасабляе сабой жанчына Г.Ахматавай.

Калі гаварыць дакладна, то лірычнае “я” як рускай, так і беларускай пісьменніц прад­стаўлена ў вялікай колькасці жаночых іпастасей, у тым ліку алегарычных во­б­ра­заў, а арыенцірам для тыпалогіі можа выступаць вектар любоўных адносін. Так, у ад­ных выпадках ён накіраваны на лірычную гераіню, а ў другіх – зыходзіць ад яе. Часам гэ­тыя пачуцці сустракаюцца ў межах аднаго верша, што надае класічнаму любоўнаму трох­кутніку незвычайны разамкнёны выгляд, форму своеасаблівай ламанай лініі: ён ка­хае яе, яна – іншага, які застаецца безуважным да яе пачуцця. Варыянт узаемнага ка­хання, калі “крепко спаяна // на двоих одна душа” [59, с. 148], амаль выпадае з аса­цы­я­тыў­нага поля абедзвюх аўтарак. Рэдкія вершы бясхмарнага з’яднання двух сэрцаў ма­юць адценне няпэўнасці, нетрываласці, эфемернасці, выклікаюць адчуванне недаў­га­веч­насці, часовасці пачуцця, “любви воздушной и минутной” [59, с. 29].

Заўсёдны спадарожнік нераздзеленага кахання – душэўны стан адзіноты. Пера­жы­ванне яе як непазбежнага выніку любоўнага рамана ўласціва абедзвюм паэткам. Ад­нак гераіня Г.Ахматавай не засяроджваецца на сваёй пакінутасці, адзінота для яе – штур­шок, стымул да актыўнага ўнутранага дзеяння, падключэнне і абвастрэнне ін­шых якасцей. Перадусім – гонару і пачуцця ўласнай годнасці: “Меня покинул в ново­лунье // Мой друг любимый. Ну так что ж!” [59, с. 42]. Як бачым, душэўны стан адзіноты ў чыстым выглядзе, без дамешкаў, рускай паэткай не аналізуецца. Яна нібы наўмысна ўні­кае слова “одиночество” ў сваіх вершах.

Паэзія ж Р.Баравіковай – шэраг бясконцых рэфлексій на тэму любоўнага ваку­у­му. Ад зборніка да зборніка аўтарка паглыбляецца не толькі ў сутнасць з’явы, але і раз­глядае яе працэсуальна, вылучаючы структурныя часткі. Так, першай прыступкай да адзіноты паэтка называе “знявер”, які можа прывесці да адчужанасці, а тая, у сваю чар­гу, – да адзіноты. Часам матыў набліжаецца да вобраза, адцягненае – да ма­тэ­ры­яль­нага, і адзінота пачынае ўспрымацца адухоўленай, антрапамарфічнай істотай і нават надзяляецца адпаведнымі норавам і звычкамі.

Акрамя адсутнасці фізічнай (расстання) і духоўнай (непаразумення), Р.Ба­ра­ві­ко­ва разглядае аднолькава ўласцівую і лірычнай гераіні Г.Ахматавай унутраную, лёсам аль­бо генетычна зададзеную, адзіноту душы, калі чалавек чужы самому сабе, і выратаваць ад якой не пад сілу нават каханню:
Для адзінокіх душ няма жытла,

любоў для іх – дадатак адзіноты,

як шчыра прагнуць ласкі і цяпла

і як сумуюць пры цяпле тым потым [60, с. 89].


У ранніх зборніках сучаснай аўтаркі пошукі лекаў ад душэўнай пустаты ставяць ге­раіню ў тупік, прыводзяць да роспачы. Яна ўсяляк спрабуе, намагаецца знайсці су­ця­шэнне ў рабоце, бясконцых хатніх справах, шчырым клопаце пра блізкіх ёй людзей, але такія правізарныя меры ніколькі не прытупляюць душэўнага разладу. Толькі змя­ніў­­шы ракурс пошукаў выратавання са знешніх паводзін на ўнутраныя зрухі, жан­чы­на Р.Баравіковай знаходзіць гармонію праз адкрыццё сваёй далучанасці да ўсяго жы­во­га:
...сябе я б адчувала адзінокай,

каб не было ні дрэў, ні аблачын... [61, с. 21]


Яшчэ адна выява адзіноты ў лірыцы абедзвюх паэтак, якая аказвае ці не най­боль­шае эмацыянальнае ўздзеянне на чытача, – гэта адзінота ўдваіх, холад і ад­да­ле­насць душ пры знешнім захаванні ладу і згоды, часцей між мужам і жонкай. Скла­да­ныя жыццёвыя перыпетыі лірычных гераінь пераконваюць іх, што шлюб ужо сам па са­бе праграмуе такое становішча. Аўтарытарнае разуменне сям’і мужчынам сустракае па­зіцыю супраціўлення з боку жанчыны, якая часцей за ўсё праяўляецца не ў ад­кры­тай непакорнасці, а ў паступовым згасанні любоўнага агеньчыка і далейшым працягу шлюб­ных адносін па інерцыі. У гэтым выпадку замужжа здаецца турмой, няволяй, муж – катам, а сама лірычная гераіня ўяўляе сябе вязніцай, паланянкай, якая марыць аб волі. Такія стасункі, безумоўна, доўга захоўвацца не могуць і часта прыводзяць да ўзнік­нення іншага, пазашлюбнага кахання. Пры гэтым адзюльтэр не бачыцца парушэннем устаноўленых грамадствам рэгулятываў, што тлумачыцца амаль па-фі­ла­соф­ску, у духу рускіх мысляроў пачатку ХХ ст.: “Працяг шлюбу, калі кахання няма, ама­раль­ны, толькі каханне ўсё апраўдвае” [62, с. 269]. Менавіта па гэтай прычыне ў ін­тым­най лірыцы Г.Ахматавай гучыць думка аб няспраўджаным шлюбе як найлепшым вы­йсці для закаханых. Цікава, што да высновы аб несумяшчальнасці шлюбу і кахання пры­ходзіць і герой-мужчына ахматаўскай лірыкі:
Если б ты была моей женой,

Сразу б я тебя возненавидел,

Проклял трижды и навек забыл –

И безмерно счастлив был с другою [63, с. 69].


Шматлікія ўзоры ролевай лірыкі, дзе пачуцці і ўражанні выказваюцца ад імя муж­чыны (“Я видел поле после града...”, “Если бы ты музыкой была...”, “На столике чай, печения сдобные...” і інш.), выдаюць імкненне прадстаўніцы рускай літаратуры глы­бей пранікнуць у склад мужчынскай псіхалогіі, убачыць крызіс любоўных адносін Яго вачыма. Аднак прынцыповай розніцы паміж светаадчуваннем героя-суб’екта і ге­роя-аб’екта ў паэзіі Г.Ахматавай не назіраецца. Так, мужчына з вершаў пра “ашуканае шча­сце” і ў беларускай, і ў рускай паэтак, паводле трапнага выказвання Л.Рублеўскай, – “антыгерой” [64, с. 245]. Ён нахабна-рызыкоўны, фанабэрыста-абыякавы і сама­ўпэў­не­на-спакойны. Ён хлусіць, абражае, насміхаецца. Ён здраднік, сладастраснік і эгаіст. Ён прагматык у каханні і баязлівец пры развітанні. Гэта мужчына-госць, які не­на­доў­га завітаў у жыццё; прахожы, які толькі на імгненне судакранаецца з Яе лёсам. І дзіў­на, што менавіта такі мужчына магнетычна прыцягвае, бясконца вабіць лірычных гераінь:
Несносен ты и своенравен,

Но почему-то всех милей [63, с. 23].


Аднак гэта “нездаровае” каханне – хутчэй за ўсё разнавіднасць эрасу – пакідае “впе­чатление борьбы”, змагання, дзе мужчына ўяўляецца ворагам, а страсці да­ся­га­юць такога напалу, што для дваіх “эта земля мала” [59, с. 114]. Падобная думка выказваецца і Р.Баравіковай, але не з такой вулканічнай энергіяй і цвёрдасцю волі, як у яе твор­чай настаўніцы. Уласцівая айчыннай аўтарцы амбівалентнасць пачуццяў зблі­жа­ец­ца з народнай афарыстычнай формулай “і з табой гора, і без цябе бяда”: “...і ў вышы­ні той, знаеш, – пуста, // і мала ўжо адной зямлі” [60, с. 87].

Побач з антыгероем на старонках кніг Г.Ахматавай і Р.Баравіковай выступае і муж­чына-ідэал. Для рускай паэткі гэта можа быць і рэальны чалавек, “сильный и сво­бод­ный” [59, с. 151], веліч якога ўвасабляецца ў вобразах князя, караля, царэвіча. Галоўнае для “рускай Сапфо” – парытэтныя адносіны, яго вартасць і роўнасць ёй – гордай “цар­ственнай” асобе. Мастацкае ўяўленне Р.Баравіковай малюе сапраўднага мужчыну як мужнага, справядлівага і мудрага, здольнага вырашаць і абараняць. Гэта можа быць паляўнічы ці “іншапланетны” прынц, але заўсёды – асоба віртуальная, вы­ду­ма­ная, прымроеная. Неабходна заўважыць, што ў абедзвюх паэтак такі аб’ект за­хап­лен­ня прадстаўляе, паводле мадыфікаванай М.Бярдзяевым думкі У.Салаўёва, вобраз Веч­най Мужнасці, эратычнае боства, ідэальны пачатак. Якраз на каханне-культ, каханне-самаахвярнасць здольныя лірычныя гераіні пісьменніц.

Канцэпцыя кахання беларускай аўтаркі ў такіх гранічна шчырых вершах грун­ту­ецца на прынцыпах, блізкіх філасофіі У.Салаўёва. Яно найперш разумеецца як пе­ра­­адоль­ванне эгаізму. Самадданасць і самаахвярнасць жанчыны Р.Баравіковай да­ся­гае вяр­шыні чалавечых магчымасцей. Для яе закон кахання – аддаць усю душу. За лю­бага яна згодна цярпець пакуты і нястачу, перажываць прыніжэнне, з “сабачай вер­на­сцю” ча­каць яго вяртання і нават прыняць смерць. Яна здольная на самаад­маў­лен­не, добраахвотнае падпарадкаванне, так бы мовіць, вытанчанае рабства. Адначасова аб­­са­­лю­ты­зу­ючы прадмет свайго пакланення, ставячы яго ў цэнтр сусвету, на месца (а то і вы­шэй) Бога, лірычная гераіня сучаснай паэткі надае свайму каханню канфесій­нае значэнне, спасцігаючы яго сэнс як еўхарыстыю.

Гераіні Г.Ахматавай таксама дадзена перажыць высокія пачуцці, аднак сама­ах­вяр­насць яе іншага парадку. У яе гімнах Афрадзіце чуецца водгалас карытатыўнага ка­хання, хрысціянскага разумення любові як caritas, што ставілася ў аснову асноў усёй філасофскай сістэмы артадаксальна-багаслоўскага напрамку рускай класічнай думкі (П.Фларэнскі, С.Булгакаў, М.Лоскі і інш.). Міласэрнасць, спагада, жаль, як ас­ноў­ныя праяўленні такога тыпу кахання, не суадносяцца з кіпеннем страсцей і не­прад­казальнасцю ўчынкаў. У адрозненне ад кахання-эрасу, caritas не патрабуе ўзаемна­сці. Яно ў пэўным сэнсе атаясамліваецца з любоўю да Радзімы, аб чым сведчыць і пры­знанне з вуснаў лірычнай гераіні: “...твое умудренное // Сердце – солнце отчизны мо­ей!” [59, с. 169].

Творы-апалогіі мужчыну, што апяваюць каханне, якое прадугледжвае ад­маў­лен­не свайго “я”, прызнанне вяршэнства мужчыны і васальнай залежнасці жанчыны, адзін­кавыя ў лірыцы рускай аўтаркі. Гэта можна патлумачыць яе ўнутраным складам, дзе прыроджанае харызматычнае лідэрства не дазваляе пераступіць мяжу прыні­жэн­ня, пераадолець псіхалагічны комплекс, назва якому – жаночая гордасць. Пра гэта га­во­рыць і лаканізм, кампактнасць думкі ў такіх вершах, дзе ўсялякія падрабязнасці ўспры­маюцца ёй як лішнія. Прыкладам можа служыць наступная лірычная мініяцюра, што складаецца ўсяго з двух радкоў:
От других мне хвала – что зола,

От тебя и хула – похвала [59, с. 192].


Будучы шчырымі і натуральнымі, вершы Г.Ахматавай такога кшталту пакідаюць дзіў­нае ўражанне: нават калі Яна адчувае сябе рабыняй – між радкоў бачыцца царыца.

Лірычная гераіня Р.Баравіковай з яе сакральнай любоўю, у адрозненне ад сла­ву­тай папярэдніцы, усё ж прагне ўзаемнасці, хаця б і характэрнага для ўсход­не­сла­вян­ска­га менталітэту “патрыятычнага” пачуцця да жанчыны. “Не стала я тваёй зямлёй” [60, с. 57], – у час расстання прамаўляе яна. Гэта ідэнтыфікацыя жанчыны з маці-зямлёй спа­раджае яе імкненне апекаваць слабога і бездапаможнага, як дзіця, любага, аба­ра­няць каханне ад чужога вока і такім чынам ускладаць на сябе пэўныя спрадвечна мужчынскія функцыі.

Згаданая вышэй адданасць і самаадрачэнне можа несці і разбуральны пачатак: вы­­чарпаць, дарэшты спустошыць душу (верш “Перажыла адліжны тыдзень...” са збор­ніка “Каханне” Р.Баравіковай) і знявечыць цела (“От любви твоей загадочной…” Г.Ах­матавай). Да таго ж відавочнае несупадзенне мары і явы, разыходжанне паміж уяўленнем і жыццём прыводзіць паэтак да высновы, што вобраз каханага – прыгожы пад­ман, дзе рэальнае выдаецца за жаданае; казачны міф, які кожны чалавек стварае на свой густ. Таму выглядае лагічным, што раней (у Г.Ахматавай) ці пазней (у Р.Ба­ра­ві­ко­вай), але няўхільна для лірычных гераінь надыходзіць абуджэнне, прасвятленне, звяр­жэнне ідалаў і расчараванне ў кумірах. Паветраныя замкі руйнуюцца, жыццё скідае маскі, былы каханы агаляе сваю сапраўдную сутнасць (“Вы, мілы, далёка не бог!” [61, с. 36]) – і ўрэшце адносіны перарываюцца.

Канчатковая стадыя дэструкцыі кахання – расставанне, разлука – магістральная тэ­ма інтымнай лірыкі абедзвюх паэтак. М.Скатаў, аналізуючы вершатворчасць Г.Ах­ма­тавай, слушна адзначае, што яе лірычныя вопыты “ўяўляюць сабой звод пятых ак­таў трагедый” [65, с. 11]. Відавочна, што ў любоўнай паэзіі рускай аўтаркі, як і ў яе таленавітай паслядоўніцы, разрыў паміж каханымі даследуецца дасканала, з уласцівым абе­дзвюм паэткам памкненнем да яснасці, геаметрычна дакладнага стылю ў вы­яў­лен­ні сваіх думак.

Роскід пачуццяў у інтымнай лірыцы Г.Ахматавай і Р.Баравіковай – ад аба­гаў­лен­ня да агіды – не зводзіцца толькі да славутага жаночага непастаянства. Псіхолагамі даў­но вызначана, што ў працэсе расставання індывід унутрана перажывае некалькі эта­паў, якім адпавядаюць пэўныя душэўныя станы: гнеў, адмаўленне, кампраміс, дэ­прэ­сія, пакора. І Г.Ахматава, і Р.Баравікова, тонкай жаночай інтуіцыяй і чуйнасцю вы­яўляючы самыя дробныя нюансы ўнутраных зрухаў, праходзяць у шматлікіх гі­сто­ры­ях кахання ўсе пяць узроўняў. Пры гэтым айчыннай паэткай падкрэсліваецца і мо­мант напярэдадні расстання, своеасаблівая уверцюра да разлукі.

Першасная, непасрэдная рэакцыя на пакінутасць, як ужо адзначалася вышэй, – гнеў, імпульсіўны парыў. У вершах гэтай падгрупы найбольш адчувальнае рэха гі­сто­рый усіх забытых і расчараваных жанчын – так званая поліфанія, якая ўзмацняе аб’ектыў­нае гучанне і эмацыянальную пранікнёнасць такіх твораў. Акрамя жорсткіх слоў і на­ват праклёнаў у адрас былога каханага, абедзвюх лірычных гераінь яднае мужнасць і стойкасць у перажыванні нягод, што прымушае вочы быць сухімі, а галаву трымаць пад­нятай высока:


Так беспомощно грудь холодела,

Но шаги мои были легки.

Я на правую руку надела

Перчатку с левой руки [59, с. 30].


Падобнае ўздзеянне сінтэзу напружанасці пачуцця з валявой стрыманасцю ў Г.Ах­матавай часта ўзмацняецца заўважаным І.Бродскім “эфектам перахопленага гор­ла”, калі паэтка знарок скарачае апошні радок катрэна на адзін альбо некалькі скла­доў. Трэба заўважыць, што тонкае выкарыстанне ахматаўскага прыёму ўражвае чы­та­ча і ў вершах беларускай аўтаркі:
Голас мой, не дрыжы.

Вочы... а вы – глядзіце:

Парасткі першай ілжы –

Бомба ў зеніце! [61, с. 39]


Другі крок расставання – душэўны стан адмаўлення – перадаецца пісьменніцамі з дапамогай не менш эмфатычных радкоў. Але па прычыне няўлоўнага пераходу абу­рэн­ня ў непрыманне і адрачэнне апісанні такога пачуцця сустракаюцца пераважна ў вер­шах-кантамінацыях, дзе лаканічна падаецца панарама дыялектыкі душы лірычнай ге­раіні ў працэсе разрыву любоўных адносін (“А ты думал – я тоже такая...” Г.Ах­ма­та­вай, “У лёгкіх рухах чуе здраду...” Р.Баравіковай і інш.).

У адрозненне ад папярэдніх тыпаў твораў, даволі роўнымі па танальнасці вы­гля­даюць вершы, дзе дамінуючым псіхалагічным станам з’яўляюцца пошукі кам­пра­мі­су. Такія творы дэманструюць прынцыповую, сутнасную непадобнасць аўтарскіх па­зі­цый. Калі прыцягальная сваёй жаноцкасцю гераіня Р.Баравіковай шукае кампраміс з былым прадметам захаплення, імкнецца вярнуць незваротнае, свядома прыма­ю­чы падман за каханне, то моцная асоба-індывідуаліст – жанчына Г.Ахматавай – праг­не ладу са сваім alter ego. Адсутнасць ваганняў, цвёрдая ўпэўненасць спрыяюць узнаў­ленню згоды з самой сабой ахматаўскай гераіні. Сумненне ў сваёй праваце і пе­ра­кананасць у нявартасці выяўлення межаў віны кожнага з партнёраў падкрэсліваюць вы­сакароднасць і ўсёдаравальнасць лірычнай гераіні сучаснай паэткі. Аднак такая “сла­басць” каштуе шмат, патрабуе вялікай унутранай моцы, бо “быць слабою цяжэй, чым жывучай” [60, с. 92].



Дэпрэсія, як і страта цікавасці да асалоды жыцця – агеданія, у межах света­ад­чу­ван­ня Г.Ахматавай адносяцца да рэлятыўных катэгорый. Парадаксальна, але сум, рос­пач, боль – натуральны стан і крыніца сілы славутай рускай паэткі. Яна ўслаўляе бяду і, здаецца, атрымлівае ад гэтага непараўнальнае задавальненне, “упіваецца” сваімі па­ку­тамі. Тут цікава адзначыць поўнае супадзенне псіхалогіі створанага ў паэзіі “я” і ўлас­нага духоўнага вопыту, біяграфічных рэалій самой аўтаркі. Так, муж Г.Ахматавай М.Гу­мілёў успамінае: “А казалось, кому как не ей быть счастливой? У нее было все, о чем другие только мечтают. Но она проводила целые дни, лежа на диване, томясь и взды­хая. Она всегда умудрялась тосковать и горевать и чувствовать себя несчастной. Я шутя советовал ей подписываться не Ахматовой, а Анна Горенко. Горе – лучше не при­думать” [66, с. 340].

Такі ж заўсёдны голас “салодкай тугі” і ў Р.Баравіковай, але, у параўнанні з яе твор­чай настаўніцай, ён значна слабейшы. Думаецца, гэта можна патлумачыць тым, што ўспрыманне быцця ў яго катастрафічнасці, уласцівае “памежнаму” чалавеку, у рус­кай аўтаркі – прыроджаная якасць, сутнасць яе натуры, а ў беларускай – прыдбаная, набытая пры “дапамозе” горкага жыццёвага вопыту. Дакладней будзе сказаць, яна “прывыкла да нягод” [60, с. 63].

У сувязі з гэтым узнікае пытанне аб разуменні шчасця ў сістэме маральна-ду­хоў­ных каштоўнасцей паэтак. Шчасце і такі яго інварыянт, як шчаслівае каханне, у абе­дзвюх аўтарак вызначаецца негатыўна. Гэта небяспечны груз, цяжар для душы. І калі Р.Баравікова асцерагаецца, баіцца гэтага амаль нязведанага стану, то ахматаўская ге­ра­іня ўпэўнена, што ўтульнасць спакойнага кахання і будзённае шчасце – нясцерпная ну­дота, катаванне і нават прадвесце старасці: “...от счастья и славы // Безнадежно дрях­леют сердца” [59, с. 61]. Сучасная аўтарка падае і іншую трактоўку шчасця, звя­за­ную з надзеяй, прадчуваннем узнікнення новага ці адраджэння былога кахання. Мена­ві­та стан чакання ў інтымнай лірыцы Р.Баравіковай набліжаецца і прыпадабняецца да шча­сця. Дарэчы, гэта і ўлюбёная яе рыфма да слова “каханне”, у адрозненне ад класіч­нага семантычнага супрацьстаяння “кровь – любовь”, што з’яўляецца канстантным сугуччам у ахматаўскай сістэме версіфікацыі.

Як бачым, Эрата Г.Ахматавай жывіцца болем і пакутамі. “Моею Музой ока­за­лась мука” [63, с. 83], – заяўляе паэтка. Падобнае, хаця і апасродкаванае, прызнанне ёсць і ў яе паслядоўніцы: “Мне не шкода душы, // хто не плача – хіба запяе?” [60, с. 21]. Ня­гле­дзячы на гэта, сказанае вышэй дазваляе зрабіць выснову: вершы Р.Баравіковай нясуць жыццесцвярджальны пачатак у параўнанні са знешне халоднай і анемічнай сты­хі­яй лірыкі Г.Ахматавай. Іншымі словамі, калі ў рускай аўтаркі назіраецца драма­тыч­ная дысгармонія крэатыўнага пачатку яе паэзіі, то ў сучаснай пісьменніцы творчай дамі­нан­тай з’яўляецца пераважна элегічны модус мастацкасці.

На апошнім этапе расставання стомленасць любоўнымі калізіямі спрыяе ўзнік­нен­ню пакоры, якая ў абедзвюх паэтак звязваецца з палёгкай, вызваленнем сэрца ад лан­цугоў “хворага” кахання. Усталяванне спакою ў душы звязана ў лірычных гераінь най­перш з падключэннем да пачуццёвай сферы рацыянальнага элементу, што вядзе да спас­ціжэння імі звышзададзенасці падзей і асэнсавання абсалютнай ролі лёсу ў іс­на­ван­ні чалавечай асобы. Лёс, Сусветная Воля, якая часта атаясамліваецца з вобразам Бо­жым, выступае рэжысёрам чалавечага жыцця, а людзі – марыянеткамі, што толькі ў вы­ключных выпадках могуць зрабіць нечаканы ход. Скажам, як у Р.Баравіковай:
...дзе лёс вучыў пакутаваць і плакаць,

смяяцца навучылася душа [61, с. 73].


Ахматаўская гераіня ў сваіх лірычных маналогах рашаецца яшчэ на большае. З улас­цівай ёй дзёрзкасцю і нават выклікам яна ставіць пад сумненне кананічную ісціну “Бог ёсць Любоў”, мяркуючы, што Гасподзь можа гаіць нанесеныя каханнем раны праз вызваленне душы ад любові і запаўнення яе халоднай пустатой:

Мир родной, понятный и телесный

Для меня, незрячей, оживи.

Исцелил мне душу Царь Небесный

Ледяным покоем нелюбви [59, с. 105].
Гэта тыповы для светапогляднай пазіцыі Г.Ахматавай узор разважання. Несум­нен­на, мае рацыю сучасны рускі псіхолаг А.Афанасьеў, калі сцвярджае, што “скепсіс кла­дзецца ў аснову асноў «ахматаўскай» філасофскай сістэмы” [66, с. 346]. Пацверджаннем гэтай думкі можа служыць той факт, што без асаблівай павагі ставіцца паэтка і да ін­шых аксіём, у прыватнасці, да Вечнасці (“Без особенных примет дыра, // С не­при­гляд­ной кличкой – бесконечность” [63, с. 79]) і нават да смерці, адмаўляючы ёй у існа­ван­ні ў звыклым сэнсе. Імкнучыся даць дакладнае азначэнне феномену смерці, руская аўтарка, як і пры вытлумачэнні іншых абстракцый, сутыкаецца з сітуацыяй, калі яе ло­гіка саступае імпрэсіі:
Я была на краю чего-то,

Чему верного нет названья…

Зазывающая дремота,

От себя самой ускользанье… [59, с. 219]


Пры гэтым семантыка смерці ў лірыцы Г.Ахматавай характарызуецца дуалізмам аў­тарскага пункта погляду. Паэтка вылучае смерць фізічную – разбурэнне ма­тэ­ры­яль­най абалонкі, цела чалавека – і смерць духоўную, пад чым перш за ўсё разумеецца знікненне гераіні з памяці любімай істоты ў выніку памірання кахання і канчатковага раз­рыву адносін.

Смерць фізічная – даволі частая госця на старонках ахматаўскіх кніг і нават скраз­ны матыў некаторых цыклаў вершаў. Яна ніколькі не пужае лірычную гераіню, бо ўспрымаецца ўсяго толькі часовым расстаннем з блізкімі людзьмі. Трыумфальнае шэсце смерці падкрэсліваецца тым, што нярэдка гераіня рускай паэткі знаходзіцца на па­розе свету цемры ці ўвогуле прадстае ў вобразе нябожчыцы, а героі-каханкі яе сю­жэт­ных вершаў у большасці выпадкаў паміраюць. Хваравітая цяга да смерці адпаведна адбіваецца і на паэтыцы вершаў. Да прыкладу, краявіды ва ўспрыманні Г.Ах­ма­та­вай, у прыватнасці, у позняй лірыцы і ліра-эпіцы, змрочныя, цёмныя, так бы мовіць, “магільныя”. “Небо синее в крови”, “белый траур черемух”, “снежный прах” – ты­по­выя атрыбуты ахматаўскага пейзажу. Як ні дзіўна, падобныя карціны прыроды ва­ло­да­юць парадаксальнай прыцягальнасцю, нязвыклай чароўнасцю – усім тым, што пры­ня­та называць “адмоўнай абаяльнасцю”.

Трэба адзначыць, што матыў смерці ў паэзіі Р.Баравіковай носіць факуль­та­тыў­ны характар. Аднак, як і ў Г.Ахматавай, смерць выступае ў дзвюх іпастасях: матэ­ры­яль­най і ідэальнай. Смерць фізічную айчынная аўтарка трактуе адпаведна фаль­клор­ным традыцыям як вечны вырай, смерць духу мысліцца як расстанне: “адлегласць без сустрэч – яна што смерць” [61, с. 22]. У адрозненне ад славутай папярэдніцы, жыц­ця­люб­ства, характэрнае светаадчуванню Р.Баравіковай, нараджае аптымістычныя і поў­ныя хараства краявіды. Свет прыроды ў беларускай паэткі выступае аналогіяй свету ча­лавека і існуе па законах кахання. Прадметы жывой і нежывой прыроды пера­жы­ва­юць сустрэчы і расставанні, маўклівую адчужанасць і шал пачуцця:
Хвалю ўстрывожыў ветраны ранак,

а размыты і згорблены бераг ракі,

як ужо некаханы каханак,

што пра гэта не знаючы, просіць рукі... [60, с. 12]


Да таго ж сучасная аўтарка падае прыклады насычаных палкай пачуццёвасцю і тон­кай эротыкай апавядальных вершаў-алегорый, у якіх галоўнымі дзеючымі асобамі з’яў­ляюцца служкі Флоры (верш “Калінавік” са зборніка “Слухаю сэрца”). Ноткі раз­ла­ду ў гэты добразычлівы свет уносіць толькі восеньскі пейзаж. У эмацыянальным на­паў­ненні вобраза восені паэткі адзінадушныя: гэта няўцешная ў сваім горы жан­чы­на, якая плача наўзрыд з прычыны таго, што смерць адабрала яе каханага. І калі Г.Ах­ма­тава мае на ўвазе смерць фізічную, то пакінутая мужчынам восень Р.Баравіковай пакутуе ад смерці душы.

Агульнавядома, што жаночая душа хавае безліч загадак і таямніц. Адна з іх – пе­ра­тварэнне мілай, пяшчотнай, самадданай жанчыны ў абыякавую, ганарлівую, на­ра­віс­тую істоту, калі толькі вектар кахання накіроўваецца ў яе бок. Такія метамарфозы лірычных гераінь, што ўяўляюць каханне як гульню, забаву, жарт, з’яўляюцца тэ­ма­тыч­най дамінантай другой групы інтымных вершаў. Пры гэтым вылучаецца некалькі ва­рыянтаў адносін: у адных любоўных гісторыях пачуццё жанчыны ўжо прайшло, рассеялася, у другіх – яна не здольна на яго адказаць, каб і хацела. Каханне ўвогуле мо­жа быць патэнцыйным, але нерэалізаваным з абодвух бакоў, калі “душа душы не за­кранула, // да сэрца сэрца не лягло” [60, с. 60]. Аднак у любым выпадку мужчына ўспры­маецца як надакучлівы авадзень і выступае цацкай у гульнях жанчын. Абедзве ге­раіні ў падобных вершах свабодалюбівыя і саманадзейныя, любяць выхваляцца сва­і­мі любоўнымі перамогамі. Аднак і ў гэтай сітуацыі паміж іх характарамі, што рэ­гу­лю­юць паводзіны, існуе прынцыповая розніца: жанчына Р.Баравіковай нават у такім спа­жывецкім каханні, дакладней, у яго адсутнасці, выглядае больш мяккай і да­лі­кат­най у параўнанні з “жалезнай” гераіняй Г.Ахматавай.

Лірычнае “я” рускай паэткі – заваёўніца-амазонка, раўнадушная і бязлітасная, ха­лодная і ганарлівая. Яе забаўляе ўлада над пяшчотным, рахманым мужчынам, яго ўсё­даравальнасць, рабская скоранасць і моц пачуцця. Яе каханне – флірт, гульня, што ста­іць у адным шэрагу з шахматамі і тэнісам, і разам з тым вампірычнае пачуццё. Пра­ві­лы гульні аўтарка часткова захоўвае і ў жыцці. Сведчанне таму – шматлікія пе­ра­­ад­расоўкі, перапрысвячэнні яе любоўных вершаў. Для тых, хто трапіў у сіло ах­ма­таў­­скай гераіні, выйсце адно – шаленства ці смерць. Вытокі такога самавызначэння рус­­кай паэткі ляжаць у яе ранняй лірыцы. Будучы маладой дзяўчынай, у 21 год яна пі­са­­ла:
Я смертельна для тех, кто нежен и юн.

Я птица печали. Я – Гамаюн [63, с. 13].


Вобраз птушкі Гамаюн (дарэчы, выкарыстаны ўслед за сваёй творчай на­стаў­­ні­цай і сучаснай паэткай у паэме “Двое на зямлі”) ускосна прысутнічае і ў іншых тво­рах Г.Ах­матавай. Сярод іх найбольш кранальны верш, заснаваны на рэальных па­дзе­­ях – самагубстве з-за нераздзеленага кахання маладога вайскоўца М.А.Ліндэберга (“Вы­­со­кие своды костела…” са зборніка “Четки”). Лірычная гераіня верша – “томно-по­рочная” ра­кавая жанчына. Згодна з З.Фрэйдам, менавіта такія рысы жаночай асобы з’яўляюцца крытэрыем выбару і ўмовай для зараджэння кахання ў мужчын. У вобразе ах­ма­таў­скай гераіні спалучаюцца дзве асноўныя ўмовы ўзнікнення кахання: “умова па­цяр­пеў­ша­га трэцяга”, калі жанчына ўжо злучана пэўнымі адносінамі з іншым муж­чы­нам, і нявер­насць і заганнасць, што невытлумачальна прыцягвае моцную палову чалавецтва.

Інтуітыўна гэту аксіёму спасцігае і айчынная аўтарка. “Не бяруць слухмяных у па­лон” [61, с. 68], – настаўляе яна гераіню ролевага верша. Жанчына Р.Баравіковай так­са­ма спакушае і разбівае сэрцы, пакідае і здраджвае, прыносячы боль і пакуты мужчы­нам. У адрозненне ад лірычнага “я” рускай паэткі, яна валодае характэрнай жа­но­чай якасцю – какецтвам. Імкнучыся спадабацца, гераіня прыхарошваецца перад лю­ст­рам, перажывае за свой убор. Да таго ж яе турбуе вынік няўмольнага бегу часу – узрост, пра які часта згадваецца ў вершах. Аднак стаўленне жанчыны да свайго ўзро­сту мяжуе з іроніяй: “Папялушцы ўжо даўно за трыццаць” [61, с. 56], “яму – ўсе двац­цаць, мне – ледзь-ледзь пад сорак” [60, с. 39].

У ахматаўскай лірычнай гераіні няма нават ценю какецтва. Яна не стварае ілю­зій, не выкарыстоўвае жаночыя хітрыкі з мэтай выглядаць больш прывабна ці мала­дзей. Да таго ж у знешнасці жанчыны знарок выстаўляюцца прыкметы старасці, ня­зграб­насць, неахайнасць у адзенні: “В этом сером, будничном платье, // На стоптан­ных каблуках” [59, с. 64].

Аднак “жаночая” паэзія тым і адрозніваецца ад “мужчынскай”, што ўнутраная пры­рода жанчыны праступае нават праз створаны суровы вобраз. Пакрыўдзіўшы, яна тут жа раскайваецца, у нягодах закаханага, але не любімага ёю, схільна абвінавачваць ся­бе і часам пакутуе ад сваёй празмернай гордасці. Перажыванням аб’екта захаплен­ня, што не можа адказаць узаемнасцю, надаваў увагу яшчэ М.Бярдзяеў. Ён тонка заў­ва­жыў: “...самае цяжкае і пакутнае не нераздзеленае каханне, як звычайна думаюць, а ка­ханне, якое нельга раздзяліць. А ў большасці выпадкаў каханне нельга раздзяліць. Тут прымешваецца пачуццё віны” [62, 270].

Арыгінальнае вытлумачэнне комплексу віны ў Г.Ахматавай зводзіцца да сама­па­ка­рання. Гэта можа быць пакаранне каханнем са зменай ролей, калі яна прагне ўжо абы­я­кавага да яе страсці былога некаханага, ці згрызотамі сумлення, якое пера­тва­ра­ец­ца ў жахлівага ката і па начах патрабуе належнай яму даніны:
Три раза пытать приходила.

Я с криком тоски просыпалась

И видела тонкие руки

И темный насмешливый рот [59, с. 39].


Аднак заўсёды самапакаранне лірычнай гераіні Г.Ахматавай утрымлівае прыхаваны павучальны сэнс. Часам дыдактызм ляжыць на паверхні, а твор па форме нагадвае прыпавесць з традыцыйнай мараллю (“В тот давний год, когда зажглась любовь…” са зборніка “Anno Domini”).

Матыў віны ў Р.Баравіковай нараджаецца не на разумовым, а выключна на эма­цы­янальным узроўні. “Няма віны – ніколі не вініся,” – заклікае паэтка і тут жа па­ру­шае абвешчаны прынцып. Яе комплекс віны спраўна спрацоўвае і ў выпадках, калі яна ненаўмысна прыносіць каханым пакуты і боль, і калі ініцыятыва разрыву належыць мужчыне.

Такім чынам, паводле Р.Баравіковай і Г.Ахматавай, каханне прымае дзве маг­чы­мыя формы, што афарыстычна выказвае гераіня аднайменнага драматычнага верша­ва­нага цыкла сучаснай паэткі Саламея:
Каханне, ты – прывабная быліна,

Дзе з двух герояў нехта вечны раб [61, с. 160].


Сутнасць жа кахання абедзве аўтаркі вызначаюць як таямніцу таямніц, пабу­да­ва­ную на антыноміях, супрацьлегласцях, парадоксах. З аднаго боку, яно ўтрымлівае ў са­бе станоўчую энергію і ўяўляецца дарункам лёсу, цудам, што пераўтварае чалавека і пашырае яго магчымасці, з другога – выступае хмелем, атручэннем, разбуральнай хва­робай, якая безупынна прагрэсіруе. Падобнае філасофскае вытлумачэнне фе­но­ме­на кахання падавалася яшчэ нямецкім рамантыкам Навалісам. Акружыўшы любоў арэ­олам таямнічасці і чараўніцтва, ён назваў высокае пачуццё хваробай духу і пад­крэс­ліваў яго хранічную незадаволенасць і заўсёдную цягу да смерці.

Поруч з вобразна-асацыятыўнымі творамі, прысвечанымі асэнсаванню кахання як адцягненага, абстрактнага паняцця, Г.Ахматава рэпрэзентуе і вершаваныя філа­са­фе­мы, дзе імкнецца правесці мяжу паміж закаханасцю, страсцю, пажаднасцю, сяброўствам і каханнем, разглядаючы іх як адрозныя віды блізкасці людзей. Акрамя таго, па­эт­ка спрабуе высветліць змены псіхалагічных станаў, перапады настрояў за­кахана­га ча­ла­века ў адпаведнасці з нарастаннем, развіццём, рухам яго пачуцця. Трэба ска­заць, што ў такіх вершах руская аўтарка, крыху акрэсліўшы ідэю, не столькі клапо­ціц­ца пра да­нясенне свайго глыбіннага разумення ці вырашэнне праблемы, колькі ста­віць пы­таль­нікі, прымушаючы да роздуму, ці ўвогуле канстатуе факты.

Р.Баравікова ў спасціжэнні існасці кахання разам з агульнавядомымі ісцінамі вы­каз­вае даволі арыгінальныя думкі. Яна блізка падыходзіць да вызначэння перша­вы­то­каў пачуцця, што выцякае з рэдкай чалавечай якасці – здольнасці кахаць, якой напоўніцу адорана лірычная гераіня сучаснай паэткі. Айчынная аўтарка выказвае і глыбо­кую думку аб прынцыповай немагчымасці адраджэння ўжо згаслага кахання нават пры ўмове вяртання любага чалавека. Да таго ж цікавым выглядае і дэфініцыя най­вы­шэй­шай ступені кахання як сінтэзу аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, рацыянальнага і ду­хоў­нага, думкі і пачуцця.

І разважанні, і адчуванні лірычнай гераіні звычайна агучваюцца, што выліваецца ў бясконцыя прызнанні, пытанні, шматлікія дыялогі закаханых, дзе словы маюць вагу і ўплываюць на адносіны. Як і ў яе слыннай папярэдніцы, размовы ў інтымных вершах могуць мець не толькі вербальнае выражэнне. Лірычныя гераіні дасканала ва­ло­да­юць мовай поглядаў, жэстаў і нават слёз. Пры гэтым жанчына Г.Ахматавай аддае пе­равагу менавіта такой форме зносін, лічачы недаказанасць, маўчанне больш кра­са­моў­ным, чым словы.

І ў рускай, і ў беларускай паэтак разуменне месца кахання ў сістэме каш­тоў­на­сцей і яго ролі ў жыцці супадае амаль цалкам: жыццё без кахання не можа быць паў­на­цэнным. Менавіта каханне гарантуе жыццю пасмяротны працяг. Вартым уяўляецца і ўвасабленне Г.Ахматавай кахання як жыцця ў вузкім сэнсе слова, так бы мовіць, “жыц­ця ў жыцці” са сваім нараджэннем і паміраннем. З гэтага вынікае, што чалавек за адведзены біялагічным існаваннем час пражывае мноства “жыццяў-любовей”, кож­ны раз пачынаючы з чыстай старонкі.

Р.Баравікова, прымаючы ахматаўскую думку аб цыклічнасці гісторый кахання ў жыц­ці, творча яе інтэрпрэтуе. Стан кахання ў беларускай паэткі выступае сінонімам ма­ла­досці, а яго адсутнасць атаясамліваецца са сталасцю:


Нас маладосць адорвае каханнем,

Каханне нас вяртае ў маладосць [61, с. 47].


Як вынік, лірычная гераіня прагне пастаяннага знаходжання ў палоне пачуцця з мэ­тай яшчэ і яшчэ раз перажыць юнацтва. Каханне ж разглядаецца ёю як сакрэт веч­най маладосці.

Прадэманстраваная гульня часам з’яўляецца характэрнай адметнасцю любоўнай лі­ры­кі абедзвюх аўтарак. Час у вершах і паэмах можа вымярацца эпахальна і калян­дар­на, быць канкрэтным і абстрактным, выступаць умоўным ці рэальным. Пры гэтым і ў рускай, і ў беларускай паэтак назіраецца цяга да канкрэтызацыі мастацкага часу шля­хам пазначэння дакладных дат або ўказання цыклічнага адрэзка. Так, для ін­тым­най лірыкі Г.Ахматавай тыповымі з’яўляюцца назвы і радкі “9 декабря 1913 года”, “Двадцать первое. Ночь. Понедельник…”, “Через 23 года”. Значнае месца займаюць ча­­са­выя каардынаты і ў паэзіі Р.Баравіковай: “11 мая”, “Дзень. Вечар. Раніца”, “У двац­цаць нуль-нуль на развілцы...” і інш.

Павышаная ўвага да тэмпаральных атрыбутаў звязана з індывідуалізацыяй эма­цы­­янальна-псіхалагічнага сэнсу адрэзкаў сутак ці перыядаў года, што, на думку рус­ка­га літаратуразнаўцы А.Есіна, абумоўліваецца “ўзрастаючай арыгінальнасцю кан­цэп­­цый свету і чалавека ў кожнага пісьменніка” [67, с. 59]. Поры года самі па са­бе ва ўспры­манні лірычных гераінь не маюць зададзенага традыцыяй сімвалічнага зна­чэн­ня. Скажам, вясна, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, можа служыць фо­нам для расстання, а зіма, наадварот, увасабляць росквіт кахання. Пазначаныя вы­шэй се­зо­ны ў наступных вершах могуць мець дыяметральна супрацьлеглыя паэтыч­ныя вытлумачэнні. Іншымі словамі, месяцы і поры года ў любоўнай лірыцы абедзвюх аў­та­рак суадносяцца з пэўнымі гісторыямі кахання, а ў некаторых выпадках вы­сту­па­юць іх лірычным эквівалентам. Пры гэтым яны набываюць эмацыянальную афар­боў­ку ў за­лежнасці ад настрою, які валодае лірычнай гераіняй на канкрэтным этапе адно­сін. Ак­рамя “пачуццёвага” вымярэння, цыклічныя адрэзкі часу ў абедзвюх паэтак мо­гуць транс­фармавацца і выяўляць прасторавае значэнне: “...цябе пакідаю ў вясне, // а са­ма ады­ходжу ў восень” [60, с. 54] у Р.Баравіковай або “Тот август поднялся над нами, // Как огненный серафим” [59, с. 171] у Г.Ахматавай.

Такая незвычайная прасторава-часавая мадэль мастацкага свету, калі “и время прочь, и пространство прочь” [59, с. 269], можа ўзнікнуць толькі ў сэрцы, перапоўненым ка­ханнем, бо ў ім “свет рэальны – гіне” [61, с. 70]. Для паэтак супярэчлівая прырода любові, дзе спалучаецца міг і бясконцасць, стваральная сіла прасторы і разбуральная энер­гія часу, – адзіна магчымы сродак спазнання вялікіх таямніц і загадак, што не пад­даюцца разумоваму асэнсаванню. Аналізуючы патэнцыі кахання, сучасны мексіканскі паэт і мы­сляр А.Пас дае названай з’яве дакладную фармуліроўку: “Каханне – гэта ўспышка; яна дорыць нам не вечнасць, а выбух напружанасці, тое імгненне, калі прыадкрываецца брама часу і прасторы: тут ператвараецца ў там, а зараз – у заўсёды” [68, с. 235]. Та­кім чынам, хранатоп кахання ў лірыцы Г.Ахматавай і Р.Баравіковай лепш ахарак­тары­заваць як самастойную адзінку вымярэння, “пятое время года” [59, с. 107], якое высту­пае сувязным звяном, своеасаблівым акном у іншыя Сусветы.

Абедзве аўтаркі ў сваім уяўленні ствараюць адрозныя ад рэальнага прывідныя све­ты, дзе хроніка кахання і жыцця набывае іншы накірунак. Матыў варыянтнасці быц­ця, пражывання чужога лёсу ў беларускай аўтаркі рэалізуецца праз погляд у маг­чы­мае будучае – экстрапаляцыю, дзе прадстае мара-ідылія, якая застаецца ня­здзей­с­не­най. Руская паэтка ў мастацкім вырашэнні матыву падмены жыцця дэманструе да­во­лі шырокі падыход. У яе вершах існуе і паралельны свет, дзе час для гераіні су­па­дае з цяперашнім, а падзеі змяняюцца ў бок да лепшага (“Может быть где-нибудь вместе живем, // Бродим по мягкому лугу” [63, с. 75]), і “антысвет”, у якім прадметы і ўчын­кі пазначаны знакам “мінус”. У такім выпадку разважанні лірычнага “я” засноў­ва­юцца на характэрным для рускага мыслення прынцыпе ад “не”:
Таинственной невстречи

Пустынны торжества,

Несказанные речи,

Безмолвные слова [59, с. 270].


Г.Ахматава дадае да ўжо прыдуманых чалавецтвам свае “негатыўныя” словы – “не­по­сылка”, “невстреча”, на якія неаднаразова звярталі ўвагу крытыкі. Услед за сла­вутай паэткай словы з адмоўнымі прэфіксамі і часціцамі сістэматычна ўжывае і Р.Ба­равікова. Але, нягледзячы на знешняе падабенства, яе “не” ніколі не выводзіць ге­ро­яў за межы рэальнага свету. Пры гэтым словы з негатыўнымі прыстаўкамі аба­зна­ча­юць больш мяккія паняцці ў параўнанні з іх “прамымі” сінонімамі:
Незгаворліваю непакорай

неапраўданы сцішваю боль [61, с. 33].


У інтымнай лірыцы рускай аўтаркі стан кахання дапамагае чалавеку раскрыць і ўва­браць у сябе ўсё багацце акаляючага свету, ставячы знак роўнасці паміж транс­цэн­дэнт­ным і іманентным пачаткам ва універсуме. Такім чынам Г.Ахматава рэалізуе ўлас­цівы для паэтыкі акмеізму “люстраны” прынцып, які дапаўняецца непасрэднай пры­сутнасцю на старонках яе кніг вобраза люстэрка. Са старажытных міфаў вядома, што люстэрка адсылае чалавека да іншага, ірэальнага свету. Блізкае семантычнае на­паў­ненне мае названы вобраз і ў паэзіі Г.Ахматавай. Яе “зазеркалье” з’яўляецца тым са­мым падсвядомым светам, дзе месціцца душа, і куды гераіня звяртаецца за да­па­мо­гай, парадай, хоць іншы раз і не атрымліваючы яе: “И в зеркале двойник не хочет мне по­мочь” [59, с. 217].

Як бачым, унутраны голас ахматаўскай жанчыны мае візуальна даступны вы­гляд, набывае рысы яе адлюстравання. І, наадварот, у аб’ектыўнай рэчаіснасці гераіня ча­ста бесцялесная. Яна наведвае каханага ў вобразе ценю, промня, абяцае прыходзіць ў снах, прызначае спатканні ў музыцы і вершах, застаецца да канца жыцця ў яго памя­ці. Матыў нематэрыяльных зносін нярэдка ўжывае і Р.Баравікова. Аднак у творах бе­ла­рускай паэткі неадступным ценем, што праследуе жанчыну ва ўспамінах і падчас нач­­нога адпачынку, у большасці выпадкаў выступае мужчына. Ахматаўскія ж пер­са­на­жы-нябожчыкі з’яўляюцца пераважна ў выглядзе прывідаў, якіх “ажыўляе” яе па­мяць. У такіх творах руская аўтарка стварае вобраз аднаго са сваіх лірычных двай­ні­коў, атаясамліваючы сябе з дачкой Эдыпа – Антыгонай.

Метамарфозы лірычных гераінь не абмяжоўваюцца схемай “цялеснае – ду­хоў­нае”. Паэткі выкарыстоўваюць прыём своеасаблівай рэінкарнацыі, перасяляючы ду­шы гераінь у іншыя жывыя істоты, перш за ўсё ў птушак. Цікавымі ў абедзвюх пісьменніц уяўляюцца і вершы ў духу багдановічаўскай “Зоркі Венеры”, дзе раздзеленых адлегласцю каханых звязваюць зоркі (“Во сне” з цыкла “Шиповник цветет” Г.Ах­ма­та­вай) або яднае пагляд у цемру, “халодны змрок” (“Простая песенька” Р.Баравіковай).

Люстраному свету, свету двайнікоў надае жыццёвую верагоднасць і ўменне рус­кай аўтаркі пісаць “зеркальным письмом” [59, с. 339]. Поўныя парадоксаў афарызмы, што будуюцца паводле законаў хіязму, як і вобраз люстэрка, праўда, пераважна з утылітарным прызначэннем, пераймае ад сваёй творчай настаўніцы і Р.Баравікова. Варта за­значыць, што пад хіязмам разумеецца кампазіцыйная фігура, заснаваная на сін­так­січ­ным паралелізме, дзе другі радок або сказ адрозніваецца ад першага адваротным парадкам членаў, так званай люстраной сіметрыяй.


Столько просьб у любимой всегда!

У разлюбленной просьб не бывает [59, с. 54]. (Г.Ахматава)


Мы ўсе бяжым адтуль, дзе любяць нас,

вяртаемся туды, дзе нас любілі [60, с. 90]. (Р.Баравікова)


Ствараючы ўласцівыя жаночаму мысленню парадоксы, спалучаючы не­спа­лу­чаль­нае, абедзве аўтаркі разам з распаўсюджанымі мастацкімі сродкамі – антытэзай, ак­сю­маранам, анафарай – ужываюць і такія прыёмы, як таўталогія (“Небо бело страш­ной белизною” [63, с. 27]; “Быць урадліваму ўраджаю” [60, с. 70]), сінкрэтычны эпітэт, калі пры­трымлівацца класіфікацыі А.Весялоўскага (“В той тишине, почти что ви­но­град­ной” [63, с. 77]; “светлы памерамі дом” [61, с. 102]). Акрамя таго, паэтычны інструмента­рый рускай аўтаркі ўключае марфалагічныя аграматызмы (“...нас разлученней // В этом мире никто не бывал” [59, с. 275], параўнанні, метафары, пабудаваныя не па прын­цы­пу падобнасці, як звычайна, а заснаваныя на кантрасце:

В белом пламени клонится куст

Ледяных ослепительных роз [59, с. 155].
І кантрастнасць, і наяўнасць двайнікоў спараджае поўны супрацьлегласцей, ам­бі­валентны вобраз “полумонахини – полублудницы”. Менавіта такая характарыстыка, да­дзеная гераіні Г.Ахматавай Б.Эйхенбаумам, пазней будзе выкарыстана А.Жданавым у яго гнеўных прамовах. У гэтым даволі экспрэсіўным азначэнні, безумоўна, ёсць доля ісціны, што пацвярджае і сама паэтка. “Чужих мужей вернейшая подруга” [59, с. 216], – ствараючы вобраз лірычнай гераіні, пісала яна. Аднак, варта зазначыць, што “рас­пуста” ахматаўскай жанчыны мае на дзіва бясполую прыроду.

Вершы “рускай Сапфо” аб фізічнай блізкасці, плоцевым каханні не ўтрым­лі­ва­юць нават намёку на эротыку. І хаця ініцыятыва, актыўнасць у любоўнай страсці звы­чай­на зыходзіць ад мужчыны, лірычныя героі яе твораў пераважна безлібідныя, а іх цяга хутчэй нагадвае адчужанае любаванне: “Так гладят кошек или птиц // Так на на­езд­ниц смотрят стройных” [59, с. 47]. Больш таго, з мэтай падкрэсліць платанічныя ад­но­сі­ны аўтарская фантазія надае аднаму з герояў-прывідаў выгляд прыгожай дзяўчыны (верш “Всем обещаньям вопреки…” з “Черных песен”). Разам з тым жанчына Г.Ах­ма­та­вай не саступае мужчыне ў абыякавасці да пачуццёвых праяў. Вузкая спадніца – ледзь­ве не адзіны прыклад імкнення гераіні прывабіць упадабанага чалавека – толь­кі да­дае ёй строгасці, а ў жэсце грэблівага хавання зацалаваных пальцаў увогуле ўгадваец­ца асоба халодная, калі не сказаць фрыгідная.

Адсутнасць любаярлівага запалу і яскравай пачуццёвасці зусім не адмаўляе ах­ма­таўскай гераіні ў разуменні і прыманні зямнога, цялеснага кахання, дзе месца стра­сці адводзіцца пяшчоце. Апошняя, у залежнасці ад абставін, успрымаецца па-роз­на­му, з улас­цівай жанчынам палярнасцю: “тихая” – “жгучая”.

Трэба сказаць, што апісанаму вышэй тыпу пачуццёвасці дадзена трапная харак­та­рыстыка самой Г.Ахматавай: “...я дышу луною” [59, с. 52]. Месяц з яго безжыццёвым свят­лом, адпаведна традыцыйнаму міфалагічнаму і паэтычнаму вытлумачэнню, сімвалізуе духоўны пачатак, у процілегласць сонечнаму – плоцеваму. У такім жа кантэксце чытаюцца словы Г.Кісліцынай, якая назвала Р.Баравікову “секс-сімвалам” ай­чын­най літаратуры: “Безумоўна, самай сонечнай паэткай Беларусі бы­ла і застаецца дагэ­туль Ра-іса Баравікова, імя якой абяцае рай і нагадвае аб старажыт­наегіпецкім богу сонца Ра” [69, с. 58].

Сапраўды, інтымная лірыка сучаснай паэткі наскрозь эратычная ў сваёй гра­ніч­най шчырасці, непрыхаванасці жаданняў, агаленні душы. Герой-мужчына ў такіх тво­рах Р.Баравіковай валодае ўсімі адзнакамі сексуальнай прыцягальнасці: стрыманай сілай, уладнай упэўненасцю і прыхаванай тэмпераментнасцю. Заканамерна, што побач з ім – слабая і безабаронная, яшчэ больш эратычная ў сваёй “бессаромнай сарамлі­ва­сці”, жанчына.

Палкасць страсці лірычнай гераіні ў спалучэнні з пачуццёвай “назіральнасцю” са­мой аўтаркі спараджаюць вершы, дзе праз інтымныя дэталі і дробязі ствараюцца поў­ныя хараства малюнкі фізічнага яднання:


Плыве, як цень, плячо к плячу,

мацней абдымкі,

і я – губамі падлічу

твае радзімкі [60, с. 90].


Аднак, у адрозненне ад “мужчынскай” лірыкі такога кшталту, якая апісвае пера­важ­на апагей кахання, апявае сам факт блізкасці, жаночая натура Р.Баравіковай кан­цэн­труе ўвагу на яе прэлюдыі. У гэтым выпадку закаханая знаходзіцца ў шмат­абя­цаль­ным бязважкім стане прадчування, чакання зліцця целаў у непарыўнае цэлае, што пры­носіць ёй найвышэйшую асалоду: “Цяжэюць грудзі ад жадання” [60, с. 43], “...а ўжо ха­целі ласкі плечы // пад мяккай сховаю тканін” [61, с. 49] і інш.

Жывучы зямной любоўю, лірычная гераіня Р.Баравіковай разумее сваю грэш­насць і нават спрабуе вытлумачыць яе прыроду: “Жанчына я. І ў гэтым грэх!” [60, с. 22]. Ад­шукваючы ўнутраныя прычыны плоцевых памкненняў, якія не паддаюцца кан­тро­лю розуму, яна хавае сур’ёзныя развагі пад наўмысна жартаўлівымі словамі. Гэта падкрэслівае разгубленасць і заблытанасць душэўнага стану гераіні, выкліканую не­су­па­дзен­нем, парушанай раўнавагай паміж патрабаваннямі хрысціянскай рэлігіі і поклі­ча­мі яе сэрца.

Вобраз “нищей грешницы” даволі часта сустракаецца і ў Г.Ахматавай, аднак у яе вер­шах ён дзіўным чынам дапаўняецца адначасовым успрыманнем жанчыны сябе і шчы­рай праведніцай. Лірычная гераіня па-філасофску ставіцца да спакусы, якая, згод­на з яе меркаваннем, мае сэнс толькі ў адносінах да святых і не звязваецца з грэшным жыц­цём. Шматлікія рэмінісцэнцыі, алюзіі, цытаты з Бібліі ў спалучэнні са свядомым не­вы­кананнем праваслаўных імператываў выводзяць веру ахматаўскай гераіні за ме­жы кананічнай рэлігіі:
Я всем прощение дарую

И в Воскресение Христа

Меня предавших в лоб целую,

А не предавшего – в уста [59, с. 240].


Такая знешняя малавернасць, насамрэч, мае глыбокія карані набожнасці і выдае ў ёй хутчэй старазапаветную прарочыцу, чым праваслаўную верніцу. Унутранае адчу­ван­не сваёй канфесійнай прыналежнасці ўдакладняецца вобразам багамольнай жан­чы­ны, якая, чытаючы пасланні апосталаў, усё ж закладвае “красный кленовый лист” [59, с. 83] на Песні Песень.

“Прарочыца, распусніца, вясталка” [61, с. 165], – характарызуе Саламею, гераіню ад­найменнага драматычнага вершаванага цыкла, Р.Баравікова, і гэта цалкам ад­па­вя­дае светаўспрыняццю лірычнага “я” яе аўтапсіхалагічнай інтымнай паэзіі. Нельга не заў­важыць блізкасць створанага сучаснай аўтаркай вобраза да апісанай вышэй жан­чы­ны Г.Ахматавай. Як і ў яе слыннай папярэдніцы, у айчыннай паэткі назіраюцца шмат­­лікія прамыя і асацыятыўныя адсылкі да біблейскіх тэкстаў. Скажам, матывы яб­лы­ка і яблыні ў абедзвюх пісьменніц трывала звязваюцца з пачуццёвым каханнем, а ўжыванне Р.Баравіковай вобраза лілеі, што служыць упрыгожваннем ложа мілосці, ні­як нельга вытлумачыць толькі сентыментальнымі аздобамі ці нацыянальнай трады­цы­яй. Паказальна, што Г.Ахматава, выкарыстоўваючы ў ранняй лірыцы гэты ж во­б­раз, суадносіць яго з цнатлівай дзяўчынай, тым самым нанова ажыўляючы сімволіку не­ўміручай Песні Песень, дзе чытаем:


Я – раўнінны нарцыс Саронскі,

я – лілея з даліны!

Як лілея сярод бадзякоў –

каханая сярод сябровак!

Як яблыня сярод лясных дрэў –

каханы мой сярод хлопцаў.

У шатах я люблю яе сядзець,

і плады з яе рот мне салодзяць [70, с. 16].

Касандраўскі ж пачатак даволі моцна заяўляе аб сабе ў творчасці рускай паэткі і за­вяршае лагічны шэраг непахісных ісцін: лёс, Бог, прадчуванне. Высока развітая ін­ту­іцыя, шостае пачуццё гераіні-аўтаркі асабліва дзейсныя пры надыходзе нягод, што пераконвае яе ў фатальнасці сваёй асобы, якая прыцягвае няшчасці, часта ста­но­вя­чы­ся прычынай смерці блізкіх людзей: “Я гибель накликала милым, // И гибли один за дру­гим” [59, с. 168]. У сталых зборніках Р.Баравіковай часта з’яўляецца формула “я ве­даю”. Аднак яе scio – непасрэдны вынік ці жыццёвых урокаў, вопыту, ці менавіта прад­чування, якім свядома надзяляюцца толькі гераіні сюжэтных твораў.

Трэба заўважыць, што ў абедзвюх пісьменніц “органам” прадчування з’яўляецца сэр­ца, дзе, адпаведна праваслаўнай багаслоўскай традыцыі, канцэнтруюцца ўсе разу­мо­ва-псіхалагічныя патэнцыі чалавека. Так, філосаф-багаслоў Б.Вышаслаўцаў сцвярджае: “Біблія прыпісвае сэрцу ўсе функцыі свядомасці: мысленне, рашэнне волі, ад­чу­ванне, праявы любові, праявы сумлення; больш таго, сэрца з’яўляецца цэнтрам жыц­ця ўвогуле – фізічнага, духоўнага і душэўнага. Яно ёсць цэнтрам перш за ўсё, цэн­трам ва ўсіх сэнсах” [71, с. 272]. Разуменне вобраза сэрца ў непарыўнай сувязі з псі­ха­саматыкай дазваляе паэткам віртуозна фіксаваць тонкія, складаныя для перадачы сло­вамі душэўныя перажыванні: “А в груди моей уже не слышно // Трепетания стре­коз” [59, с. 48] у Г.Ахматавай або “...то з мяне мяне вымаюць // вочы чорныя твае” [61, с. 8] у Р.Баравіковай. У такіх апісаннях мастацкі эфект ствараецца за кошт фізічна адчувальных душэўных станаў і, наадварот, выяўлення своеасаблівага розуму цела.

Прадказанні, прароцтвы ў творчасці абедзвюх аўтарак гучаць таксама з вуснаў ін­шых персанажаў у адносінах да лірычных гераінь і, як правіла, збываюцца. Так, ста­рац-вяшчун у адным з ранніх вершаў Г.Ахматавай прадракае маладой жанчыне лёс Хрыстовай нявесты, жыццё ў беднасці і нястачах. Матыў аскезы, манаства пазней на­о­гул стане скразным у лірыцы рускай паэткі, часам дасягаючы крайняй ступені – ад­ра­чэння, пустэльніцтва:

Земной отрадой сердца не томи,

Не пристращайся ни к жене, ни к дому,

У своего ребенка хлеб возьми,

Чтобы отдать его чужому [59, с. 146].
У такім выпадку духоўны пачатак займае ўсю мастацкую сферу аўтаркі, на­ра­джа­ючы вершы-малітвы, споведзі, суцяшэнні, пакаянні, якія нясуць ідэі хрысціянскай усё­даравальнасці і любові да бліжняга. Пры гэтым нябесная, серафічная любоў пры­ма­ецца за натуральны стан чалавека, а зямное каханне ёю, вястункай Божай, за­ста­ец­ца нязведаным (верш “Я любимого нигде не встретила…”).

Лірычную гераіню Р.Баравіковай у творах падобнага кшталту ў поўным сэнсе на­зваць манашкай нельга, яна выглядае хутчэй свецкай, але ўсё ж праведніцай, за якой “даўно не водзяцца грахі” [60, с. 45] і якая прызначае мужчыне парадаксальна-са­ма­ахвярнае пакаранне сваёй вернасцю. Трэба зазначыць, што ўсёдаравальнасць як ха­рак­тэрная рыса ментальнасці беларуса ў айчыннай паэткі адначасова звязана з рэ­лі­гій­ным і нацыянальным вытокамі, а вера ў Бога цесна знітавана з патрыятычнымі па­чуц­цямі: “...дазвольце небам васілька // перажагнаць вас на разлуку” [60, с. 22].

Аскетызм манаства і пустэльніцтва ў творчасці Г.Ахматавай лагічна пра­цяг­вае матыў бяздомнасці, беспрытульнасці яе лірычнай гераіні. К.Чукоўскі, на­зваў­шы сваю сучасніцу “прыроднай качэўніцай”, пісаў: “Самі гэтыя словы “абстаноўка”, “утуль­насць”, “камфорт” былі ёй арганічна чужымі – і ў жыцці і ў створанай ёю паэзіі” [72, с. 293]. У адрозненне ад сваёй творчай настаўніцы, наяўнасць сямейнага аг­ме­ню, прыгажосць і цеплыня дому для жанчыны Р.Баравіковай – неабходная ўмова іс­на­ван­ня. Толькі ў адзінкавых выпадках яна адчувае сябе беспрытульнай пры наяўнасці вя­лікага і светлага дома, што выклікана ўнутраным разладам, душэўнай дыс­гар­мо­ні­яй.

Аднак ў абедзвюх паэтак прысутнічае імкненне напоўніць лірычныя творы ма­тэ­ры­яльнымі прадметамі, рэчамі, якія ўраўнаважваюць сваёй устойлівасцю хут­ка­плын­ны бег жыцця і зменлівасць пачуццяў. І ў адрас Г.Ахматавай, і ў адносінах да яе пасля­доўніцы крытыкамі неаднаразова адзначалася адсутнасць у іх вершах але­га­рычных, сімвалічных сэнсаў рэчаў. Сапраўды, адпаведна праграмнаму прынцыпу ак­ме­ізму, замест якога ў дадзеным выпадку лепш ужыць сінанімічны тэрмін “кларызм” (ад фр. clarte – яснасць), сімвал павінен замяняцца прадметнасцю.

У лірыцы абедзвюх аўтарак рэчы выконваюць разнастайныя функцыі, і найперш – сюжэтна-кампазіцыйную, калі яны ствараюць фон для знешняга дзеяння ці ўвогуле вы­ступаюць яго рухавіком. У рускай паэткі апісанні акаляючых прадметаў, зна­хо­дзя­чы­ся ў слабой пазіцыі – у канцы страфы, удакладняюць, праясняюць учынкі і пачуцці пер­санажаў, а, трапляючы ў моцнае становішча – на пачатак верша, апярэджваюць па­дзеі і адцягваюць увагу, што спрыяе эфекту нечаканасці развіцця думкі, рэзкаму яе па­вароту. Гэты прыём аднолькава ўдаецца і беларускай паэтцы. Параўнаем:

Где-то кош­ки жалобно мяукают,

Звук шагов я издали ловлю…

Хорошо слова твои баюкают:

Третий месяц я от них не сплю [59, с. 59].

(Г.Ахматава)


Не адцвітала доўга бульба ў полі,

хоць на спякоту шчодры жнівень быў,

ты абяцаў не забываць ніколі

спатканняў нашых, дык чаму ж забыў? [61, с. 21].

(Р.Баравікова)
Інтэнсіўнымі ў абедзвюх аўтарак рэчы могуць быць і ў якасці мастацкіх дэталей, што ствараюцца пераважна з дапамогай буйнога плана. У гэтым выпадку яны маў­клі­ва ўздзейнічаюць на псіхалагічны стан гераіні, падтрымліваючы яе або застаючыся варожымі, скажам, як “равнодушно-желтый огонь свечей” [59, с. 31] у Г.Ахматавай. Да та­го ж прадметы і з’явы навакольнай рэчаіснасці часам выступаюць хоць і не сім­ва­ла­мі, але знакамі пэўнай гісторыі кахання. Да прыкладу, ліпа з вершаванага цыкла Р.Ба­ра­віковай “Ліпа цвіце”. Знакавасць рэчаў у творчасці рускай паэткі звязваецца з іх ха­рак­таралагічнай функцыяй, адсылкай да вобразаў гаспадароў, уладароў гэтых прад­ме­таў, што дазваляе даследчыкам даволі дакладна высвятляць адрасатаў яе інтымных вер­шаў. Так, пярсцёнак і крыж у лірыцы Г.Ахматавай асацыіруюцца з вобразам Б.Ан­рэ­па, чырвонае віно – з А.Лур’е, а белыя нарцысы ўказваюць на М.Нядобрава. Рэ­чыў­ны­мі знакамі поўніцца і “Паэма без героя” пісьменніцы. Трэба сказаць, што менавіта та­кі аскетычны густ, “непростая простота”, паводле К.Чукоўскага, у спалучэнні з ашчадным выбарам тропаў, іх лаканічнасцю і яснасцю, складае стылёвую дамінанту вершатворчасці выбітнай рускай паэткі, якая паслужыла арыенцірам і пуцяводнай зор­­кай у творчых пошуках Р.Баравіковай.
Такім чынам, са сказанага вышэй вынікае, што ўплыў ахматаўскай мастацкай шко­лы на лірыку сучаснай беларускай пісьменніцы даволі адчувальны. Вытокі такога ўз­дзеяння палягаюць у блізкасці, у нечым амаль тоеснасці, светаўспрымання іх лі­рыч­ных гераінь. Яны аднолькава, у духу нямецкага рамантыка Наваліса, разумеюць сут­насць кахання, уяўляючы яго адначасова і разбуральнай хваробай, і дарункам лёсу. Бу­дучы парадаксальным і містычным пачуццём, любоў, на думку абедзвюх паэтак, не­парыўна знітавана са смерцю. Цалкам супадаюць у свядомасці лірычных гераінь Г.Ах­матавай і Р.Баравіковай погляды на каханне як на найвышэйшую аксіялагічную ка­тэгорыю, а таксама на знешнія формы, шматварыянтнасць выяўлення пачуцця, што пры гэтым заўсёды прадугледжваюць аднабаковую сувязь.

Моманты судакранання, адэкватнасць светапоглядных і творчых паэтычных ары­­ентацый рускай і беларускай аўтарак заканамерна прыводзіць да звароту і пера­асэн­савання апошняй узораў лірыкі і адпаведных мастацка-вобразных сродкаў з паэтычнага арсеналу яе літаратурнай настаўніцы. Так, вынікам свядомай рэцэпцыі вершаванай спадчыны “рускай Сапфо” ў творчасці Р.Баравіковай сталі скразныя матывы адзі­ноты, шлюбнай няволі, апраўданасці адзюльтэра, віны, нематэрыяльных зносін зака­ханых і, нарэшце, расставання з усімі ўласцівымі яму этапамі: гневам, ад­маў­лен­нем, кампрамісам, дэпрэсіяй, пакорай. Уплыў паэзіі Г.Ахматавай на лірыку сучаснай пісь­менніцы не менш выразна назіраецца і на стылёвым узроўні. Пабудаваныя па прынцыпу антытэзы, аксюмарана, хіязму парадаксальныя афарызмы; ужыванне таў­та­логіі, сінкрэтычнага эпітэта (паводле класіфікацыі А.Весялоўскага); прадметнасць, рэчыўнасць мастацкага свету; кампазіцыйная пабудова многіх вершаў – усё гэта яс­к­ра­вае сведчанне творчай пераемнасці Р.Баравіковай традыцый шматграннай версі­фі­ка­цыйнай сістэмы яе творчай папярэдніцы.

Разам з тым адчувальная іманентная, сутнасная непадобнасць псіхалогіі лірыч­ных гераінь дзвюх паэтак. Яна дэтэрмінавана найперш рознымі тыпамі пачуццёвасці: “ме­ся­цовым”– у рускай аўтаркі і “сонечным” – беларускай. Калі валявая, халодная, су­ровая, гордая жанчына Г.Ахматавай у сваіх думках і ўчынках кіруецца розумам, то па-жаноцку мяккая і далікатная гераіня Р.Баравіковай свае паводзіны падпарадкоўвае эмо­цыям.

Заканамерна, што блізкасць светаўспрыманняў пры непадобнасці псіхатыпу пры ад­нолькавых сітуацыйных мадэлях нараджаюць розныя спосабы іх вырашэння. Таму ў пераважнай большасці выпадкаў Р.Баравікова арыгінальна інтэрпрэтуе думкі сваёй літаратурнай настаўніцы ў адпаведнасці з уласнай псіхалогіяй і жыццёвым вопытам. Ся­род такіх прынцыповых разыходжанняў найперш трэба назваць стварэнне паэткамі ідэ­альнага вобраза мужчыны, адрознае ўспрыняцце імі самаахвярнасці ў каханні, амаль супрацьлеглыя дзеянні гераінь у працэсе расставання з любым і інш.

Як бачым, відавочная захопленасць Р.Баравіковай сілай таленту, паэтычным май­стэрствам рускай пісьменніцы не зводзіцца да прымітыўных запазычванняў і сля­по­га пераймання. Айчынная паэтка здолела стварыць адметны і самадастатковы паэ­тыч­ны свет любові і кахання, што мы і паспрабавалі высветліць у працэсе параў­наль­на-дыяхранічнага доследу інтымнай лірыкі абедзвюх аўтарак. Бо, згодна з кумірам і су­часнікам Г.Ахматавай А.Блокам, “...паэты цікавыя тым, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, а не тым, у чым падобныя адзін да аднаго” [73, с. 158].

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка