“Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”




старонка10/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.59 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

6 АДМЕТНАСЦІ І ПЕРСПЕКТЫВЫ РАЗВІЦЦЯ ІНТЫМНАЙ ЛІРЫКІ Ў ХХІ СТАГОДДЗІ
Вербальнае мастацтва, нават пры ўмове адлюстравання самога сябе, было і застаецца амальгамай сучаснай яму рэчаіснасці (хаця б на ўзроўні спецыфікі мысленчай дзейнасці крэатыўнай асобы, адметнасцей яе светаўспрымання, маральных імператываў і г.д.). У акрэсленым кантэксце выклікае цікавасць аблічча паэзіі кахання пачатку трэцяга тысячагоддзя як сімптаматычнай з’явы ў спазнанні ментальнасці сучаснага чалавека.

Сярод заўважных прыкмет сучаснай культурнай сітуацыі можна назваць парушэнне традыцыйнай камунікатыўнай мадэлі паміж аўтарам і імпліцытным адрасатам. Не абмінуў згаданы працэс і любоўную лірыку ХХІ ст., дзе ён выяўлены найперш праз імкненне пэўным чынам схаваць сваё пачуццё ад патэнцыйнага чытача. Псіхалагічна гэта абумоўлена супрацьстаяннем-канфліктам натуральнага для кожнага паэта жадання выказацца, застаўшыся максімальна шчырым, са стомленасцю і насцярожанасцю, што з’яўляюцца атрыбутыўнымі прыкметамі светаадчування “памежнага” чалавека. Спосабы і сродкі рэалізацыі такой творчай стратэгіі могуць быць самыя розныя.

Найперш трэба адзначыць тэндэнцыю да герметызацыі любоўнага верша, якая назіраецца не толькі ў аўтараў, чыёй паэзіі ўвогуле ўласціва сэнсавая цьмянасць і падкрэсленая інтэлектуалізацыя, але і ў творцаў, так бы мовіць, даволі “ясных”. Падобная адметнасць вызначае лірычныя тэксты пра каханне І.Бабкова (зб. “Герой вайны за празрыстаць”), А.Аркуша (зб. “Прывід Вясны”), І.Багдановіч (нізка “Вінагроздзя кахання”), В.Шніпа (нізка “Першы тыдзень без цябе”), Л.Раманавай (нешматлікія любоўныя вершы ў зб. “Птушкі і рыбы”) і інш. Цяжка сказаць пра ўсвядомленасць ці ненаўмыснасць акрэсленага спосабу мастацкага ўвасаблення свайго “я” ў кожным канкрэтным выпадку, але яго сутнасць можна сфармуляваць словамі В.Шніпа:
Пра што мае вершы? Пра што я пішу?

Я Богу пра вершы свае адкажу,

Я Богу за вершы свае адкажу,

А вам не скажу,

а вам не скажу… [121, с. 310]

Другі спосаб тычыцца замкнёнасці, своеасаблівай аўтаркічнасці ўнутранага свету многіх аўтараў, прымервання масак, хавання сваіх пачуццяў за гумарам, за гісторыямі “чужога” кахання, што становіцца мастацка-вобразнай дамінантай цэлых цыклаў і нават зборнікаў любоўнай лірыкі. Паказальным у гэтым сэнсе можа служыць выданне адразу некалькіх кніг, дзе назіраецца з’ява часавай аберацыі, а лірычныя гераіні выступаюць у ролях сярэднявечных Чароўных Дам – аб’ектаў кахання высакародных рыцараў (зб. “Рыцарскія хронікі”, “Над замкавай вежай” Л.Рублеўскай, “Сармацкі альбом” І.Багдановіч, шэраг вершаў са зб. “Каралева прыйдзе ноччу” Л.Сом і “Зеленавокія воі і іх прыгажуні” Л.Сільновай). Паэткі рэпрэзентуюць вобраз самотнай і поўнай годнасці панны ў замкавай вежы, роўнай свайму каханаму-князю, які трымаецца на зямлі толькі яе любоўю.

Цікавым бачыцца і заснаваны на эмпатыі прыём пераасэнсавання міфалагічных гісторый любоўнага характару (нізка “Метакаханне” Г.Булыка, вершы “воля выбару…” Л.Рублеўскай, “Санэт ХVІІІ стагоддзя” Ю.Пацюпы, “Рай” Э.Акуліна, “Адаму”, “Спаткання раптоўнага сфінксы…” Т.Барысюк і інш.). Своеасаблівасць іх трактоўкі аўтарамі не палягае ў рэчышчы ўжо звыклага для айчыннага вербальнага мастацтва прынцыпу дэкананізацыі. Знешне верш захоўвае прыкметы аўтапсіхалагічнай лірыкі і прамаўляецца ад першай асобы. Такім чынам ствараецца сінкрэтычнае адзінства, узнікае новы, даволі папулярны ў пачатку ХХІ ст., суб’ект – міфалагічны персанаж і лірычны герой адначасова.

Яшчэ адным сродкам ухіліца ад прамога выяўлення сваіх пачуццяў з’яўляецца наданне інтымнаму вершу гумарыстычнага характару. Пры гэтым на змену класічнаму любоўнаму жарту ХХ ст., што быў запатрабаваны ў творчасці М.Танка, А.Вярцінскага, Г.Бураўкіна і інш., у лірыцы паэтаў сённяшніх прыходзіць “шчырым пафігізмам прасякнутая іронія” [122, с. 58]. Нельга не заўважыць, што інтымныя вершы менавіта такога кшталту складаюць важкую плынь у зборніках В.Трэнас (“Цуд канфіскаванага дзяцінства”), А.Хадановіча (“Сто лі100ў на tut.by”, “Бэрлібры: гісторыя ў чатырох фільмах”), В.Жыбуля (“Дыяфрагма”), Джэці (“За здаровы лад жыцця”), В.Морт (“Я тоненькая як твае вейкі”), Ус.Гарачкі (“Пралетарскія песні”) і інш. У якасці прыкладу іранічнага мыслення працытуем наступныя радкі:


Як бы я цябе кахаў

І расчулена ўздыхаў,

Называў цябе адзінай,

Ды сабака забрахаў.


Як бы я цябе любіў,

Толькі словы – бы згубіў.

Гэта ён ва ўсім павінны:

З панталыку мяне збіў [123, с. 14].

(Ус. Гарачка)
Аднак наўрад ці гульнёвы пачатак ёсць толькі дэманстрацыя сваёй прыналежнасці да постмадэрнісцкага мастацтва, прыхільнасць да эстэтыкі якога сапраўды праглядаецца ў большасці з названых творцаў. Пазіцыя іранічнага скепсісу не азначае і адмаўленне кахання як духоўна-эмацыянальнай з’явы, бо гэтаму супярэчыць ужо сам зварот да любоўнай праблематыкі. Хутчэй такія вершы трэба разглядаць як зрух эстэтычных акцэнтаў, пратэст супраць рамантычна-сентыментальных уздыхаў па каханні, што атаясамліваюцца са штучнай позай, няшчырасцю яго выяўлення: “п1шы мне вершы // кажы мне словы // тольк1 ня трэба // л1рык1” [124, с. 19]. У пэўным сэнсе гэтая рэакцыя (у айчыннай літаратуры нават запозненая), па словах Р.Барта, натуральная для сучаснага чалавека: “Дыскрэдытаваную сучаснай грамадскай думкай любоўную сентыментальнасць закаханы суб’ект павінен прызнаваць у сабе як радыкальную трансгрэсію, што робіць яго самотным і безабаронным; дзякуючы цяперашняй інверсіі каштоўнасцей, якраз у гэтай сентыментальнасці і заключаецца непрыстойнасць кахання” [125, с. 213].

Шырокараспаўсюджаным прыёмам выступаюць і метамарфозы суб’ектаў кахання, што само па сабе з’ява не новая ў вербальным мастацтве інтымнага характару. Аднак трэба адзначыць адметнасць пераўвасабленняў герояў ХХІ ст., якія прадстаюць у нетрадыцыйных для любоўнай лірыкі абліччах. Так, не могуць не ўразіць поўныя драматызму “драпежныя” вобразы самотнай ваўчыхі (зб. “Валавуд” В.Куртаніч), гераіні-змяі (зб. “Над замкавай вежай” Л.Рублеўскай) і нават жанчыны-ваўкалака (зб. “Падданыя кахання” З.Дудзюк). Побач з прыведзенымі трансфармацыямі, у якіх, безумоўна, угадваюцца фальклорна-міфалагічныя вытокі, нярэдкія ў сучаснай паэзіі пераўтварэнні, заснаваныя на гранічна суб’ектыўных асацыяцыях, кшталту “я – басе 1 ты басе” [124, с. 27] (“PAGER-вершы” Г.Лабадзенкі), “ты – мая зорка, а я – твая чорная дзірка” [126, с. 55] (зб. “Дыяфрагма” В.Жыбуля) або “Не прислоняться! // Я – дзверы ў вагонах метро” [127, с. 37] (зб. “Я тоненькая як твае вейкі” В.Морт). Нарэшце, самы папулярны прыём у сённяшняй любоўнай лірыцы – увасабленне закаханых у выглядзе дзвюх рыбін (вершы У.Арлова, Л.Сільновай, Л.Раманавай, В.Куртаніч, Ус.Гарачкі, В.Жыбуля і інш.), што падаецца цалкам заканамерным, калі ўлічыць іманентную скіраванасць такой вобразна-мастацкай структуры на раскрыццё адной з актуальных праблем зносін паміж мужчынам і жанчынай – мовы кахання.

Нельга не заўважыць прыкметнай тэндэнцыі да ігнаравання вербальнага кампаненту ў стасунках паміж закаханымі. У сувязі з гэтым на старонках многіх зборнікаў інтымнай лірыкі прама ці ўскосна ўздымаецца на першы погляд правакацыйнае пытанне: “Але скажыце: // Навошта любові вершы?” [123, с.50]. Насамрэч актуалізацыя закліку да паэтаў “маўчаць аб каханні” тычыцца не перспектывы існавання любоўнай вершатворчасці, а заўсёднай і ўжо згаданай вышэй праблемы “шчырасці сублімацыі”, што, паводле Б.Вышаслаўцава, ёсць “крытэрый сапраўднай каштоўнасці, «мастацкай праўды»” [71, с. 55]. Іншымі словамі, такім незвычайным чынам – ад супраціўнага – уздымаецца праблема сутыкнення інтымнай і “псеўдаінтымнай” лірыкі, рэальнай і абстрактнай аксіялагічнай значнасці самога пачуцця, верыфікацыйнай ці фальсіфікацыйнай арыентаванасці слова. Недарэмна ў раскрыцці гэтай ідэі паўтараецца вобраз творцы-нарцыса, працэс напісання любоўных вершаў для якога выступае актам самалюбавання, засяроджанасці на сваім “Эга” (вершы “Як тысячы гадоў таму…” В.Русілкі, “ап’янелы ад суму паэт любаваўся сабой…” В.Трэнас):
Як тысячы гадоў таму,

Паэт спявае пра каханне.

Гучаць гарачыя прызнанні,

Як тысячы гадоў таму.

Ды Богам дадзена яму

Любіць сябе ў зачараванні.

А вам – гарачыя прызнанні,

Як тысячы гадоў таму [128, с. 66].


Тут дарэчы будзе назваць і такую рысу сучаснай лірыкі, ды і ўвогуле літаратуры, як цяга да мініяцюрных форм, што часам вызначае паэтыку цэлых інтымных зборнікаў (“Вершаняты” Г.Каржанеўскай, “Лісты да цябе”, “Промнік позірку твайго” А.Зэкава, “Даты” Ус.Гарачкі, “PAGER-вершы” Г.Лабадзенкі, “Вершы ад А.” А.Спрынчан і інш.). У любоўнай паэзіі акрэсленая адметнасць спалучаецца з лаканізмам выяўлення сваіх пачуццяў, патрабаваннем вялікай ідэйна-асацыятыўнай напоўненасці мікраверша, а не стварэння фрагмента, замалёўкі, адзінкавага вобраза, афарызма, як, скажам, у пейзажнай ці філасофскай лірыцы. Узгадаем вядомае двухрадкоўе Р.Барадуліна – паэму, паводле ўласна аўтарскага жанравага вызначэння: “Мне цябе не стае // Тае…” [129, с. 329]. Падобныя сэнсава ёмістыя мініяцюры складаюць важкую плынь у сённяшняй інтымнай паэзіі: “Мне так баляць // Мае забітыя жаданні, // Што нават страшна // Ад з’яўлення новых” [128, с. 5] (В.Русілка, зб. “Ажына”); “З табою // ўдваіх // нас болей, // чым іх” [126, с. 98] (В.Жыбуль, зб. “Дыяфрагма”); “ліпаю запахла ў снежні // за межамі кахання // нічога болей // не засталося” [130, с. 75] (Л.Раманава, зб. “Птушкі і рыбы”) і шмат іншых.

Акрамя таго, у інтымнай лірыцы новага стагоддзя слоўная формула “я цябе кахаю” губляе сваё сакральнае значэнне. Зразумела, уніканне ў мастацкай рэальнасці прамых прызнанняў абумоўлена лёгкасцю, будзённасцю, часта беспрычыннасцю прамаўлення любоўных клятваў у рэальнасці эмпірычнай. Дэвальвацыя гэтай фразы ў свядомасці сучаснага чалавека падкрэсліваецца і на стылёвым узроўні. Перадусім гэта замена слоў кахання іх іншамоўнымі адпаведнікамі (I love you, жё тэм, amo te), стварэнне ўласных інтымных вершаў на англійскай мове (Т.Барысюк, В.Морт) або ўвасабленне іх лацінскай графікай (А.Хадановіч, В.Стахвюк, В.Трэнас, Г.Лабадзенка). Заўважаецца, праўда, адвольнасць, а часам непаслядоўнасць, варыянтаў перадачы аднаго і таго ж гука ў гэтых лірычных тэкстах. Складана меркаваць пра эфектыўнасць такіх спосабаў увасаблення паэтычнай думкі, але падыходы ў іх успрыняцці могуць быць розныя: ад канстатацыі зараджэння новай эстэтыкі або прыхаванай дыдактычнай задачы вярнуць словам кахання каштоўнасць, аднавіць іх сапраўдны, першародны сэнс да даніны модзе, дэманстрацыі аўтарамі сваёй адукаванасці ці проста гульні.

Інтымная паэзія пачатку ХХІ ст., трансфармуючы многія агульнапрынятыя ўяўленні аб увасабленні пачуцця кахання ў лірычным тэксце, рэпрэзентуе якасна адрозныя ад ранейшых паводзінскія мадэлі лірычных герояў у сітуацыі любоўнага канфлікту. Традыцыйная ва ўсёй сусветнай літаратуры яго метафара – вайна – адступае на другі план, а часам трактуецца як непрымальны для цывілізаванага чалавека стан адносін: “Пераблытаўшы каханьне з вайной, // не зьдзіўляйся спусташэньню душы, // Бо паўсюль замест падвойных вяршынь // Атрымаеш празаічны двубой” [131, с. 106] (Л.Сом, зб. “Свабода Слова Зіма”). Брутальнасць вырашэння тэмы кахання 90-х гг., прыёмы трэшавай стылістыкі, мэтай якіх быў эпатаж, а вытокам – аберацыйная рэакцыя на ідэалогію палавой стэрыльнасці савецкай літаратуры і адначасова маральна-духоўную энтрапію тагачаснага со­цы­у­му (нагадаем “Я складаю ў торбу твае вочы...”, “Некрафілічнае каханне як лозунг” Зм.Вішнёва, “Замарыў паэт Марыю...” Ус.Гарачкі, “Аўторак пяты” А.Бахарэвіча і інш.), таксама паступова адыходзяць у нябыт. Сутнасць любоўных сутыкненняў сённяшніх герояў даволі трапна адлюстроўвае наступны верш А.Хадановіча:
Недалёка з гульнямі да бяды,

гульні ж алімпійскія, як рубель:

е2-е4 – і ў тры хады

патапіў трохпалубны карабель.


А яна пад ветразем без вады

адарыла позіркам, як рублём,

крочыла – і ты ад яе хады

патануў трохпалубным караблём [132, с. 12].


І хоць каханне яшчэ часам успрымаецца “крывавай карыдай”, што прызначаецца лірычнаму суб’екту любай жанчынай (Г.Лабадзенка), якая да таго ж можа “расстраляць яго сваім позіркам” і “дабіць сваімі вуснамі” (В.Жыбуль), сутнасць такога знешняга канфлікту хутчэй нагадвае “марскі бой”. Зыход яго заўсёды мірны, а пацярпець у выніку можа толькі папера. Магчыма, паслабленне разбуральнага пачатку ў сённяшняй лірыцы звязана з тым, што ініцыятарам “вайны-гульні” пераважна выступае Яна.

У сваю чаргу, у фемінным любоўным дыскурсе таксама назіраецца пэўная мадыфікацыя вобраза жанчыны. Гэта стварэнне мэтаскіраванай асобы, здольнай абараняць сваё пачуццё, а пры адсутнасці ўзаемнасці – супрацьстаяць адзіноце, бо ёй “надакучыла быць слабою” [133, с. 42], і яна кіруецца дэвізам “але я імкнуся (гэта значыць даб’юся)” [122, с. 60]:


Ты – не мой каханы,

так, памылка.



Мой каханы не прыносіць болю,

мой каханы не ілжэ ніколі,

ён ахоўнік і майго спакою,

сэрца любай не дзярэ, бы голкай...

Выляжанку тую б задаволіў, а мяне не варты. Аніколькі.

І таму апошняя адсылка:

я каханай буду

не табою [134, с. 26]. (В.Куртаніч)
Актыўнасць і ўнутраная моц лірычнай гераіні можа быць як яўнай (вершы В.Куртаніч, Г.Булыка, Г.Каржанеўскай, В.Аксак, Л.Сільновай, Л.Сом, С.Явар, С.Шах, В.Трэнас), так і латэнтнай (творчасць Л.Рублеўскай, І.Багдановіч, А.Спрынчан, Джэці, В.Морт і інш.). Іншымі словамі, шэрагі “слязлівых ахвяр”, або “разрумзаных Фрузаў”, калі скарыстацца тэрміналогіяй С.Дубаўца [135, с. 19], сёння відавочна радзеюць.

Такая “я-канцэпцыя” лірычнай гераіні цалкам апраўдана для літаратуры, дзе адбываецца працэс ураўнаважвання гендэрнай дыспрапорцыі, або асіметрыі, асабліва прыкметны ў любоўнай лірыцы, што ўспрымаецца сёння (прынамсі колькасна) пераважна жаночай сферай дзейнасці. “Ваяўнічы” наступ слабога полу адчувальны і ў назвах многіх кніг ХХІ ст., аўтарамі якіх з’яўляюцца жанчыны. “Blonde attack” або “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” – надзвычай паказальны факт. Псіхалагічны партрэт сённяшняй пакрыўджанай мужчынам лірычнай гераіні хутчэй нагадвае амазонку: “Я склала зброю. Стаптала боты. // Зламала кіпці. Пайшла дадому” [122, с. 89]. Таму і стан пакінутасці для яе не падстава для дэпрэсіі, а чарговая перадышка, бо хутка зноў “пачынаюцца ловы // пачынаюцца ловы” [122, с. 16].

Зусім па-іншаму ў інтымных гінатэкстах фарміруецца вобраз лірычнага аб’екта. Найперш заўважаецца тэндэнцыя да яго дэгераізацыі, г.зн. замяшчэння вобразам “антыгероя”. У культуралогіі, як вядома, пад гэтым паняццем разумеюць пратаганіста з сумнеўнай сістэмай каштоўнасцей, шэрую, не здольную на смеласць і высакародства, асобу. Апісанне такіх тыпаў у сучаснай жаночай лірыцы набывае як прыватную праекцыю – у выглядзе выкрывальнай характарыстыкі сутнасці каханага (часцей былога), – так і агульназначную, сацыяльную, бо “даўно бракуе рыцарскіх традыцый” [136, с. 70] (Г.Каржанеўская, З.Дудзюк, В.Куртаніч, В.Трэнас, В.Морт, Джэці і інш.). Неаднаразова нават падаюцца яскравыя, цэласныя партрэты-дэфініцыі такога кшталту “герояў-палюбоўнікаў”:
… то йдзе прытомны,

мой Адзін-адзіны

са словамі, як вёрткія вужы,

з усмешкамі, як слізкія смаўжы,

з вачыма, як халодныя глыжы,

і на вяроўцы лёс вядзе ваўчыны [134, с. 50].


Сярод радыкальна-нязвыклых прыёмаў стварэння новага персанажа ў інтымнай лірыцы можна назваць наданне яму рыс Трыкстэра. І тады: “…знаёмцеся, мой герой – // Пэдра Пабітая Пыса” [137, с. 16].

Цікава, што аналагічныя думкі адносна спецыфікі героя сучаснай паэзіі гучаць і ў многіх паэтаў-мужчын. “Захварэў герой на гераін. // Гераін героя перамог. // Жыў адзін, ну і сканаў адзін. // Час не гераічны, бачыць Бог” [138, с. 61], – сцвярджае А.Глобус. “Па святах трох1 мы мужчынк1” [124, с. 12], – на іншы лад паўтарае Г.Лабадзенка. “Засынаюць прынцы, пысамі ў тортах” [132, с. 49], – дадае А.Хадановіч.

Разам з тым у мужчынскай інтымнай лірыцы кардынальна адрозніваецца ўвасабленне вобраза любай жанчыны. Канцэпцыя гераіні тут вырашаецца пераважна праз яе традыцыйнае ўзвышэнне і абагаўленне. Мастацкая рэалізацыя гэтага прынцыпу часта прадугледжвае праяўленне, так бы мовіць, “сіндрома Галатэі” – супадзенне рэальнага і ідэальнага вобраза ў адной асобе, стварэнне ажыццёўленай мроі (У.Арлоў, Э.Акулін, Я.Лайкоў, А.Хадановіч). Больш таго, у поўнай адпаведнасці з класічнай практыкай любоўнай вершатворчасці, каханая можа паядноўваць у сабе рысы ўсіх жанчын свету, выступаючы мегавобразам і метавобразам адначасова (У.Арлоў, А.Зэкаў). Такая пазіцыя ў многім абумоўлівае агульную гарманічную, а часам ідылічную, атмасферу лірычных тэкстаў пра каханне (В.Ярац, Э.Акулін, У.Арлоў, А.Зэкаў, Я.Лайкоў, Г.Лабадзенка і інш.). У параўнанні з фемінным любоўным дыскурсам, дзе спарадычна праступае драматычны модус мастацкасці, выкліканы душэўным разладам гераінь, інтымную лірыку паэтаў-мужчын характарызуе ўнутраная бесканфліктнасць (калі, вядома, разумець канфлікт як разбуральную з’яву).

Трэба сказаць, што паэткамі таксама ствараецца ідэальны вобраз каханага як альтэрнатыва “антыгерою”, але сферы функцыянавання гэтых суб’ектаў выразна падзелены. Непераадольная мяжа праходзіць паміж рэальнай і віртуальнай прасторамі (такое адасабленне ў прыведзеным вышэй вершы В.Куртаніч абазначана нават графічна). Першая выступае тэрыторыяй чакання і адзіноты. Другая, што суадносіцца ў свядомасці гераінь са сном, марай, фантазіяй, паэзіяй ці іншым часам, атаясамліваецца са светам, дзе жыве Ён – “прывідны хлопчык” (Л.Сом), “несустрэты рыцар” (Л.Рублеўская), “чараўнік верасовы”, “сфантазіраваны рыцар” (І.Багдановіч), “неіснуючы сябра” (В.Трэнас). Не дзіўна, што і каханне даволі часта суправаджаецца эпітэтам “непражытае”, “няздзейсненае”, “няспраўджанае”:


Мае рамантычныя, гжэчныя, годныя,

Вы не адшукалі мяне.

Таму маё сэрца ды вочы халодныя,

Іх болей нішто не кране [131, с. 78]. (Л.Сом “Гэроі”)

Насуперак вядомаму стэрэатыпу, шэраг аўтараў складае свае любоўныя вершы ў гонар каханай-жонкі (Э.Акулін, А.Зэкаў, В.Шніп, Я.Лайкоў і інш.). Правільнасць інтэрпрэтацыі адрасата забяспечваецца не толькі кантэкстам верша, дзе ўказваецца імя і сацыяльны статус гераіні, але і з дапамогай рамачных кампанентаў твора – загалоўка (назвы) ці прысвячэння.

Згаданыя прыёмы надаюць вершу форму паслання, дамінантную ў многіх зборніках інтымнага характару (“Лісты да цябе” А.Зэкава, “Сто лі100ў на tut.by” А.Хадановіча, “PAGER-вершы” Г.Лабадзенкі), што дае падставу гаварыць пра адраджэнне амаль забытай разнавіднасці лірыкі – альбомнай. Праўда, у ХХІ ст. яе жанравая сістэма значна пашырае свае абсягі. Гэта не толькі мадрыгал (А.Зэкаў), але і інтэрнэт-ліст (А.Хадановіч), pager-накцюрн, SMS-пасланне (Г.Лабадзенка), а таксама шматлікія калыханкі – любоўныя, філасофскія, іранічныя і нават жахлівыя (А.Хадановіч, Джэці, Ус.Гарачка, В.Трэнас, Г.Лабадзенка і інш.).

Увогуле, пранікненне ў мастацкую прастору любоўнага верша прыкмет тэхнагеннай цывілізацыі, навуковай лексікі, тэрміналагізацыя тропаў – адна з дыферэнцыяльных рыс сённяшняй любоўнай паэзіі. Такая тэндэнцыя актуалізавалася яшчэ ў 90-я гг. ХХ ст., калі выразы, кшталту “перыкардная пустата цярпення”, “адажыо надзеі”, “амальгама абавязку” (Л.Дранько-Майсюк) ці “ногі – кантактная міна”, “у пачуццях нашых – інфляцыя” (Э.Акулін) сталі рэгулярна ўжывацца ў творах інтымнай лірыкі, што, з аднаго боку, надавала ёй вобразна-стылістычную навізну, з другога – не заўсёды арганічна ўпісвалася ў эмацыянальна-пачуццёвы кантэкст верша.

Калісьці ў інтымнай паэзіі М.Танка адным з такіх эксперыментаў стаў верлібр, патэнцыйна прыдатны для ўвасаблення дыскурсіўнага, а не экспрэсіўнага пачатку. Сёння верлібраў любоўнага характару не піша толькі лянівы, што ў пэўнай ступені дэтэрмінавана імкненнем да інтэлектуалізацыі і філасафічнасці верша, а таксама акрэсленым вышэй пранікненнем навукі ў літаратуру. Фармальныя эксперыменты ХХІ ст. вядуцца пераважна ў кірунку жанравай дыфузіі, зрашчэння двух, а то і трох роз­­ных архітэктанічных форм. Прыкладам можа служыць цыкл Ю.Пацюпы “Юрлівыя санеты”, які з’яўляецца даволі ўдалай спробай спалучыць у структуры санета адзнакі некалькіх жанраў, адначасова не губ­ляючы кампазіцыйных і зместавых патрабаванняў да кожнага з іх (санет-газель-туюг “Эпікурэйства”, са­нет-брахікалан “Шчадрыца”, драпа-санет “Самнамбулізм” [139]). Імкненне з’яднаць у адзінае мастацкае цэлае верлібр, акраверш і таўтаграму (дакладней, “мінітаўтаўтаграму”) вызначае паэтыку цыкла “Першы тыдзень без цябе” В.Шніпа.

Прынцып узаемапранікнення назіраецца і ў адносінах да зместава адрозных відаў лірычных плы­­ней (ін­тым­най, пейзажнай, грамадзянскай, філасофскай). Маецца на ўвазе не толькі папулярная на працягу апошніх дзесяцігоддзяў праекцыя традыцыйных воб­ра­заў-сімвалаў, паняційнага апарату, сутнасна прызначанага для вы­ра­жэння любоўных па­чуццяў, на іншыя тэматычныя сферы (“Дзеўка-зіма прыйшла белатварай марай // і цалуе ўзасмак белазубай згубай” [132, с. 89]), але і выкарыстанне тэмы адносін паміж мужчынам і жанчынай для данясення пэўных сацыяльных, філасофскіх, нацыянальна-патрыятычных ідэй (В.Шніп, У.Арлоў, В.Аксак, Л.Сільнова, Джэці і інш.). Нягледзячы на тое, што такі верш арганізоўваецца дзякуючы менавіта любоўнай тэматыцы, аб’ект кахання непасрэдна ў творы не прысутнічае, бо часцей за ўсё яму адведзена другарадная, фонавая функцыя ці роля рэцыпіента:
Рана ці позна зіма праміне,

Быццам святло загарыцца ў вакне

Ціхай кватэры, дзе ты не памрэш,

Быццам бы мой недапісаны верш,

Верш, што табе я адной прысвяціў,

Быццам бы свечку ў царкве запаліў.

Рана ці позна зіма праміне,

Рана ці позна не будзе мяне,

Вецер снягамі мой шлях замяце,

Шлях мой вясною праз снег прарасце,

Быццам святло загарыцца ў вакне

Ціхай кватэры, дзе ты без мяне

Будзеш чытаць мой зажураны верш,

Верш, у якім ты, як рыфма, жывеш…

Рана ці позна зіма праміне [140, с.49]. (В.Шніп)
Аднак калі разглядаць гэты тэкст з боку яго прыналежнасці да філасофскай ці пейзажнай лірыкі, дзе вобраз каханай існуе натуральна і нязмушана, “як рыфма” ў вершы, то трэба, наадварот, канстатаваць заўсёдную і паўсюдную прысутнасць любай жанчыны ў духоўным жыцці персанажа. Для апісання гэтай сітуацыі можна скарыстацца метафарай шклянкі, якая, у залежнасці ад ракурсу погляду, або напалову пустая, або напалову поўная. Іншымі словамі, у дачыненні да такіх твораў правамерна гаварыць пра парадаксальны факт адсутнасці / нябачнай прысутнасці вобраза каханай.
Падсумоўваючы сказанае вышэй, можна зазначыць, што ўзмацненне асобаснага, суб’ектыўнага пачатку, што выступае атрыбутыўнай прыкметай сучаснай лірыкі, пачынаючы з 80-х – 90-х гг., у новым стагоддзі нярэдка дасягае сваёй крайняй мяжы, фарміруючы эгапазіцыю творцы. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе гаварыць аб павышэнні ролі так званай “аўтакамунікацыі” (Лотман), што рэалізуецца ў інтымнай лірыцы ў дачыненні як да ўнутранай адрасаванасці, выяўленай на ўзроўні “камунікатар – рэцыпіент”, так і да знешняй – праз мінімалізацыю вербальных сродкаў у зносінах паміж лірычным суб’ектам і аб’ектам верша.

У дачыненні да форм мадыфікацыі лірычнага персанажа ХХІ стагоддзя можна гаварыць пра факт адсутнасці прататыпа ідэальнага героя ў інтымнай лірыцы сучасных паэтак, што, аднак, не супадае з ўяўленнямі творцаў-мужчын пра аб’екты іх пачуццёвых інтэнцый, рэпрэзентацыя якіх пераважна адбываецца ў традыцыйным для любоўнай паэзіі рэчышчы.

Выразная тэндэнцыя пошуку новых зместава-фармальных сродкаў сведчыць на карысць таго, што інтымная паэзія на сучасным этапе губляе статус аднаго з самых кансерватыўных відаў лірыкі і ўяўляе сабой сістэму, адкрытую для навацый і эксперыментаў у духу запатрабаванняў часу.


ЗАКЛЮЧЭННЕ
У сувязі з тым, што даследаванні інтымнай паэзіі ў ХХ стагоддзі вяліся пера­важ­на ў межах аналізу лірыкі як роду літаратуры, г.зн. на перыферыйным узроўні, нека­то­рыя тэарэтычныя пытанні на сучасным этапе патрабуюць дэталёвага разгляду. Най­перш гэта праблемы тэрміналогіі (карэляцыі паняццяў “інтымная” і “любоўная” лі­ры­ка). Так, традыцыйнае атаясамліванне тэрмінаў “інтымная” і “любоўная” лірыка пра­­ва­ме­р­на толь­кі ў адносінах да пачуцця кахання як мастацкага субстрату абе­дзвюх з’яў. Па­­няцце “лю­боў­ная” лірыка не можа выступаць субстытутам азна­чэн­ню “інтымная”, бо арганічна ўва­хо­дзіць у семантычную сферу апошняга ў якасці яе элемента, струк­тур­­най часткі. Пры гэтым улас­на паэзія кахання – з’ява шмат­аб­ліч­ная і неаднародная. Раз­­настайнасць мадыфікацый лі­рычнага аб’екта (знешняга адрасата) – намі­наль­ная ад­­сутнасць, аморфнасць ці ак­тыў­ная, самастойная роля, якая функцыянальна на­блі­жае яго да другараднага вобраза-суб’екта, – дазваляе вы­лучыць у інтымнай лірыцы не­­­­калькі груп. Дэаб’ектная любоўная паэзія грун­ту­ец­ца на своеасаблівай аберацыі кан­­­крэтнага пачуцця і ахоплівае вершы-сузіранні, рэ­­флек­сіі, філасафемы, а таксама сю­­­жэтныя лірычныя творы. Поліаб’ектную лі­ры­ку рэ­пре­зентуюць вершы, на­­ро­джа­ныя шматскіраванасцю паэтычнай энер­гіі. Прык­метай для ты­па­логіі другой гру­­пы з’яў­ляецца трансфармацыя форм по­лі­аб’­ек­та, што выступае зборным, аба­гуль­не­­ным, су­марна-цэласным і сін­хрон­на-ата­мар­ным. Ступень пазнавальнасці пра­та­ты­па па­­кла­дзе­на ў аснову падзелу мо­на­аб’­ект­най лірыкі. Аўтар можа апяваць сапраўднае імя прад­­мета захаплення, яго псеў­данім, карыстацца метафарычнай умоўнай маскай ці ўжы­ваць займеннікі.

Беларуская любоўная лірыка – частка агульнасусветнага культурнага пра­цэ­су, якая аба­пі­раецца на еўрапейскія мастацка-эстэтычныя традыцыі і выяўляе раз­на­стай­насць шляхоў узнік­нення ана­­ла­гіч­ных феноменаў на дыяхранічным узроўні. Да пры­кла­ду, све­таадчуванне А.Бар­скага відавочна фарміравалася пад уздзеяннем ан­тыч­най куль­­­туры. Аднак у поў­ным сэнсе яго інтымна-эратычную лірыку на­зваць анта­ла­гіч­­най нель­га. У большай ступені выяўленыя ўплывы маюць знешні, ма­стацка-вобраз­­ны ўзро­вень за­сва­ен­ня традыцый, а таксама ўскосны, апасрод­ка­ва­ны характар, бо пра­йшлі праз некалькі эс­­тэ­тычных сістэм.

Станаўленне творчай асобы Я.Чыквіна звязваецца з творчасцю рускіх і еўра­пей­­скіх кла­сікаў, з шэрагу якіх асобна вылучаецца імя А.Фета. Аналагічныя фено­ме­ны ў па­­э­зіі або­двух аўтараў мэтазгодна кваліфікаваць найперш як тыпалагічныя сы­хо­джан­ні, дэтэрміна­ва­ныя аднолькавасцю, тоеснасцю іх філасофска-эстэтычных по­глядаў. Кан­­­тактныя адносіны – уплы­вы – з’яўляюцца хутчэй за ўсё ўскоснымі, і пад­муркам ім слу­­жыць найперш падсвядо­мае перажыванне беларускім пісь­мен­ні­кам засвоенага ім ма­­стацка-эстэтычнага вопыту А.Фета.

Літаратурная генеалогія Р.Баравіковай узыходзіць да рускай паэзіі “срэбнага ве­­­ку”, найперш да творчасці Г.Ахматавай, і мае характар свядомага на­­сле­да­ван­ня. Пры гэ­тым сутнасная непадобнасць псіхалогіі лірычных гераінь дэ­­тэр­мі­на­ва­­на рознымі ты­памі пачуццёвасці: “месяцовым”– рускай аўтаркі і “со­неч­ным” – бе­ла­­рус­кай. Бліз­касць светаўспрымання пры непадобнасці псіхатыпу на­ра­­джа­­е ад­ноль­кавыя сі­ту­а­­цый­ныя мадэлі і адначасова розныя спосабы іх вы­ра­шэн­­ня, што да­зва­ляе ўспрымаць лю­­боў­ную лірыку Р.Баравіковай арыгінальнай з’я­вай.

У творчай самаідэнтыфікацыі Л.Дранько-Майсюка зыходным пунктам вы­сту­­пае эс­­тэ­тыка французскага мадэрнізму. Аднак прамое і свядомае пераасэнса­ван­не ім твор­­чых на­быт­каў “выклятых” паэтаў абмяжоўваецца пераважна сты­лё­вым уз­роў­нем. Пры гэтым асоб­ныя іманентныя рысы светаўспрымання французскіх аў­та­раў, адмет­на­­сцей іх света­пог­ляд­ных і паэтычных сістэм з’яўляюцца не­ад’­ем­нымі атрыбутамі ма­­стацкай рэальнасці Л.Дрань­ко-Майсюка.

Трэба зазначыць, што плённае засваенне сучаснымі айчыннымі аўтарамі набыткаў сусветнага вопыту не зво­дзіц­ца да прымітыўнай імітацыі і сляпога пе­ра­й­ман­ня. Кож­ны з іх здо­леў стварыць адметны і самадастатковы паэтычны свет любові і ка­хан­ня, дзе арга­ніч­на знітаваны індывіду­аль­ны, нацыянальны і агульначалавечы па­ча­т­кі.

Інтымная лірыка апошніх дзесяцігоддзяў у асэнсаванні феномена кахання ары­­­­­ен­­ту­ецца пе­раважна на дыскурс неаплатанізму з яго сінтэзам усходніх дактрын з грэ­­час­­кай філасофі­яй і вытлумачэннем любові як сродку ўзнаўлення цэласнасці ча­­ла­ве­­чай асо­бы. На мас­тац­кую рэалізацыю пачуцця кахання ўплывае і дуалізм ве­ра­вы­знан­­ня, цесная зні­тава­насць у свядомасці беларуса хрысціянскага і языч­ніц­ка­га пачат­каў, а таксама абумоўленая менталітэтам спецыфіка на­цы­я­­наль­нага эрасу. Тра­­­ды­цый­ныя маральныя ім­пе­ра­ты­вы беларуса найперш праяўляюц­ца ў стры­ма­на­­сці, пры­­ха­ва­на­сці выражэння пачуццяў праз сво­­е­асаблівыя сім­ва­лы і коды; у са­ма­­­ад­да­на­й ах­вяр­на­сці; нерашучасці і пасіўнасці асо­­бы муж­чын­скага полу ў ка­хан­ні; блізкасці лю­боў­ных перажыванняў да патрыятычных па­­чуц­цяў, што надае бе­ла­рускай ін­тым­най лі­ры­цы свой непаўторны характар.

Пры гэтым адметнае аблічча мае і сучасная беларуская інтымная лірыка, якая ўяўляе сабой адкрытую мастацкую сістэму, знаходзіцца ў бес­­пе­­ра­пынным руху і абнаўленні і валодае комплексам дыферэнцыяльных рыс. Дамінантамі яе развіцця з’яўляюцца


  • прынцыповая замкнёнасць унутранага свету, прыхаванасць пачуцця эмпірычнага аўтара, што выяўляецца як у пашырэнні дэаб’ектнай і поліаб’ектнай лірыкі, так і ў наступных прыёмах:

А) тэндэнцыі да герметызацыі любоўнага верша;

Б) прымерванні масак;

В) пераасэнсаванні міфалагічных гісторый любоўнага характару;

Г) наданні інтымнаму вершу гумарыстычнага характару;



Д) нетрадыцыйных для любоўнай лірыкі метамарфозах суб’ектаў кахання;

  • інтэлектуалізацыя, філасафічнасць і псіхалагізм, што абумоўлі­ва­юць плюралізм у асэн­саванні феномена кахання, адэ­кватнае мастацкае ўвасабленне розных яго іпа­ста­сей (erōs, philia, storge, agapē, caritas, ludus, mania, pietas, pragma);

  • тэндэнцыя да ігнаравання вербальнага кампаненту ў стасунках паміж закаханымі;

  • рэпрэзентацыя якасна іншых паводзінскіх мадэлей лірычных герояў;

  • актыўны пошук новых жанрава-кампазіцыйных і фармальна-стылёвых маг­чы­ма­с­цей, які вядзецца найперш праз актуалізацыю форм кла­січ­най еўрапейскай і ўсход­няй паэзіі, а таксама праз жанравы сінкрэтызм, дыфузію архітэк­та­­ні­ч­ных форм, тэр­мі­на­ла­гізацыю і праза­і­за­цыю тропаў;

  • разняволенасць у выяўленні перажыванняў, рэабілітацыя зямнога, плоцевага ка­хан­ня, ад­сутнасць “забароненых” тэм; спарадычнае скажэнне духоўна-цялеснай раўнавагі, узмацненне брутальных ма­ты­­ваў як аберацыйнай рэакцыі на маральна-духоўную энтрапію сучаснага со­цы­у­му, ім­кнен­­не да ідэалу шляхам негатыўнага досведу;

  • кантамінацыя інструментарыя зместава адрозных відаў лірычных плы­­ней (ін­тым­най, пейзажнай, грамадзянскай, філасофскай), праекцыя трады­цый­­ных воб­ра­заў-сім­валаў, устойлівых любоўных формул на іншыя тэматычныя сферы і выкарыстанне тэмы адносін паміж мужчынам і жанчынай для данясення пэўных сацыяльных, філасофскіх, нацыянальна-патрыятычных ідэй.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка