“Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”




старонка1/11
Дата канвертавання14.03.2016
Памер2.59 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11



Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

“Гомельскі дзяржаўны універсітэт

імя Францыска Скарыны”



А. В. БРАДЗІХІНА



Сучасная беларуская інтымная лірыка: тэндэнцыі і перспектывы развіцця



Гомель

2009


УСТУП
Заканамерны ў грамадстве тэхнагеннай цывілізацыі анамійны стан соцыуму і ма­раль­на-псіхалагічны крызіс свядомасці асобы на мяжы тысячагоддзяў вымагаюць ак­тыў­на­га перагляду аксіялагічных прыярытэтаў. Пошук шляхоў да гарманізацыі, духоўна-ця­лес­най сіметрыі індывіда патрабуе пільнай увагі да сёння непаўнавартаснай – атра­фі­раванай у працэсе антрапалагічнага развіцця з яго спажывецкай арыентаванасцю, – але важнай, нават вызначальнай, структурнай часткі арганізацыі чалавечай істоты – ду­­хоўнай. У гэтым сэнсе літаратура ўвогуле і найбольш сугестыўная яе частка – па­э­зія – у прыватнасці выступаюць не проста як мастацкае мадэляванне жыцця, а, з’яўляю­чыся знешне пасіўнымі, непрыкметнымі і адначасова дзейснымі маральнымі ім­пе­ра­ты­вамі, адыгрываюць вялікае значэнне ў фарміраванні ўнутранага свету чалавека.

У сваю чаргу, інтымная лірыка, карыстаючыся вялікай папулярнасцю ў чытац­кай (асаб­ліва жаночай) аўдыторыі, незалежна ад узросту і адукацыйнага ўзроўню, мае найбольшыя патэнцыі эмацыянальна-пачуццёвага ўздзеяння на чалавечую свядо­масць, бо суадносіцца з жыццёвым вопытам і ўнутранымі перажываннямі амаль кож­­най асобы. І гэта невыпадкова, бо адной з эмацыянальна-каштоўнасных сут­­­на­с­цей, што канстытуіруе індывіда як цэ­лас­ную і са­мадастатковую асобу, было і за­ста­ец­ца каханне.

Творчае ўвасабленне зга­да­нага пачуцця ў практыцы су­свет­на­га ма­стац­тва слова мае кантынуальны характар, што да­зва­ляе гаварыць пра яго заў­сёдную актуаль­насць. Пры гэтым “вечнасць” любоўнай тэматыкі не абазначае аднолькавасці, аднапланавасці, статычнасці адлюстравання пачуццця ў вербальным мастацтве. Ня­гледзячы на ўстойлівасць, “канстантнасць” прадмета ад­люстравання, на кож­ным эта­пе культурнага развіцця пры­го­жае пісь­менства падае пры­клады адметнага філасофска-аксіялагічнага, пра­­блемна-зме­ста­вага і фармальна-сты­­лёвага выяўлення кахання і звязаных з ім пра­блем і кан­флік­таў. Пры­чы­на не толькі ў шматаблічнасці кахання, разнастайнасці яго варыянтаў, унікальнасці ўспры­мання для кожнага індывіда. Р.Уэлек і О.Уорэн сцвярджаюць: “Гісторыя пачуц­ця ўяў­­ляе для даследавання значныя цяжкасці, паколькі пачуццё няўлоўнае і адна­ча­со­ва ад­настайнае. <...> Несумненна, аднак, што пачуццё змяняецца, прынамсі спо­са­бы і срод­­кі яго выражэння” [1, с. 131]. Сапраўды, гісторыя развіцця айчыннай любоў­най лі­рыкі выразна дэманструе за­леж­насць мастацкіх падыходаў ва ўвасабленні інтымных пе­ражыванняў ад агульнай ідэалагічнай дамінанты, рэгулятываў палавой ма­ра­лі і куль­турна-эстэтычнай сітуацыі эпо­хі.

Заканамерна, што ў старажытнабеларускай літаратуры, як моцным сродку рас­паў­сюджання і папулярызацыі хрысціянскіх пастулатаў, тэма кахання амаль не за­кра­на­лася. Аднак ужо польскамоўныя вершы С.Полацкага, напісаныя, па словах Л.Званаровай, пад уплывам “ры­цар­­скай культуры польскай шляхты” [2, с. 352], поўняцца пачуццёвасцю і апяваннем жа­­ночага хараства. У ХVIII ст. у практыцы школьнага вершапісання ўзнікае так зва­ная “любоўная” паэзія, якая часам набывае форму “кантаў студных” (непрыстойных), што дэтэрмінавана адмаўленнем старых, строгіх царкоўна-рэлігійных дагматаў і ўзмац­неннем свецкага пачатку ў літаратуры.

ХІХ стагоддзе, як рамантычны этап нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і ан­тра­па­цэн­трычнай скіраванасці, легітымізуе прысутнасць пачуццёвых матываў у культурнай сфе­ры. Польскамоўная літаратура ХІХ ст. падае нам прыклады высокамастацкіх лі­рыч­ных вершаў любоўнай тэматыкі. Вядомы цыкл адэскіх, або эратычных, санетаў А.Міц­кевіча ўтрымлівае скразныя матывы боскага паходжання каханай, захаплення ўсяго свету яе хараством, любоўнага шаленства, катарсісу і інш. Прататыпам створанага паэтам вобраза адначасова рэальнай і незямной жанчыны з’яўляецца Марыля Верашчака, аднак сапраўднае яе імя схавана за ўмоўным літаратурным імем петраркаўскай Лауры. Такая мастацкая “падмена” мае ў сваёй аснове рэальныя падставы – боязь скампраметаваць замужнюю жанчыну. Згаданы вышэй выбар А.Міцкевічам умоўнай маскі для свайго прадмета захаплення – не толькі сведчанне мастацкіх густаў і прыхільнасцей аўтара, але і даволі ўдалая спроба пашырэння літаратурнага кантэксту, наданне імені каханай сімвалічнага гучання. Мастацкі “псеўданім” Лаура ў адукаванага чытача выклікае шэраг прадвызначаных асацыяцый, увасабляе, як і для Петраркі, недасягальнасць любай і веліч і непарушнасць пачуцця лірычнага героя да яе.

Цыкл, як і належыць гэтай форме арганізацыі мастацкага матэрыялу, мае сваю ўнутраную логіку. Успаміны пра гісторыю кахання, сілу любоўнай жарсці (І – VІІ санеты) перацякаюць у творы, поўныя бязмежнай тугі лірычнага героя і драматычных матываў расстання з каханай (VІІІ – ХІV вершы). ХV, ХVІ і ХVІІ санеты (“Дзень добры”, “Дабранач” і “Добры вечар”), храналагічна ахопліваючы суткі, сімвалічна сцвярджаюць заўсёднасць і паўсюднасць прысутнасці каханай для лірычнага героя і вечнасць яго пачуцця. Апошнія пяць санетаў уяўляюць сабой інтымна-філасофскія рэфлексіі паэта. У кантэксце аналізу кампазіцыі цыкла варта прывесці словы У.Мархеля, які слушна зазначае, што адэскія санеты можна разглядаць, як “біяграфію інтымных узлётаў лірычнага героя і яго натхнёнага пасталення” [3, с. 82].

Будучы паэтам-рамантыкам, у любоўнай лірыцы А.Міцкевіч звяртаецца да класіцыстычных прыёмаў. У адэскіх санетах выразна адчуваецца ўплыў рэнесанснай эстэтыкі: наследаванне Петрарку, выкарыстанне вобразаў антычнай міфалогіі, італьянская разнавіднасць кампазіцыі і інш.

Аднак неабходна заўважыць, што паэзія кахання беларускіх польскамоўных пісьменнікаў ХІХ ст. мае пераважна схіль­насць да ліра-эпікі. Жанр балады, у аснову сюжэта якой пакладзены любоўныя калізіі, звяз­ваецца найперш з імёнамі ўжо згаданага А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, Я.Баршчэўскага, Т.Лады-Заблоцкага, А.Ходзькі і інш. Нягледзячы на пэўную абмежаванасць вырашэння канфлікту, зададзеную канонамі жанру, у баладыстыцы пазамінулага стагоддзя назіраецца даволі шырокая рэпрэзентацыя любоўнай тэмы. Гэта і распаўсюджаныя ў вуснай народнай паэзіі ідэя непазбежнага пакарання за парушэнне вернасці, здраду свайму пачуццю (“Свіцязянка” А.Міцкевіча, “Бекеш” Я.Чачота, “Русалка-спакусніца” Я.Баршчэўскага), праблема кахання і злачынства (“Свіцязь” Я.Чачота, “Свіцязь” Т.Зана, “Маліны” А.Ходзькі); і сентыменталісцкія ўзоры гіпербалізацыі пачуццяў (“Фантазія” Я.Баршчэўскага) ці гісторыі-ідыліі (“Калдычэўскі шчупак” Я.Чачота); і класіцыстычная праблема сутыкнення грамадзянска-патрыятычнага абавязку і жадання асабістага шчасця (“Наваградскі замак” Я.Чачота); і вечная тэма велічы кахання, што мацней за смерць (“Дзве бярозы” Я.Баршчэўскага, “Рамантычнасць” А.Міцкевіча). Цікавым уяўляецца і шэраг тэкстаў, заснаваных на мастацкім пераасэнсаванні хрысціянскіх пастулатаў. Сярод такіх твораў трэба назваць “Свіцязь” Т.Зана, у якім, у адрозненне ад аднайменных балад А.Міцкевіча і Я.Чачота, прычыны патаплення цэлага горада звязваюцца з найцяжэйшым смяротным грахом – ганарлівасцю. За падобнае парушэнне норм хрысціянскай этыкі пакарана і гераіня балады “Люблю я” А.Міцкевіча. Непрыкаяная душа ганарлівай Марылі пасля яе смерці асуджана на стогадовыя пакуты і блуканні паміж тым і гэтым светам. Акрамя таго, у баладзе Т.Зана даецца даволі глыбокае разуменне самой сутнасці кахання, зведзенае да формулы: “…хто шчыра кахае, <...> // Той кепскага ў сэрцы не мае, // Той ліха не ўчыніць нікому” [4, с. 208].

З’яўленне першага ўзору арыгінальнай беларускай інтымнай ліры­кі звязваюць з творчасцю Я.Баршчэўскага, які сваім дыдактычным вершам “Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята...” зацвердзіў месца любоўных пачуццяў у беларускамоўнай паэзіі пазамінулага стагоддзя. Невысокі па сваіх мастацкіх вартасцях, названы твор, па меркаванні многіх даследчыкаў, можна разглядаць як пісьменніцкае імкненне далучыцца да тра­ды­цый еўрапейскай літаратуры, як “своеасаблівую рэакцыю на «эро­тыкі» да «анакрэонтыкі» Францішка Князьніна” [5, с. 19] (М.Хаустовіч). Зазначым, аднак, што падкрэслена дыдактычны характар твора, ды і сама ідэя дакору ў адрас простай дзяўчыны за падмену сапраўднага пачуцця ўяўнымі каштоўнасцямі, звязанымі з матэрыяльнымі дабротамі, не дазваляюць гаварыць пра дамінаванне інтымнай тэматыкі ў вершы і, як вынік, указваюць на прыналежнасць яго да так званай эталагічнай лірыкі.

Падобных беларускамоўных твораў з любоўнымі матывамі, але арганізаваных з дапамогай іншай тэматыкі ў айчыннай літаратуры пазамінулага стагоддзя нямала. Так, з шэрагу ўласных вершаў Я.Чачота, змешчаных у адной з кніг “Песенек сялянскіх з-над Нёмана і Дзвіны”, адсутнасцю сентэнцый, адкрытых павучанняў відавочна выбіваецца мініяцюра “Доўга спала дзеванька...”. Названым вершам, напісаным у адпаведнасці з народна-песеннай паэтыкай, паэт найперш сцвярджае думку аб неабходнасці выхавання працавітасці ў селяніна і толькі ў другую чаргу – аб каханні як аб актыўнай сіле, што ўзмацняе фізічныя і духоўныя магчымасці чалавека.

У пэўным сэнсе далучаны да любоўнай праблематыкі і адзіны верш К.Каліноўскага “Марыська чарнаброва, галубка мая…”, які на працягу доўгага часу па прычыне яго двухадраснасці ўспрымаўся як узор грамадзянскай лірыкі. Іншымі даследчыкамі выказвалася думка аб двух розных вершах, памылкова аб’яднаных у адзін твор. Аднак цэльнасць асобы рэвалюцыянера, для якога асабістае шчасце і шчасце народа было непадзельным, існаванне рэальнага адрасата (Марыі Ямант) у многім тлумачаць такое дзіўнае спалучэнне ў перадсмяротным вершы-развітанні К.Каліноўскага.

Нават у “адваката народнага” Ф.Багушэвіча з’яўляецца грамадзянска-патрыятычны верш “З кірмашу”, прасякнуты гарачымі пачуццямі да каханай М.Бурачка – Людвісі.

Пашырэнне абсягаў інтымнай лірыкі ў к. ХІХ – пач. ХХ ст. звязана з агульнымі за­ка­намернасцямі развіцця літаратурнага працэсу ўвогуле і паэзіі ў прыватнасці: лірызацыяй, паглыбленнем суб’ектыўнага пачатку, узмацненнем гума­ні­стычнага пафасу. Адсутнасць уласнай мастацкай традыцыі ў многім тлумачыць з’яўленне спрошчаных, наіўных інтымных вершаў А.Гурыновіча, не менш слабых з мас­тацкага боку, дэкларацыйных вершаў пра новы “савецкі” тып узаемаадносін муж­чы­ны і жанчыны Ц.Гартнага.

Разам з тым сапраўдным дасягненнем тагачаснай літа­ра­ту­ры выглядае высокая і ўзнёслая, шчырая і пранікнёная лірыка кахання К.Буйло. Ра­ман­тычнае ўвасабленне пачуцця ў цэнтры з гераіняй-марай, пазбаўленай інды­ві­ду­аль­ных рыс і псіхалагічнай канкрэтызацыі, характарызуе любоўную лірыку З.Бядулі.

Вызначальнымі для ўсёй беларускай літаратуры постацямі ў апяванні хва­лю­ю­чых пачуццяў выступаюць Я.Купала і М.Багдановіч. У ранняй творчасці першага ка­хан­не разглядаецца самадастатковай з’явай, са спасціжэннем якой узнікае гармонія. Паэт перадае ідэальнае і зямное пачуццё адначасова (нізка “Для яе”), стварае пан­тэ­і­стыч­ны гімн каханню (“Абнімі”, “Яна і я”), увасабляе народны ідэал любові (“Дзяў­чын­цы”). Як і Я.Купалу, М.Багдановічу ўласцівы “шляхетны а далікатны характар беларускага яру, які распаўсюджваецца на ўсе наступныя пакаленні нашых паэтаў” [6, с. 59], – сцвярджае Ю.Пацюпа. У разуменні “Максіма-кніжніка” каханне – гэта ўзае­маповязь радасці і смутку. Паэт упершыню ў беларускай паэзіі глыбока рас­кры­вае праблему кахання і смерці. Моцны філасофскі пачатак, арыентацыя на сусветную куль­турную традыцыю, навацыйнае раскрыццё калізій і напаўненне вобразаў – усё гэ­та стала падставай для ўспрымання М.Багдановіча як творцы, які мае вырашальнае зна­чэнне ў станаўленні беларускай любоўнай лірыкі.

Стры­манай, сціплай, паэтычна “заземленай”, цалкам адпаведнай беларускай нацы­я­наль­най ментальнасці, уяўляецца паэзія кахання Я.Коласа. Колькасна нешматлікая, яго лірыка пра каханне пазбаўлена традыцыйнага паэтычнага ўзвышэння, пачуццё часта мае падкрэслена будзённае ўвасабленне. Лірычны герой не здольны выстаўляць напаказ свае перажыванні, яны выражаюцца стрымана і сціпла.

Абвяргаючы шырока распаўсюджаны літаратурны міф аб амаль поўнай адсутнасці ў Я.Коласа вершаў інтымнага гучання, адзначым, што толькі яго любоўныя вершы-прысвячэнні налічваюць некалькі адрасатаў. Больш дзесятка інтымных твораў прысвечана жонцы пісьменніка Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч. Шэраг поўных закаханасці вершаў адрасаваны паэтцы і перакладчыцы яго твораў на рускую мову С.Сомавай, з якой Я.Колас пазнаёміўся ў Ташкенце ў 1942 г. Больш дзесяці лірычных твораў прысвечана Н.І. Чакалінскай, сям’я якой жыла па суседству з сям’ёй Я.Коласа ў 30-я гг. Згаданыя інтымныя вершы з’явіліся ў перыядычным друку толькі ў к. ХХ – пач. ХХІ стст. і таму дагэтуль невядомыя шырокай грамадскасці. Сказанае вышэй сведчыць пра мэтазгоднасць звароту да гэтай абмінутай даследчыцкай увагай часткі спадчыны пісьменніка. Думаецца, у будучым даследчыкаў чакаюць новыя адкрыцці на шляху вывучэння любоўнай лірыкі нашага класіка. Яго захапленне Аляксандрай Антонаўнай Кетлер, “былінкай”, як называў яе Я.Колас, нарадзіла шэраг інтымных вершаў, якія захоўваюцца ў асабістым архіве А.Кетлер і якія яна завяшчала музею паэта з умовай абнародаваць іх не раней, як праз дзесяць гадоў пасля яе смерці.

У перыяд існавання Савецкай дзяржавы з яе метадамі калектыўнага выхавання стро­гія патрабаванні да літаратуры абавязковага спалучэння ў ёй асабістага і са­цы­яль­на­га, безумоўна, не маглі не адбіцца на якасці вершаў нават прызнаных майстроў сло­ва. Нягледзячы на гэта, беларуская савецкая паэзія ўсё ж пакінула нашчадкам шэраг вер­шаў, якія і сёння застаюцца высокімі ўзорамі інтымнай лірыкі: “Бывай”А.Ку­ля­шо­ва, “Пахне чабор” П.Броўкі, “Белыя яблыні” П.Панчанкі, “Мужчына. Жанчына. Чаканне…” А.Вярцінскага, “Жанчына” Я.Сіпакова і інш. Адметнай у ідэйным і вобразна-выяўленчым планах уяўляецца інтымная лірыка М.Танка. У давераснёўскі перыяд пісьменнік апявае каханне сціплае, прыземлена-вясковае, але натуральнае ў сваёй маральнай чысціні і цэласнасці, асацыятыўна да­лучанае да водару журавінавага цвету (збор­ні­кі “Журавінавы цвет” і “Пад мачтай”). Схільнасць паэта да верлібра, што ў дачыненні да інтымнай лірыкі праявіла сябе з 50 – 60-х гг., заўважны ўплыў на яго вершатворчасць лепшых узораў рускай і польскай класікі, увядзенне ў любоўны верш гумарыстычных элементаў дазваляюць гаварыць пра паэзію кахання М.Танка як навацыйную з’яву ў тагачасным літаратур­ным працэсе.

Беларуская інтымная лірыка на сучасным этапе – складаная і неаднародная ма­­стац­кая сі­­стэ­ма, што ўтрымлівае ў сабе шырокі спектр плыней і тэндэнцый, кі­ру­ец­­ца роз­­ны­мі мастацка-эстэтычнымі канцэпцыямі, анталагічнымі і маральна-этыч­­ны­­­мі арыентацыямі. Тым не менш сур’ёзнага сістэмна-комплекснага даследавання ай­­­чын­най любоўнай ве­р­шатворчасці, у якім арганічна паядноўваліся б знешні і ўнут­­раны па­­ды­хо­ды да вы­ву­чэн­ня літаратуры, дагэтуль здзейснена не было. І хоць па­­эзія ка­хан­­ня асобных аўтараў да­во­лі часта трапляла ў фокус увагі крытыкаў і літа­­ра­ту­ра­знаў­цаў, яна разглядалася пераважна ізалявана, без уліку агульных ім­пе­ра­тываў раз­віцця сучаснай інтымнай лірыкі, выто­каў творчай індывідуальнасці, яе светапоглядных пазіцый, а таксама далу­ча­на­сці да сусветных традыцый.

Менавіта скіраванасцю на шматузроўневы ахоп лірычных тэкстаў пра ка­­хан­не аб­умоў­лена спецыфіка даследавання, якое вядзецца ў адносінах да кожнага творцы ў трох асноўных накірунках: генезіс, тэндэнцыі развіцця, кантэкст. Вы­свят­лен­не літа­ра­тур­най ге­­не­алогіі прадугледжвае пошук уплываў і ўздзеянняў на фа­р­мі­раван­не і станаўленне паэ­тыч­нага таленту, што адначасова да­­зва­ляе падкрэсліць сама­быт­насць, ары­гінальнасць мастацкай індывідуальнасці, а таксама глыбей спасцігнуць ме­­­ха­нізм крэатыўнага пачатку. Другі накірунак да­сле­да­вання звязаны з выяўленнем асноў­ных за­ка­намернасцей развіцця сучаснай любоўнай лі­ры­кі. Паняцце “кантэкст” ра­зу­ме­ецца аў­­­та­рам манаграфіі даволі шырока і пра­ду­гледжвае філасофскі, псіхалагічны, эстэтычны, культуралагічны і літара­тур­ны ас­пек­ты.


1 ПАЭЗІЯ КАХАННЯ: АСПЕКТЫ ТЭОРЫІ І ВЕРЫФІКАЦЫІ


    1. Інтымная лірыка як адметная мастацкая з’ява


У працэсе светаспасціжэння першачарговая роля, як правіла, належыць скла­да­ным і шматгранным стасункам паміж асобай і быццём, што звычайна разгортваюцца ў трох асноўных напрамках: сацыяльнае жыццё індывіда, яго сувязь з колам прыват­ных асоб, узаемазалежнасць чалавека і прыроды. Адпаведна гэтаму ў сучасным пры­го­жым пісьменстве вылучаюцца тры разнавіднасці лірыкі: грамадзянская, інтымная, пей­зажная. Умоўнасць такога падзелу, у аснову якога пакладзена найперш прыкмета зме­сту, хісткасць межаў паміж асобнымі відамі пацвярджаецца эмпірычнай пра­вер­кай, што выяўляе наяўнасць шматлікай колькасці вершаў змешанага тыпу як у кла­січ­най спадчыне, так і ў сучаснай паэзіі. У якасці прыкладу “камбінаваных” твораў мо­гуць выступаць вершы Я.Купалы “Зіма”, “Зімовая ноч”, “Крым”, “Спадчына” і інш., дзе праз замілаванасць пейзажам выяўляюцца патрыятычныя пачуцці.

Многія даследчыкі вылучаюць яшчэ адзін від лірыкі – філасофскую (і нават яе разнавіднасці: уласна філасофскую, навуковую і ме­ды­та­тыў­ную), якая адлюстроўвае рэфлексію асобы ў імкненні спасцігнуць таямніцы све­та­бу­довы, асновы быцця і свядомасці чалавека, дапамагае асэнсаваць феномены часу, вечнасці, смерці, выяўляе напружаны роз­дум пра прызначэнне чалавека на зямлі. Нягледзячы на тое, што “ледзьве не ў кож­ным лірычным творы прысутнічае медытатыўны пачатак” [7, с. 135], не ўласцівая лі­ры­цы дыскурсіўнасць, рацыянальнасць такіх вершаў доўгі час выклікала спрэчкі ся­род літаратуразнаўцаў. Неабходна зазначыць, што эскалацыя вершаў уласна філа­соф­ска­га зместу ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя аформілася ў інтэлектуальна-філа­софскі кірунак і ў айчынным мастацтве слова, які рэпрэзентуюць М.Танк, А.Ра­за­наў, Н.Артымовіч, Г.Булыка, Я.Юхнавец, М.Баярын, І.Бабкоў, У.Арлоў, Г.Дубянецкая і інш.

У працэсе даследавання лірыкі кахання ўзнікае шэраг тэарэтычных пытанняў, звя­з­аных з неакрэсленасцю, некарэктнасцю, неразмежаванасцю пэўных паняццяў або неадназначным вытлумачэннем адпаведных літаратурных з’яў. Адно з іх абумоўлена рас­паў­сю­­джаным меркаваннем, заснаваным на атаясамліванні тэрмінаў “інтымная” і “лю­боў­ная” лірыка. На наш погляд, калі першы з іх мае шырокую семантыку і можа выкарыстоўвацца для выражэння да­во­лі вялікага спектра пачуццяў, то другі з’яўляецца яго састаўной часткай і правамерны ў дачыненні ўвасаблення толькі калізій кахання. Інтымная паэзія скіравана на перадачу перажы­ван­няў асобы, выкліканых яе адносінамі з колам іншых людзей па вузкачалавечай лініі. Праявы сяброўства, кахання, маральнага хараства, духоўнай роднасці, добразыч­лі­ва­сці, глыбока асабістыя думкі знаходзяць сваё адлюстраванне ў творах такога гучання. Паняцце “інтымная” лірыка ўбірае ў сябе паняцце “любоўная” як ад­но з праяўленняў раз­маітай гамы пачуццяў. Так, вершы М.Багдановіча пра тра­пят­кое юнацкае пачуццё (“Пер­шая любоў”), аб “рупным каханні” будучай ма­ці да свайго дзі­цяці (“Да ва­гіт­най”) і поўны глыбокага смутку верш, прасякнуты прадчуваннем бліз­кай смерці (“Не ку­вай ты, шэрая зязюля...”), адносяцца да інтымнай лі­ры­кі ў ад­ноль­кавай ступені, у той час як у тэматычны абсяг любоўнай паэзіі ўва­хо­дзіць толькі першы. Адсюль вы­ні­кае, што тэрмін “інтымная” паэзія можа выступаць субстытутам аз­на­чэнню “любоў­ная”. Тым не менш не ўяўляецца мэтазгодным цалкам ідэн­ты­фі­ка­ваць любоўную лі­ры­ку з інтымнай. У адносінах да твораў аб уза­емадачыненнях па­між мужчынам і жан­чы­най названыя паняцці можна тра­ды­цый­на кваліфікаваць як сі­на­німічныя, усё ж не ад­маўляючы іх відавочную сэнсавую і функцыянальную ад­роз­насць.

Аднак цяжкасці, звязаныя з вызначэннем асаблівасцей такога віду лірыкі, як ін­тымная, не вычэрпваюцца праблемай тэрміналогіі. У шматгадовай дыскусіі адносна ды­­ферэнцыраванага падыходу да мужчынскай і жаночай паэтычнай творчасці, зда­ец­ца, даўно пастаўлена кропка: прыкмета полу, гендэр аўтара на якасць вершаў істотна не ўплывае. Можна цалкам пагадзіцца з высновай аб адсутнасці такога падзелу, калі спра­ва тычыцца паэзіі ўвогуле. Аднак зусім іншы выгляд набывае праблема ў ракурсе вы­яўлення пачуцця кахання. Анатамічнае, фізіялагічнае, псіхалагічнае адрозненне мужчыны і жанчыны, таксама як і адметнае ўспрыняцце імі супрацьлеглага полу аспрэ­чыць цяжка. Гэта пацверджана навукай, зафіксавана ў фальклоры і міфалогіі, ад­лю­стравана ў творах мастацтва і філасофскіх трактатах.

Вядома, што палярнасць двух пачаткаў – мужчынскага і жаночага – і разуменне гар­моніі як зліцця, яднання, злучэння іх у адно цэлае – цэнтральная тэма і падмурак усход­ніх філасофій. Палавая бінарная апазіцыя была акрэслена яшчэ ў Старажытным Кі­таі праз паняцці інь – янь, а ў культурнай прасторы Індыіі ў якасці такіх пачаткаў вы­ступалі ха і тха. Трэба сказаць, што гэта думка ў гісторыі філасофіі і культуры но­сіць кантынуальны характар. Мае рацыю Т.Шамякіна, калі даводзіць: “Усе філосафы ста­ражытнасці, а за імі і сучасныя сышліся на тым, што мужчынскі пол (шырэй – Дух) – носьбіт зменлівасці, рэвалюцыйнасці, прагрэсу, руху наперад, шукання новага; жа­ночы (шырэйМатэрыя, Цела, – а таксама – Душа, Псіхея) – носьбіт устойлівасці, па­радку, кансерватызму” [8, с. 245]. Досыць цікавая спроба высвятлення розніцы ў псі­халагічным адчуванні мужчыны і жанчыны ў час блізкасці прадстаўлена сучасным рус­кім філосафам і пісьменнікам Г.Гачавым. Ён акрэслівае адчуванні мужчыны, народжа­ныя фізічным каханнем, як “патапленне, падзенне, пагружэнне пад зямлю, ва ўлон­­не <...> – у цёмную масу матэрыі, якая абступае як яго мяжа <...> Гэта палон, паст­ка, ло­гава, яма, смерць” [9, с. 242]. Унутраны стан жанчыны, па меркаванні Г.Гачава, цал­кам супрацьлеглы. Ён блізкі да “зачаравання, выкрадання, лёгкасці, уз­ля­тан­ня, узняц­ця, узнясення, кружэння, – словам, паветранасці і вогненасці” [9, с. 243].

Лагічнай будзе выснова аб тым, што ўвасабленне, перадача пачуцця кахання ў твор­часці мужчыны і жанчыны – з’явы істотна адрозныя. Палярнасць выяўлення любоўных перажыванняў прадстаўнікамі розных полаў выяўляецца нават на знеўнім узроўні, у наступных мастацкіх праявах. Так, атрыбутыўнай адз­накай мужчынскай лірыкі кахання з’яўляецца апяванне хараства любай, захап­лен­не яе пекнасцю, зграбнасцю, знешняй прыгажосцю, стварэнне дэталёвых партрэтных ха­рактарыстык, у той час як у інтымнай паэзіі жанчыны ўвага акцэнтуецца на словах, па­водзінах, учынках, дзеяннях прадмета захаплення. Сутнасна непадобным з’яў­ля­ец­ца і апісанне пачуццёва-пажадлівых карцін. Так, калі мужчына прама ці ўскосна апіс­вае сам акт фізічнай блізкасці, то жанчына засяроджваецца на яе прэлюдыі. Прэрагатывай мужчынскай паэзіі становіцца стварэнне зборных вобразаў, любаванне прыгажосцю жанчын пэўнай мясцовасці, а таксама апяванне імя каханай, што ў любоўных вершах, напісаных жанчынамі, амаль не фіксуецца. Сказанае вы­шэй дазваляе меркаваць, што падзел любоўнай паэзіі на мужчынскую і жаночую не­беспадстаўны і ў пэўным сэнсе мае права на існаванне.

Спецыфіка любоўнага жанру разам з лірычным суб’ектам (носьбітам пера­жы­ван­ня) вымагае наяўнасці лірычнага аб’екта – часцей за ўсё асобы супрацьлеглага по­лу, на якую гэта пачуццё накіравана. У адрозненне ад іншых разнавіднасцей лірыкі (грамадзянскай, пейзажнай, філасофскай), у інтымнай паэзіі лірычны аб’ект не з’яў­ля­ец­ца пасіўным вобразам. Ён не толькі ўздзейнічае на дыялектыку пачуцця суб’екта, а і дапаўняе яго сваімі перажываннямі і дзякуючы сваёй актыўнай ролі ў вершы набывае статус другога лірычнага пер­санажа. Часам “дадатковы” герой (гераіня), уключыўшыся ў дыялог, прадстаўляе рэ­­цыпіенту магчымасць пачуць двухгалоссе, асэнсаваць розныя погляды, успрыняць на­раджэнне прыхільнасці з абодвух бакоў у іх непарыўнасці. Неабходна зазначыць, што дыялагізм такіх твораў пераважна ўяўны, імпліцытна экспрэсіўны, бо лірычны род па сваёй сутнасці маналагічны. Выказванне лірычнага аб’екта ў гэтым выпадку ўжо прапушчана праз эмацыянальна-пачуццёвую сферу асноўнага лірычнага героя і якасна набліжаецца да ўскоснай мовы. Аднак прысутнасць лірычнага аб’екта ў ін­тым­най паэзіі носіць неабавязковы, факультатыўны характар. Мастацкі верш часам фіксуе толькі квінтэсенцыю пачуцця ка­хання, перадае яго чыстае, абстрактнае выяўленне без прамога ўказання на на­яў­насць адрасата. У іншых выпадках прадмет захаплення, якому пры­свя­чае твор засяроджаны на сваім унут­раным стане паэт, усё ж праступае ў вершы, але яго воб­раз можа падавацца рас­плы­ві­ста і аморфна. У залежнасці ад наяўнасці адрасата па­спрабуем падзяліць лірычныя ін­тымныя творы на некалькі груп. Трэба заўважыць, што тут маецца на ўвазе знешняя ад­расаванасць у адрозненне ад ужо закладзенай у ас­но­ву мастацкага тэксту ўнут­ра­най адрасаванасці, скіраванай на чытача.

Да першай групы можна аднесці любоўныя вершы без адрасата, у якіх пэўны лі­рычны аб’ект фармальна адсутнічае, хаця прататып, першавобраз яго (яе) у рэ­аль­ным жыцці, безумоўна, існуе. У дадзеным выпадку адбываецца своеасаблівая абера­цыя канкрэтнага пачуцця, пераключэнне ўвагі мастака на іншыя аб’екты паэтычнага нат­хнення. Гэта можа быць аўтарскае назіранне з уласцівай яму дэскрыпцыяй рэалій жы­вой і нежывой прыроды, суаднесенае з асабістым лёсам або народжанае ўласнымі перажываннямі. На прыналежнасць такіх вершаў да любоўнай паэзіі, як правіла, указваюць толькі рамачныя кампаненты тэксту (загаловак, прысвячэнне). Лірыку акрэсленага гучання ўмоўна назавем дэаб’ектнай. Яскравы пры­­клад твора-сузірання – вядомы верш М.Багдановіча з нізкі “Эрас”:


У космах схаваліся кветы чырвоныя,

Кветы чырвоныя,

Неапылёныя.

Хцівасць жадання іх томіць таёмная,

Томіць таёмная,

Сіла няскромная.

Але дарэмна ў іх сокі б’юць шпаркія,

Сокі б’юць шпаркія,

Свежыя, яркія.

Звянуць яны, тыя кветы чырвоныя,

Кветы чырвоныя,

Неапылёнымі [10, с. 202].


У прыведзеным вершы беларускага класіка не наглядаецца ні аб’екта за­хап­лен­ня, што стаў магутным штуршком да напісання твора яскрава эратычнага характару, ні героя (суб’екта), калі, вядома, не прыняць за яго “кветы чырвоныя”, а сам твор не інтэрпрэтаваць як алегорыю.

У абсяг дэаб’ектнай лірыкі таксама ўваходзяць творы, фокус увагі ў якіх скі­ра­ва­ны на чужое пачуццё. Цэнтральнае месца тут займаюць два вобразы – Яго і Яе, а ў пэў­най падзейнасці верша нават угадваюцца некаторыя элементы сюжэта. У якасці лі­рыч­ных герояў у падобных творах могуць выступаць сімвалічныя і алегарычныя воб­ра­зы. Так, скажам, у лірычным вершы Я.Купалы “Явар і каліна” пяшчота кахання ўва­саб­ляецца ў традыцыйных фальклорных персанажах расліннага царства. Аўтар звяр­та­ецца да прыёму своеасаблівай эмпатыі, нібы пераносячы сябе ў створаны вобраз, улас­ныя думкі матэрыялізуе ў іншай іпастасі, імкнучыся спасцігнуць сітуацыю і сут­насць канфлікту знутры.

Акрамя таго, даволі распаўсюджаным ў мастацтве слова падвідам любоўнага твора, які не прадугледжвае непасрэднай прысутнасці ў ім партнёра па эма­цыянальна-псіхалагічным перажыванні, з’яўляецца верш-роздум, развага, што ста­іць на мяжы інтымнай і ўласна філасофскай лірыкі. Творца імкнецца абстрагавацца ад жыц­цёвых рэалій і спасцігнуць існасць кахання і звязаных з ім феноменаў (здрады, рэўнасці, адзіноты, гонару і інш.) абстрагавана, абагульнена, падключыўшы не толькі пачуцці, інтуіцыю, але і логіку, розум. Прыкладам можа служыць наступная дэцыма А.Вярцінскага:
Любоў нараджае не толькі дзяцей.

Любоў нараджае не толькі надзеі.

Любоў апрача дзяцей і надзей

прыносіць сумненні і падзенні.

Аддаўшы сябе сваёй сяўбе,

свету явіўшы плады залатыя,

самазнішчае яна сябе,

і разам з ёю знішчаюцца тыя,

хто яе носіць [11, с. 212].
Нягледзячы на тое, што вершы-філасафемы ёсць прэрагатыва паэтаў рацыя­наль­на-аналітычнага складу, да якіх, безумоўна, належыць і А.Вярцінскі, творы па­доб­­нага кшталту сустракаюцца ў любоўнай лірыцы амаль кожнага мастака слова.

Яшчэ адной разнавіднасцю дэаб’ектнай лірыкі, ужо не так шырока прад­стаў­ле­най у айчыннай паэзіі, могуць служыць вершы-рэфлексіі, дзе лірычны герой, заглыб­ля­ючыся ў свае перажыванні, быццам бы забывае пра аб’ект свайго жадання. У якасці ілю­страцыі можа выступаць верш “Я кахаў” У.Жылкі:


Я кахаў... Ах, калісьці даўно я кахаў!

Аж тады, калі моладасць ззяла ў вачах,

Калі гора і смутку я, дужы, не знаў

І адвага кіпела ў грудзях, –

Шчэ тады, аж тады я кахаў!
Але збег і загінуў, як мара, той час:

Пагубляў я ўсе радасці год маладых

І сябе, і жыццё праклінаю не раз...

А цяпер, як у небе пас зор залатых,

На шляху маім свеціць той час [12, с. 26].

Як бачым, у цэнтры твора – эмоцыі і пачуцці лірычнага “я” паэта. Яго ўнут­ра­ны свет выступае самадастатковым, аўтаркічным і даволі замкнёным для таго, каб вы­пра­меньваць энергію эрасу вакол сябе. Суб’ект цалкам паглынуты рэтраспектыўным са­ма­аналізам. У яго працэсе выяўляецца прага вяртання героем не любай яму жанчы­ны, да вобраза якой аўтар зусім не апелюе, а ўжо перажытага ім, спазнанага ў міну­лым крылатага стану закаханасці, ранейшай здольнасці кахаць.

Несумненна, што любоўныя вершы без адрасата ўключаюць у сябе менавіта тыя лірычныя творы, дзе няма аднаго канкрэтнага аб’екта пачуццяў. Гэта значыць, на­зва­ную групу таксама рэпрэзентуюць вершы інтымнага гучання, народжаныя спантаннасцю выхаду і адвольнасцю, шматскіраванасцю паэтычнай энергіі, што адпа­вед­на выклікае павелічэнне колькасці адрасатаў у мастацкай прасторы кожнага з твораў. Усё зазначанае дазваляе ўмоўна назваць такі від лірыкі поліаб’ектнай.

Прыхаваць, зацяніць сапраўдны прадмет свайго захаплення аўтар можа пры да­па­мозе зборнага або абагульненага вобраза. У першым выпадку мастак слова фар­маль­на змяшчае адзін жаночы вобраз у цэнтры лірычнага твора, аднак фактычна ім ства­раецца верш-любаванне лепшымі рысамі слабой паловы чалавецтва пэўнай мяс­цо­васці (часцей за ўсё роднага паэту кутка) ці беларускіх прыгажунь увогуле. Як правіла, гэта ідэальны вобраз, фармальна выражаны адзіночным лікам. Да пры­к­ладу, верш “Белавежанка” А.Барскага пабудаваны пры дапамозе такога прыёму:


Цябе стварыў бог,

Калі цешыўся моцна

Радасцю нейкай.

З галінкі яловай

Даў табе вейкі,

Вочы – з азёраў двух сініх,

Зубкі – з інею,

Косы – з саломы пшанічнай,

Голас – з песні крынічнай,

Сэрца – з бур навальнічных,

Душу – з цішы вячэрняй,

Якая не знае межаў [13, с. 23].


Нярэдка сустракаюцца і абагульненыя вобразы, якія ўвасабляюць тыповую прадстаўніцу канкрэтнай групы (сацыяльнай, прафесійнай, узроставай і г.д.) і таксама граматычна выражаныя адзіночным лікам. У адрозненне ад зборнага поліаб’екта, нярэдка гэта падкрэслена рэальны вобраз, пададзены ў будзённых рэаліях. Відавочна, што жняя з хрэ­ста­ма­тыйнага купалаўскага верша не з’яўляецца канкрэтным аб’ектам пачуцця, а ўва­саб­ляе сабой кожную беларускую дзяўчыну. Дадзеную думку пацвярджаюць апошнія рад­­кі верша: “Гэта жнейка наша // Ў нашаей старонцы” [14, с. 33]. Лірычныя творы са зборным і абагульненым поліаб’ектам, як правіла, належаць пісь­меннікам-мужчынам. У жаночай паэзіі такія вобразы, як было заўважана вышэй, амаль не фіксуюцца.

Да поліаб’ектнай інтымнай лірыкі таксама будзе правамерным далучыць даволі раз­на­стайную падгрупу вершаў, дзе аўтар шляхам узбуйнення адрасата да ка­лек­тыў­на­га вобраза стварае ілюзію адсутнасці адзінага пэўнага аб’екта пачуцця. У якасці прык­ладу працытуем урывак з верша Я. Купалы “Да дзяўчатак”:


Ой, дзеванькі-любанькі!

Люблю, люблю вас,

Я ў вашых, галубанькі,

Сетачках увяз.



<...>

Нападае часценька

Нейка дзіўна млосць,

І так шчасна-шчасненька

Хочацца чагось.
Вочы неўспадзевачкі

Ўсё туды бягуць,

Дзе сонейкі-дзевачкі,

Любачкі жывуць [14, с. 243 – 244].


У прыведзеным тэксце наглядаецца стыхійнасць, няпэўнасць, нерасчля­няль­насць любоўнага памкнення героя ў адносінах да кожнай з дзяўчатак, хаця відавочна, што лірычны суб’ект валодае моцнай прыцягальнай энергетыкай. Непасрэдна адзіны прад­мет пачуцця ў вершы адсутнічае, яго замяняе поліаб’ект – сумарны, шматабліч­ны, сукупны. Трэба сказаць, што сярод апісанага падвіду лірыкі з непадзельным, сін­тэ­­за­ва­ным аб’ектам пачуцця сустракаецца і такі інварыянт, дзе лірычны герой з ак­тыў­нага захопленага ўдзельніка ператвараецца ў старонняга ўраўнаважанага назіраль­ні­ка. У та­кіх творах інтымнага характару суб’ект не імкнецца да стасункаў з жан­чы­на­мі (муж­чынамі), што сталі крыніцай перажывання, а застаецца нібы па-за падзеямі, збо­­ку. Пры гэтым прадмет увагі, як правіла, выпадковы, далёкі, чужы герою. Скажам, лі­­рыч­ны персанаж Я.Чыквіна ўспрымае вячэрні Беласток наступным чынам: “Паненкі све­­цяць нібы лямпы Алядына. // Ці як бутэлькі моцнага віна. // У званах спадніц // На­га­мі звоняць песні гожыя нявінніц” [15, с. 35]. Лірычны суб’ект, набліжаючыся да аўтара, мо­­жа знаходзіцца не толькі збоку, але і звыш, над падзеямі. У такім выпадку по­лі­­аб’­­ект набывае сваё максімальнае колькаснае выражэнне, бо ўключае ў сябе кож­ную асо­­бу жаночага полу. У выніку твор прымае прыкметны разважна-дыс­курсіўны ха­рактар. Да прыкладу, дзяўчаты, якія сняць “тайны свой мужчынскі ідэал” [16, с. 98], або жан­чы­ны, “што пасля пацалунка мужчыны // Не зведалі асалоды пацалунка дзіця”, [16, с. 84] Г.Бу­­раў­кі­на – вобразы менавіта такога кшталту.

Нарэшце ў вершы можа быць некалькі адзінкавых аб’ектаў, створаных шляхам раз­мер­кавання, рассейвання, драбнення цэласнага пачуцця або, наадварот, на­ро­джа­ных палярнымі, супрацьлеглымі эмоцыямі. Яшчэ адзін лірычны твор Г.Бураўкіна “Не­прыгожых жанчын не бывае...” мае адразу два знешне непадобныя, нават кан­траст­ныя, аб’екты. Гэта – “Асляпляльная, // Баявая, // Як маланка, // Як выклік нудзе” і “Са­рамяжліва- // Снегавая, // Як лілея на ціхай вадзе” [16, с. 68]), што, на думку паэта, як­­раз пацвярджае змешчаны ў назве афарызм. Неабходна ўдакладніць: вершы, дзе на­гля­­даецца вылучэнне вобразаў з пэўнай мікра- ці макрагрупы, колькасна нешматлікія і ў айчыннай інтымнай лірыцы сустракаюцца спарадычна.

Такім чынам, сярод любоўных вершаў без адрасата выразна вылучаюцца дзве ас­ноўныя падгрупы дэаб’ектныя і поліаб’ектныя. Першая з іх, у сваю чаргу, ахоп­лі­вае лірычныя творы з элементамі сюжэта, вершы-сузіранні, філасафемы і рэфлексіі. Ін­дыкатарам і прыкметай для тыпалогіі другой падгрупы з’яўляецца спецыфічны по­лі­аб’ект, які мае наступныя мадыфікацыі: зборны, абагульнены, сумарна-цэласны, а так­сама сінхронна-атамарны вобраз.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка