Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны




старонка4/25
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.54 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25

Раздзел 1.3. Балтызмы


Балта-славянскiя гiстарычныя кантакты абумовiлi шырокае распаўсюджанне на славянскай моўнай тэрыторыi розных па часе пранiкнення i сферы функцыянавання балтызмаў субстратнага i адстратнага тыпаў, месцам асноўнай канцэнтрацыi якiх у наш час з’яўляюцца беларускiя гаворкi. Асаблiва паказальная ў гэтых адносiнах паўночна-заходняя частка Беларусi – зона шматвяковых iнтэнсiўных балта-славянскiх кантактаў, галоўная роля ў якiх належыць беларуска-лiтоўскаму моўнаму ўзаемадзеянню. Гэта ўзаемадзеянне мае даўнюю гiсторыю, у iм можна выдзелiць некалькi перыядаў:

I. Гiсторыка-археалагiчныя [139] i лiнгвiстычныя (асаблiва тапанiмiчныя i антрапанiмiчныя) дадзеныя [56] пераканаўча сведчаць, што значная частка сучаснай Беларусi ў яе паўночна-заходнiх раёнах i часткова сярэдняй паласе (у басейне Нёмана, Вiлii, Бярэзiны, левабярэжжы Заходняй Дзвiны) у мiнулым была заселена балтыйскiмi плямёнамi, якiя з VI-IX, XI ст.ст. падверглiся паступоваму i працягламу працэсу славянiзацыi, а пазней, з XIV-XVI ст.ст.– беларусiзацыi. [55, c. 524].

2. Насельнiцтва большай часткi Беларусi i Украiны працяглы час знаходзiлася ў саставе Вялiкага княства Лiтоўскага, дзе, натуральна, мела непасрэдныя сувязi з лiтоўцамi, што не магло не выклiкаць пэўных моўных кантактаў. ‘Пранiкненне лiтоўцаў у заходнерускiя землi стала асаблiва iнтэнсiўным у другой палавiне XIII cт., а к канцу наступнага стагоддзя амаль уся тэрыторыя Беларусi знаходзiлася пад уладай лiтоўскiх князёў. У вынiку гэтага ўстанавiлiся трывалыя зносiны памiж беларускiм i лiтоўскiм насельнiцтвам, што знайшло адлюстраванне ў характары ўзаемадзеяння памiж беларускай i лiтоўскай мовамi’ [55, c. 539]. Працяглая палiтычная прыналежнасць беларусаў да ВКЛ аказала пэўны, але не вельмi iстотны ўплыў на запазычванне балтызмаў у беларускую мову яшчэ ў старажытны час.

Працэс славянiзацыi лiтоўскiх этнiчных элементаў, як указваюць даследчыкi, адбываўся на працягу многiх стагоддзяў i ў некаторых мясцовасцях завяршыўся толькi ў XIX – пач. XX ст. [55, c. 524]. Каланiзацыйны рух славян у лiтоўскiя плямёны i адпаведна славянiзацыя лiтоўцаў iшлi ў двух напрамках: з паўночнага ўсходу, з боку палачан i з паўднёвага ўсходу, з боку дрыгавiчоў пры ўдзеле паўднёва-валынскiх элементаў [55, c. 539]. У працэсе беларускага этнагенезу ўдзельнiчала ‘частка лiтоўскага насельнiцтва: лiтоўскiя племянныя элементы, якія адчулi славянiзацыю яшчэ да ўтварэння старажытнарускай народнасцi ў перыяд яе iснавання, i лiтоўцы, абеларушаныя ў перыяд фармiравання i развiцця беларускай народнасцi’ [54, с. 167].

Беларуска-лiтоўскiя этнiчныя сувязi працягвалiся i ў XIX ст.Працэс мiграцыi лiтоўскага насельнiцтва на ўсходнiя землi Беларусi, якi пачаўся ў канцы 70-х гадоў XIX ст., працягваўся ў 80-х i закончыўся ў пачатку 90-х гг. Большасць лiтоўцаў-мiгрантаў пасялялася ў асобных паветах Вiленскай, Гродзенскай, Вiцебскай i Магiлёўскай губернiй. Так, паводле перапiсу 1897 г. у Лiдскiм павеце пражывала 17.825 лiтоўцаў, Ашмянскiм – 8.754, Гродзенскiм – 2.874, Аршанскiм – 1.450, Сенненскiм – 797, Чавускiм – каля 500, Барысаўскiм – 400 [126, 127, 128, 130].

Пасля уз’яднання Заходняй Беларусi з БССР колькасць лiтоўцаў значна зменшылася, паколькi ў 1970 г. Лiтве была перададзена тэрыторыя Свянцянскага i большай часткi Гадуцiшкаўскага раёнаў плошчай 2,6 тыс. км з насельнiцтвам 82,1 тыс., пераважна лiтоўцаў, а таксама беларусаў, палякаў i iнш. У пасляваенныя (40-50-я гг.) таксама адбывалася мiграцыя лiтоўцаў з Беларусi ў Лiтву i часткова з Лiтвы на Беларусь. Як сведчаць дадзеныя перапiсу, у 1970 г. на Беларусi пражывала 8.092 лiтоўца, у 1979 г. – 6.993. Найбольш кампактныя этнiчныя групы лiтоўцаў у наш час пражываюць у Гродзенскай (52,2% – 85,3% з iх у сельскай мясцовасцi) i Вiцебскай (14,1%) абласцях, астатнiя дысперсна расселены па iншых абласцях Беларусi.

У працэсе славянiзацыi i – пазней – абеларушвання лiтоўскiх этнiчных элементаў, як сведчаць сучасныя этнаграфiчныя i лiнгвiстычныя даследаваннi, выдзяляюцца тры этапы:

а) поўная асiмiляцыя часткi лiтоўцаў, якiя ў наш час не памятаюць свайго паходжання i лiчаць сябе беларусамi;

б) частковая асiмiляцыя групы лiтоўцаў, якiя ўсведамляюць сябе лiтоўцамi па паходжаннi, але не валодаюць лiтоўскай мовай: ‘У некаторых вёсках Гродзенскага раёна – у Гожы, Барбарычах, Цыдовiчах, Прывалках, Дуброве, Светаянску, Парэччы, Салацы, Лiхачах i iнш., насельнiцтва якiх цяпер гаворыць на беларускай мове, яшчэ ў канцы першай паловы XIX ст. была распаўсюджана лiтоўская мова’ [55, c. 528];

в) астраўкi неасiмiляванага насельнiцтва асобных вёсак Гродзенскай (у Iўеўскiм, Дзятлаўскiм, Воранаўскiм, Астравецкiм раёнах) i Вiцебскай вобласцi (Браслаўскiм, Пастаўскiм раёнах), дзе захавалася родная лiтоўская мова [151, c. 4-5; 201, c. 25-27; 95, c.16]. Лiтоўскае насельнiцтва на гэтай тэрыторыi пераважна двухмоўнае, – у зносiнах з суседзямi-беларусамi карыстаецца беларускай мовай, а ў дамашнiм абiходзе – лiтоўскай. Лiтоўская мова з’яўляецца ў iх рэпрэзентыўнай, – яе ўжыванне абумоўлiваецца сiтуацыяй.

М.Я.Грынблат акрэслiвае прыблiзную паласу найбольш кампактнага рассялення патомкаў абеларушаных лiтоўцаў, называючы паўночна-ўсходнюю частку Сапоцкiнскага раёна, паўднёвую палавiну Гродзенскага раёна, паўночна-заходнюю ўскраiну Скiдзельскага, усю тэрыторыю Радунскага, паўночна-заходнюю частку Лiдскага, усю тэрыторыю Воранаўскага, паўночную палавiну Iўеўскага раёна, амаль увесь Ашмянскi, за выключэннем яго паўднёва-ўсходняй часткi, усю тэрыторыю Астравецкага раёна, паўночна-заходнюю частку Смаргонскага, заходнюю палавiну i паўночную частку Свiрскага раёна, заходнюю палавiну Пастаўскага, Вiдзаўскага i Браслаўскага раёнаў [55, c. 538].

Славянiзацыя балтыйскiх этнiчных груп на тэрыторыi Беларусi абумовiла наяўнасць у яе гаворках значнага пласта субстратнай лексiкi балтыйскага паходжання. Адной з крынiц пранiкнення балтызмаў у беларускую мову, несумненна, з’явiлася латышская, паколькi беларусы мелi пастаянныя эканамiчныя i культурныя ўзаемасувязi з суседнiм латышскiм народам.

Культурна-гiстарычныя сувязi беларускага i латышскага народаў, асаблiва на сумежжы Беларусi i Латвii, таксама маюць даўнiя традыцыi. Вядомы старажытныя кантакты ўсходнiх славян з латышскiмi плямёнамi. Так, яшчэ ў XIII ст. жыхары Полацкага княства змагалiся супраць нямецкiх рыцараў разам з латгаламi i iншымi плямёнамi [187, с. 286].

Этнакультурнае ўзаемадзеянне двух народаў развiвалася i пазней, калi ў XVIII ст. пачаўся працэс мiграцыi латышоў на ўсходнiя i паўночна-ўсходнiя беларускiя землi, якi дасягнуў найбольшай актыўнасцi ў 60-80 г.г. XIX ст. Перасяленцы-латышы асядалi i ўтваралi вёскi на Вiцебшчыне, невялiкiя пасёлкi i хутары – на Магiлёўшчыне. Найбольшая колькасць iх у 80-х гг. XIX ст. была ў Вiцебскай губернi, дзе яны складалi ледзь не чвэрць усяго насельнiцтва – 18%. Самы высокi працэнт iх быў у Люцынскiм (64%), Рэжыцкiм (каля 58%) i Дзвiнскiм (39%) паветах [136, с. 8]. Па вынiках перапiсу 1897 г. у Вiцебскай губернi Вiцебскiм павеце пражывала каля 4.000 латышоў, у Полацкiм – каля 1.700, у Магiлёўскай губернi – Аршанскiм павеце – 3.700, Быхаўскiм – каля 1.000 [127, 130].

Пад час Першай сусветнай вайны колькасць латышоў на Беларусi павялiчылася да 20.000, а пасля Грамадзянскай вайны – зменшылася, калi ў 1920 г. ў адпаведнасцi з дагаворам Расii з Латвiяй Дзвiнскi, Люцынскi i Рэжыцкi паветы адышлi да Латвii. Паводле перапiсу 1926 г. на Беларусi пражывала 14.000 латышоў, з iх у Вiцебскай акрузе – 6.800, Полацкай – 2.000, Магiлёўскай – больш 1.800. Пасля Вялiкай Айчыннай вайны (у 40 – пач. 50-х гг.) адбывалася далейшае перасяленне латышоў з Беларусi на радзiму. З канца 50-х гг. колькасць латышскага насельнiцтва на Беларусi стабiлiзавалася (па дадзеных перапiсу 1959 г. – 2631 ч., 1970 – 2660 ч., 1979 – 2617 ч.)

Нягледзячы на актыўныя працэсы мiжэтнiчнага зблiжэння з беларусамi лiтоўцы i латышы ўстойлiва захоўваюць некаторыя этнакультурныя асаблiвасцi. Так, у час перапiсу 1970 г. 70% лiтоўцаў (5.602) роднай мовай назвалi лiтоўскую i толькi 14% (1134) – беларускую, 40,4% латышоў (1076) роднай палiчылi латышскую, 15,4% (411) – беларускую. Лiтоўцы i латышы да гэтага часу захоўваюць некаторыя этнiчныя асаблiвасцi побыту i культуры. Ад балтыйскiх этнонiмаў былi ўтвораны айканiмiчныя назвы Жмойдзякi (Iвац.), Жамойск (Докш.), Жамойцiшкi (Воран.), Жамойдзi (Лiд.), Лiтоўцы, Лiтоўшчына (Брасл., Глыб.), Лiцвяны (Астр., Уздз.), Лiтоўка (Лях.), Лiтоўск. (Драг., Кругл.), Латышы (Бешанк., Глыб., Мiёр.), Латышчына (Рас. р-н) i iнш.

3. Разглядаючы праблему балта-славянскiх сувязей, важна мець на ўвазе сучаснае ўзаемадзеянне часткi насельнiцтва паўночна-заходняй Беларусi з iншамоўным лiтоўска-латышскiм асяроддзем у пагранiчных з Лiтвой i Латвiяй раёнах.

Знешнi iншамоўны ўплыў на беларускiя гаворкi iстотна падмацоўваецца ўнутраным, пераважна, беларуска-лiтоўскiм дыялектным узаемадзеяннем на тэрыторыi сучаснага беларуска-лiтоўскага пагранiчча, дзе, як ужо ўпамiналася, размяшчаецца група астраўных лiтоўскiх гаворак.

Такiм чынам, сучаснае суседства i пэўныя балта-славянскiя кантакты ў мiнулым абумовiлi шырокае распаўсюджанне на славянскай моўнай тэрыторыi i ў першую чаргу на Беларусi розных па часе пранiкнення i адносiнах да крынiцы запазычвання балтызмаў.

На перыферыi лексiчнага ўзаемадзеяння знаходзiцца знешнi ўплыў на беларускую мову ў этнакантактнай зоне суседняй лiтоўскай мовы ў яе лiтаратурна-размоўнай форме. Наступная ступень у сiстэме ўзаемадзеяння – уплыў пагранiчных лiтоўскiх гаворак. Знешняе ўзаемадзеянне падмацоўваецца ўнутраным дыялектным уплывам на беларускiя дыялекты з боку астраўных лiтоўскiх гаворак на тэрыторыi Гродзенскай i Вiцебскай абласцей. У самым цэнтры ўзаемадзеяння знаходзiцца мiкраўздзеянне асобных прадстаўнiкоў пэўнай гаворкi. Ступень уплыву кожнага з пералiчаных фактараў розная ў залежнасцi ад яго важнасцi i старажытнасцi.

Такая шматступенная сiстэма мiжмоўнага ўзаемадзеяння абумовiла iснаванне ў беларускiх гаворках складаных напластаванняў розных часоў пранiкнення, неаднолькавых па сферы пашырэння, ступенi адаптацыi i частаце выкарыстання.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   25


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка