Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны




старонка22/25
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.54 Mb.
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25

Структурныя тыпы запазычанняў


Тып запазычанняў


Кольскасць

%

Лексiчны

1771

56.9

Фанетычны

794

25.5

Семантычны

292

9.5

Словаўтваральны

107

3.5

Марфалагiчны

40

1.3

Большасць запазычанняў, як сведчаць статыстычныя дадзеныя, адносiцца да лексiчнага тыпу, што паказвае мэтазгоднасць засваення многiх iншамоўных лексiчных адзiнак у народна-дыялектную мову. Перавага фанетычнага тыпу над iншымi адлюстроўвае большую ўспрымальнасць гукавой абалонкi слова да адаптацыi i пераўтварэнняў у параўнаннi з марфемнай будовай, марфалагiчнай характарыстыкай i семантыкай намiнатыўнай адзiнкi. У асобных выпадках у гаворках ужываюцца камбiнаваныя тыпы запазычанняў, у якiх сумяшчаюцца адрозненнi знешняга i ўнутранага характару – плана выражэння i плана зместу.

Запазычаная ў розныя гiстарычныя перыяды як непасрэдным, вусным шляхам у працэсе цесных сацыяльна-эканамiчных i культурна-гiстарычных кантактаў беларусаў з суседнiмi народамi, так i праз пасрэднiцтва iншых моў, лексiка iншамоўнага паходжання паступова засвойвалася ў адпаведнасцi з унутранымi заканамернасцямi народна-дыялектнай мовы-рэцэптара. Ступень яе адаптацыi вызначалi як эктралiнгвiстычныя, так i ўнутрымоўныя фактары – час i шляхi запазычвання, арэал распаўсюджвання, камунiкатыўная мэтазгоднасць i дэнататыўная суаднесенасць (жыццёвая важнасць абазначаемых ёю прадметаў i паняццяў), частотная характарыстыка (прыналежнасць да актыўнага або пасiўнага дыялектнага лексiчнага фонду) i iнш. У сувязi з гэтым найбольш засвоенымi ў фармальным i семантычным плане з’яўляюцца даўнiя запазычаннi, пашыраныя на значнай тэрыторыi, якiя называюць важныя ў народна-гаспадарчым жыццi рэалii i паняццi. Аднак гэта заканамернасць не з’яўляецца абсалютнай. Есць значная колькасць лексем, запазычаная ў беларускiя гаворкi ў к. XIX-XX ст.ст., якiя актыўна засвойваюцца народнай мовай, пашыраючы рэгiён свайго выкарыстання.

Ёсць пэўная замежнасць памiж ‘геаграфiяй’ запазычанняў у народных гаворках i ступенню iх адаптацыi. Чым блiжэй знаходзiцца iншамоўнае слова да крынiцы запазычвання, тым больш адпавядае яно па форме i семантыцы этымону. Так, максiмальна наблiжанымi да сваiх этымонаў з’яўляюцца запазычаннi, якiя функцыянуюць на сумежнай тэрыторыi, што непасрэдна прымыкае да крынiцы запазычвання. Гэта пераважна лакальныя запазычаннi з польскай i балтыйскiх моў, якiя ўжываюцца ў гаворках паўночна-заходняй Беларусi, на пагранiччы з Латвiяй, Лiтвой, Польшчай, а таксама ў акружэннi астраўных гаворак. Для запазычанняў, якiя ўжываюцца на перыферыi мiжмоўнага ўзаемадзеяння, аддаленай ад этнакантактнай пагранiчнай тэрыторыi, характэрна большая ступень адаптацыi. Чым далей знаходзiцца запазычанне ад мовы-крынiцы або пасрэднiцы, тым большая ступень уплыву на яго з боку фанетыка-марфалагiчнай i лексiка-семантычнай сiстэмы мовы-рэцэптара. Па меры аддалення запазычанняў ад кантактнай зоны працэс iх асiмiляцыi, ‘абеларушвання’ ўзмацняецца.

Ступень адаптацыi iншамоўнай лексiкi абумоўлiваюць таксама шляхi i спосабы яе засваення – словы, якiя засвойвалiся апасродкаваным, даволi часта шматступянёвым шляхам, праз iншыя мовы (напр., лацiнiзмы, германiзмы, галiцызмы), больш актыўна адаптуюцца ў параўнаннi з лексемамi, запазычанымi ў працэсе непасрэдных, прамых мiжэтнiчных кантактаў (паланiзмы, балтызмы). Засваенне iншамоўнай лексiкi залежыць i ад генетычнай тоеснасцi або тыпалагiчнага падабенства кантактуючых моў – так, запазычаннi з неславянскiх моў падверглiся больш iстотным фармальным i семантычным зменам у параўнаннi са словамi, засвоенымi з iншых славянскiх (у першую чаргу польскай) моў.

5. Працэс адаптацыi запазычанняў у народна-дыялектнай мове носiць спецыфiчны характар. ён значна адрознiваецца ад засваення iншамоўнай лексiкi лiтаратурнай мовай больш поўнай асiмiляцыяй, iмкненнем максiмальна наблiзiцца да ўнутраных заканамернасцей мовы-рэцэптара. Адаптацыя запазычанняў можа быць фармальнай (фанетычнай i марфалагiчнай) i семантычнай. Пры фармальным засваеннi змяняецца знешняя форма запазычанняў – iх фанемны склад, марфалагiчная будова, граматычная характарыстыка, словаўтваральная структура. Пры адаптацыi знешняй формы запазычанняў у гаворках праяўляецца, з аднаго боку, тэндэнцыя да поўнай асiмiляцыi iншамоўнага лексiчнага матэрыялу ў адпаведнасцi з фанетычнай сiстэмай i граматычным ладам народна-дыялектнай мовы. З другога боку, лакальны характар, вусная форма iснавання дыялектнай мовы абумоўлiваюць узнiкненне разнастайных варыянтаў – лексiка-фанетычных i марфалагiчных, якiя парушаюць аднастайнасць адаптацыi запазычанняў. Лексiка-фанетычныя i марфалагiчныя варыянты запазычанняў адлюстроўваюць, як правiла, розныя этапы i формы адаптацыi – адны з iх па сваёй форме наблiжаны да этымонаў, iншыя – з’явiлiся ў вынiку мадыфiкацыi iх гучання i граматычнай формы ў адпаведнасцi з фанетычнай сiстэмай i граматычным ладам пэўнай гаворкi. У працэсе адаптацыi не ўсе запазычаннi вар’iравалi сваю знешнюю форму, а толькi – 37%, больш чым трэць з iх – даўнiя запазычаннi. Найбольшай актыўнасцю пры вар’iраваннi формы вызначалiся канкрэтна-прадметныя намiнацыi.

6. Вышэйшая ступень адаптацыi запазычанняў – семантычнае асваенне, якое з’яўляецца паступовым працэсам i мае некалькi этапаў. На першым з iх адбываецца вызначэнне прадметна-паняцiйнай суаднесенасцi слова, чоткая дыферэнцыяцыя яго семантычнага аб’ёму, акрэслiванне семасiялагiчных межаў. На другiм этапе семантычнага засваення запазычанняў у працэсе функцыянавання i ўзаемадзеяння з уласнай лексiкай адзначаецца iх далейшая семантыка-стылiстычная дыферэнцыяцыя i эвалюцыя, якая найчасцей прыводзiць да полiсемантызацыi ў вынiку разнастайных тыпаў семантычнай дэрывацыi. Самым актыўным тыпам семантычнай дэрывацыi дыялектных запазычанняў з’яўляецца iх пераноснае словаўжыванне на аснове метафарычных i метанiмiчных пераносаў, значна радзей пры полiсемантызацыi назiраецца пашырэнне i звужэнне семантыкi.

Семантычная структура дыялектнага мнагазначнага слова, у адрозненне ад лiтаратурнага, уяўляецца больш складанай камбiнацыяй, у якой спалучаюцца розныя тыпы полiсемантызацыi. У працэсе семантычнай дэрывацыi дыялектных запазычанняў даволi часта актуалiзуюцца розныя прыметы рэалiй, што прыводзіць да драблення, дэталiзацыi семантыкi, у вынiку чаго развiваецца складаная разгалiнаваная семантычная структура слова.

У працэсе засваення свой семантычны патэнцыял рэалiзавала толькi трэць (29,4%) запазычанняў, прычым, найбольшай актыўнасцю ў працэсе полiсемантызацыi вызначаюцца канкрэтна-прадметныя намiнацыi. Самая вялiкая колькасць полiсемантаў – у складзе запазычанняў з класiчных i германскiх моў. Многiя з iх з’яўляюцца даўнiмi запазычаннямi, засвоенымi ў беларускiя гаворкi праз пасрэднiцтва iншых моў.

Як паказаў кампанентны аналiз, у большасцi выпадкаў засвойваўся асноўны кампанент значэння этымона, якi ў далейшым захоўваўся або ў працэсе семантычнай эвалюцыi пераўтвараўся ў дыферэнцыяльны кампанент. Характар сэнсавай сувязi асобных значэнняў полiсемантаў абумоўлены тыпам iх семантычнай дэрывацыi. Так, напрыклад, дэталiзацыя i генералiзацыя семантыкi адбывалася на базе асноўнага лексiка-семантычнага кампанента, што абумоўлiвала адносiны ўключэння ў iх семантычнай структуры. Метафарызацыя дыялектных запазычанняў з’яўлялася найчасцей вынiкам пераносу дыферэнцыяльных лексiка-семантычных кампанентаў, што выклiкала адносiны перасячэння ў iх семантычнай структуры. Пры разнастайных метанiмiчных пераносах вытворныя значэннi развiвалiся на аснове пераўтварэння АК першаснага значэння ў ДК другаснага, а ў асобных выпадках – у вынiку пераходу ДК у АК, што стварала iрадыяльны тып семантычнага развiцця.

Адзiнства семантычнай структуры полiсемантаў iншамоўнага паходжання забяспечваюць iнварыянтныя семы, якiя прама або ўскосна (праз асноўны або дыферэнцыяльны кампаненты) суадносяцца са значэннем этымона.

7. Адным з важнейшых паказчыкаў засвоенасцi запазычанняў з’яўляецца ўключэнне iх у сiстэму словаўтварэння мовы-рэцэптара. Словаўтваральны патэнцыял развiваюць у гаворках не ўсе запазычаннi, толькi 18% з iх рэалiзавалi свае дэрывацыйныя здольнасцi. Выключная большасць iх (84%) адносiцца да субстантыўнай лексiкi. Самым прадуктыўным спосабам словаўтварэння ад асноў запазычанняў з’яўляецца афiксацыя. Дэрывацыя ад асноў некаторых лексем адбываецца ў межах аднаго граматычнага класа, але для большасцi запазычанняў характэрны словаўтваральны пераход з адной часцiны мовы ў другую. Найбольш актыўна ў словаўтварэннi ўдзельнiчае канкрэтна-прадметная лексiка (59,4%), некалькi нiжэй словаўтваральны патэнцыял у асабовых намiнацый (15%), прыблiзна аднолькавыя словаўтваральныя магчымасцi ў назвах дзеяння (11,4%) i адцягненых паняццяў (11,9%), самы нiзкi гэты паказчык у атрыбутыўных формах (3%).

8. Як паказаў лiнгвагеаграфiчны аналiз, большасць запазычанняў сканцантрыравана на паўночным захадзе Беларусi. Па ступенi iх канцэнтрацыi выдзяляюцца моцная, сярэдняя i слабая зоны функцыянавання.

У залежнасцi ад ступенi распаўсюджання лексiкi iншамоўнага паходжання ў дыялектнай мове ў рабоце вызначаны агульнанародныя запазычаннi, якiя ахоплiваюць усе дыялектныя зоны, мiждыялектныя, вядомыя не ўсiм, а толькi пэўнай групе беларускiх гаворак, часцей за ўсё суседнiх, сумежных тэрыторый i лакальнадыялектныя, рэгiянальныя, якiя маюць абмежаваную тэрыторыю выкарыстання i ўжываюцца ў блiжняй этнакантактнай паласе.

Картаграфаванне запазычанняў выяўляе асноўныя тыпы iх арэалаў, розных па канфiгурацыi, размяшчэннi i напоўненасцi, паказвае пэўную сувязь памiж арэальнай характарыстыкай, часам засваення i семантыкай запазычвання.

1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка