Гомельскi дзяржаўны Ўнiверсiтэт iмя францыска скарыны




старонка21/25
Дата канвертавання14.03.2016
Памер3.54 Mb.
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25

Раздел 2.6 Арэальна-тыпалагiчная характарыстыка запазычанняў


Лiнгвагеаграфiчнае даследаванне лiчыцца адным з самых перспектыўных напрамкаў у сучасным мовазнаўстве. Лiнгвагеаграфiя дапамагае ўстанавiць iнавацыйныя працэсы, вызначыць рэлiктавыя з’явы, адзначыць архаiчныя зоны i г. д. [114, c. 158; 161, c. 4].

Арэальная характарыстыка прымяняецца звычайна пры даследаваннi моўных з’яў на розных узроўнях, але найчасцей у дачыненнi да лексiкi, як правiла, з мэтай устанаўлення меж распаўсюджання той цi iншай лексемы або яе семантынага аб’ёму.

Картаграфаванне звычайна праводзiцца на аснове пэўнай тэматычнай групы дыялектнай лексiкi, у складзе якой дублетныя i варыянтныя формы. Паходжанне лексем пры гэтым не ўлiчваецца. Мiж тым даследаванне запазычанняў у плане геаграфiчнага распаўсюджання на лiнгвiстычнай карце беларускiх гаворках дазваляе адзначыць iх тэрытарыяльную дыферэнцыяцыю, дапамагае вызначыць некаторыя асаблiвасцi функцыянавання ў мове-рэцэптары.

Лексiку iншамоўнага паходжання, запазычаную ў народныя гаворкi, у лiнгвагеаграфiчным плане можна, як вядома, аналiзаваць з пункту гледжання ‘знешняй’ геаграфii – па ступенi распаўсюджання ў розных славянскiх мовах i iх дыялектах i паводле ‘ўнутранай’ геаграфii – па ступенi iх канцэнтрацыi i адпаведна тэрыторыi пашырэння ў асобным дыялекце або групе гаворак [96, c. 180; 117, c. 60].

У нашым даследаваннi праводзiлася арэальная характарыстыка запазычанняў толькi паводле iх ‘унутранай’ геаграфii.

Пры даследаваннi балтызмаў у беларускiх гаворках звычайна выдзяляюць блiжнюю зону або вузкi арэал, якi прымыкае да непасрэднай этнакантактнай паласы i аддалены, шырокi арэал, якi не мае кантактнасцi з непасрэднай крынiцай запазычвання [10, c. 36; 52, c. 163; 115, c. 78; 116, c. 181; 198, c. 46].

Такое размежаванне, як паказвае аналiз, цалкам адпавядае i запазычанням з iншых моў. Пераважная большасць запазычанняў сканцэнтравана на паўночным захадзе Беларусi. Па ступенi iх канцэнтрацыi можна выдзелiць моцную, сярэднюю i слабую зону функцыянавання запазычанняў.

Так, для балтызмаў, паланiзмаў i слоў, засвоеных праз польскае пасрэднiцтва, моцная, блiжняя зона прымыкае да беларуска-полькага, беларуска-лiтоўскага i беларуска-латышскага пагранiчча. Яна ахоплiвае паўночны захад Беларусi – паўночную частку паўночна-ўсходняга i заходнюю паўднева-заходняга i сярэднебеларускага дыялектнага масiва – полацка-мiнскiя, гродзенска-баранавiцкiя i заходнепалескiя гаворкi.

Сярэдняя зона ўключае большую, але менш насычаную запазычаннямi тэрыторыю i распаўсюджваецца на ўсходне-магiлёўскiя, вiцебскiя, цэнтральную частку сярэднебеларускiх i усходнепалескiх гаворак.

Слабой зонай канцэнтрацыi адзначаных запазычанняў з’яўляецца паўднёва-ўсходнi арэал беларускiх гаворак.

У залежнасцi ад ступенi распаўсюджання запазычанняў у дыялектнай мове можна вызначыць iх агульнанародныя, мiждыялектныя i лакальнадыялектныя тыпы. Агульнанародныя запазычаннi ахоплiваюць усе дыялектныя зоны Беларусi. У iх складзе германiзмы андарак, бэлька, ваг(а), гак, груца, драбiна, дыль, крама, кубел, шула, балтызмы бонда, гiрса, кукса, кумпяк, паўпрыца, пуня, склюд, лацiнiзмы барыла, буталь, гуня, дакляраваць, каляда, каптур, паланiзмы парэнчы, рыдзель, iтальянiзмы баляса, брыль i iнш. Агульнанародныя запазычаннi ўваходзяць у склад лiтаратурнай мовы, асобныя з iх адзначаюцца ў нарматыўных слоўнiках як размоўныя (барыла) або абласныя (груца, дыль, рыдзель) лексiчныя адзiнкi.

Мiждыялектнымi можна назваць запазычаннi, вядомыя не ўсiм, а толькi пэўнай групе беларускiх гаворках, часцей за ўсё суседнiх, сумежных тэрыторый. Мiждыялектныя запазычаннi ўтвараюць размыты, дысперсны арэал, калi выкарыстоўваюцца ў розных групах беларускiх гаворак або кампактны арэал, калi ўжываюцца ў тэрытарыяльна сумежных рэгiёнах. Да мiждыялектных запазычанняў адносяцца германiзмы аргiня, арпа, ахмiстрыня, бавэлня, банды,бараболя, бiндас, бома, брыжы, брытван, букса, варстак, вiнда, вiнкель, дубальт, дышаль, едваб, кан, клямар, кнiбель, коц, легар, лёх, рум, тэбель, шопа, паланiзмы блэндаць, бэнбаль, вандзонка, вандзэлак, гавэнда, галька, дэнтка, жалязка, паўроз, балтызмы аксны, алёс, асвер, асцюк, бамбiза, брызгуль, буч, вайцяць, венцер, грэбест, гугiль, евня, клуня, крушня, куль, кульша, лоўша, лоўж, пакуля, рэзгiны, лацiнiзмы апiнiя, бестыя, бiбула, блюска, брысь, валан, граты, кварта, рондэль, а таксама запазычаннi з iншых моў – iт. камiзэлька, фр. анталяжы, яўр. бахур, венг. бекеша, цюрк. лаша i iнш.

Значная частка запазычанняў мае ў беларускiх гаворках лакальнадыялектны, рэгiянальны характар. Напрыклад, лакальнадыялектныя балтызмы сканцэнтраваны ў гаворках паўночна-заходняй Беларусi ў блiжняй кантактнай зоне, дзе ад паўночнага ўсходу да паўднёвага захаду (у Браслаўскiм, Пастаўскiм раёнах Вiцебскай вобласцi, Iўеўскiм, Дзятлаўскiм, Воранаўскiм, Астравецкiм раёнах Гродзенскай вобласцей) размяшчаецца група астраўных лiтоўскiх гаворак, якiя паступова асiмiлююцца з беларускiм моўным асяроддзем [151, с. 4-5]. Як адзначае большасць дыялектолагаў, якiя даследавалi паўночна-заходнюю беларускую дыялектную зону, гэтыя гаворкi ў пэўнай ступенi выдзяляюцца з асноўнага дыялектнага масiву стракатасцю моўных рыс. У лексiчнай, граматычнай i нават фанетычнай сiстэмах беларускiх гаворках паўночна-заходняй часткi праяўляюцца мiкраструктуры балтыйскага паходжання, якiя вызначаюць спецыфiчны каларыт гэтай мясцовасцi, найбольш канцэнтравана выступаючы на заходняй ускраiне i паступова затухаючы па меры аддалення ад кантактнай зоны [48, с. 378; 50, c. 61-62; 51, c. 89; 151, c. 3; 170, c. 55]. У лексiчнай сiстэме гэтых гаворак функцыянуе значная група слоў балтыйскага паходжання, якiя маюць вузкалакальны характар. Як адзначае В.Урбуціс, каля 40% лiтуанiзмаў вядома толькi ў паўночна-заходнiх раёнах Беларусi, размешчаных непадалёку ад лiтоўскай гранiцы. Гэта, як мяркуецца, параўнальна малады пласт субстратнай лексiкi [198,c.46]. Гэта балтызмы тыпу баршкулi, бiздрыс, ваганас, вейкалiс, вiштуклi, грабузда, грамбуль, жувiкшч, iнстукi, крамзла, крумплi, куйла, кярш, лакты, лiжа, пагрэдзiнь (Воран.), блаўкiня, глумбацца, клаўса, кроўж, кялтуя, лагесь, лагяза, лалоўнiкi (Паст.), гакты, дзяшар, евель, жылвiца, жэгель (Брасл.), асёклi, гнiбур, звагуль, кнiпаць (Iўеў.), гнiбы, гургале, кiлпа, кушпель (Гродз.), блiнда, вяпла, керайша, кукуць (Ашм.), гергуны, кампа, кнiжэць (Смарг.), вяжацiны, дэглi, курчук (Шчуч.), барздзюк, граўжык (Астр.) i iнш.

Лакальнадыялектныя, рэгiянальныя паланiзмы ўжываюцца пераважна на тэрыторыi беларуска-польскага пагранiчча, а таксама ў раёнах iснавання астраўных польскiх гаворак. Гэта даволi шматлiкая група лексем, многiя з якiх у наш час з’яўляюцца малаўжывальнымi, аб чым гаварылася вышэй. Да такiх паланiзмаў адносяцца лексемы тыпу адзял, акрэнт, бязрэнкавец, вонскi, вэнжык, гаранцосць, настале, ойцец, памендзы (Астр.), блоцко, валане, валацэнга, зачонтак, стаёнцы (Гродз.), амылка, венкшы (Iўеў.), вiдлы, врубаль (Воран.), вшэлякi (Навагр.), апенты (Маладз.), младзянковы (Ашм.), всцёнж (Маст.) i iнш.

Лакальнадыялектныя германiзмы i лацiнiзмы ужываюцца, як правiла, на тэрыторыi паўночна-заходняй i цэнтральнай Беларусi, якая ў свой час адчувала моцны ўплыў польскай мовы. Гэта тлумачыцца польскiм пасрэднiцтвам пры iх запазычваннi. Да лакальнадыялектных германiзмаў адносяцца лексемы апыль, кiбель (Круп.), ваха, гвiнт (Ваўк.), гемз, крэс (Гродз.), гэлм (Ашм.), зайзаяр (Карэл.), кляшма (Дзярж.), грыф (Драг.) i iнш.

Рэгiянальнымi лацiнiзмамi з’яўляюцца лексемы акцэпцiя (Ашм.), амаратура (Зэльв.), афiцына (Уздз.), вiлея (Лаг.), дзiктандо (Паст.), дэфензыва (Навагр.), iнвэньцiя (Мядз.), кампор (Стаўб.), клерык (В.-Дзв.). Да лакальнадыялектнага тыпу адносяцца асобныя запазычаннi з iншых моў: яўр. балабос (Дзярж.), каiм (Мiёр.), iт. картун (Камян.), фр. канфiтуры (Лiд.), цюрк. кiрэя (Браг.), рум. кашкадан (Навагр.) i iнш.

Улiчваючы абмежаваную тэрыторыю выкарыстання i нязначную ступень адаптацыi, многiя лакальнадыялектныя запазычаннi, асаблiва паланiзмы i балтызмы (для якiх быў характэрны непасрэдны шлях пранiкнення) у адносiнах да агульнай лексiчнай сiстэмы народна-дыялектнай мовы можна лiчыць украпленнямi.

Розныя тыпы запазычанняў маюць неаднолькавую арэальную характарыстыку. Арэалы, як вядома, адрознiваюцца не толькi па сваёй велiчынi, але i па форме. У арэалогii выдзяляюцца розныя тыпы арэалаў паводле iх формы i размяшчэння – цэнтральны i маргiнальны (ускраiнны), астраўны (у адносiнах да цэнтра распаўсюджання моўнай з’явы), хвалепадобны, клiнавiдны i падковападобны (па канфiгурацыi) i, нарэшце, суцэльны,разарваны, размыты i карункавы (па працягласцi i напоўненасцi) [23, c. 32; 111].

Картаграфаванне запазычанняў на матэрыяле беларускiх гаворак паказвае наступныя заканамернасцi6.

Па-першае, арэал запазычання знаходзiцца ў цеснай сувязi з часам яго засваення. Так, многiя даўнiя запазычаннi тыпу германiзмаў андарак, арпа, бавэлна, балька, букса, брыжы, вiнда, гак, балтызмы алёс, бонда, буч, жлукта, паланiзмы вандзонка, гавэнда i iнш з’яўляюцца шырока ўжывальнымi ў беларускiх гаворках, тады як новыя запазычаннi маюць абмежаваны арэал, хаця тут магчымы i выключэннi. Напрыклад, даўнiя паланiзмы акрэнт (Астр.), венкшы (Iўеў.), вшэлякi (Навагр.), германiзмы ваха (Ваўк.), кляпа (Дзярж.), крэс (Гродз.) з’яўляюцца лакальнадыялектнымi, iх ужыванне абмежавана пэўным рэгiёнам, што, магчыма, звязана з дзейнасцю закона перыферыйнасцi у адпаведнасцi з якiм лексемы, зафiксаваныя на краях моўнай тэрыторыi, больш старажытныя за iх абсалютныя мiждыялектныя сiнонiмы ў цэнтры [104, c. 22]. Абмежаванае выкарыстанне некаторых даўнiх запазычанняў тыпу балтушнiк, дзякло, пура абумоўлена iх архаiзацыяй у беларускай мове.

Па-другое, iснуе заканамерная сувязь памiж арэальнай характарыстыкай запазычання i яго семантычным аб’ёмам. Так, запазычаннi з шырокiм арэалам ужывання ў гаворках адрознiваюцца складанай семантычнай структурай, паколькi прасторавая радыяцыя лексемы вызначае яе семантучную дыфузiю i вар’iраванне знешняй формы. Асаблiва гэта характэрна для агульнанародных i мiждыялектных запазычанняў, якiя функцыянуюць у розных групах гаворак. У сваю чаргу лакальнадыялектныя запазычаннi ў большасцi выпадкаў з’яўляюцца монасемантамi i маюць аднастайную знешнюю форму.

Арэалы адназначных i мнагазначных запазычанняў адрознiваюцца не толькi па працягласцi, але i па напоўненасцi. Так, для запазычанняў-полiсемантаў характэрны несуцэльныя – разарваныя (лямец (ЛАБНГ II, № 323), крушня, рыдзель (II, № 290, 291), размытыя (бурт (II, № 224), жлукта(III, № 115) i карункавыя (гiрса (I, № 250), cклюд (II, № 276) арэалы, якiя, магчыма, з’яўляюцца трыма ступенямi паступовага разбурэння аднаго, некалькi суцэльнага арэала. Разарваныя арэалы маюць два, тры i больш разрывы. Для размытых арэалаў характэрны, як правiла, астраўны характар (бурт, кныпяль, рэзьвiны (II , № 299). Разарваныя арэалы полiсемантаў распадаюцца на адносна кампактныя субарэалы. Разрывы памiж субарэаламi тлумачацца як распадзеннем арэала, так i недастатковай вывучанасцю лексiчнай сiстэмы гаворак.

Монасеманты, адназначныя запазычаннi, як правiла, маюць два палярныя тыпы арэалаў: кампактнты i размыты. Кампактны арэал (па форме – падковападобны, круглы i iнш.), як правiла, характэрны для больш познiх запазычанняў кантактнага характару (пашчэнкi (III, № 54), пуц (II, № 277), хаця магчымы i для даўнiх запазычанняў (мiлта, пастыр (I, № 61). Размыты (па форме астраўны) арэал монасеманта сведчыць аб даўнасцi яго запазычання (цуглi (II, № 321), аднак у некаторых выпадках характэрны i для больш познiх запазычанняў (тыпу байструк (III, № 167), венцер (II, № 333, 335), гiгель (I, № 265), шляга (II, № 280). Для лакальнадыялектных запазычанняў характэрны кропкавы арэал (вельканоц (III, № 283), крумплi (III, № 94), плюсна (III, № 98), тэсцёва (III, № 158), шлункi (III, № 94). У адносiнах да асноўнага дыялектнага масiву Беларусi арэал запазычанняў можа быць цэнтральным (банкарт (III, № 167), лоўж (I, № 191); пелiка (II, № 133), маргiнальным (крушня), дысперсным, рассыпаным па ўсёй тэрыторыi (аер (I, № 272), жлукта (III, № 115), каляды (III, № 281), кульша, люстэрка (III, № 103), пляц (III, № 258). Часцей за ўсё сустракаюцца дысперсны i маргiнальны арэалы. Маргiнальны арэал запазычанняў можа быць кругавым (аксны (I, № 137), крушня, скiрда (I, № 207), падковападобным (гiгель (I, № 265), паўкруглым (вогер (I, № 41), рымар (III, № 210) або латэральным, бакавым (аджгур (I, № 322), балька (I, № 189); бахур (III, № 167), вангор (I, № 324); вягал (I, № 321), гiль (I, № 349), паршы (I, № 8), прымен, скаўронак (I, № 117). Ён можа быць рэлiктавым, архаiчным, з пункту гледжання ‘унутранай’ геаграфii – субстратнай з’явай, у адносiнах да якой дзейнiчае закон перыферыйнасцi. Але ў большасцi выпадкаў маргiнальны арэал характэрны для пагранiчных запазычанняў, якiя з’яўляюцца вынiкам больш познiх мiжмоўных кантактаў.

Арэальнае вывучэнне лексiкi iншамоўнага паходжання паказвае, такiм чынам, ступень яе канцэнтрацыi i зоны распаўсюджання ў беларускiх гаворках, дазваляе вызначыць агульнанародныя, мiждыялектныя i лакальнадыялектныя запазычаннi, картаграфаванне якiх выяўляе асноўныя тыпы iх арэалаў, розных па канфiгурацыi, размяшчэннi i напоўненасцi.

Такiм чынам, у працэсе функцыянавання i ўзаемадзеяння з уласнай лексiкай адбывалася паступовая адаптацыя iншамоўных слоў ў адпаведнасцi з фанетыка-марфалагiчнымi i лексiка-семантычнымi асаблiвасцямi народна-дыялектнай мовы-рэцэптара. Засваенне iншамоўнай лексiкi закранае як яе знешнюю форму (фанетычная i марфалагiчная адаптацыя), так i значэнне (семантычная адаптацыя).

У працэсе фанетычнай адаптацыi змянялася гукавая абалонка запазычанняў у вынiку яе падпарадкавання асноўным асаблiвасцям вакалiзму i кансанантызму беларускiх гаворак.

Пры марфалагiчнай адаптацыi вызначаецца граматычная характарыстыка слова, устанаўлiваецца яго прыналежнасць да пэўнай часцiны мовы, адбываецца ўключэнне слова ў сiстэму асноўных марфалагiчных форм i катэгорый гэтага граматычнага класа, акрэслiваецца марфемная будова.

Iмкненне народна-дыялектнай мовы максiмальна прыстасаваць iншамоўныя лексiчныя адзiнкi да фанетычнай i граматычнай сiстэмы, а таксама лакальная замацаванасць i вусная форма iснавання прыводзяць да ўзнiкнення разнастайных лексiка-фанетычных i марфалагiчных варыянтаў. Лексiка-фанетычныя варыянты пры аднолькавым марфемным саставе адрознiваюцца гукавым складам каранёвай марфемы. Марфалагiчныя варыянты адрознiваюцца граматычнымi паказчыкамi або афiксальнымi марфемамi. Асобныя фанетычныя i марфалагiчныя варыянты ўзнiклi ў вынiку запазычвання розных форм адной i той жа мовы-крынiцы (пасрэднiцы) або розных шляхоў засваення.

Адным з важнейшых паказчыкаў засвоенасцi запазычанняў з’яўляецца ўключэнне iх у сiстэму словаўтварэння народнай мовы. Дэрывацыйныя здольнасцi рэалiзавалi толькi 18% з прааналiзаваных дыялектных запазычанняў у вынiку максiмальнага прыстасавання да словаўтваральнай сiстэмы мовы-рэцэптара. Самым высокiм словаўтваральным патэнцыялам валодаюць запазычаныя субстантыўныя назвы.

Вышэйшай ступенню адаптацыi iншамоўнай лексiкi з’яўляецца яе семантычнае асваенне, у вынiку якога адбываецца спачатку дыферэнцыяцыя значэння запазычанняў, вызначэнне дакладнай прадметна-паняцiйнай сувязi, а ў далейшым, у працэсе функцыянавання ў лексiчнай сiстэме народных гаворак, iх полiсемантызацыя на аснове разнастайных тыпаў семантычнай дэрывацыi (метафарызацыi, метанiмiзацыi, пашырэння або звужэння значэння), шляхам iх камбiнавання або паралельнага развiцця. Некаторыя запазычаннi з цягам часу архаiзавалi сваё значэнне пад уплывам як экстралiнгвiстычных, так i ўнутрымоўных прычын.

Кампанентны аналiз семантыкi запазычанняў дазволiў выявiць сiстэмныя адносiны ў межах iх сэнсавай структуры, раскрыць унутраны механiзм полiсемантызацыi, паказаць iерархiчную залежнасць розных лексiка-семантычных варыянтаў полiсеманта.

Характар i ступень адаптацыi iншамоўнай лексiкi ў значнай ступенi абумоўлены тэрыторыяй пашырэння запазычанняў, у складзе якiх выдзяляюцца агульнанародныя, мiждыялектныя i лакальнадыялектныя тыпы.



ВЫВАДЫ
1. Такiм чынам, мiжмоўныя кантакты адыгралi важную ролю ў развiццi лексiчнай сiстэмы народна-дыялектнай мовы. Вынiкам iх з’явiлiся шматлiкiя запазычаннi, найбольш значныя ў колькасных адносiнах i разнастайныя ў семантычным плане групы якiх складаюць словы польскага, германскага, балтыйскага i лацiнскага паходжання. Iнтэнсiўнасць запазычвання iншамоўнай лексiкi ў значнай ступенi вызначалi ўмовы бiлiнгвiзму, а ў некаторых выпадках i полiлiнгвiзму, у якiх развiвалася беларуская мова, найбольш актыўным з якiх было польска-беларускае моўнае ўзаемадзеянне. Гэтым тлумачыцца тое, што польская мова з’явiлася крынiцай запазычвання самай значнай па колькасцi групы (36%) лексем, а таксама была пасрэднiцай пры засваеннi большасцi слоў з германскiх, раманскiх i класiчных моў.

2. Прычыны запазычвання ў народныя гаворкi слоў з iншых моў былi рознымi: засваенне лексемы адначасова з абазначанай ёю рэалiяй, найчасцей гэта адбывалася з так званымi “культурнымi” запазычаннямi (буч ‘рыбалоўная прылада з лазы цi нiцяной сеткi абручоў’, дрыль ‘iнструмент для пракручвання дзiрак’, клямар ‘цiскi’, сласты ‘прыстасаванне для сушкi травы’, стальзак ‘нажоўка’, фура ‘вялiкi воз, прызначаны для перавозкi грузаў’), тэндэнцыя да лаканiчнасцi i моўнай эканомii, калi запазычанне адносiцца да безэквiвалентнай лексiкi, – у мове-рэцэптары адсутнiчае аднаслоўная назва рэалii i яе значэнне перадаецца апiсальна (гамарня ‘вялiкi, няўтульны будынак’, скiрда ‘спецыяльная ўкладка сена, саломы’, тарпа ‘запоўнены чым-небудзь застаронак у гумне’), iмкненне да сiнанiмii, разнастайнасцi выражэння (гасла ‘паведамленне’, доба ‘суткi’, дакляраваць ‘абяцаць’, фундаваць ‘частаваць’), папаўненне экспрэсiўнага лексiчнага фонду народнай мовы (абэржа ‘вялiзны будынак’, бамбiза ‘гультай’, вэрхал ‘гвалт’, ‘беспарадак’, вяпла ‘дурань’, гавэнды ‘пустыя размовы’), працяглыя мiжмоўныя (беларуска-польскiя, напрыклад,) кантакты i як вынiк – паланiзацыя слоўнiкавага складу асобных груп беларускiх гаворак i iнш.



  1. Як указвалася ва ўводзiнах, у рабоце аналiзавалiся пераважна народна-дыялектныя запазычаннi, якiя адсутнiчаюць у нарматыўнай мове або маюць фармальныя цi семантычныя адрозненнi ад сваiх лiтаратурных адпаведнiкаў. На аснове супастаўлення лексiчных адзiнак народна-дыялектнай i нарматыўнай, лiтаратурнай мовы, былi вызначаны наступныя тыпы дыялектных запазычанняў: лексiчныя, фанетычныя, марфалагiчныя, словаўтваральныя i семантычныя.

  2. Лексiчныя запазычаннi не маюць нарматыўных адпаведнікаў, iх значэнне ў лiтаратурнай мове перадаецца iншымi словамi або апiсальна, многiя з iх адносяцца да безэквiвалентнай лексiкi. Фанетычнымi з’яўляюцца запазычаннi, якiя пад уплывам народнага вымаўлення змянiлi сваё гучанне, чым i адрознiваюцца ад лiтаратурных адпаведнiкаў. Да марфалагiчнага тыпу адносяцца запазычаннi, якiя ў працэсе засваення змянiлi граматычную характарыстыку, да словаўтваральнага – запазычаннi, засваенне якiх у гаворках суправаджалася дадатковай народнай афiксацыяй. I, нарэшце, да семантычнага тыпу неабходна далучыць запазычаннi, якiя змянiлi ў народнай мове семантычны аб’ём або стылявую афарбоўку. Акрамя таго, у рабоце аналiзавалася невялiкая колькасць (3,3%) запазычанняў, якiя не адрознiваюцца ад лiтаратурных адпаведнiкаў, але вызначаюцца сваiм агульнаўжывальным характарам i сталай традыцыяй выкарыстання, што дае падставу адносiць iх да народных запазычанняў.

Колькаснае размеркаванне запазычанняў па адзначаных тыпах паказвае таблiца 3.1.

Таблiца 3.1
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   25


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка