Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка9/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   23

3. Умовы, у якіх развівалася французскае асветніцтва, былі зусім іншыя, чым у Англіі. Для Францыі было характэрна супрацьстаянне паміж асветніцкай элітай і абсалютызмам. Праяўленнем гэтага стала праследаванне вальнадумства з боку каралеўскай улады. Такая пазіцыя ўлады спрыяла радыкалізацыі і палітызацыі Асветніцтва ў Францыі. Французскае Асветніцтва развівалася галоўным чынам як элемент арыстакратычнай культуры. Самай папулярнай формай стасункаў прадстаўнікоў асветніцкай эліты стаў вялікасвецкі салон, для якога была характэрна замкнёнасць і арыстакратычнасць. У выніку ідэі Асветніцва сталі здабыткам вузкай вярхушкі грамадства. Атмасфера салонаў была далёкай ад штодзённага жыцця сацыяльных нізоў. Таму французскае Асветніцтва аказалася больш схільным да распрацоўкі тэарэтычных праблем грамадскага жыцця, бычыла мэту ў стварэнні мадэлі ідэальнага грамадства. Палітычная сітуацыя ў Францыі была такой, што асветнікам было цяжка разлічваць на рэалізацыю сваіх ідэй, яны не мелі ўплыву на палітычную ўладу.

Французскія асветнікі пачынаюць ствараць і гурткі аднадумцаў, якія становяцца яшчэ адной формай арганізацыі прыхільнікаў Асветніцтва. Найбольш вядомым сярод іх быў гурток энцыклапедыстаў, арганізаваны Д. Дзідро, які паставіў сваёй мэтай выданне навуковай энцыклапедыі.

Сярод французскіх асветнікаў прынята выдзяляць старэйшае пакаленне: Мантескье і Вольтер (Франсуа Мары Аруэ). Шарль Луі Мантэскье выступаў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі як формы праўлення. Ён развіў ідэю аб падзеле ўладаў, якія павінны ўзаемна ўраўнаважваць адна другую. Мантэскье прапаноўваў падзел уладаў на тры галіны: заканадаўчую – парламент, выканаўчую – кароль, судовую – сітэма незалежных судоў. Заканадаўчую ўладу павінен ажыццяўляць народ праз сваіх прадстаўнікоў. Грамадскі і дзяржаўны лад тагачаснай Францыі падаваўся асветнікам як не адпавядаючы патрабаванням розуму. Важнейшым інструментам перабудовы існуючага грамадства да лепшага, на думку Мантэскье, з'яўляюцца разумныя законы. Ён лічыў, што існуюць аб'ектыўныя фактары, якія абумоўліваюць прыняцце законаў кожным народам: клімат, характар глебы, плошчу дзяржавы, рэлігію, колькасць насельніцтва, характар гаспадарчай дзейнасці. Напрыклад, для малой дзяржавы лепшая форма кіравання – рэспубліка, для дзяржавы сярэдніх памераў – манархія, для буйной дзяржавы – дэспатыя.

Вальтэр таксама лічыў існаваўшы ў Францыі грамадскі лад неразумным і абвяшчаў неабходнасць перайсці да новых грамадскіх адносін, якія будуць пабудаваны на разумных прынцыпах. Інстытутам пераходу да гэтага новага грамадства на думку Вальтэра павінен стаць асветніцкі абсалютызм. Ён разлічваў на тое, што абсалютны манарх, які засвоіў ідэі Асветніцтва, выкарыстае сваю ўладу для правядзення неабходных рэформаў, каб перабудаваць грамадства на прынцыпах рацыяналізму. Народ жа не павінен прымаць актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці. Вальтэр, як і іншыя асветнікі, зыходзіў з прынцыпу, што ўсе людзі раўныя ў правах і недапушчальны якія-небудзь прывілеі. Супярэчлівымі былі адносіны Вальтэра да рэлігіі. Ён падвяргаў рэзкай крытыцы каталіцкую царкву за яе нецярпімасць да свабоды думкі і падтрымку дэспатычнай улады. Але рэлігію ён лічыў неабходнай для грамадства і для асобнага чалавека як апору маралі.

Асаблівае месца ў французскім Асветніцтве займала эканамічная школа фізіякратаў, стваральнікам якой з'яўляўся Франсуа Кенэ. Ён лічыў, што зямля – крыніца ўсякага багацця, і толькі земляроб сваёй працай памнажае багацце. У залежнасці ад адносін да зямлі ён выдзяліў тры грамадскія класы: вытворчы, ўласнікі, бясплодны. Вытворчы клас – гэта земляробы. Іх праца стварае багацце, частку якога атрымлівае ўласнік (землеўладальнік). Да бясплоднага класа Кенэ адносіў рабочых, рамесленікаў, гандляроў, бо, на яго думку, яны сваёй працай не ствараюць новае багацце, а толькі відазмяняюць прадукт, які стварае вытворчы клас. Паколькі дзяржаўныя патрэбы забяспечваюць прадстаўнікі вытворчага класа (асаблівыя фермеры), то фізіякраты прапаноўвалі звесці да мінімуму падаткі, якія яны плацілі, а асноўны падатковы цяжар ускласці на зямельных уласнікаў. Для паспяхова развіцця вытворчасці Кенэ лічыў неабходны ўвесці свабодны ўнутраны і знешні гандль, каб прамысловыя тавары дзешавей абыходзіліся земляробам. Яго паслядоўнікам быў Цюрго, які ў 1774 г. стаў генеральным кантралёрам фінансаў. Ён робіць спробу ажыццявіць ідэі фізіякратаў на практыцы.

Жан-Жак Русо з'яўляецца аўтарам найбольш радыкальных поглядаў сярод французскіх асветнікаў. У яго працах адчуваецца разчараванне ў рацыяналізме, і ён звяртаецца да прызнання ролі пачуццяў у жыцці чалавека і грамадства. Аснаўная ідэя Русо – неабходна вывесці грамадства са становішча ўсеагульнай порчы маралі. Мараль у Русо звязана з палітычным і грамадскім ладам. Выйсце ён бачыць у правільным выхаванні ўладароў, дасягненні матэрыяльнай роўнасці людзей. Русо ўказвае, што кожны чалавек дабрадзецельны тады, калі яго прыватная воля адпавядае ўсеагульнай. Такім чынам, асобны чалавек поўнасцю падначальваецца калектыву. У аснове грамадскага ладу, на думку Русо, павінны ляжаць эканамічная роўнасць уласнікаў і раўнапраўе грамадзян, ідэя братэрства людзей. Русо ўказваў, што чалавек ва ўмовах цывілізацыі разбурыў свае гарманічныя адносіны з прыродай, з-за чаго і адбылася маральная дэградацыя людзей. Найвялікшым злом, якое спрыяла маральнай порчы чалавека, з'яўлялася ўзнікненне ўласнасці. Выйсце ён бачыў ў вяртанні да першаснага стану людзей, але чалавецтва ўжо не зможа адмовіцца ад цывілізацыі. Таму Русо прапануе аднаўляць страчаную дабрадзецель на новай аснове. Для гэтага трэба ліквідаваць празмерную маёмасную няроўнасць, бо на ёй стаіць дэспатызм. Сродкам барацьбы з дэспатызмам Русо называе народнае паўстанне. Ён выступае супраць капіталістычных адносін, свабоднага гандлю. На яго думку дзяржава павінна кантраляваць эканамічныя адносіны, правільна размярковываць харчаванне, грошы.

Дабрадзецелі, указвае Русо, захаваліся ў народзе, але народ прастадушны і не здольны зразумець свае інтарэсы. Ён – лёгкая здабыча для палітыкаў. Каб зберагчы народ ад гэтай небяспекі, яму неабходны адданы павадыр, які дзейнічае ў інтарэсах народа. Гэты правадыр адлюстроўвае волю народа ў законах і палітыцы дзяржавы. Такая дзяржава выпрацоўвае нормы чалавечага жыцця, стварае сістэму адукацыі, уводзіць дзяржаўную рэлігію. Тым самым фарміруюцца новыя маральныя каштоўнасці. Ідэалам дзяржаўнага ладу для Русо з'яўлялася прамая дэмакратыя. Такім чынам, Русо прапаноўваў ператварыць дзяржаву на чале з народным правадыром у галоўны інструмент выпраўлення хібаў чалавечай маралі і, тым самым, адкрыць шлях для стварэння ідэальнага грамадства.

Згодна Русо, з’яўленне дзяржавы было вынікам добраахвотнага грамадскага дагавора паміж людзьмі каб забяспечыць свае правы і дабрабыт. Грамадскі дагавор дазваляе дасгнуць грамадзянскай свабоды. Яна мае на ўвазе цеснае супрацоўніцтва людзей, фарміраванне грамадскіх асацыяцый. Русо адвяргаў свабоду, якая дасягаецца насуперак грамадскім асацыяцыям. Паколькі ўлада мае дагаварную прыроду, то пад яе суверэнам трэба разумець народ як адзінае цэлае. Гэтае цэлае ён называў Рэспублікай, ці палітычным арганізмам.



4. На развіццё Асветніцтва ў Італіі вялікі ўплыў аказала тое, што краіна была раздробленай. У выніку Асветніцтва тут таксама не было адзіным. Асаблівасцю ідэалагічнай сітуацыі ў Італіі было тое, што ў ёй адчуваўся вельмі моцны ўплыў каталіцкай царквы. Асветнікі вымушаны былі дэманстраваць лаяльнасць да каталіцтва. Асноўная ўвага асветнікаў была сканцэнтравана на распрацоцы канкрэтных злабадзённых пытанняў. Развівалася Асветніцтва перш за ўсё ва універсітэтах.

У Паўднёвай Італіі цэнтрам Асветніцтва быў Неапаль. Тут сярод асветнікаў вылучаецца Джанбаціста Віко. Ён першым абгрунтаваў ідэю аб аб'ектыўным характары гістарычнага прагрэсу, указаў, што развіццё чалавецтва заўсёды прагрэсіўнае, але цыклічнае: эпоха антычнасці – эпоха варварства (сярэдневечча) – эпоха Асветніцтва. Віко паказаў, што ўзнікненне дзяржаўнасці абумоўлена сацыяльнымі супярэчнасцямі. Першыя дзяржавы ўзніклі ў выніку барацьбы вярхушкі плямёнаў з рабамі. Яны ўяўлялі сабою арыстакратычныя рэспублікі. Рабы сталі адваёўваць свае правы. У выніку рухнула панаванне арыстакратыі. Ствараецца новае грамадства, у якім дамінуе прыватны інтарэс. Гэта вядзе да накаплення багацця ў пэўных людзей і ўзнікнення сацыяльнай напружанасці. Яна вядзе да грамадзянскай вайны. У ёй абодва бакі абяссільваюць, і з'яўляюцца аўтарытарныя асобы, якія бяруць уладу ў свае рукі. Так устанаўліваецца манархія. Дж. Віко лічыў, што ў грамадстве дзейнічае вечны і натуральны царскі закон. У выніку яго дзеяння дэмакратыя заўсёды ператвараецца ў манархію. Дж.Віко рабіў вывад, што грамадства развіваецца па аб'ектыўных законах, якія нельга змяняць.

У Неапале працаваў Антоніо Джанавезі, які займаўся пераважна эканамічнымі праблемамі. Ён лічыў, што асноўнай галіной эканомікі з'яўляецца сельская гаспадарка. Дзяржава свае намаганні павінна канцэнтраваць на тым, каб забяспечваць уздым сельскай гаспадаркі. Каб гэтага дасягнуць, неабходна пераразмеркаваць зямельную уласнасць за кошт феадалаў. Ён бачыў у сялянскай працы панаванне працалюбства і свабоды, адлюстраванне важнейшых дабрадзецелей. А.Джанавезі выступаў за ліквідацыю мытных бар'ераў у Італіі, бо яны перашкаджалі эканамічнаму развіццю краіны.

У Паўночнай Італіі цэнтрам Асветніцтва з'яўляўся Мілан. Буйнейшай постаццю сярод міланскіх асветнікаў з'яўляўся Чэзарэ Бекарыя. Ён займаўся перш за ўсё праблемамі права. Ч. Бекарыя тлумачыць паходжанне дзяржавы на аснове канцэпцыі грамадскага дагавора. Ён лічыў, што людзі, заключыўшы гэты дагавор, адмаўляюцца ад часткі натуральных правоў, але не адмаўляюцца ад свабоды ўвогуле. Мэта грамадзянскай супольнасці – дасягненне шчасця для як мага большай колькасці людзей. Дзяржаўныя законы, лічыў Бекарыя, павінны служыць гэтай мэце. Неабходна рэарганізаваць уладу і прывесці яе ў адпаведнасць з прынцыпамі натуральных правоў. Для стварэння новага грамадства неабходна маральнае ўдасканаленне чалавека. Ч. Бекарыя прапаноўваў рэарганізацыю крымінальнага права на аснове прынцыпаў гуманнасці: забараніць пакаранне смерцю, не праследаваць людзей за думкі.

У Германіі Асветніцтва пачынае развівацца позна. У паўночнай Германіі яно з'яўляецца ў 60-я гады 18 ст., у Паўднёвай – у 70-я гады. Важнай крыніцай для фарміравання паўночнагерманскага Асветніцтва стала лютэранства. Асветніцтва выступіла ў ролі свецкая тэалогія лютэранства. Поспехам Асветніцтва спрыялі поспехі ў развіцці культуры, распаўсюджванне мецэнацтва. У Прусіі Асветніцтва мела падтрымку з боку Фрыдрыха ІІ. Буйнейшым прадстаўніком нямецкага Асветніцтва з'яўляўся І. Кант. Ён выказаў сваё разуменне сутнасці Асветніцтва – гэта працэс вызвалення індывіда ў маральным і інтэлектуальным плане, але не палітычным. Нямецкае Асветніцтва мела тэарэтычны характар. У другой палове 18 ст. германскае грамадства было далёка ад патрасенняў. Асветнікі Прусіі не ставілі мэтай ажыццявіць у грамадстве глубокія пераўтварэнні. Асноўныя намаганні яны накіроўвалі на распаўсюджванне асветы, пашырэнне ўзроўня адукаванасці, які павінен адпавядаць сацыяльнаму статусу чалавека. Асветніцкія ідэі былі распаўсюджаны сярод дваранства, чыноўніцтва, афіцэрства, выкладчыкаў. Яго ідэі засвоіла вузкая асветніцкая эліта, якая мела цесную сувязь з дзяржавай. Таму для нямецкіх асветнікаў свабода заключалася ў зліцці з дзяржавай.

Кант быў заснавальнікам канцэпцыі прававой дзяржавы. Згодна з ёй прадназначэнне дзяржавы – падтрымліваць рэжым справядлівасці праз удасканаленне сістэмы права. Заключаючы грамадскі дагавор, людзі не ахвяраваюць свабоду, лічыў Кант. Яны ствараюць умовы, каб больш надзейнай ёй карыстацца. Людзям неабходна гарантыя ад дэспатызму. Такой гарантыяй можа стаць падзел уладаў на заканадаўчую і выканаўчую. Усе перамены, па меркаванню Канта, павінны адбывацца ў рамках закона праз рэформы зверху.

Яшчэ адзін прадстаўнік немецкага Асветніцтва Готхальд Лесінг адстойваў рацыянальныя погляды на грамадскія працэсы. Згодна з яго канцэпцыяй гркамадства ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: 1) дзяцінства (эпоха ветхого запавета); 2) юнацтва (новы запавет); 3) спеласць (новае Евангеліе). На апошнім этапе асновай паводзін сталі норма маралі, якая ўжо не звязана з верай. Лесінг выступіў з ідэяй існавання агульначалавечых каштоўнасцей. Заклікі Лесінга да адраджэння народнай нямецкай паэзіі, песенай творчасці спрыялі ўсталяванню нацыянальнага духа ў германскай драматаргіі.

Германскі асветнік Іоган Гердар падкрэсліваў ролю пачуццяў у жыцці чалавека і грамадства. Ён сфармуляваў ідэю арганічнага развіцця свету, якое прасочваецца і ў нежывой прыродзе і ў развіцці чалавецтва. Ён лічыў мэтаю чалавечага быцця рух да гармоніі і гуманнасці. У гістарычных падзеях ён шукаў заканамернасці, прычынную абумоўленасць.

Лева-радыкальнае крыло ў германскім Асветніцтве прадстаўляў Георг Форстэр. Яго палітычным ідэалам была дэмакратычная рэспубліка. Яе сіла заключаецца ў падтрымцы народа. Форстэр стаў лідарам Майнцкай рэспублікі ў час рэвалюцыйных войнаў. Ён лічыў, што ўласнасць з'яўляецца натуральным правам чалавека, але пры гэтым неабходна адносная роўнасць ў яе размеркаванні. Пераход чалавека ад дзікасці да цывілізацыі адбываецца, па Форстэру, у сілу натуральных законаў. Фактарам, які забяспечвае развіццё грамадства, з'яўляецца барацьба розных сацыяных слаёў.


Тэма: Рэфармацыя і контрэфармацыя ў Еўропе.
1. Рэфармацыя ў Германіі і Швейцарыі.

2. Каралеўская Рэфармацыя.

3. Асаблівасці Рфармацыі ў Франціі.

4. Контррэфармацыя.


Літаратура

1. Английская реформация: документы и материалы. – М.,1990.

2. Кальвин, Ж. Наставления в христианской вере / Ж. Кальвин. В 3 т. – М., 1998.

3. Очерки истории западного протестантизма. М., 1995.

4. Гражданские войны во Франции. – Челябинск. 1982.

5. Карев А. В., Сомов К. В. История христианства. –М.,1990.

6. Исаенко А. В. Английская королевская реформация 16 века. –Орджаникидзе, 1982.
1. Рэфармацыя – гэта шырокі рэлігійны і сацыяльна-палітычны рух у Еўропе 16 ст., які вылучаў патрабаванне рэформы каталіцкай царквы і пераўтварэння парадкаў, якія былі санкцыянаваны яе вучэннем. Яна стала наступствам распада саслоўна-карпаратыўнай сістэмы Сярэднявечча. Рэфармацыя была сваеасаблівым адказам на маргеналізацыю масавай свядомасці. У пераходным грамадстве, ва ўмовах мадэрнізацыі маргіналізацыя набыла масавы характар. Грамадскія ўмовы мяняліся хучэй, чым мянялася самаідэнтыфікацыя асобы. Неўстойлівае становішча ў грамадстве нараджала адчуванне трывогі, разгубленасці. Маргінальны чалавек аказваецца схільным адначасова і да сацыяльнага негілізму, і да шчырай веры ў некія вышэйшыя ідэалы. Негілізм вёў да адмаўлення каталіцкай царквы, а вера штурхала да барацьбы за аднаўленне каштоўнасцей хрысціянства. Рэфармацыя была звязана і ўмацаваннем новага сацыяльнага парадку, развіццём прадпрымальніцтва, фарміраваннем нацыянальнай дзяржаўнасці. Каталіцкая дактрына абгрунтоўвала карпаратыўны лад, прыарытэт агульнага над прыватным. Каталіцкая тардыцыя мела на ўвазе грамадскую пасіўнасць асобы. Пратэстантызм, выступаючы супраць карпаратыўных інтарэсаў каталіцкай царквы, садзейнічаў разбурэнню старога і станаўленню новага грамадства.

У ідэйнайнай падрыхтоўцы Рэфармацыі важную ролю адыграла гуманістычная ідэалогія эпохі Адраджэння. Гуманізм падрыхтаваў Рэфармацыю распрацоўкай рацыяналістычных метадаў вывучэння Свяшчэннага пісання. Ён імкнуўся даць рацыяналістычнае тлумачэнне сацыяльна-палітычных і этычных праблем. Гуманізм і Рэфармацыя былі выкліканы агульнымі прычынамі, якія звязаны з разлажэннем феадальнага грамадства і зараджэннем элементаў ранняга капіталізму. Гуманізм, як рух за свецкую культуру, звяртаўся да больш адукаванай часткі грамадства. Рэфармацыя ставіла мэтай абнавіць на аснове Евангелія жыццё кожнага хрысціяніна і таму звярталася да шырокіх мас. Маральны ўпадак духавенства, нізкі ўзровень яго адукацыі, няздолльнасць даць адказы на запыты вернікаў адносна працэсаў, якія адбываюцца ў свеце, выклікалі расчараваанне прыхажан у каталіцкай царкве. Імкненне папства ўмешвацца ў справы еўрапейскіх дзяржаў штурхала манархаў да імкнення стварыць нацыянальныя цэрквы.

У пачатку 16 ст. цэнтрам руху супраць каталіцкай царквы і папства стала Германія. У раздробленай Германіі прытэнзіі папства на ўладу, яго дзеянні па выкачванню вялізарных сродкаў у Рым не маглі сустрэць такога адпору, як у цэнтралізаваных дзяржавах. Рознародная апазіцыя ў Германіі змагла аб’яднацца на аснове ідэй пераўтварэнняў царквы і вызвалення ад прыцязанняў рымскай курыі. Гэтыя агульныя інтарэсы шырокіх колаў германскай грамадскасці змог выразіць прафесар Віттэнбергскага ўніверсітэта марцін Лютэр. Штуршком для выступлення Лютэра і пачатку Рэфармацыі стаў продаж індульгенцый. У канцы кастрычніка 1517 г. Лютар абнародаваў 95 тэзісаў супраць продажу індульгенцый. Гэта і стала пачаткам Рэфармацыі.

Лютэр адверг саму каталіцкую догму аб магчымасці выратавання душы толькі пры пасрэдніцве каталіцкага кліра і на аснове ўсталяванага абраду. Ён лічыў, што толькі дайшоўшы да поўнага змірэння перад волей Бога чалавек зможа набыць Божскую міласэрнасць. Галоўнае месца ў вучэнні Лютара займае тэзіс, што чалавек можа выратавацца толькі праз веру, яе ён набудзе толькі праз міласць Божыю, а не праз асабістыя заслугі. Адвяргалася выратаванне праз выкананне царкоўных абрадаў і добрыя справы. З вучэння Лютара вынікала, што выратаванне чалавека залежыць толькі ад Божскай міласэрднасці, то выключаецца пасрэдніцкая роля каталіцкага кліра паміж чалавекам і Богам, страчвае сэнс існаванне ўсёй царкоўнай іерархіі на чале з Папай. Тым самым Лютэр абгрунтаваў тэзіс аб усеагульным свяшчэнстве. Ён сцвярджаў, што міране валодаюць гэтакім жа правам на свяшчэнства, якім раней валодала толькі каталіцкае духавентсва. У справах веры Лютар прызнаваў аўтарытэт толькі Свяшчэннага пісання і адвяргаў святасць Свяшчэннага падання (тое, што ішло ад Пап). Ролю царквы Лютар бачыў у тым, каб яна была настаўніцай людзей у жыцці, дапамагала чалавеку ў дасягненні змірэння, у разуменні Свяшчэннага пісання. Лютар лічыў, што калі царква не здольна сама вярнуцца да евангелістычных прынцыпаў, то гэтую задачу павінна выканаць дзяржава. Менавіта ў дзяржаве, разам са шлюбам і сям’ёй, закладзены божскі парадак. Але духоўнае жыццё чалавека непадуладна гасударам. Лютар патрабаваў дакладна размежаваць прэрагатывы свецкай і духоўнай улад і аддаваў перавагу свецкай уладзе. Ён абгрунтаваў неабходнасць секулярызацыі царкоўнай маёмасці і роспуску манашскіх ордэнаў.

Пасля таго, як Лютэр не адмовіўся ад сваіх поглядаў на рэйстагу ў Вормсе, па патрабаванню імператара Карла V, быў прыняты Вормскі эдзікт 1521 г., які прадпісваў праследваць на ўсёй тэрыторыі імперыі прыхільнікаў новай ерасі.

Ідэі Рэфармацыі імкнуліся выкарыстаць у сваіх мэтах розныя сацыяльна-палітычныя сілы. Частка нямецкага рыцарства пад яе сцягамі ўзняла паўстанне супраць князёў у 1522–1523 гады. Магістраты многіх гарадоў Паўднёвай Германіі падтрымалі Рэфармацыю. Пракацілася хваля гарадскіх паўстанняў, у ходзе якіх разбураліся манастыры і цэрквы. Адным з важнейшых у ходзе Рэфармацыі становіцца патрабаванне таннай царквы. У Рэфармацыю сталі ўцягвацца і сяляне. Рэфармацыя аказала ўплыў на ўзнікненне і ход Сялянскай вайны ў Германіі 1524–1525 гадоў.

Радыкальную плынь у Рэфармацыі прадстаўляў Томас Мюнцар. У яго сфарміравалася канцэпцыя блізкага ўсеагульнага перавароту, які будзе ажыццёўлены людзьмі – прыхільнікамі праведнай веры. Пры гэтым ён прапаведаваў гвалтоўныя метады барацьбы. Прыкладам радыкальнага рэфармісцкага руху можа служыць і Мюнстарская камуна анабабцістаў 1534 г. гарадскі савет Мюнстара, які перайшоў пад іх кантроль, арганізаваў у горадзе нешта накшталт камуністычнага супольніцтва, стаў актыўна прымяняць тэрор для захавання сваёй улады. Пасля таго, як войскі епіскапа майнцкага ўзялі Мюнстар, паследаваў яшчэ больш жорсткі тэрор у адказ. Пасля гэтых падзей радыкальная секта анабапцістаў адмовілася ад гвалтоўных дзеянняў.

Другі буйны цэнтр еўрапейскай Рэфармацыі склаўся ў Швейцарыі. З 1519 г. Ульрых Цвінглі ў Цюрыху перайшоў да прапаганды асабістага евангелісцкага вучэння. Як і Лютар, Цвінглі абапіраўся на аўтарытэт Свяшчэннага пісання і адвяргаў аўтарытэт “свяшчэннага падання”, прытрымліваўся прынцыпу апраўдання верай і ўсеагульнага свяшчэнства, не прызнаваў царкоўную іерархію, адвяргаў абрады каталіцтва.

Разыходжанні Цвінглі і Лютэра былі звязаны з іх палітычнымі пазіцыямі. Цвінглі быў прыхільнікам рэспублікі, заснаванай на прынцыпах самакіравання. Ён лічыў, што Евангелле настаўляе ўладу на правільны шлях, аб’ядноўвае яе з народам, але да таго часу, пакуль, улада дзейнічае па хрысціянскі, г. зн. не ўступае ў супярэчнасць з патрабаваннямі Евангелля. Ён прызнаваў неабходным знішчэнне такой улады, але не праз паўстанне, а на аснове ўсеагульнай згоды народа. У цвінгліянскай абшчыне прапаведнікі выбіраліся веруючымі, жыццё абшчыны строга рэгламентавалася. У 1529 г. адбылося сустрэча Цвінгле і Лютара. Яны разыйшліся не толькі па палітычных пытаннях, але і па пытанню аб ролі прычасця. Цвінгле хутка загінуў у час ваеннага канфлікту. У гарадах Верхняй Германіі ўсталявалася лютаранства.

У развіцці Рэфармацыі ў Германіі і Швейцарыі важным стаў 1526 г., калі па рашэнню Шпейескага рэйхстага імперскія чыны атрымалі права да царкоўнага сабора дзейнічаць у рэлігійных справах па ўласнаму разуменню. Князі і гарады, якія прынялі Рэфармацыю, выкарыстоўвалі гэтую пастанову для ўмацавання сваіх пазіцый. Спробы КарлаV дабіцца вяртання да Вормскага эдзікту, не далі выніку. У 1531 г. пратэстансція камуны і княствы стварылі Шмалькальдэнскі саюз, што прывяло да канчатковага замацавання лютаранства ў вестфальскіх і ганзейскіх гарадах і княствах Паўночна-Усходняй Германіі.

Яшчэ адной плынню Рэфармацыі ў Швейцарыі стаў кальвінізм. У 1536 г. Жан Кальвін у Жэневе выдаў працу “Настаўленне ў хрысціянскай веры”. Цэнтральнае месца ў вучэнні Кальвіна займае канцэпцыя аб двайным прадвызначэнні. Згодна з ім Бог яшчэ да стварэння свету прадвызначыў кожнаму чалавеку яго лёс. Адным – вечны праклён, другім, абраным, – вечнае блажэнства. Змяніць гэты выбар Бога чалавек не можа ніякімі заслугамі. Кальвін лічыў, што прырода чалавека ў сілу першароднага граху цалкам сапсаваная і схільная толькі да зла. Бог жа дзейнічае як сіла, якая пабуджае чалавека да дабра, або пакідае ва ўладзе граху, калі гэта адпавядае божскаму замыслу. Здавалася, такое вучэнне павінна было параджаць фаталізм і пасіўнасць чалавека. Але Кальвін наадварот тэалагічна абгрунтоўвае актыўнасць асобы. Ён указваў, што Бог дае чалавеку нейкі знак, які дазваляе зразумець, ці правільна чалавек выконвае сваё прызванне. Крытэрыем з’яўляецца поспех ці непоспех у жыцці. Кальвін рашуча апраўдваў беражлівасць і накапіцельства. Беднякам прыпісвалася смірэнне і добрасумленнасць у самай цяжкай працы.

У сваім палітычным вучэнні Кальвін падкрэслівае, што дзяржава – гэта божскае ўстанаўленне. Але ён падкрэслівае абавязкі правіцеляў у служэнні грамадству. Ён яшчэ больш рашуча, чым Цвінглі адстойваў права на супраціўленне тыраніі, калі яна не дае абраным выконваць іх хрысціянскую павіннасць. Правам супраціўлення валодаюць толькі прадстаўнічыя органы абшчыны. Найлепшы дзяржаўны лад – алегархічная рэспубліка. Кальвін падзяляў сферы царквы і дзяржавы. У Жэневе Кальвін усталяваў рэжым тэакратычнага тыпу. Быў усталяваны жорсткі кантроль над думкамі. У горадзе ажыццяўляліся праверкі дамоў, выносіліся суровыя пакаранні за адступленнне ад кальвінізму. Кальвін праяўляў крайнюю нецярпімасць. Абшчына выбірала і кантралявала сваіх пастыраў. Важнейшыя пытанні абмяркоўваліся на сходах пастыроў (кангрэгацыі). Такім чынам Кальвін сфармуляваў ідэал высокамаральнага, эканомнага, дзейнаснага жыцця, дзякуючы чаму кальвінізм стаў не толькі рэлігійным вучэннем, але і палітычнай праграмай.

Аугсбургскі рэлігіны мір 1555 г., які быў заключаны пасля перамогі пратэстанскіх князёў над войскамі імператара Карла V, падвёў рысу пад рэлігійнымі войнамі ў Германіі. Усталяваўся прынцып “чыя улада – таго і вера”. Лютаранства было прызнана афіцыйным веравызнаннем, вынікі секулярызацыі былі пацверджаны. Улада тэрытарыяльных князёў умацавалася. Тым самым Рэфармацыя садзейнічала захаванню палітычнай раздробленнасці Свяшчэннай Рымскай імперыі, дзе аформіліся два ваенна-канфесійныя саюзы.

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка