Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка7/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   23

5. У 1740-я гады ў Аўстрыі пачынаецца серыя рэформ, якія праводзяцца ў русле асветніцкага абсалютызму. Асноўная мэта рэформ заключалася ва ўмацаванні абсалютызму. Марыя-Тэрэзія, пасля ўступлення на трон у 1740 г., пачынае рэарганізоўваць адміністратыўную сістэму, спачатку ў Аўстрыі і Чэхіі. У 1749 г. была ўтворана дырэкторыя – спецыяльны цэнтральны дзяржаўны орган для гэтых зямель. Следам марыя-тэрэзія стварае правінцыйную сістэму кіравання, незалежную ад саслоўна-прадстаўнічых органаў і падначаленую толькі цэнтральнай адміністрацыі ў Вене. У 1760 г. быў заснаваны вышэйшы дзяржаўны савет у якасці вышэйшага дарадчага органа пры імператары.

Рэформа 1749 г. уводзіць цэнтралізаваны набор у аўстрыйскую армію на аснове каскрыпцыйных спісаў. Дваранства, духавенства, чыноўнікі, заможнае бюргерства вызваляліся ад ваенных набораў. Асноўны цяжар ваеннай службы несла сялянства. Большая частка салдат пасля 2-3 гадоў тэрміновай службы працягвалі службу ў запасе і перыядычна выклікаліся на зборы. Памешчыкі былі не задаволены гэтым, бо сяляне на працяглы час адрываліся ад работ. Гарадскія магістраты плацілі падаткі на ўтрыманне арміі.

Ваенная рэформа пацягнула значны рост падаткаў, што выклікала незадавальненне саслоўяў. Каб зламаць іх супраціўленне, імператрыца ідзе на правядзенне рэформы, па якой саслоўныя органы ваціравалі падаткі не штогод, а адразу на 10 год. Затым Марыя-Тэрэзія выдае ўказ аб усеагульным падаходным падатку, што стала важным крокам на шляху ліквідацыі саслоўных прывілеяў. У 1751 г. яна выдае дэкрэт, які забараняе памешчыкам зганяць сялян з зямлі. Тым самым імператрыца імкнулася не дапусціць змяншэння колькасці падаткаплацільшчыкаў і рэкрутаў.

У рамках палітыкі асветніцкага абсалютызму Марыя-тэрэзія правяла некаторыя аграрныя пераўтварэнні. У 1769 г. памешчыкі пазбаўляюцца права судзіць і караць прыгонных сялян. З 1771 па 1778 г. імператрыца выдала серыю ўказаў аб скарачэнні паншчыны, аб выкупе сялянамі права спадчынага ўладання зямлёй, якую яны апрацоўвалі. Паншчына была абмежавана 3 днямі на тыдзень пры 10-гадзінным рабочым дні. У каронных землях прыгоннае права было адмянена.

Значныя перамены адбыліся ў сістэме судавытворчасці. У Аўстрыі былі адменены пыткі, скарацілася прымяненне смяротнага пакарання. Важнае значэнне мелі рэформы ў галіне асветы. Была створана вялікая колькасць пачатковых школ. Сярэдняя і вышэйшая школа ў сувязі з ліквідацыяй ордэна іезуітаў перайшла ў рукі дзяржавы. Галоўным вынікам праўлення Марыі-Тэрэзіі было завяршэнне станаўлення абсалютысцкай сістэмы ў Аўстрыі і Чэхіі.

Працяг палітыкі асветніцкага абсалютызму звязаны з праўленнем Іосіфа ІІ, які ў 1780 г. становіцца самастойным правіцелем. У лістападзе 1781 г. ён выдае ўказ аб адмене прыгоннага права ў Чэхіі, Маравіі і Галіцыі. Сяляне атрымалі асабістую свабоду, але за карыстанне зямлёю павінны былі выконваць паншчыну і іншыя павіннасці на карысць памешчыка. Выкуп надзела быў магчымы толькі са згоды памешчыка. Адмена паншчыны была распаўсюджана на Аўстрыю і Венгрыю. Рэформа 1781 г. садзейнічала ператоку насельніцтва з вёскі ў горад і, адпаведна, мадэрнізацыі грамадства ў Цэнтральнай Еўропе. Патрэбы развіцця эканомікі прымушалі манарха садзейнічаць развіццю адукацыі. Іосіф ІІ уводзіць абавязковае 7-гадовае навучанне, а на бацькоў, якія не пускалі дзяцей у школу, накладае двайны падатак.

У 1789 г. быў выдадзены ўказ, які дакладна вызначаў павіннасці сялян. Паншчына адмянялася цалкам, 70% валавога даходу з сялянскай гаспадаркі павінна было заставацца селяніну, 18% – атрымоўваў памешчык, 12% – дзяржава. Іосіф ІІ лічыў, што гэтымі мерамі ён гарантуе захаванне селяніна як падаткаплацільшчыка і прадухіляе магчымую аграрную рэвалюцыю.

У духу асветніцтва Іосіф ІІ праводзіць палітыку верацярпімасці. У 1781 г. былі прыняты эдзікты, якія ўраўнялі ў правах з каталікамі праваслаўных і пратэстантаў, а з 1782 г. – яўрэяў. Імператар лічыў, што царква павінна стаць часткаю дзяржаўнага апарату. Іосіф ІІ зачыніў 700 мужчынскіх і 2000 жаночых манастыроў, канфіскаваў велізарныя царкоўныя маёмасці. Кліру было забаронена непасрэдна звяртацца ў Рым, мінуючы каралеўскую ўладу.

Кіруючы шматнацыянальнай імперыяй, імператар лічыў, што можна ўмацаваць яе цэласнаць толькі праз жорсткую цэнтралізацыю. Пры ім была ліквідавана аўтаномія асобных зямель. Германізацыя Венгрыі і іншых правінцый стала афіцыйнай ўрадавай палітыкай. Гэта выклікала супраціўленне, найбольш значным праяўленнем якога стала рэвалюцыя ў Паўднёвых Нідэрландах, якая ўспыхнула ў 1788 г. У 1789 г. на мяжы паўстання апынулася і Венгрыя, дзе Іосіф ІІ асабліва рэзка праводзіў палітыку цэнтралізацыі і анямечвання. Венгерскае дваранства было адхілена ад кіравання краінай праз саслоўныя органы. Уся ўлада перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў. З 1784 г. выкладанне ў вянгерскіх школах можна было весці толькі на нямецкай мове. Яна ж была моваю дзяржаўнай адміністрацыі. Незадавальненне дваранства выклікала і палітыка Іосіфа ІІ, накіраваная на некаторае паляпшэнне становішча сялянства.

У цэлым рэформы Іосіфа ІІ унеслі істотныя змены ў сістэму кіравання зямель, якія ўваходзілі ва ўладанні Габсбургаў. Да канца праўлення Іосіфа ІІ Аўстрыя фактычна стала адзінаю дзяржаваю. Але рэформы не падарвалі асноў феадалізму. У нацыянальным пытанні палітыка Іосіфа ІІ можа быць ахарактарызавана як рэакцыйная. Рэвалюцыя ў Паўднёвых Нідэрландах і Вялікая французская рэвалюцыя прывялі да згортвання рэформаў. У 1790 г. Іосіф ІІ памірае. Тым самым быў скончаны перыяд асветніцкага абсалютызму ў Аўстрыі. Новы імператар Леапольд ІІ пачынае праводзіць палітыку контррэформаў.




ТЭМА: Абсалютызм у краінах Паўднёва-заходняй Еўропы
1. Пачатак фарміравання іспанскага абсалютызму.

2. Іспанскі абсалютызм у 18 ст.

3. Асноўныя тэндэнцыі развіцця Партугаліі ў другой палове 17–18 cтст. і фарміраванне абсалютысцкай сістэмы.

4. Рэформы асветніцкага абсалютызму ў Іспаніі і Партугаліі ў 18 ст.

5. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця і фарміравання палітычных структур Італіі ў 16–18 стст.

Літаратура

Кандэлоро, Дж. История современной Италии / Дж. Кандэлоро. – М., 1978. – Т. 1. – 654 с.

История Италии: 3-х т. Т. 1. – М., 1971. – 356 с.

История Европы: в 8 т. Т. 3. – М., 1990 – 656 с.

История Европы: в 8 т. Т. 4. – М., 1994. – 509 с.
1. Спецыфіка фарміравання абсалютызму ў Іспаніі звязана з асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтай краіны. У Іспаніі ўжо ў 16 ст. адбываўся працэс экспрапрыяцыі дваранствам абшчынных зямель. Сяляне выцясняюцца на горшыя землі. Унутраны гандаль быў абмежаваны толькі мясцовымі рынкамі. Знешні (каланіяльны) гандаль з’яўляўся манаполіяй прывілегіраваных гандалёвых кампаній. Мануфактура пачынае развівацца ў 15–16 стст., але ў сярэдзіне 17 ст. іспанская мануфактура прыходзіць у заняпад.

Важная асаблівасць гістарычнага працэсу ў Іспаніі ў пачатку новага часу – засілле каталіцкай царквы. Яна дабілася як эканамічнай, так і палітычнай самастойнасці ад дзяржавы. Умяшанне царквы ва ўнутраную палітыку адмоўна адбілася на эканамічным развіцці краіны. Праследаванні па яе ініцыятыве марыскаў і іншых рэлігійных дыседэнтаў прывялі да значнага скарачэння колькасці насельніцтва (з 10 да 6,5 млн.) і заняпаду рамясла.

Войны Рэканкісты выхоўвалі шырокія масы народа ў духу палітычнай актыўнасці і спрыялі стварэнню вялікай колькасці органаў самакіравання ў выглядзе разнастайных магістратур, якія часта не былі абмежаваны ніякімі цэнтральнымі інстытутамі ці законамі. Гарады і дваранства прысвоілі сабе шматлікія прывілеі, “фуэрос”. Цэнтралізацыі Іспаніі перашкаджала тое, што гэтае каралеўства фарміравалася з розных абласцей, якія моцна адрозніваліся па культурных і дзяржаўных традыцыях. астурыя, Леон, Галісія, Касцілія мелі готскія традыцыі. Навара, Арагон, Каталонія – франкскія. Іспанія першапачаткова ўяўляла сабою федэрацыю двух каралеўстў: Арагона і Касціліі.

Умацаванне каралеўскай улады адбылося пры Карле І (як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі – Карл V). Але ён быў не столькі іспанскім каралём, колькі імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Адпаведна, яго намаганні былі накіраваны на ўмацаванне манархічнай улады ў рамках ствараемай ім універсальнай імперыі. Яго сын, Філіп ІІ, быў ужо ўласна іспанскім каралём, і ён працягнуў намаганні свайго бацькі па ўмацаванню манархіі, але ўжо ўласна іспанскай. Пры гэтым манарху ўжо можна гаварыць пра ўсталяванне ранняга абсалютызму ў адной з частак іспаніі – у Касціліі. Філіп ІІ усё больш і больш ставіў у падначаленне мясцовыя картэсы і без усялякага супраціўлення з іх боку ўводзіў новыя падаткі. Важную ролю ў кіраванні краінай сталі іграць летрадо – чыноўнікі з юрыдычнай, ці тэалагічнай адукацыяй. Яны да канца 16 ст. пацяснілі знаць у справе кіравання дзяржавай.

У 1665 г. пачынаецца цараванне апошняга іспанскага Габсбурга Карла ІІ. Пры ім рэальная ўлада канцэнтруецца ў руках фаварытаў. У Еўропе чакалі хуткай смерці караля, здороўе якога было слабым. Паколькі ў яго не было наследніка, то пры двары разгарнулася барацьба дзвюх партый. Французская партыя выступала за тое, каб трон пасля смерці Карла ІІ перайшоў да французскіх Бурбонаў. Нямецкая, ці аўстрыйская партыя дамагалася перадачы трона аўстрыйскім Габсбургам. Да 18 ст. абсалютная манархія усталявалася толькі ў адной частцы Іспанскага каралеўства – Касціліі. Тут, за выключэннем некаторых аўтаномных абласцей (Навара, Галісія Астурыя), ужо склаліся адзіныя цэнтралізаваныя падатковая, мытная і адміністрацыйная сістэмы. Асаблівасцю касцільскай абсалютнай манархіі было тое, што яна развівалася ў саюзе з арыстакратыяй. Капіталістычны ўклад у Іспаніі быў вельмі слабы. Таму бюргерства не ўяўляла тут значнай эканамічнай і палітычнай сілы.

Старая сістэма саветаў, як органаў кіравання, якія засядалі ў Мадрыдзе, была разгалінаванай. Дзейнічалі дзяржаўны і ваенны саветы, саветы якія кіравалі асобнымі тэрыторыямі, існаваў інквізіцыйны савет. З умацаваннем абсалютысцкай тэндэнцыі кароль пачынае фарміраваць бюракратычную сістэму кіравання. Але з-за засілля арыстакратыі ў каралеўскіх саветах аказалася вельмі складанна стварыць кіруючыя органы міністэрскага тыпу. Толькі ў пачатку 18 ст. ў Касціліі быў створаны кабінет-савет, у якім міністры ўзначальвалі пэўныя ведамствы. Картэсы Касціліі ў другой палове 17 ст. кароль ужо не збірае, але юрыдычна яны не спыняюць сваё існаванне. Картэсы мелі пастаянна дзеючыя органы – дэпутацыі, якія засядалі ў Мадрыдзе і давалі згоду на збор падаткаў. З 1660 г. урад стаў вырашаць пытанні ўвядзення новых падаткаў метадам апытання прадстаўленых у картэсах гарадоў паасобку і з дапамогаю ціску дамагаўся патрэбнага выніку. Але пры гэтым гарады Касціліі захоўвалі значную самастойнасць. Абсалютызм Касціліі аказаўся няздольны правесці фінансавую рэформу. Алькаба – асноўны прамы падатак, па-ранейшаму аддаваўся адкупшчыкам. Дваранства і духавенства мела падатковы імунітэт. Таму фінансавыя рэсурсы караля заставаліся адносна невялікімі.

Арагонскія землі мелі свае звычаі і традыцыі, і кароль асабіста, ці праз віцэ-караля, прыносіў прысягу пры заняцці арагонскага трона. Тут дзейнічалі дастаткова ўплывовыя картэсы, якія ў канцы 17 ст. склікаліся ўжо не рэгулярна. Затое працягвалі засядаць дэпутацыі, якія ваціравалі падаткі. Шырокай аўтаноміяй карысталіся гарады Арагона. Існаваў мясцовы суд побач з каралеўскім. У Мадрыдзе пры каралю існаваў арагонскі савет. Улада караля ў Арыгоне ў канцы 17 ст. была даволі моцнай па мерках саслоўна-прадстаўнічай манархіі, але яшчэ далёкай ад абсалютызму. Кароль ужо прызначаў важнейшых адміністратыўных асоб Арагона. Не была завершана цэнтралізацыя Іспаніі. Землі Арагона і Касціліі былі аддзелены мытнымі граніцамі.

2. У 1700 г. на трон уступае Філіп V Бурбон (правіў па 1746 г.). Гэта выклікала Вайну за іспанскую спадчыну. Яна прынесла Іспаніі вялікія эканамічныя страты. У 1703 г склалася пагроза таго, што Філіп V будзе звергнуты з іспанскага трона. Важную ролю ў поспехах аўстрыйскага эрц-герцага Карла адыгрывала тое, што на яго бок перайшло дваранства і гарады Арагона. 25 красавіка 1707 г. Філіп V атрымаў буйную перамогу пры Альмансе. Дзякуючы ёй ён падначаліў сабе землі Арагона. Былі знішчаны ўсе прывілеі арагонскіх зямель, картэсы распушчаны, арагонскі савет ліквідаваны, у гарады назначаны каралеўскія чыноўнікі.

Па Утрэхцкаму міру 1713 г. большасць вядучых дзяржаў Еўропы прызнала Філіпа V іспанскім каралём. У Іспаніі яму давялося сутыкнуцца з мецяжом у Каталоніі. 11 верасня 1714 г. каралеўская армія авалодала Барселонай, сталіцай Каталоніі. З завяршэннем Вайны за іспанскую спадчыну і падаўленнем унутраных мецяжоў Філіп V умацоўвае абсалютызм. З 1709 г. ён пачынае склікаць агульнаіспанскія картэсы. Але з цягам часу яны склікаюцца ўсё радзей, а функцыі іх былі абмежаваны, і яны ўжо не мелі пастаянных органаў. На ўсе землі Арагонскага каралеўства пачынаюць распаўсюджвацца падаткі Касціліі. Але асноўны прамы падатак алькабала застаўся чыста касцільскім. Ідэя распаўсюджвання яго на Арагон сустрэла моцную крытыку і ад яе прыйшлося адмовіцца. У 1717 г. у Іспаніі былі адменены ўнутраныя мытні, што было важным крокам на шляху ўмацавання адзінства краіны.

Істотныя змены адбыліся ў цэнтральным апараце кіравання. У 1714 г. быў утвораны савет міністраў як вышэйшы орган дзяржаўнага кіравання. Старыя каралеўскія саветы захавалі чыста дарадчыя функцыі. У студзені 1716 г. кароль выдае дэкрэт аб кіраванні ў Каталоніі, згодна якому ў гэтай правінцыі ўсталёўвалася ваенная дыктатура генерал-капітана. Ваеннае кіраванне, апрабаванае ў Каталоніі, стала распаўсюджвацца і на некаторыя іншыя правінцыі. У 1718 г. кароль робіць спробу паставіць на чале правінцый інтэндантаў. Але гэты крок караля сустрэў вельмі моцнае супрацьдеянне на месцах, і ў 1724 г. ён часова ліквідаваў гэты інстытут. У 1749 г. інтэнданты зноў былі пастаўлены на чале правінцый.

3. Для партугальскай манархіі быў характэрны традыцыйны саюз з арыстакратыяй. Партугальская буржуазія да канца 17 ст. была надзвычай слабой. Яна не магла выступаць як супрацьвага арыстакратыі. Важным фактарам для фарміравання партугальскага абсалютызму стала наяўнасць вялікай каланіяльнай імперыі. Эксплуатацыя калоній давала манархіі вялікія сродкі, што дазваляла ёй задавальняць патрэбы арыстакратыі і захоўваць самастойнасць.

У 1640 г. у Патугаліі адбылося паўстанне, у выніку якога яна вызвалілася з-пад іспанскага панавання. Найбольш актыўнымі прыхільнікамі незалежнасці выступала сярэдняе і дробнае правінцыйнае партугальскае дваранства. Арыстакратыя ж аказалася расколатай. Многія арыстакратычныя сем’і перабраліся ў Мадрыд у час іспанскага панавання і адпалі ад партугальскай кароны. На партугальскім троне замацавалася Браганская дынастыя. Яе першым каралём быў Жаан IV (1640–1656). Ён праводзіў традыцыйную для партугальскай манархіі палітыку апоры на арыстакратыю. Перш за ўсё кароль імкнуўся аднавіць зменшыўшуюся колькасна арыстакратыю. Для гэтага рады грандаў папаўняліся за кошт адданага дынастыі дробнага дваранства. Але гэтай апоры ва ўмовах вайны з Іспаніяй было не дастаткова. Таму Жаан IV шукае падтрымкі ў розных сасловій. У сілу гэтага часова ўзрастае роля саслоўна-прадстаўнічых органаў – картэсаў. Яны часта склікаліся, мелі манапольнае права на ваціраванне падаткаў, фарміравалі свой пастаянна дзеючы орган – Камітэт трох сасловій, для кантролю за дзейнасцю фінансавай адміністрацыі.

Пасля заключэння міру з Іспаніяй роля картэсаў адразу рэзка знізілася. Кароль склікае іх вельмі рэдка. Яны пазбавіліся права ваціраваць падаткі і займаліся толькі дынастычнымі пытаннямі. У кіраванні краінай кароль стаў абапірацца на сістэму саветаў, у якіх галоўную ролю адыгрывалі прадстаўнікі арыстакратыі. Каб аслабіць яе ўплыў, кароль стаў шырока выкарыстоўваць для кіравання краінай і сакратароў каралеўскага кабінета. Адзін з іх, які ведаў агульнай палітыкай, стаў называцца дзяржаўным сакратаром. Незалежнасць манархіі ад арыстакратыі ўмацоўвалася і дзякуючы спецыфіцы падатковай сістэмы. Карона 75% сваіх даходаў атрымоўвала дзякуючы ўскосным падаткам на знешні гандаль, увядзенне якіх не патрабавала згоды сасловій. Фінансавыя магчымасці манарха павялічыліся, калі ў канцы 17 ст. у Бразіліі пачалася здабыча золата.

4. 18 ст. – гэта час пэўнага эканамічнага ўздыму ў Іспаніі. Але ён ахапіў толькі іспанскую прамысловасць. У сельскай гаспадарцы захоўваецца застой. Барселона вызначалася развіццём тэкстыльнай мануфактуры, у Астурыі ствараліся металургічныя прадпрыемствы. Нягледзячы на паскарэнне развіцця мануфактуры, пануючай формай прамысловай вытворчасці застаецца рамяство. На вёсцы асноўная маса зямлі належыць вышэйшай знаці (грандам) і каталіцкай царкве, якая атрымоўвае велізарныя даходы. Дробныя дваране хутка бяднеюць. Большая частка дваранскіх земляўладанняў складаюць майараты, што істотна перашкаджае развіццю таварна-грашовых адносін. Вышэйшая знаць значную частку сваіх даходаў атрымоўвае ад эксплуатацыі калоній. У адрозненні ад перадавых краін Еўропы, 18 ст. стала для Іспаніі часам умацавання эканамічных і палітычных пазіцый арыстакратыі. Асаблівасцю трэцяга саслоўя ў Іспаніі было тое, што ў ім была вельмі нізкая ўдзельная вага буржуазіі.

У сярэдзіне 18 ст. у Іспаніі пачынаюць распаўсюджвацца ідэі асветніцтва. Гэта стала тэарэтычнай базай для фарміравання ў Іспаніі асветніцкага абсалютызму. Правядзенне дадзенай палітыкі пачынаецца ў час царавання Карла ІІІ (1759 1788). Да ўлады прыходзіць група рэфармістаў на чале з графам Арандай. Асветніцкі рух у Іспаніі вызначаўся сваёй элітарнасцю і нязначнасцю па еўрапейскіх мерках. Заснавальнікам іспанскага асветніцтва быў Б. Х. Фейхао-Монтэнегро. Асноўным стрыжнем яго вучэння стала ідэя аб неабходнасці падтрымання ў краіне цэнтралізаванай манархіі, апорай якой павінен быць шчаслівы працвітаючы народ.

Асноўная задача рэформ Аранды заключалася ва ўмацаванні каралеўскай улады. Для гэтага ён імкнуўся аслабіць надзвычай моцны ў Іспаніі ўплыў каталіцкай царквы. У 1767 г. з Іспаніі быў выгнаны ордэн іезуітаў, а яго маёмасць была канфіскавана. Была праведзена аграрная рэформа, згодна якой сялянам у арэнду здаваліся землі кароны. У 60–70-я гады 18 ст. рэалізаваўся праект засялення нямецкімі і французскімі каланістамі зямель у цэнтры Перынейскага п-ва. Аграрныя пераўтварэнні мелі на мэце павелічэнне колькасці падаткаплацільшчыкаў, каб умацаваць фінансавае становішча манархіі.

Рэформы Аранды выклікалі моцнае супраціўленне арыстакратыі і духавенства, якія дабіліся яго адстаўкі. Пасля гэтага, хоць і больш асцярожна, рэформы працягваліся. У 1773 г. ідальго было дазволена займацца гандлем, а ў 1783 г. рамяством. Паступова былі зняты шматлікія абмежаванні на гандаль з калоніямі, і ўсе іспанскія порты атрымалі права на гандаль з Амерыкай. Элементам эканамічнай палітыкі стаў пратэкцыянізм, заахвочванне мануфактур, адмена цэхавых абмежаванняў. Гэта паскорыла эканамічнае развіццё краіны, асабліва Каталоніі. Яна была адзінай правінцыяй Іспаніі, дзе мануфактурная вытворчасць пераважала над рамёствамі. Бала значна пашырана сістэма адукацыі. Смерць Карла ІІІ, а затым пачатак французскай рэвалюцыі прывялі да поўнага згортвання рэформ. У цэлым палітыка асветніцкага абсалютызму мела ў Іспаніі абмежаваны характар. Яна некалькі ўмацавала каралеўскую ўладу, але мала змяніла традыцыйныя грамадскія адносіны.

Правядзенне палітыкі асветніцкага абсалютызму ў Партугаліі звязана з праўленнем Жозе І (1750–1777) і яго першага міністра маркіза Памбала. Ён імкнуўся да цэнтралізаванага кіравання краінай, падтрымліваў развіццё гандлю. Каб падавіць супраціўленне з боку кансерватыўных сіл, ён ператварыў Партугалію ў сапраўдную паліцэйскую дзяржаву. У аснове яго эканамічнай палітыкі былі ідэі меркантылізму. Памбала імкнуўся да павелічэння вытворчасці хлеба ў краіне і змяншэння яго імпарту, каб грошы не выцякалі з краіны. Для нарошчвання экспарту ствараліся гандлёвыя манапольныя кампаніі, якія падтрымліваліся дзяржавай. Атрымала распаўсюджванне практыка стварэння каралеўскіх мануфактур. Памбала лічыў, што каталіцкая царква з’яўляецца перашкодай на шляху мадэрнізацыі Партугаліі, таму набходна абмежаваць яе ўплыў. У 1759 г. была праведзена канфіскацыя маёмасці ордэна іезуітаў. Рэформа адукацыі ў 1759 г. прывяла да адкрыцця значнай колькасці пачатковых школ, рэарганізацыі ўніверсітэтаў, з'явіліся тэхніка-эканамічныя вучэбныя ўстановы – “Гандлёвая школа” і інш. Царкоўная цэнзура была адменена, але ёй на змену прыйшла дзяржаўная.

Памбала выступаў як апекун буржуазіі, але гэта робіцца каб выкарыстаць багацце буржуазіі для ўмацавання абсалютысцкай дзяржавы. Панаванне арыстакратыі не было зломлена, нягледзячы на тое, што асобныя яе прадстаўнікі падвергліся рэпрэсіям. Палітыка Памбала не атрымала шырокай падтрымкі ў грамадстве. Супраць яе рашуча выступілі кансерватыўныя колы. Дробная і сярэдняя буржуазія была незадаволена стварэннем манаполій. Пасля смерці Жозе І у 1777 г. палітыка асветніцкага абсалютызму была згорнута. Яна не аказала істотнага ўплыву на развіццё Партугаліі.



5. У Італіі ўмацаванне манархічнай улады адбывалася на мясцовым узроўні, у межах тых невялікіх дзяржаў, на якія яна была раздроблена. У савойскім герцагстве ў другой палове 16 ст. у час праўлення герцага Эмануіла Феліберта рэзка ўзмацняецца цэнтралізатарская тэндэнцыя. Усё кіраванне канцэнцэнтруецца ў руках герцага. Саслоўныя органы больш не склікаюцца. Бюракратычны апарат бярэ пад свой кантроль традыцыйную мясцовую адміністрацыю. Адбываецца ўніфікацыя судовай сістэмы. Дваранства было пазбаўлена ранейшай палітычнай самастойнасці, але захавала феадальные правы ў дачыненні да сялян.

У неапалітанскім каралеўстве фарміраванне абсалютысцкай сістэмы ішло ва ўмовах іспанскага панавання. Вярхоўная ўлада належала віцэ-каралю. Ён праводзіў палітыку, накіраваную на абмежаванне правоў мясцовых баронаў, часта абапіраючыся на вярхушку трэцяга саслоўя. Але гэтая палітыка была непаслядоўнай. У Неапалітанскім каралеўстве, як і Савойскім герцагстве, абсалютызм складваўся ва ўмовах, калі сацыяльная структура грамадства была для гэтага яшчэ не гатова. У Неапалітанскім каралеўстве эканамічнае развіццё і непаслядоўная палітыка іспанскіх улад спрыяла далейшаму ўмацаванню дваранства і аслабленню буржуазіі. У сацыяльнай сферы адбываецца размыў буржуазных слаёў грамадства. Буржуазія пачынае актыўна ўкладаць сродкі не ў прамысловасць і гандаль, а набывае землю. Дзякуючы гэтаму многія буржуа пераходзілі ў дваранскае саслоўе.

Пасля Вестфальскага дагавора Італія засталася раздробленай, знаходзілася пад уплывам моцных еўрапейскіх дзяржаў: Іспанія валодала Мантуяй, Міланам, Неапалем, Сіцыліяй. Значны ўплыў мела і Францыя. Толькі Савойскае герцагства змагло захаваць сваю самастойнасць. Іспанскія Габсбургі бачылі асноўную задачу свайго праўлення ў Італіі ў тым, каб выкачваць з яе максімум сродкаў. Гандль і земляробства прыходзяць у заняпад, прамысловасць знікла амаль цалкам, не вытрымаўшы замежнай канкурэнцыі. Тармазіла развіццё мануфактур і раздробленасць краіны, шматлікія ўнутраныя мытныя граніцы. Развіццё капіталізму было прыпынена і адкінута назад. Больш павольна да эканамічнага заняпаду рухалася Венецыянская рэспубліка. Гэты працэс паскорыўся з-за турэцкай экспансіі. На працягу другой паловы 17 – пачатку 18 ст. Венецыя вядзе бесперапынныя вайны з Турцыяй, у якіх церпіць паражэнне. Па дагавору 1717 г. яна саступіла Турцыі ўсе свае ўладанні на Усходзе.

Новыя спусташэнні Італіі прынесла Вайна за іспанскую спадчыну. У выніку яе перавагу на Апенінскім паўвостраве атрымала Аўстрыя. У час Вайны за іспанскую спадчыну ўзмацнілася Савайскае герцагства. Герцаг Віктар Амадей ІІ у 1713 г. атрымаў тытул караля. У першай палове 18 ст. на тэрыторыі Італіі адбывалася шмат войнаў, у ходзе якіх Іспанія спрабавала вярнуць свае ўладанні. У выніку іх Сардзінія далучаецца да Савойскага герцэгства, і з 1720 г. стала ўжывацца назва Сардзінскае каралеўства (Савойя, П'емонт, Сардзінія). Сіцылія адыйшла да Неапалітанскага каралеўства, якое яшчэ называюць Каралеўствам абедзвюх Сіцылій. Поўночная Італія засталася пад кантролем Аўстрыі, якая спрабавала захапіць і Генуэзскую рэспубліку.

Пасля 1748 г. у Італіі ўсталяваўся мір, і пачаўся эканамічны ўздым краіны. Ён ахапіў у найбольшай ступені Ламбардыю, П'емонт, Таскану. Тут сельская гаспадарка прыносіла значныя даходы. У выніку італьянская буржуазія аддае перавагу капіталаўкладанням у сельскую гаспадарку. Пры гэтым буржуа часта зганялі з зямлі тардыцыйных трымальнікаў і арганізоўвалі буйныя фермы капіталістычнага тыпу. А ўчарашнія арандатары працавалі на іх у ролі батракоў. Пачынае адраджацца і прамысловасць, перш за ўсё шоўкаткацтва на тэрыторыі Ламбардыі, П'емонта. Менавіта ў гэтай галіне ўзнікае шэраг цэнтралізаваных мануфактур, на некаторых з якіх працавала па некалькі соцен рабочых. Актыўней сталі развівацца рамяство і рассеяныя мануфактуры. У Цэнтральнай і Паўднёвай Італіі эканамічны ўздым быў менш прыкметны. Тут на вёсцы таксама з’яўляюцца буйныя арандатары. Але яны не вядуць гаспадарку самастойна, а здаюць сялянам землю ў субарэнду. На Поўдні імкліва павялічваліся натуральныя плацяжы, бо на замежных рынках хутка раслі цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Новая аграрная буржуазія на Поўдні захоўвае феадальныя спосабы эксплуатацыі сялян, у выніку чаго фарміруецца яе саюз з дваранствам. На шляху развіцця эканомікі застаецца шмат перашкод: палітычная раздробленнасць, замежнае панаванне, сярэдневякавыя рэгламентацыі, вузкі ўнутраны рынак.

У другой палове 18 ст. для палітычнага жыцця былі характэрны рэформы ў духу асветніцкага абсалютызму. Перадумовай для іх ажыццяўлення стала распаўсюджанне ідэй Асветніцтва. Найбольш значнымі прадстаўнікамі гэтай ідэйна-палітычнай плыні ў Італіі з’яўляліся Джамбаціста Віко і Чэзарэ Бекарыа. Для італьянскіх дзяржаў было характэрна засілле каталіцкай царквы, якая часта ўшчамляла інтарэсы свецкай улады. Таму адным з напрамкаў рэформ сталі меры па абмежаванню ўмяшання каталіцкай царквы ў дзяржаўныя справы. У неапалітанскім каралеўстве ўлады забаранілі пашырэнне царкоўнага землеўладання, урэзалі правы царкоўных судоў, забаранілі інквізіцыю, закрылі шэраг манастыроў і забаранілі дзейнасць царкоўных ордэнаў, канфіскаваўшы іх маёмасць.

У Парме, Таскане, Неапалітанскім каралеўстве адбылося абмежаванне падатковага імунітэту дваранства і духавенства, была адменена сістэма перадачы збору падаткаў адкупшчыкам. У Ламбардыі была праведзена рэвізія ўсіх зямельных уладанняў і па яе выніках уведзены пазямельны падатак для ўсіх сасловій. Гэта ўмацоўвала фінансавае становішча мясцовых манархаў. Найбольш яскравым прыкладам манарха-асветніка ў Італіі стаў герцаг Тасканы Петр Леапольд. Ён пашырыў мясцовае самакіраванне, увёў новы крымінальны кодэкс, які грунтаваўся на асветніцкіх ідэях Ч. Бекарыа. Але рэформы ў цэлым не змянілі феадальны характар сацыяльна-эканамічных і палітычных структур у італьянскіх дзяржавах.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка