Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка6/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

1. Пасля Вестфальскага міру Германія была амаль выключана з міжнароднага гандлю. Гэта ў многім было звязана з тым, што германскія дзяржавы фактычна страцілі выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў у сувязі са швецкімі тэрытарыяльнымі захопамі. Назіраецца заняпад ранейшых прамысловых цэнтраў. сельская гаспадарка таксама была падарвана вайной. Дваранства, каб хучэй аднавіць сваю гаспадарку, пачынае ўзмацняць эксплуатацыю сялян. памешчыкі захопліваюць ранейшыя сялянскія палі і абшчынныя землі. Найбольшы размах гэты працэс набыў ва Усходняй Германіі –Прусія, Мекленбург. У Заходняй Германіі сяляне заставаліся трымальнікамі сваіх спадчыных надзелаў. Паншчына тут ужо не з'яўлялася асноўным відам сялянскіх павіннасцей. Была распаўсюджана феадальная рэнта ў выглядзе разнастайных плацяжоў, і склалася сеньярыяльная гаспадарка. Ва Усходняй Германіі пераважала паншчынная гаспадарка, якая грунтавалася на працы асабіста залежных сялян. Ва ўсходнегерманскіх землях у руках памешчыкаў апынулася і судовая ўлада (вотчыны суд).

Толькі з канца 17 ст. у Германіі пачынаецца некаторае эканамічнае ажыўленне. Найбольш выразна яно праявілася ў развіцці вясковых хатніх промыслаў. Яны актыўна распаўсюджваюцца там, дзе была нізкая ўрадлівасць глебы (Цюрынгія, Сілезія, Саксонія). Паступова сельскія промыслы прыбліжаюцца да ўзроўня рассеянай мануфактуры.

У другой палове 17–18 стст. германскія гарады захоўваюць дзяленне на імперскія і княжскія. Імперскія гарады мелі права пасылаць дэпутатаў у імперскі рэйхстаг. Калі ў сярэдзіне XVII ст. налічвалася 150 імперскіх гарадоў, то ў канцы XVIII ст. гэты статус захаваў толькі 51 горад. Гарадскія вярхі накіроўвалі капіталы ў зямельную ўласнасць, набыццё тытулаў. З'яўляюцца гарады новага тыпу – гарады-сталіцы (Берлін, Дрэздан), якія хутка раслі. У іх каля паловы насельніцтва складалі чыноўнікі, ваенныя. У германскіх дзяржавах эканамічны поспех буржуазіі ў рашаючай ступені залежаў ад дзяржаўнай падтрымкі. У сувязі з гэтым пачынае выхоўвацца схільнасць нямецкай буржуазіі да супрацоўніцтва з дзяржавай.

Найбольш падыходзячай формай праўлення для Германіі ў другой палове 17–18 стст. стаў княжскі абсалютызм. Абсалютызм тут пачынае ўсталёўвацца ва ўмовах упадку гарадоў, у выніку чаго замацоўваецца эканамічная і палітычная раздробленасць краіны. Германскае бюргерства так і не ператварылася яшчэ ў буржуазію, у моцную сацыяльна-палітычную сілу. У сувязі з гэтым германскія князі не мелі патрэбы праводзіць палітыку лавіравання паміж дваранствам і буржуазіяй. У германскіх дзяржавах фарміруецца саюз княжскай улады і дваранства. Гэты саюз трымаўся на тым, што абсалютызм гарантаваў усе прывілеі дваранства. Галоўнай апорай абсалютызму стала дробнае дваранства. Моцная каралеўская ўлада гарантавала абарону дробных памешчыкаў ад выступленняў сялян, давала магчымасць атрымаць дадатковы даход ад афіцэрскіх і прыдворных пасад.

Важнейшай апорай мясцовых манархаў стала чыноўніцтва, якое фарміравалася пераважна з высока адукаваных юрыстаў. Яшчэ адной важнай апорай княжскага абсалютызму стаў афіцэрскі корпус. Для дробных дваран, чыя гаспадарка часта была ў заняпадзе, служба ў княжскай арміі была сродкам паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Мілітарызацыя дваранства прывяла да фарміравання ваенна-дзяржаўнага саюза паміж дваранствам і манархіяй. Ва ўмовах Рэфармацыі і рэлігіёзных войнаў германскія князі змаглі паставіць пад свой кантроль і царкву, што і было замацанвана ў Аўгсбургскім рэлігійным міры 1555 г. формулай “чыя ўлада – таго і вера”.

Па Вестфальскаму міру Германія засталася раздробленай на 360 княстваў. Акрамя таго існавала некалькі тысяч імперскіх рыцараў, самастойныя імперскія гарады. Асабліва вялікай была раздробленасць на Захадзе і на Паўднёвым захадзе. На чале Свяшчэннай Рымскай імперыі стаяў імператар з дынастыі аўстрыйскіх Габсбургаў. У імператара не было ні арміі ні фінансаў, абапірацца ён мог на рэсурсы толькі сваіх спадчыных уладанняў. Князі былі цалкам суверэнныя. Курфюрсты пры абранні новага імператара прад’яўлялі яму капітуляцыі, якія абмяжоўвалі яго ўладу. Рэфармацыя і рэлігійны канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі, які набыў палітычны характар, таксама не спрыялі кансалідацыі Германіі.

Рэйхстаг складаўся з трох курый. Першая – курыя курфюрстаў. Спачатку яна складалася з 8, а з 1692 г. – з 9 князёў, якія мелі права выбіраць імператара. Другая – курыя князёў. У яе ўваходзілі яшчэ 98 найбольш магутных князёў. Трэцяя – курыя імперскіх гарадоў. Яна была малаўплывоваю, яе дэпутаты галасавалі пасля дзвюх першых і ўжо не маглі, як правіла, паўплываць на прынятае рашэнне. Яшчэ адным агульнагерманскім органам быў імперскі суд. Ён таксама рэальнага ўплыву не меў.

2. На пачатку новага часу ўладанні аўстрыйскіх Габсбургаў складаліся са шматлікіх частак, якія моцна адрозніваліся паміж сабою. Зараджэнне імперыі Габсбургаў адбываецца ў канцы XV ст., калі ім удалося заключыць некалькі ўдалых дынастычных шлюбаў. У 1477 г. быў заключаны шлюб сына рымска-германскага караля Фрыдрыха ІІІ Максімільяна з дачкою герцага бургундскага Марыяй. Праз некаторы час гэта прынесла Габсбургам уладанне над Нідэрландамі. Шлюб паміж Філіпам Габсбургам і Хуанай Касцільскай паклаў пачатак імперыі Габсбургаў, над якой не заходзіла сонца. У 1519 г. іспанскія і аўстрыйскія ўладанні аб’яднаў пад сваёй уладаю іх сын імператар Карл V, які быў выбраны імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1515 г. у выніку двайнога шлюбу Габсбургі парадніліся з Уладзіславам ІІ Ягелонам, які быў каралём Венгрыі і Чэхіі. Пасля бітвы пры Мохачы ў 1526 г., у якой загінуў новы кароль Венгрыі і Чэхіі Людовік Ягелон, Габсбургі атрымалі чэшскую і вянгерскую кароны. Фарміраванне і развіццё дзяржавы аўстрыйскіх Габсбургаў у многім звязана з барацьбой з асманскай агрэсіяй. Яна стала тым выклікам, адказ на які стаў важным стымулам для цэнтралізацыі імперыя Габсбургаў. Гэта найбольш адпавядае прамежку часу ад першай асады Вены туркамі ў 1529 г. да апошняй асады ў1683 г.

Аўстрыйская дзяржава развівалася як складаны сембіёз народаў і дзяржаўных традыцый. Карл V, стаўшы імператарам, імкнуўся да стварэння централізаванай імперыі. Імкненне імператара да цэнтралізацыі сустрэла дружнае супраціўленне як з боку пратэстанцкіх, так і каталіцкіх князёў. І тыя і другія не жадалі ўмацавання Габсбургаў. У 1531 г. брат імператара Фердынанд быў выбраны рымскім каралём. У той жа час наследнікам Карла ў Іспаніі, Нідэрландах, Неапале, на Сіцыліі стаў яго сын Філіп. Так габсбургі раздзяліліся на дзве галіны: іспанскую і аўстрыйскую.

Фердынанд у сваіх уладаннях у Аўстрыі, Чэхіі і Венгрыі правёў адміністрацыйную рэформу, стварыўшы для іх цэнтральныя органы кіравання: тайны савет, ваенны савет, палацавая палата. Гэтая рэформа паклала пачатак ператварэнню спадчыных уладанняў Габсбургаў у адзіную дзяржаву і іх адміністратыўнаму аддзяленню ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Але ў 1558 г. для таго, каб атрымаць імператарскую карону, Фердынанд І вымушаны быў падзяліцца ўладаю з курфюрстамі. Пасля прызнання ім калектыўнай адказнасці імператара і імперскіх князёў за стан рэчаў у імперыі, надзеі на стварэнне ў Германіі цэнтралізаванай манархіі ў той час рухнулі. Ландтагі захавалі за сабою права заканадаўчай ініцыятывы, ваціравання падаткаў, іх збору і расходавання сабраных сродкаў. Яны адхілілі прапанову імператара аб стварэнні пастаяннай цэнтральнай арміі. Кожная правінцыя па рашэнню ландтага выстаўляла свой вайсковы кантынгент. Трыцацігадовая вайна прадэманстравала, што спробы імператара аб'яднаць Германію не ўдаліся, і яго ўлада з’яўляецца чыста намінальнаю. Падаўленне чэшскага паўстання ў 1620 г. прывяло да ўмацавання ўлады Габсбургаў у Чэхіі. Згодна з Абноўленым земскім улажэннем 1627 г. усе дзяржаўныя пасады ў Чэхіі займаліся па прызначэнню манарха. Роля мясцовых саслоўных органаў была абмежавана толькі ваціраваннем падаткаў. Але ў іншых землях адбылося хучэй аслабленне цэнтралізатарскіх тэндэнцый.

Значнае ўзмацненне цэнтралізацыі ва ўладаннях Габсбургаў адбывалася пры імператары Леапольду І (1657–1705). Пры яго ўтупленні на трон Аўстрыйскія герцагствы і Чэхія яшчэ мелі дастаткова моцныя саслоўна-прадстаўнічыя органы, у якіх панавала дваранства. І ўсё ж у сярэдзіне 17 ст. многія ўладныя прэрагатывы саслоўных органаў адыходзяць у мінулае. Усталёўваецца права манарха займацца заканадаўствам без гэтых органаў. У чэшскіх сеймаў было аднята права кантролю над узвядзеннем у дваранскае саслоўе. Але сеймы маглі абмяркоўваць тыя ці іншыя пытанні толькі са згоды караля. Аўстрыйскія ландтагі яшчэ захавалі заканадаўчую ініцыятыву. Саслоўныя сходы па-ранейшаму ваціравалі асноўны прамы падатак (кантрыбуцыю) і надзвычайныя зборы (турэцкія грошы). Яны захавалі права набіраць вайсковыя кантынгенты.

Сістэма саслоўных органаў супрацьстаяла цэнтральнаму дзяржаўнаму апарату. Спачатку вышэйшым цэнтральным органам улады ў спадчыных уладаннях Габсбургаў быў Тайны савет, потым у 1665 г. з яго вылучылася Тайная канферэнцыя, якая ведала знешняй палітыкай. Фінансамі ведала гофкамера, якая наступае на фінансавыя правы сеймаў. Кіраўніцтва арміяй знаходзіцца ў руках прыдворнага ваеннага савета гофкрыгсрата, але яму падначальваліся толькі ўласна імператарскія войскі. Імператарская армія паступова павялічваецца: 1688 г. – 14 тыс., 1703 – 129 тыс. Тым не менш, да 20-х гадоў 18 cт. захоўваецца сістэма набору ў армію па асобных землях манархіі.

Для кожнай часткі ўладанняў Габсбургаў былі ўтвораны дзяржаўныя канцылярыі на месцах, якія адыгрывалі важную ролю ў складанні цэнтралізаванага бюракратычнага апарата. Справамі Свяшчэннай рымскай імперыі займаецца рэйхсканцэлярыя. Утвараюцца канцэлярыі для аўстрыйскіх, чэшскіх, вянгерскіх земляў. Кіруючыя пасады ў бюракратычных органах займае прыдворная арыстакратыя. Менавіта яна аказалася здольнаю без аглядкі на мясцовыя прывілеі і традыцыі згуртавацца вакол манархіі. Сіла Габсбургаў заключалася ў тым, што да сярэдзіны 17 ст. нямецкая арыстакратыя і новая чэшская арыстакратыя зліліся ў адзін правячы слой, які падтрымліваў цэнтралізатарскую палітыку манархіі.

У другой палове 17 ст. імператар пачынае фарміраваць і мясцовыя органы ўлады. Напрыклад, у чэшскіх землях дзейнічае апеляцыйны суд, у Маравіі і Сілезіі – земскія старасты, як органы, непасрэдна падначальваючыеся імператару. Манархія імкнецца вызваліцца ад залежнасці і ў справе збору падаткаў. У 1682 г. збор турэцкіх грошай быў дэклараваны Леапольдам І без кансультацыі з прадстаўнічымі органамі, і такая практыка становіцца пастаяннай. У 1690 г. без кансультацыі з сасловіямі імператар уводзіць новы падатак (капетацыю). Ён спрабуе аднаасобна ўвесці і акцызны збор.

У Венгрыі ўсталяванне абсалютнай улады было больш складаным. Тут кароль быў выбарны. Венгерскі сейм захаваў права заканадаўчай ініцыятывы, пажыццёва выбіраў главу мясцовай адміністрацыі з 4 кандыдатаў, якіх прадстаўляў кароль. Вянгерская знаць з недаверам ставілася да Габсбургаў як да іншаземнай манархіі. Апазіцыя Габсбургам у Венгрыі ўзмацнялася тым, што моцныя пазіцыі тут меў пратэстантызм. Каб справіцца з апазіцыяй, Леапольд І спрабуе як мага радзей склікаць венгерскі сейм (за 48 гадоў яго праўлення сейм быў скліканы толькі 4 разы). Пасля перамогі ў вайне з туркамі Леапольд І у 1687 г. дабіваецца прызнання яго спадчыным манархам Венгрыі. Абапіраючыся на пастаянную армію, кароль стаў самастойна ўводзіць у Венгрыі падаткі, парушыўшы ў 1696 г. нават падатковы імунітэт вянгерскага дваранства.

Адказам на жорсткую цэнтралізатарскую палітыку леапольда І у Венгрыі стала нацыянальнае паўстанне венграў пад кіраўніцтвам Феранца Ракаці ў 1703–1711 гадах. Падавіўшы паўстанне, Габсбургі ўсё ж вымушаны былі вярнуцца да традыцыйнага кіравання. Венгрыя захавала асобы статус у складзе габсбургскіх уладанняў. Зноў стаў актыўна працаваць венгерскі сейм. Але пасля паўстання Ракаці венгерскі сейм у цэлым ужо заставаўся лаяльным у дачыненні да Габсбургаў. Тым не менш, пераход да абсалютызму ў Венгрыі зацягнуўся ў параўнанні з аўстрыйскімі і чэшскімі землямі.

Важнай асаблівасцю абсалютызму аўстрыйскіх Габсбургаў было тое, што ён меў наднацыянальны характар. Сацыяльныя пласты, зацікаўленыя ва ўмацаванні манархіі, не мелі сувязей з нацыянальнымі інтарэсамі тых краін, на тэрыторыі якіх яны дзейнічалі. Асаблівасцю аўстрыйскага абсалютызму да сярэдзіны 18 ст. было і тое, што ён быў каталіцкім і арыстакратычным. Ваенная і цывільная бюракратыя яшчэ не іграла той ролі ў кіраванні краінай, якую яна мела ў Францыі, ці ў Прусіі.

У 1699 г. завяршылася вайна Аўстрыі з Турцыяй, якая цягнулася з 1683 г. Па ўмовах Карлавацкага міру пад уладу Габсбургаў перайшла ўся Венгрыя і Трансільванія. У выніку Вайны за іспанскую спадчыну па Утрэхцкаму і Раштацкаму дагаворах Аўстрыя атрымала Іспанскія Нідэрланды, Ламбардыю, Неапаль і Сардынію. Затым сардынія была саступлена савойскаму герцагу ў абмен на Сіцылію. У 1735 г. аўстрыйцы вымушаны былі саступіць іспанскім Бурбонам неапаль і Сіцылію.

Імператар Карл VІ не меў сына і гэта ўздымала пытанне аб захаванні цэласнасці ўладанняў аўстрыйскіх Габсбургаў. У 1719 г. імператар выдаў Прагматычную санкцыю, у якой заявіў, што спадчыныя землі Габсбургаў на вечныя часы застаюцца непадзельнымі і могуць перадаюцца ў спадчыну па жаночай лініі. Унутры Аўстрыі прагматычная санкцыя атрымала шырокую падтрымку ва ўсіх правінцыях імперыі. Дваранства, як пануючы клас Аўстрыі, было зацікаўлена ў захаванні адзінства краіны. Таго ж патрабавалі і эканамічныя інтарэсы буржуазіі, пераважна нямецкай. Яе прызналі вядучыя еўрапейскія краіны – Іспанія, Расія, Прусія, Англія, Галандыя, Францыя. Нягледзячы на гэтае прызнанне, у 1740 г. успыхнула Вайна за аўстрыйскую спадчыну. Супраць Аўстрыі выступілі Францыя, Прусія, Саксонія, Савоя, Іспанія, Баварыя. На баку Аўстрыі былі Англія і Расія. У выніку вайны Аўстрыя саступіла Прусіі Сілезію – адну з найбольш багатых правінцый.

Важнай для Аўстрыі па-ранейшаму заставалася турэцкая праблема. Аўстра-турэцкая вайна 1716–1718 гадоў была паспяховаю для Габсбургаў. Па мірнаму дагавору Аўстрыя атрымала Банат, Боснію, Белград. Але наступная вайна з Турцыяй у 1737–1739 гадах аказалася для аўстрыі няўдалай. Яна страціла ўсе землі на поўдзень ад Дуная.

3. Гогенцолерны пачалі правіць у Брандэнбурзе з 1415 г. Цэнтральным элементам палітыкі гэтай дынастыі стала пашырэнне сваіх уладанняў. У першай палове 17 ст. у склад Брандэнбурга ўвайшлі Клеве-Юліхскае герцагства на Рэйне і герцагства Прусія на ўсходзе. Галоўнай задачай палітыкі Гогенцолернаў стала стварэнне трох інструментаў заваёўніцкай палітыкі: арміі, моцнай фінансавай базы і эфектыўнай бюракратычнай сістэмы. Манархія ў Брандэнбургу набывае з самага пачатку мілітарысцкі характар. Нягледзячы на тэрытарыяльны рост, у сярэдзіне 17 ст. уладанні Гогенцолернаў уяўлялі сабою тыповую ласкутную дзяржаву. Яе асобныя часткі былі звязаны толькі асабістай уніяй. Невялікі тайны савет пры курфюрсце быў фактычна адзіным агульным цэнтральным органам кіравання. Усе ўладанні Гогенцолернаў былі землямі з моцнымі саслоўна-прадстаўнічымі органамі і абмежаванай княжскай ўладай. У Брандэнбурзе без згоды ландтага курфюрст не мог весці знешнюю палітыку, ўводзіць і збіраць падаткі.

У сацыяльна-эканамічным плане ўсе землі Гогенцолернаў, за выключэннем Рэйнскіх герцагстваў, характарызаваліся панаваннем прыгонніцкіх парадкаў, абсалютнай перавагай юнкерства ў сацыяльнай сістэме і слабасцю гарадоў. У ландтагах гараджанам адводзілася роля бяссільнай апазіцыі. Гогенцолерны традыцыйна падтрымлівалі дваранства ў барацьбе з гарадамі. Ваціруемы брандэнбургскім ландтагам асноўны падатак, кантрыбуцыя, з даўніх часоў размяркоўвалася паміж гарадамі і вёскай у прапорцыі 2 да 1, затым – 59 % да 41 %. Пры гэтым дваранскія маёнткі ўвогуле не плацілі кантрыбуцыю, яна цалкам клалася на сялянскія гаспадаркі. У Прускім герцагстве дваранства згодна традыцыі не карысталася падатковым імунітэтам. Таму тут ландтагі, каб абараніць інтарэсы дваранства, ваціравалі пераважна ўскосныя падаткі, якія ў асноўным плацілі гарады.

Пачатак станаўлення абсалютызму ў Брандэнбургу-Прусіі звязаны з праўленнем Фрыдрыха-Вільгельма І. Яшчэ яго папярэднікі ў час Трыццацігадовай вайны пачалі збіраць падаткі без згоды ландтагаў. Пасля заключэння Вестфальскага міру брандэнбургскае юнкерства занялося аднаўленнем сваіх гаспадарак і выступала супраць амбіцыйных знешнепалітычных планаў курфюрста, якія патрабавалі вялікіх выдаткаў і росту падаткаў. Таму Фрыдрых-Вільгельм І у 1652 г. склікаў Вялікі ландтаг. Курфюрст прапанаваў увесці акцызны збор на ўсе гандлёвыя здзелкі і распаўсюдзіць яго на ўсе саслоўі. Дэпутаты ад дваранства рашуча выступілі супраць гэтага. Яны прапанавалі курфюрсту вацірававь традыцыйную кантрыбуцыю пры ўмове пацвярджэння іх традыцыйных прывілеяў і правоў на прыгонных. Фырых-Вільгельм І абнародаваў адпаведны ўказ, які замацаваў паўнату ўлады памешчыка над сялянамі. Былі крайне абмежаваны правы бюргерства на набыццё зямлі. У замен курфюрст атрымаў субсідыю і ўдзельнічаў у вайне 1655–1660 гадоў на баку Швецыі супраць Рэчы Паспалітай. За час вайны ён стварыў вялікую армію і з яе дапамогаю пачаў збіраць кантрыбуцыю, якая значна перавышала ваціраваную ландтагам.

У 1680 г. Фрыдрых-Вільгельм І без згоды ландтага ўвёў акцыз ва ўсіх курфюршскіх гарадах. З наступнага года ён быў распаўсюджаны і на гарады, якія належалі дваранам. Але гэта быў адзіны ўдар па інтарэсах дваранства. На вёску акцыз не распаўсюджваўся. Яна па-ранейшаму плаціла кантрыбуцыю, ад якой дваране былі вызвалены. Спагнанне акцызу перайшло ад гарадскіх улад да чыноўнікаў курфюрста. З гэтага часу пачынае хутка расці бюракратычны апарат Брандэнбурга, у якім вялікую ролю адыгрываюць ваенныя. Курфюрст Фрыдрых-Вільгельм І з 1660 г. стварае сістэму камісараў (штэйератаў), якія адказваюць за збор падаткаў і акцызаў. У Брандэнбургу ўсталявалася з 1680-х гадоў двайная сістэма кіравання: цывільная (на вёсцы); ваенная (ў гарадах). Дваранства захоўвае на вёсцы самакіраванне і ўладу ў сваіх руках, а ў гарадах акцыз збірае генералкрыгскамісарыят, які складаўся з афіцэраў.

Услед за Брандэнбургам абсалютызм перамог і ў Прускім герцагстве. У 1660 г яно вызвалілася ад васальнай залежнасці ад Польшчы. Тым самым саслоўныя органы Прусіі страцілі магчымаць апеліраваць да польскага караля ў спрэчках з герцагам. З 1670-х гадоў Фрыдрых-Вільгельм І і ў Прусіі пачаў збіраць падаткі з дапамогай арміі без санкцыі ландтага. У 1716 г. прускі ландтаг канчаткова быў пазбаўлены права ваціраваць пазямельныя падаткі.

Курфюрсты імкнуліся абмежаваць палітычную самастойнасць дваранства, але ніколі не даводзілі справу да крайнасці. Задача заключалася ў тым, каб ператварыць дваранства з самастойнай палітычнай сілы ў інструмент палітыкі манарха, надзелены грамадскай пашанай і эканамічнай незалежнасцю.

Была ўсталявана дзяржаўная апека над гарадамі. Гэта зрабіла абсалютызм зацікаўленым у паспяховым развіцці гарадской эканомікі. Палітыка эканамічнай падтрымкі гарадоў знайшла сваё адлюстраванне перш за ўсё ў меркантылізме. Але ў сувязі са слабасцю буржуазіі гэтая палітыка не набыла ў Брандэнбурзе-Прусіі яскрава выражанага характару. У цэлым у Германіі абсалютызм не адыгрываў такой вялікай станоўчай ролі ў развіцці прамысловасці і гандлю, як у Францыі ці Англіі.

Да канца 17 ст. пры Фрыдрыху-Фільгельму І у Брандэнбургу склалася сваеасаблівая “двухпавярховая” сістэма кіравання. На верхнім паверсе строга цэнтралізаваная манархічная ўлада, якая абапіралася на бюракратычны апарат. Унізе, на вёсцы, засталася патрыярхальная ўлада памешчыка. У яго руках была мясцовая юстыцыя, паліцэйскія і адміністрацыйныя функцыі.

У 1701 г. курфюрст Фрыдрых ІІІ (1688–1713 гг.) атрымлівае тытул караля Прусіі (кароль Фрыдрых І). Прусія прымае ўдзел у Вайне за іспанскую спадчыну і ў Паўночнай вайне. У выніку гэтых войн яна атрымала Заходнюю Памеранію. Пры Фрыдрыху-Вільгельме І (1713–1740) Прусія канчаткова афармляецца як мілітарысцкая дзяржава. Буйнейшай рэформай Фрыдрыха-Вільгельма стала ўвядзенне кантанальнага рэгламента ў 1733 г. Ім быў канчаткова аформлены воінскі абавязак прыгонных сялян. Прыгонныя сяляне станавіліся асноўнай сілай арміі, і патрэба ў сялянах-рэкрутах прымушала дзяржаву абараняць сялян ад праізволу памешчыкаў, не дапускаць іх разарэння. Памешчык з’яўляўся камандзірам сваіх прыгонных сялян, калі яны прызываліся ў армію. Утрыманне вялікай арміі патрабавала велізарных падаткаў. Галоўная мэта ўнутранай палітыкі Фрыдрыха-Вільгельма І заключалася ў тым, каб арганізаваць максімальна эфектыўны збор падаткаў. Для гэтага было створана Генеральнае вярхоўнае ўпраўленне фінансаў, вайны і ўдзелаў. Быў ажыццёўлены новы перапіс, павялічыліся ўскосныя падаткі.

Большасць дваран падтрымала курс караля на мілітарызацыю краіны. Наяўнасць вялікай колькасці афіцэрскіх пасад давала магчымасць перш за ўсё малодшым сынам юнкераў рабіць добрую кар’еру і мець стабільны даход. Ваенная прафесія была найбольш прыстыжнай у краіне. Але за гэтыя перавагі дваранства вымушана было падначальвацца жорсткай дзяржаўнай дысцыпліне. Дваране былі абавязаны служыць у арміі. Кароль забараняў дваранам займацца прадпрыймальніцтвам, наймацца на службу ў іншыя дзяржавы. уся эканамічная дзейнасць у Прусіі знаходзілася пад дзяржаўным кантролем. Кароль давёў да абсалюта палітыку меркантылізму.



4. 31 мая 1740 г. на прускі трон уступіў Фрыдрых ІІ. З яго праўленнем звязана правядзенне ў Прусіі палітыкі асветніцкага абсалютызму. Але перш за ўсё ён прадоўжыў палітыку мілітарызацыі. Армія дасягнула 186 тысяч чалавек і была галоўным інструментам, з дапамогай якога Фрыдрых ІІ імкнуўся ператварыць Прусію ў вялікую дзяржаву. Кароль разумеў, што для дасягнення гэтай мэты неабходная і моцная эканоміка, развіццё навукі, адукацыі, культуры. Кароль адмяніў цэнзуру, выдаў дэкрэт аб верацярпімасці, часта выстаўляў сябе абаронцам свабоды слова, думкі. Аднавіла сваю дзейнасць акадэмія навук. Быў складзены праект “Агульнага земскага ўлажэння”, які прадугледжваў незалежнасць судовай улады. З яго прыняццем быў створаны агульнадзяржаўны кодэкс законаў. У судзебнай справе адмяняюцца пыткі, але захаваліся элементы саслоўнай няроўнасці перад судом. У рэлігійнай сферы праводзілася палітыка рэлігійнай цярпімасці.

Унутраная палітыка Фрыдрыха ІІ у цэлым была накіравана на абарону інтарэсаў дваранства. За ім захаваліся ўсе правы і прывілеі ў дачыненні да сялян. Кароль стварыў дваранскія банкі, дваранам аддавалася перавага пры заняцці афіцэрскіх і чыноўніцкіх пасад. Дваранства вызвалялася ад падаткаў (акрамя Сілезіі і герцагстваў на Рэйне). У сваёй палітыцы ў дачыненні да сялянства кароль сутыкнуўся з неабходнасцю захаваць селяніна як падаткаплацільшчыка і рэкрута, не абмяжоўваючы пры гэтым правы памешчыка. Яшчэ ў 1739 г. Фрыдрых-Вільгельм І забараніў сваім указам зганяць селяніна з зямлі без замены яго іншым. Фрыдрых ІІ працягнуў гэтую палітыку. Яна была нацэлена на захаванне класа сялян у цэлым, але не абараняла асобнага селяніна. Памешчыку не было складанна знайсці замену непажаданнаму трымальніку надзела. У 1763 г. Фрыдрых ІІ зрабіў спробу адмяніць прыгоннае права ў Памераніі, але сутыкнуўся з такім моцным супраціўленнем дваранства, што быў вымушаны адступіць. Каралём была зроблена спроба палепшыць становішча сялян, якія з'яўляліся трымальнікамі каралеўскіх зямель. У 1777 г. ім было гарантавана права ўласнасці на надзел і перадачы яго ў спадчыну.

У эканоміцы Фрыдрых ІІ быў прыхільнікам палітыкі меркантылізму і імкнуўся забяспечыць максімальны прыток грошай ў дзяржаву і максімальна папоўніць казну. Для гэтага ён усяляк абмяжоўваў імпарт, уводзячы высокія мытныя пошліны. З 1766 г. стала прымяняцца практыка забороны ўвоза розных тавараў. Але меркантылізм не мог кампенсаваць недахоп капіталу, тэхнічных ведаў, агульную слабасць прускага прадпрымальніцтва. Недахоп капіталу не ўдавалася кампенсаваць і дзяржаўнымі субсідыямі, бо 2/3 бюджэта Прусіі ішло на ўтрыманне арміі. Мануфактуры, калі і атрымоўвалі субсідыі ад караля, то, як правіла, зусім нязначныя. Некаторыя галіны прамысловасці былі выключна дзяржаўнымі. Дробная рэгламентацыя, да якой прыбягаў кароль, падаўляла прадпрымальніцкую ініцыятыву, шкодзіла вытворчасці. Адмоўна адбіваўся на развіцці прамысловасці вялікі падатковы ціск. Была ўстаноўлена каралеўская манаполія на соль, тытунь, каву. Пры гэтым поданыя вымушаны былі купляць гэтыя тавары ў вялікай колькасці.

Пры Фрыдрыху ІІ цэнтралізацыя дзяржаўнага кіравання дасягнула крайніх форм. Усе функцыі мясцовага самакіравання перайшлі ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў. Кароль асабіста вырашаў, якія фабрыкі засноўваць, колькасць вырабляемых тавараў, дзе сяліць каланістаў. Па-за сістэмай дзяржаўнай цэнтралізацыі застаўся дваранскі маёнтак. Тут улада належала памешчыку. У гэтым заключаўся кампраміс паміж манархічнай формай улады і арыстакратычнымі прывілеямі дваран.

Важнейшым элементам палітыкі прускага абсалютызму стала знешняя агрэсія. У Аўстрыі ў 1740 г. была захоплена Сілезія. У 1772 г. ён прыняў удзел у першым падзеле Рэчы Паспалітай. Тэрыторыя Прусіі павялічылася за час яго праўлення са 119 тысяч км2 да 195 тысяч км2, а яе насельніцтва з 2240000 чалавек да 5430000. Пры гэтым Фрыдрых ІІ не імкнуўся ажыццявіць агульнагерманскую ідэю, а дзейнічаў толькі як прускі кароль і разглядаў Германію як поле для пашырэння Прусіі.

У цэлым палітыка асветніцкага абсалютызму Фрыдрыха ІІ не прывяла да прагрэсіўнага перавароту ў жыцці краіны. Яна ўмацавала абсалютысцкія структуры і фактычна ператварыла Прусію ў ваенна-бюракратычную, дыспатычную дзяржаву.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка