Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка5/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

3. Людовік ХVІ узышоў на трон у 1774 г. Кароль хацеў правіць па-новаму, але пры захаванні традыцый французскага каралеўства. Першы яго ўказ 30 мая 1774 г. быў аб адмове ад права на 24 млн. ліўраў, якія па традыцыі выплочваліся каралеве і каралю пры ўступленні натрон. Надзеі на рэформы парадзіла і рашэннее караля 25 жніўня 1774 г. адправіць у адстаўку непапулярных міністраў свайго дзеда і прызначыць генеральным кантралёрам фінансаў віднага дзеяча асветніцтва Робера-Жана Цюрго. Ён адмяняе дзяржаўны рэгламент хлебнага гандлю, дарожную паншчыну сялян, замяніўшы яе грашовым зборам, увадзіць свабоду віннага гандлю, ліквідуе цэхі і гільдыі. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю буржуазных адносін. Кароль першапачаткова падтрымліваў Цюрго, нават тады, калі з увядзеннем свабоднага гандлю хлебам у Францыі выраслі цэны і ў 1775 г. пачалася “мучная вайна”. Сітуацыя змянілася, калі Цюрго стаў рыхтаваць праект увядзення падаткаў на прывілегіраваныя саслоўі і прапанаваў стварыць выбарныя органы ўлады. Кароль убачыў пагрозу для абсалютызму, і ў 1776 г. адправіў міністра ў адстаўку.

У 1777 г. Людовіка ХVІ прызначае новага генеральнага кантралёра фінансаў банкіра Жака Некера. Ён паспрабаваў прадоўжыць рэформы фінансавай сістэмы і правінцыйнага кіравання. Некер увёў рэжым эканоміі дзяржаўных сродкаў, скараціў каля 600 прыдворных пасад. Гэта выклікала рост незадаволенасці арыстакратыі, якая прывыкла да вылікіх выплат з казны. У 1781 г. Некер атрымаў адстаўку, падставай да якой стала абнародаванне ім звестак аб дзяржаўным бюджэце. Усе рэформы былі згорнуты. Вынікам стала паглыбленне фінансавага крызісу. У 1786 г. апошняю спробу рэформаў для пераадолення фінансавага крызісу напярэдадні рэвалюцыі робіць генеральны кантралёр фінансаў Калон. Іх цэнтральным элементам павінна было стаць увядзенне падаткаабкладання прывілегіраваных саслоўяў. Праект рэформы выклікаў пратэст з боку прывілегіраваных сасловій і Парыжскі парламент адмовіўся зарэгістраваць адпаведныя арданансы. Французскі абсалютызм не здолеў стаць на шлях глыбокіх пераўтварэнняў. Ідэі Асветніцтва аб удасканаленні грамадства не былі ўспрыняты французскай манархіяй. У Францыі не аформіўся асветніцкі абсалютызм як сістэма кіравання, здольная правесці пэўныя рэформы ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Адсутнасць неабходных рэформ і вяла Францыю да рэвалюцыі 1789 г.

Крызіс французскага абсалютызму праявіўся і ў міністэрскай чахардзе. З 1774 па 1789 г. на пасадзе генеральнага кантралёра фінансаў змянілася 12 чалавек. Абсалютызм падвяргаўся крытыцы як з боку ліберальнага дваранства за няздольнасць правесці неабходныя рэформы, так і з боку старой арыстакратыі, якая была незадаволена змяншэннем яе ролі ў кіраванні дзяржавай і засіллем бюракратыі. Нарастае канфлікт манархіі з дваранствам мантыі, які праяўляецца ў канфлікце караля з парламентам. У Парыжскім парламенце распалася “міністэрская партыя”. Летам 1787 г. ён адмовіўся рэгістраваць эдзікты аб новых падатках. Канфлікт манархіі з Парыжскім парламентам прывёў да таго, што ён быў разагнаны. Парламенты ў іншых гарадах таксама адмаўляліся рэгістраваць каралеўскія эдзікты аб падатках. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў 1787 г. Францыя сутыкнулася з эканамічным крызісам. Гэта ў многім быў вынік англа-французскага гандлёвага дагавора 1786 г., заснаванага на прынцыпах свабоднага гандлю. Французскія прамысловыя вырабы сталі неканкурэнтназдольнымі нават на ўласным рынку.

У 1787 г. крызіс улады ў Францыі стаў відавочным і кароль вырашыў пайсці на скліканне асамблеі натаблей – сходу прадстаўнікоў вышэйшай арыстакратыі, якія прызначаліся каралём. Тым самым кароль фактычна прызнаваў немагчымасць правіць аднаасобна. Натаблі пачалі працу 22 лютага 1787 г. У сваім выступленні генеральны кантралёр фінансаў Калон вымушаны быў прызнаць, што Францыя перажывае глыбокі фінансавы крызіс. Ён лічыў, што галоўная пчна гэтага ў падатковым імунітэце духавенства і дваранства. Але ідэя падатковай рэформы не была падтрымана і 10 красавіка Калон быў адпраўлены ў адстаўку. Кароль распусціў натабляў, а ўрад стаў на шлях далейшага павышэння падаткаў.

Але збор натабляў не прайшоў бясследна. Быў выдадзены каралеўскі эдзікт аб скліканні выбарных правінцыйных асамблей для вырашэння мясцовых пытанняў. Яны атрымалі права кантролю за зборам падаткаў, за фінансавай дзейнасцю мясцовай адміністрацыі. Гугенотам былі вернуты некаторыя правы. Хутка правінцыйныя асамблеі сталі дэманстраваць сваю апазіцыйнасць. Нарастанне апазіцыі прымушае караля ісці на саступкі. Ён вяртае да ўлады Некера. Той адразу зрабіў выснову, што вывесці краіну з крызісу можна толькі сумеснымі намаганнямі трох сасловій і ставіць пытанне аб скліканні Генеральных штатаў. Для яго вырашэння кароль 6 лістапада 1788 г. склікае другую нараду натаблей. Яна прыняла прапанову аб падвоеным прадстаўніцтве трэцяга саслоўя, але пытанне аб паімённым галасаванні не было вырашана. 12 снежня 1788 г. натаблі разышліся, а 24 студзеня 1789 г. кароль выдаў эдзікт аб выбарах Генеральных штатаў. У трэцім саслоўі выбарчае права атрымалі ўсе мужчыны – падаткаплацільшчыкі з 25 гадоў.

Такім чынам, крызіс улады ў Францыі ў 1788–1789 гады стаў відавочным. Абсалютызм ужо не мог правіць з дапамогаю традыцыйных інстытутаў. Адбылася значная актывізацыя апазіцыі. Хваляванні насельніцтва, звязаныя з ростам цэнаў на прадукты харчавання назіраліся ў Дзіжоне, Беарне, Брэтані, Дофінэ. Выбары ў Генеральныя штаты спрыялі далейшаму росту палітычнай актыўнасці. З’яўляецца велізарная колькасць брашур на палітычныя тэмы. Адной з найбольш вядомых стала брашура абата Сійеса "Што такое трэцяе саслоўе?", у якой найбольш грунтоўна выкладзены патрабаванні трэцяга саслоўя. Тойнбі так тлумачыць прычыны апазіцыйнасці французскай буржуазіі абсалютызму: “Французскі буржуа з зайздрасцю назіраў за працвітаннем англійскай буржуазіі і прыйшоў да высновы, што і французская буржуазія магла б працвітаць не горш, калі толькі прымусіць караля Людовіка па прыкладу караля Георга дазволіць сваім подданым вырабляць усё, што заўгодна і свабодна вывозіць свае тавары на любыя рынкі”.

Французскае дваранства ў наказах адстойвала свае традыцыйныя прывілеі, падавала сябе як саслоўе, найбольш верна служачае каралю, як галоўнага абаронцу Францыі. У той жа час у рады дваранства пранікаюць ідэі Асветніцтва, свабоды і правоў чалавека. Яно прыходзіць да разумення дапушчальнасці для двараніна займацца прадпрымальніцкаю дзейнасцю, служэння грамадству ў тым ліку і праз уплату падаткаў. 5 мая 1789 г. пачынаюць працаваць Генеральныя штаты.


ТЭМА: Англійскі абсалютызм канца 15 – першай паловы 17 ст.
1. Англійскі абсалютызм пры Цюдорах.

2. Англійскі абсалютызм пры першых Сцюартах.


Літаратура

1. Барг, М.Д. Великая Английская революция в портретах ее деятелей / М. Д. Барг. – М., 1991.

2. История Европы: в 8 т. Т.4. – М., 1994.
1. У 1485 г. з завяршэннем вайны руж на англійскім троне усталявалася дынастыя Цюдораў. Менавіта ў перыяд праўлення гэтай дынастыі да 1603 г. у Англіі склаўся і дасягнуў росквіту абсалютызм. Перад Цюдорамі стаяла задача ўмацаваць пазіцыі каралеўскай улады, якія былі моцна падарваны за час грамадзянскай вайны. Генрых VII распусціў феадальныя дружыны, зруйнаваў замкі многіх феадалаў, канфіскаваў землі тых, хто спрабаваў узняць мецяжы супраць каралеўскай улады. У ходзе вайны руж была знішчана асноўная маса англійскай арыстакратыі. Генрых VII фарміруе новую “цюдораўскую арыстакратыю”, якая была цалкам залежнаю ад каралеўскай улады. Англійскае дваранства не было замкнутым саслоўем. Яго рады папаўняліся за кошт сельскай і гарадской буржуазіі. Гэта вяло да таго, што ў Англіі не існавала рэзкага антаганізму паміж буржуазіяй і дваранствам. Хуткае развіццё капіталістычнага ўкладу ў Англіі збліжала інтарэсы новага дваранства і буржуазіі. Таму ў англійскім парламенце не было рэзкага антаганізму паміж прадстаўнікамі прывелегіяваных сасловій і трэццяга саслоўя.

Асаблівасцю англійскага абсалютызму было і тое, што парламент тут захаваўся як важны саслоўна-прадстаўнічы орган улады і з 1529 г. атрымаў практыку пастаянных паседжанняў. “Рэфармацыйны парламент” заседаў на працягу сямі гадоў. Колькасць дэпутатаў вырасла з 292 да 462. У 1559 г. упершыню была ўведзена практыка недатыкальнасці дэпутатаў парламента. Важнейшай прэрагатывай парламента было права ваціраваць падаткі. Джэнтры і буржуазія ў парламенце падтрымлівалі палітыку першых Цюдораў, бо мелі патрэбу ў абароне каралеўскай уладай сваіх эканамічных інтарэсаў. Толькі ў апошняй чвэрці 16 ст. можна заўважыць з’яўленне ў парламенце прыкметнай апазіцыі абсалютызму. Манарху належала права вета на рашэнні парламента. Пэдура выбараў у парламент кантралявалася каралеўскай адміністрацыяй.

Палітыка ўмацавання каралеўскай улады была працягнута Генрыхам VIII (1509–1547). Ён канчаткова ліквідаваў аўтаномію паўночных графстваў і Уэльса, стварыўшы для ўпраўлення імі, адпаведна, Савет Поўначы і Савет Уэльса. У ходзе адміністрацыйных рэформаў 1530-х гадоў была створана новая больш цэнтралізаваная сістэма кіравання Англіяй. Цэнтральным адміністрацыйным органам стаў Тайны савет. Склад яго вызначаўся манархам і ўключаў яго бліжэйшых саветнікаў. Цэнтралізацыя закранула і судовую сітэму. Была ліквідавана юрыздзікцыя мясцовых сеньёраў і большая частка судовых спраў стала разглядацца каралеўскімі судамі. Цэнтральнае месца ў судовай сітэме займала Зрная палата – судовая палата, створаная для барацьбы з мецяжамі знаці.

Кантроль парламента над ваціраваннем падаткаў падрываў магчымасці англійскага абсалютызму ў справе будаўніцтва ваеннай і адміністрацыйнай структуры. У адрозненні ад кантынентальных краін, дзе ўладу на месцах ажыццяўляла шматлікая каралеўская бюракратыя, аплочваемая з казны, у Англіі замацаваўся прынцып выбарнай мясцовай адміністрацыі, якая не атрымлівала плату з казны. Цэнтральнае месца ў сістэме мясцовай улады належала міравым суддзям, якія вылучаліся на сходах дваранства графства і не атрымоўвалі утрымання з каралеўскай казны. Але меліся ў мясцовай адміністрацыі і чыноўнікі, якія прызначаліся каралеўскай уладай. У сілу таго, что праца асноўнай масы чыноўнічаства ў Англіі не аплочвалася каронаю, яно не ператварылася ў асобую замкнёную касту, якая цалкам забяспечвала свой дабрабыт за кошт пасад. Таму калі пачало нарастаць незадавальненне новага дваранства і буржуазіі эканамічнай палітыкай манархіі, органы мясцовага самакіравання таксама часта аказваліся ў апазіцыі абсалютызму.

Важнай асаблівасцю англійскага абсалютызму было тое, что ён не меў у сваім распараджэнні вялікай рэгулярнай арміі. Асновай узброеных сіл Англіі было мясцовае апалчэнне. Сродкі для ўтрымання атрадаў апалчэння збіраліся па графствах. З насельніцтва ўсіх графстваў, якія знаходзіліся на ўзбярэжжы, збіраліся карабельныя грошы на утрыманне флоту.

Царкоўная рэформа, якую пачаў у Англіі Генрых VIII, стала яшчэ адным крокам на шляху умацавання абсалютызму. Кароль і яго бліжэйшыя саветнікі пры правядзенні рэфармацыі – Томас Кранмер і Томас Кромвель, хацелі дасягнуць дзве асноўныя мэты: 1) ператварыць англійскую царкву ў нацыянальную царкву, незалежную ад Рыма; 2) папоўніць каралеўскую казну за кошт секулярызацыі царкоўнай маёмасці. Пачаткам рэфармацыі стаў “Акт аб супрымацыі” 1534 г., якім парламент абвясціў англійскую царкву незалежнай ад Рыма. Новая царква на чале з каралём стала важным інструментам умацавання абсалютызма. У той жа кароль рашуча распраўляўвася з прыхільнікамі кальвінісцкай рэфармацыі ў Англіі, бо бачыў у іх дзейнасці і іх дактрыне аб прымаце царкоўнай абшчына над дзяржаўнай арганізацыяй пагрозу для каралеўскай улады. Землі царквы перайшлі ў рукі кароны. Але кароль вельмі хутка распрадаваў гэтыя землі дваранам. Гэтая аперацыя давала магчымасць умацаваць фінансавае становішча абсалютызма.

У час праўлення Лізаветы І (1558–1603 гг.) англійскі абсалютызм дасягнуў свайго росквіту. А на прыканцы гэтага царавання сталі праяўляцца прыкметы яго крызісу. Пры Лізавеце І былі падаўлены апошнія сепаратысцкія мецяжы, якія ў паўночных графствах спрабавала ўзняць пракаталіцкі настроеная знаць у падтрымку шатландскай каралевы Марыі Сцюарт. Пры Лізавеце І значна ўзмацніліся знешнепалітычныя пазіцыі Англіі, у прыватнасці, дзякуючы разгрому іспанскай “Непераможнай армады” ў 1588 г.

Каралева для ўмацавання сваёй улады аказвала падтрымку як арыстакратыі, так і буржуазным колам, лавіруючы паміж імі. Пратэкцыянісцкая палітыка Цюдораў садзенічала прагрэсу прамысловай вытворчасці і гандлю. Важною ролю ў развіцці суконнай вытворчасці адыгралі каралевскія статуты, якія забаранілі вываз шэрсці і неапрацаванага сукна з Англіі. Навігацыйныя акты Генрыха VII і Генрыха VIII заахвочвалі мараходства і гандаль (манаполіі гандлёвым кампаніям, выгнанне ганзейцаў з Англіі ў 1597 г.). Лізавета І актыўна насаджала новыя рамёствы, якіх не было ў Англіі: вытворчасць шкла, паперы, баваўняных тканін. У той жа час заканадаўства Цюдораў утрымлівала акты 1555 і 1563 гадоў, якія былі зкаліканы стрымаць развіццё капіталістычных адносін. Яны абмяжоўвалі колькасць станкоў у майстэрнях і прымяненне таннай наёмнай працы. Цюдоры падтрымлівалі цэхі і ўводзілі забароны на мануфактуры, якія ўзнікалі ў сельскай мясцовасці. У сельскай гаспадарцы яны выдавалі акты супраць агароджванняў, уводзілі абмежаванні на колькасць авечак на адной ферме. Сялянскае заканадаўства Цюдораў адлюстроўвала зацікаўленнасць манархіі ў нармальным функцыянаванні сялянскіх гаспадарак. Сялянства з’яўлялася асноўным падткаплацільшчыкам і з яго масы набіраліся рэкруты ў час ваенных канфліктаў. Хаця пад ціскам буржуазіі і новага дваранства каралевская улада ішла на саступкі ў пытанні аб агароджваннях, як гэта было ў 1592–1593 гады. Як бычым палітыка Цюдораў – гэта палітыка лавіравання паміж інтарэсамі феадальнай арыстакратыі і інтарэсамі новых класаў, звязаных з развіццём капіталістычных адносін.

У канцы16 – пачатку 17 ст. ва ўмовах развіцця капіталістычных адносін паскорыўся працэс збяднення старога феадальнага дваранства. Яно разлічвала атрымаць матэрыяльную падтрымку з боку каралеўскай улады. Але аказаць яе ва ўмовах фінансавага крызісу ўраду Лізаветы І было складанна. Адначасаво да горшага мяняюцца адносіны паміж каралеўскай уладаю і бужазіяй і новым дваранствам. У апошнія гады свайго царавання Лізавета І рэзка ўзмацніла ціск на парламент, патрабуючы ўсё новых субсідый, павялічыла пошліны з гандлёвых кампаній. Асаблівае незадавальненне прадпрымальніцкіх колаў выклікаў нябачны рост у 90-я гады 16 ст. колькасці манапольных кампаній. Дзяржаўнае рэгуляванне, якое раней спрыяла развіццю эканомікі, цяпер ператвараецца ў перашкоду развіцця. У той жа час у Англіі адбываўся імклівы рост капіталістычных адносін, а разам з ім і і рост буржуазіі і новага дваранства. У канцы 16 ст. яны пачынаюць выказваць прытэнзіі на ўдзел у палітычнай уладзе. Гэта прывяло да фарміравання апазіцыі ў парламенце.

2. У Англіі ломка феадальнага спосабу вытворчасці адбылася раней у сельскай гаспадарцы, чым у прамысловасці. Агароджванні далі штуршок для развіцця капіталізму на вёсцы. Сельская гаспадарка ўцягваецца ў рыначныя адносіны. Яна ў пачатку 17 ст. звязана як з унутраным, так і знешнім рынкам. У гэты час адбываецца рэвалюцыя цэн, праявіўшаяся ў рэзкім падаражанні сельскагаспадарчай прадукцыі. Зямля стала прывабнай сферай для ўкладання капіталаў. У Англіі асноўная маса зямлі належалы лордам, а сяляне з'яўляліся толькі трымальнікі зямлі. Існавалі дзве асноўныя формы трымання зямлі. Фрыгольд – гэта свабоднае трыманне, і права сялян абараннялася традыцыяй. Залежнасць фрыгольдэраў ад лорда была намінальнай, але яны складалі меншасць сялянства. Капігольд уяўляў сабою трыманне зямлі па копіі на пэўны перыяд. Пры заключэнні, ці перазаключэнні копіі маглі ўносіцца пэўныя змены адносна выконваемых павіннасцей. Лорд пасля заканчэння тэрміну копіі мог і сагнаць селяніна з зямлі. Большасць сялян адносілася да ліку капігольдэраў.

Цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю раслі, адпаведна, рос і кошт зямлі, а рэнта, якую плацілі традыцыйныя трымальнікі, не магла так імкліва павышацца. Гэта не задавальняла ленд-лордаў. У 16 – пачатку 17 ст. з'яўляецца шмат людзей, якія хацелі ўкласці свае грошы ў зямельную ўласнасць. У асноўным гэта былі гараджане. Лорды бачылі рашэнне ў тым, каб сагнаць дробных трымальнікаў і здаць зямлю капіталістычным арэндатарам. Гэта было звязана з тым, што павіннасці якія неслі капігольдэры і фрыгольдэры былі ніжэй, чым рыначная арэндная плата. Па краіне ў пачатку 17 ст. пракатываецца хваля новых агароджванняў. Дваран, якія ўжывалі капіталістычныя метада гаспадарання называлі новае дваранства. Частка дваранства засталася вернай старым феадальным метадам гаспадарання – гэта старое дваранства.

Ідзе развіцце капіталізму ў прамысловасці і гандлі. У Англіі ўзнікае значная колькасць мануфактур. Але было складана адкрыць мануфактуру ў горадзе з-за цэхавай рэгламентацыі. Каб пераадолець супраціўленне цэхаў, прадпрымальнікі сталі ствараць мануфактуры ў сельскай мясцовасці, бо тут мануфактура была побач з сыравінай, мелася шмат свабодных рабочых рук. Вялікае развіццё ў гэты час атрымлівае рассеяная мануфактура, якая не патрабавала пабудовы вытворчых памяшканняў і была больш выгадная эканамічна. Цэхі ў пачатку 17 ст. перажываюць крызіс. Імкліва ідзе сацыяльнае расслаенне майстроў. Фарміруецца цэхавая вярхушка, якая бярэ пад свой кантроль збыт тавараў. Астатнія майстры становяцца больш беднымі. Галоўная вытворчасць у англійскай прамысловасці ў той час – вытворчасць сукна. У 20–30-я гады 17 ст. назіраецца крызіс гэтай галіны, асноўныя прычыны якога – высокія падаткі, панаванне манапольных кампаній. Больш прывабнай, у параўнанні з прамысловасцю, сферай укладання капіталу заставаўся гандль. Пачатак 17 ст. – эпоха, калі лакальныя рынкі зліваюцца ў агульны нацыянальны рынак. Цэнтрам яго быў Лондон (насельніцтва – 200 тыс. чалавек). Вялікую ролю ў развіцці знешняга гандлю набылі манопольныя кампаніі: Ост.-Індская, Вест-Індская і др. Доступ у гэтыя капаніі быў абмежаваны. Большасць гандаляроў не ўваходзіла ў гытыя кампаніі.

У 1603 г. памерла Елізавета I і да ўлады прыходзіць новая шатландская дынастыя Сцюартаў, каралём становіцца Якаў I. Гэта быў час калі англійскі абсалютызм уступіў у перыяд крызісу. У Англіі ў канцы 16 ст. стала відавочна, што капіталістычнаму ўкладу ўжо не патрэбна апека з боку абсалютызму. Таму англійскае бюргерства ўсё больш адмаўляе каралеўскай уладзе ў падтрымцы. Так як дваранства раскалолася, то і яно перастала быць надзейнай апорай караля. Ёю засталося толькі старое дваранства. Але мяняецца размеркаванне ўласнасці не на карысць старой арыстыкратыі, ў сувязі з чым змяншаецца яго як эканамічная, так і палітычная вага.

Новыя слаі дваранства занялі пануючае становішча ў парламенце. У парламенце спадзяваліся, што калі Якаў I узыйдзе на трон, то ён пашырыць прывілеі парламента. Але Якаў I хацеў правіць па-абсалютыскі. У 1603 г. быў собраны парламент, дзе Якаў I заявіў аб сваіх прытэнзіях на абсалютную ўладу, якая была, па яго словах, божскай, і толькі ён мог склікаць парламент. Парламент склаў дакумент “Апалогія палаты абшчын”, дзе было сказана, што вярхоўная ўлада ў Англіі належыць парламенту на чале з каралём. Адвяргаўся тэзіс аб божскім паходжанні ўлады караля.

У адносінах паміж каралём і парламентам асаблівую вастрыню набылі два пытанні: ці мае права кароль аднаасобна ўводзіць падаткі і аб рыцарскіх трыманнях. Нават лорды былі не уласнікамі, а трымальнікамі зямлі як васалы караля. Гэта давала каралю ўладу над дваранствам. Каралю была прапанавана зделка: за 200 тыс. фунтаў сцерлінгаў ён павінен быў пагадзіцца з правам прыватнай ўласнасці на зямлю дваран, але кароль адмовіўся.

Канфлікт паміж апазіцыяй і абсалютызмам закрануў і рэлігійную сферу. Ідэалогіяй англійскай рэвалюцыі становіцца пурытанізм. Па сутнасці ён успрыняў важнейшыя палажэнні кальвінізму. Асноўную задачу пурытане бачылі ў паглыбленні рэфармацыі ў Англіі каб зрабіть немагчымым вяртанне да каталіцызму. Англіканская царква мала чым адрознівалася ад каталіцкай. Перш за ўсё пурытане дабіваліся ліквідацыі епіскапату. Джэнтры, якія атрымалі царкоўныя землі, баяліся рэстаўрацыі каталіцтва. У царкоўнай сферы пуратане прапаноўвалі пераход да сістэмы, пры якой кожная абшчына будзе выбіраць прэсвітара, а ўсе рэлігійныя пытанні ў маштабе краіны будзе вырашаць савет прэсвітараў. Пуратанізм раздзеляецца на 2 плыні: прэсвітарыяне і індэпендэнты. Апошнія адстойвалі тэзіс, згодна якому кожная абшчына павінна быць свабоднай і незалежнай у рэлігійных пытаннях і ніякі орган не павінен ажыццяўляць прымус па гэтых пытаннях. У 1603 г. Якаў I сабраў канферэнцыю па абмеркаванню рэлігійных пытанняў, і аб'явіў ,што ў рэлігіі не будзе ніякіх новаўвядзенняў. Пасля гэтага на пурытан абрушыліся рэпрэсіі.

Кароль працягваў раздаваць гандлёвыя манаполіі. У 1621 г. у Англіі налічвалася 700 манаполій. Парламент прасіў спыніць продаж патэнтаў, але ўсе працягвалася. Тым самым каралеўская ўлада настройвала супраць сябе шырокія колы прадпрымальнікаў, якія былі звязаны з гандлёвымі аперацыямі, але не трапілі ў лік манапалістаў. Каралеўская ўлада прымала законы аб забароне агароджванняў, а новаму дваранству яны былі выгадныя.

Знешняя палітыка Сцюартаў таксама незадавальняла новыя сацыяльныя пласты. Іспанія лічылася традыцыйным вораг Англіі, а Якаў І хацеў міра з Іспаніяй. З'явіўся праект шлюбу наследніка трону прынца Карла з іспанскай прынцэсай. Пурытане з ліку буржуазіі і новага дваранства баяліся пранікнення каталіцтва з Іспаніі. Шырокім было незадавальненне і няўдалай экспедыцыяй у Ля-Рашэль. Канфлікт Якава І прывёў да таго, што з 1611 па 1621 г. парламент не склікаўся. Парламенты, які быў скліканы ў 1621 і 1624 гадах, выступілі з крытыкай саветнікаў караля.

У 1625 г карлём становіцца Карл I. У яго цараванне працягваецца канфлікт манархіі з парламентам. Яго абвастрэнне прыпадае на 1628–1629 гады. Вялікія фінансавыя праблемы вымушаюць кароля склікаць парламент, а парламент,. Парламент 1628 г. быў распушчаны Карлам І за крытыку палітыку яго палітыкі, перш за ўсё імкненне да збліжэння з Іспаніяй – аплотам каталіцызму. У 1629 г. Карл І зноў склікае парламент, які прыняў “петыцыю аб праве”. У ёй гаварылася аб злоўжываннях каралеўскай ўлады, і парламент заклікаў караля вярнуцца да “традыцыйных англійскіх вольнасцей”. Парламент выказаў прытэнзіі, каб прызначаць саветнікаў караля, запатрабаваў адмены манаполій. У адказ кароль зноў распусціў парламент. З 1629 г. на працягу 11 гадоў Карл І правіць без парламента.

Каб справіцца з фінансавымі праблемамі, кароль аднавіў некаторыя ўжо практычна забытыя старадаўнія зборы, як “каралебельныя грошы”. Гэты падатак, які некалі плацілі прыморскія графствы, цяпер распаўсюджваўся на ўсе графствы Англіі. Апазіцыя зразумела, што калі гэты збор стане рэгулярным, то ў караля будзе незалежная ад парламента крыніца фінансавання. Яна аб'яўвіла, што кожны хто плаціць гэты падатак – вораг Англіі. Хутка збор “карабельных грошай” скараціўся да 30 % ад запланаванага. Пачаліся рэпрэсіі супраць тых, хто адмаўляўся плаціць. Але выявілася адна са слабасцей англійскага абсалютызму – кароль не мае ні арміі, ні бюракратычнага апарату для ажыццяўлення шарокамаштабных прымусовых мер.

У 1638 г. пачалася вайна з Шатландыяй, дзе ўсталявалася прэсвітарыянская царква, якую Карл І не прызнаў. Англічане церпяць шэраг паражэнняў. У 1639 г. ваенныя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю Англіі. У такіх умовах вясной 1640 г. кароль аб'явіў аб скліканні парламенту. Гэты парламент атрымаў назву “Кароткі парламент”. Ён склікаўся каб увесці новыя падаткі для фінансавання вайны, але парламент адмовіў у гэтым каралю і быў распушчаны. Восенню 1640 г. склікаецца новы парламент, які атрымаў назву “Доўгі парламент”. З яго скліканнем пачынаецца англійская рэвалюцыя.




ТЭМА: Сістэма абсалютызму ў германскіх дзяржавах
1. Свяшчэнная Рымская імперыя пасля заканчэння Трыццацігадовай вайны.

2. Рост тэрытарыяльных уладанняў аўстрыйскіх Габсбургаў у канцы 15 – пачатку 18 ст. Палітыка цэнтралізацыі.

3. Сістэма абсалютызму ў Брандэнбурзе-Прусіі ў другой палове 17 – першай палове 18 ст.

4. Асветніцкі абсалютызм Фрыдрыха ІІ

5. Рэформы Марыі-Тэрэзіі і Іосіф ІІ ва ўдаданнях аўстрыскіх Габсбургаў.
Літаратура

История Европы: в 8 т. Т. 3, 4. – М., 1990, 1994.

Пристер, Е. Краткая история Австрии / Е. Пристер. – М., 1952.

Шимов, Я. Австро-Венгерская империя / Я. Шимов. – М., 2003.

Германская история в новое и новейшее временя: в 2 т. Т. 1. – М., 1970.

Перцев, В. Н. Гогенцоллерны / В. Н. Перцев. – Мн., 2003.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка