Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка3/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

3. Сельская гаспадарка заставалася галоўнай галіной эканамічнай сферы. У ёй было занята 8/10 насельніцтва. Ужо да пачатку новага часу ў еўрапейскіх краінах практычна знікла асабістая залежнасць сялян ад сеньёра. Сеньёры ў новых ўмовах ужо не маглі пазбавіць селяніна ўласнасці. Але яны яшчэ навязвалі селяніну шэраг манаполій і павіннасцей.

У вёсцы адбываецца рэвалюцыя капіталістычнага тыпу, якая заключалася перш за ўсё ў гвалтоўным адрыве непасрэднага вытворцы (селяніна) ад сродкаў вытворчасці. Моцны ўдар па сістэме феадальных адносін на вёсцы нанесла “рэвалюцыя цэнаў”. Павелічэнне колькасці насельніцтва ў пачатку новага часу прывяло да росту попыту на прадукты харчавання. Гэта ў сваю чаргу выклікала рост зямельнай рэнты і распрацоўку маладаступных і малаўраджайных зямель.

Ва ўмовах абясцэньвання грошай і росту цэнаў на сельскагаспадарчую прадукцыю традыцыйныя фіксаваныя грашовыя аброкі страчвалі сваю прывабнасць для ўласнікаў зямлі. Выгаднай стала перадача зямлі ў арэнду і збор аброка ў выглядзе долі ад ураджю. Дзеля атрымання арэнднай платы землеўладальнік і імкнуўся сагнаць сялян – традыцыйных трымальнікаў з зямлі і перадаць зямлю ў арэнду па рынкавай цане фермеру – капіталісту.

У 16–18 стст. тэмпы развіцця капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы ў розных краінах Еўропы былі розныя. Найбольш хутка яны развіваліся ў Англіі, тут актыўна ішлі агароджванні, утвараліся вялікія памесці, якія пераходзілі на капіталістычны шлях развіцця. Уласнік такога памесця сам, як правіла, гаспадаркі не вёў, а здаваў зямлю ў арэнду фермеру, які апрацоўваў зямлю з дапамогаю наёмнай рабочай сілы. Важным сродкам выцяснення сялянскага землеўладання было рэзкае павышэнне лордамі плацяжоў за допуск селяніна да трымання надзела, а таксама – кароткатэрміновы характар капігольда (звычайна 21 год). Адбываецца ломка абшчыннага землеўладання. У Англіі яно было знішчана.

Хуткаму развіццю капіталістычных адносін у англіі спрыяла тое, што тут дваранства не пртрымлівалася сасловных прынцыпаў, якія недапускалі яго ўдзелу ў гаспадарчай дзейнасці. Англійскія дваране самі кіравалі сваёй гаспадаркай, укладалі грошы ў гандаль і прамысловасць.

Таксама капіталістычныя пераўтварэнні ўжо ў 16 ст. актыўна ішлі ў паўночна-усходняй Францыі і Паўночна-Заходняй Германіі. Але ў цэлым ў Еўропе гэты прэцэс не меў рэвалюцыйнага характару і расцягнуўся на многія стагоддзі.

У Галандыі ў галіне пазямельных адносін вядучай тэндэнцыяй у 16 ст. было разлажэнне сеньярыяльнага ладу. Паралельна ішло хуткае распаўсюджанне кароткатэрміновай арэнды. Нарастала таварнасць сельскай гаспадаркі. Галоўнай фігурай у сельскай гаспадарцы быў селянін і асноўную масу прадукцыі давалі сялянскія гаспадаркі. Дваранству належала толькі каля 20% зямлі. Галандыя апераджала іншыя краіны па ступені дыферэнцыяцыі сялянства. Сельская вярхушка, якая выкарыстоўвала наёмную працу, ператваралася ў капіталістычных фермераў.

Асноўнай ячэйкай сельскагаспадарчай вытворчасці ў Францыі з’яўлялася сялянская гаспадарка. Большасць сялян у 16 ст. былі ўжо асабіста свабоднымі і валодалі цэнзівамі на аснове вечнаспадчынага трымання. Даўнасць валодання прыводзіла да фактычнага ператварэння цэнзівы ва ўласнасць селяніна, хаця і абкладзеную феадальнымі павіннасцямі. Гэта забяспечыла значна большую ўстойлівасць французскай сялянскай гаспадаркі ў параўнанні з англійскім капігольдам. Тым не менш, назіраўся працэс скупкі сялянскіх зямель гараджанамі, нешматлікімі заможнымі сялянамі. Сеньёры і гараджанне, стаўшыя ўласнікамі зямлі, рэдка вядуць гаспадарку самі. Асноўнай формай эксплуатацыі зямельных уладанняў становіцца кароткатэрміновая арэнда. У паўночных раёнах Францыі назіралася выцясненне дробных сялянскіх гаспадарак, мелі месца агароджванні. На поўдні Францыі развіццё капіталістычнага ўкладу адбывалася за кошт павелічэння колькасці буйных сялянскіх гаспадарак, якія выкарыстоўвалі наёмную рабочую сілу і значную частку сваёй прадукцыі пастаўлялі на рынак. У той жа час частка сялян разаралася і ператваралася ў батракоў. Названы працэс ішоў павольна. Мала хто з сялян мог знайсці сродкі на пашырэнне вытворчасці, бо практычна ўвесь дабавачны прадукт ішоў на выплату пастянна ўзрастаўшых дзяржаўных падаткаў. Яны былі асноўнай прычынай разарэння французскага сялянства, стаўшы спецыфічнай формай першапачатковага накаплення капіталу. У Францыі працягвалі панаваць дробныя гаспадаркі, што рабіла праблематычным ўкараненне новай тэхнікі, агракультуры. Лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі былі невялікія, яны не маглі стабільна забяспечыць патрэбы Францыі ў прадуктах харчавання. У 18 ст. сеньёры імкнуцца да захопу абшчынных зямель, выкарыстоўваючы права трыажу (старое феадальнае права сеньёра на 1/3 абшчынных зямель). Растуць разнастайныя сеньярыяльныя павіннасці. Гэтая з'ява атрымала назву сеньярыяльная рэакцыя.

У Швецыі сялянства мела асабістую свабоду, сяляне з'яўляліся асноўнымі сельскагаспадарчымі вытворцамі і ўласнікамі зямлі, а таксама асноўнымі падаткаплацільшчыкамі.

У Іспаніі феадальныя адносіны захоўваюць сваё поўнае панаванне на вёсцы, назіраецца запусценне часткі земляў, ураджайнасць вельмі нізкая. Іспанія ўвозіць зерне, бо свайго не хапае. Яшчэ захаваліся элементы асабістай залежнасці сялян асабліва ў Валенсіі і Арагоне. Ужо ў 16 ст. у Іспаніі праяўляецца сеньярыяльная рэакцыя, якая дасягнула свайго апагея ў сярэдзіне 17 ст. Вельмі жорстка выконвалася правіла майарата, што тармазіла развіццё таварна-грашовых адносін у вёсцы. Прагрэс капіталістычных адносін назіраецца толькі ў Каталоніі. Перагонная авечкагадоўля вызваліла шмат свабодных рабочых рук, фарміруецца армія жабракоў.

У Паўночнай Італіі ўжо ў 16 ст. тут актыўна праявілася тэндэнцыя скупкі сялянскай зямельнай уласнасці бюргерствам. Вярхушка гарадоў набывае землі, але яны здаюць у арэнду гэтую землю дробнымі ўчасткамі традыцыйным трымальнікам. Фактычна адбываецца рэфеадалізацыя ў селькай гаспаспадарцы Паўночнай Італіі. Паўднёвая Італія ў пачатку Новага часу вызначалася як буйны экспарцёр зерня, аліўкавага масла, віна. Вытворцамі зерня былі буйныя маёнткі. Пры гэтым шырока выкарыстоўвалася праца наёмных рабочых.

У Германіі таксама захоўваецца панаванне феадальных адносін. У Паўночнай Германіі асноўная маса зямлі сканцэнтравана ў руках буйных памешчыкаў (юнкераў), аснову вытворчасці складала памешчыцкая гаспадарка, заснаваная на прыгоннай працы. У Паўднёвай Германіі, у тым ліку і ў аўстрыйскіх землях, было распаўсюджана дробнае землеўладанне, паншчына была з'явай рэдкаю, а асноўнай феадальнай павіннасцю быў аброк. Пасля заканчэння Трыццацігадовай вайны Аўстрыя трапіла ў зону другога выдання прыгоннага права. З 16 ст. Заходняя Еўропа, ў якой хутка раслі гарады, стала вельмі даходным рынкам для збыту прадуктаў харчавання для буйных землеўладальнікаў остэльбскай Еўропы. Для таго, каб вытворчасць сельгаспрадуктаў была высокадаходнай, ім трэба было знайсці танную рабочую сілу. Ёй сталі прыгонныя сяляне. У выніку на тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы адбываецца другое выданне прыгоннага права. У вестэльбскіх землях сеньярыяльная рэкцыя знайшла адлюстраванне ў захопе сеньёрамі абшчынных зямель, у імкненні распаўсюдзіць на арэндатараў паншчыну. Аформіліся рэгіянальныя адрозненні і ў спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Германіі. Остэльбская і паўночна-Заходняя Германія спецыялізаваліся пераважна на вытворчасці зерня. Паўднёвая Германія – на вытворчасці тэхнічных культур.

Такім чынам, у 16–18 стст. Афармляецца два шляхі капіталістычнай мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі ў Еўропе:

1) Пераход да памесцяў новага тыпу, у якіх вытворчасць арганізуецца па схеме лендлорд (уласнік зямлі) – арэндатар (арганзатар вытворчасці) – наёмныя работнікі. Гэта сістэма характэрна для Англіі, паўночнай Францыі. У яе рамках адбываецца паступовае выцясненне сялян як класа.

2) Фарміраванне капіталістычных элементаў адбываецца з сялянскага асяроддзя, захоўваюцца дробныя сялянскія гаспадаркі ў якасці асноўных вытворчых адзінак. Тэмпы развіцця капіталістычных адносін па гэтаму шляху былі розныя і залежалі ад таго, наколькі свабодным было сялянства ў краіне. Сярод лідараў вызначаліся Скандынаўскія краіны, Галандыя, дзе сялянская гаспадарка мела вялікую мабільнасць.

На ўсходзе Еўропы па-ранейшаму пануе прыгонніцтва і фальварачная сістэма.

Усходняя Еўропа, пачынаючы з 16 ст., спецыялізавалася на вырошчванні зерня. Але і ў Заходняй Еўропе ёсць рэгіёны з зернавой спецыялізацыяй - Паўночная Францыя, Паўночнай Італія, Саксонія, Рэйнская вобласць, Зеландыя і Фрасландыя (Нідэрланды), Арагон і Андалузія. Вінаградарства актыўна развіваецца ў Францыі, Іспаніі, Італіі. У 16 ст. ў Еўропе склалася дзве зоны, якія спецыялізаваліся на жывёлагадоўлі. Першая – Нідэрланды, Данія, Фрысландыя. Другая – Польшча, Венгрыя, Валынь. У 18 ст. жывёлагадоўля стала асноўнай галіной для сельскай гаспадаркі Англіі, Шатландыі, Швецыі, Іспаніі.

У першай палавіне 18 ст. назіраецца падзенне цэнаў на зерне. Жывёлагадоўля становіцца больш выгаднай. Многія раёны пачынаюць меняць спецыялізацыю, частка зямель пераводзіцца пад вінаграднікі (да сярэдзіны 18 ст.). З 1750-х гадоў назіраецца рост цэнаў на сельскагаспадарчую прадукцыю, асабліва на зерне, адпаведна, растуць цэны на зямлю і арэндная плата. Адбываецца рост удзельнай вагі наёмнай працы, павялічваецца норма эксплуатацыі дробных арэндатараў.

У канцы 18 ст. заўважаецца тэндэнцыя да інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Пачынае шырока ўкараняцца шматпольны севавазварат, зямля не пакідаецца пад пар. Развіццё жывёлагадоўлі дазволіла больш уносіць на палі ўгнаенняў. Лідарам у працэсе інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці была Англія. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі былі ячмень, жыта, авёс. Значнае распаўсюджванне атрымалі бульба, грачыха, кукуруза. Адбываецца паляпшэнне сельскагаспадарчых прылад працы. Шырока выкарыстоўваецца лёгкі брабантскі плуг (цэльна-металічны), фламандская барана, простыя сеялкі, усе часцей конь замяняе быка, каса замяняе серп, але машыны яшчэ не выкарыстоўваюцца. Ураджайнасць на працягу 16–18 стст. вырасла ў Захадняй Еўропе ў 1,5–2 разы.

У 15 ст. краіны Захаду яшчэ адставалі ад краін Усходу па аб’ёму валавога прадукта на душу наслеьніцтва. Дзякуючы хуткаму развіццю эканомікі ў канцы 18 ст. еўрапейскія краіны ўжо ў 1,5–1,8 разы пераўзыходзілі па гэтаму паказчыку краіны Усходу і Поўдня. Тым не менш Кітай у канцы 18 ст. у 2 разы пераўзыходзіў па эканамічнаму патэнцыялу краіны Заходняй Еўропы. Саступалі яны па гэтаму паказчыку і Індыі.



4. З 16 ст. пачаўся ўстойлівы рост насельніцтва Еўропы. У 1500 г. яно налічвала 100–120 млн. чалавек, праз 100 гадоў – 100–180 млн. чалавек. За гэты ж час насельніцтва гарадоў узрасло больш чым у 2 разы.

У 16–18 стст. актыўна ідзе працэс фарміравання асноўных классаў буржуазнага грамадства і адбываецца трансфармацыя тарыдыцыйных класаў феадальнага грамадства. Еўрапейскае дваранства ўжо не прадстаўляла адзінага кансалідаванага саслоўя. У ім, з аднаго боку, вылучаецца старое дваранства, якое працягвала жыць на даходы ад феадальнай рэнты і ваеннай і дзяржаўнай службы. З другога боку, новае дваранства імкнулася павысіць даходы за кошт пераходу да капіталістычных метадаў гаспадарання. Эканамічныя інтарэсы і псіхалагічны склад набліжалі новае дваранства да гародскога купецтва і прадпрымальніцтва. У англійскім грамадстве ва ўмовах хуткага развіцця капіталістычных адносін асабліва актыўна ішло збліжэнне джэнтры з буржуазіяй. Джэнтры спалучалі ў сваёй гаспадарцы атрыманне традыцыйнай феадальнай рэнты з атрыманнем капіталістычнага прыбытку. Французскае дваранства не было такім эканамічна актыўным, як англійскае, і пераважна трымалася да рэвалюцыі канца 18 ст. феадальных форм гаспадарання. У Галандыі таксама не склаўся слой новага дваранства англійскага тыпу. Дваранства перажывала вялікія цяжкасці (асабліва ў Германіі) у сувязі з падзеннем ролі рыцарства як ваеннай сілы. У Іспаніі сфарміраваўся велізарны слой збяднелых дваран – ідальга. Асобную катэгорыю дваранства складалі анабліраваныя – выхадцы з трэцяга саслоўя, якія былі ўзведзены ў дваранства за службу, у выніку пакупкі землі ці спецыяльных патэнтаў, якія прадавала карона. У Францыі – гэта дваранства мантыі.

Для сялянства характэрны працэс сацыяльнага расслаення. З аднаго боку фарміруецца сялянская вярхушка. Гэта моцныя гаспадары, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках вялікія надзелы, буйныя фермеры-арэндатары. З дрогога боку павялічваўся слой малазямельных і беззямельных сялян, якія вымушаны былі наймацца як наёмныя рабочыя. З'яўляецца слой капіталістычных арэндатараў і сельскагаспадарчых рабочых. У Англіі ў канцы 18 ст. сялянства практычна знікае як клас.

У гарадах найбольш заможную праслойку складалі буйныя гандляры, якія займаліся замежным гандлем, банкаўскімі аперацыямі. Слой рамесленых майстроў, аснова гарадской абшчыны сярэдневечча перажывае дыферэнцыяцыю. У 17 ст. большасць яго прадстаўнікоў трапляе ў залежнасць ад гандляроў і мануфактурыстаў, а вярхушка ўліваецца ў рады фарміруючайся буржуазіі. Яна ў 16–17 стст. уключае буйных гандляроў, манафактурыстаў, чыноўнікаў, людзей свабодных прафесій, ранцье. Сярод буржуазіі выдзяляецца вярхушка: гандляры-пайшчыкі манапольных кампаній, фінансісты. Манафактурысты склалі сярэдні пласт буржуазіі. Дробная буржуазія ўключала рамесленікаў, дробных гандляроў. З'яўляецца і аграрная буржуазія – лендлорды, буйныя арандатары, якія вялі гаспадарку традыцыйнымі метадамі.

Пралетарыят адставаў у сваім фармірананні ад буржуазіі, існаваў яшчэ толькі як перадпралетарыят, які утвараўся плебсам горада, рабочымі цэнтралізованных мануфактур. Плебс горада ўключаў разарыўшыхся майстроў, падмасцер’яў, падзёншчыкаў, жабракоў. У перадпралетарыяце была вялікая ўдзельная вага жанчын і дзяцей. Аплата працы была нізкай. Дарослы чалавек на свой заробак не мог пракарміць сямью, калі ў ёй было больш 2 дзяцей. Таму дзяцей з самага ранняга ўзросту аддавалі на работу.

Імклівы рост жабрацтва, брадзяжнічаства – характэрная рыса практычна для ўсіх еўрапейскіх краін у 16–17 стст. У Англіі ў 16 ст. у выніку масавага згону сялянства з зямлі паўперызм стаў сапраўдным сацыяльным бедствам. У Лондане ў пачатку 17 ст. каля ¼ усіх жыхароў складалі дэкласіраваныя элементы.

Такім чынам першы перыяд новай гісторыі ідзе працэс фарміравання новых класаў, асноўных для буржуазнага грамадства: буржуазіі і пралетарыяту. Яны ўзніклі не ў выніку эвалюцыі якога-небудзь аднаго саслоўя, а на аснове зліцця розных груп, аб’яднаных удзелам у раннекапіталістычных формах вытворчасці.


ТЭМА: Агульныя рысы абсалютызму. Фарміраванне абсалютызму ў францыі
1. Характэрныя рысы абсалютнай манархіі як формы праўлення.

2. Фарміраванне абсалютнай манархіі ў Францыі ў канцы 15–16 стст.

3. Умацаванне абсалютызму пры Генрыху IV і Рышалье. Фронда.
Літаратура

Люблинская, А. Д. Французские крестьяне в ХVI–ХVIІІ вв. / А. Д. Люблинская. – Лн., 1978.

История Франции. В 3 т. Т. 1. – М., 1972.

История Европы. В 8 т. Т. 3, 4. – М., 1990, 1994.

Ролинская, А. Е. Очерки по истории Франции XVII–XVIII вв. / А. Е. Ролинская – М., 1958.

Малов, В. Н. Жан Батист Кольбер / В. Н. Малов // Новая и новейшая история. – 2000 – № 5.


1. Важнейшай адметнаю рысаю палітычнага развіцця еўрапейскіх краін з 16 ст. стала дзяржаўная цэнтралізацыя і фарміраванне сістэмы абсалютнай манархіі. Абсалютная манархія – гэта форма дзяржаўнага кіравання, пры якой уся паўната заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады канцэнтруецца ў руках манарха. Абсалютызм характарызуецца рэзкім узмацненнем улады манарха і найвышэйшаю ступенню дзяржаўнай цэнтралізацыі. Савецкая гістарыяграфія тлумачыла узнікненне абсалютызма тым, што ва ўмовах вострай барацьбы паміж дваранствам і буржуазіяй палітычная ўлада, манархія атрымоўвае пэўную самастойнасць, надкласавасць. Яна адыгрывае ролю пасрэдніка ў гэтым канфлікце, і гэта ў многім і забяспечвае яе самастойнасць у адносінах да абодвух вядучых класаў той эпохі. Лавіраванне паміж старым дваранствам і прадпрымальніцкімі коламі стала важнейшай рысай палітыкі абсалютызму. Абапіраючыся на падтрымку бюргерства, нараджаючайся буржуазіі, каралеўская ўлада атрымоўвае магчымасць падначаліць сабе феадальную арыстакратыю. З другога боку яна абмяжоўвае і самастойнасць гарадоў. Падтрымка, якую буржуазія аказала каралеўскай ўладзе, гэта была плата за падтрымку, якую каралеўская ўлада ў сваю чаргу аказала бужуазіі ў барацьбе з дваранствам і ў адстойванні яе інтарэсаў у барацьбе з замежнымі канкурэнтамі. Манархія падтрымлівае, заахвочвае нацыянальны гандаль і прамысловасць, забяспечвае стабільнасць.

З дрогага боку феадальнае дваранства ва ўмовах развіцця капіталізму страчвае сваю эканамічную магутнасць, бяднее. Магчымасць змяніць да лепшага сваё матэрыяльнае становіша яно бачыць у службе пры двары. Каралеўская ўлада праз стварэнне даходных прыдворных пасад, праз выплату дваранству шматлікіх пенсій і субсідый заваёўвае яго лаяльнасць і згоду на абмежаванне ролі дваранства, арыстакратыі ў кіраванні краінай. Абсалютызм не імкнуўся да знішчэння палітычнай ролі дваранства, арыстакратыі. Палітычным праследаванням падвяргаліся прадстаўнікі цэнтраімклівых тэндэнцый у радах дваранства.

На мяжы Сярэдневечча і Новага часу рухнулі адносіны паміж сюзерэнамі і васаламі, а развіццё таварна-грашовых адносін дазволіла манархам значна ўмацаваць свае пазіцыі сярод подданых. Ва ўмовах, калі новыя віды зброі і арганізацыі ваеннай справы рэзка зменшылі значэнне феадальнай конніцы, замкаў, арыстакратыя вымушана была адмаўляцца ад спроб захаваць сваю аўтаномію і сканцэнтравацца на атрыманні ўплыву на манархію і яе інстытуты. У гэты час замест васальна-ленных адносін распаўсюджваецца сітэма адносін патрон-кліент. Кароль выконвае ролю вярхоўнага патрона. Арыстакратыя ж імкнецца заняць ролю пасрэдніка ў адносінах паміж каралём і тымі, хто дабіваецца ад яго падтрымкі, заступніцтва. Тым самым яна разлічвае захаваць кантроль над манархіяй, свой уплыў на манарха, кантралюючы яго адносіны з кліентам. Для гэтага прадстаўнікі арыстакратыі імкнуцца заняць ключавыя пасады ў яго акружэнні. патранат быў для караля сродкам прымусіць сваіх подданых служыць яму. Дабіцца гэтага можна было пры наяўнасці ў караля занчных сродкаў.

Аслабленне каталіцкай царквы, перамога Рэфармацыі і афармленне нацыянальных цэркваў у шэрагу краін Еўропы ставілі духавенства ў залежнасць ад манархіі. Падзеі Рэфармацыі стварылі для каралеўскай улады ўнікальную магчымасць аддзяліць саму ідэю дзяржаўнасці ад каталіцкай дагматыкі. Перамога Рэфармацыі суправаджалася ўзмацненнем кантролю дзяржавы над царквою і ўзмацненнем цэнтралізацыі ўсяго дзяржаўнага апарату.

Стымулам для фарміравання абсалютызму сталі шматлікія войны. Яны ставілі перад дзяржавай задачу ўтрымання вялікай рэгулярнай арміі, цэнтралізацыі рэсурсаў.

Характар, асаблівасці абсалютызму ў пэўнай краіне вызначаліся ступенню спеласці буржуазных слаёў, асаблівасцямі папярэдняга гістарычнага развіцця. Выдзяляюць наступныя асноўныя варыянты абсалютызму:



  • паўночна-заходні, які склаўся ў Англіі і Францыі ў 17 cт.;

  • паўднёва-заходні, ці міжземнаморскі;

  • скандынаўскі;

  • цэнтральнаеўрапейскі;

  • усходнеўрапейскі;

Ніжнюю храналагічную мяжу абсалютызму гісторыкі адносяць да канца 15 – пачатку 16 ст. Пры гэтым 16 – першая палова 17 ст. разглядаюцца як перыяд ранняга абсалютызму. Адзначым асаблівасць англійскага абсалютызму, які за гэты час прайшоў шлях станаўлення, спеласці і крызісу, які завяршыўся рэвалюцыяй сярэдзіны 17 ст.

Абсалютызм у сваё палітыцы працягвае справу далучэння ўскраінных тэрыторый, падначалення феадальнай знаці каралеўскай уладзе. Пры гэтым фарміруецца моцная цэнтральная ўлада, якая ставіць пад свой кантроль усе сферы эканамічнага і палітычнага жыцця. Органы саслоўнага прадстаўніцтва страчваюць сваё значэнне ў сістэме ўлады, хаця часта працягваюць функцыянаваць. Каралеўская ўлада паступова вызваляецца ад залежнасці ад прадстаўнічых органаў у справе падаткаабкладання. Парвадніком абсалютысцкай палітыкі становіцца разгалінаваны бюракратычны апарат. Яшчэ адна важнейшая апора абсалютызму – гэта шматлікая рэгулярная армія, якая пераважна складаецца ўжо не з дваран, а з салдат-наёмнікаў.

Абсалютызм вядзе наступленне і пазіцыі царквы. Адбываецца секулярызацыя царкоўнай маёмасці, царкоўная арганізацыя пераходзіць пад непасрэдны кантроль манарха. Таксама ліквідуюцца прывілеі і вольнасці асобных абласцей і гарадоў. Адбываецца ўніфікацыя прававой сістэмы. Каралеўская ўлада бярэ на сябе функцыі па рэгламентацыі эканамічных і сацыяльных адносін.

2. У Францыі, раней, чым у іншых еўрапейскіх дзяржавах, ужо ў другой палове 15 ст. складваецца сістэма ранняга абсалютызму. Гэтаму садзейнічала Стогадовая вайна. Ужо ў сярэдзіне 15 ст. карона атрымала права збіраць экстраардынарныя падаткі без згоды сасловій. Важнейшаю перадумоваю ўсталявання французскага абсалютызму быў палітычны саюз манархіі з гарадскім насельніцтвам. Французская буржуазія вельмі рана пачала далучацца да падатковай эксплуатацыі сваёй краіны праз сістэму водкупаў і куплю фінансавых пасад.

Ранні абсалютызм стаў новай фазай цэнтралізацыі, аб’яднання французскіх зямель. У канцы 15 ст. да каралеўскага дамена былі далучаны Бургундзія, Праванс і Брэтань. Спецыфіку ранняга абсалютызму складае прыкладная раўнага паміж палітычнымі традыцыямі, характэрнымі для саслоўна-прадстаўнічай манархіі і развіваючыміся элементамі бюракратычнай дзяржаўнасці, якая канчаткова ўмацуецца ў эпоху класічнага абсалютызма. У гэты перыяд намаганні каралеўскай улады былі накіраваны на разбурэнне палітычнай арганізацыі сярэдневяковых сасловій. Генеральныя штаты на працягу 16–17 стст. склікаліся толькі чатыры разы: у 1560, 1576, 1588 і 1614 гг.

Умацаванне каралеўскай улады выявілася ў зменах ў яе адносінах з царквою. У 1516 г. Францыск І заключыў з папай Львом Х Балонскі канкардат. Прынцып выбарнасці царкоўных іерархаў быў заменены на прынцып каралеўскага прызначэння. Такая сістэма вяла да таго, што захоўваючы значную аўтаномію, каталіцкая царква ў Францыі ўрастала ў палітычную структуру ранняга абсалютызма.

Узмацненню каралеўскай улады спрыяла і сацыяльнае ўзвышэнне чыноўніцтва, якое ў Францыі было самым моцным сярод еўрапейскіх краін. Чыноўнікаў у Францыі можна падзяліць на некалькі катэгорый. Оффісье – гэта чыноўнік, які з’яўляўся ўласнікам сваёй пасады і быў у значнай ступені незалежны ад кароны. Толькі калі гаворка ішла пра самыя высокія пасады ў цэнтральным апараце, кароль мог звольніць оффісье, але выкупіўшы яго пасаду. Такім чынам офісье ператварыліся ў замкнёную касту, практычна незалежную ад кароны. Кароне больш выгадна было выкарыстоўваць камісараў, якія атрымлівалі ад караля пэўнае даручэнне – камісію – і маглі быць адкліканы ў любы момант.

Значныя адміністрацыйныя пераўтварэнні, якія прывялі да росту ўплыву чыноўнічэства, адбыліся ў час царавання Францыска І (1515–1547) і Генрыха ІІ (1547–1559). У выніку іх Францыі з’яўляецца інстытут інтэндантаў – каралеўскіх чыноўнікаў, якія з адмыслловымі даручэннямі накіроўваліся каралеўскаю ўладаю ў розныя правінцыі. Ствараюцца новыя ўрадавы органы: Вялікі, Дзелавы і Прыватны каралеўскія саветы. Пры стварэнні каралеўскіх саветаў яскрава прасочваецца курс на адхіленне пэрства ад улады. Па рэгламенту 1584 г. з 33 пасад у Дзяржаўным савеце 21 займалі прадстаўнікі радавога дваранства, 6 – пралаты, 6 – дваране мантыі. Павялічваецца роля каралеўскага двара, у якім налічваецца каля 1,5 тыс. пасад. У якасці апоры каралеўскай улады фарміруецца наёмная рэгулярная армія.

У 1559 г. пасля смерці Генрыха ІІ працэс паступальнага развіцця ранняга абсалютызму ў Францыі быў перапынены. Разгарнулася барацьба за ўплыў пры двары паміж двума магутнымі кланамі Гізаў і Бурбонаў. Апошнія звязалі барацьбу за свае палітычныя інтарэсы з гугеноцкім рухам. Спалучэнне палітычнай барацьбы з вострым рэлігійным канфліктам прывяло каралеўства да грамадзянскай вайны, якая пачалася ў 1562 г. Перыяд грамадзянскіх войн супаў з дынастычным крызісам у Францыі. У пачатку 1580-х гадоў Генрых ІІІ некалькі ўмацаваў каралеўскую ўладу. Аднак пасля смерці малодшага брата караля, у якога на было дзяцей, узнікла пагроза пераходу трона да Генрыха Бурбона, пратэстанта па веравызнанню. Каб супрацьстаяць гэтай пагрозе ў 1558 г. была створана ліга каталіцкіх гарадоў на чале з Парыжам. Яна ўступіла ў саюз з дваранскай партыяй Гізаў. У 1588 г. Генрых ІІІ уцёк з паўстаўшай сталіцы і ў 1589 г. быў забіты. Дынастыя Валуа перарвалася.

У гэты момант Францыя, як адзіная дзяржава. Была на мяжы распаду. Але ў гэты час у Францыі сфарміравалася новая групоўка г.з. “палітыкаў”. Яны былі каталікамі, але паставілі інтарэсы захавання адзінства Францыі вышэй, чым перамогу сваёй рэлігіі, і падтрымалі ў якасці кандыдата на французскі трон Генрыха Наварскага Бурбона, які пагадзіўся перайсці ў каталіцызм.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка