Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка2/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23

3. В 1500–1510 гадах іспанцы захапілі Вялікія Анцільскія а-вы (Куба, Ямайка, Гаіці, Пуэтра-Рыка) і малыя Анцільскія а-вы. Каб пакрыць выдаткі на экспедыцыі, іспанцы пачалі гаспадарчае асваенне астравоў. Гэта прывяло да катастрафічнага скарачэння карэннага насельніцтва. Каб атрымаць неабходную рабочую сілу, з сярэдзіны 16 ст. іспанцы сталі на Анцільскія а-вы завозіць рабоў з Афрыкі. З 1510 г. пачаўся новы этап каланізацыі Амерыкі іспанцамі, які звязаны з асваеннем унутраных раёнаў кантынента і станаўленнем тут сістэмы каланіяльнай эксплуатацыі. Пачатак гэтаму быў пакладзены ўварваннем канкістадораў на Панамскі перашыек. У 1513 г. атрад Васка Нуньеса Бальбаа перасёк перашыек і выйшаў на ўзбярэжжа Ціхага акіяна.

У 1517–1518 гадах адбылося ўварванне іспанцаў на тэрыторую п-ва Юкатан, дзе знаходзілася цывілізацыя майа. Гэты народ быў хутка падначалены. У 1520-я гады на Юкатане былі адкрыты радовішча срэбра і пачалася яго здабыча. У 1519 г. атрад на чале з Эрнанам Картэсам накіраваўся на заваяванне дзяржавы ацтэкаў. Яна знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Мексікі ад Мексіканскага заліва да Ціхага акіяна са сталіцай Мехіка.

У 1532 г. пачалося заваяванне іспанцамі тэрыторыі сучаснай Калумбіі. Канкістадоры шукалі тут легендарную краіну Эльдарада і дайшлі да сучаснай Балівіі. У тым жа годзе атрад пад камандаваннем Франсіска Пісара адправіўся на заваяванне заходняга ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі. Тут знаходзілася імперыя інкаў Таўанцісуйю. Гэта была самая магутная дзяржава Новага Свету ў той момант. Яна ахоплівала тэрыторыю Перу, Эквадора, частку Балівіі, Чыліі, Аргенціны. Правіцель насіў тытул Інка. Атрад Пісара падтрымалі заваяваныя інкамі плямёны на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. У 1535 г. іспанцы авалодалі сталіцай імперыі горадам Куско. Але заваяванне Перу зацягнулася на 40 гадоў. Упартае супраціўленне іспанцы сустрэлі на тэрыторыі Чылі, дзе барацьба зацягнулася да канца 17 ст. З 1515 г. пачалося заваяванне іспанцамі Ла-Платы і Парагвая. У 1542 г. два патокі іспанскай каланізацыі, якія рухаліся з паўночнага захаду і паўднёвага ўсходу сустрэліся на тэрыторыі Перу.

Калі у першыя гады заваявання канкістадоры ў асноўным займаліся грабяжом каштоўных металаў на захопленых тэрытоыях, то з 1530 г. пачынаецца сістэматтычная эксплуатацыя срэбраных руднікоў. Буйнейшыя з іх знаходзіліся ў Перу ў раёне Потасі. Для індзейскага насельніцтва была ўведзена працоўная павіннасць. Каланізатары пачынаюць адмаўляцца ад эканамічнага асваення захопленых тэрыторый. Усё неабходнае для іспанскіх перасяленцаў сталі прывозіць з Еўропы ў абмен на золата і срэбра. У якасці перасяленцаў з Іспаніі ў калоніі ў асноўным накіроўваліся дваране. Заваяваныя землі былі ўласнасцю кароны. На заваяваных тэрыторыях іспанцы стварылі два віцэ-каралеўства: Новая Іспанія (Мексіка, Цэнтральная Амерыка, Венесуэла, а-вы Карыбскага мора) і Перу (ўся астатняя частка Паўднёвай Амерыкі).

Іспанцы дабіліся хуткага поспеху ў заваяванні дзяржаў індзейцаў па некалькіх прычынах. Па-першае, іспанцы мелі падаўляючую перавагу ва ўзбраенні. Індзейцы не маглі супрацьстаяць агнястрэльнай зброі і халоднай зброі і кірасам, зробленым з жалеза. Сапраўдны шок у індзейцаў выклікала прымяненне іспанцамі кавалерыі, бо яны ніколі не бачылі коней. Сказалася ўнутраная нетрываласяь індзейскіх дзяржаў. Напрыклад, у межах цывілізацыі мая ішла барацьба паміж некалькімі гарадамі-дзяржавамі. У дзяржаве ацтэкаў ішла барацьба падначаленых народаў супраць пануючых ацтэкаў, а таксама барацьба за ўладу сярод ацтэкскай знаці. Імперыя інкаў у момант уварвання іспанцаў перажывала грамадзянскую вайну.

Партугальская каланіяльная палітыка пачалася з пранікнення ў раёны Афрыкі на беразе Атлантычнага акіяна ў канцы 15 – пачатку 16 ст. Тут яны знайшлі радовішча золата. Пасля плавання Васка да Гама партугальскі флот выцясніў з Індыйскага акіяна арабскіх гандляроў. У 1509 г. партугальцы разграмілі флот арабаў пры Дзіу (паўночнае ўзбырэжжа Індыі). Ад індыйскіх князькоў партугальцы патрабавалі спыніць усе гандлёвыя стасункі з арабамі і выгнаць арабскае насельніцтва са сваёй тэрыторыі. Партугальцы не імкнуліся захапіць вялікія тэрыторыі. Прызначаны віцэ-каралём Індыі Альбукерке імкнуўся авалодаць апорнымі пунктамі на ўсім узбярэжжы Індыйскага акіяна. Галоўным сярод іх быў Гоа. Затым партугальцы захапілі гандлёвыя шляхі, па якіх пастаўляліся пранасці з Зондскага і Малукскага архіпелагаў. У 1511 г. пад уладу Партугаліі трапіла Малакка, з 1521 г. іх факторыі ўзнікаюць на Малукскіх астравах. Затым партугальцы праніклі ў Кітай і ў 1585 г. захапілі в. Макао (Аомынь). Дасягнулі яны і берагоў Японіі.

Часткай партугальскай каланіяльнай імперыі стала Бразілія. Яе каланізацыя пачалася ў 1530 г. Тут склалася сістэма плантацыйных гаспадарак, у аснове якой была праца прывезеных з Афрыкі неграў-рабоў. У 1583 г. у Бразіліі пражывала 25 тыс. белых перасяленцаў і 1 млн. неграў-рабоў. Асноўнай мэтай каланіяльнай палітыкі партугальцаў было імкненне атрымаць максімум выгады ад гандлю з адкрытымі землямі.

Важную ролю ў каланізацыі Амерыкі адыгрывала каталіцкая царква. Яна з’яўлялася важнай часткай каланіяльнага апарату. Папства разглядала адкрыццё і заваяванне Амерыкі як новы крыжовы паход з мэтай хрысціянізацыі мясцовага насельніцтва. Хрысціянізацыя з’яўлялася важным фактарам замацавання панавання іспанцаў над мясцовым насельніцтвам. Каталіцкая царква ператварылася ў самага буйнога землеўладальніка ў Амерыцы.



4. Вялікія геаграфічныя адкрыцці значана пашырылі веды еўрапейцаў аб свеце. Важнейшым наступствам стала “рэвалюцыя цэнаў”. Яна ў многім была выклікана, у тым ліку, і прытокам каштоўных металаў з Новага Свету. З 1503 па 1600 г. з Амерыкі ў Еўропу прыбыло 7440 тон срэбра і 154 т. золата без уліку кантрабанды. На працягу 16 ст. колькасць золата і срэбра, якая знаходзілася ў абарачэнні ў Еўропе, вырасла з 7 тыс. да 28 тыс. тон. Гэта стала адной з прычын “рэвалюцыі цэнаў”. За стагоддзе 1510–1610 гады рост цэнаў дасягае 300% з улікам таго, што цэны на прамысловыя тавары раслі значна павольней, чым на прадукты харчавання. “Рэвалюцыя цэнаў” дала магутны штуршок першапачатковаму накапленню капітала, паскорыла фарміраванне капіталістычнай гаспадаркі ў Еўропе. Узмацнілася маёмаснае расслаенне насельніцтва. Багацелі тыя, хто пертвараў свае грошы ў капатал. Выйгралі гандляры, растаўшчыкі, часткова – сяляне.

Галоўныя гандлёвыя шляхі перамясціліся з Міжземнага мора ў Атлантычны акіян. Асабліва імкліва развіваліся гандлёвыя гарады Нідэрландаў. Нідэрланды сталі галоўным перавалачным пунктам у гандлі Еўропы з калоніямі. Быў пакладзены пачатак фарміраванню сусветнага рынку, дадзены магутны штуршок сусветнаму гандлю. Прыток золата і срэбра з Амерыкі стымуляваў значны рост гандлю Еўропы з Усходам. Паскорылася развіццё і ўнутрыеўрапейскага гандлю. Развіццё гандлю вяло да накаплення капіталу, падрывала цэхавую сістэму арганізацыі рамяства і гандлю.

Вынікі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў былі неадназначнымі для народаў Еўропы і адкрытых тэрыторый. Працэс каланізацыі суправаджаўся жудаснай эксплуатацыяй і знішчэннем заваяваных народаў. Былі разбураны ачагі шэрагу цывілізацый, парушаны ход натуральнага развіцця цэлых кантынентаў і народаў.


Тэма: Развіццё капіталізму ў Еўропе ў 16–18 стст.
1. Развіццё капіталізму ў прамысловасці.

2. Развіццё гандалю.

3. Развіццё сельскай гаспадаркі.

4. Змены ў сацыяльнай структуры.


Літаратурa

История Европы: в 8 т. Т. 3, 4. – М., 1990, 1994.

Бродель, Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм. XV – XVIII вв. / Ф. Бродель. В 3 т. – М., 1986, 1988, 1992.
1. З другой паловы 15 ст. у шэрагу краін Заходняй Еўропы пачынаецца эканамічны ўздым, які суправаджаваўся адносна хуткім ростам колькасці насельніцтва. У пачатку 16 ст. практычна ў кожным горадзе ў розных рэгіёнах Еўропы можна было знайсці майстроў практычна ўсіх неабходных прафесій. Хуткі рост насельніцтва стаў яшчэ адным фактарам росту эканомікі, а з другога боку эканамічны ўздым спрыяў далейшаму росту колькасці насельніцтва. 17 cт. характарызавалася запаволеннем тэмпаў эканамічнага росту. Яно супала з пахаладаннем у Еўропе, і шэраг даследчыкаў выводзяць эканамічныя праблемы са зменаў клімату. Адбылося запавольванне тэмпаў росту насельніцтва.

Магутным штуршком да перамен у эканамічным жыцці еўрапейскага грамадства стала “рэвалюцыя цэнаў”. Яна была выкліка напрытокам каштоўных металаў з калоній і ростам колькасці насельніцтва ў Еўропе, садзейнічала росту прыбытку мануфактурыстаў, садзейнічала пераразмеркаванню даходаў на карысць трэцяга саслоўя і паскорыла пераход да мануфактурнага капіталізму ў Заходняй Еўропе. Вялікую ролю ў справе пераходу да мануфактурнага капіталізму адыграла і Рэфармацыя. Яна суправаджалася секулярызацыяй царкоўнай маёмасці, адносным змяншэннем невытворчых і павелічэннем вытворчых расходаў насельніцтва, умацаваннем працоўнай этыкі і актыўнасці чалавека. Гэта спрыяла накапленню капіталу і пывышэнню эфектыўнасці яго выкарыстання.

Асаблівасцю прамысловага развіцця ў 16–18 стст. была цесная сувязь прамысловасці з вёскай. Спецыфічным адлюстраваннем гэтай сувязі стала ўзнікненне хатняй індустрыі. Яна развівалася на аснове раздатачнай сістэмы на чале з гандляром-прадпрымальніка. Ён пастаўляў надомным рабочым сыравіну і забяспечваў збыт прадукцыі. Так на вёсцы ўзнікала рассеяная мануфакутура. Пры такой форме арганізацыі мануфакутурнай вытворчасці сяляне спалучалі сельскагаспаўдарчую працу з прамысловаю. Недахоп рассеянай мануфактуры заключаўся ў тым, што яна не мала на ўвазе тэхнічнае і тэхналагічнае пераўзбраенне вытворчасці.

Развіваецца і цэнтралізаваная мануфактура. Вялікую ролю ў яе развіцці адыгрывала дзяржава. Яна брала на сябе арганізацыю і фінансаванне мануфактур у найбольш важных галінах вытворчасці. Калі рассеяная мануфактура была распаўсюджана перш з а ўсё ў тэкстыльнай вытворчасці, то цэнтралізаваная развівалася ў металургіі, судабудаванні, вытворчасці шкла, зброі, паліграфічнай справе. Менавіта мануфактура стала асновай для ператварэння капіталістычных адносін у важнейшую частку грамадскіх дносін. Развіццё мануфактурнай вытворчасці называюць протаіндыстрыялізацыяй.

Англійская рэвалюцыя паклала пачатак новаму этапу ў развіцці капіталізму. На змену гандлёваму капіталізму прыходзіць прамысловы, яго мануфактурны этап, які ахоплівае перыяд з сярэдзіны 17 да канца 18 ст. Прамысловасць становіцца рашаючым фактарам эканамічнага развіцця. Гісторыкі выдзяляюць у залежнасці ад узроўню развіцця капіталзму ў Еўропе ў той час 4 рэгіёны:

1) Рэгіён, дзе пануе раннебуржуазны ўклад, яскрава выражана мануфактурная вытворчасць (Англія, Галандыя).

2) Рэгіён, у якім даволі моцны капіталістычны ўклад, але пануючымі застаюцца феадальныя адносіны (Францыя, Швецыя, некаторыя рэгіёны Германіі).

3) Рэгіён, дзе адбываецца рэгрэс сацыяльна-эконамічнага развіцця (Іспанія, Партугалія, Паўночная Італія).

4) Рэгіён прыгонніцтва (2-га выдання прыгоннага парва) - Чэхія, Усходняя Германія, Рэч Паспалітая, Расія.

У першым рэгіёне ў выніку перамогі буржуазных рэвалюцый былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму. Да сярэдзіны 17 ст. Нідэрланды з'яўляліся эканамічным лідарам свету. Тут ужо ў 16 ст. мануфактура становіцца асноўнай формай прамысловай вытворчасці, выцясняючы рамясло. Цэхі ў гэты час перажывалі глыбокі крызіс. Спецыфіка развіцця прамысловасці Нідэрландаў заключалася ў тым, што гандлёвая гегемонія забяспечвала ёй прамысловую перавагу. Асноўнымі галінамі былі вытворчасць шарсцяных, льняных і шаўковых тканін. Пасля буржуазнай з’яўляецца значная колькасць буйных цэнтралізаваных мануфактур з сотнямі рабочых у тэкстыльнай, цукровай, шкляной. З 1670-х гадоў становіцца прыкметнай тэндэнцыя адцяснення Галандыі Англіяй з пазіцый сусветнага эканамічнага лідара. Англійскія аавігацыйныя акты падарвалі гандлёвае першанства Галандыі. Галандыя была бедная сыравіннымі рэсурсамі, што тармазіла развіццё прамысловасці.

Англійская прамысловасць развіваецца за кошт перыпрацоўкі мясцовай сыравіны. З 16 ст. асноўнай галіною англійскай прамысловасці становіцца выраб сукна. Англійскае сукно было больш таннныя чым галандскае і дастаткова высокай якасці. Яно выраблялася галоўным чынам у сельскай мясцовасці, дзе дыфеэнцыяцыя сялян стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця рассеянай мануфактуры. У Англіі быў ёмісты ўнатраны рынак для прамысловых тавараў. Падаткі ў Англіі былі ў 3 разы ніжэйшія, чым у Галандыі, прадпрымальнікам прадастаўляліся ільготы. У 17 ст. у англійскай прамысловасці паступова ўзрастае роля цэнтралізаванай мануфактуры, але яна не змагла падарваць пануючае становішча рассеянай. Агароджванні ў Англіі далі вялікую колькасць свабодных рабочых рук для прамысловасці.

Асаблівасцю эканамічнага развіцця Францыі ў 16–17 стст. было тое, што ў гэтай краіне яшчэ не існавала агульнадзяржаўнай эканомікі. Кожная гістарычная вобласць жыла сваімі рэсурсамі. У гады рэлігійных войнаў 16 ст. Францыя перажыла крызіс ранняга капіталізму “італьянскага тыпу” з арыентацыяй на міжземнаморскі гандаль і змагла ўключыцца ў эканамічны ўздым Паўночна-Заходняй Еўропы, звязаны з пераносам асноўных ганддлёвых шляхоў у Паўночную Атлантыку.

У Францыі на шляху развіцця прамысловасці перашкодай быў недахоп капіталу. Французская буржуазія лічыла, што ўкладываць капітал у прамысловасць не выгадна. Грошы аддавалі на набыццё пасад, якія давалі дваранскі тытул, і зямлі. Гэта прыносіла стабільны даход, павышала сацыяльны статус. Мануфактура ў Францыі ў асноўным займалася вытворчасцю прадметаў раскошы, якія не мелі шырокага спажыўца. Каралеўская ўлада ажыццяўляла крокі, якія перашкаджалі развіццю капіталізму. У 1673 г. быў выдадзены каралеўскі ўказ аб тым, што ўсе прамысловыя вытворцы павінны ўваходзіць у той ці іншы цэх. Вузкі ўнутраны рынак у Францыі таксама не спрыяў развіццю прамысловасці. Большасць насельніцтва складалі сяляне, якія плацілі шматлікія падаткі і выконвалі сеньярыяльныя павіннасці. У 1685 г. быў адменены Нантскага эдыкт, і гугеноты, многія з якіх былі прадпрымальнікамі, пакінулі Францыю. Нягледзячы на прыгаданыя цяжкасці, у канцы 17 ст. мануфактуры ў буйнейшых прамысловых гарадах занялі пануючае становішча ў такіх вядучых галінах, як суконная і шоўкаткацкая. Французскі ўрад праводзіць палітыку высокіх мытных пошлін, каб абараніць уласных вытворцаў. Асноўная галіна французскай прамысловасці тэкстыльная вытворчасць дабілася поспехаў галоўным чынам дзякуючы палітыцы пратэкцыянізму. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы Францыя з’яўлялася еўрапейскім лідарам па развіццю цэнтралізаванай мануфактуры.

Паспяхова развівалася капіталістычная прамысловасць і ў Швецыі галоўным чынам дзякуючы наяўнасці багатых радовішч жалезнай руды. Значны штуршок гэтаму дала Трыцацігадовая вайна. Для Швецыі таксама была характэрна наяўнасць вялікай колькасці цэнтралізаваных мануфактур дзякуючы падтрымцы з боку каралеўскай улады. Значны ўклад у развіццё швецкай прамысловасці ўнеслі перасяленцы з іншых краін, асабліва з Нідэрландаў. Швецкія мануфактуры вызначаліся тым, што на іх выкарыстоўвалася выключна вольнанаёмная праца, і меліся адносна прымальныя ўмовы працы ў параўнанні з іншымі краінамі.

Германская эканоміка з 15 ст. перажывала ўздым. Ён асацыяваўся з ростам гарадоў, гандлю, купецкага капіталу. Развіццё прамысловасці характырызавалася перш за ўсё бурным ростам гарадскіх рамёстваў. Таксама паўднёвагерманскія гарады вызначаліся як фінансавыя цэнтры. Перш за ўсе Аугсбург, дзе канцэнтраваліся буйнейшыя банкірскія дамы, у тым ліку – знакамітых Фугераў. У 16 ст. у германскіх гарадах становіцца прыкметным працэс разлажэння цэхавай сістэмы. Адметнаю рысаю Германіі было тое, што ў яе прамысловасці вельмі важнае значэнне мела горнарудная прамысловасць. Але на мяжы 16–17 стст. яна прыходзіць у заняпад.

У Італіі капіталістычныя адносіны з’явіліся значна раней, чым у іншых краінах Еўропы – ужо ў 14–15 стст. Вылучалася высокім узроўнем развіцця прамысловасці паўночная частка Італіі. Яе гарады ў 15–16 стст. уяўлялі сабою буйныя рамесленыя, банкаўскія і гандлёвыя цэнтры. Асноўнымі галінамі прамысловасці былі вытворчасць суконных і шаўковых тканін. У пачатку 17 ст. пачынаецца заняпад мануфактурнай вытворчасці ў Італіі. Асноўная прычына рэгрэсу сацыяльна-эканамічнага развіцця для Паўночнай Італіі, як і Паўднёвай Германіі заключалася ў тым, што асноўныя гандлёвыя шляхі перамясціліся з Міжземнага мора ў Паўночную Атлантыку. Размыванне капіталістычнага ладу адбываецца ў Італіі і Германіі таксама таму, што мануфактура была тут выключна гарадской, і сутыкалася з цэхавымі абмежаваннямі. Буржуазія Паўночнай Італіі пачынае ўкладваць сродкі ў зямлю, адбываецца упадак гарадоў – эканамічных цэнтраў мануфактурнай вытворчасці. У Германіі паражэнне Сялянскай вайны 1524–1525 гадоў садзейнічала рэгрэсу ў развіцці капіталізму.

Іспанія ў 16 – першай палове 17 ст. так і не змагла ўступіць на капіталістычны шлях развіцця і стварыць значную прамысловую вытворчасць. У Партугаліі рамяству таксама належала вельмі сціплая роля ў эканоміцы краіны на фоне гандлю. Асаблівасцю партугальскай, як і іспанскай эканомікі было тое, што на яе развіццё вельмі вялікі ўплыў аказвала наяўнасць велізарных калоній. Вялікі прыток каштоўных металаў з амерыканскіх калоній у Іспанію і Партугалію быў накіраваны не на развіццё мясцовай вытворчасці, а на набыццё імпартных тавараў. Вузасць унутранага рынку, канкурэнцыя з боку Англіі, Францыі, Галандыі падарвалі развіццё партугальскай і іспанскай мануфактур. Адбывалася дэіндустрыалізацыя.

У краінах Усходняй Еўропы мануфактуры толькі пачалі з'яўляцца. Іх асаблівасцю было шырокае выкарыстанне прыгоннай працы.

18 ст. – апошні этап у развіцці мануфактуры ў Заходняй Еўропе. Але нават у гэты час яна не здолела поўнасцю выцесніць з прамысловасці рамяство і хатнія прамыслы. У 18 ст. Англія з'яўляецца безумоўным лідарам у развіцці прамысловасці. Яе асноўным сапернікам з'яўляецца Францыя. Высокія тэмпы развіцця мануфактуры былі ў Саксоніі, Чэхіі, на Ніжнім Рэйне. Адраджэнне мануфактуры ў 18 ст. адбываецца ў Іспаніі, Італіі і Паўднёвай Германіі. У 18 ст. назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўдзельнай вагі цэнтралізаванай мануфактуры. Дамінуе рассеяная мануфактура, бо яна больш даходная. На рассеянай мануфактуры часта працуюць збяднелыя сяляне. У развіццё мануфактуры пачынае ўцягвацца і сялянская вярхушка, вёска ў значнай ступені становіцца цэнтрам прамысловага росту. Галоўнай галіной вытворчасці ў 18 ст. застаецца тэкстыльная прамысловасць, у якой дамінуе вытворчасць шарсцяных тканін (20% мануфактурнай вытворчасці), але пачынаецца вытворчасць папярова-баваўняных тканін. Паскорылася развіццё металургічнай вытворчасці. Станоўчы ўплыў на развіццё мануфактуры аказаў дэмаграфічны выбух. У 1700 г. насельніцтва Еўропы складала 118 млн. чалавек, у 1800 г. – 187 млн., Стала больш рабочых рук, узрасла ёмістасць рынку. Тэмпы росту прамысловасці ў Еўропе былі адносна невысокія (1,5 % у год у Францыі). Развіццё прамысловасці адбываецца за кошт экстэнсіўных фактараў, прадукцыйнасць працы вельмі нізкая.

Наспяванне ўмоў для прамысловай рэвалюцыі заключалася ў тым, што ў некаторых краінах капіталістычная вытворчасць становіцца галоўным элементам у эканоміцы. Перш за ўсё гэта датычыцца Англіі, дзе мануфактура стала важнейшым элементам капіталістычнай эканомікі. Пры гэтым мануфактура тут ужо вычарпала магчымасці для таго, каб забяспечваць паступальнае развіццё прамысловасці. Каб эканоміка Англіі далей паспяхова развівалася, неабходны быў пераход ад ручной працы да машыннай, неабходна была прамысловая рэвалюцыя. У першай палове 18 ст. на некаторых мануфактурах ужо выкарыстоўваюць асобныя машыны, але яшчэ не было асэнсавання таго, што машына павінна адыграваць вядучую роль у прамысловасці. У Францыі развіццё мануфактуры таксама было паспяховым, яна дасягнула высокага ўзроўня развіцця. Але тут галоўнай перашкодай для росту прамысловай вытворчасці была не ручная праца, а панаванне сацыяльных адносін, якія тармазілі развіццё капіталістычнага ўкладу і мануфактурнай вытворчасці ў прыватнасці. Таму тут для забеспячэння росту мануфакутуры патрэбна была не замена састарэлай тэхнічнай базы, як у Англіі, а змены грамадскіх адносін. Таму ў Францыі ў сярэдзіне 18 ст. не склаліся перадумовы для прамысловай рэвалюцыі, а краіна прыйшла да рэвалюцыі палітычнай. Толькі пасля яе ў Францыі пачынаецца прамысловы пераварот.

У Галандыі не было феадальных, у тым ліку і цэхавых абмежаванняў для развіцця прамысловасці, буржуазія была ва ўладзе, мелася перадавая сельская гаспадарка і развітая мануфактура, велізарны флот. Але перавага гандлёва-фінансавай пасрэдніцкай дзейнасці над вытворчай, завышаны курс валюты, параўнальна высокі ўзровень падаткаабкладання і заработнай платы, ваеннае супрацьстаянне з Англіяй і Францыяй, істотны адток капіталаў і эканамічна актыўнага насельніцтва на заморскія тэрыторыі прывялі да таго, што ў 18 ст. назіралася стагнацыя гаспадарчага жыцця Галандыі, і яна не стала лідарам у ажыццяўленні прамысловага перавароту.

2. Вялікія геаграфічныя адкрыцці далі магутны імпульс эканамічнаму развіццю Еўропы, перш за ўсё гандлю. За 16–17 cт. аб’ём знешняга гандлю заходнееўрапейскіх краін павялічыўся ў 3–5 разоў, у тым ліку з краінамі Усходу і поўдня – у 15 разоў. У той жа час нельга перабольшваць значэнне росту знешняга гандлю для працэсу мадэрнізацыі заходнееўрапейскіх краін. Даходы ад яго ў 1492–1789 гадах не перавышалі 1/5 валавых капіталаўкладанняў, якія былі рэалізаваны ў Заходняй Еўропе, а даходы ад эксплуатацыі адкрытых новых тэрыторый не перавышалі 1 % нацыянальнага прадукта Заходняй Еўропы. Такім чынам, галоўную ролю ў пачатку эканамічнай мадэрнізацыі адыгралі ўнутраныя фактары.

У 16 ст. адбылася карэнная пераарыентацыя еўрапейскага гандлю. Яго цэнтр перамяшчаецца з Міжземнага мора ў Паўночную Атлантыку. У выніку італьянскія гарады поўнасцю страцілі свае вядучыя пазіцыі ў еўрапейскім гандлі. З сярэдзіны 17 ст. італьянскі ганадаль стаў насіць пераважна ўнутраны характар. Асаблівае месца ў сістэме еўрапейскага гандлю занялі Іспанія і Партугалія. Іспанія атрымоўвала велізарны прыток каштоўных металаў з Амерыкі, а Партугалія стала манапалістам у гандлі з Усходам. Іспанія і Партугалія аказалі не ў стане забяспечыць свае калоніі таварамі ўласнай вытворчасці. Іспанскае купецтва ўсё больш станавілася толькі пасрэдніка ў каланіяльным гандлі, і краіна ўсё больш трапляла ў залежнасць ад замежных тавараў і гандляроў. Партугалія ў 16 ст. з’яўлялася галоўным пасрэднікам ў гандлёвых адносінах паміж Еўропай і краінамі Азіі і Афрыкі. Уключэнне ў еўрапейскую гаспадарчую сістэму заакіянскіх крыніц сыравіны і рынкаў для еўрапейскіх тавараў радыкальна змяніла ранейшы пасіўны гандлёвы баланс Еўропы на яе карысць.

На развіццё гандлю ў Еўропе ў перыяд генезісу капіталізму вялікі ўплыў аказвала рэвалюцыя цэнаў. Перыяд з 1480 па 1620 г. характарызаваўся імклівым падаражаннем прадуктаў харчавання. Пытанне аб прычынах рэвалюцыі цэн выклікала бурную дыскуссію ў гістарыяграфіі. Адны гісторыік лічыць (амерыканец Гамільтон). Што рэвалюцыю цэн выклікаў імклівы прыток каштоўных металаў у Еўропу з Амерыкі пасля яе заваявання. Іншыя (швецкая даследчыца Хамарстром) робяць выснову, што рост цэн быў выкліканы ростам дзелавой актыўнасці ў Еўропе, якая ў сваю чаргу выклікала прток каштоўных металаў.

У 16–17 ст. вялікую ролю ў развіцці еўрапейскага гандлю адыгрывалі манапольныя кампаніі. Яны атрымоўвалі права на манапольны гандаль тым ці іншым таварам, або з тым ці іншым рэгіёнам. У Англіі прыкладам можа быць кампанія гандляроў-аванцюрыстаў, якая манапалізавала экспарт поўсці і сукна. У 1600 г. была створана Ост-Індская кампанія, як манапаліст у гандлі з Індыяй. З сярэдзіны 17 cт. сярод гандлёвых кампаній з’яўляюцца акцыянерныя таварыствы.

У 18 ст. лакальныя рынкі розных краін зліваюцца ў агульнанацыянальны. Але за выключэннем Галандыі і Англіі ў першы перыяд Новага часу ў большасці краін нацыянальныя рынкі яшчэ не склаліся. Асабліва з вялікімі цяжкасцямі сутыкаўся ўнутраны гандаль у палітычна раздробленых Германіі і Італіі. Больш хуткімі тэмпамі рос знешні гандаль, асабліва паміж заходнееўрапейскімі дзяржавамі і іх калоніямі. У гандлі з азіяцкімі краінамі Еўропа мела адмоўнае сальда. Яна ўвозіць з Азіі больш тавараў, чым сама вывозіць туды. Затое ў гандлі з Амерыкай Еўропа мела станоўчы баланс. Еўрапейскія краіны шырока вывозілі ў Амерыку прамысловыя тавары, а ўвозілі галоўным чынам сельскагаспадарчую прадукцыю, сыравіну, вялікая роля належала гандлю рабамі. Важным рэгіёнам міжнароднага гандлю застаецца Балтыйскае мора. Тут адбываецца рээкспарт каланіальных тавараў, з Заходняй Еўропы ва Усходнюю прадаваліся мануфактурныя вырабы, у адваротным накірунку ўвозіліся сельскагаспадарчыя тавары.

Лідарам сусветнага гандлю ў 18 ст. была Англія, а яе асноўнай гандлёвай саперніцай становіцца Францыя. Фарміруецца сусветны рынак. У гандаль уцягваюцца каланіяльныя народы. Вялікае значэнне для развіцця гандлю набываюць біржы: Антверпенская, Амстердамская. Амстэрдамская біржа была падзелена на таварную і фондавую. У той жа час ярмарачны гандаль цалкам страчвае сваё значэнне.

Развіццё гандлю залежала ад даступнасці банкаўскага крэдыту. Ужо на пачатку новага часу аформіліся буйныя банкаўскія дамы, найбольш вядомым сярод якіх былі Фугеры. Гэтыя старыя банкі актыўна ўкладалі сродкі ў дзяржаўныя пазыкі, атрымліваючы ўзамен выгадныя манаполіі. Напрыклад, Фугеры, прадаставіўшы значныя крэдыты Карлу V, атрымалі ўзамен манапольнае права на здабычу срэбра, медзі і ртуці ў Ціролі, Венгрыі, Іспаніі. Але такі характар банкаўскай дзейнасці меў і адваротны бок, бо дзяржавы часта абвяшчалі сябе банкрутамі, што наносіла моцны ўдар па банках, якія іх крэдытавалі. У 17 ст. пачынае стварацца капіталістычная банкаўская сістэма. Буйнейшымі ў Еўропе ў той час былі Амстэрдамскі банк, Англійскі банк. Мяняецца і сістэма грашовага абарачэння, з'яўляецца папяровая банкнота. Першапачаткова банкнота ўяўляла сабою вексель банка, які аплочваўся банкам па першаму патрабаванню. Распаўсюджваецца вексельная аплата тавараў.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка