Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка18/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   23

3. У першай палове 18 ст. ў Еўропе складаецца новая растаноўка сіл. У лік вялікіх дзяржаў Еўропы ўваходзяць Англія, Францыя, Расія, Аўстрыя, Прусія. У Еўропе існавала некалькі буйных канфліктаў і вузлоў міжнародных супярэчнасцей: паміж Англіяй і Францыяй за марскую і каланіяльную гегемонію; паміж Аўстрыяй і Прусіяй за перавагу ў Германіі, Швецыі з Расіяй і Турцыі з Расіяй за выхад адпаведна да Балтыйскага і Чорнага мораў, франка-аўстрыйская барацьба за Паўднёвыя Нідэрланды, якая грунтавалася на традыцыйнай варожасці паміж Бурбонамі і Габсбургамі. Гэты апошні канфлікт займаў цэнтральнае месца ў сістэме еўрапейскіх адносін да сярэдзіны 18 ст. Меншае значэнне мелі аўстра-турэцкі і англа-іспанскі канфлікт у калоніях.

Матывы знешнепалітычнай дзейнасці былі для розных дзяржаў падобнымі – барацьба за гандлёвае першанства, за пашырэнне тэрыторыі, прысутнічалі і дынастычныя матывы. Рэлігійны матыў у знешняй палітыцы практычна знікае. Дыпламатыя застаецца тайнай. Для знешняй палітыкі характэрна адсутнасць пераймальнасці, выключэннем тут была толькі Англія.

Войны былі ў асноўным кааліцыйнымі, кааліцыі фарміраваліся больш-меньш раўнапраўныя, роўныя па сілах. Інтарэсы ўдзельнікаў кааліцый часта былі неаднолькавыя. Гэта вяло да таго, што ваенныя дзеянні вяліся неўзгоднена, кожны з саюзнікаў імкнуўся задаволіць свае інтарэсы і не дапусціць дасягнення мэтаў саюзнікамі. У Еўропе шырока была распаўсюджана ідэя балансу сіл і недапушчэння гегемоніі якой-небудзь дзяржавы. Пасля Утрэхцкага міру такой дзяржавы ў Еўропе і не было. Найбольш зацікаўленай краінай у падтрыманні еўрапейскай раўнавагі была Англія. Але яна не распаўсюджвала ідэю балансу на мора, дзе хацела забяспечыць сваё дамінаванне. Часта войны той эпохі называюць “кабінетнымі”. Гэта звязана з тым, што ўрады лічылі толькі сябе прадстаўнікамі нацыі, вайна лічылася справаю выключна ўраду і ў асноўным вялася наёмнымі войскамі. Наёмная армія была вельмі дарагою. Страх страціць яе ў выніку аднаго паражэння вёў да нерашучасці ваенных дзеянняў.

Утрэхцкі мір паклаў канец гегеманіскім планам Францыі. Іспанія страціла значную частку ўладанняў, але жадала іх вярнуць. Яна пачынае ваенныя дзеянні супраць Аўстрыйскай імперыі ў Італіі. У 1717 г. Іспанія адваёўвае Сардзінію, 1718 г. – Сіцылію. Гэта прывяло да фарміравання антыіспанскай кааліцыі ў складзе Францыі, Англіі, Аўстрыі і Галандыі. 11 жніўня 1718 г. англіййскі флот у складзе 21 лінейнага карабля ў бітве ля мыса Пасаро поўнасцю разграміў іспанскі флот. Пасля гэтага аўстрыйская армія на працягу 1718–1719 гг. адваявала ў іспанцаў Сіцылію. Французы ўварваліся ў Паўночную Іспанію. Іспанія вымушана была пайсці на Гаагскі мір 1719 г. Па ім Сіцылія перадавалася Аўстрыі, а Віктар Амадэй Савойскі быў прызнаны каралём Сардзініі.

У 1730-я гады ў міжнародных адносінах яскрава абазначаецца асноўная супярэчнасць – англа-французскае саперніцтва за гандлёва-каланіяльнае першанства. Гандлёвыя інтарэсы Францыі прысутнічалі ўжо ў войнах Людовіка XIV, але яны тады знаходзіліся яшчэ на другім плане. Англія і Францыя ў сваёй барацьбе імкнуцца выкарыстаць аўстра-прускае саперніцтва ў Германіі. Вынікам гэтага стала тое, што менавіта Германія з’яўляецца арэнай для асноўных ваенных дзеянняў з 1740-х гадоў. Такім чынам пераплятаецца англа-французскае і аўстра-прускае саперніцтва. Англія ў 18 ст. прыходзіць да разумення, што для перамогі над Францыяй неабходна зламаць яе каланіяльную магутнасць. Таму яна аддае прыарытэт барацьбе за калоніі і гандлёвыя шляхі. Францыя асноўную ўвагу канцэнтруе на барацьбе на Еўрапейскім кантыненце і недаацэньвае ролю каланіяльнага саперніцтва. У выніку яна вымушана была саступіць Англіі шмат сваіх калоній.

У Германіі баланс сіл працягвае мяняцца на карысць Прусіі. У 20-я – 30-я гады 18 ст. Аўстрыя значную частку сіл вымушана накіраваць у Італію супраць іспаніі і на Балканы супраць турцыі. У 1738 г. Аўстрыя ідзе на Венскі дагавор з Іспаніяй. Па ім да Іспаніі адышлі Неапаль і Сіцылія. У 1739 г. Аўстрыя падпісвае Белградскі дагавор з Турцыяй. Яна адмаўляецца ад сваіх заваяванняў на Балканах на поўдзень ад Дуная. Аўстрыя, каб супрацьстаяць Прусіі, ідзе на саюз з Расіяй. Дзве дзяржавы звязвала сумесная барацьба супраць Турцыі, з якой яны ваююць у 1733–1739 гг. Расія і Аўстрыя выступілі саюзнікамі і ў Вайне за польскую спадчыну ў 1733–1735 гг. Яны падтрымалі кандыдатуру на польскі трон саксонскага курфюрста Аўгуста ІІІ. Францыя спрабавала пасадзіць на польскі трон Станіслава Ляшчынскага, цесця Людовіка ХV. Вайна закончылася вацарэннем Аўгуста ІІІ. Станіслаў Ляшчынскі атрымаў ва ўладанне Латарынгію, якая пасля яго смерці адыйшла да Францыі.

Смерць аўстрыйскага імператара Карла VI, прывяла да таго, што паўстае пытанне аб аўстрыйскай спадчыне. У імператара не было сына. Карла VI яшчэ ў 1719 г. выдаў “Прагматычную санкцыю”, каб замацаваць права сваёй дачкі Марыі-Тэрэзіі на аўстрыйскі трон і захаваць цэласнасць уладанняў Габсбургаў. “Прагматычная санкцыя” абвяшчала, што, калі адсутнічае наследнік па мужчынскай лініі, то ўсе спадчыныя ўладанні Габсбургаў адыходзяць да старэйшай дачкі. У 1720–1730-я гады санкцыю прызналі Расія, Англія, Іспанія, Францыя. Прускі кароль Фрыдрых ІІ у цэлым прызнаў "Прагматычную санкцыю", але заявіў аб сваіх спадчыных правах на Сілезію. Ён выступае ініцыятарам стварэння антыаўстрыйскай кааліцыі ў складзе Прусіі, Францыі, Іспаніі і Баварыі. У 1740 г.,калі памёр імператар Карл VI і на трон узышла Марыя-Тэрэзія, войскі Фрыдрыха ІІ увайшлі ў Селезію, пачаўшы тым самым Вайну за аўстрыйскую спадчыну. У выніку перамогі 9 сакавіка 1741 г. пры Мольвіцэ прусакі захапілі Селезію. Гэта не задаволіла многія еўрапейскія дзяржавы, і ў выніку фарміруецца антыпрусская кааліцыя ў складзе Аўстрыі, Англіі, Расіі і Галандыі. Але асноўны цяжар вайны працягвала несці на сябе Аўстрыя. У выніку ваенных дзеянняў паўстала пагроза распаду Аўстрыі. Аўстрыйцы спрабуюць разбурыць варожую кааліцыю і ў кастрычніку 1741 г. заключаюць перамір'е з Фрыдрыхам ІІ, саступаючы яму Селезію.

Праціўнікі Аўстрыі вырашылі пазбавіць Габсбургаў кароны імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Імператарам 25 студзеня 1742 г. быў абраны Карл Альберт Баварскі, які прыняў імя Карл VII. Але ваенныя дзеянні ў гэты час складваліся спрыяльна для Аўстрыі. Ёй удалося выбіць сваіх праціўнікаў з Чэхіі, заняць Мюнхен.

Аўстрыяй і Прусіяй 6 чэрвеня 1742 г. заключылі мірны дагавор на аснове саступкі Сілезіі Фрыдрыху ІІ. Такія змены ў Германіі вялі да парушэння еўрапейскай раўнавагі. Прусія празмерна ўзвышалася. Гэтым былі незадаволены і яе саюзнікі. Таму Францыя значна знізіла актыўнасць ваенных дзеянняў супраць Аўстрыі. У 1744 г. Вайна за аўстрыйскую спадчыну разгараецца з новай сілай. У яе зноў уступае Фрыдрых ІІ. За аднаўленне ваенных дзеянняў супраць Аўстрыі імператар Карл VII абяцаў яму Чэхію. Спачатку Фрыдрыху ІІ удалося захваціць Прагу. У 1745 г. Фрыдрых ІІ наносіць паражэнне аўстрыйцам пры Хохенфрыдэбергу, пасля чаго ў снежні 1745 г. зноў ідзена мір з Аўстрыяй. Ён захаваў за сабою Сілезію, але пагадзіўся, каб трон Свяшчэннай Рымскай імперыі заняў муж Марыі-Тэрэзіі Франц Стэфан. У гэты час як раз памёр Карл VII.

Англія асноўныя намаганні накіроўвае на вядзенне ваенных дзеянняў у калоніях. У 1745 г. яна захапіла галоўны цэнтр французскай калоніі на рацэ Святога Лаўрэнція г. Луісбург, у 1746 г. французы церпяць паражэнне ў Індыі і Англія захоплівае Мадрас. Францыя ў 1745 г. дапамагае прынцу Карлу-Эдуарду сцюарту перабрацца ў Шатландыю. Але яго спроба ўзняць мяцеж хутка падаўляецца англічанамі. У другой палове 1740-х гадоў англійскія палітыкі імкнуцца прымірыць аўстрыйцаў і прусакаў, каб накіраваць вызваліўшуюся аўстрыйскую армію супраць Францыі. У 1747 г. больш дзейсную дапамогу Аўстрыі аказвае Расія, накіраваўшы на Рэйн рускі вайсковы корпус. Вайна за аўстрыйскую спадчыну зкончылася Аахенскім мірам 1748 г. Па ім Марыя-Тэрэзія была прызнана Еўропаю ў якасці правіцеля спадчыных уладанняў Габсбургаў, Франц Стэфан захаваў карону імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Селезія адыйшла да Прусіі. Гэтым мірам былі незадаволены ўсе асноўныя дзяржавы Еўропы, што пагражала новым канфліктам.



5. У сярэдзіне 1750-х гадоў у Еўропе адбываецца дыпламатычная рэвалюцыя (рэвалюцыя саюзаў). Яе сутнасць заключалася ў карэннай змене сістэмы саюзаў на Еўрапейскім кантыненце. Аахенскі мір знаменаваў сабою крызіс старой сістэмы саюзаў. Усе былі незадаволены і пакрыўджаны на сваіх саюзнікаў. Аўстрыя, якая імкнецца да перагляду ўмоў Аахенскага міру, разумее, што гэта немагчыма пры захаванні старой сістэмы саюзаў, у аснове якіх традыцыйнае супрацьстаянне Габсбургаў і Бурбонаў. Канцлер Аўстрыі фон Каўніц прыходзіць да высновы, што саюз з англіяй не можа дапамагчы Аўстрыі адваяваць Сілезію. У Англіі не было істотных супярэчнасцей з Прусіяй. Таму супраць Прусіі яна ваявала заўсёды пасіўна, а асноўныя свае ваенныя намаганні канцэнтравала ў калоніях. Фон Каўніц робіць стаўку на саюз Аўстрыі з Францыяй, але яму перашкаджала векавая варожасць і імкненне Францыі з дапамогаю Прусіі стрымліваць Аўстрыю ў Германіі. З другога боку для Францыі барацьба з Аўстрыяй становіцца непатрэбнаю. Яна не прыносіць Францыі ніякіх істотных здабыткаў, а толькі адцягвае французскія сілы ад барацьбы з Англіяй. Аўстрыйцы паабяцалі Францыі Фландрыю, калі яна дапаможа ім вярнуць Сілезію.

У 1755 г. Англія і Францыя без аб’яўлення вайны ўжо пачалі ваенныя дзеянні ў калоніях. На гэты момант франка-ангійскія супярэчнасці ўж выйшлі на новы ўзровень. Англія прадстаўляла пагрозу Францыі не як саюзніца Аўстрыі, сама па сабе. Фрыдрых ІІ у 1755 г. робіць спробу пры захаванні саюза з Францыяй адначасова заключыць саюз з Англіяй, што было нерэальна. Англія рыхтавалася да вайны з Францыяй у калоніях і шукала саюзніка, які ўзяў бы на сябе абарону Гановера. У студзені 1755 г. Англія і Прусія заключаюць Вестмістэрскую канвенцыю, у алдпаведнасці з якою прусія абавязалася захоўваць сама і прымушаць іншыя дзяржавы да нейтралітэту ў выпадку англа-французскай вайны. Гэта азначала канец франка-прускага саюза і дало штуршок Францыі прыняць прапановы фон Каўніца. 1 мая 1756 г. Аўстрыя і Францыя падпісалі Версальскі дагавор. Па ім бакі павінны былі прыйсці на дапамогу адзін аднаму, калі на аднаго з іх нападзе якая-небудзь дзяржава, акрамя Англіі. Рэальна гэта магла быць толькі Прусія. Францыі адмаўлялася ад гарантыі Сілезіі за Прусіяй па Аахенскаму дагавору.

Следам, 19 мая 1956 г. была заключана руска-аўстрыйская ваенная канвенцыя, накіраваная супраць Прусіі. Афармленне антыпрускай кааліцыі завяршылася ў снежні 1756 г., калі Расія далучылася да Версальскага дагавора Аўстрыі і Францыі. Аўстрыя і Францыя планавалі далучэнне асноўнай часткі прускіх уладанняў да Аўстрыі. Францыя павінна была атрымаць узамен Аўстрыйскія Нідэрланды. Вынікам магло стаць усталяванне поўнага панавання габсбургаў у Германіі і парушэнне на іх карысць еўрапейскай раўнавагі. Гэтага не хацелі не толькі іх праціўнікі, але і іх саюзнікі.

Сямігадовая вайна пачынаецца ўварваннем прускіх войскаў у Саксонію, якая была хутка акупіравана. Да антыпрускай кааліцыі далучылася і Швецыя, якая бачыла ў прускай палітыцы пагрозу для сваіх уладанняў у Памераніі. Кампанія 1757 г. пачынаецца ўварваннем прускіх войск у Чэхію. Аўстрыйцы былі разбіты Фрыдрыхам ІІ у бітве пад Прагаю 6 мая 1757 г. Але авалодаць Прагаю прусакі не змаглі і адступілі з Чэхіі. Летам 1757 г. 100 тысячная французская армія маршала д’Эстрэ перайшла Рэйн і стала наступаць на Гановер. Фрыдрых ІІ рушыў свае асноўныя сілы на захад. 5 лістапада ў бітве пад Росбахам ён разграміў французскую армію. Пасля гэтага Фрыдрых ІІ з асноўнымі сіламі сваёй арміі імкліва вяртаецца ў Сілезію і 6 снежня ў бітве пад Лейтанам разбівае аўстрыйскую 65 тысячную армію. У 1757 г. у вайну супраць Прусіі ўступае і Расія. Яе 55 тысячная армія наступала ва Усходняй Прусіі і нанесла паражэнне прусакам у бітве пры Грос-Егерсдорфе 19 жніўня. У выніку ўся Усходняя Прусія была занята рускімі.

У 1758 г. наступленне рускіх на Одэры прымусіла Фрыдрыха ІІ накіраваць свае галоўныя сілы супраць рускай арміі. 25 жніўня ля вёскі Цорндорф Фрыдрых ІІ з 36 тысячнай арміяй атакаваў рускую армію Фермора ў 45 тысяч. Рускія пацярпелі паражэнне і адступілі ва Усходнюю Прусію. Пасля гэтага Фрыдрых ІІ накіроўваецца супраць аўстрыйцаў у Саксонію. Тут яго армія ў 31 тысячу была акружана аўстрыйскаю 80 тысячнай арміяй маршала Даўна. 14 кастрычніка ў выніку Гохкірхскай бітвы прусакам з вялікімі стратамі ўдалося вырвацца з акружэння.

Кампанія 1759 г. пачалася няўдачамі прускай арміі пад камандаваннем герцага Брауншвейгскага, узмоцненай англійскім кантынгентам, ў Заходняй Германіі, дзе яна пацярпела паражэнне ад французаў. Але 1 жніўня герцаг Брауншвейгскі нанёс цяжкае паражэнне французам у Бітве пад Міндэнам. Пасля яго французы адступілі за Рэйн. Летам пераходзяць у наступленне рускія і аўстрыйскія войскі на Одэры. 1 жніўня Фрыдрых ІІ, маючы 50 тысяч салдат, атакаваў руска-аўстрыйскую 80 тысячную арміюпад Кюнесдорфам. Бітва закончылася самым буйным паражэннем Фрыдрыха ІІ за ўсю Сямігадовую вайну. Аднак рускія з-за цяжкасцей з забеспячэннем адступілі ад Одэра.

1760 г. азнаменаваўся новымі перамогамі герцага Брауншвескага над французамі ў Заходняй Германіі. Важную ролю ў гэтых перамогах адыграў англійскі кантынгент. На ўсходз Фрыдрых ІІ разбіў аўстрыйцыў ля Легніцы 9 кастрычніка. Але рускім удалося 3 лістапада на кароткі час захапіць Берлін. Пры набліжэнні арміі Фрыдрыха ІІ яны адступілі. У бітве пры Таргау 3 лістапада Фрыдрых ІІ прымусіў адступіть і аўстрыйцаў. У 1761 г. бакі не прадпрымалі актыўных ваенных дзеянняў. Тым не менш яскрава абазначылася перавага ў сілах праціўнікаў Прусіі. Сітуацыя для Прусіі ўскладнялася тым, што Георг ІІІ пачаў вывад англійскага кантынгенту з Еўропы. Выратавала Прусію смерць Лізаветы І 5 студзеня 1762 г. 15 мая 1762 г. Петр ІІІ заключыў не толькі мірны дагавор, але і саюз з Прусіяй. Праўда, ужо 9 ліпеня Кацярына ІІ разарвала саюз, але ў вайну супраць Прусіі Расія не аднавіла. У след за Расіяй мір з Прусіяй 22 мая заключыла і Швецыя. У другой палове 1762 г. прусакі змаглі дабіцца шэрагу поспехаў у баях з аўстрыйцамі і французамі. Гэта дазволіла Прусіі 16 лютага 1763 г. падпісаць Губертсбургскі мірны дагавор, у аснову якога было пакладзена захаванне прынцыпу статус-кво ў Еўропе. Тым самым Прусія захавала Сілезію.

Ход англа-французскай вайны ў клоніях вызначаўся ў многім ваенна-марскою перавагаю Англіі. У пачатку вайны Англія мела 130 лінейных караблёў,Францыя – 63, Іспанія – 46. У 1759 г. французы планавалі экспедыцыю ў Англію і Шатландыю. Але 20 лістапада англійская эскадра адмірала Хока ў складзе 25 лінкораў атакавала французскую эскадру з 21 лінкора адмірала дэ Конфлана ў Кіберонскім заліве (каля Брэста). Французы страцілі 7 караблёў, англічане – 2. Гэтая бітва пакончыла з прытэнзіямі Францыі на панаванне на моры. У 1759 г. англічане атрымалі сваю галоўную перамогу ў калоніях у час Семігадовай вайны. Яны авалодалі Квебекам і заваявалі Канаду. Ход барацьбы ў калоніях не змяніўся і тады, калі на баку Францыі выступіла Іспанія 4 студзеня 1761 г. Англічане летам 1762 г. захапілі Кубу. Другая англійская экспедыцыя восенню 1762 г. захапіла Манілу. У Індыі ў 1757 г. у бітве пры Плесі англічане разграмілі асноўнага французскага саюзніка правіцеля Бенгаліі і пасля гэтага адваявалі асноўныя ўладанні Францыі ў Індыі. Англійская эскадра пасля некалькіх перамог у 1759 г. канчаткова заваявала панаванне на моры вакол Індыі

10 лютага 1763 г. Англія і Францыя заключылі Парыжскі мірны дагавор. Па ім Англія атрымала Канаду і Іспанскую Фларыду, а таксама большасць дробных астравоў у Карыбскім моры. Францыя саступіла Іспаніі Луізіану. Англія ў Індыі ўсталявала кантроль над Бенгаліяй.

У 1777 г. памёр баварскі курфюрст Максімільян ІІІ, у якога не было прамых наследнікаў, і аўстрыйскі імператар Іосіф ІІ спрабуе далучыць Баварыю да Аўстрыі. Супраць гэтых планаў выступіў Фрыдрых ІІ. У выніку пачалася Вайна за баварскую спадчыну. Гэта была вайна, у якой справа так і не дайшла да колькі-небудзь значных ваенных дзеянняў. У 1779 г. быў заключаны Цешынскі мірны дагавор, па якім Аўстрыя атрымала кавалак баварскай тэрыторыі, але Баварыя захавала незалежнасць.



6. Працяг барацьбы Англіі і Францыі за даменаванне ў моры звязаны з Вайною за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы ў 1775–1783 гг. Прадстаўніку паўстанцаў у Парыжы Бенджаміну Франкліну ўдалося 6 лютага 1778 г. падпісаць саюзны дагавор з Францыяй. Па ім Францыя гарантавала незалежнасць ЗША, а ЗША гарантавалі французскія ўладанні ў Паўночнай Амерыцы. Асновай для новай вайны была эканамічная канкурэнцыя Англіі і Франціі. Французскі гандль з калоніямі вырас за 18 cт. у 10 разоў У 1789 г. французскі заморскі гандль перагнаў па свайму аб’ему англійскі. У вайну супраць Англіі ўступала і Іспанія. Кацярына ІІ выступіла з ідэяй стварэння Лігі ўзброенага нейтралітэту. У яе ўвайшлі Расія, Данія, Прусія, Швецыя, Аўстрыя, Партугалія, Неапаль, Галандыя. Апошняя ў 1782 г. аб’явіла вайну Англіі. Утварэнне антыанглійскай кааліцыі з удзелам моцных марскіх дзяржаў і Лігі ўзброенага нейтралітэту стварыла пагрозу для англійскага панаванняна моры. Англічане ў гэтай вайне не знайшлі падтрымкі ні адной еўрапейскай дзяржавы.

Ужо ў 1778 г. французскі флот з’явіўся ля берагоў паўночнай амерыкі і акзаў падтрымку амерыканцам. У 1779 г. саюзнікі пачалі асаду Гібралтара. Але асада не была поўнаю, бо 16 студзеня 1780 г. англійскі флот адмірала Родні з 22 лінкораў разграміў іспанскую эскадру адмірала Лангара з 11 лінкораў. Англічане атрымалі магчымасць бесперашкодна дастаўляць падмацаванні ў Гібралтар. У 1781 г. амерыканцы і французы дабіліся рашучай перамогі пры Йорктаўне. Паспяховае правядзенне гэтай аперацыі было б немагчыма без удзелу французскіх арміі і флота. На моры англічане ў 1782 г. змаглі аднавіць сваё панаванне на моры. 12 красавіка 1782 г. французскі флот адмірала дэ Граса ў складзе 29 караблёў у Карыбскім моры паміж астравамі Дамініка і Гвадалупа сустрэўся з брытанскім флотам адміралаў Родні і Худа, які налічваў 34 караблі. Французскі флот быў разбіты, страціўшы 7 караблёў.

У Парыжы 3 верасня быў падпісаны мірны дагавор. Англія прызнала незалежнасць ЗША, вярнула Фларыду Іспаніі, а Луізіана Іспаніяй вярталася Францыі. Да Англіі ад Галандыі адыйшоў востраў Цэйлон. У выніку вайны пазіцыі Англіі ў Паўночнай Амерыцы былі аслаблены, але яна захавала панаванне на моры і гандлёва-каланіяльную перавагу. Францыя не скарыстала ў поўнай меры спрыяльныя міжнародныя ўмовы для таго, каб узяць рэванш за паражэнні ў час Сямігадовай вайны.

Пасля Сямігадовай вайны большую значымасць для міжнародных адносін набылі праблемы Усходняй Еўропы. Расія імкнулася вырашыць дзве асноўныя знешнепалітычныя задачы: заваяваць выхад да Чорнага мора і выкарастаць аслабленне Рэчы Паспалітай каб далучыць яе ўсходнія землі і поўнасцю падпарадкаваць яе свайму ўплыву. Гэтыя імкненні Расіі выклікалі адмоўную рэакцыю ў еўрапейскіх дзяржаў. Францыя баялася, што Расія зможа падарваць яе ўплыў на Блізкім Усходзе. Аўстрыя апасалася рускага пранікнавення на Балканы. Англія не хацела з'яўлення Расіі на Міжземным моры.

Еўрапейскія дзяржавы разглядалі Рэч Паспалітую як бар'ер супраць пашырэння ўплыву Расіі ў Еўропу. Саюзнікам Расіі ў тых умовах магла быць толькі Прусія, бо яна не мела інтарэсаў у Асманскай імперыі, да падзелу якой пачала імкнуцца Расія. 31 сакавіка 1764 г. Расія і Прусія падпісалі абарончы саюз. Прусія абавязвалася аказваць Расіі грашовую дапамогу ў вайне з Турцыяй. У 1765 г. Расія заключыла саюз і з Даніяй. Расія саступала Даніі Гальшцінію. Дзве дзяржавы абавязаліся аказваць узаемную падтрымку ў магчымай вайне са Швецыяй.

У 1764 г. Расія і Прусія адкрыта ўмяшаліся ва ўнутранныя справы Рэчы Паспалітай. Пры іх падтрымцы Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём Польшчы. Гэта прывяла да рэзкага ўзмацнення расійскага ўплыву ў Рэчы Паспалітай. Каб адцягнуць Расію ад актыўнай палітыкі ў дачыненні да Рэчы Паспалітай, у 1768 г. Францыя і Аўстрыя падштурхнулі Турцыю да вайны з Расіяй. Але вайна складваецца няўдала для Турцыі. Тым не менш, яна адвяргае расійскія прапановы аб міры, спадзяючыся на дапамогу еўрапейскіх дзяржаў. У 1771 г. Аўстрыя і Турцыя заключылі саюзны дагавор. Каб зблізіцца з Аўстрыяй і замацаваць саюз з Прусіяй, Расія вырашае пайсці на падзел Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1772 г. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай Турцыя страчвае надзею на дапамогу з боку Аўстрыі і Расія даводзіць вайну да пераможнага завяршэння. У 1774 г. быў заключаны Кючук-Кайнарджыйскі мір паміж Расіяй і Турцыяй Па ім Расія атрымала землі паміж Дняпром і Паўднёвым Бугам, незалежным ад Турцыі стала Крымскае ханства.

Другая палова 18 ст. – гэта час, калі адным з цэнтральных патанняў еўрапейскай палітыкі становіцца Усходняе пытанне. Яно ўзнікла ў сувязі з тым, што ў той час Асманская імперыя ўжо імкліва ішла да свайго заняпаду. Рэальнай стала пагроза яе поўнага распаду. Таму перад еўрапейскімі дзяржавамі ўзнікла пытанне аб турэцкай спадчыне. Яны павінны былі вырашыць якую палітыку ў дачыненні да Турцыі праводзіць: імкнуцца захаваць яе як адзінае цэлае, ці ажыццявіць падзел. Калі дапусціць другі варыянт, то тады трэба было вырашыць, як будзе ажыццёўлены гэты падзел.

Пасля вайны 1768–1774 гг. Расія імкнецца ўсталяваць сваё панаванне на Чорным моры, а, калі ўдасцца, то давесці справу да поўнага распаду Асманскай імперыі. У 1783 г. Расія акупіравала і анексіравала Крым. Турцыя ў 1787 г. аб’явіла новую вайну Расіі. Яна пачынаецца ў новых міжнародных умовах: пагаршаюцца адносіны паміж Расіяй і Прусіяй, і адбываецца збліжэнне Расіі з Аўстрыяй, якое прывяло да заключэння паміж імі абарончага саюзу. Праціўнікам Расіі акрамя Прусіі выступае і Англія. Яны падштурхоўваюць Швецыю да вайны з Расіяй, якая пачынаецца ў 1788 г. Пры гэтым Англія і Прусія не дапусцілі, каб Данія дапамагла Расіі. Тым не менш ваенныя дзеянні развіваліся для Расіі паспяхова. Па Верэльскаму мірныму дагавору 15 жніўня 1790 г. Расія абавязалася не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Швецыі, аднаўлялася даваенная граніца.

Каб аблегчыць становішча Турцыі, Англія хацела разбурыць кааліцыю Расіі і Аўстрыі. У 1790 г. пад ціская Англіі Аўстрыя выходзіць з вайны супраць Турцыі. Тым не менш, пасля ўзяцця Суворавым Ізмаіла і разгрома Ушаковым тэрэцкага флота ля мыса Каліакрыя, у 1791 г. Турцыя падпісала Яскі мір. Яна прызнала далучэнне да Расіі Крыма, новая граніца была ўсталявана па Днястру.

З пачаткам Французскай рэвалюцыі яна аказвае вызначальны ўплыў на развіццё еўрапейскіх адносін. Прусія пачала патрабаваць тэрыторый Рэчы Паспалітай на Ніжняй Вісле. Спачатку яна разлічвала дамовіцца з Рэчу Паспалітай. У 1790 г. быў заключаны польска-прускі дагавор, па якім Прусія абяцала дапамагчы Польшчы вярнуць адыйшоўшую па перашаму падзелу да Австрыі Галіцыю, а тая перадавала Прусіі Торунь і Гданьск. Гэты дагавор ствараў пагрозу вайны паміж Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія разлічвала на падтрымку Англіі і на тое, што Расія, скаваная вайною з Турцыяй, не зможа дапамагчы Аўстрыі.

Фрыдрых-Вільгельм ІІ прускі памыліўся ў сваіх разліках. Англія не хацела істотнага ўзмацнення Прусіі. Па ініцыятыве англійскага прэм’ер-міністра У. Піта ў ліпені 1790 г. была склікана канферэнцыя ў Рэйхенбаху. На ёй Англія і Галандыя адмовіліся падтрымаць Прусію у барацьбе супраць Аўстрыі, а ад апошняй запатрабавалі спыніць вайну супраць Турцыі. У замен яны абяцалі дапамагчы Аўстрыі ў падаўленні рэвалюцыі ў Бельгіі. Аўстрыя і Прусія вымушаны былі прыняць англійскія ўмовы. Але Прусія працягвае спадзявацца на захоп Торуня і Гданьска.

У 1792 г. пачынаюцца рэвалюцыйныя войны. Фрыдрых-Вільгельм II патрабуе ўзнагароды ў выглядзе польскіх зямель за ўдзел у барацьбе з французскаю рэвалюцыяй. Аўстрыя таксама ваюе з Францыяй, яе войскі былі скаваны ў Нідэрландах. Да таго ж, яна ў той час больш цікавілася далучэннем Баварыі, чым польскіх зямель. Гэта дало магчымасць выключыць Аўстрыю з ліку ўдзельнікаў другога падзелу Рэчы Паспалітай. Яго у 1793 г. ажыццявілі Расія і Прусія. Прусіі атрымала Данцыг і Торунь, Расія – Кіеўшчыну, Валынь, Цэнтральную Беларусь і Віленшчыну. Пасля падаўлення паўстання Т. Касцюшкі ў 1794 г. першапачаткова Кацярына ІІ разлічвала падначаліць усю застаўшуюся тэрыторыю Польшчы. Але затым пагадзілася на трэці яе падзел, бо апасалася вайны з Прусіяй. Паміж Прусіяй і Аўстрыяй узнікла спрэчкаі з-за Кракава. Расія падтрымлівала Аўстрыю, і Прусія вымушана была саступіць. Польскае пытанне адцягнула ўвагу еўрапейскіх манархій ад Францыі, што дапамагло выстаяць французскай рэвалюцыі. Удзел у падзелах Рэчы Паспалітай і ўключэнне ў склад Расіі, Аўстрыі і Прусіі яе земляў спрыялі збліжэнню гэтых краін на працяглую перспектыву, асабліва пасля Венскага кангрэсу.

1   ...   15   16   17   18   19   20   21   22   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка