Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка17/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   23

3. Трыцацігадовая вайна пачалася з падзей ў Чэхіі. Пасля бітвы пад Мохачам у 1526 г. яна аказалася пад уладай Габсбургаў. Спачатку яны праявлялі цярпімасць у дачыненні да чэшскай царквы, якая захавала многія традыцыі гусітаў. Сітуацыя змяніллася з вацарэннем Рудольфа ІІ (1576–1612). Ён паспрабаваў ажыццявіць поўную рэстаўрацыю каталіцтва ў Чэхіі. Сітуацыя яшчэ больш абвастрылася пры Мацвее І (1612–1619).

Трыцацігадовая вайна была выклікана цэлым комплексам прычын. Адной з іх было так і не вырашанае на працягу 16 ст. рэлігійнае пытанне. Актыўна адбывалася насаджэнне каталіцызму, якое падтрымлівалася Габсбургамі на дзяржаўным узроўні. Нежаданне імператарскай улады выступіць у ролі пасрэдніка паміж каталікамі і пратэстантамі вяло да фарміравання палітычных структур, якія будаваліся на аснове канфесійнага прызнака: Евангелісцкая ўнія (1608 г.) і Каталіцкая ліга (1609 г.). Каталіцкай лізе Габсбургі аказвалі прамую дапамогу. У германскай сучаснай гістарыяграфіі менавіта рэлігійны фактар прызнаецца ў якасці асноўнага пры ўзнікненні Трыццацігадовай вайны. Пры гэтым неабходна ўлічваць перапляценне рэлігіі і палітыкі ў той час.

Германскія князі імкнуліся да пастаяннага пашырэння сваіх падуладных тэрыторый. Паралельна з узмацненнем княжскага абсалютызму ішло аскудненне нямецкага дваранства, якое бачыла магчымасць паправіць сваё матэрыяльнае становішча праз удзел у войнах. Такім чынам, адной з крыніц канфлікту былі германскія князі і дваранства з іх ваяўнічымі настроямі. З другога боку Габсбургі ў пачатку 17 ст. спрабуюць умацаваць сваю ўладу і ператврыць Свяшчэнную Рымскую імперыю ў цэнтралізаваную дзяржаву. Гэта абвастрае іх адносіны з князямі, якмя імкнуцца быць паўнаўладнымі правіцелямі ў сваіх уладаннях.

У гэты час рэзка абвастрыліся адносіны паміж Іспаніяй і Францыяй з-за тэрытарыяльных прытэнзій дзвюх дзяржаў і імкнення да гегемоніі ў Еўропе. Францыя імкнецца пышырыць сваю тэрыторыю за кошт зямель на Рэйне, якія ўваходзяць у склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Фердынанд ІІ, стаўшы ў 1619 г. імператарам, аднавіў спробы стварэння агульнагерманскай цэнтралізаванай дзяржавы. Пагроза ўзмацнення за гэты кошт Габсбургаў выклікала трывогу Англіі, Францыі, Галандыі, Скандынаўскіх краін. Каб аслабіць Іспанію, Генрых IV падтрымліваў Галандыю ў яе барацьбе за незалежнасць. У першай палове 17 ст. франка-галандскі саюз становіцца важнейшым фактарам еўрапейскай палітыкі. Для ціску на Габсбургаў як аўстрыйскіх, так і іспанскіх Генрых IV захоўваў саюз з Асманскай імперыяй. У канцы 16 – пачатку 17 ст. французская дыпламатыя (Сюлі, Генрых IV, Рышэлье) сфармулявала прынцып натуральных граніц Францыі. Другім прынцыпам французскай дыпламатыі ў той час быў прынцып еўрапейскай раўнавагі. Ім абгрунтоўвалася неабходнасць барацьбы з іспанскім дамінаваннем у Еўропе, якое ўсталявалася пасля Італьянскіх войнаў. Менавіта рышэлье належыць галоўная роля ў стварэнні антыгабсбургскіх кааліцый у час вайны. У выніку ўнутрыгерманскі канфлікт хутка ператварыўся ў агульнаеўрапейскі. У адпаведнасці з прынцыпа дзяржаўных інтарэсаў Рышэлье падтрымаў пратэстанскіх князёў Германіі. Ён разлічвыў праз такую камбінацыю выйсці на натуральныя граніцы Францыі і захаваць раздробленасць Германіі. Менавіта раздробленая Германія, на думку Рышэлье, адпавядала нацыянальным інтарэсам Францыі. Для Швецыі ператварэнне Германіі ў цэнтралізаваную дзяржаву пад уладй Габсбургаў пагражала рэалізацыі планаў па ператварэнню Балтыйскага мора ў “швецкае возера”.



У ходзе Трыццацігадовай вайны вылучаецца некалькі этапаў. 1 этап – Чэшскі (1618–1624 гады). 23 мая 1618 г. у Празе пачалося паўстанне і чэшскі сейм пазбавіў Габсбургаў улады і абраў каралём Чэхіі лідара Евангелісцкай уніі і зяця англійскага караля пфальцскага курфюрста Фрыдрыха. Габсбургам удалося дабіцца абрання Фердынанда ІІ імператарам. Ён атрымаў падтрымку ад Каталіцкай лігі, папы, Іспаніі. Войскі Каталіцкай лігі пад камандаваннем Ціллі разграмілі пратэстантаў на Белай гарэ 8 лістапада 1620 г., што азначала паражэнне чэшскага паўстання. Пасля гэтага іспанскія войскі разгарнулі наступленне супраць пратэстантаў на Рэйне, Ціллі ўступіў у Паўночную Германію. Восенню 1621 г. аднавілася іспана-галандская вайна.

2 этап – Дацкі (1625–1629 гады). Перспектыва перамогі каталіцтва ва ўсёй Германіі і падначалення Габсбургам Паўночнай Германіі з замацаваннем іх на балтыйскім узбярэжжы прымусілі ўступіць у вайну Данію. Але большасць пратэстанцкіх князёў Германіі не далучыліся да караля Хрысціяна ІV. Галоўнакамандуючы войскамі імператара Альбрехт Валенштайн нанёс шэраг паражэнняў датчанам і прымусіў Данію заключыць мір. У заваёваных вобласцях пачалася шырокамаштабная рэкаталізацыя. У 1629 г. імператар выдаў указ аб рэсцітуцыі (аднаўленні) правоў каталіцкай царквы на маёмасць, якая была захоплена пратэстантамі з 1552 г. Гэтая мера падштурхнула пратэстанцкіх князёў і іх саюзнікаў узмацніць супраціўленне.

3 этап – Швецкі (1630–1635 гады). У 1630 г. у Паўночнай Германіі высадзіліся швецкія войскі на чале з каралём Густвам ІІ Адольфам. У 1631 г Рышэлье і Густаў ІІ Адольф заключылі саюз, па якім Францыя прадастаўляла Швецыі штогадовыя субсідыі, а тая выстаўляла для барацьбы з Габсбургамі армію ў 36 тысяч чалавек для аднаўляення парадкаў, якія існавалі ў германіі да 1618 г. У Швецыі меліся і ўласныя інтарэсы: не дапусціць умацавання імператара на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. 7 верасня 1631 г. шведы пры падтрымцы саксонцаў атрымалі перамогу над арміяй Ціллі пры Брэйтэнфельдзе. Пасля гэтага Густў ІІ Адольф нанёс удар па Баварыі, якая з’яўлялася апорай каталіцызму. Армія Ціллі была разбіта на рацэ Лях, а сам ён загінуў. У лістападзе 1632 г. шведы атрымалі перамогу над Валенштайнам пры Люцэне. У гэтай бітве швецкі кароль загінуў. Пасля яго гібелі выйшлі на паверхню супярэчнасці ў пратэстанскім лагеры. Германскія князі не жадалі ўмацавання ўплыву швецыі ў Германіі і імкнуліся да пашырэння ўласных уладанняў. Яны прызнавалі за лепшае ўладу Габсбургаў пры ўмове адмовы ад Контррэфармацыі за межамі іх спадчыных уладанняў. У верасні 1634 г. шведы былі разбіты пры Нёрдлінгене арміяй імператара і іспанцамі. Гэта выклікала распад пратэстанцскага лагера. Курфюрст Саксонскі Іаган Георг І заключыў мір з імператарам.

4 этап – Франка-швецкі (1635–1648 гады). У 1635 г. стала відавочна, што ў нямецкіх пратэстантаў не хапае сіл, каб весці барацьбу з каталіцкім лагерам. Толькі адкрытае ўступленне Францыі ў вайну супраць каталіцкага блока магло выратаваць пратэстантаў ад разгрома. Разам з Францыяй вайну працягвалі Швецыя і Галандыя. Паступова ваенная перавага стала схіляцца на бок антыгабсбургскага блока. У канцы 1642 г. шведы выйгралі другую бітву пры Брэйтэнфельдзе. Французы авалодалі Эльзасам і ў 1643 г. разграмілі іспанцаў пры Ракруа. У 1645 г. шведы разбілі войскі імператара пад Янкавам, але пацярпелі няўдачу пры асадзе Брно, што сарвала іх паход на Вену. У 1646 г. французы занялі Дзюнкерк. Пасля гэтага Іспанія заключыла мір з Галандыяй. Сілы як Габсбургаў, так і іх праціўнікаў былі на зыходзе.

У 1648 г. у гарадах Оснабрукен і Мюнстар былі заключаны пагадненні, якія завяршылі вайну і ўвайшлі ў гісторыю як Вестфальскі мір. Па ўмовах міру Швецыя атрымала Заходнюю Памеранію з в. Руген і ва Усходняй Памераніі г. Штэцін. Таксама да Швецыі адыходзілі Брэмен, Вердэн, Вісмар. У выніку пад кантролем Швецыі апынуліся вусці ўсіх судаходных рэк Паўночнай Германіі. Швецыя стала пануючай краінай на Балтыйскім моры і вялікай дзяржавай Еўропы. Францыя атрымала Эльзас. Міжнароднае прызнанне набыла незалежнасць галандыі і Швейцарыі. З германскіх князёў у найбольшым выйгрышы аказаўся курфюрст Брандэнбурга. Ён атрымаў Усходнюю Памеранію, архіепіскапства Магдэбургскае, епіскапства Хальберштадтскае і Міндэнскае. Баварскі герцаг замацаваў за сабой са правы курфюрста. Вестфальскі мір афіцыйна замацаваў раздробленасць Германіі. За германскім князямі было прызнана права самастойнай знешняй палітыкі, з агаворкай, што яна не павінна быць накіравана супраць імператара і імперыі. Князі-кальвіністы атрымалі роўныя правы з лютэранамі і каталікамі. На вядучыя пазіцыі ў Еўропе выйшла Францыя. Яна, разам са Швецыяй, была абвешчана гарантам Вестфальскага дагавора.




ТЭМА: МІЖНАРОДНЫЯ АДНОСІНЫ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ 17–18 СТ.
1. Вестфальскі дагавор і новая сістэма міжнародных адносін

2. Англа-галандскае гандлёвае саперніцтва.

3. Барацьба Францыі за гегемонію ў Еўропе.

4. Саперніцтва еўропейскіх дзяржаў на міжнароднай арэне пасля вайны за іспанскую спадчыну. Вайна за аўстрыйскую спадчыну.

5. Дыпламатычная рэвалюцыя сярэдзны 50-х гадоў 18 ст. Сямігадовя вайна.

6. Міжнародны аспект вайны за незалежнасць ЗША. Польскае і Усходняе пытанні ў апошняй трэці 18 ст.


Літаратура

История дипломатии. В 3 т. Т. 1. – М., 1960.

История Европы. В 8 т. Т. 4. – М., 1994.

Борисов, Ю. В. Дипломатия Людовика XIV / Ю. В. Борисов. – М., 1989.

Приемышева, А. В. Французская внешняя политика накануне дипломатической революции 1756 г. / А. В. Приемышева // Новая и новейшая история. – 2003. – № 1. – С. 60–79.
1. У 1618–1648 гады Еўропа перажыла трыцацігадовую вайну. У многім гэта была рэлігійная вайна, у якой супрацьстаялі лагер каліцкіх дзяржаў на чале з Габсбургамі і пратэстанская кааліцыя. Вайна закончылася Вестфальскім мірам 1648 г. Ён паклаў пачатак еўрапейскім кангрэсам. У Еўропе склалася сістэма міжнародных адносін, якая атрымала назву Вестфальская і захоўвалася ў цэлым да 1789 г. У яе рамках адбываецца дэідэалагізацыя міжнародных адносін. З заканчэннем вайны распаліся кааліцыі, якія сфарміраваліся ў ходзе вайны як правіла на рэлігійнай аснове, зніклі і ідэалагічныя задачы ў знешняй палітыцы (падаўленне пратэстанскага руху). У выніку Трыццацігадовай вайны і заключэння Вестфальскага міру рухнула ідэя стварэння агульнаеўрапейскай дзяржавы, універсальнай хрысціянскай імперыі. Задачы знешняй палітыкі губляюць глабальнасць. Цяпер ставіцца задача дабіцца перавагі той ці іншай дзяржавы толькі ў пэўным рэгіоне. Да ліку важных мэт зешняй палітыкі дзяржаў адносяцца захоп пэўных тэрыторыі, заваеванне гандлёвых прывілеяў.

Пасля заканчэння Трыццацігадовай вайны не ўзнікае блока раннебуржуазных дзяржаў, якім супрацьстаяў бы блок дзяржаў феадальных. У раннебуржуазных дзяржавах буржуазія яшчэ не стала безумоўна пануючым класам у палітычным жыцці. У феадальных дзяржаве абсалютызм павінен быў улічваць інтарэсы і нацыянальнай буржуазіі. У той жа час і дынастычныя інтарэсы яшчэ аказвалі вялікі ўплыў на еўрапейскія справы. Часта знешнепалітычныя крокі вынікалі з асабістых амбіцый таго ці іншага манарха. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе палітыкі Людовіка XIV. З сярэдзіны 17 ст. ўзрастае значэнне каланіяльнай палітыкі. У другой палове 17 ст. каланіяльнае саперніцтва становіцца шматбаковым, асноўнымі сапернікамі з'яўляюцца Англія, Галандыя, Францыя, у 18 ст. – Англія і Францыя.

У сярэдзіне 17 ст. ў Еўропе было 6 вялікіх дзяржаў: Францыя, Англія, Нідэрланды, уладанні аўстрыйскіх Габсбургаў, Іспанія і Швецыя. Значны ўплыў на міжнародныя справы аказвалі Баварыя, Брандэнбург, Папская дзяржава, Рэч Паспалітыя, Расія, Турцыя. Вестфальскі і Перанейскі мір (1659) аслабілі палітычныя пазіцыі Іспаніі ў Еўропе. Галандыя пазбавілася пагрозы з боку Іспаніі, палітычная вага Галандыі значна ўзрасла. Англія перажывала рэвалюцыю, што адцягвала яе ўвагу ад міжнародных спраў. Францыя ў гэты ж час перажывала Фронда, якая аслабляла яе міжнародныя пазіцыі. На ўсходзе Еўропы Швецыя стала панаваць на Балтыйскім моры. Гэта пачынае аспрэчваць Расія. Важнай для Еўропы застаецца праблема турэцкай агрэсіі.

2. Прычына англа-галандскіх вайнаў другой паловы 17 ст. – гэта барацьба за гандлёвую гегемонію. Навігацыйныя акты 1650–1651 гадоў нанеслі моцны ўдар па галандскаму гандлю. Цяпер тавары ў Англію можна было ўвозіць ці на англійскіх караблях, ці на караблях краіны, у якой гэтыя тавары былі выраблены. Галандыя ж мела вялікія даходы ад перавозак тавараў іншых краін і ад пасрэдніцкага гандлю. Прыняццю навігацыйнага акта 1651 г. папярэднічала англіская дыпламатычная місія ў Галандыю. Яна прапанавала галандцам ідэю аб'яднання Англіі і Галандыі. Галандыя адмовілася пайсці на аб’яднанне з Англіяй, а пасля прыняцця навігацыйнага акта Галандыя абвяшчае вайну Англіі. Першая англа-галандская гандлёвая вайна 1652–1654 гадоў была няўдалай для Галандыі. У 1654 г. быў заключаны мірны дагавор, па якім Галандыя пагадзілася прызнаць навігаццйныя акты, але захавала незалежнасць.

У 1664 г. пачынаецца другая англа – галандская вайна. Ваенныя дзеянні вяліся ў Афрыцы, Паўднёвай Амерыке, Карыбскам басейне. Англія захоплена Новы Амстэрдам (Нью-Йорк). 31 ліпеня 1667 г. заключаны мірны дагавор, які практычна не змяніў суадносін сіл паміж Англіяй і Галандыяй. Спыненне вайны было ў многім абумоўлена ўврваннем Людовіка XIV у іспанскія. Нідэрланды. Гэта стварала пагрозу інтарэсам як Галандыі, так і Англіі. Таму дзве дзяржавы не толькі спынілі вйну, але і заключылі саюз, накіраваны супраць Францыі.

Людовіку XIV удалося разбурыць гэты саюз, і ў 1670 г. ён заключыў Карлам ІІ Дуўрскі дагавор. Па ім англійскі кароль узяў абавязацельства разам з Францыяй пачынаць вайну супраць Галандыі. У 1672 г. пачынаецца трэцяя англа-галандская вайна, якую англія вядзе ў саюзе з Францыяй. Але ўжо ў 1674 г. Англія выходзіць з вайны, бо лічыла, што замацаванне французскага панавання на ўзбярэжжы Нідэрландаў з’яўляецца пагрозай для яе. У 1677 г. Англія ідзе на саюз з Галандыяй супраць Францыі. З гэтага часу саперніцтва ў адносінах паміж Англіяй і Галандыяй змяняецца саюзнымі дносінамі, якія будуць характэрны амаль для ўсяго 18 ст.

3. Імкненне Людовіка XIV дабіцца гігемоніі Францыі ў Еўропе былі абумоўлены тым, што Францыя ў другой палове 17 ст. была самай буйной заходнееўрапейскай дзяржавай. Па колькасці насельніцтва яна значна пераўзыходзіла іншыя краіны. У ёй жыло 16–20 млн. чалавек, а ў Англіі – каля 6 млн., Іспаніі – 6–8, уладаннях Аўстрыйскіх Габсбургаў – каля 8 млн. Францыя была багата прыроднымі рэсурсамі. Яна стварыла эфектыўны дзяржаўны апарат, вялікую армію. У другой палове. 17 ст. Людовіка XIV абгрунтоўваў сваю палітыку тэрытарыяльных захопаў дынастычнымі правамі. Людовіка XIV абвяшчае сябе наследнікам Карла Вялікага. Пірынейскі мір 1659 г. з Іспаніяй суправаджаўся шлюбам Людовіка XIV з іспанскай прынцэсай. Пры гэтым яна адмаўляецца ад праў на прыстол. За гэта Іспанія павінна была выплаціць Людовіку XIV грошовую кампенсацыю, але не зрабіла гэта.

Мэта знешняй палітыкі Людовіка XIV заключалася ў тым, каб ператварыць Францыю ў пануючую краіну Еўропы. Для дасягнення гэтай мэты ён веў 4 вайны. Першая з іх, Дэвалюцыйная (за спадчыну) вайна, была выклікана імкненнем Людовіка XIV захапіць паўднёвыя Нідэрланды, на якія ён прад’явіў спадчыныя правы ад імя сваёй жонкі (іспанскай прынцэсы) пасля смерці іспанскага Філіпа IV. У 1667 г. вайна пачынаецца ўварваннем французскіх войскаў у Іспанскія Нідэрланды. Французы займалі адну крэпасць за другой. Пачатак ваенных дзеянняў паказаў, што Іспаніі як вялікай дзяржавы ўжо няма. Пагроза захопу Францыяй Нідэрландаў закранала інтарэсы іншых дзяржаў. Утварыўся траісты саюз Англіі, Галандыі і Швецыі, які ставіў задачу не дапусціць заваевання Іспанскіх Нідэрландаў. Пад ціскам Траістага саюза пачынаюцца пошукі міру. Па Аахенскаму міру Францыя атрамала шэраг тэрыторый Іспанскіх Нідэрландаў.

У 1672 г. Людовік XIV разам з Англіей пачынае новую вайну супраць Галандыі (Галандская вайна). Ён імкнецца разграміць Галандыю як гандлёвага саперніка Францыі. Французкія войскі дабіліся шэрагу перамог. Каб супрацьстаяць французскай агрэсіі ствараецца новая кааліцыя. Яна ўключае Імператара, Галандыю, Іспанію, Брандэнбург. У 1674 г. французскія войскі занялі Франш-Кантэ, але Англія разарвала саюз з Францыяй і выйшла з вайны. З 1675 г. Францыя пераходзіць да абароны. У 1678 г. Галандская вайна завяршаецца Німвегенскім мірам. Да Францыі былі далучаны некалькі крэпасцей у Нідэрландах і Франш-Кантэ.

Паля Немвігенскага міру Людовік XIV пачынае ажыццяўляць тэрытарыяльныя захопы ў Эльзасе абапіраючыся на рашэнні французскіх судовых палат, якія прызнавалі мясцовых князёў васаламі французскага караля. У 1681 г. французы занялі Страсбург. Рэакцыяй на агрэсіўныя дзеянні Людовіка XIV стала аднаўленне антыфранцузскага саюза ў 1682–1683 гадах. У яго ўвайшлі імператар Леапольд І, многія князі Германіі, Нідэрланды, Швецыя, Іспанія, Баварыі. У 1683 г. французская армія і пачынае асаду Люксембурга. У гэты час турэцкая армія асадзіла Вену. Людовік XIV вырашыў прадэманстраваць сваю салідарнасць з хрысціянскімі краінамі, якія змагаліся з Асманскай імперыяй і зняў асаду Люксембурга. У 1684 г., пасля таго, як туркі пацярпелі паражэнне пад Венай, Францыя авалодала Люксембургам, шэрагам тэрыторый у Іспаніі і Каталоніі. Але да вялікай вайны справа не дайшла. У тым жа 1684 г. быў падпісаны Рэгенбургскі дагавор, па якім Людовік XIV далучыў да Францыі Люксембург, але вывеў войскі з Фландрыі і Каталоніі. У гэты час Аўстрыя пачынае перамагаць турак (Яўген Савойскі).

Восенню 1688 г. Людовік XIV запатрабаваў каб Рэгенбургскі дагавор быў ператвораны з перамір’я ў пастаянны мір. У адказ у пачатку 1689 г. рэйстаг Свяшчэннай Рымскай імператыі абвясціў вайну Францыі. У вайну супраць Францыі ўступілі Іспанія, Англія, Галандыя, Баварыя, Савойскае герцагства. Саюзнікі ўтварылі антыфранцузскую Аусбургскую лігу. Вайна, якая пачалася ў 1689 г., атрымала назву вайна з Аўсбургскай лігай (Дзевяцігадовая вайна, Вайна за пфальцскую спадчыну). Яна заканчваецца падпісаннем Рысвікскага дагавора (1697 г.). Францыя захавала большасць папярэдніх заваеванняў, але вымушана была вярнуць Люксембург. Людовік XIV прызнаў Вільгельма Аранскага каралём Англіі.

У 1700 г. памірае Карл ІІ іспанскі. Аўстрыйскія Габсбургі разлічвалі пасадзіць на іспанскі трон прынца Карла. Гэта палохала Англію і Галандыю, бо магло парушыць прынцып еўрапейскай раўнавагі сіл. У 1700 г. еўрапейскія дзяржавы заключаюць дагавор, па якім большая частка іспанскіх уладанняў перадаецца аўстрыйскаму прынцу, а Францыі – Неапаль, Сіцылія, Мілан. Але аўстрыйскі імператар не прызнаў дагавора. Не ратыфікаваў яго і англійскі парламент.Карл ІІ завяшчаў, каб іспанская карона перайшла да ўнука Людовіка XIV прынца Філіпа Анжуйскага. Гэта дазваляла захаваць іспанскія ўладанні непадзельнымі. Філіп адпраўдяецца ў Мадрыд і становіцца каралём. Аўстрыя была незадаволена гэтым, але марскія дзяржава згадзіліся пры ўмове, што Філіп ніколі не стане адначасова каралём Іспанія і Францыя і не аб’яднае іх.

У хуткім часе Людовіка XIV прымусіў сваего ўнука выдаць указы, якія прадастаўлялі ільготы французскім гандлярам у іспанскіх калоніях. Ён заяўляе, што Філіп мае права на французскі прыстол. Французскія войскі былі ўведзены ў Мілан і Іспанскія Нідэрланды. Акрамя таго, Людовіка XIV публічна паабяцаў былому карлю Англіі Якаву ІІ, што прызнае яго сына англійскім каралём. Гэтыя крокі Людовіка XIV незадаволілі Англію і Галандыю, і яны выступаюць на баку Імператара. У 1702 г. тоы дзяржавы заключылі Вялікі саюз у Гаазе. Да антыфранцузскай кааліцыі далучаецца Брандэнбург і большасць іншых германскіх княстваў. На баку Францыя выступілі Іспанія, Партугалія, Баварыя. Так, пачаўшаяся ў 1701 г. як вайна паміж Аўстрыяй і Францыяй, у 1702 г. Вайна за іспанскую спадчыну перарастае ў агульнаеўрапейскую.

У 1702 г. англіскі флот атрымаў перамогу ля бухты Віга, пасля чаго ў маі 1703 г. Партугалія пакінула Францыю. У 1702 г. Баварыя аб’явіла вайну Аўстрыі. 14 кастрычніка ў бітве каля Фрыдлінгена австрыйскія войскі пад камандаваннем Людовіка Бадэнскага былі разбіты французскаю арміяй Вілара.

Кампанія 1703 г. прынесла французам некалькі нязначных перамог на Дунаі. Пасля іх Велар планаваў паход на Вену. Але ён не адбыўся, бо французскія планы не падтрымаў баварскі курфюрст Максіміліян. У Іспанскіх Нідэрландах няўдачай закончылася спроба англа-галандскіх войскаў пад кіраўніцтвам Мальбаро пачаць наступленне.

У маі-чэрвені 1704 г. Мальбаро ажыццяўляе імклівы марш з Нідэрландаў на Дунай. Тут у Баварыі ля мястэчка Бленхейм 13 жніўня 1704 г. аўстрійскія і англійскія вайскі колькасцю ў 56 тыс. чалавек пад камандаваннем Мальбаро і Яўгена Савойскага разграмілі франка-баварскія 60 тысячную армію. Англа-аўстрыйскія страты склалі 9 тыс чалавек, франка-баварскія – 38 тыс. У 1704 г. Англія захапіла іспанскую крэпасць Гібралтар. Спробы іспанцаў і французаў у 1704–1705 гадах вярнуць Гібралтар закончыліся няўдачай. На баку антыфранцузскай кааліцыі ў вайну ў 1704 г. уступіла Савоя. У 1705 г. войскі антыфранцузскай кааліцыі занялі большую частку Іспаніі. У 1706 г. і 1710 г. аўстрыйскі прынц Карл абвяшчаўся іспанскім каралём.

Мальбаро ў 1706 г. перайшоў да актыўных дзеянняў у іспанскіх Нідэрландах. Ён разграміў французаў у бітве пры Рамільі 23 мая, пасля чаго захапіў шэраг важных крэпасцей: Антверпен, Дзюнкерк і інш. Французы пачалі кампанію 1706 г. наступленнем у Італіі. 100 тысячная армія Вандома асадзіла Турын. У бітве пад Турынам 7 версня французская армія была разбіта Яўгенам Савойскім і адступіла з Італіі. У 1707 г. ваенныя дзеянні развіваліся пасіўна. Толькі Яўген Саойскі зрабіў спробу з Італіі атакаваць паўднёвую Францыю. Ён, разам з англійскім флотам, стварыў пагрозу для Тулона. Французы, апасаючыся, што Тулон будзе захоплены, затапілі свій міжземнаморскі флот. Тым самым праціўнікі Францыі атрымалі поўную свабоду дзеянняў у Міжземным моры. У гэтым жа годзе французская і іспанская арміі нанеслі цяжкае паражэнне англічанам і іспанцам, якія ваявалі на баку эрцгерцага Карла ў бітве каля Альманса. Пасля гэтага Філіп V вярнуў кантроль практычна над усёй Іспаніяй.

У пачатку 1708 г. на прасторы ад мора да Швецарыі Францыя мела тры арміі (самая моцная ў 100 тыс. была ў Фландрыі) агульнай колькасцю 170 тыс. Яе прціўнікі выствілі 155 тыс. таксама ў трох арміях. У Фландрыі армія Вандома пераходзіць у наступленне і займае Гент і Бруге. 11 ліпеня 1708 г. у Фландрыі пры Аўдэнардзе саюзнікі (англійскія, аўстрыйскія і галандскія войскі) атрымліваюць новую перамогу над французамі. Але ўварвання саюзнікаў у Францыю не адбылося. Яны абмежавалясі ўзяцем шэрагу крэпасцей у Нідэрландах: Ліля, Бруге, Гента.

Вясною 1709 г. Францыя мела ў Фландрыі 110 тысячную армію Вілара. Мальбаро і Яўген Савойскі са 112 тысячнай арміяй 29 ліпеня ўзялі Турне, асадзілі Монс. Пакінуўшы 20 тысячны корпус асаджаць Монс, саюзнікі з 80 тысячнай арміяй рушылі насустрач Вілару. 11 верасня 1709 г. арміі сутрэліся ў бітве пры Мальплаке. Французы хоць і адступілі, але захавалі ў сваёй арміі парадак. Яны страцілі 12,5 тыс. салдат, а іх праціўнікі – 20,5 тыс. Англа-аўстрыйскі войскі не мелі сіл, каб працягваць наступленне. З 1710 г. французам удалось паправіць становішча на франтах, стварыўшы моцную лінію ўмацаванняў, на якой паспяхова трымалі абарону ў наступныя гады. У Іспаніі англа-партугальскім войскам спачатку ўдалося авалодаць Мадрыдам. Але затым французы і іспанцы пад камандаваннем Вандома разбілі праціўніка 10 снежня ў бітве пад Брыхуэгай і асадзілі Барселону. З яе падзеннем 11 верасня 1714 г. закончыліся ваенныя дзеянні ў Іспаніі.

У 1710 г. аўстрыйскі прынц Карл становіцца імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Калі б ён стаў і іспанскім каралём, то гэта вяло б да аднаўлення імператара Карла V. Гэта не задавальняла Англію і Галандыю, якія значна зніжаюць актыўнасць ваенных дзеянняў і пачынаюць шукаць шляхі да заключэння міру з Францыяй. У 1712 г., калі ўжо ішлі мірныя перамовы, Яўген Савойскі паспрабаваў пачаць нове наступленне ў Фландрыі. Але ў Дэненскай бітве Вілар нанёс яму адчувальнае паражэнне. У 1713 г. Вілар, маючы 130 тысячную армію, разгортвае наступленне на Рэйне супраць Яўгена Савойскага, у якога было толькі 60 тыс. салдат. Аўстрыйцы ў гэты час ужо засталіся без саюзнікаў і ім цяжка было супрацьстаяць французам.

У 1712 г. пачынае працу мірны кангрэс у Утрэхце. У наступным годзе быў падпісаны Утрэхцкі мір паміж Францыяй і Англіяй і Галандыяй. Аўстрыя і Францы і Іспанія заключылі ў 1714 г. Раштацкі мір. Па гэтых дагаварах Бурбоны захавалі за сабой іспанскі трон, але было забаронена аб'яднанне Іспаніі і Францыі на аснове асабістай уніі. Іспанія саступіл шмат якія ўладанні Аўстрыі: частку Тасканы, Іспанскія Нідэрланды, Неапаль, Сардзінію. Некалькі павялічыў свае тэрыторыі Брандэнбург (вобласць Гельдерн у Нідэрландах). Савойскае герцагства атрымала Сіцылію. Да Англіі адыйшлі Гібралтар, французскія тэрыторыі ў Паўночнай Амерыцы: в. Ньюфаўдлен, землі на беразе Гудзонскага заліва. Вайна знаменавала завяршэнне саперніцтва паміж Англіяй і Галандыяй. Яна паказала, што Англія становіцца дамінуючай дзяржавай на моры і пахавала планы Людовіка XIV на ўсталяванне гігемоніі ў Еўропе.

Паралельна з вайной за іспанскую спадчыну ішла Вялікая Паўночная вайна. Швецыя ў 17 ст. ператвараецца ў магутную дзяржаву: праз шэраг войнаў яна змагла захапіць значныя ўладанні на берагах Балтыйскага мора. Расія шукала выхад да мора. Намаганнямі Пятра І у 1699 г. аформілася антышвецкая кааліцыя з удзелам Расіі, Даніі і Рэчы Паспалітай. Міжнародная сітуацыя спрыяна Расіі і яе саюзнікам, бо заходнія дзяржавы былі заняты пытаннем аб іспанскай спадчыне. У 1700 г. саюзнікі пачынаюць ваенныя дзеянні супраць Швецыі. Вайна пачынаецца для саюза няўдала. Карл ХІІ кінуў армію і флот на Капенгаген і вывеў Данію з вайны. Затым ён у лістападзе ў бітве пад Нарвай разграміў рускую армію. Пасля гэтага Карл ХІІ рушыў на Рэч Паспалітую. Аўгуст ІІ быў разбіты пад Рыгаю. Частка польскай шляхты пазбаўляе яго трона і абвяшчае каралём Станіслава Ляшчынскага, стаўленіка швецкага караля. У 1706 г. Аўгуст ІІ вымушаны быў падпісаць Альтранштадцкі мір са Швецыяй.

У 1705 г. рускія войскі перанеслі ваенныя дзеянні на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Аднак Карл ХІІ у 1707–1708 гг. выцясніў іх адтуль. Рашаючай у Паўночнай вайне стала перамога рускай арміі над шведамі пад Палтаваю 27 чэрвеня 1709 г. У выніку яе склаліся ўмовы для аднаўлення антышвецкай кааліцыі. Аўгуст ІІ вяртаецца на польскі трон. Цяпер Расія становіцца дамінуючай сілай у кааліцыі. Поспехі Расіі прывялі да тага, што заходнія дзяржавы сталі праяўляць занепакоенасць ходам падзей на усходзе Еўропы. Людовіка XIV шукае падтрымкі Расіі ў вайне за іспанскую спадчыну. Руская армія ў 1710–1714 гг. пачынае актыўна дзейнічаць у Германіі, дзе Швецыя валодала значнаю тэрыторыяй. У 1714 г. у саюз з Расіяй, Саксоніяй і Рэчу Паспалітаю ўступае Брандэнбург. У 1714–1716 гг. саюзнікі дабіваюцца значных поспехаў у Памераніі.

Заканчэнне Вайны за іспанскую спадчыну дало магчымасць заходнім дзяржавам умяшацца ў ход падзей на Поўначным Усходзе Еўропы. Англія імкнулася не дапусціць разгрому Швецыі і спрабуе разбурыць антышвецкую кааліцыю. У адказ Петр І у 1717 г. дабіваецца заключэння паміж Францыяй і Расіяй Амстэрдамскага дагавора. Ён прадугледжваў дабразычлівы нейтралітэт і дыпламатычную падтрымку. У гэтым жа годзе пачынаюцца мірныя перамовы паміж Расіяй і Швецыяй. Пад ціскам Англіі ў 1720 г. Данія і Прусія пайшлі на сепаратны мір са Швецыяй, а Англія заключыла адкрыты саюз са Швецыяй, англіскі флот увайшоў у Балтыйскае мора. Нягледячы на гэты ціск, Пётр І не прыняў пасрэдніцтва Англіі, і мірныя ўмовы былі выпрацаваны непасрэдна Расіяй і Швецыяй. У 1721 г. яны заключылі Ніштацкі мірны дагавор. Па ім Расія атрымала значныя тэрыторыі ва Усходняй Прыбалтыцы. У выніку Паўночнай вайны Расія становіцца вялікай еўрапейскай дзяржавай. Швецыя, надварот, перастала быць вялікай дзяржавай і страціла панаванне на Балтыцы.


1   ...   13   14   15   16   17   18   19   20   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка