Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка16/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   23

Тэма: Міжнародныя адносіны ў канцы 15 – першай палове 17 ст.
1. Новыя тэндэнцыі ў развіцці міжнародных адносін у пачатку новага часу.

2. Італьянскія войны.

3. Знешняя палітыка еўрапейскіх дзяржаў у другой палое 16 – пачатку 17 ст.

4. Трыцацігадовая вайна.


Літаратура.
История дипломатии. Изд.2. Т.1. – М., 1959.

Алексеев, В.М. тридцатилетняя война / В.М. Алексеев. – Л., 1961.

Ивонин, Ю.Е. У истоков европейской дипломатии нового времени / Ю.Е.Ивонин. – Мн., 1984.

ивонин, Ю.Е. Становление европейской системы государств: Англия и Габсбурги на рубеже двух эпох / Ю.Е.Ивонин.. – Мн., 1989.

История Европы. Т.3. – М., 1993.

Ивонин, Ю. Е. Карл V Габсбург / Ю.Е.Ивонин // Вопросы истории. – 2007. – № 10. – С. 46–65.
1. Галоўным зместам міжнародных адносін у Новы час было тое, што Еўропа ператварылася ў лідара ў маштабах свету і міжнародныя адносіны набылі сусветны характар. Свайго дамінавання Еўропа дасягнула дзякуючы стварэнню новай тэхналагічнай базы, машыннай вытворчасці. Яна забяспечыла Еўропе і ваенную перавагу. Капіталістычная эпоха ўпершыню ўсталявала прамую залежнасць ваеннай магутнасці і міжнароднага ўплыву дзяржавы ад яе эканамічнай магутнасці. Дзяржавы пачалі актыўна выкарыстоўваць эканамічныя рычагі для дасягнення знешнепалітычных мэт. Еўропа з 1400 г. праявіла нябачную раней цягу да экспансіі сваіх інстытутаў і каштоўнасцей у сусветным маштабе. У выніку Еўрапейская цывілізацыя стала сусветнай цывілізацыяй, якая стварыла сусветны рынак і ператварыла нееўрапейскія народы ў свае калоніі і паўкалоніі. У выніку міжнародныя адносіны сталі еўрацэнтрычнымі. Усе важнейшыя пытанні вырашаліся нешматлікай групай вялікіх еўрапейскіх дзяржаў. Нееўрапейскія краіны і народы былі толькі аб’ектам экспансіі гэтых дзяржаў, аб’ектам міжнародных адносін.

У канцы 15 – пачатку 16 ст. у Заходняй. Еўропе складваюцца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы: іспанія, Англія, Францыя, Партугалія, Рэч Паспалітая. Нацыянальныя дзяржавы фарміраваліся ў форме абсалютных манархій. Гэта выклікала да жыцця новы тым міжнародных адносін. Раней гэта былі адносіны паміж феадальнымі правіцелямі. У новых умовах у аснову знешняй палітыкі быў пакладзены дзяржаўны інтарэс. Пераважна ў яго аснове былі дынастычныя інтарэсы манархіі, але на яго фарміраванне вялікі ўплыў аказвалі інтарэсы дваранства, а ў найбольш перадавых краінах – інтарэсы буржуазіі. Калі Стогадовая вайна была народжана не столькі міждзяржаўнымі супярэчнасцямі Англіі і Францыі, колькі супярэчнасцямі паміж правячымі дынастыямі і зямельнымі прытэнзіямі знаці, то ў новы час з’яўляецца г. з. агульнадзяржаўны інтарэс. Правячыя дынастыі імкнуцца забяспечыць праз знешнюю палітыку інтарэсы не толькі свайго дваранства, але сваёй буржуазіі. Перавага ў 16 ст. гандлёвага капітала над прамысловым рабіла гандлёвыя інтарэсы адной з рухаючых сіл міжнародных адносін.

У новы час побач з дзяржаўным фарміруецца і нацыянальны інтарэс у знешняй палітыцы. Гэта звязана з фарміраваннем нацый. Дамінаванне нацыянальнага інтарэсу прывяло да таго, што ў 16 ст. большасць нацыянальных манархій аб’ядналіся супраць Габсбургаў, якія працягвалі выношваць ідэю стварэння ўніверсальнай, наднацыянальнай каталіцкай імперыі. Пры гэтым Карл V зыходзіў з таго, што імператар наследнік рымскіх кесараў, з’яўляецца свецкім главою каталіцкага свету, як папа – духоўным. Барацьба Карла V з Францыяй уяўляла сабою барацьбу гэтага сярэдневяковага прынцыпу з тэндэнцыяй да ўмацавання нацыянальных дзяржаў. Парадокс заключаўся ў тым, што Карл V у барацьбе за стварэнне ўніверсальнай каталіцкай імперыі абапіраўся не столькі на рэсурсы Свяшчэннай Рымскай імперыі, колькі на рэсурсы нацыянальнай дзяржавы, якая знаходзілася пад яго ўладай – Іспаніі.

З часоў Рэфармацыі важнымі ў міжнародных адносінах былі рэлігійныя матывы. Канфесійны фактар быў вядучым міжнародных адносінах ад Трыдэнцкага сабора да Вестфальскага міру. Тым самы падрывалася ідэя рэлігійна-палітычных саюзаў. Ідэя барацьбы з Рэфармацыяй з’яўлялася зручным абгрунтаваннем для гегеманісцкіх памкненняў Габсбургаў у другой палове 16 – першай палове 17 ст. Але з часам рэлігійныя матывы ўсё больш прыстасоўваліся да эканамічных і палітычных інтарэсаў. Вестфальскі мір падвёў рысы пад стогадовым рэлігійным канфліктам і азначаў секулярызацыю міжнародных адносін.

Нельга адмаўляць у пачатку Новага часу важнай ролі і “шлюбнай дыпламатыі”. Яе найбольш яскравым пракладам з’яўляецца фарміраванне імперыі Аўстрыйскіх Габсбургаў у выніку шлюбаў з правячымі дынастыямі Бургундыі, Іспаніі, Венгрыі, Чэхіі.

Развіццё эканамічных сувязяй ва ўмовах станаўлення капіталізму стымулявала інтэнсіфікацыю міжнародных кантактаў. Палітыка вядучых еўрапейскіх краін перастае абмяжоўвацца стасункамі з асобнымі, пераважна суседнімі краінамі, і распаўсюджваецца на ўсю Еўропу. Да сярэдзны 17 ст. складваецца агульнаеўрапейская сістэма міжнародных адносін. У канцы 16 ст. складываецца інстытут сталых дыпламатычных прадстаўніцтваў. Да небывалага пашырэння еўрапейскай палітыкі прывялі Вялікія Геаграфічныя Адкрыцці. Пачынаецца каланіяльная эпапея ў еўрапейкай палітыцы. Ствараюцца першыя каланіяльныя імперыі: Іспанская і Партугальская. Характэрна, што адносіны паміж двума вядучымі каланіяльнымі дзяржавамі пачатку Новага часу заставаліся ў цэлым мірнымі.

У канцы 15 ст. зарадзіўся важнейшы вузел еўрапейскіх супярэчнасцей – канфлікт паміж Францыяй і Габсбургамі. Апошнія, імкнучыся да стварэння ўніверсальнай імперыі, пасля далучэння большай часткі ўладанняў Карла Смелага акружылі Францыю сваёй тэрыторыяй з усіх бакоў і імкнуліся да яе падначалення. Французскае дваранства імкнулася да грабяжу суседняй багатай Італіі. Вынікам сталі Італьянскія войны, у якія былі ўцягнуты амаль усе краіны Заходняй Еўропы і, у пэўнай ступені, Турцыя. Другі вузел міжнародных супярэчнасцей склаўся ў Паўднёва-Усходняй Еўропе, дзе пашыралася асманская агрэсія.

2. Першая палова 16 ст. прайшла пад знакам барацьбы Францыі і Свяшчэннай Рымскай імперыі (СРІ) за панаванне ў Еўропе. Яе адлюстраваннем сталі Італьянскія войнах. Яны пачаліся як войны паміж Францыяй, Іспаніяй і СРІ за перавагу ў Італіі і перараслі ў войны паміж Францыяй і Імперыяй за гегемонію ў Еўропе, набылі агульнаеўрапейскі характар, бо ў іх былі ўцягнуты італьянскіе дзяржавы, Францыя, Іспанія, СРІ, Англія, на іх ход моцны ўплыў аказвала Асманская імперыя.

С.Д. Сказкін бачыў прычыну агрэсіі Францыі ў Італію ў тым, што французская абсалютысцкая дзяржава развівала актыўны гандаль з левантыйскім краінамі і ёй патрэбны былі транзітныя пункты ў Італіі. У “Гісторыі Еўропы” выказваецца адваротны пункт гледжання: французскія гандляры не былі зацікаўлены ў заваяванні Італіі, бо французскі міжземнаморскі гандаль быў вельмі слабы. Заваёўніцкая палітыка была папулярнай сярод французскага дваранства, а раздробленая і багатая Італія ўяўляла сабою прывабную здабычу.

У верасні 1494 г. пачаўся паход французскага караля Карла VІІІ на Неапаль, у якім яго саюзнікамі выступілі Мілан, Венецыя і папа. 22 лютага 1495 г. ён увайшоў у Неапаль. Хуткі поспех французаў устрывожыў Іспанію і імператара Максіміліяна І. Яны выступілі ініцыятарамі стварэння антыфранцузскай кааліцыі, у якую таксама ўвайшлі Венецыя, Мілан і папа. Да снежня 1496 г. іспанцы занялі ўсю тэрыторыю Неапалітанскага каралеўства.

Новы французскі кароль Людовік ХІІ 6 кастрычніка 1499 г. заняў Мілан, на які прад’явіў дынастычныя правы. У гэты ж час быў заключаны іспана-англійскі саюз. Ініцыятыва саюза зыходзіла ад Іспаніі, якая вяла барацьбу з Францыяй за Італію. Пасля ўзяцця Мілана Людовік ХІІ заключыў дагавор з Іспаніей аб падзеле Неапалітанскага карлеўства, які і быў ажыццёўлены ў 1501 г. Але ў хуткім часе аднавілася вайна паміж Іспаніяй і Францыяй, і іспанцы ўсталявалі кантроль над усім Неапалітанскім каралеўствам у 1504 г.

Ва ўмовах барацьбы на Апенінскім п-ве ўзмацнілася Венецыя. Супраць яе намаганнямі французскай дыпламатыі была ў 1508 г. створана Камбрэйская ліга. 14 мая 1509 г. французы разбілі венецыянцаў пад Аньядэла. Анак венецыянскай дыпламатыі ўдалося разбурыць саюз. Ад яго адыйшлі Іспанія і папа. У 1511 г. папа і Венецыя стварылі Свяшчэнную лігу для вызвалення італіі ад іншаземцаў. Але 11 красавіка 1512 г. у бітве пад Равенай французы разбілі войскі лігі. Скарыстаць перамогу французы не змаглі, бо на бок лігі стаў імператар. У гэтым жа годзе вайну Францыі абвясціла і Англія. Але ўжо ў 1514 г. Англія і Францыя заключылі мір і нават саюз. У 1516 г. Англія зноў уступае ў антыфранцузскую лігу з Імперыяй і Іспаніяй. У 1518 г. Францыя падпісала дагавор аб міры і дружбе і з Англіяй. Англія прытрымлівалася палітыкі раўнавагі сіл, якая была выпрацавана яшчэ пры Генрыху VII канцлерам Томасам Вулсі. Гэтым і тлумачацца пастаянныя перамены саюзнікаў. У Італіі была разбіта саюзная Францыі Фларэнційская рэспубліка. У 1512 г. іспанцы заваявалі Навару.

У 1515 г. Францыск І накіраваў у Італію войскі пад камандаваннем Карла Бурбона. Не далёка ад Мілана ля в. Марыньяно французскія войскі 13–14 верасня разграмілі непераможную раней швейцарскую пяхоту. Францыя зноў умацавалася ў Мілане. У 1517 г. быў заключаны мірны дагавор, які ўсталёўваў сферы ўплыву на Апенінскім п-ве. Аднак гэтая раўнага парушылася ў сувязі з абраннем Карла Габсбурга імператарам СРІ, у выніку чаго Імперыя і Іспанія апынуліся пад уладаю аднаго манарха. Францыя была акружана суцэльным колам Габсбургскіх уладанняў.

Аўстрыйскія Габсбургі ў канцы 15 – пачатку 16 ст. узялі курс на стварэнне агульнаеўрамейскай імперыі. Пачатак гэтаму быў пакладзены ў 1477 г. шлюбам эрцгерцага Аўстрыйскага Максіміліяна з дачкой Карла Смелага Марыяй Бургундскай. Пасля смерці карла Смелага Габсбургі атрымалі Франш-Кантэ і Нідэрланды. Максіміліян жаніў свайго сына Філіпа на іспанскай прынцэсе Хуане і іх сын Карл станавіўся наследнікам іспанскага трона. Абранне ў 1519 г. іспанскага караля Карла І Габсбурга імператарам СРІ КарламV азначала ўзмацненне спроб стварэння ўніверсальнай каталіцкай іперыі. Імператар разлічваў дамагчыся гэтага ў саюзе з Англіяй, які і быў заключаны ў 1521 г.

Першая вайна Францыска І і Карла V 1521 – 1526 гг. У 1521 г. французская армія перайшала ў наступленне і заняла Навару. На баку імператара ў вайну ўступіла Англія. Вайна вялася без рашучага поспеху для якога-небудзь з бакоў да 1525 г. Але 25 лютага 1525 г. французы былі разгромлены пры Павіі. 13 студзеня 1526 г. Францыск І падпісаў цяжкі для Францыі Мадрыцкі мір. Рэзкае ўзмацненне Імперыі прывяло да таго, што Англія пайшла на збліжэнне з Францыяй і 30 жніўня 1525 г. яны падпісалі дагавор аб міры і дружбе. З гэтага часу, каб захаваць раўнавагу, Англія становіцца ўдзельнікам пераважна антыгабсбургскіх кааліцый.

Вярнуўшыся з палона ў Францыю Францыск І адразу адмовіўся ад Мадрыдскага міру і прыступіў да стварэння новай антыгабсбургскай кааліцыі. 22 мая 1926 г. была створана Каньянкская ліга, у якую ўвайшлі Францыя, Венецыя, Мілан, папа, Фларэнцыя, Генуя. Вайна Карла V з Каньякскай лігай 1526–1529 гг. Італьянскія дзяржавы пасля бітвы пры Павіі апасаліся трапіць пад уладу Іспаніі, таму ішлі на саюз з Францыяй. Але гэты саюз аказаўся нетрывалым, і войскі імператара ў 1527 г. узялі Рым. У жніўні 1528 г. паражэннем закончылася для французскай арміі асада Неапаля. У жніўні 1529 г. быў падпісаны Камбрэйскі мір. Па ім Імперыя прызнавала правы Францыі на Бургундыю, але Францыя адмаўлялася ад прытэнзій на Італію, Фландрыю і Артуа. Італія трапляла пад уладу габсбургаў. Францыя абавязалася аказваць дапамогу Імперыі ў барацьбе з туркамі. Разгром Каньянкскай лігі азначаў крах апошняй спробы італьянскіх дзяржаў праводзіць самастойную палітыку ва ўмовах франка-габсбургскіх войнаў.



Другая франка-габсбургская вайна 1536–1538 гг. Каб паправіць сваё знешнепалітычнае становішча, Францыск І вёў перамовы з пратэстанцкімі князямі Германіі, Англіяй, папай, Асманскай імперыяй. Разглядаючы названыя дзяржавы як патэнцыяльных саюзнікаў, у 1536 г. Францыск І уварваўся ў Італію з мэтай захапіць Мілан, які быў акупіраваны імперскімі войскамі ў 1535 г. Імператарская армія хутка перайшла ў контрнаступленне. Але і ўварванне імператарскай арміі ў Францыю не мела поспеху. 18 чэрвеня 1838 г. быў заключаны мір. Францыя змагла ўтрымаць за сабой Савою і 2/3 П’емонта.

Трэцяя франка-габсбургская вайна 1542–1544 гг. У 1542 г. вайна аднавілася. Карл V пачаў вайну супраць Францыі ў саюзе з Англіяй. Францыя дзейнічала ў саюзе з Асманскай імперыяй. Французы атрымлівалі перамогі ў Паўночнай Італіі, пры дапамозе турэцкага флота авалодалі Ніцай. Карл V у 1544 г. уварваўся ў Шампань і дайшоў амаль да Парыжа. Англічане ўзялі Булонь. Але Карл V пайшоў на мір, жадаючы развязаць сабе рукі для барацьбы з пратэстантамі ў Германіі. Мір у Крэпі 18 верасня 1544 г. быў заключаны на ўмовах статус-кво і не вырашыў існаваўшых супярэчнасцей.

Чацвёртая франка-габсбургская вайна 1551–1559 гг. У 1552 г. аднавілася вайна паміж імператарам і пратэстанцкімі князямі ў Германіі, на баку апошніх выступіла Францыя. Вясной 1552 г. французы нанеслі паражэнне імператарскім войкам пад Мецам і разам з гэтай крэпасцю занялі Туль і Вердэн. Гэта дазволіла ім актывізаваць палітыку ў Італіі, дзе імператар спрабаваў падначаліць сабе Сіену. Папа фактычна выступіў на баку Францыі. Тым не менш у 1555 г. Сіенская рэспубліка капітуліравала перад Імператарам.

Пасля адрачэння Карла V ад імператарскай кароны ў 1555 г. мэты новага іспанскага караля Філіпа ІІ у вайне сталі абмежаванымі. Ён не імкнуўся да гегемоніі ў Еўропе, а хацеў усталявання іспанскага панавання ў Італіі. Філіп ІІ дабіўся, што Англія 7 чэрвеня 1557 г. абвясціла вайну Францыі. 10 ліпеня 1557 г. іспанцы разграмілі французаў пры Сен-Кантэне, што прадвырашыла зыход вайны. Французская армія герцага дэ Гіза была перакінута з Італіі на поўнач Францыі і ў студзені 1558 г. авалодала Кале, але гэта не падарвала ваеннай перавагі Іспаніі. Англія фактычна выйшла з вайны. Сілы абудвох бакоў былі вычарпаны. Іспанія і Францыя перажывалі глыбокі фінансавы крызіс.

2–3 красавіка 1559 г. быў падпіаны Като-Камбрэзійскі мір. Францыя атрымала крэпасці Мец, Туль і Вердэн у Латарынгіі дэ-факта, графства Асці ў Італіі, якое хутка страціла. Ад прытэнзій на Італію Францыя адмовілася канчаткова. Іспанія атрымала ва ўладанне Неапалітанскае каралеўства і Міланскае герцагства, цалкам падначаліла свайму дыктату Апенінскі п-ваў. Нельга лічыць, што Францыя адназначна прайграла Італьянскія войны. Яна не страціла ні кавалка сваёй нацыянальнай тэрыторыі, яна не дапусціла стварэння Карлам V універсальнай агульнеўрапейскай імперыі. Тым не менш, пасля Като-Камбрэзійскага міру прыкладна на паўстагоддзя ў Еўропе наступіла эпоха іспанскай перавагі.

З Італьянскімі войнамі былі непарыўна звязаны рэлігійныя войны ў германіі, выкліканыя распаўсюджваннем Рэфармацыі. Барацьба з пратэстантызмам была перанесена Карлам V у сферу міжнародных адносін. Перамога над Францыяй была для яго неабходнай умовай для перамогі над рэфармацыйным рухам у Германіі. У рэфармацыйным руху ён бачў перашкоду на шляху стварэння ўнітверсальнай каталіцкай імперыі.

Паміж папай і Карлам V існавалі даволі вострыя суперачнасці. Аднак яны адступілі на другі план у інтарэсах барацьбы з Рэфармацыяй. 29 ліпеня 1529 г. імператар і папа падпісалі барселонскі мір. Імператар атрымаў права на ¼ частку даходаў папскай курыі для стварэння ўніверсальнай каталіцкай імперыі. Ён абавязаўся прымушаць да катліцкай веры ўсіх, хто ад яе адыйшоў. Абапіраючыся на саюз з папай, Карл V з 1529 г. разгортвае шырокамаштабныя ваенныя дзеянні для разгрома Рэфармацыі ў Германіі. У адказ у пачатку 1531 г. пратэстанскія князі стварылі Шмалькальдэнскі саюз, накіраваны супраць Габсбургаў і каталіцкай царквы. З гэтага моманту барацьба паміж каталікамі і пратэстантамі выйшла за межы імперыі і была перанесена ў сферу міжнародных адносін. У пачаўшыхся Шмалькальдскіх войнах на баку пратэстанцкіх князёў выступіла Францыя. Гэтыя войны нанеслі магутны ўдар па спробах Габсбургаў стварыць універсальную каталіцкую імперыю.

У 1532 г. у неспрыяльных міжнародных умовах Карл V пайшоў на падпісанне Нюрнбергскага дагавора, які прадастаўляў пратэстантам фактычна свабоду вервызнання. У 1546 г. Карл V, заключыўшы ў 1544 г. мір з Францыяй і перамір’е з Асманскай імперыяй у 1545 г., вырашыў разграміць Шмалькальдэнскі саюз. На першым этапе войны Карлам V дабіўся значных поспехаў і разграміў войскі пратэстантаў 24 красавіка 1547 г. пад Мюльбергам. Гэтая бітва стварыла перадумовы для ўзмацнення габсбургскага абсалютызму ў германіі. Супраць гэтага выступілі як пратэстанцкія, так і каталіцкія князі Германіі на чале з Морысам Саксонскім. 5 кастрычніка 1551 г. германскія князі заключылі саюз супраць імператара з Генрыхам ІІ французскім. Гэта сведчыла аб крызісе саюзаў, у аснове якіх было рэлігійнае адзінства. Пасля гэтага вайна ішла больш паспяхова для князёў. Ва ўмовах працяглай вайны князі і імператар сталі схіляцца да рэлігійнага міру, які і быў падпісаны ў 1555 г у Аўгсбургу. Сфармуляваны ў ім прынцып “Чыя ўлада – таго і вера” быў сур’ёзным ударам па планах Карлам V стварыць універсальную каталіцкую імперыю. Ён адрокся ад трона. Філіп ІІ, які атрымаў ва ўладанне Іспанію і Нідэрланды, адмовіўся ад ідэі стварэння ўніверсальнай каталіцкай імперыі на карысць стварэння іспанскай каланіяльнай імперыі. Аўгсбургскі мір садзейнічаў замацаванню раздробленасці Германіі праз рэлігійны фактар. Большасць князёў паўночнай Германіі прынялі лютэранства, а Паўднёвай – каталіцызм.

З часоў Італьянскіх войнаў моцны ўплыў на еўрапейскія адносіны стаў аказваць турэцкі фактар. У час гэтых войнаў Асманская імперыя фактычна выступала як саюзнік Францыі. Папаства яшчэ з сярэдзіны 15 ст., з часоў Базельскага сабора 1431–1449 гг. выступала з ідэяй крыжовага пахода супраць турак. Але гэтая ідэя не знайшла шырокай падтрымкі сярод манархаў Еўропы.

У 1526 г. туркі разграмілі венгерскія войскі караля Лайоша І пры Мохачы. У 1529 г. туркі упершыню падыйшлі да Вены. Актывізацыя турэцкай экспансіі адбылася не без удзелу французскай дыпламатыі. Пасля паражэння пад Павіяй Францыск І звярнуўся да Сулеймана І з прапановай аб антыгабсбургскім саюзе. Вынікам стала заключэнне першага франка-турэцкага дагавора ў 1535 г., вядомага як дагавор аб капітуляцыях. Франка-турэцкі саюз праіснаваў да канца Італьянскіх войнаў. Заключэнне міра з Францыяй дазволіла аўстрыйскім Габсбургам больш сіл накіраваць на барацьбу з Асманскай імперыяй. Гэтаму садзейнічаў і Аўгсбургскі рэлігійны мір 1555 г. Германскія пратэтанцкія князі, атрымаўшы па ім свабоду веравызнання, сталі больш ахвотна дапамагаць імператару ў барацьбе з туркамі. Саюзнікамі імператара выступілі Іспанія, італьянскія дзяржавы. У кастрычныку 1571 г. аб’яднаны флот Іспаніі, Венецыі і Рыма нанёс буйное паражэнне туркам пры Лепанто. Але за тры гады туркі адбудавалі новы флот. Іспанія не змагла развіць поспех, бо накіравала асноўныя сілы на барацьбу супраць Нідэрландскай рэвалюцыі.

У канцы 16 – пачатку 17 ст. асноўным праціўнікам Асманскай імперыі ў Еўропе становяцца Аўстрыйскія Габсбургі. 11 лістапада 1606 г. Аўтрыя і Асманская імперыя падпісалі Сітватарэкскі мір. Гэта першы ў гісторыі аўстра-турэцкіх адносін раўнапраўны дагавор. Ён стаў знешнепалітычным адлюстраваннем пачатку ўпадка магутнасці асманскай імперыі. Такім чынам, калі першая палова 16 ст. прайшла з перавагай Асманскай імперыі ў яе барацьбе з еўрапейскімі дзяржавамі, то пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 г. і Като-Камбрэзійскага міру 1559 г. сітуацыя пачала змяняцца на карысць еўрапейкіх краін.

3. Знешняя палітыка Іспаніі ў другой палове 16 ст. у вялікай ступені вызначалася тым, што яна заставалася галоўным аплотам катaліцызму ў Еўропе, аплотам Контррэфармацыі. Але краіна ў 1557 г. перажыла банкруцтва і не магла праводзіць у той момант актыўную знешнюю палітыку па фінансавых прычынах. У Францыі з 1562 г. пачаліся Гугеноцкія войны. У склаўшайся сітуацыі перад тварам унутраных праблем іспанская і французская манархіі спынілі барацьбу за еўрапейскае панаванне. У той жа час Іспанія ў 1580-я гады актыўна ўмяшалася ў ход Гугеноцкіх войнаў у Францыі, падтрымліваючы каталіцкую партыю на чале з Гізамі. У 1584 г., калі Генрых Наварскі стаў пасля смерці герцага Анжуйскага наследнікам французскага трона, Іспанія заключыла саюз з Каталіцкай лігай. У 1589 г. Генрых Наварскі стаў французскім каралём, і Іспанія перайшла да адкрытай інтэрвенцыі. У 1590 г. у Францыю ўвайшла іспанская армія пад камандаваннем Аляксандра Фарнезе. Генрых IV са свайго буку атрымаў дапамогу ад Англіі і Галандыі. У Іспаніі не хапіла сіл, каб перашкодзіць Генрыху IV авалодаць Парыжам і замацавацца на французскім троне. У 1595 г. ён абвясціў вайну Іспаніі, а ў наступным – заключыў афіцыйны саюз з Англіяй, да якога далучылася і Галандыя. Аднак Францыя была спустошана больш чым 30-гадовымі войнамі і ў 1598 г. пайшла на мір з Іспаніяй на аснове статус-кво.

Пасля завяршэння Італьянскіх войнаў адным з асноўных вузлоў міжнародных адносін становіцца брацьба Англіі і Іспаніі за панаванне на морах. Прычынай барацьбы было тое, што Іспанія ўсталявала манаполію на марскія шляхі ў Атлантыцы. Тардэсільскі дагавор 1494 г. рабіў Іспанію і Партугалію пануючымі марскімі дзяржавамі. У Англіі ў другой палове 16 ст. шырокае распаўсюджанне атрымалі ідэі каланіяльнай экспансіі. Але ажыццявіць яе можна было толькі пасля перамогі над Іспаніяй.

У 1550-е гады ў час царавання Марыі Цюдор назіраецца рэанімацыя англа-іспанскага саюза. У сакавіку 1553 г. быў падпісаны шлюбны дагавор паміж Марыяй і наследнікам іспанскага трона Філіпам. Згодна з дагаворам, Філіп станавіўся англійскім каралём, але не меў права без згоды Тайнага савета ні абвяшчаць вайну, ні заключаць мір. Калі ў 1555 г. Філіп стаў каралём Іспаніі, ён імкнуўся ўцянуць Англію ў вайну супраць Францыі, што яму і ўдалося, але на кароткі час. Са смерцю Марыі ў лістападзе 1558 г. Філіп ІІ накіраваў свайго прадстаўніка дэ Ферыя да Лізаветы І з прапновай захавання іспана-англійскага саюза. Аднак пастаянныя спробы Іспаніі падпарадкаваць сваім інтарэсам англійскі гандаль, пустая казна, каталіцкая рэакцыя зрабілі рэжым Марыі Цюдор і звязаны з ім іспана-англійскі саюз надзвычай непапулярным у Англіі. Гэта азначала крушэнне спадзяванняў Габсбургаў на ўключэнне Англіі ў арбіту сваёй наднацыянальнай сусветнай палітыкі і пачатак новага этапу ў англа-іспанскіх адносінах. З вацарэннем Лізаветы І Іспанія імкнулася не дапусціць аднаўлення англіканскай царквы ў Англіі, бо гэта магло стаць прыкладам для рэфармісцкага руху ў Нідэрландах. У пачатку 70-х гг. 16 ст. становіцца відавочнай непазбежнасць англа-іспанскага сутыкнення. У гэты час англійскі ўрад пайшоў на збліжэнне з Францыяй. Гэтая пераарыентацыя англійскай палітыкі была выклікана перш за ўсё экспансіянісцкімі памкненнямі англійскай буржуазіі, а не агрэсіўнасцю Іспаніі ў дачыненні да Англіі.

Іспанскаму гандлю ў 1570-я гады ўсё большы ўрон наносяць англійскія піраты, якія атрымліваюць тайную падтрымку свайго ўрада. Найбольш знакамітай стала экспедыцыя Дрэйка ў 1578 г. Іспанцы ў сваю чаргу аказваюць дапамогу паўстаўшым супраць Англіі ірландцам, накіраваўшы на востраў у 1579 г. ваенны атрад. Таксама іспанскі двор пляце тайныя змовы, каб звергнуць Лізавету І і ўзвесці на англійскі трон Марыю Сцюарт. Англічане са свайго боку аказвалі падтрымку паўстанцам у Нідэрландах. У 1585 г. дыпламатычныя адносіны паміж Іспаніяй і Англіяй былі разарваны. У 1587 г. Дрэйк зрабіў паспяховы напад на порт Кадзіс. Пасля гэтага Філіп ІІ аддаў загад аб падрыхтоўцы ўварвання ў Англію. Але ў 1588 г. “Непераможная армада” была разгромлена англічанамі. Гэта быў пачатак заняпаду марской магутнасці Іспаніі. Вайна Англіі ў саюзе з Францыяй (да 1598 г.) і Галандыяй супраць Іспаніі працягвалася да 1604 г. і не прынесла рашаючага поспеху ні аднаму з бакоў.

Нідэрландская рэвалюцыя стала важным фактарам міжнародных адносін. Гэтыя падзеі закраналі інтарэсы Англіі і як важнага гандлёвага партнёра Нідэрландаў. Дзейнасць герцага Альбы ў Нідэрландах была ўспрынята як адкрытая пагроза англійскім гандлёвым інтарэсам. На англійскія порты сталі базіравацца марскія гёзы. Адносіны Лізаветы І да кальвіністаў у Францыі і Нідэрландах было неадназначным. З аднаго буку яна глядзела на іх барацьбу супраць каралеўскай улады як замах на ўсталяваны богам парадак. З другога – імкнулася выкарыстаць кальвінісцкі рух для аслаблення сваіх праціўнікаў.

Пасля паўстання 1572 г. на поўначы і 1576 г. на поўдні Нідэрландаў палітыка Англіі і Францыі ў гэтай краіне актывізавалася. У 1578 г. Лізавета І заключыла саюз з Генеральнымі штатамі Нідэрландаў. Узамен за дапамогу яна вытаргавала сабе некалькі нідэрландскіх гарадоў. Герцаг Анжуйскі ў 1580 г. быў прызнаны гасударам Нідэрландаў у разліку на французскую дапамогу. Пасля смерці герцага Анжуйскага Генеральныя штаты звярнуліся да Лізаветы І, якая пагадзілася ў 1584 г. прыняць тытул пратэктара Нідэрландаў і накіравала на дапамогу паўстанцам войскі на чале з графам Лестэрам. Але ў яго ўзнік канфлікт з Генеральнымі штатамі і ён у 1587 г. быў адкліканы. Рэальна ні ад Англіі ні ад Францыі нідэрландскія кальвіністы вялікай дапамогі не атрымалі.

У пачатку 1590-х гадоў вялікія сілы іспанцаў былі скаваны ў Францыі. Гэта дало магчымасць галандскай арміі Морыса Насау дабіцца буйных перамог. У 1609 г. было заключана перамір’е паміж Іспаніяй і Галандыей, па якому Іспанія фактычна прызнала незалежнасць Галандыі. Важным момантам міжнародных адносін канца 16 – пачатку 17 ст. стала ўтварэнне буржуазнай Галандскай рэспублікі. У яе знешняй палітыцы гандлёвыя, каланіяльныя інтарэсы сталі адыгрываць рашаючую ролю і яна першая пачала барацьбу за перадзел калоній. У пачатку 17 ст. галандцы выцеснілі партугальцаў з Малукскіх астравоў.

Такім чынам, у канцы 16 ст. Іспанія, каб захаваць сваё панаванне ў Еўропе, уцягнулася ў барацьбу на тры франты: супраць Англіі, супраць паўстаўшых Нідэрландаў і ўмяшалася ў грамадзянскія войны ў Францыі. Ва ўсіх гэтых канфліктах Іспанія пацярпела няўдачу. Гэта азначала канец безумоўнага панавання Іспаніі ў Еўропе.


1   ...   12   13   14   15   16   17   18   19   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка