Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка12/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   23

ТЭМА: Агнлійская рэвалюцыя сярэдзіны 17 ст.
1 Канстытуцыйны перыяд рэвалюцыі і Першая грамадзянская вайна

2 Палітычная барацьба ў 1647–1649 годы і ўсталяванне Іпдэпендэнскай рэспублікі.

3. Пратэктарат Кромвеля і рэстаўрацыя Сцюартаў.

4. Перыяд рэстаўрацыі, “Слаўная рэвалюцыя”.

5. Англія ў 18 ст.
Літаратура

Гизо, Ф. История Английской революции / Ф. Гизо. – Растов-на-Дону, 1996.

Барг, М. Д. Великая Английская революция в портретах ее деятелей / М. Д. Барг. – М., 1991.

Лавровский, В. М. Исследования по аграрной истории Англии XVII–XVIII вв. / В. М. Лавровский. – М., 1966.

Татаринова, К. Н. Очерки истории Англии 1640–1815 / К. Н. Татаринова. – М., 1950.

История Европы. В 8 т. Т. 4. – М., 1994.


1. Пачаткам рэвалюцыі стала 3 лістапада 1640 г., калі распачаў працу “Доўгі парламент”. Парламент асудзіў палітыку караля, крытыкаваў увядзенне карабельнага збору, выдачу патэнтаў на манаполіі, выступіў з абвінавачваннем бліжэйшых саветнікаў караля лорда Страфарда і епіскапа Ллода ў дзяржаўнай здрадзе. Кароль вымушаны быў зацвердзіць абвінавачанне. Пасля гэтага парламент вырашыш даць невялікія субсідыі каралю. У 1641 г. быў прынят 3-х гадовы біль, накіраваны супраць спроб караля распусціць парламент. Без згоды парламента кароль не меў права распусціць яго раней чым праз 50 дзён пасля пачатку сесіі. У 3-х гадовым біле было запісана, калі кароль не збярэ парламент, то гэта зробяць мясцовыя ўлады. Былі ліквідаваны надзвычайныя суды – Зорная палата, Палата апекі, Савет па справах Уэльса, якія разглядалі пытанні аб дзяржаўнай здрадзе, аб рыцарскіх трыманнях. Была распушчана Высокая камісія, якая выконвала ролю вярхоўнага царкоўнага суда. Праводзячы ўсе гэтыя мерапрыемствы, парламент ні ў якім разе не ставіў пытанне аб пазбаўленні караля ўлады. У. Пім і іншыя лідары парламенцкай апазіцыі дамагаліся, каб кароль не быў вышэй за парламент.

Пакуль парламент прымаў гэтыя законы, дэпутаты выступілі адзіным фронтам. Першыя разыходжанні з'явіліся ў 1640 г., калі парламент пачаў абмяркоўваць “Біль аб каранях і галінах”. Ён прадугледжваў ліквідацыю епіскапата. Атака на епіскапат, як лічылі яе праціўнікі, стварала пагрозу ліквідацыі манархіі, замаху на маёмасць. Прыхільнікі біля сустрэлі падтрымку лонданцаў, якія ўстроілі пікеты ля ўваходу ў парламент. Разыходжанні ў парламенце яскрава праявіліся і калі дэпутаты пачалі абмяркоўваць дакумент “Вялікая рэманстрацыя”. Гэта фактычна была праграма антыабсалютыскай апазіцыі ў пачаўшайся рэвалюцыі. У ёй парламент пералічваў злоўжыванні каралеўскай улады. Затым пералічваліся асноўныя патрабаванні парламента: ліквідацыя епіскапата, абарона ўласнасці, забарона каралю ўводзіць падаткі без згоды парламента, абмежаванне правоў караля ў справе роспуску парламента. Вялікая рэманстрацыя прайшла праз парламент з вялікімі цяжкасцямі. Кароль аднёсся да яе вельмі крытычна, заявіўшы, што парламент больш не абмяжоўваецца абаронай тардыцыйных англійскіх вольнасцей, а стаў патрабаваць новаўвядзенняў. 3 студзення 1642 г. у парламенце з'явіўся кароль і запатрабаваў арэшту 5 лідараў апазіцыі. Тыя схаваліся ў Сіці. 10 студзеня 1642 г. Карл І пакідае Лондан, насельніцтва якога было на баку парламента.

Прэсвітарыяне не хацелі дапусціць поўнага разрыву з каралём і спрабавалі знайсці прымірэнне з ім. Індэпендэнты пачынаюць рыхтавацца да барацьбы з каралём. 1 чэрвеня 1642 г. палата абшчын робіць апошнюю спробу, каб не дапусціць вайны. Яна прымае “19 прапаноў” каралю. Ад караля патрабавалі каб ён прызнаў адказнасць міністраў перад парламентам, магчымасць назначэння вышэйшых чыноўнікаў толькі са згоды парламента, а парламент – вышэйшым судом у Англіі. Гэта азначала ператварэнне Англіі ў канстытуцыйную манархію. Гэты дакумент быў накіраваны каралю, але ён адмовіўся яго падпісаць. 22 жніўня 1642 г. Карл І падняў свой штандарт і аб'віў вайну графу Эсексу (камандуючы парламенцкай міліцыяй). На першым этапе рэвалюцыі былі зроблены першыя крокі да парламенцкай манархіі ў Англіі.

Англія аказалася расколатай на 2 лагеры. Першы складалі прыхільнікі караля: буйная знаць, многія кансерватыўна настроеныя прадстаўнікі сярэдняга дваранства, некаторая частка сялянства. Іх называлі кавалерамі. Ім супрацьстаялі прыхільнікі парламента (круглагаловыя): прадпрымальнікі, новае дваранства, большасць сялянства. Геаграфічна на баку парламента апынуўся эканамічна больш развіты Поўдзень і Поўднёвы Усход краіны, адсталыя раёны – Поўнач і Захад – падтрымлівалі караля. Галоўная прычына вайны заключалася ў антаганістычных супярэчнасцях паміж патрэбамі капіталістычнага развіцця Англіі і палітыкай манархіі, якая стрымлівала гэтае развіццё. У першай грамадзянскай вайне выдзяляюць 2 этапы:

1) 1642 – пачатак 1645 г., прэсвітарыянскі этап, парламенцкую армію ўзначальваюць прэсвітарыяне;

2) 1645–1646 гг., індэпендэнскі этап, калі кіраўніцтва арміяй перайшло да індэпендэнтаў.

Вайна ўзмацніла раскол у парламенце. Многія парламентарыі пачалі пераязджаць у Оксфард, дзе знаходзіўся караль (4/5 палаты лордаў, 1/3 палаты абшчын). Ваенначальнікі, якія ўзначалівалі парламенцкую армію, дзейнічалі асцярожна супраць караля. Восенню 1642 г. кароль двойчы пагражаў захапіць Лондан, у 1643 г. кантраляваў 3/4 тэрыторыі Англіі. У верасні 1643 г. афармляецца саюз паміж парламентам і Шатландыяй. Узамен за ваенную дапамогу шатландцаў парламент пагадзіўся ўвесці ў Англіі прэсвітарыянскую царкву. У ліпені 1644 г. парламенцкая армія атрымлівае перамогу ў бітве пры Морстан-Муры. У гэтай бітве супраць караля змагаліся шатландская армія і армія лорда Манчэсцера, ударнай сілай у якой была кавалерыя Кромвеля. Яна фарміравалася з гэтак званых “святых людзей”, палымяных прыхільнікаў пурытанізму, у асноўным з йоменаў, якія адстойвалі сваю маёмасць ад праізволу з боку лордаў. Дзякуючы галоўным чынам намаганням кавалерыі Кромвеля, парламенцкая армія атрымала буйную перамогу. Вынікі вынікі перамогі пры Марстон-Муры былі хутка растрачаны, бо восенню 1644 г. была разгромлена армія графа Эсекса на захадзе Англіі.

Каб дабіцца пералому ў вайне, парламент пайшоў на радыкальныя меры. У красавіку 1645 г. быў прыняты “Ардананс аб самаадрачэнні”. Згодна яму ўсе члены парламента пазбаўляліся права займаць кіруючыя пасады ў арміі. Тым самым з арміі выдаляліся ваенначальнікі-прэсвітарыяне. Камандаванне перайшло да індэпендэнтаў, новым галоўнакамандуючым стаў граф Ферфакс. Кромвель быў таксама дэпутатам парламенту, але яму дазволілі застацца ў арміі намеснікам Ферфакса. Таксама парламентам быў прыняты біль аб стварэнні “арміі новага ўзору”. Ствараецца рэгулярная армія ў 21 тыс. чалавек. Цэнтральны ўрад браў на сябе забеспячэнне яе ўсім неабходным. Быў прадугледжаны цэнтралізаваны набор у армію. Яна фарміравалася ў асноўным з заможнай часткі англійскага сялянства. Гэтая армія знача пераўзыходзіла ранейшую па маральнаму духу, па арганізацыі, па ваеннай вывучцы.

Рэарганізацыя хутка прынесла вынікі. 14 чэрвеня 1645 г. ля вёскі Незбі адбылася рашаючая бітва першай грамадзянскай вайны. Спачатку каралеўская кавалерыя атакавала левы фланг і змяла кавалерыю парламента. На правым фланзе кавалерыя Кромвеля атакавала каралеўскую кавалерыю і разбіла яе. Пасля гэтага Кромвель нанёс паражэнне кавалерыі караля і на супрацьлеглым флангу. Застаўшаяся без падтрымкі кавалерыі каралеўская пяхота была акружана і амаль цалкам трапіла ў палон. У чэрвені 1646 г. быў заняты Оксфард. Кароль уцёк у Шатландыю, але шатландцы выдалі яго парламенту.

Палітыка парламента ў час вайны адлюстроўвала інтарэсы новага дваранства і буржуазіі. Былі ўзаконены агароджванні, 24 лютага 1646 г. быў прыняты закон, які ліквідаваў феадальны характар дваранскага землеўладання. Дваране вызваляліся ад абавязкаў васалаў караля, іх зямельныя ўладанні станавіліся прыватнай уласнасцю. Сяляне ад гэтага закона нічога не атрымалі. Вайна прывяла да росту падаткаў, адбыўся рост цэн на тавары першай неабходнасці. Парламент спрабаваў папапоўняць бюджэт за кошт накладання секвестру на землі прыхільнікаў караля. Праводзілася канфіскацыя земляў кароны і царквы. Сацыяльна-эканамічная палітыка ў час вайны спрыяла ўмацаванню англійскага буйнога землеўладання. Паскараецца працэс знікнення англійскага сялянства як класа дробных уласнікаў. У час вайны актывізуюцца радыкальныя рэлігійныя секты. Сяляне ствараюць атрады, якія імкнуліся абараніць вёскі ад грабежу войскаў як караля так і парламенту.



2. З заканчэннем вайны абвастрыліся супярэчнасці ўнутры рэвалюцыйнага лагера. Асноўнымі палітычнымі цэнтрамі сілы ў Англіі на момант заканчэння першай грамадзянскай вайны з'яўляліся парламент і армія. У парламенце большасць належала прэсвітарыянам. Індэпендэнты кантралявалі армію. Яны расклалоліся на шоўкавых індэпендэнтаў (грандаў), якія прадстаўлялі афіцэрскую вярхушку арміі, і на ваенных левелераў (ураўніцеляў), якія адлюстроўвалі інтарэсы салдацкай масы.

Прэсвітарыяне лічылі, што рэвалюцыя закончылася з перамогай над каралём. Зараз неабходна ўсталяваць мір і парадак. Для гэтага неабходна было дамовіцца з каралём на аснове наступных патрабаванняў: захаванне за парламентам кантролю над міліцыяй на 3 гады, кароль павінен прызнаць прэсвітарыянскую пабудову царквы, пагадзіцца з формулай, што ён кіруе толькі ў парламенце і разам з парламентам. Шоўкавыя індэпендэнты лічылі, што трэба дабіцца, каб парламент стаў вышэйшым органам улады, забеяспечыць свабоду веравызнання, гарантыі недатыкальнасці ўсіх, хто змагаўся супраць караля. Левелеры (ваенныя і цывільныя) адлюстроўвалі інтарэсы англійскага сялянства, дробных уласнікаў гарадоў. У 1646 г. левелеры абнародвалі памфлет “Рэманстрацыя многіх тысяч грамадзян”. Яны патрабавалі знішчэння ўлады караля, верхавенства ўлады палаты абшчын, адказнасці палаты абшчын перад народам, штогадовых выбараў парламента, неабмежаванай свабоды сумлення, фіксацыі прыроджаных правоў грамадзян, якіх неабходна абараняць ад пасягненняў усялякай улады. Лідарам левелераў з'яўляўся Джон Лільберн. Адносіны індэпендэнтаў і левелераў – гэта адносіны паміж буржуазна-дваранскім блокам і буржуазна-сялянскім блокам. Антаганістамі сельскіх джэнтры і гарадскую буржуазію рабіла аграрнае пытанне. Абараняючы права прыватнай уласнасці на зямлю, левелеры аб’ектыўна абаранялі капігольд, г. з. інтарэсы значнай часткі сялянства. Яны патрабавалі ператварэння капігольда ў фрыгольд і вяртання абшчынам зямель, якія яны страцілі ў выніку агароджванняў.

У парламенце прэсвітарыяне разумелі, што асноўная пагроза для іх улады зыходзіць ад арміі. Вясной 1647 г. парламент прымае пастановы аб расфарміраванні арміі (16 тыс. салдат пакідалася для нясення гарнізоннай службы, 12 тыс. павінны былі адправіцца ў Ірландыю, астатнія звальняліся ў запас). Гэты праект не задаволіў армію, салдаты пачалі выбіраць агітатараў (прадстаўнікі палкоў), сярод якіх было шмат левелераў. Яны пачалі змяшчаць афіцэраў, з'явілася пагроза пазбаўлення афіцэраў улады ў арміі.

Прэсвітарыяне, каб умацаваць свае пазіцыі ў супрацьстаянні з арміяй, пачынаюць перамовы з каралём. Тады 2 чэрвеня 1647 г. атрад на чале з Джойсам захапіў караля і даставіў яго ў распалажэнне арміі. Тым самым індэпендэнты перашкоділі прэсвітарыянам дамовіцца з каралём. У ліпені прэсвітарыяне выгналі з парламента шэраг індэпендэнтаў. Тады 4 жніўня армія ўвайшла у Лондон. З парламента былі выгнаны 11 лідараў прэсвітарыян.

У арміі тым часам нарастаюць супярэчнасці паміж грандамі і левелерамі. Узнікаюць хваляванні, восенню 1647 г. левелеры абнародавалі “Народнае пагадненне”. Гэты праграмны дакумент прадугледжваў роспуск “Доўгага парламента”, выбары парламента кожныя 2 гады, роўныя размеры выбарчых акруг, увядзенне ўсеагульнага выбарчага права для мужчын (з 21года), якія мелі самастойныя крыніцы для існавання, улада кароля і палаты лордаў ліквідавалася, агароджаныя зямлі вярталіся ва ўласнасць абшчын, знішчэння царкоўнай дзесяціны і ўскосных падаткаў, беднякі павінны былі ўтрымлівацца за кошт сродкаў абшчыны, гарантавалася права прыватнай уласнасці.

Кромвель ва ўмовах вострага супрацьстаяння з левелерамі склікае агульнаармейскі савет 28 кастрычніка 1647 г. у м. Пэтні, каб дасягнуць пагаднення паміж левелерамі і грандамі. Лідарамі грандаў выступалі Кромвель і Айртан. Імі быў прадстаўлены дакумент “Главы прапаноў”. Ён прадугледжваў выбарчае права для ўласнікаў, захаванне манархіі і палаты лордаў. Індэпендэнты лічылі, што ў якасці натуральных правоў чалавек набывае толькі права на жыццё, на свабоду перамяшчэння. Усе іншыя правы чалавек павінен набыць як удзельнік грамадзянскай і палітычнай супольнасці. Таму Айртан даказваў мэтазгоднасць абмежавання палітычнай свабоды, увядзенне маёмаснага цэнза, захаванне элітарнай дзяржаўнай сістэмы. Грамадскае благапалучые павінна грунтавацца не на свабодзе і роўнасці грамадзян, а на трываласці ўлады і стабільнасці законаў. У час, калі ішлі спрэчкі ў Пэтні, стала вядома, што кароль уцёк, перабраўся на в. Уайт і пачаў перамовы з шатландцамі. Левелеры абвінавацілі Кромвеля ў тым, што ён садзейнічаў каралю. У некаторых палках 15 лістапада 1647 г. успыхнулі паўстанні. Кромвель асабіста з'явіўся перад паўстанцамі і справіўся з хваляваннямі. У лістападзе ён склікае новы армейскі савет (сюда левелеры ўжо не трапілі).

Кароль у снежні 1647 г. заключыў саюз з шатландцамі. У замен за падтрымку з боку шатландцаў ён прызнаваў прэсвітарыянскую царкву. Шатландцы ўступаюць у Англію, успыхіваюць раялісцкія мецяжы. Кромвель падаўляе іх, а потым рухае сваю армію насустрач шатландцам. 17–19 жніўня 1648 г. у Прэстанскай бітве шатландцы былі разгромлены. За час вайны прэсвітарыяне аднавілі сваё пануючае становішча ў парламенце. Яны пачынаюць перамовы з каралем. Кромвель рушыў армію на Лондан 6 снежня 1648 г. палкоўнік Прайд выставіў караул ля парламента і не пусціў у яго 140 прэсвітэрыян (“Прайдава чыстка”). У выніку кіраўніцтва парламентам перайшло да індэпендэнтаў.

Індэпендэнскі парламент пачынае суд над каралём. 27 студзеня 1649 г. быў вынесены смяротны прысуд, а 30 студзеня каралю адсеклі галаву. Індэпендэнты тым самым прадэманстравалі, што звароту да дарэвалюцыйных парадкаў не будзе. 17 сакавіка 1649 г. парламент прыняў акт аб ліквідацыі каралеўскай улады, яшчэ раней быў прыняты парламентскі акт аб ліквідацыі палаты лордаў. 19 мая парламент прымае акт, па якому Англія аб'яўлялася свабоднай дзяржавай, якой будуць кіраваць прадстаўнікі народу і парламента і фактычна ўсталяваў рэспубліку.

Правячай партыяй індэпендэнскай рэспублікі становяцца гранды, якія адлюстроўвалі інтарэсы новых лендлордаў, афіцэраў парламенцкай арміі, якія значна павялічылі зямельныя ўладанні ў час рэвалюцыі. Яны былі зацікаўлены ва ўмацаванні той сістэмы, якую стварыла рэвалюцыя, але баяліся і пагрозы з боку народных мас. Вышэйшым органам выканаўчай улады стаў Дзяржаўны савет. Вострая барацьба разгортваецца паміж грандамі і левелерамі. У студзені 1649 г. левелеры ўнеслі у парламент “Народнае пагадненне”, але парламент так і не прыступіў да абмеркавання іх прапаноў. Левелеры спрабавалі разгарнуць прапаганду ў арміі. З'яўляецца памфлет Лільберна “Новыя ланцугі для Англіі”, у якім заяўляецца, што ўсталяванне рэспублікі не змяніла да лепшага становішча народа. Тая ж думка выказваецца ў новай рэдакцыі “Народнага пагаднення”, якая з'явілася 1 мая 1949 г. У падтрымку гэтых дакументаў адбылося некалькі выступленняў у арміі (май 1649), якія былі падаўлены. Рух левелераў пацярпеў паражэнне, бо яны не змаглі прыцягнуць на свой бок сацыяльныя нізы. Іх праграма практычна не закранала сацыяльна-эканамічныя пытанні, у тым ліку і аграрнае. Таму сялянства засталося раўнадушным да руху левелераў, а без яго падтрымкі ён не змог стаць масавым.

13 жніўня 1649 г. армія на чале з Кромвелем накіроўваецца ў Ірландыю для падаўлення нацыянальнага паўстання. Парламент прымае акт аб упарадкаванні Ірландыі, пачынаецца масавая канфіскацыя зямель удзельнікаў паўстання. Гэтыя землі даставаліся дэпутатам Доўгага парламенту, афіцэрам і салдатам арміі Кромвеля (салдаты як правіла прадавалі зямлю афіцэрам). У выніку падаўлення ірландскага паўстання павялічылася колькасць буйных землеўладальнікаў у Англіі і Ірландыі. У маі 1650 г. Кромвель быў адкліканы з Ірландыі і накіраваны ў Шатландыю. Тут адбылася каранацыя сына Карла I які прыняў тытул англійскага караля Карла ІІ. 3 верасня 1650 г. у бітве ля Дэнбера Кромвель атрымаў поўную перамогу. З вясны 1651 г. пачынаецца новая кампанія, шатландцы на чале з Карлам II урываюцца на тэрыторыю Англіі. Ля гарадка Вустэр 3 верасня 1651 г. Кромвель разграміў войскі Карла II. Армія Кромвеля рушыла ў Шатландыю і ліквідавала яе незалежнасць. У 1650–1651 гг. былі прыняты навігацыйныя акты. Яны дазвалялі ўвозіць тавары ў Англію і англійскія калоніі на карблях англійскіх, ці той краіны, дзе тавары былі выраблены. Гэта быў удар па пасрэдніцкаму гандлю Галандыі, пачынаецца англа-галандская вайна 1652–1654 гг. Англія выйшла з яе пераможцай, але не змагла падпарадкаваць Галандыю.

У гэты час на палітычную арэну выходзяць сапраўдные левелеры ці дзігеры (капацелі). Іх лідарам стаў Джэрард Уінстэнлі. Іх праграма несла элементы камуністычнай ідэалогіі. Крыніцай ўсіх бед дзігеры абвяшчалі лендлардызм. Вясной 1649 г. ля мястэчка Кобхэм яны пачалі распрацоўваць пусташы і паспрабавалі весці тут калектыўную гаспадарку. Рух дзігераў грунтаваўся на прынцыпах ненасілля і мясцовым лендлордам не склала цяжкасці падавіць яго

У індэпендэнскай рэспубліцы новае дваранства і буржуазія імкнуліся абараніць сваю ўладу і ўласнасць, якія яны здабылі ў час рэвалюцыі, ад пагрозы як з боку раялістаў, так і з боку народных мас. Рэспубліка не змагла заваяваць масавай падтрымкі ў грамадстве і забяспечыць сацыяльна-палітычную стабільнасць. Капігольд не быў адменены, агароджванні паскорыліся, гарадскія нізы цярпелі ад высокіх падаткаў, не была адменена царкоўная дзесяціна, не была ўспалявана свабода сумлення. У сялян і гарадскіх нізоў не было падстаў каб падтрымліваць рэспубліку. Рэспубліка страчвае падтрымку і маёмасных класаў, бо ў краіне не было палітычнай стабільнасці. Новае дваранства і буржуазія схіляліся да таго, каб перайсці да моцнай улады ў форме ваеннай дыктатуры. Адбылося выраджэнне Доўгага парламенту. Тыя некалькі дзесяткаў дэпутатаў, якія працягвалі хадзіць на пасяджэнні палаты абшчын, сталі называць “ахвосцем Доўгага парламента”. У арміі былі моцныя настроі на карысць роспуску Доўгага парламента. Пад ціскам арміі ён у 1652 г. прымае пастанову аб самароспуску і праведзенні выбараў у 1654. Але пры гэтым прадугледжвалася, што дэпутаты Доўгага парламента аўтаматычна ўвойдуць у новы парламент, і толькі яны будуць мець права правяраць мандаты іншых дэпутатаў. У адказ на прыняцце гэтай пастановы ў Лондоне і ў арміі ўспыхнулі хваляванні. Супраць праекту выступіў і Кромвель. 20 красавіка 1653 г. Кромвель з'явіўся ў парламент і распусціў яго і дзяржаўны савет.



3. Кромвель лічыў, што неабходна захаваць парламенцкую форму праўлення і спачатку хацеў правесці выбары. Але ў Англіі ў той час былі моцныя раялісцкія настроі, і раялісты маглі перамагчы на парламенцкіх выбарах. Тады Кромвель 3 ліпеня 1653 г. збірае парламент з заўзятых пурытан (“парламент святых” або “малы парламент”). Але ў парламенце аформілася радыкальная апазіцыйная меншасць. Быў прыняты закон аб адмене акцызаў, пачалася судовая рэформа, прапаноўвалася ўвесці прапарцыянальны падатак, адмяніць царкоўную дзесяціну. Армія вырашыла пазбавіцца ад непаслухмянага парламента. 12 снежня 1653 г. кансерватыўная частка парламента правяла рэзалюцыю аб яго самароспуску і перадачы ўлады Кромвелю. 16 снежня 1653 г. была прынята новая канстытуцыя – “Інструмент кіравання”. Згодна ёй вярхоўная ўлада належала лорду-пратэктару. Ён мог прызначаць на дзяржаўныя пасады, склікаць і распускаць парламент, выдаваць указы, якія мелі сілу законаў. З фармальнага пункту гледжання ўлада пратэктара была абмежавана тым, што ён займаў сваю пасаду пасля зацвярджэння дзяржаўным саветам, без згоды дзяржаўнага савета не мог распараджацца ўзброенымі сіламі, заключаць саюзы, абвяшчаць вайну. Але ён меў рашаючы голас пры фарміраванні самога савета. Супрацьвагу лорду-пратэктару ствараў і парламент, які выбіраўся на аснове цэнзавага выбарчага права. На думку некаторых даследчыкаў у канстытуцыі 1653 г. быў адлюстраваны прынцып падзелу ўладаў, які абапіраўся на англійскую традыцыю аб народным суверэнітэце. Вярхоўная ўлада дзялілася паміж лордам-пратэктарам і народам, прадстаўніком якога быў парламент.

Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваенны рэжым. Англійская армія ўжо не была той рэвалюцыйнай армія, якая змагалася з каралём. Яе салдаты цяпер больш нагадвалі традыцыйных армейскіх наёмнікаў. Кромвель разграміў левыя радыкальныя секты, нанёс удар па рэштках левелерам. Менш увагі Кромвель надаваў барацьбе з раялістамі. Яны скарысталі гэта і ўмацоўваюць свае пазіцыі. Калі Кромвель склікаў у 1654 г. парламент, аказалася, што большасць у ім складаюць раялісты, якія выступілі супраць Кромвеля. Таму ў студзені 1655 г. ён зноў распускае парламент. У сакавіку раялісты спрабуюць арганізаваць узброеныя выступленне супраць Кромвеля. Пасля гэтага летам 1655 г. лорд-пратэктар падзяліў Англію на 12 ваенных акруг на чале з генерал-маёрамі і ўся ўлада апынулася ў руках ваенных. Але гэтая сістэма кіравання не ўнесла стабільнасці ў грамадскае жыццё. У кастрычніку 1656 г. Кромвель склікае новы парламент. У новым парламенце выявілася моцная апазіцыя. Ва ўмовах нестабільнасці сярод часткі палітычнай эліты зарадзілася ідэя вярнуць Англію да манархіі. Намячалася каранаваць Кромвеля. Пры рэалізацыі гэтага праекту краіна вярталася да традыцыйнага палітычнага ладу, што павінна было забяспечыць большую палітычную стабільнасць, а таксама незыблемасць заваёў рэвалюцыі, бо Кромвель быў яе лідарам. 25 сакавіка 1657 г. парламент прымае “Смірэнную петыцыю”, якая ўтрымлівала прапанову Кромвелю каранавацца. Супраць гэтых планаў выступіла афіцэрства, і Кромвель іх адхіліў. Ён памёр 3 верасня 1658 г.

Сацыяльна-эканамічная палітыка пратэктарата служыла інтарэсам новага дваранства і буржуазіі. Кромвель захаваў капігольд. У 1656 г. ён выдаў ардананс, які пацвярджаў адмену рыцарскіх трыманняў. У 1657 г. выходзіць акт, які забараняў жабракам пакідаць свой прыход. Знешняя палітыка Кромвеля таксама служыла інтарэсам класаў-саюзнікаў. Ён заключыў пераможны мір з Галандыяй, распачаў паспяховую вайну з Іспаніяй, заключыў саюз з Францыяй і Партугаліяй. Гэтыя крокі ўмацавалі пазіцыі Англіі ў міжнародным гандлі.

Пасля смерці Кромвеля пачынаецца агонія рэжыму пратэктарата. Лордам-пратэктарам становіцца сын Кромвеля Рычард. Уся ўлада апынулася ў руках ваеннай верхушкі. 25 мая 1659 г. Рычард, які быў абсалютна нездольным да дзяржаўных спраў, адмовіўся ад звання лорда-пратэктара. Усталёўваецца Другая рэспубліка (да 1660 г.). У краіне ўзмацняюцца раялісцкія настроі. У 1659 г. армія распусціла парламент, большасць у ім складалі раялісты. Быў скліканы парламент, у які ўвашлі былыя дэпутаты Доўгага парламента, але армія разагнала і гэты парламент. Сітуацыя нестабільнасці ўлады захоўвалася, палітычны крызіс абвастраўся.

У склаўшайся сітуацыі ў палітычнай эліце ўмацоўвалася перакананне, што адзіны шлях да стабілізацыі сітуацы – гэта рэстаўрацыя манархіі. Генерал Монк, адлюстроўваючы гэтыя настроі, рушыў сваю армію на Лондан. Ён правеў выбары ў новы парламент, большасць у якім атрымалі раялісты. Парламент прыняў рашэнне прапановаць Карлу ІI трон на пэўных умовах. Кароль іх прыняў і абнародаваў у Брэдскай дэкларацыі 1660 г. Ён абяцаў захаваць за новымі ўласнікамі землі, якія былі набыты ў час рэвалюцыі прыватным чынам, дараваць амністыю праціўнікам манархіі, не праводзіць праследванні па рэлігійнаму прызнаку, рэгулярна склікаць парламент. Карл ІI вернуты ў Англію як “дагаварны” кароль.

4. 29 мая 1660 г. кароль уязджае ў Лондон. Карл ІІ лічыў, што ўлада караля ў Англіі не мае абмежаванняў, але кароль падцвердзіў усе вольнасці, пагадзіўся на адмену судоў каралеўскія прэрагатывы, адмену рыцарскага трымання. На справе кароль апынуўся ў залежнасці ад парламента, бо той выдаваў яму субсідыі толькі на кароткі тэрмін. Палата лордаў зноў пачала сваю дзейнасць. Карл ІІ аднаўляе і Тайны савет у якасці вышэйшага дарадчага органа караля. Але гэты орган фарміруецца на парытэтных пачатках: палову міністраў прапаноўвалі ў савет палата лордаў і палата абшчын, а палову – карона.

Першы парламент эпохі рэстаўрацыі (1660 г.) атрымаў назву “Канвенцыйны парламент”. Ён прыняў закон аб амністыі. Пад яе падпадалі ўсе ўдзельнікі рэвалюцыі за выключэннем 70 чалавек, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў судзе над каралём, 29 з іх пакаралі смерцю. Па зямельнаму пытанню ім быў дасягнуты кампраміс паміж старым і новым дваранствам. Старым уладальнікам, раялістаў, якія вярнуліся ў Англію, вярталіся зямлі, якія былі канфіскаваны парламентам, а таксама землі кароны і царквы. Тыя ж землі, якія былі набыты прыватным парадкам, пакідаліся новым уладальнікам. Такім чынам, новае дваранства часткова страціла свае землі, якія набыло ў час рэвалюцыі. У 1660 г. быў прыняты закон, які пацвердзіў адмену рыцарскага трымананнея зямлі, пры гэтым капігольд захаваўся.

У 1661 г. збіраецца новы парламент, які засядаў да 1679 г. атрымаў назву Доўгі парламент рэстаўрацыі. У караля спачатку склаліся адносіны супрацоўніцтва з парламентам сітуацыя мяняецца, вялікія траты караля выклікалі крытыку дэпутатаў. Але ў 1667 г. палата абшчын становіцца апазіцыйнай каралю з-за вялікіх трат двара. Дэпутаты дабіліся адстаўкі ўрада лорда Кларэндона, які быў вядомы як яры прыхільнік абсалютнай манархіі.

У гэты час у Англіі фарміруецца двухпартыйная сістэма. Партыю вігаў называлі “партыяй краіны”. Яна аб'ядноўвала ліберальных лендлордаў, прадстаўнікоў фінансавай арыстакратыі, прамыслоўцаў, сярэдніх гандляроў. Вігі выступалі прыхільнікамі канстытуцыйнай манархіі і абаронцамі правоў парламента перад каралеўскай уладай. Торы абапіраліся перш за ўсё на старое дваранства, кансерватыўных правінцыйных джэнтры. Кіруючая роля ў гэтай партыі належала старой зямельнай арыстакратыі. Торы разумелі немагчымасць вяртання Англіі да абсалютызму, але лічылі, што галоўная роля ў кіраванні краінай павінна належаць каралю і падавалі сябе ў якасці абаронцаў правоў кароны перад парламентам.

Торы да 1667 г. мелі большасць у парламенце. Затым перавага пераходзіць да вігаў. У 1672 г. Карл ІI выдае “Дэкларацыю аб верацярпімасці”. Згодна ёй людзі любога веравызнання мелі права займаць дзяржаўныя пасады. Парламент убачыў у гэтым пагрозу наступлення каталіцызму. У 1673 г. ён прымае закон аб прысязе. Згодна з ім кожны, хто прэтэндуе на дзяржаўную пасаду, павінен быў прынесці прысягу англіканскай царкве. У 1678 г. супраць каталіцызму быў прыняты новы закон, які выключыў каталікоў з парламента. У 1678 г. парламент дабіўся абстаўкі кабінета лорда Дэнбі, які імкнуўся да пашырэння ўладных паўнамоцтваў караля за кошт парламента.

У 1679 г. былі праведзены парламенцкія выбары, у выніку якіх большасць у парламенце заваявалі вігі. Парламент прымае дакумент "Хабеас корпус акт" аб абароне правоў асобы. Гэты закон абараняў англічан ад адвольнага арышту, забароняў турэмнае зняволенне без суда, прадугледжваў абавязковы разгляд у судзе законнасці арышту. У 1679 г. разгортваецца барацьба па пытанню аб наследаванні англійскага трону. Наследнік Карла ІІ, прынц Йоркскі, з'яўляўся каталіком. Быў прыняты біль аб выключэнні герцага Йоркскага са спісу наследнікаў англійскага прэстолу. Карл ІI палічыў, што парламент парушыў каралеўскую прэрагатыву і ў 1680 г. распусіў яго. Але выбары зноў прынеслі перамогу вігам. Карл ІI зноў распускае парламент і з 1681 г. пачынаецца яго беспарламентскае праўленне. Вігі ў такіх умовах у 1683 г. арганізавалі узброенае выступленне супраць караля, але пацярпелі паражэнне.

У 1685 г. Карл ІІ памірае, герцаг Йоркскі становіцца каралём Якавам ІІ. Ён склікае парламент, у якім практычна ўсе месцы занялі торы. Парламент прыняў закон аб увядзенні пажыццёвай субсідыі каралю, закон аб стварэнні пастаяннай арміі, адмяніў “Хабеас корпус акт”, была абмежавана свабода слова, адноўлена дзейнасць царкоўнай судовай камісіі, каталіцкія святары атрымалі свабоду правядзенння службы. Пагроза рэстаўрацыі каталіцызму хутка нарастае. У 1686 г. католікі складалі большасць сярод суддзяў Англіі, кароль увёў 5 каталікоў у Дзяржаўны савет. 4 красавіка 1687 г. Якаў ІІ выдае “Дэкларацыю аб верацярпімасці”. Яна адмяняла для дзяржаўных чыноўнікаў прысягу на вернасць англіканскай царкве. Вігі спрабуюць змагацца супраць пагрозы акаталічвання ваеннымі метадамі. У 1685 г. на англійскае ўзбярэжжа высадзіўся герцаг Манбаут (пазашлюбны сын Карла ІI, прыхільнік пратэстанства). Яго спробу захапіць трон падтрымалі вігі. Але паўстанне пацярпела паражэнн.

У 1687–1688 гг. рэжыма рэстаўрацыі сутыкаецца з крызісам, які прывёў да “слаўнай рэвалюцыі.” У Англіі імкліва развіваўся капіталістычны ўклад. За 1660–1688 гг. прамысловая вытворчасць вырасла ў 2 разы. Рэжым рэстаўрацыі аб'ектыўна спрыяў развіццю капіталістычных адносін: уводзіліся высокія мытныя пошліны; новыя навігацыйныя акты. У выніку развіцця капіталізму ўмацавалі сваё эканамічнае і палітычнае становішча новае дваранствава і буржуазія. Цяпер ім патрэбен быў доступ да палітычный ўлады, каб гарантаваць свае правы, абараніць уласнасць. Новыя слаі грамадства былі рашуча супраць абсалютыскіх памкненняў Якава II і супраць яго палітыкі рэстаўрацыі каталіцызму. Нават традыцыйна верныя каралю англіканскія епіскапы выступілі супраць Дэкларацыі аб верацярпімасці. Апазіцыя цяпер уключала як вігаў, так і торы. Яна спадзявалася, што пасля смерці Якава II удасцца пасадзіць на трон яго дачку Марыю, пратэстанку па веравызнанню. Але ў чэрвені 1688 г. у Якава II нарадзіўся сын, які цяпер з'являўся законным наследнікам. Апазіцыя вырашыла дзейнічаць шляхам дзяржаўнага перавароту. Яна звярнулася за дапамогай да правіцеля Нідэрландаў Вільгельма Аранскага. 10 кастрычніка 1688 г. ён выступіў з дэкларацыяй аб абароне пратэстантаў і высадзіўся ў Англіі. У снежні 1688 г. Якаў ІI уцёк з Лондона. У студзені 1689 г. сабраўся новы парламент (канвент), які абмяркоўваў пытанне аб абвяшчэнні Вільгельма каралём. Палата лордаў выказалася супраць, затое Вільгельма падтрымала Сіці. 13 лютага 1689 г. Вільгельм быў абвешчаны каралем Англіі. У кастрычніку 1689 г. ён абнародаваў Біль аб правах, згодна якому кароль павінен кіраваць згодна са статутамі парламента, традыцыямі і звычаямі Англіі. Кароль не мог цяпер адтэрміноўваць уступленне ў дзеянне парламенцкіх статутаў, даходы караля вызначаў парламент, але кароль быў свабодны выбіраць сваіх міністраў, меў права склікаць і распускаць парламент. Усталёўваўся незалежны суд, свабода слова. Уся паўната заканадаўчай улады была замацавана за парламентам, кароль пазбаўляўся заканадаўчых прэрагатыў. Яму забаранялася набіраць армію ў мірны час.

“Слаўная рэвалюцыя” стала важнейшай вехай на шляху станаўлення канстытуцыйнай манархіі ў Англіі. Рэвалюцыю ажыцявіла зямельная арыстакратыя і буйная буржуазія, роля народных мас была пасіўнай. Згодна дасягнутаму кампрамісу зямельная арыстакратыя адыгрывала вядучую ролю ў палітычным жыцці, а вярхушка буржуазіі атрымала дамінуючае становішча ў эканоміцы. Кампраміс дэманстраваў адзінства эліты Англіі па важнейшых пытаннях эканамічнага і палітычнага развіцця.

Англійская рэвалюцыя 17 ст. была буржуазнай па сваім характары Яна знішчала шматлікія феадальныя перажыткі і адкрыла шлях для больш хуткага развіцця капіталістычных адносін. Яна ўсталявала прыватную ўласнасць на зямлю для дваранства, пакончыла з абсалютысцкімі памкненнямі англійскай кароны. Паколькі рэвалюцыя садзейнічала станаўленню больш дэмакратычнай сістэмы дзяржаўнай ўлады, яна мела дэмакратычны характар. Англійская рэвалюцыя была адносна кансерватыўнай з пункту гледжання сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. Аграрнае пытанне было вырашана на карысць буйнога зямлеўладання, умацаваўся лендлардызм, а сяляне зямлі не атрымалі. Паскараецца працэс ператварэння лендлордаў у сельскагаспадарчых прадпрымальнікаў, а сялянства да канца 18 ст. знікае як клас. Так адбылося таму, што адну з кіруючых роляў у рэвалюцыі, разам з буржуазіяй, адыграла новае дваранства, зацікаўленае ў захаванні буйнога землеўладання.


1   ...   8   9   10   11   12   13   14   15   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка