Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка11/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   23

2. У 16 ст. Нідэрланды зрабілі велізарны скачок ў эканамічным развіцці. З канца 15 ст. у краіне актыўна ішоў працэс першапачатковага накаплення капіталу. “Рэвалюцыя цэнаў”, якая суправаджалася іх ростам на сельскагаспадарчую прадукцыю і зямлю рабіла для сеньёраў невыгадным здаваць зямлю традыцыйным трымальнікам з фіксаванымі на доўгі час павіннасцямі. Сеньёры пры змене трымальніка надзела патрабавалі ад наследніка высокага ўступнага ўзносу, часта даводзілі яго да разарэння, а зямлю здавалі ў кароткатэрміновую арэнду на 3–9 гадоў. Арэндатары пераходзілі да капіталістычных метадаў гаспадарання. У эканамічна развітых раёнах да 30 % зямлі належала гараджанам, якія станавіліся вясковымі прадпрымальнікамі. Гэты працэс развіцця капіталістычнага ўкладу на вёсцы суправаджаўся згонам сялян з зямлі. У Галандыі і Фландрыі ад 25 да 33 % сялян з’яўляліся беззямельнымі котэрамі, ці малазямельнымі беднякамі, якія не маглі існаваць за кошт сваёй гаспадаркі і павінны былі працаваць па найму. Тым не менш у Нідэрландах не сфарміраваўся шматлікі слой “новага дваранства”, якое б вяло сваю гаспадарку капіталістычнымі метадамі.

На становішчы бедных слаёў грамадства адмоўна адбівалася “рэвалюцыя цэнаў”. У перыяд 1500–1580 гадоў тэмпы росту заработнай платы ў 2 разы адставалі ад тэмпаў росту цэнаў на тавары першай неабходнасці. У гарадах Галандыі ад 30 да 50 % насельніцтва мелі такія нізкія даходы, што не плацілі падаткі, ці плацілі чыста сімвалічную суму. Такім чынам, у выніку разарэння дробных рамеснікаў і гандляроў у горадзе і традыцыйных трымальнікаў на вёсцы фарміравалася армія свабодных рабочых рук, неабходных для развіцця прамысловасі і гандлю на капіталістычнай аснове. На другім полюсе адбывалася накаплене капіталу. Перш за ўсё ў вярхушкі цэхаў, быйных гандляроў і ліхвяроў, часткі дваранства, некаторых разбагацеўшых сялян. Такім чынам пачыналася фарміраванне гарадской і вясковай буржуазіі.

У прамысловасці назіраўся крызіс цэхавай сістэмы. Цэхам станавілася ўсё цяжэй вытрымліваць канкурэнцыю з англійскім імпартам і прадукцыяй прамысловых прадпрыемстваў, пераважна мануфактур, размешчаных у сельскай мясцовасці. У склаўшайся сітуацыі цэхі ў 1431 г. дабіліся ад Карла V закона, накіраванага супраць прамысловых прадпрыемстваў, ствараемых у сельскай мясцовасці. Нягледзячы на гэта, капіталізм у Нідэрландах працягваў паспяхова развівацца. У 1535 г. пачаўся эканамічны ўздым, які цягнуўся да пачатку рэвалюцыі. На развіццё эканомікі Нідэрландаў вялікі станоўчы ўплыў аказала пачаўшаеся фарміраванне сусветнага рынку. Яго цэнтрам становіцца Антверпен. Яго канкурэнтам з’яўляўся хутка павялічваўшы сваю эканамічную магутнасць Амстэрдам. Нідэрланды занялі пануючае становішча ў міжнародным гандлі. Гэта дало магчымасць нідэрландскім мануфактурам працаваць пераважна на знешнія рынкі і забяспечыла іх імклівы рост.

Пасля краха Бургундскага герцагства ў 1477 г. Нідэрланды сталі часткай уладанняў Габсбургаў. У 1549 г. Нідэрланды былі ўключаны ў склад Свяшчэннай Рымскай Імперыі. Габсбургі бачылі ў Нідэрландах толькі крыніцы сродкаў для правядзення актыўнай знешняй палітыкі. Гэта вяло да бясконцага росту падаткаў. З 1542 па 1555 г. яны выраслі з 2,5 млн. гульдэнаў да 7 млн. гульдэнаў. Даходы, якія Іспанія атрымлівала з Нідэрландаў, у 4 разы перавышалі яе даходы ад эксплуатацыі калоній. У 1557 г. Іспанія абвясціла дзяржаўнае банкруцтва. Увыніку гэтай акцыі пацярпелі многія прадпрымальнікі Нідэрландаў. Габсбургі імкнуліся насадзіць у Нідэрландах сістэму сваіх прававых норм, устаноў. Адначасова працягвалі актыўна дзейнічаць традыцыйныя саслоўна-прадстаўнічыя органы, якім кожны новы манарх прыносіў прысягу. Па рэформе 1531 г. былі створаны тры важнейшыя ўладныя органы Нідэрландаў: Дзяржаўны савет, Тайны савет і Фінансавы савет. Вядучыя пазіцыі ў іх займала прыдворная арыстакратыя. У 1559 г. пасля каранацыі Філіп ІІ пакінуў Нідэрланды. У якасці намесніцы ён пакінуў сваю сястру – Маргарыту Пармскую, а першым міністрам – кардынала Гранвелу. Мясцовае дваранства і прадпрымальніцкія колы горада не мелі доступа ў гэтыя органы ўлады. Іх апорай былі традыцыйныя прадстаўнічыя органы, перш за ўсё Генеральныя штаты. Але яны збіраліся толькі па распараджэнню караля ў экстраных выпадках, ці для ваціравання падаткаў. У асобных абласцях значная ўлада належала судовым палатам і статхаудэрам – камандуючым узброенымі сіламі правінцый. Гарады мелі сваю міліцыю (стралковыя гільдыі).

Комплекс супярэчнасцей сфарміраваўся ў сувязі з распаўсюджваннем у Нідэрландах Рэфармацыі. З 50-х гадоў 16 ст. у Нідэрланды стаў актыўна пранікаць кальвінізм. На чале кальвінісцкіх кансісторый звычайна стаялі заможныя гараджане. У 1561 г. яны абнародавалі афіцыйны сімвал веры, у якім заявілі аб пакорнасці ўладам да таго часу, пакуль іх дзеянні не пярэчылі слову Божскаму. Філіп ІІ імкнуўся да поўнага выкаранення Рэфармацыі. У Нідэрландах ён для гэтага ўмацаваў суды інквізіцыі, стварыў 14 новых біскупстваў і 3 архібіскупства. Іх галоўная задача заключалася ў выкараненні ерасі. Актыўна дзейнічалі суды інквізіцыі, які прыналежнасць да кальвінісцкай царквы прыраўноўвалі да дзяржаўнай здрады. Але рэпрэсіі далі адваротны вынік. З 1562 г. кальвінісцкія прапаведнікі набылі велізарную папулярнасць у Нідэрландах.

У краіне ў тым жа 1562 г. сфарміравалася палітычная апазіцыя, кіруючую ролю ў якой адыгрывала мясцовае вышэйшае дваранства: прынц Вільгельм Аранскі, граф Ламораль Эгмонт, адмірал Горн. Яны ўтварылі Лігу гаспод. Асноўнымі патрабаваннямі дваранскай апазіцыі сталі: аднаўленне паўнаты ўлады Дзяржаўнага савета, вывад іспанскіх войскаў з Нідэрландаў, адстаўка кардынала Гранвелы, змягчэння законаў супраць ерытыкоў, скліканне Генеральных шататаў. У 1563 г. узнікла яшчэ адна апазіцыйная дваранская арганізацыя – Саюз дваран.

Пад ціскам апазіцыйнага руху намесцніца ішла на некаторыя саступкі: іспанскія войскі пакінулі Нідэрланды, кардынал Гранвела атрымаў адстаўку. Але гэта не задаволіла апазіцыю. 5 красавіка 1566 г. група прадстаўнікоў Саюза дваран уручыла немесніцэ петыцыю з патрабаваннем адмены плакатаў супраць ерытыкоў, захавання традыцыйных вольнасцей Нідэрландаў, неадкладнага склікання Генеральных штатаў. Пры гэтым дваране выказвалі апасенне, што пры невыкананні гэтых патрабаванняў у краіне можа ўспыхнуць паўстанне. Маргарыта Пармская абяцала спыніць праследаванне кальвіністаў і звярнуцца за распараджэннямі да Філіпа ІІ. Практычна адначасова з дваранамі аналагічныя патрабаванні сфармуляваў і саюз гандляроў-кальвіністаў.

У ліпені 1566 г. адбылося дзве нарады прадстаўнікоў Саюза дваран і кальвінісцкіх кансісторый. Дваране, нягледзячы на нязгоду прынца Аранскага, пагадзіліся абараняць кальвінісцкую царкву. Кансісторыі абяцалі 100 тыс. гульдэнаў Саюзу дваран. Тым самым ішоў працэс фарміравання саюза дваранства і кальвінісцкай буржуазіі, які стаў на чале рэвалюцыі.



3. Пачаткам рэвалюцыі ў Нідэрландах лічыцца іканаборчае паўстанне 10 жніўня 1566 г. Яно пачалося ў Заходняй Фландрыі, затым распаўсюдзілася на ўсю краіну. Месцамі яно адбывалася стыхійна, месцамі на чале паўстання сталі Саюз дваран і кальвінісцкія кансісторыі. У цэрквах знішчаліся прадметы царкоўнага культу. Паўстанцы не абмяжоўваліся толькі рэлігійным пытаннем. Яны аказвалі ціск і магістраты гарадоў, каб вызначыць напрамак іх палітыкі. У некаторых гарадах, Валанс’ене, Турне, яны стваралі новыя органы ўлады і ўзброеныя атрады.

Ва ўмовах паўстання намесніца пайшла на новыя саступкі: спынілася дзейнасць інквізіцыі, адмяняліся законы аб ерасі, абвяшчалася амністыя дзеячам дваранскай апазіцыі. Дваранская апазіцыя ў сваю чаргу была напалохана паўстаннем. Саюз дваран аб’явіў абсамароспуску. Шэраг членаў дваранскай апазіцыі сталі прымаць ўдзел у падаўленні паўстання ікнаборцаў. Але засталіся і сілы, якія выступалі за працяг паўстання. Кальвінісцкі Сінод, які тайна сабраўся ў Генце 1 кастрычніка 1566 г., вырашыў працягваць паўстанне. У сакавіку 1567 г. палі апошнія буйныя цэнтры паўстання Турне, Валансьен, Амстэрдам. Завяршыўся пачатковы этап Нідэрлансдкай рэвалюцыі.

У жніўні 1567 г. у Нідэрланды на чале 50-тысячнай іспанскай арміі ўступіў новы намеснік герцаг Альба. У якасці найлепшых сродкаў кіравання ў мяцежных Нідэрландах ён разглядаў сякеру ката і касцёр інквізіцыі. Герцаг Альба стварыў Савет па справах аб мецяжах, які атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы для разгляду спраў у дачыненні да ўсіх удзельнікаў мецяжу і ерытыкоў. Тысячы людзей, уключаючы лідараў дваранскай апазіцыі адмірала Горна і графа Эгмонта, былі пакараны смерцю. Яшчэ больш пакінула краіну, у тым ліку прыц Аранскі. У адказ на рэпрэсіі жыхары Нідэрландаў разгарнулі партызанскую вайну супраць Альбы. Іх сталі называць марскімі і ляснымі гёзамі. У 1569 г. герцаг Альба паспрабаваў увесці пастаяны падатак – алькабалу: 1% з рухомай і нерухомай маёмасці, 5% з продажу нерухомай маёмасці, 10 % з продажу рухомай маёмасці і ўсіх тавараў. Аднак увесці алькабалу ў поўным абёме не ўдалося з рашучага супраціўлення насельніцтва.

Вільгельм Аранскі пасля паражэння іканаборчага паўстання не спыніў барацьбу супраць Філіпа ІІ. Але ён цяпер зрабіў стаўку не на рэвалюцыйныя сілы Нідэрландаў, а на дапамогу іншых дзяржаў. Гэтыя спадзяванні мелі пад сабой грунт. Да 1572 г. Англія аказвала дапамогу марскім гёзам і дазваляла ім базіравацца на свае порты. Гатоўнасць умяшацца ў нідэрландскія справы дэманстравалі французскія гугеноты, а затым і каралеўскі дом. Вільгельм Аранскі планаваў з часткі нідэрландскіх тэрыторый стварыць Брабантскае курфюршаства і стаць яго правіцелем. Астатнія тэрыторыі Нідэрландаў перадаць Англіі і Францыі за аказаную дапамогу. У 1568 і 1572 гг. Вільгельм Аранскі ажыццявіў ваенныя паходы ў Нідэрланды, але яны закончыліся поўнай няўдачай.



4. Новы этап Нідэрландскай рэвалюцыі пачынаецца 1 красавіка 1572 г. захопам марскімі гёзамі г. Брыл. Гэтая падзея стала сігналам для ўсеагульнага паўстання на Поўначы Нідэрландаў. Разам з гарадамі ў паўстанні актыўны ўдзел прынялі і сяляне. Паўстанне актыўна падтрымалі кальвінісцкія кансісторыі. Летам 1572 г. сабраліся Генеральныя штаты Галандыі. Новым было тое, што на іх прыбылі прадстаўнікі не толькі буйных, але і дробных гарадоў правінцыі. Генеральныя штаты прызналі Вільгельма Аранскага статхаўдэрам, а ў адсутнасць караля – яго намеснікам у правінцыі. Пачалося фарміраванне новай адміністрацыі і арміі. Фінансаванне выдаткаў на гэта ажыццяўлялася за кошт сродкаў, атрыманых пры канфіскацыі царкоўна-манастырскай маёмасці.

Кіруючыя пазіцыі ў паўстаўшых паўночных правінцыях заняла купецкая алігархія. Яна дзейнічала ў цесным саюзе з антыіспанскі настроеным кальвінісцкім дваранствам і аранжыстамі на чале з Вільгельмам. Прынц Аранскі разглядаўся як кампрамісная фігура, якая задаўляняла розныя слаі грамадства, выступаўшыя супраць іспанскага панавання. Акрамя таго ён меў добрыя сувязі з еўрапейскімі дварамі, што павышала яго аўтарытэт. Вільгельм Аранскі прыняў кальвінізм, але пры гэтым ён і яго прыбліжаныя выступалі за верацярпімасць і абмежаванне ўплыву кансісторый на свецкю сферу жыцця. Палітыка прынца некалькі аслабіла пазіцыі кальвінісцкай царквы.

Герцаг Альба першапачаткова без належнай увагі аднёсся да падзей на поўначы Нідэрландаў і толькі з восенні 1572 г. павёў шырокае наступленне на паўстаўшыя правінцыі. Яго армія дабілася некаторых ваенных поспехаў, авалодаўшы некалькімі паўстаўшымі гарадамі (Наардэн, Хаарлем). Жыхары Лейдана вытрымалі дзве асады ў 1573–1574 гадах. Філіп ІІ вымушаны быў прызнаць, што палітыка Альбы, якая абапіралася толькі на рэпрэсіі, пацярпела няўдачу. У канцы 1573 г. герцаг быў адкліканы з Нідэрландаў. Новы намеснік караля Луіс Рэкесенс у 1574 г. ліквідаваў Савет па справах аб мецяжу і алькабалу, абвясціў амністыю. Але яна не распаўсюджвалася на “ерытыкоў” і была ўспрынята ў Нідэрландах як фарс. У красавіку 1576 г. Галандыя і Зеландыя заключылі пагадненне аб цесным эканамічным і палітычным саюзе.

У 1574–1575 гг. іспанская армія атрымала некалькі перамог. Але яны былі цалкам абясцэнены тым, што ў 1575 г. Іспанія перажыла чарговае банкруцтва. У 1576 г. памёр Рэкесенс. Іспанскія салдаты, не атрымаўшы грошай за службу, выйшлі з-пад началення і рушылі грабіць Фландрыю і Брабант. У такой сітуацыі Вільгельм Аранскі паспрабаваў наладзіць перамовы паміж паўночнымі і паўднёвымі правінцыямі. У верасні 1576 г. у Бруселі адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога быў звергнуты праіспанскі Дзяржаўны савет. Прынц Аранскі прыслаў у Брусель атрад сваіх войскаў. Гэтыя падзеі далі штуршок да ўсеагульнага паўстання на Поўдні Нідэрландаў.

У кастрычныіку 1576 г. у Генце сабраліся Генеральныя штаты, якія абвясцілі сябе вышэйшым органам улады ў Нідэрландах. Дэпутаты паўночных правінцый былі ў меншасці. Большасць належала багатаму купецтву, кансерватыўнаму патрыцыяту паўднёвых правінцый. У лістападзе Генеральныя штаты апублікавалі “Гентскія замірэнні”, якія ўяўлялі мірны дагавор паміж паўднёвымі і паўночнымі правінцыямі і аднаўлялі адзінства краіны. “Гентскія замірэнні” ўсталёўвалі свабоду гандлю, адмянялі плакаты супраць ерытыкоў, аднаўлялі традыцыйныя вольнасці Нідэрландаў, тыя, чыя ўласнасць была канфіскавана, атрымоўвалі кампенсацыю. У тым ліку і каталіцкія прылаты. Для паўднёвых абласцей дэкларавалася вернасць Філіпу ІІ і каталіцкай веры. Паўночныя правінцыі Галандыя і Зеландыя атрымоўвалі аўтаномныя правы. Вільгельм Aранскі прызнаваўся іх статхаўдэрам. Прапанова аб секулярызацыі царкоўных зямель была адхілена. Да “Гентскага замірэння” была зроблена заўвага, згодна якой Філіп ІІ прызнаваўся суверэнам Нідэрландаў, але рэальная ўлада канцэнтравалася ў руках Вільгельма Аранскага.

Пасля падпісання “Гентскіх замірэнняў” актывізаваліся праіспанскі настроеныя колы. У студзені 1577 г. яны стварылі “Брусельскі саюз”, які ставіў сваёй мэтай захаванне каталіцызму, суверэнітэту Філіпа ІІ, “Гентскага замірэння”, аднаўлення традыцыйных вольнасцей краіны. Ад караля патрабавалі толькі вываду іспанскіх войскаў. З новым намеснікам Філіпа ІІ донам Хуанам Генаральныя штаты заключылі “Вечны эдзікт”, блізкі па зместу да патрабаванняў “Брусельскага саюза” і “Гентскага замірэння”. Нягледзячы на гэта, дон Хуан у ліпені 1577 г. уцёк з Бруселя ў крэпасць Намюр і пачаў ваенныя дзеянні супраць Генеральных штатаў. Здрада дона Хуана выклікала новую хвалю паўстанняў у паўднёвых правінцыях. Яны былі накіраваны супраць прыхільнікаў іспанцаў і каталіцкай царквы. У гарадах ствараліся новыя муніцыпалітэты з кальвінісцкага патрыцыяту. Паралельна ўзнікалі рэвалюцыйна-дэмакратычныя органы гарадской улады – “Камітэты 18”. Іх фарміравалі рамеснікі, кальвінісцкія гандляры. У ходзе паўстання ўплыў кальвінісцкай царквы ўзмацніўся і распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Кальвінісцкая царква паступова станавілася афіцыйнай. У ліпені 1578 г. сабраўся нацыянальны сінод каталіцкай царквы. Яго рашэнні былі ўзгоднены з Вільгельмам Аранскім і мелі кампрамісны характар. Тым не менш значная частка прапаведнікаў і старшын кальвінісцкіх абшчын у гэты час актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйным руху і належала да яго радыкальнай часткі.

Увогуле перыяд з 1576 да 1585 г., калі было падаўлена паўстанне на Поўдні Нідэрландаў, вызначаўся найбольшай вастрынёй сацыяльна-палітычнай барацьбы. Калі праіспанскі настроеныя колы кансерватыўнага патрыцыяту, частка буйных гандляроў і арысткратыі імкнуліся да кампрамісу з Філіпам ІІ, то радыкальна настроеныя гараджане, кальвінісцкая буржуазія згрупаваліся вакол “Камітэтаў 18”, кальвінісцкіх кансісторый і павялі рашучую барацьбу супраць іспанцаў і іх мясцовых саюзнікаў. На больш памяркоўных пазіцыях стаялі аранжысты, прыхільнікі прынца Аранскага. Іх сацыяльнай базай былі антыіспанскі настроеныя памяркоўныя колы дваранства і гарадскога патрыцыята. У гэты час асноўнымі цэнтрамі рэвалюцыйнай барацьбы сталі гарады Паўднёвых Нідэрландаў. Летам 1577 г. аранжысты разаў з радыкальнай партыяй узнаялі паўстанне ў г. Арасе, сталіцы Артуа. Уладу ўзяў у свае рукі “Камітэт 15”, які разгарнуў барацьбу з прыхільнікамі Іспаніі і каталіцызму. У Бруселі “Камітэт 18” прад’явіў патрабаванне Генеральным штатам спыніць перамовы з донам Хуанам і актывізаваць ваенныя дзеянні супраць іспанцаў і іх прыхільнікаў, узброіць для гэтага народ і звярнуцца за ваеннай дапамогай да каралевы Англіі і графа Пфальца. Генеральныя штаты адхілілі гэтае патрабаванне. У іх усё больш узмацняліся пазіцыі прыхільнікаў прынца Аранскага, які ў верасні 1577 г. прыбыў у Брусель. Ён атрымаў тытул надзвычайнага правіцеля Брабанта. Найбольш кансерватыўная частка дваранства, якая імкнулася да кампрамісу з Філіпам ІІ, прайграўшы Вільгельму ў Брабанце, паспрабавала зрабіць сваім аплотам Фландрыю. Але ў кастрычніку 1577 г. у сталіцы Фландрыі Генце ўспыхнула паўстанне, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі кальвінісцкай буржуазіі і аранжыстаў, якія сфарміравалі “Камітэт 18”. Ён абапіраўся на гандляроў, рамесленікаў, асоб свабодных прафесій. Пры гэтым захаваўся і муніцыпалітэт Гента, вакол якога групаваліся больш памяркоўныя колы горада. Створаныя Гентам узброеныя атрады авалодалі іншымі гарадамі Фландрыі. На яе тэрыторыі сталі праводзіцца наступныя мерапрыемствы: павышаліся падаткі на вялікую маёмасць і даходы, змяншаліся падаткі з бедных, падтрымлівалася дастаткова высокая зарплата, забараняўся каталіцызм, адбывалася секуралізацыя царкоўнай маёмасці.

У маі 1578 г. аранжысты і кальвінісцкія кансісторыі ўзнялі паўстанне ў Амстэрдаме. Быў абраны новы магістрат. Разгарнуліся пагромы цэркваў і манастарыў, адбываліся гвалтоўныя дзеянні супраць каталікоў, якія перакінуліся і на суседнія гарады Хаарлем і Лейдан. Былі адноўлены традыцыйныя правы і прывілеі цэхаў і гільдый. Тым самым у гарадах Паўночных Нідэрландаў, як і паўднёвых, захоўвалася саслоўна-карпаратыўная сістэма. Вільгельм Аранскі, з аднаго боку, ішоў на саюз з кальвінісцкімі кансісторыямі для барацьбы з іспанцамі, з другога, яго турбаваў іх празмерны радыкалізм. Ён не выключаў магчымасці прымірэння і з дваранска-каталіцкай групоўкай. У барацьбе з Іспаніяй ён разлічваў на дапамогу замежных гасудараў. У 1578 г. па дамоўленасці з Англіяй і Францыяй у Нідэрланды ўступілі войскі брата французскага караля прынца Анжуйскага, а затым і графа Пфальца Іагана Казіміра. Але абедзве гэтыя экспедыцыі закончыліся крахам.

Пасля гэтых няўдач Вільгельм Аранскі стаў яшчэ больш схіляцца да кампрамісу с дваранска-каталіцкай групоўкай. Летам 1578 г. быў распрацаваны тэкст “Рэлігійнага міру”. Ён дапускаў як кальвінісцкае так і каталіцкае веравызнанне. Прадугледжвалася аднаўленне ўлады звергнутых у апошнія месяцы гарадскіх муніцыпалітэтаў і роспуск “Камітэтаў 18”. Спроба кансерватыўных сіл перайсці ў наступленне сустрэла супрацьдзеянне з боку радыкальных колаў. Найбольш вострая барацьба разгарнулася ў Генце і Арасе. У Генце адбыўся раскол паміж аранжыстамі і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групоўкай. Толькі пад прамым націскам Вільгельма Аранскага, які прыбыў у горад, улады Гента падпісалі “Рэлігійны мір”. У Арасе спачатку перавага была на баку радыкальнай партыі. Былі раззброены каталіцкія ўзброеныя атрады, арыштаваны члены кансерватыўнага магістранта. Але ў канцы 1578 г. у горадзе адбыўся пераварот, у выніку якога радыкальны “Камітэт 15” быў ліквідаваны, а ўлада перайшла ў рукі каталіцка-дваранскай групоўкі. Дваранства і памяркоўная буржуазія Поўдня былі заклапочаны празмернай радыкалізацыяй рэвалюцыйнага руху. 6 студзеня 1579 г. яны заключылі Арасскую ўнію з намеснікам Філіпа ІІ. Яна прадугледжвала падначаленне паўднёвых правінцый іспанскаму каралю. У маі 1579 г. такое пагадненне было дасягнута. Згодна з ім Філіп ІІ прызнаваў “Гентскае замірэнне”, “Вечны эдзікт”, аднаўляў спрадвечныя правы Артуа і некаторых іншых правінцый на Поўдні Нідэрландаў, абяцаў вывесці іспанскія войскі пры ўмове захавання каталіцызму. Фактычна гэта азначала капітуляцыю валонскіх правінцый Паўднёвых Нідэрландаў перад Філіпам ІІ.

Пасля капітуляцыі валонскіх правінцый іспанскія войскі пад камандаваннем новага намесніка Аляксандра Фарнезе разгарнулі наступленне супраць паўстанцаў. У такой сітуацыі паўночныя правінцыі пайшлі на афармленне цеснага саюза. 23 студзеня 1579 г. яны заключылі Утрэхцкую ўнію. Яе мэта заключалася ў тым, каб захаваць на Поўначы Нідэрландаў заваёвы рэвалюцыі і давесці да перамогі вайну з Іспаніяй за незалежнасць. Паўстанне на Поўначы Нідэрландаў у 1572 г. было першым крокам, падрыхтоўкай стварэння рэспублік паўночных правінцый. Утрэхцкая ўнія закладвала прававы фундамент новай рэспублікі. Удзельнікі ўніі абавязаліся разам змагацца супраць знешніх ворагаў, не заключаць сепаратныя дамовы з іншымі дзяржавамі, стварыць свае ўзброеныя сілы, усталяваць падаткі на ўтрыманне арміі і флота. Усе гэтыя пытанні вырашаліся Генеральнымі штатамі. Штаты асобных правінцый займаліся вырэшэннем мясцовых пытанняў. Унія прадугледжвала адваяванне ў Іспаніі ўсіх 17 правінцый.

Падпісанне Утрэхцкай уніі прывяло да новай актывізацыі палітычнай барацьбы, у тым ліку і на поўдні краіны, дзе яе цэнтрам зноў стаў Гент. 4 лютага 1579 г. ён далучыўся да ўніі. Зноў пачаліся рэпрэсіі супраць каталіцызму, адбылася чыстка муніцыпальнай і цэхавай адміністрацыі. У горад прыбыў Вільгельм Аранскі, які абмежаваў уплыў найбольш радыкальных колаў. У 1581 г. быў нізложаны Філіп ІІ як гасудар Фландрыі. На гэтую пасаду зноў запрасілі герцага Анжуйскага. Таксама Вільгельм Аранскі шукаў дапамогі ў Англіі, і Лізавета І накіравала ў Нідэрланды атрад пад камандаваннем Норыса. Аднак ні Норыс, ні герцаг Анжуйскі не змаглі дасягнуць істотных ваенных поспехаў. Апошні восенню 1583 г. адступіў у Францыю. Гэта азначала правал палітыкі Вільгельма Аранскага, накіраванай на пошук замежнай дапамогі ў вайне з Іспаніяй. Сам Вільгельм Аранскі быў забіты фанатыкам каталіком Балтазарам Жарарам 10 ліпеня 1584 г.

Александар Фарнезе ў 1585 г., маючы 40-тысячную армію, разгарнуў наступленне ў Фландрыі і Брабанце. Ён імкнуўся падавіць рэвалюцыю перш за ўсё ў Паўднёвых Нідэрландах. У гарадах названых правінцый перад іспанскай пагрозай уладу ўзялі кальвінісцкія кансісторыі. Яны заняліся актыўнай арганізацыяй абароны. Але кожны горад дзейнічаў ізалявана. Фарнезе стаў адзін за адным займаць гарады Паўднёвых Нідэрландаў. 17 жніўня 1585 г. паў Антверпен, што азначала поўнае падаўлення паўстання на Поўдні Нідэрландаў.



Паражэнне паўстання на Поўдні Нідэрландаў было абумоўлена шэрагам прычын. Паўднёвыя правінцыі моцна залежалі ад іспанскіх рынкаў збыту сваёй прадукцыі. Яшчэ да пачатку рэвалюцыі была бачна розніца інтарэсаў паўночных і паўднёвых правінцый. Поўнач мела больш трывалыя гандлёвыя сувязі з Прыбалтыкай, краінамі Паўночнай Еўропы. Поўдзень падтрымліваў актыўныя гандлёвыя сувязі з Міжземнамор’ем, з Іспаніяй. Таму буржуазія Поўдня гатова была да кампрамісу з Філіпам ІІ. У паўднёвых правінцыях актыўна дзейнічалі замежныя войскі, якія сваімі грабежамі выклікалі незадавальненне насельніцтва. Улада Іспаніі разглядалася як гарантыя стабільнасці. Многія прадстаўнікі кальвінісцкай буржуазіі пераехалі на Поўнач, што аслабляла рэвалюцыйныя сілы Поўдня. Тут больш рэзка былі прадстаўлены супярэчнасці ў рэвалюцыйным лагеры, што аблягчала іспанцам барацьбу з ім. Буржуазія Поўначы бачыла ў паўднёвых правінцыях свайго канкурэнта, таму не праяўляла вялікай актыўнасці ў справе іх вызвалення з-пад іспанскай улады. Да рэвалюцыі не склаўся агульнанідэрландскі рынак і была заўважная эканамічная раз’яднанасць краіны на Поўдзень і Поўнач. На Поўдні рэвалюцыйны рух не падтрымала сялянства, бо тут былі яшчэ моцныя феадальныя адносіны і ў ходзе рэвалюцыі дваранства не ўлічвала інтарэсы сялян. На Поўначы феадалізм на вёсцы ўжо быў практычна ізжыты, і сацыяльныя супярэчнасці паміж дваранствам і сялянствам не былі такія вострыя. Гэта дазваляла ім дзенічаць сумесна ў ходзе рэвалюцыі.

5. Пасля адваявання Іспаніяй Паўднёвых Нідэрландаў рэвалюцыя ўступіла ў завяршальную стадыю. Ва ўмовах паражэння паўстання на Поўдні частка Генеральных штатаў зноў вярнулася да ідэі аб замежнай дапамозе. Лізавеце І было прапанавана стаць правіцельніцай Нідэрландаў. Яна накіравала ў Нідэрланды ў якасці губернатара графа Лейстэра. Лізавета І бачыла ў Нідэрландах эканамічнага саперніка Англіі. Таму Лейстэр атрымаў інструкцыі падарваць эканоміку Аб’яднаных Правінцый і ператварыць іх у залежную ад Англіі краіну. Ён забараніў гандаль з Іспаніяй, Францыяй і іх саюзнікамі. Гэта быў прамы ўдар па эканоміцы Аб’яднаных Правінцый. У вайне з Іспаніяй Лейстэр цярпеў паражэнні. У выніку пералічаных абставін у яго склаліся вельмі вострыя адносіны з Генральнымі штатамі. У 1587 г. ён пакінуў Нідэрланды. Пасля няўдач з запрашэннямі ў якасці правіцелей герцага Анжуйскага і Лізаветы І Генеральныя штаты адмовіліся ад спроб знайсці правіцеля сярод замежных манархаў. Вышэйшым органам улады сталі Генеральныя штаты, а краіна атрымала рэспубліканскую форму праўлення. Вядучай фігурай у Генеральных штатах становіцца Ян фан Олдэнбарнефелт. Ён сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутранай і знешняй палітыкі. Сын Вільгельма Аранскага Морыц Насаўскі праявіў сябе як выдатны палкаводзец. Як бачым Нідэрландская рэвалюцыя па меры развіцця паступова ішла да рэспубліканскай формы кіравання. Спачатку апазіцыя абсалютызму патрабавала толькі абмежвання крайнасцей тыраніі, потым паўстала пытанне аб вызначэнні паўнамоцтваў Філіпа ІІ на аснове пагаднення з Генарльнымі штатамі, а затым адбылося яго нізлажэнне. Але рэвалюцыйныя сілы яшчэ некаторы час імкнуліся захаваць манархічную форму праўлення, запрашаючы да ўлады іназемных манархаў. Толькі правал такой палітыкі падштурхнуў патрыцыят і дваранства аб’яднаных правінцый да ўсталявання рэспублікі.

У канцы 80 – пачатку 90-х гадоў 16 ст. міжнароднае становішча Аб’днаных Правінцый паляпшаецца. Разгром “Непераможнай армады” аслабіў сілы Іспаніі, якая была скавана працяглай вайной з Англіяй. Акрамя таго сілы Іспаніі адцягвалі і падзеі ў Францыі. У 1592 г. Аляксандар Фарнезе з войскамі з Нідэрландаў накіраваўся ў Францыю на дапамогу каталіцкай партыі. У такіх умовах армія Морыца Насаўскага з 1589 па 1598 г. поўнасцю вызваліла тэрыторыю сямі паўночных правінцый. У першыя гады 17 ст. ён заняў шэраг тэрыторый у Паўднёвых Нідэрландах. Але наступленне было спынена па патрабванню Галандыі. Мясцовая буржуазія апасалася, што адваяванне ў Іспаніі Брабанта і Фландрыі паспрыяе іх эканамічнаму росту, і мясцовая буржуазія стане моцным канкурэнтам для галандскай.

Ваенныя няўдачы прымусілі Іспанію пайсці на перамовы. У 1609 г. было заключана перамір’е паміж Іспаніяй і Аб’яднанымі Правінцыямі да 1621 г. Згодна з ім прызнаваліся існуючыя граніцы і незалежнасць Аб’яднаных Правінцый. Ім дазвалялася гандляваць з партугальскімі калоніямі ў Ост-Індыі, вусце Шэльды закрывалася для гандлю. Гэта быў удар па гандлю Паўднёвых Нідэрландаў у інтарэсах буржуазіі Аб’яднаных Правінцый. Канчаткова міжнароднае прызнанне А’бяднаныя Правінцыі як незалежная дзяржава атрымалі па Вестфальскаму міру.

У выніку рэвалюцыі на Поўначы Нідэрландаў была ўтворана дзяржава новага тыпу – буржуазная рэспубліка. Яе вышэйшым органам улады сталі Генаральныя штаты. З 1593 г. яны сталі пастаянна дзеючым органам. Але пастаянна заседалі не ўсе дэпутаты, а толькі “камандзіраваныя саветнікі”. У поўным складзе Генральныя штаты збіраліся 1-2 разы на год. Вышэйшай пасадай у апараце Генаральных штатаў з’яўлялася пасада вялікага пенсіянарыя, якую заняў Ян фан Олдэнбарнефелт (да 1618 г.). Захаваўся з дарэвалюцыйных часоў Дзяржаўны савет, але яго функцыі зменшыліся. Да Генеральных штатаў перайшло вядзенне знешняй палітыкі. Важную ролю ў палітычным жыцці адыгрываў статхаўдэр Галандыі і галоўны капітан (галоўнакамандуючы), якую займаў Морыц Насаўскі (да 1625 г.). У рэспубліцы пры гэтым захаваліся рэшткі карпаратыўна-саслоўнай сістэмы. Палітычная сістэма засталася даволі кансерватыўнай. У Галандыі толькі 2 тыс. чалавек маглі выбіраць і выбірацца ў органы ўлады. Рэвалюцыя не зламала старую дзяржаўную машыну. Некаторыя дэталі саслоўна-карапаратыўнай сістэмы яна нават рэстаўрыравала.

Пануючым сацыяльным слоем у эканоміцы і палітычным жыцці рэспублікі стаў патрыцыят гарадоў і буйныя гандляры. Яны дамінавалі ў Вялікіх саветах большасці гарадоў, у штатах правінцый, Генаральных штатах. Былі ліквідаваны многія перашкоды на шляху далейшага развіцця капіталістычных адносін. У тым ліку галоўная з гэтых перашкод: палітыка іспанскіх улад, накіраваная на выкачванне максімальных сродкаў з Нідэрландаў. Але кансерватыўны сацыяльна-палітычны лад ужо ў апошнія дзесяцігоддзі 17 ст. стане перашкодай для далейшага пргрэсіўнага развіцця эканомікі краіны.

Кальвінісцкая царква адыграла выдатную роля ў арганізацыі рэвалюцыйнай барацьбы. Але пасля завяршэння рэвалюцыі яна фактычна аказалася ў апазіцыі. Унутры царквы ішла вострая барацьбы розных плыняў.

Асаблівасцю Нідэрландскай рэвалюцыі было тое, што яна адбылася на раннім этапе развіцця капіталізму. Буржуазія яшчэ не сфарміравалася як клас. Таму ў Нідэрландах мы не можам гаварыць аб поўнамаштабным канфлікце паміж буржуазіяй і федальнай сістэмай. На першы план выходзіла задача нацыянальнага вызвалення. На гэтай аснове стаў магчымы саюз нараджаўшайся буржуазіі, бюргерства з дваранствам. Гэты саюз і стаў кіруючай сілай Нідэрландскай рэвалюцыі. У сілу таго, што дваранства на Поўначы Нідэрландаў было слабым, вядучую ролю ў гэтым саюзе адыгрывала вярхушка бюргерства, купецкая алігархія. Пры гэтым не трэба забываць, што перамога над Іспаніяй была дасягнута дзякуючы высокай ступені нацыянальнага адзінства ў Паўночных Нідэрландах. У барацьбе разам з буржуазіяй і дваранствам актыўна ўдзельнічала сялянства, гарадскі плебс. Унутраныя супярэчнасці адыходзілі на другі план, таму ў ходзе Нідэрландскай рэвалюцыі, асабліва на Поўначы, мы не бачым жорсткай палітычнай барацьбы, бо агульнанародны ўздым быў накіраваны супраць агульнага ворага – Іспаніі.

1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка