Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны Гістарычны факультэт




старонка10/23
Дата канвертавання15.03.2016
Памер4.13 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   23

2. Распаўсюджванню Рэфармацыі садзейнічала імкненне каралеўскай улады выкарыстаць яе для ўмацавання манархіі. У Даніі ў пачатку 1520-х гадоў Хрысціян ІІ, каб падарваць магутнасць епіскапаў і абатаў, падтрымаў рэфарматараў. Яго наследнік, Фрэдарык І узяў курс на фактычную незалежнасць царквы ад рымскага Папы. Ён аказваў падтрымку лютаранству. Але на поўны разрыў з Рымам кароль не асмеліўся. Толькі пры яго сыне Хрысціяне ІІІ у краіне была праведзена Рэфармацыя на лютаранскі манер. Кароль сам стаў на чале новай царквы. Каралеўская ўлада аплочвала службу духоўных асоб. Землі духавенства былі канфіскаваны і перайшлі ва ўласнасць караля. Быў пакладзены пачатак дзяржаўнай лютэранскай царкве. У канцы 1530-х гадоў датскі варыянт рэфармацыі быў навязаны Нарвегіі і Ісладыі. Гэта зявяршыла іх падначаленне датскаму каралю.

У Швецыі правядзенне Рэфармацыі адносіцца да 1527–1544 гадоў. Кароль Густаў Ваза на вестароскім рыкстазе 1527 г., абапіраючыся на гараджан і дваранства, дабіўся прызнання евангелізму адзіным дапусцімым веравызнаннем. Была праведзена секулярызацыя царкоўнай маёмасці на карысць кароны. У 1539 г. ўвялі новы царкоўны парадак, згодна якому епіскапат захоўваўся, але галавой царквы стаў кароль. Прызначэнне і адхіленне ад пасады духоўных асоб перайшло ў рукі каралеўскай адміністрацыі. У выніку Рэфармацыі адбылося ўмацаванне каралеўскай улады ў Швецыі. Аналагічная Рэфармацыя была праведзена шведскім каралём у падуладнай яму Фінляндыі.

У Англіі Рэфармацыя адбывалася пры актыўным удзеле абсаютысцкай дзяржавы і падтрымаўшых яго правячых класаў. Тут Рэфармацыя не стала масавым народным рухам, як у Германіі. У 1534 г. на аснове Акта аб верхавенстве Генрых VIII прыняў тытул главы царквы Англіі. Гэта азначала разрыў з Рымам і вызваленне англійскай царквы з-пад улады Папы. Дадзеная палітыка была падтрымана Рэфармацыйным парламентам (1529–1536). Кароль спыніў выплату Рыму царкоўных падаткаў, забаранялася апеляцыя да Папы, вышэйшай царкоўнай інстанцыяй абвяшчаліся архіепіскап Кентэберыйскі і кароль. Кароль атрымаў права прызначаць епіскапаў, выкараняць усялякага роду ерэсі. Тытул галавы царквы дазволіў Генрыху VIII ажыццявіць секулярызацыю зямельных уладанняў манастыроў на карысць казны. Англійская рэфармацыя, якая ажыццяўлялася абсалютысцкай дзяржавай, мела ў якасці першасных матываў палітычныя і фінансавыя. Яны цалкам вызначалі царкоўна-ідэалагічную палітыку Цюдораў. Падначаленне англійскай царкы свецкай уладзе не закранала ўласна рэлігійныя пытанні. Ні культ, ні дагматыка практычна не змяніліся, засталіся блізкімі да каталіцызму.

Такія абмежаваныя вынікі Рэфармацыі не маглі задаволіць буржуазію і новае дваранства. Іх імкненне да таннай царквы выразілася ў распаўсюджванні ў Англіі ідэй лютаранства і кальвінізму. Пры Эдуардзе VI (1547–1553) Рэфармацыя была паглыблена. Відны дзеяч англійскай Рэфармацыі архіепіскап Кентэнберыйскі Томас Кранмер падрыхтаваў рэформу царкоўнага культа і выпрацаваў дактрыну анліканскай царквы. Меса цяпер служылася на англійскай мове. Сімвалы англійскай веры ўключылі некаторыя элементы лютаранства і кальвінізму. Аднак і гэтыя змены не задаволілі найбольш радыкальных прыхільнікаў Рэфармацыі. Яны патрабавалі перабудовы царквы на дэмакратычных пачатках і ліквідацыі рэшткаў каталіцызму.

Сялянска-плябейская плынь у Рэфармацыі была прадстаўлена сектанскімі рухамі (анабаптысты). Яны адстойвалі ідэі сацыяльнай справядлівасці і роўнасці, у сувязі з чым падвяргаліся суровым праследаванням з боку ўлады.

Прыхільнікамі старых царкоўных парадкаў заставаліся феадальная арыстакратыя, частка сялянства, якая пакутавала ад агароджванняў. Пры каралеве Марыі адбылося аднаўленне каталіцызму. Аднак з каранаваннем Лізаветы І Рэфармацыя была адноўлена. У 1559 г. парламент пацвердзіў верхавенства кароны ў справах царквы. Пры гэтым захаваўся епіскапат. Урад Лізаветы І выдаў суровыя законы супраць каталікоў. Была ўсталявана адзіная форма богаслужэння на англійскай мове. У 1571 г. быў выпрацаваны англійскі сімвал веры, у якім каталіцкія догматы спалучаліся з кальвінізмам. Упрыгожванні ў цэрквах захаваліся.

Памяркоўная палітыка Лізаветы І выклікала распаўсюджванне ў краіне пурытанізму (кальвінізму). У 50–60 гады 16 ст. пурытане адкрыта выступілі супраць дзяржаўнай епіскапскай царквы, супрацьпастаўляючы ёй царкву з выбарнымі прэсвітэрамі. Пурытане рашуча асуджалі роскаш, бяздзейнасць, ратавалі за беражлівасць, умеранасць, прадпрымальнасць у справах. Гэтыя ідэі фарміравалі этыку ранняга капіталізму. Лізавета І прыбегла да шырокіх рэпрэсій, але не змагла спыніць распаўсюджванне пурытанізму. У сярэдзіне 80-гадоў 16 ст. пурытанская апазіцыя перарасла ў шырокі грамадскі рух буржуазіі і новага дваранства, які карыстаўся падтрымкай парламента.

3Рэфармацыя ў Францыі мела яскрава выражаную палітычную афарбоўку. У 20–30-я гады 16 ст. у гарадах Францыі ўзнікаюць невялікія абшчыны паслядоўнікаў М. Лютара. Першапачаткова Францыск І даволі пазітыўна адносіўся да ідэй рэфарматараў. Але хутка стала відавочна, што пратэстанты імкнуцца да стварэння ўласнай царквы. У Францыі саюз каталіцкай царквы з каралеўскай уладай быў трывалым. Таму выбар урада быў зроблены на карысць каталіцызму і пачаліся праследаванні пратэстантаў. Яны асабліва ўзмацніліся пры Генрыху ІІ (1547–1559).

Нягледзячы на праследаванні, у сярэдзіне 16 ст. французкі пратэстантызм узмацніўся. Сталі актыўна распаўсюджвацца ідэі Кальвіна. Поспехі кальвінізму ў канцы 50-х гадоў 16 ст. былі ў многім вызначаны палітычнай кан’юктурай. Рэфармацыя ў Францыі не была звязана з пэўным сацыяльным слоем. Дваранства раскалолася. Кальвінізм як правіла прынялі тыя, хто быў пакрыўджаны ўладай, ці тыя хто знаходзіўся пад апекай пратэстанскіх прынцаў. Таму побач з сінадальнай іерархіяй французскія кальвіністы стварылі і ваенна-дваранскую арганізацы. Яе ўзначалілі члены дома Бурбонаў, якія з’яўляліся далёкімі сваякамі дынастыі Валуа. У асобе ваенна-рэлігійнай арганізацыі гугенотаў Бурбоны знайшлі вельмі моцную партыю саюзнікаў супраць каралеўскай улады. Паспяхова кальвінізм распаўсюдзіўся ў гарадах паўднёвай і паўднёва-заходняй Францыі. Гэтаму спрыялі сепаратысцкія настроі, а таксама тое, што поўдзень традыцыйна быў цэнтрам ерытычных рухаў. Зусім слаба ў пратэстанскі рух былі ўцягнуты сяляне, гэта значыць асноўная маса насельніцтва Францыі. Гугеноты ў некаторых правінцыях Францыі завалодалі рэальнаю ўладаю, праніклі ў каралеўскую адміністрацыю і адначасова стваралі паралельную структуру кіравання.

Нарастала ўзаемная агрэсіўнасць католікаў і пратэстантаў, у выніку чаго Францыя ў 1560-я гады аказалася ўцягнутай у рэлігійныя войны. Рост радоў кальвіністаў быў прыпынены толькі псіхалагічным шокам, які выклікала Варфаламееўская ноч 1572 г. Гугеноты страцілі надзею дабіцца перамогі ў маштабах усёй краіны. Цяпер яны дабіваліся свабоды адпраўлення кальвінісцкага культа, гарантыяй гэтага павінна было стаць захаванне палітычнай арганізацыі гугенотаў. Пераход Генрыха ІV у каталіцызм канчаткова прадэманстраваў, што кальвіністы могуць заставацца ў Францыі толькі рэлігійнай меншасцю. Новы кароль выдаў Нанцкі эдзікт 1598 г., які гарантаваў гугенотам свабоду веравызнання і нават захаванне іх ваенна-палітычнай арганізацыі. У выніку рэлігійных войн 60–90-х гадоў 16 ст. у Францыі склалася ўнікальная рэлігійна-палітычная сітуацыя: суіснавалі дзве рэлігіі ў каралеўстве з высокай ступенню палітычнага адзінства.

4. На першых парах папства імкнулася змагацца з Рэфармацыяй, звяртаючыся да свецкіх улад імперыі з патрабаванне задушыць Рэфармацыю. У 1530-я гады папства нават схілялася да кампрамісу з рэфармісцкім рухам. Аднак у 1540-я гады палітыка контррэфармацыі вызначае ўсе бакі жыцця каталіцкай царквы. Поўнага вяртання да старых парадкаў не магло быць. Каталіцызм вымушаны быў улічваць у сваё палітыцы адбыўшыеся змены. Ён ішоў на секулярызацыю часткі царкоўнай маёмасці, паступіўся некаторымі прывілеямі духавенства, згаджаўся пашырыць ролю дзяржавы ў мясцовых царкоўных справах. Каб выстаяць ва ўмовах Рэфармацыі і павесці контрнаступленне, каталіцкая царква павінна была рэарганізаваць сваю структуру і сістэму кіравання. Пры правядзенні контррэфармацыі важнейшую ролю адыгралі новыя рэлігійныя ордэны, інквізіцыя, цэнзура, дзейнасць і пастановы Трыдэнцкага сабору.

Ордэны, якія ўзніклі ў сярэднія вякі, не адпавядалі патрабаванням барацьбы з Рэфармацыяй. Сярод новых ордэнаў асабліва важную ролю ў барацьбе з Рэфармацыяй адыграў ордэн іезуітаў на чале з Ігнасіем Лайолай, які быў афіцыйна зацверджаны папскай булай у 1540 г. У ордэне была жалезная дысцыпліна і безумоўнае падначаленне загадам. Іезуіты прыносілі клятву на вернасць Папе. Іезуіцкая мараль цалкам знішчала асабісты пачатак у жыцці чалавека. Устаў ордэна 1558 г. патрабаваў ад іезуітаў па загаду начальніка здзяйснення граху, у тым ліку і смяротнага. На чале ордэна стаяў пажыццёвы генерал, які поўнаўладна кіраваў усімі справамі ордэна. Пры ім меўся савет з кантралюючай і дарадчай функцыямі. Генерала і савет выбіраў агульны сход.

Члены ордэна іезуітаў былі вызвалены ад некаторых манаскіх зарокаў, абрадаў і абавязкаў. Нават знешне іезуіты больш нагадвалі свецкіх людзей, вучоных, чым манахаў. Яны павінны былі знаходзіцца ў цэнтры палітычных і грамадскіх падзей, аказваючы на іх рашаючы ўплыў у інтарэсах каталіцкай царквы. Галоўным сродкам іезуітаў было выхаванне і дыпламатыя. Іх сістэма навучання была разлічана пераважна на моладзь з вярхоў грамадства. Каб зрабіць ордэн папулярным, яны давалі адукацыю і дзецям беднякоў. Іезуіты былі ўмелымі арганізатарамі ўніверсітэтаў, школ. Яны паказалі сябе і як лоўкія палітыкі, выступалі духоўнікамі і настаўнікамі манархаў. У моманты стыхійных бедстваў, эпідэмій іезуіты не цураліся самай чорнай працы. Усё гэта спрыяла росту папулярнасці ордэна.

У 1542 г. была рэарганізавана інквізіцыя, і ў Рыме быў утвораны вярхоўны інквізіцыйны трыбунал з неабмежаванаю ўладаю ў пытаннях веры. Яго юрысдыкцыя распаўсюджвалася на ўсе каталіцкія дзяржавы. Ініцыятарам рэарганізацыі інквізіцыі і яе кіраўніком з’яўляецца кардынал Карада. Вялікія інквізітары Карада і Мікеля Гісльеры сталі Папамі Паўлам ІV (1555–1559) і Піем V (1566–1572). Яны даравалі інквізіцыі выключныя правы.

Меч інквізіцыі быў падмацаваны жорсткай кніжнай цэнзурай. У 1543 г. Карада забараніў друкаваць любыя творы без дазволу інквізітараў. Яны назіралі таксама і за гандлем кнігамі і іх перасылкай. У 1559 г. у Рыме з’явіўся індэкс забароненых кніг. Праследаванне інквізіцыяй пагражала не толькі аўтарам, выдаўцам і гандлярам забароненымі кнігамі, але і прыватным асобам за чытанне гэтых кніг, ці за неданясенне аб іх.

У снежні 1545 г. пачаў сваю працу Трыдэнцкі царкоўны сабор. Яго задача заключалася ў тым, каб кансалідаваць усе сілы, якія засталіся вернымі папству. Яго пастановамі каталіцкая царква канчаткова вызначыла свае адносіны да пратэстантызму, асудзіўшы асноўныя яго дагматы. На саборы верхавенства атрымаў найбольш кансерватыўны кірунак у каталіцызме. Папства змагло на саборы адстаяць верхавенства уласнай улады ад замаху з боку сабору і епіскапаў і не дапусціла колькі-небудзь сур’ёзных новаўвядзенняў у царкве.

Ужо ў пачатку працы сабора было пастаноўлена, што апостальнае паданне павінна прызнавацца на раўне з Святым пісаннем. За царквой заставалася выключнае права ў тлумачэнні Святога пісання. Толькі лацінскі пераклад Бібліі лічыўся прымальным для дагматычных доказаў. Сабор пацвердзіў старую дагматыку каталіцкай царквы. Тым самым, ужо на першым этапе працы сабора быў закрыты шлях да кампрамісу з пратэстантамі. Яны паслалі сваіх прадстаўнікоў на другую сесію сабора ў 1551–1552 гадоў. Пратэстанты патрабавалі прызнаць сабор вышэй Папы і адмяніць прынятыя без іх удзелу рашэнні, але гэта было адвергнута.

На трэцім этапе працы сабора (1552–1553) папства сутыкнулася з моцнай апазіцыяй з боку епіскапаў, з імкненнем шэрагу свецкіх правіцеляў да пераўтварэнняў, жаданнем нацыянальных цэркваў шэрагу краін Еўропы правесці пэўныя пераўтварэнні. Але гэтыя сілы дзейнічалі разрознена і прыхільнікі артадаксальнай царквы змаглі захаваць старыя ўстоі царквы. Захавалася меса на лацінскай мове. Шлюб святароў не дапускаўся. Асобы канон абвяшчаў законнасць толькі тых епіскапаў, якія былі зацверджаны Папай. Прадугледжвалася ўзмаценне епіскапскага нагляду за духавенствам. Для падрыхтоўкі ніжэйшага кліра намячалася стварэнне семінарый. Уводзіліся меры супраць злоўжыванняў духавенства: забараняўся гандаль царкоўнымі пасадамі, розныя паборы, канцэнтрацыя некалькіх бенефіцыяў у адных руках.

У 1563 г. Трыдэнцкі сабор завяршыў сваю работу, а ў 1564 г. Папа Пій ІV зацвярдзіў яго пастановы, пакінуўшы за святым прэстолам выключнае права на іх тлумачэнне. Такім чынам, усе пастановы сабора ставіліся ў поўную залежнасць ад Папы, улада якога прызнавалася вышэйшай і непрыракаемай. Папства выкарыстала пастановы сабора, каб ператварыць царкву пад сваім главенствам у строга цэнтралізаваную арганізацыю. Папа Пій V увёў жорсткую эканомію, удвая скараціў рымскі двор, усталяваў санкцыі супраць злоўжывання і распушчанасці духавенства. Калегія кардыналаў страціла сваё значэнне і ператварылася ў орган цалкам падначалены Папе. Пры Папе Грыгорыю ХІІІ былі ўсталяваны пастаянныя нунцыатуры пры дварах свецкіх і духоўных правіцеляў. Нунцыі сталі праваднікамі котррэфармацыйнай палітыкі ў Еўропе, каардынуючы барацьбу з пратэстантызмам. Увядзенне яснасці, парадку і аднаабраззя ў каталіцкую літургію і меры па паляпшэнню падрыхтоўкі святароў павышалі аўтарытэт царквы сярод вернікаў.

Палітычная думка Котррэфармацыі будавалася на прызнанні верхавенства Папы ў справах духоўных і свецкіх. Найбольш крайнія прадстаўнікі гэтай дактрыны гаварылі нават пра права Папы нізлагаць манархаў і вызваляць іх падданых ад прысягі. Іезуіты абвясцілі народ носьбітам вярхоўнай улады, якую ён па свому выбару можа перадаць той ці іншай асобе. Супраць гэтай іезуіцкай канцэпцыі ў Францыі і іншых краінах выступілі прыхільнікі незалежнай нацыяналнай царквы. Яны даказвалі, што ў мірскіх справах толькі дзяржава валодае ўладаю, якая атрымала непасрэдна ад Бога.

Ажыццявіўшы рэарганізацыю і выпрацаваўшы непрымірымую пазіцыю ў адносінах да пратэстанцызму, каталіцкая царква з сярэдзіны 16 ст. узяла курс на ўсебаковую рэстаўрацыю каталіцызму. У барацьбе розных сацыяльна-палітычных груповак яна падтрымлівала тыя, якія ў найбольшай ступені служылі мэтам котррэфармацыі. Ва ўладаннях Габсбургаў – гасудараў супраць іх пратэстантскіх подданых, у Англіі наадварот, антыўрадавую каталіцкую апазіцыю. Рэлігійная рэакцыя знайшла палітычнага саюзніка ў абсалютысцкай уладзе шэрагу буйных дзяржаў Еўропы: Іспанія, Партугалія, Імперыя, а затым і ў Францыі. Святы прэстол дапамагаў манархам у барацьбе з пратэстантызмам грашыма, салдатамі, ахвяраваннем царкоўных маёмасцяў. Галоўнай палітычнай апорай Котррэфармацыі былі Габсбургі, у 16 ст. іспанскія, у 17 ст. – аўстрыйскія.

На радзіме Рэфармацыі ў Германіі пратэстантызм атрымаў поўную перамогу на поўначы і на паўночным усходзе. На поўдні ў многім дзякуючы падтрымцы імператарскай улады захаваў пазіцыі каталіцызм. Рудольф ІІ (1576–1612) аказаў самую дзейсную падтрымку Котррэфармацыі. Котррэфармацыя перамагла таксама ў многіх рэйнскіх гарадах. Каб супрацьстаяць Котррэфармацыі пратэстанты ў 1608 г. стварылі Пратэстанцкі Саюз. Каталікі адказалі стварэннем ў 1609 г. Каталіцкай Лігі. Такім чынам Германія ператварылася ў поле вострага рэлігійна-палітычнага супрацьстаяння.

У Францыі Котррэфармацыя праводзілася пры актыўнай дзейнасці ордэна іезуітаў. Разам з тым, у Францыі не была ўведзена інквізіцыя. Ерытыкоў судзілі каралеўскія трыбуналы. У Францыі не былі афіцыйна прыняты пастановы Трыдзенцкага сабора, хоць ў 1615 годзе генеральная асамблея кліра і выказала салідарнасць з імі. Паміж французскай каронай і папскай курыяй існавалі складаныя адносіны. На міжнароднай арэне Францыя часта выступала разам з пратэстантскімі князямі, што вызначыла пэўную цярпімасць да гугенотаў.

Буйнейшыя тэарэтыкі Рэфармацыі стварылі новае рэлігійнае вучэнне, якое грунтавалася на тэзісе аб непасрэднасці сувязі чалавека з Богам без пасрэдніцтва кліра. Гэтае вучэнне дазволіла ажыццявіць патрабаванне таннай царквы, якое даўно вылучалася перш за сё бюргерствам. Вучэнне Рэфармацыі давала рэлігійную санкцыю дзяржаўнаму ладу на аўтаномнае развіццё. Тым самым умацоўваліся пазіцыі нацыянальных дзяржаў супраць прыцязанняў папства. Рэфармацыя супрацьпаставіла аўтакратычнай пабудове каталіцкай царквы абшчыну веруючых з правам самім выбіраць сваіх духоўных пастыраў. Найбольш радыкальная плынь народнай Рэфармацыі трактавала яе як пачатак сацыяльнага перавароту. Самым распаўсюджаным патрабаваннем бюргерства і значнай часткі дваранства было секулярызацыя царкоўнай маёмасці, усталяванне таннай царквы. Нацыянальна-палітычны аспект гэтага кірунку Рэфармацыі адлюстроўваўся ў імкненні да незалежнасці нацыянальных цэркваў ад Рыма, да багаслужэння на нацыянальнай мове. Для лютаранства было характэрна спалучэнне духоўнай свабоды хрысціяніна з яго абавязковай лаяльнасцю да існуючай улады. Вучэнні Цвінглі і Кальвіна дапускалі супрціўленне рэлігігійнай абшчыны уладам. У выніку рэфармацыі была зламана духоўная дыктатура каталіцкай царквы. Былі створаны больш спрыяльныя умовы для ўмацавання свецкай улады і нацыянальных дзяржаў. Ва ўмовах рэлігійнага поліцэнтрызму стварыліся больш спрыяльныя ўмовы для развіцця рацыяналістычнай навукі і палітычнага плюралізму.




ТЭМА: Гістарычная роля буржуазных рэвалюцый. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя
1. Агульныя рысы і значэнне рэвалюцый эпохі мануфактурнага капіталізму.

2. прычыны і перадумовы Нідэрландскай рэвалюцыі.

3. Пачатковы этап рэвалюцыі.

4. паўстанне 1572 г. і ўтварэнне Рэспублікі Аб’яднаных Правінцый. Паўстанне на Поўдні Нідэрландаў.

5. Завяршальны этап рэвалюцыі і яе вынікі.
Літаратура

1. Барг М.А., Черняк Е.Б. Великие социальные революции XVII–XVIII вв. – М., 1989.

2. Чистозвонов, А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. / А.Н.Чистозвонов. – М., 1957.

3. Чистозвонов, А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. / А.Н.Чистозвонов. – М., 1964.


1. Першы перыяд Новай гісторыі вызначаюць як перыяд мануфактрнага капіталізму. Адпаведна, рэвалюцыі, якія адбыліся ў 16–18 стст., з’яўляюцца рэвалюцыямі эпохі мануфактрнага капіталізму. Гэтыя рэвалюцы характарызуюць яшчэ як раннія буржуазныя рэвалюцыі.

У гістарыяграфіі застаецца дыскусійным пытанне аб тым, якія падзеі адносяцца да буржуазных рэвалюцый. Адносна Нідэрландскай 16 ст., Англійскай 17 ст., Амерыканскай і Французскай 18 ст. спрэчак няма. Гісторыкі пагаджюцца, што гэтыя падзеі па сваім характары былі буржуазнымі рэвалюцыямі. Разыходжанні ўзнікаюць адносна таго, ці можна Сялянскую вайну 1524–1525 гадоў у Германіі, Фронду ў Францыі. Большасць гісторыкаў схіляецца да таго, што гэтыя падзеі па сваім характары не з’яўляліся буржуазнымі рэвалюцыямі.

Фарміраванне перадумоў буржуазных рэвалюцый эпохі мануфактурнага капіталізму звязана з фарміраваннем новай сістэмы адносін ў розных сферах грамадскага жыцця: эканоміцы, палітыцы, ідэалогіі. Што датычыцца эканомікі, то тут адбываецца станаўленне і развіццё капіталістычнага ўкладу. Ён фарміруецца ва ўмовах старой эканамічнай сітэмы. Як правіла, да пачатку рэвалюцыі, ён не ператвараецца ў вядучы эканамічны ўклад краіны. Выключэнне тут складае Галандыя, дзе да пачатку Нідэрландскай рэвалюцыі капіталістычны ўклад стаў пануючым. Не атрымаўшы перавагу ў эканамічным жыцці, капіталістычны ўклад у рамках яшчэ старой эканомікі з’яўляецца найбольш дынамічна развівючымся. Актыўна ствараюцца мануфактуры, расце гандаль, перш за ўсё знешні, таварна-грашовыя адносіны пранікаюць у вёску. Чым больш хутка расце капіталістычны ўклад, тым больш ён сутыкаецца з перашкодамі, якія ствараюцца для яго развіцця старымі сацыяльна-эканамічнымі адносінамі і структурамі: цэхамі, гандлёвымі іпрамысловымі манаполіямі, саслоўнымі прывілеямі. Гэтыя супярэчнасці паміж старым і новым у сацыядьна-эканамічнай сферы патрабуюць свайго вырашэння. Яно можа наступіць ці ў выніку правядзення рэформ, ці ў выніку рэвалюцыі.

Тое, на карысць рэвалюцыі ці рэформы будзе вырашана гэтая альтэрнатыва, у вялікай ступені залежыць ад палітычнага развіцця краіны, ад здольнасці ўлады ажыццявіць рэформы. Фарміраванне перадумоў рэвалюцыі ў палітычнай сферы паскараецца, калі дзяржаўная ўлада ў сваё палітыцы аказваецца няздольнай улічыць патрэбы развіцця новых грамадскіх адносін. Абсалютызм у многіх еўрапейскіх краінах на ранніх этапах развіцця капіталістачнага ўкладу палітакай меркантылізму садзейнічаў яго ўмацаванню. Але не трэба забываць, што еўрапейскія манархіі ў развіцці гандлю і прамысловасці бачылі толькі сродак папаўнення сваёй казны. Пры гэтым абсалютызм як правіла кансерваваў старую сістэму сацыяльна-эканамічных адносін. Напрыклад, спробы каралеўскай ўлады забараніць агароджванні ў Англіі, умацаванне гарадскіх цэхаў Людовікам ХІV, стварэнне манапольных гандлёвых кампаній у розных краінах. Такія меры абмяжоўвалі прадпрымальніцкую свабоду і выклікалі рост апазіцыі абсалютызму сярод буржуазіі горада і вёскі, яе ўцягванне ў рэвалюцыйнуюбарацьбу.

У другой палове 18 ст. альтэрнатывай рэвалюцыйнаму выбух стала плітыка асветніцкага абсалютызму, правядзенне рэформ, якія ліквідавалі найбольш адыёзныя элементы “старога парадку”. Шэрагу краін, дзе такая палітыка праводзілася дастаткова актыўна, Аўстрыя, Прусія, удалося пазбегнуць рэвалюцый.

Важная роля ў фарміраванні перадумоў рэвалюцый належала перавароту ў свядомасці людзей. Тут фарміруюцца ідэалагічныя перадумовы рэвалюцый. Раннія буржуазныя рэвалюцыі першай хвалі, Нідэрландская, Англійская, мелі рэлігійную рэвалюцыйную ідэалогі – кальвінізм. Кальвінісцкая рэлігія і выпрацаваная на яе аснове этыка паводзін як нельга лепш стымулявалі прадпрымальніцкую актыўнасць. Яны прапагандавалі дасягненне поспеху ў зямным жыцці, беражлівасць, тыя каштоўнасці, якія прызнаваліся важнымі для буржуазіі. Акрамя таго, кальвінізм аказаўся ў канфлікце з афіцыйнай царквой, якую падтрымлівала каралеўская ўлада, адпаведна і ў канфлікце з гэтай уладай. Лагічна, што ён стаў ідэйным сцягам апазіцыі абсалютызму. Свядомасць людзей у 16 – першай палове 17 ст. заставалася яшчэ пераважна рэлігійнай. У сілу гэтага ідэйна-палітычная барацьба набывала рэлігійную афарбоўку, выступала як барацьба розных рэлігійных вучэнняў.

Сітуацыя змянілася ў 18 ст., калі ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы распаўсюдзілася ідэалогія Асветніцтва. У свядомасці людзей стаў пераважаць свецкі погляд на грамадскія працэсы. Існуючыя грамадскія парадкі перасталі ўспрымацца як сакральна асвечаныя, каралеўская ўлада перастала ўспрымацца як божская ўлада. Менавіта Асветнітцтва стала ідэалогіяй буржуазных рэвалюцый 18 ст., Амерыканскай і Французскай. Яно не заклікала да рэвалюцыі, але зрабіла мысленне чалавека свабодным, дазваляла асэнсаваць недахопы існуючага грамадства і неабходнасць яго перабудовы.

Агульная задача буржуазных рэвалюцый эпохі мануфактурнага капіталізму заключалася ў там, каб ліквідаваць перашкоды, якія стаялі на шляху развіцця буржуазных адносін. У Нідэрландах (за выключэннем Галандыі), Англіі, Францыі капіталістычны ўклад у эканоміцы і буржуазныя адносіны ў палітычнай сферы на момант пачатку рэвалюцыі яшчэ на сталі пануючымі. Таму задача рэвалюцыі ў гэтых краінах заключалася ў тым, каб ліквідаваць старыя сацыяльна-эканамічныя адносіны, адкрыць прастор для развіцця капіталістычнага ўкладу і стварыць новую, адпавядаючую буржуазнаму грамадству дзяржаўна-палітычную сістэму. Англійскія калоніі ў Паўночнай Амерыцы ў сваёй гісторыі не ведалі развітых феадальных адносін. На момант пачатку Першай Амерыканскай рэвалюцыі ў іх панаваў капіталістычны ўклад у эканоміцы. У палітычнай сферы сфарміравалася сістэма мясцовага самакіравання і прадстаўнічага праўлення, характэрная для буржуазнага грамадства. Таму трэба было ліквідаваць толькі асобныя яго элементы, а таксама абараніць склаўшуюся дэмакратычную для таго часу палітычную сістэму ад нападаў з боку метраполіі.

Паколькі асноўная задача рэвалюцый заключалася ў тым, каб садзейнічаць усталяванню і больш хуткаму развіццю буржуазнага грамадства, яны па свайму характару аб’ектыўна з’яўляюцца буржуазнымі. Таксама рэвалюцыі эпохі мануфактурнага капаіталізму мы можам вызначыць як дэмакратычныя па сваім характару. У выніку іх перамогі ў краінах усталёўваліся канстытуцыйныя рэжымы, прадстаўнічыя формы кіравання. Дапускаўся палітычыны плюралізм. Такім чынам, палітычная сістэма станавілася больш дэмакратычнай у параўнанні з дарэвалюцыйнай эпохай.

Неабходна звярнуць увагу на асаблівасці характару Нідэрландскай і Першай Амерыканскай рэвалюцый. Яны былі не толькі буржуазныя, але нацыянальна-вызваленчыя. Нідэрланды і англійскія калоніі ў Паўночнай Амерыцы ў ходзе рэвалюцый вырашалі задачы вазвалення з-пад замежнага панавання і стварэння нацыянальных дзяржаў. Менавіта замежнае панаванне тут было галоўнай перашкодай на шляху развіцця буржуазных адносін, а таму стварэнне нацыянальных дзяржаў было важнейшай задачай у ходзе Нідэрландскай і Першай Амерыканскай рэвалюцый.

Рэвалюцыі эпохі мануфактурнага капаіталізму з’яўляліся буржуазнымі па свайму характару зыходзячы і з вызначэння тых сацыяльных сіл, якім належала кіруючая роля ў ходзе рэвалюцый. Ва ўсіх рэвалюцыях вывучаемай эпохі кіруючая роля належала буржуазіі. У дачыненні да Нідэрландскай рэвалюцыі можна ўдакладніць, што на момантяе пачатку буржуазія яшчэ не сфарміравалася ў поўнай меры як сацыяльны клас. Таму правільней гаварыць аб кіруючай ролі ў Нідэрландскай рэвалюцыі гарадскога партыцыяту, гандлёвай алігархіі. У ходзе Нідэрландскай рэвалюцыі саюзнікам гандлёвай алігархіі стала дваранства, зацікаўленае ў вызваленні краіны ад іспанскага панавання. У Англіі саюзнікам буржуазіі выступіла “новае дваранства”. Будучы фактычна вясковымі прадпрымальнікамі, “новыя дваране” мелі агульны інтарэс з буржуазіяй у забеспячэнні свабоднага развіцця капіталістычных адносін. У час Першай Амерыканскай рэвалюцыі саюзнікам буржуазіі выступілі плантатары рабаўладальнікі Поўдня. З буржуазіяй Поўначы іх аб’ядноўвала імкненне вызваліцца з-пад англійскага панавання, якое стала перашкодай для развіцця іх прадпрымальніцкай дзейнасці. Французская буржуазія ў час рэвалюцыі канца 18 ст. пайшла на саюз з сялянствам і гарадскім плебсам. Для таго каб сакрушыць феадальна-абсалютысцкія парадкі, уласных сіл французскай буржуазіі аказалася недастаткова. Ёй патрэбен быў саюзнік. Ім не магло стаць “новае дваранства”, бо такі сацыяльны слой у Францыі не сфарміраваўся. Таму буржуазія звярнулася за падтрымкай да сацыцяльных нізоў. Але пры гэтым неабходна улічваць, што плебс аб’ектыўна сваімі дзеяннямі садзейнічаў перамозе капіталізму, а не ствараў яму альтэрнатыву, нягледзячы на суб’ектыўныя памкненні плебейскага руху.

У ходзе Нідэрландскай і Першай Амерканскай рэвалюцый асноўнай формай рэвалюцыйнай барацьбы ў сілу спецыфічнага характару гэтых рэвалюцый стала нацыянальна-вызваленчая вайна. Яна суправаджавалася і канфліктамі ўнутры нідэрландскага і амерыканскага грамадства, якія знаходзілі адлюстраванне ў грамадзянскай вайне. Аднак яна мела другараднае значэнне ў параўнанні з нацыянална-вызваленчай.

Галоўны агульны вынік рэвалюцый заключаецца ў тым, што яны нанеслі ўдар па сістэме “старога парадку” і паскорылі працэс мадэрнізацыі. У ходзе іх былі ліквідаваны дакапіаталістычныя адносіны ў эканоміцы, якія перашкаджалі развіццю капіталістычнага ўклада. Таксама была знішчана сістэма саслоўных прывілеяў, саслоўна-карпаратыўная структура грамадства. Праз рэвалюцыі зацвярджалася новая, буржуазная дзяржаўна-палітычная сітэма. Для яе характэрны прадстаўнічае канстытуцыйнае праўленне, палітычны плюралізм, абарона правоў і свабод асобы з боку дзяржавы. Новая дзяржаўная сістэма спрыяла развіццю новых грамадскіх адносін. Тут пэўнае выключэнне складае дзяржаўная сістэма Рэспублікі Аб’яднаных Правінцый. Узніклі новыя незалежныя нацыянальныя дзяржавы: Рэспубліка Аб’яднаных Правінцый, ЗША. Асабліва важным было ўзнікненне ЗША, бо гэта была першая краіна, створаная на аснове важнейшых прынцыпаў Асветніцтва: суверэнітэт народа, дагаварное паходжанне ўлады, натуральныя правы чалавека. Змянілася свядомасць людзей. Яны асэнсавалі сябе грамадзянамі, якія валодаюць наборам пэўных праў і свабод.

У гістарыяграфіі дыскуссійным з’яўляецца пытанне аб ролі буржуазных рэвалюцый у пераходзе ад “старога парадку” да “новага парадку”. Яшчэ ў сярэдзіне 19 ст. такі французскі гісторык, як Алексіс Таквіль, указваў, што напярэдадні рэвалюцыі ў Францыі ўжо сфарміраваліся многія элементы “новага парадку”: сялянская ўласнасць на зямлю, цэнтралізаванае кіраванне. Рэвалюцыя не ўнесла ў гэты працэс нічога новага, і перход да новага грамадства паспяхова адбыўся б і эвалюцыйным шляхам. Сучасны французскі гісторык Франсуа Фюрэ лічыць, што феадалізм знік у Францыі яшчэ да пачатку рэвалюцыі, а яе заслуга заключаецца ў стварэнні новай дзяржаўна-палітычнай сістэмы. На тое, што пераход да новага грамадства не з’яўляецца заслугай толькі рэвалюцый, указвае і беларускі даследчык Рыер. Ён адзначае прымяняльна да Нідэрландскай рэвалюцыі, што ў Паўночных Нідэрландах у выніку яе ўтварылася незалежная буржуазная рэспубліка. Але гэтая падзея была падрыхтавана доўгім папярэднім развіццём сямі паўночных правінцый. Дваранства і феадальныя адносіны на гэтай тэрыторыі яшчэ да пачатку рэвалюцыі былі слабымі. А трэцяе саслоўе і ў горадзе і ў вёсцы стварыла свае структуры – органы мясцовага самакіравання.

Такмі чынам, можна гаварыць, што рэвалюцыі паскорылі перход ад “старога парадку” да “новага парадку”. Але гэтае паскарэнне суправаджалася влікім грамадскімі выдаткамі, ахвярамі. Пераход пачаўся да рэвалюцый, адбываўся эвалюцыйнымі метадамі, працягваўся пасля рэвалюцый. Знікненне старога і станаўленне новага грамадства не ўяўляла сабой аднаактавы працэс, абмежаваны рамкамі буржуазнай рэвалюцыі. Ён быў больш працяглы. Рэвалюцыям існавала рэфармісцкая альтэрнатыва ў якасці спосаба мадэрнізацыі грамадства. Але нельга адвяргаць і важную ролю рэвалюцый у працэсе мадэрнізацыі. Прычым не толькі ў краіне дзе яна адбывалася. Многія рэформы ў еўрапейскіх краінах ў пачатку 19 ст. адбываліся пад непасрэдным уплывам Французскай рэвалюцыі.

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   23


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка