Гляньце ў сэрца маё у госці да ветэрана




Дата канвертавання30.04.2016
Памер52.13 Kb.
Гляньце ў сэрца маЁ

У госці да ветэрана

Снежаньскі дзень ціха падымаўся над вёскай Філатава. Спачатку густыя воблакі сыпнулі снежнай крупкай напалову з дажджом, а потым і сонца вы-бліснула. Ля дома, дзе жыве Васіль Дзмітрыевіч Еўдакіменка, па першым снезе ля ганкаў былі відаць сляды – выходзіў ужо ветэран удыхнуць свежага ранішняга паветра.

Васіль Дзмітрыевіч Вялікую Айчынную прайшоў ад званка да званка, чатыры разы быў паранены. Ён – кавалер ордэнаў Славы ІІІ ступені і Вялікай Айчыннай вайны, мае медалі “За перамогу над Германіяй” і “За адвагу”, які атрымаў за ўдзел у баях на Курскай дузе. А ваяваць пачаў яшчэ на Фінскай.

Прымільгнулі гады. У сакавіку В.Д. Еўдакіменка споўнілася дзевяноста чатыры. З моцным характарам былы салдат-аўтаматчык. Ён упэўнена трымаецца на сваіх нагах. А пра пачуцці мог бы мовіць словамі вядомага паэта: “Гляньце ў сэрца маё – я прынёс яго з бою, на агні яго можна мячы гартаваць”.

У гэты снежаньскі дзень у госці да Васіля Дзмітрыевіча наведалася адказны сакратар раённай ветэранскай арганізацыі Лідзія Сазановіч, каб пачуць, што напакоіць яго ў цяперашні час. А Васіль Дзмітрыевіч моцна расхваляваўся. Многа разоў расказваў ён нашчадкам аб вайне, і для яго гэта нялёгкія ўспаміны. Тое, што перажыта, беражліва захоўваецца ў памяці. Сярод пражытых гадоў чатыры -- гады франтавых шляхаў.
Ён вызваляў родную вёску

--Радавы Еўдакіменка, ты чаго такі ўзрушаны, што цябе так хвалюе? – камбат некалькі разоў задаў пытанне.

--Ды родная вёска Варашылава побач, за лесам. А я не ведаю, ці жывыя родныя.

Васіль прысеў на край траншэі, задумаўся: «Ноччу зноў будзе бой, пачнецца наступленне. А як жа людзі ў вёсцы?» -- за ўсю вайну ні разу не хваляваўся Васіль так моцна, як у гэты дзень. Пачалося вызваленне Беларусі, і вось з баямі ўжо дайшлі да яго родных мясцін. Вёска на шляху вайны, роднае Варашылава, што ў Касцюковіцкім раёне. Там сляды яго босых ног. Там ён хлапчуком гуляў у вайну, не ведаючы, што гэта самае страшнае зло, якое толькі змаглі прыдумаць людзі.

Цяпер ён разумее, што такое вайна. Ты ідзеш насустрач ворагу, а сябар твой упаў і больш ніколі не ўстане. І ты не ведаеш, дзе чакае цябе смерць, і забываеш, што ідзе яна след у след. З табой імены родных, пад нагамі зямля, якую абараняць -- твой святы абавязак салдата.

-- Я пасадзейнічаю, каб табе, Еўдакіменка, далі звальненне на пяць дзён, -- голас камандзіра прагучаў зноў так нечакана.

-- Я не магу пайсці пабачыцца з роднымі!

-- Чаму?


-- Баюся пачуць самае страшнае, баюся ўбачыць папялішча на месцы роднага паселішча. І яшчэ – не магу пакінуць баявых сяброў.

-- Ідзі, мы ўсе адпускаем цябе ненадоўга. Тым больш, што ты гэта заслужыў.

Чым бліжэй падыходзіў да вёскі салдат, тым мацней калацілася сэрца ў грудзях. Знаёмы лажок, узлесак, поле. Вунь і хаты зусім блізка.

--Мама, -- прашапталі вусны салдата. Быццам яна магла пачуць і выйсці насустрач сыну. Хацелася падняцца Васілю і , як у маленстве, пабегчы праз поле да роднай хаты. Але ён стрымаў свой унутраны парыў, яшчэ доўга ляжаў на мяжы, услухоўваўся ў цішыню восеньскага надвячорка. А потым, ва ўсёй баявой выкладцы, аўтамат цераз плячо, выйшаў на поле. У вёсцы ціха. Вяскоўцы хаваліся ў лесе. Мясцовасць толькі-толькі вызвалілі ад ворага.

Васіль ужо было вырашыў, што з роднымі ён не пабачыцца, трэба даганяць сваю часць, як заўважыў, што ад лесу ідуць тры жанчыны. Адна з іх пазнала Васіля і закрычала: «Арына, глянь, твой сын!»

--Мама!


--Сынок, родненькі, жывы!

--Мяне адпусцілі ненадоўга, каб пабачыць і абняць вас. А вайна яшчэ не скончана, трэба біць ворага, каб ужо назаўсёды вярнуцца з Перамогай.

Чатыры дні прабыў Васіль дома. У родную хату ўвайшоў ён ужо не бесклапотным юнаком, а мужным воінам, якому шмат давялося паспытаць пораху. Ваявалі на фронце ў яго яшчэ тры браты. Старэйшыя, Нікіфар і Іван, і малодшы -- Міхаіл.

Васіль да вайны вучыўся на рабфаку ў г.Арджанікідзе, а потым у Харкаве ў інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. З Харкава яго і прызвалі на службу ў армію. Прайшоў падрыхтоўку ў ваеннай часці г.Яра-слаўля і трапіў на Фінскую. А перад пачаткам Вялікай Айчыннай апынуўся ў Ленінградзе. Калі ў Беларусі ўжо грымелі баі, прыбалтыйскі горад рыхтаваўся да абароны. Маскіравалі і помнікі Леніну, каб іх не відаць было зверху. Яшчэ наперадзе былі 900 дзен блакады і вялікай мужнасці людзей, што засталіся ў горадзе.

Пры абароне Ленінграда Васіль быў паранены, а пасля шпіталя ваяваў ужо пад Харкавам. А потым была Курская дуга, дзе мінамётчык Еўдакіменка атрымаў два раненні. Пасля другой папраўкі біў ворага пад Варонежам. Кожны раз пасля шпіталя трапляў у новую часць. Спачатку быў мінамётчыкам, потым аўтаматчыкам. У складзе аўтаматнай роты Васіль Еўдакіменка вызваляў і Беларусь.

Пра падзеі коратка паведаў бацьку. Маці не хацеў трывожыць, з ёю больш гаварыў пра тое, што вернецца і пасее жыта, яблыні пасадзіць. Наперадзе была яшчэ вайна і бацькі праводзілі сына-салдата. Ён пасяліў у іх сэрцах і ў сэрцах аднавяскоўцаў надзею: ворагу хутка будзе канец.


Зноў гналі ворага на Захад

Сваю часць Васіль дагнаў ужо пад Прапойскам (цяперашні Слаўгарад). У яго падраздзяленні з 80 чалавек у жывых засталося 30. Астатнія загінулі ў баях за Прапойск. Пасля папаўнення зноў жорсткія баі. Горад некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. На гэтым баявым рубяжы Васіль атрымаў чацвёртае, самае цяжкае раненне.

Баявыя сябры ішлі наперад і нарэшце вызвалілі Прапойск. А Васіля ў гэты час вопытныя хірургі вярталі да жыцця. Доўга лячыўся ў шпіталі г.Суража Бранскай вобласці. У 1944 годзе яго камісавалі. Вярнуўся ў роднае Варашылава. Пазней дачакаліся з фронту і малодшага брата Міхаіла. На старэйшых, Івана і Нікіфара, прыйшлі пахаванкі.
Натхненне мірнай працай

Васіль уладкаваўся працаваць у мясцовае сяльпо. А крыху пазней паступіў вучыцца ў Гомельскі пед-інстытут. Закончыў яго па паскоранай праграме і вярнуўся настаўнічаць у свой раён. Выкладаў хімію і біялогію ў вёсцы Ветухна. Пасля вучобы ў Крычаўскім педагагічным вучылішчы ў гэтую ж школу прыехала вучыць малодшыя класы і Валянціна Кандрацьеўна.

У 1948 годзе Васіль і Валянціна згулялі сціплае вяселле і шмат гадоў пражылі разам. Выгадавалі дваіх дзяцей. Дачка Галіна цяпер жыве ў Добрушы, сын Аляксандр тут, у Філатава, даглядае старога бацьку.

А з’ехаць з родных мясцін іх прымусіла Чарнобыль-ская трагедыя. У 1994 годзе пераехалі жыць у Філатава. Да шматлікіх грамат і падзяк, якія атрымаў Васіль Дзмітрыевіч за шматгадовую педагагічную працу, прыбавілася і яшчэ адна. Ужо тут, жывучы ў Філатава, атрымаў ён Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь -- за заслугі ў развіцці масцовага самакіравання і ўмацаванне дэмакратыі, актыўную работу па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

Аднаго разу давялося былому салдату-франтавіку пабываць з экскурсіяй у Ленінградзе. І там, да драбніц, прыпомніўся яму 1941 год.

Менавіта гэтыя мясціны, па якіх правялі групу экскурсантаў, калісьці маскіраваў Васіль, каб не праглядваліся яны ворагу з паветра.

Вельмі расхваляваўся тады Васіль Дзмітрыевіч, бы нанова прайшоў ён свой баявы нялёгкі шлях.

Час забірае ад нас усё, пакідаючы толькі памяць. У памяці Васіля Дзмітрыевіча -- найлепшыя гады, пражытыя з Валянцінай Кандрацьеўнай, якая пайшла з жыцця ў 1999 годзе. Вельмі цяжка і балюча перажыў ён страту. Добра, што пабач дзеці, ўнукі. Унукаў у ветэрана двое, яны ўжо дарослыя.

Аднаго жадае цяпер ветэран: мірнага неба над галовамі нашчадкаў.

Развітаўшыся з Васілём Дзмітрыевічам, абяцалі яму наведацца ў госці ў сакавіку, калі ён будзе адзначаць 95-гадовы юбілей. А пасля будзе і яшчэ адно вялікае свята -- 70-годдзе вызвалення Беларусі. Жыві яшчэ доўга, ветэран!



С. Варапаева.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка