Гісторыя Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча (каледжа)




Дата канвертавання27.03.2016
Памер52.57 Kb.
Гісторыя Ваўкавыскага педагагічнага

вучылішча (каледжа)

Гісторыя Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча своеасаблівая. Пачыналася ўсё ў снежні 1939 года, калі Пастановай ЦК КПБ у г.Ваўкавыску былі заснаваны настаўніцкія курсы. Загадваў гэтымі курсамі нехта Букініч.

Хутка курсы “перараслі” ў педвучылішча. Згодна Пастанове Савета народных камісараў БССР у лютым 1940 г. пачало сваю працу Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча, асноўная спецыяльнасць якога – “Выкладанне ў пачатковых класах”. На жаль, вучылішча праіснавала толькі адзін год, не зрабіўшы ніводнага выпуску, бо перашкодзіла Вялікія Айчынная вайна. Дакументаў аб гэтым перыядзе не захавалася. Вядома толькі, што будынак знаходзіўся на вуліцы Брэсцкай г. Ваўкавыска.

У ліпені 1944 года вораг быў выгнаны з тэрыторыі Гродзенскай вобласці, а ўжо 20 верасня 1944 года вучылішча аднавіла сваю дзейнасць. Паступілі сюды 101 навучэнец, у асноўным юнакі. Існавала таксама падрыхтоўчае аддзяленне, на якім займалася 40 навучэнцаў. Да работы прыступілі дырэктар Андрэй Паўлавіч Кандрацюк, намеснік дырэктара па вучэбкай рабоце Яфім Іванавіч Мішчанка, намеснік па выхаваўчай работе Г.С. Ботвіч, выкладчыкі Аляксандр Іванавіч Гладкевіч, Елізавета Іванаўна Панцялеева, Рахіль Маісееўна Левіна, Анастасія Сямёнаўна Шмайлава. Усяго на працягу 1944-1945 гадоў у вучылішчы працавала 11 выкладчыкаў-франтавікоў.

У першыя пасляваенныя гады выкладчыкам і навучэнцам было і голадна, і цяжка. У сталоўцы адзін раз давалі першае, кавалак хлеба і лыжку кашы. У той час баханка хлеба каштавала 80 рублеў, а зарплата выкладчыка складала 800-1000 рублёў. Нягледзячы ня цяжкасці, усе былі шчаслівыя, таму што вайна скончылася і можна было вучыцца і працаваць.

А выпускнікоў у першых выпусках было больш, чым навучэнцаў. Тлумачылася гэта тым, што многія франтавікі прыйшлі адразу на ІІ-Ш курсы, а тэрмін навучання тады быў два гады.

У 1946 г. адбыўся першы выпуск Ваўкавыскага педвучылішча, дыпломы атрымалі 16 чалавек, якім была прысвоена кваліфікацыя “Настаўнік пачатковых класаў”. Прадстаўнік гэтага выпуску – Хмара Валянцін Сяргеевіч – наш былы выкладчык.

У 1947 годзе дырэктарам стаў Высоцкі І. Е. Другі выпуск у 1949 годзе склаў 65 чалавек.

У 1948г. адбылася сустрэча нашага былога выкладчыка Ражко I.I. з Высоцкім I.Е., пасля якой Ражко І.І. стаў працаваць выкладчыкам малявання ў педвучылішчы. З успамінаў Ражко Івана Іванавіча было запісана, што ў гэты час адбыўся апошні выпуск трохгадовага навучання (вядомыя выпускнікі Галаван Мікалай, Раманчук Роза, Антонава Рыта). У той час паступалі пасля сямігодак і здавалі экзамены па беларускай ці рускай мовах (па выбары), матэматыцы, гісторыі. Абітурыентамі ў асноўным былі дэмабілізаваныя мужчыны.

З 1950 года вучылішча становіцца чатырохгадовым па тэрміну навучання, назапашана добрая вучэбна-матэрыяльная база. Вучылішчу выдзяляецца для практычнай падрыхтоўкі базавая школа, якая падпарадкоўвалася вучылішчу. Загадчыцай базавай школы працавала заслужаная настаўніца БССР Ванда Канстанцінаўна Івашкевіч.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў аказвалі настаўнікі школ горада: Маргарыта Мітрафанаўна Мачок, Вольга Рыгораўна Лісоўская, Алена Іванаўна Грыцкевіч, Зінаіда Кліменцьеўна Гаўрылік, Ніна Ануфрыеўна Хмурчык, Францішка Сігізмундаўна Ушкар, Марына Вацлаваўна Варабей, Галіна Ільінічна Волкава, Валянціна Паўлаўна Скіба, якія ў мінулым з'яўляліся выпускнікамі Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча. Сення цяжка пералічыць усіх тых, хто дапамагаў стаць на ногі навучэнцам педвучылішча, але яшчэ цяжэй пералічыць усіх яго выпускнікоў, іх уклад у развіцце адукацыі на Гродзеншчыне і асабліва на Ваўкавышчыне.

Да 1954 года вобласць і раён былі поўнасцю ўкамплектаваны

настаўнікамі пачатковых класаў, у выніку чаго педвучылішча спыніла сваю дзейнасць. Навучэнцы ІІ курса былі пераведзены ў Навагрудскае, а навучэнцы ІІІ-ІV курсаў– у Лідскае педвучылішчы. Але жыццё паказала, што такія дзеянні былі немэтазгодныя і таму ў 1963 годзе вучылішча адкрываецца ў г.п. Бераставіца. Было прынята 122 навучэнца. Прайшло 18 пасляваенных гадоў і ўмовы жыцця і работы сталі зусім іншымі, педвучылішча мела два вучэбныя карпусы, інтэрнат. У той час дырэктарам педвучылішча быў прызначаны Мамчыц Павел Паўлавіч, а яго намеснікам – Бандарэнка Сяргей Аляксандравіч, які добра вядомы на Ваўкавышчыне. Выкладчыкамі былі Шыгарава Т. П., Канановіч А. А., Бадзьян Э. В., Гомза А.А., Гусінскі Г.А, Леваненя А.М., Зданчык Т.І.

У бераставіцкі перыяд было зроблена толькі два выпускі. У 1966 годзе Пастановай Савета Міністраў БССР Бераставіцкае педвучылішча было пераведзена ў поўным складзе ў Ваўкавыск, дзе яму аддалі будынак па вуліцы Савецкай 1. Сюды пераехала 350 навучэнцаў і 14 выкладчыкаў.

Удасканальваўся вопыт і майстэрства педагогаў, што не змагло не сказацца на падрыхтоўцы навучэнцаў. Практыкантаў педвучылішча пачалі прымаць у школы, у летнікі на практыку з вялікім жаданнем. На абласных нарадах загадчыкі раённых аддзелаў выказвалі добрыя водгукі аб рабоце выпускнікоў ВПВ. Яно ўпэўнена крочыла да прызнання ў рэспубліцы. За перыяд работы з 1977г. па 1984г. вучэбная ўстанова тройчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі. Поспехі ў вучэбна-выхаваўчым працэсе сталі магчымымі, дзякуючы былым кіраўнікам педвучылішча Аляксандру Паўлавічу Кандрацюку (1944-1945 гг.), Івану Емяльянавічу Высоцкаму (1945-1949 гг.), Аляксею Васільевічу Пратажынскаму (1949-1950 гг.), Марыі Нікіцішне Кавалёвай (1950 -1954 гг.), Паўлу Паўлавічу Мамчыцу (1963 – 1975 гг.). Пасля яго з 1975 года па 1983 год дырэктарам стаў Павел Пятровіч Пашкевіч.

Па ініцыятыве і з дапамогай Ваўкавыскага ГК КПБ восенню 1981 года быў адкрыты новы будынак вучылішча, у будаўніцтве якога былі задзейнічаны ўсе сілы навучэнцаў і педагагічнага калектыву. Будынак, які прыняў у свае сцены будучых настаўнікаў і выкладчыкаў зараз з’яўляецца галоўным корпусам па вуліцы Сацыялістычнай, 33.

3 1983г. па 1986г. педвучылішча ўзначальвае Нячай Мікалай Васільевіч.

З 1986 г. і па сённяшні дзень нязменным дырэктарам з’яўляецца Леанід Фёдаравіч Дашкоўскі.

У 1982 годзе была адкрыта падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасці “Працоўнае навучанне”.

3 1997 года ў педвучылішчы вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Выкладанне замежнай мовы”.

У 2000 годзе Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча рэарганізавана ва ўстанову адукацыі "Ваўкавыскі дзяржаўны педагагічны каледж", у 2004 годзе ўключана ў якасці структурнага падраздзялення ў склад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2007 годзе ўстанова яшчэ раз мяняе сваю шыльду і называецца Ваўкавыскі каледж установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы”.

Гонар каледжа – яго выпускнікі. На сённяшні дзень іх болей дзевяці тысяч. Шмат выпускнікоў працуе на кіраўнічых пасадах ва ўстановах адукацыі, у дзяржаўных органах улады, у прадстаўнічых выбарчых органах. Сярод іх – начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Таісія Іванаўна Данілевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў РБ Кашанкова Лілія Васільеўна, Навасад Тамара Іванаўна, доктар філалагічных навук, прафесар Павел Уладзіміравіч Сцяцко, былыя дэканы факультэтаў БДзПУ імя Максіма Танка, кандыдаты гістарычных навук Мікалай Антонавіч Апімах і Аляксей Уладзіміравіч Таўлай, дэкан факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Эдуард Станіслававіч Ярмусік.

У 2008 годзе ў каледжы адкрыта падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях: “Турызм і гасціннасць” і “Дызайн”.

Выкладчыцкі калектыў каледжа налічвае 63 чалавека, 85% з іх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. За апошнія 7 гадоў 8 выкладчыкаў атрымалі акадэмічную ступень магістра, два выкладчыкі вучацца ў аспірантуры.



Каледж выхоўвае і рыхтуе дастойных, прафесійна кампетэнтных настаўнікаў, якія маюць неабходны патэнцыял тэарэтычных ведаў і прафесійных уменняў у арганізацыі вучэбна-выхаваўчай работы з навучэнцамі, валодаюць сістэмай метадычных ведаў у выкарыстанні арсеналу эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання, інавацыйных педагагічных тэхналогій, здольны да бесперапыннай адукацыі і прафесійнага росту. Кожны пяты педагог Ваўкавыскага раёна – выпускнік каледжа.

Прыкладна 80% выпускнікоў штогод паступаюць у Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Рэалізацыя інтэграцыйных працэсаў забяспечвае якасць прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў, павышэнне іх канкурэнтаздольнасці і прафесійнай мабільнасці на рынку працы.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка