Гісторыя беларусі ў іменах І падзеях




Дата канвертавання30.04.2016
Памер251.48 Kb.


НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНТЫТУТ АДУКАЦЫІ
ВУЧЭБНАЯ ПРАГРАМА

ФАКУЛЬТАТЫЎНЫХ ЗАНЯТКАЎ


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Ў ІМЕНАХ І ПАДЗЕЯХ
для вучняў ІХ, ХІ класаў
Складальнікі:

Паноў С.В., кандыдат педагагічных навук, дацэнт

кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі

ДУА «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы»;

Ярашэвіч Л.А, дырэктар ДУА «Сярэдняя

агульнаадукацыйная школа № 14 г. Пінска»,

настаўнік гісторыі

Мінск 2011


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Актуальнасць правядзення факультатыва звязана з ажыццяўленнем функцый гістарычнай адукацыі, вызначаных у канцэпцыі вучэбнага прадмета «Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі», зацверджанай загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 675 ад 29.05.2009 г. Ва ўмовах лінейнай сістэмы навучання гісторыі, калі вучэбны гістарычны матэрыял прадстаўляецца вучням для засваення толькі адзінажды, набывае асаблівую значнасць функцыя фарміравання гістарычнай памяці. Пад гістарычнай памяццю разумеюцца ўсе віды інфармацыі аб падзеях мінулага, іх часе і месцы, удзельніках гістарычных падзей, а таксама здольнасць даражыць гістарычнымі традыцыямі свайго народа. У працэсе фарміравання гістарычнай памяці варта надаць належную ўвагу выпрацоўцы нацыянальнай ідэнтычнасці праз азнаямленне з дзейнасцю і набыткамі прадстаўнікоў беларускага этнасу. Нацыянальная ідэнтычнасць уяўляе сабой канкрэтную эмацыянальна-псіхалагічную, палітыка-ідэалагічную і культурную пазіцыю асобы, якая праяўляецца ва ўспрыняцці і ідэнтыфікацыі сабе ў навакольным асяроддзі з пункта гледжання прадстаўніка беларускай нацыі, якая мае глыбокія гістарычныя карані. Такім чынам, бачыцца магчымасць фарміравання гістарычнай памяці праз ідэнтыфікацыі вучнямі сабе як нашчадкаў той спадчыны, якую пакінулі айчынныя дзеячы гісторыі і культуры.

Крытэрыяльнай асновай пры распрацоўцы зместу факультатыўных заняткаў, арыентаванага на прадстаўленне месца чалавека ў гісторыі, стала вызначэнне таго ўкладу, які пакінулі спадкаемцам гістарычныя асобы і дзеячы культуры.

Мэта правядзення факультатыўных заняткаў заключаецца ў фарміраванні якасцей асобы, звязаных з уменнем выкарыстоўваць засвоеныя веды і ўяўленні аб славутых гістарычных дзеячах і вызначальных падзеях айчыннай гісторыі як кампаненты індывідуальнай і калектыўнай гістарычнай памяці ў працэсе падрыхтоўкі і правядзення выніковай атэстацыі па гісторыі Беларусі, а таксама пры аналізе выпускнікамі сацыяльнай рэчаіснасці і прагназіраванні ўласнай жыццядзейнасці.

Задачамі факультатыва з’яўляюцца наступныя:

- сістэматызацыя і абагульненне кампанентаў вучэбных гістарычных ведаў, якія адлюстроўваюць ролю гістарычных асоб і матывацыю іх сацыяльных паводзін у розных гістарычных падзеях;

- сацыялізацыя асобы вучня праз фарміраванне гістарычнай памяці як сукупнасці ўяўленняў і ведаў беларускага соцыума аб агульным мінулым і як асновы пачуцця гонару за культурна-гістарычныя дасягненні беларускага народа;

- фарміраванне гістарычнай эмпатыі як умення аднаўляць вобраз думак, перажываннняў, настрояў людзей мінулага з пазіцыі ўласцівай іх гістарычнаму часу сістэмы каштоўнасцей.

Структура зместу факультатыва адпавядае структуры вучэбных праграм па гісторыі Беларусі, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы факультатыва падаюцца ў сюжэтна-храналагічнай паслядоўнасці ў адпаведнасці з лінейным прынцыпам праходжання вучэбнага матэрыялу па адпаведных раздзелах, што адпавядаюць 6-11 класам, але пры гэтым дыскрэтна з мэтай рэпрэзентацыі найбольш значных гістарычных асоб і дзеячаў культуры Беларусі і іх ролі ў падзеях, што мелі вызначальны характар для развіцця беларускага этнасу.

Уяўляецца мэтазгодным пры правядзенні факультатыва выкарыстанне прынцыпа культурна-гістарычнага асяроддзя. Згодна з дадзеным прынцыпам пры вывучэнні гістарычных падзей і характарыстыцы іх удзельнікаў найбольш эфектыўным з’яўляецца такое засваенне вучэбнага матэрыялу, пры якім актуалізуецца прадстаўленне аб магчымасці ці неабходнасці выкарыстання набыткаў духоўнай і матэрыяльнай культуры, ідэй, поглядаў, вынаходніцтваў нашых папярэднікаў у жыццядзейнасці сучаснага чалавека. Неабходнымі для засваення вучнямі бачацца менавіта тыя набыткі гістарычных асоб, якімі мы карыстаемся у сучасным культурна-адукацыйным асяроддзі, што будзе спрыяць замацаванню сувязей паміж рознымі пакаленнямі людзей.

Асаблівую ўвагу пры правядзенні факультатыва надаецца фарміраванню вобразаў гістарычных асоб і падзей як ўяўленняў аб кім ці чым-ліба, якія ўзнікаюць ў свядомасці чалавека ў індывідуальным парадку ва ўмовах грамадска-гістарычнай практыкі. Фарміраванне ў вучняў вобразаў іншых людзей, у нашым выпадку гістарычных асоб, ацэнка вынікаў іх дзейнасці можа быць звязана з гістарычнай эмпатыяй (суперажываннем) пры атрактыўным прадстаўленні дзеянняў і поглядаў асоб.

Варта пры стварэнні вобразаў гістарычных асоб прытрымлівацца прыема комплекснай гісторыка-мастацкай характарыстыкі вывучаемых падзей. Такі прыем прадугледжвае выкарыстанне твораў літаратуры і мастацтва як для адлюстравання гістарычных сюжэтаў, так і аўтарскай пазіцыі, якая грунтуецца на пэўнай сістэме каштоўнасцей і перакананняў. Пры гэтым узнікае магчымасць параўнаць бачанне гістарычных падзей і паводзін іх удзельнікаў як з боку сведкаў і відавочцаў, так і з боку нашчадкаў. Варта таксама выкарыстаць міждысцыплінарныя сувязі з беларускай літаратурай.

Вучэбнай праграмай прадугледжваецца фарміраванне ў вучняў дзейнаснага кампаненту гістарычнай адукацыі, які прадстаўлены пералікам способаў дзейнасці, якія абазначаны ў змесце раздзелаў курсівам. Сярод такіх способаў дзейнасці, якімі авалодваюць вучні, ацэньванне ролі і значэння дзейнасці гістарычных асоб, вызначэнне каштоўнасцяў і перакананняў, што складалі матывацыйную аснову дзейнасці чалавека ў гісторыі, іх сістэмы поглядаў як адлюстравання пэўнай ідэалогіі, канкрэтызацыя з дапамогай дакументаў і матэрыялаў пазіцыі іх аўтараў як творцаў гісторыі, тлумачэнне розных пунктаў гледжання на ролю гістарычных асоб і разнастайнасці іх поглядаў і г. д. Так, напрыклад, фарміраванне гістарычнай эмпатыі прадугледжвае ўжыванне такіх метадычных прыемаў, як складанне вуснага сюжэтнага апавядання, аналіз мастацкага твора, прысвечанага гістарычнай асобе, персаніфікацыя. Пры гэтым прадугледжваецца выкарыстанне шырокага кола крыніц гістарычнай інфармацыі, у т.л. дакументальных, эпісталярных, картаграфічных, ілюстрацыйных.

Форма правядзення факультатыву прадугледжвае арганізацыю ў максімальнай ступені самастойнай практыка-арыентаванай дзейнасці вучняў па засваенні зместу праз фарміраванне адпаведных уменняў, звязаных з арыентацыяй у вучэбным інфармацыйным асяроддзі. Да кожнай з тэм факультатыва прадугледжаны заданні, выкананне якіх абапіраецца на выкарыстанне і аналіз рэкамендаваных навукова-папулярных і літаратурна-мастацкіх крыніц.



Змястоўны кампанент факультатыўных заняткаў можа быць рэалізаваны пры апоры на матэрыялы, якія размешчаны ў выданнях, прадстаўленых у спісе рэкамендуемай літаратуры, якія маюць шматпланавы характар, што дазваляе азнаёміцца і прааналізаваць розныя бакі жыцця беларускага грамадства.

На правядзенне факультатыва прадугледжваецца 35 вучэбных гадзін, па адной вучэбнай гадзіне на тыдзень на працягу вучэбнага гада, ці дзве вучэбныя гадзіны на тыдзень пры праходжанні адпаведнага вучэбнага матэрыялу толькі ў другім паўгоддзі. Прадугледжваецца выкарыстанне матэрыялаў факультатыва для правядзення перадэкзаменацыйнага паўтарэння ў выпадку выбару вучнямі экзамена па гісторыі Беларусі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўнік мае права змяніць паслядоўнасць і пераразмеркаваць колькасць вучэбных гадзін пры вывучэнні факультатыва.



ЗМЕСТ
Уводзіны (1 г.) Паняцце гістарычнай памяці. Дыскусіі гісторыкаў па пытанні ролі чалавека ў гісторыі. Сутнасць прыема комплекснай гісторыка-мастацкай характарыстыкі вывучаемых падзей і іх удзельнікаў. Алгарытм работы з матэрыяламі факультатыва, прысвечанымі гістарычным персаналіям.
Раздзел I.

Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да сярэдзіны XIII ст. (3 г.)
Першабытныя людзі на тэрыторыі Беларусі: рэканструкцыя вобраза. Эвалюцыя чалавека ад неандэртальца да краманьёнца: погляды вучоных. Роля першабытнага чалавека ў асваенні тэрыторыі Беларусі, стварэнне ім помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Рэканструкцыя вобраза жыцця першабытных людзей па апісаннні заняткаў і прылад працы, адзення ,зброі, упрыгожванняў.

Князі Полацкага княства ў ІХ–ХІ стст. Прадстаўнікі ўсходнеславянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі: рэканструкцыя вобраза. Узаемаадносіны полацкіх і кіеўскіх княжацкіх дынастый у час існавання Старажытнарускай дзяржавы Кіеўская Русь. Рагвалод і Рагнеда. Рагнеда і вялікі кіеўскі князь Уладзімір. Ізяслаў – сын Рагнеды. Роля князя Усяслава Брачыславiча (Чарадзея) у замацаванні самастойнасці Полацкага княства ва ўмовах феадальнай усобіцы. Княжацка-вечавы лад у Полацку. Дзейнасць веча і роля князя.

Рэканструкцыя аблічча прадстаўніка аднаго з усходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі Беларусі.

Вызначэнне ролі полацкіх князеў на шляху «з варагаў у грэкі». Суаднясенне легендарных звестак аб Усяславе Чарадзеі з дакументальнымі крыніцамі.

Рэлігійна-асветніцкія дзеячы беларускіх зямель у ХІІ-ХІІІ стст. Святая Еўфрасіння Полацкая: выбар жыцця на карысць служэння Богу і асветніцкая дзейнасць. Пачытанне Ефрасінні Полацкай як святой. Рэлігійны подзвіг Кірылы Тураўскага. Маральныя і грамадскія ідэалы асветніка. Хрысціянскі антрапацэнтрызм Кірылы Тураўскага у прытчы пра кульгавага і сляпога.

Вызначэнне матывацыі рэлігійных паводзін Еўфрасінні Полацкай. Вызначэнне сутнасці маральных поглядаў Кірылы Тураўскага па матэрыялах яго прытч.
Раздзел ІІ.

Гісторыя Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ ст. (4 г.)
Князі Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове ХІІІ – сярэдзіне ХІV ст. Роля вялікіх князёў літоўскіх ва ўмовах адзінаўладдзя. Летапісныя звесткі пра Літву і князя Міндоўга. Каранацыя Міндоўга ў Навагрудку. Умацаванне вялікакняжацкай улады пры Гедыміне і яго прынцып дзяржаўнага кіравання. Умацаванне дзяржавы пры Альгердзе.

Характарыстыка палітыкі князеў ВКЛ у дачыненні да ўсходнеславянскага насельніцтва.

Ягайла і Вітаўт: ўзаемаадносіны ў час Крэўскай уніі і Грунвальдскай бітвы. Барацьба Ягайлы за вялікае княжанне. Ягайла і Андрэй Полацкі. Крэўскае пагадненне як персанальная ўнія. Роля Ягайлы ў працэсах паланізацыі і акаталічвання беларускіх зямель. Пазіцыя Вітаўта па забеспячэнні самастойнасці ВКЛ у час унутрыпалітычнай барацьбы з Ягайлам. Матывацыя Вітаўта ў справе атрымання каралеўскай кароны. Роля Ягайлы і Вітаўта як удзельнікаў Грунвальдскай бітвы. Погляды гісторыкаў на ролю Ягайлы і Вітаўта.

Вызначэнне матывацыйнай асновы палітычнага выбару вялікага князя літоўскага Ягайлы.

Складанне сюжэтнага аповеду аб тактыцы Ягайлы і Вітаўта ў час Грунвальдскай бітвы з апорай на дакументальныя крыніцы і матэрыялы мастацкай літаратуры.

Характарыстыка Вітаўта як дзяржаўнага дзеяча.

Мікола Гусоўскі і яго «Песнь пра зубра». Прадстаўнік лацінамоўнай паэзіі. Матывы творчасці. Сюжэты гісторыі і прыроды роднага краю ў паэме «Песнь пра зубра». Погляды даследчыкаў па пытанні малой радзімы (паходжання) М. Гусоўскага.

Вызначэнне матываў творчасці М. Гусоўскага.

Францыск Скарына і выданне кніг Бібліі. Погляды і друкарская дзейнасць Ф. Скарыны як прыклад служэння свайму народу. Ф. Скарына як гуманіст і асветнік Грамадзянская мужнасць Ф. Скарыны. Талерантная пазіцыя Ф. Скарыны. Велічнасць постаці Ф.Скарыны.

Вызначце маральнасці і патрыятызму Ф. Скарыны па тэкстах яго выданняў. Характарыстыка Ф. Скарыны як сімвала (брэнда) беларускага этнасу.
Раздзел III.

Гісторыя Беларусі ў другой палове XVI XVIII ст. (8 г.)
Леў Сапега і яго роля ў захаванні самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага ва ўмовах Люблінскай уніі. Л. Сапега як палітычны і дзяржаўны дзеяч і прыхільнік ідэі афармлення прававой дзяржавы. Пазіцыя Л. Сапегі па пытанні захавання самастойнасці ВКЛ ва ўмовах уніі з Польшчай. Рэдагаванне і прыняцце III Статута ВКЛ як прыклад кадыфікацыі сацыяльных адносін. Намеры Л. Сапегі ў міжнародных стасунках у «Смутны час». Пазіцыя Л. Сапегі у працэсе распаўсюджвання ўніяцтва.

Вызначэнне пазіцыі Л. Сапегі ў захаванні самастойнасці ВКЛ і яго ролі ва ўсталяванні талерантных адносін у тагачасным грамадстве.

Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл: палітыка і каханне. Месца і роля Жыгімонта ІІ Аўгуста ў дынастыі Ягелонаў. Пазіцыя Боны Сфорцы і Мікалая Радзівіла Чорнага ва ўзаемаадносінах Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл. Роля Боны Сфорцы і Жыгімонта ІІ Аўгуста ў правядзенні «Валочнай памеры». Адлюстраванне легенд аб гісторыі крыжовых паходаў, геральдыкі італьянскага горада Мілана ў гарадскім гербе Пружан у час надання яму Магдэбургскага права.

Суаднясенне легендарнай гісторыі і дакладных гістарычных звестак аб узаемаадносіах Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл.

Сымон Будны і рэфармацыйны рух у ВКЛ. Рэлігійныя погляды С. Буднага ва ўмовах пашырэння ўплыву каліцтва і ўціску праваслаўнай царквы. Сутнасць Катэхізіса (Сімвала веры) С. Буднага. Роля С. Буднага ў падрыхтоўцы рэфармавання каталіцкай царквы. С. Будны як адзін з прадстаўнікоў рэфармацыйнага руху і яго барацьба з Контррэфармацыяй. Кнігавыдавецкая дзейнасць С. Буднага.

Вызначэнне поглядаў С. Буднага на рэфармаванне каталіцкай царквы і грамадства на біблейскіх прынцыпах роўнасці і сацыяльнай справядлівасці.

Сімяон Полацкі і яго ўклад у развіцце рускай культуры. Дзейнаць Сімяона Полацкага як адлюстраванне агульных пачаткаў у культуры беларускага і рускага народаў. Роля Сімяона Полацкага ў станаўленні рускага тэатра. Сімяон Полацкага як настаўнік і асветнік, як першы расійскі прафесійны пісьменнік.

Характарыстыка ўклада Сімяона Полацкага ў развіцце ўсходнеславянскай культуры і яго гісторыка-культурнай спадчыны. Вызначэнне імя Сімяона Полацкага як брэнба беларускага этнасу ў прасторы міжкультурных стасункаў.

Казімір Лышчынскі і яго погляды на веру чалавека ў Бога. К. Лышчынскі як заснавальнік новых поглядаў на існаванне чалавека. Пазіцыя К. Лышчынскага як адлюстраванне яго грамадзянскай мужнасці ва ўмовах існавання царкоўных дагматаў. Пазіцыяніраванне грамадска-палітычнай думкі К. Лышчынскага як атэістычнай.

Суаднясенне поглядаў К. Лышчынскага на сутнасць і прызначэнне чалавека ў грамадстве з сучаснымі грамадазнаўчымі канцэпцыямі.

Казімір Семяновіч і яго «Вялікае мастацтва артылерыі». Распрацоўшчык сістэма залпавага агню з прымяненнем атылерыйскай зброі. Вынаходніцтва К. Семяновічам трохвугольнага крыла як папярэдніцтва сучаснай авіяцыі. Ідэя К. Семяновіча аб шматступенчатай ракеце як прадвесне даследванняў К.Э. Цыялкоўскага і С. П. Каралёва у стварэнні тэорыі палётаў у космас.

Ацэньванне значнасці адкрыццяў К. Семяновіча для далейшага асваення касмічнай прасторы.

Антоній Тызенгаўз і яго рэформы. А. Тызенгаўз як «вучоны муж». Прыхільнік поглядаў і ідэй французкага асветніка Ж.Ж. Русо, Ж.Э.Жылібера. Актыўны рэфарматар па пераўтварэнню сваёй краіны. Адукацыйная дзейнасць А. Тызенгаўза. Роля А. Тызенгаўза ў развіцці матэрыяльнай вытворчасці.

Характарыстыка ролі А. Тызенгаўза ў прапагандзе ідэй Асветніцтва і захаванні самастойнасці Рэчы Паспалітай.

Тадэвуш Касцюшка і яго ўклад у грамадска-палітычныя падзеі ў ЗША і Рэчы Паспалітай. Т. Касцюшка як нацыянальны герой Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі. Уклад Т. Касцюшкі ў абвяшчэнне незалежнасці ЗША. Знаёмства з першым прэзідэнтам ЗША Дж. Вашынгтонам і сяброўства з Т. Джэферсанам. Увасабленне поглядаў і ідэй Т. Касцюшкі ў лозунге паўстання 1794 г. «Свабода, цэласнасць, незалежнасць».

Вызначэнне ўкладу ўраджэнца Беларусі Т. Касцюшкі ў развіццё польскай і амерыканскай дзяржаўнасці.
Раздзел IV.

Гісторыя Беларусі канца XVIII – пачатку XX ст. (7 г.)
Міхал Клеафас Агінскі як грамадска-палітычны дзеяч на зломе эпох. М.К. Агінскі як прыхільнік ідэй Вялікай Французскай буржуазнай рэвалюцыіі аб незалежнасці дзяржавы і свабодзе народа. М.К. Агінскі як аўтар славутага паланеза «Развітанне з Радзімай» і плана аднаўлення аўтаномнага Вялікага Княства Літоўскага пад эгідай Расійскай імперыі. Эмацыянальны настрой паланеза «Развітанне з Радзімай». Палітычны разлік аўтара «плана Агінскага».

Вызначэнне патрыятычнай сутнасці палітычных поглядаў і музыкальнага твора М.К. Агінскага.

Адам Міцкевіч як «геній памежжа культур». Матывы роднага краю ў творчай спадчыне А. Міцкевіча. Пачуццё кахання юнага паэта. Грамадска-палітычныя погляды А. Міцкевіча. Адлюстраванне гістарычных падзей у творах паэта. Вобраз А. Міцкевіча ў творчасці мастака Валенція Ваньковіча.

Характарыстыка пачуццяў А. Міцкевіча па яго творах. Вызначэнне месца творчасці А. Міцкевіча ў польскай і беларускай культурах.

Ігнат Дамейка і Зыгмунт Мінейка – гонар і слава беларусаў за мяжой. Грамадская пазіцыя І. Дамейкі ў гістарычных падзеях першай паловы ХІХ ст. І. Дамейка як вучоны з сусветным імем. «Вялікі асветнік» і ганаровы грамадзянін Чылі. Ідэалы свабоды, незалежнасці і справядлівасці як матывацыйная аснова грамадска-палітычнай пазіцыі З. Мінейкі З. Мінейка як аматар старажытнагрэчаскай гісторыі і ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Вызначэнне значнасці постаці І. Дамейкі для стварэння іміджа беларусаў за мяжой.

Характарыстыка прагматызму і рамантызму, якія спалучаліся ў дзейнасці З. Мінейкі.

Вікенцій Канстанцін Каліноўскі як прыхільнік ідэі сацыяльнай справядлівасці. Месца і роля В.К. Каліноўскага ў паўстанні 1863 г. В.К. Каліноўскі як рэвалюцыянер-дэмакрат. Погляды В.К. Каліноўскага як матывацыйная аснова яго сацыяльных дзеянняў. «Мужыцкая праўда» В.К. Каліноўскага. Ацэнка беларускімі гісторыкамі дзейнасці і поглядаў В.К. Каліноўскага. Ідэі В.К. Каліноўскага аб узаемаадносінах улады і народа ў дзяржаўным будаўніцтве Рэспублікі Беларусь.

Вызначэнне сутнасці ідэй В. К. Каліноўскага і іх актуальнасці ў сучаснай практыцы сацыяльных адносін..

Францішак Багушэвіч і яго духоўны запавет. Ф. Багушэвіч як абаронца пацоўнага люду. Роля Ф. Багушэвіча ў станаўленні і захаванні беларускай літаратурнай мовы. Гісторыя псеўданіма Ф. Багушэвіча. Літаратурная дзейнасць Ф. Багушэвіча як адлюстраванне ідэі захавання і адраджэння беларускай мовы

Вызначэнне характару закліку Ф. Багушэвіча да захавання роднай мовы і культуры як аднаго з фактараў самаідэнтыфікацыі беларускага этнасу.

Вобраз Марка Шагала і яго твораў як адлюстраванне іміджу Беларусі па-за яе межамі. Любоў да роднага краю і каханне як матывы творчасці М. Шагала. Месца М. Шагала ў культурна-гістарычным асяроддзі Віцебска як творчага цэнтру пачатку ХХ ст. Мастацкі водгук М. Шагала на падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Пачуцце настальгіі аб родным краі ў палотнах мастака. Сусветнае прызнанне творчасці мастака па-за межамі Радзімы.

Вызначэнне месца творчасці М. Шагала ў сучасным культурна-гістарычным асяроддзі Беларусі і магчымасцей аднаўлення яго імя як брэнда беларускага грамадства.

Янка Купала і Якуб Колас: прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне. Іван Дамінікавіч Луцэвіч і Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч: складанасць жыццёвага і творчага шляхоў. Матывы клопату класікаў нацыянальнай літаратуры аб захаванні і развіцці самабытнай беларускай народнай культуры. Адлюстраванне вобразаў простых людзей і іх жыцця ў складаных гістарычных умовах у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Літаратурная спадчына Я. Купалы і Я. Коласа як прыклад годнасці і ўдзячнасці да продкаў, любові да роднага краю.

Вызначэнне сацыяльных матываў у творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Характарыстыка поглядаў Я. Купалы і Я. Коласа ва ўмовах існавання савецкай грамадска-палітычнай сістэмы.
Раздзел V.

Гісторыя Беларусі 1917–1945 гг. (5 г.)
Пачынальнікі беларускай дзяржаўнасці. Пазіцыі прадстаўнікоў рэвалюцыйна-класавага (А. Мяснікоў, К. Ландар, В. Кнорын) і нацыянальна-дэмакратычнага кірункаў (З. Жылуновіч, А. Чарвякоў) у афармленні беларускай дзяржаўнасці. Роля чалавечага фактару ў прыняцці рашэнняў на Усебеларускім з’ездзе, пры абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі і стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, у працэсе ўдзелу Беларусі ва ўтварэнні Саюза ССР.

Вызначэнне супярэчнасці і пераемнасці ў пазіцыях прадстаўнікоў розных палітычных накірункаў па пытанню афармлення беларускай дзяржаўнасці.

Беларускія гісторыкі: уклад у навуку і грамадска-палітычнае развіцце. Погляды Вацлава Ластоўскага на этнагенез беларусаў. Праекты афармлення беларускай дзяржаўнасці. Палітычная дзейнасць В. Ластоўскага. Намаганні В. Ластоўскага па адраджэнні культурна-гістарынай спадчыны Беларусі. Усевалад Ігнатоўскі як прадстаўніе беларускай гістарычнай навукі. Уклад У. Ігнатоўскага як старшыні Інстытута беларускай культуры ў рэалізацыю палітыкі беларусізацыі. Усевалад Ігнатоўскі – першы прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук. Трагічнасць жыццевага лесу У. Ігнатоўскага.

Характарыстыка навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасці беларускіх навукоўцаў-гісторыкаў у яе ўзаемасувязі.

Леў Выгоцкі і Аляксандр Чыжэўскі: інавацыйны характар навуковых адкрыццяў. Л.С. Выгоцкі і яго культурна-гістарычная тэорыя. Уклад А.Л. Чыжэўскага ў развіцце псіхалогіі. А.Л. Чыжэўскі заснавальнік геліябіялогіі і гістарыяметрыі. Сутнасць навуковых поглядаў А.Л. Чыжэўскага ў даследванні перыядычнасці сусветна-гістарычнага працэсу. Роля вынаходніцтваў А.Л. Чыжэўскага ў фарміраванні сучаснага культурна-гістарычнага асяроддзя.

Характарыстыка культурна-гістарычнай тэорыі Л.С. Выгоцкага пры рэалізацыі прынцыпаў развіццёвага навучання

Вызначэнне ўплыву вынаходніцтваў А.Л. Чыжэўскага на развіццё сучаснага грамадства.

Браніслаў Тарашкевіч і Язэп Драздовіч: уклад у развіцце культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа. Адлюстраванне ў жыццёвым лесе і дзейнасці Б. Тарашкевіча і Я. Драздовіча гістарычнага развіцця беларускага этнасу ва ўмовах яго знаходжання ў складзе Польшчы. Спалучэнне адукацыйнага і грамадска-палітычнага кірункаў у дзейнасці Б. Тарашкевіча ў Заходняй Беларусі. Я. Драздовіч як адзін з пачынальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Намаганні Я. Драздовіча па адраджэнні культурна-гістарынай спадчыны Беларусі. Сутнасць касмаганічнай тэорыі Я. Драздовіча. Ацэнка арыгінальнасці постаці Я. Драздовіча і нацыянальнага характару яго творчасці.

Характарыстыка культурна-гістарычнай спадчыны Б. Тарашкевіча і Я. Драздовіча як набыткаў беларускага народа ў развіцці духоўнай культуры.

Народны герой дзед Талаш. Удзел В.І. Талаша ў барацьбе супраць акупантаў у час грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Дзед Талаш як прадстаўнік беларускага народа. Адлюстраванне дзейнасці Талаша ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва».



Характарыстыка менталітэту беларускага народа на прыкладзе жыцця дзеда Талаша.
Раздзел VІ.

Гісторыя Беларусі ў другой палове 1940-х гг. - пачатку XXI ст. (7 г.)
Кірыла Мазураў і Петр Машэраў: удзел у барацьбе з ворагам і ўклад у станаўленне пасляваеннай індустрыяльнай Беларусі. Дзейнасць па арганізацыі і кіраўніцтве партызанскім і патрыятычным падпольным рухам як адлюдстраванне ўсенароднага характару барацьбы беларускага народа ў час Вялікай Айчынай вайны. К.Т. Мазураў – першы беларус на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ у пасляваенны час. Асабістыя якасці К.Т. Мазурава і П.М. Машэрава і іх асабістыя пазіцыі ў грамадска-палітычнай дзейнасці. Крынцы народнай павагі да К.Т. Мазурава і П.М. Машэрава.

Вызначэнне К.Т. Мазурава і П.М. Машэрава як дзеячаў, якія сімвалізуюць сабой лепшыя якасці беларускага народа.

Іван Мележ і Іван Шамякін як апавядальнікі гістарычных лёсаў беларусаў. Мастацкае ўвасабленне шматлікіх гістарычных падзей у творчасці беларускіх пісьменнікаў. Трылогія І. Мележа «Палеская хроніка» як адлюстраванне лёсу беларускага сялянства ў 1920—1930-я гг. на Палессі і роздум над гісторыяй беларускага народу. Лёсы пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны ў літаратурнай дзейнасці І.П. Шамякіна. Раскрыцце праблем Чарнобыля. Гістарычныя сюжэты ў творах І.П. Шамякіна.

Вызначэнне ролі мастацкага асэнсавання пісьменнікамі грамадскіх працэсаў ў фарміраванні гістарычнай памяці свайго народа.

Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў: спалучэнне творчых і грамадзянскіх пачаткаў у дзейнасці. Адлюстраванне трагічнага і гераічнага ў лесах прадстаўнікоў беларускага народу ў час барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў творах пісьменнікаў. Грамадская пазіцыя А. Адамовіча па пытанні галоснасці вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС як тэхнагеннай катастрофы. В. Быкаў як удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і сведка гістарычных падзей. Пазіцыя В. Быкава па адраджэнні гістарычнай памяці беларускага народа.

Вызначэнне грамадскай пазіцыі А. Адамовіча і В. Быкава пры асэнсаванні і творчым адлюстраванні імі жыццёвых лёсаў прадстаўнікоў беларускага народа.

Уладзімір Караткевіч як захавальнік гістарычнай памяці беларускага народа. Шматвобразнасць гістарычных сюжэтаў у творчасці У.С. Караткевіча. Раскрыцце духоўнага свету бедарусаў і сувязі іх асабістага лёсу з лёсам Бацькаўшчыны. Любоў да Радзімы ў творах У.С. Караткевіча.

Вызначэнне рамантычных, фальклорна-легендарных пачаткаў пры асэнсаванні мінуўшчыны ў творчасці У. Караткевіча.

Уладзімір Мулявін як прадстаўнік беларускай музычнай культуры. Адлюстраванне фальклорна-этнагарфічных матываў і тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў песеннай творчасці У. Мулявіна. Роля У. Мулявіна ў прафесійным станаўленні рэпертуару вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Творчасць У. Мулявіна як увасабленне любові да Беларусі.

Вызначэнне патрыятычных матываў у музычнай творчасці У. Мулявіна.

Міхаіл Савіцкі: жыццевы лес і яго адлюстраванне ў творчасці мастака. Мастацкае ўвасабленне жахаў фашысцкіх канцлагераў і сілы духа іх вязняў у цыкле карцін М.А. Савіцкага «Лічбы на сэрцы». Вобраз маці-партызанкі ў мастацкім цыкле «Беларусь партызанская». Адлюстраванне чарнобыльскай трагедыі ў цыкле карцін «Чорная быль». М.А. Савіцкі як патрыет сваей Радзімы.

Вызначэнне кодэкс гонару мастака, які ўвасоблены ў яго карцінах.

Аляксандр Лукашэнка – першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Роля кіраўніка дзяржавы ў вызначэнні стратэгічнага курсу развіцця краіны на рубяжы стагоддзяў. Выбар кірункаў грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця. Уклад А.Р. Лукашэнкі ў станаўленне і развіццё беларускай суверэннай дзяржавы. Пазіцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у пераадоленні унутрыпалітычных супярэчнасцей і фарміраванні прававой дзяржавы. Вызначэнне вектараў знешнепалітычнага развіцця.

Характарыстыка ролі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у пераадоленні крызісных з’яў і стварэнні перадумоў стабільнага развіцця краіны.




ЧАКАЕМЫЯ ВЫНІКІ НАВУЧАННЯ
У выніку правядзення факультатыву вучні засвойваюць яго змястоўны кампанент, г.зн.:

- кампаненты вучэбных гістарычных ведаў, якія адлюстроўваюць ролю гістарычных асоб і матывацыю іх сацыяльных паводзін у розных гістарычных падзеях;

- уяўленні і веды ў іх сукупнасці аб агульным мінулым як аснове пачуцця гонару за культурна-гістарычныя дасягненні беларускага народа;

- вобразы людзей мінулага з пазіцыі ўласцівых для іх гістарычнага часу думак, перажываннняў, настрояў, сістэмы каштоўнасцей.

У працэсе авалодання вучнямі дзейнасным кампанентам факультатыва ў іх фарміруюцца наступныя ўменні:

- складаць вуснае сюжэтнае апавяданне аб дзейнасці асобы ў гісторыі;

- аналізаваць твор мастацтва, прысвечаны гістарычнай асобе;

- праводзіць персаніфікацыю гістарычнай асобы;

- тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж прычынамі і вынікамі дзейнасці гістарычных асоб;

- ацэньваць ролю гістарычных асоб і дзеячаў культуры і характарызаваць матывацыйную аснову іх дзейнасці;

- удакладняць з дапамогай дакументаў і матэрыялаў пазіцыі іх аўтараў;

- адрозніваць гістарычныя факты ад іх інтэпрэтацый, прадстаўленых у навуковых даследваннях і творах мастацтва;

- тлумачыць розныя ацэнкі ролі гістарычных асоб і прычыны разнастайнасці іх поглядаў;

- супастаўляць і тлумачыць розныя пункты гледжання сведкаў і нашчадкаў гістарычных падзей;

- ажыццяўляць пошук, збор, сістэматызацыю і абагульненне інфармацыі, неабходнай для характарыстыкі дзейнасці гістарычных асоб.


РЭКАМЕНДУЕМАЯ ЛІТАРАТУРА

Асноўная

Антонович С. Петр Машеров. Мн., 1993.

Асветнікі зямлі Беларускай. Х – пачатак ХХ ст. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001.

Бутрамееў У. Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі. Мн., 1995.

Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993.

Гісторыя Беларусі ў літаратурных вобразах / Склад. М.Г. Гнеўка. Мн., 1979.

Дайнека Л.М. След Ваўкалака. Мн., 1988.

250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур. Мн, 2008.

Жыгоцкі М.Р. Легендарны дзед. Мн, 1993.

Иоффе Э.Г. От Мясникова до Малофеева. Кто руководил БССР. Мн, 2008.

Марціновіч А. Святая Ефрасіння: Нарыс. Мн., 1999.

Марціновіч А.А. У часе прасветленыя твары. Мн., 1999.

Марціновіч А.А. Свечка на золкім ветры. Эсе. Мн., 2006.

Марціновіч А. Залатавуст з Турава, альбо Якая яна старажытная Тураўшчына? Мн., 2000.

Марціновіч А.А. Птушкі з пакінутых гнездаў. Гісторыя ў асобах. Эсе. Мн., 2007.

Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы …Гістарычныя эсэ, нарысы. У 3 кн. Мн., 2008.

Марціновіч А.А. Рагнеда і Рагнедзічы. Мн., 2010.

Медведев Р.А. Александр Лукашенко. Контуры белорусской модели. М., 2010.

Мысліцелі і асветнікі Беларусі . Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1995.

Мяснікоў А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты. Мн., 2008.

Шалькевич В.Ф. К.Калиновский: страницы истории. Мн., 1989.

Тарасаў С.В. Чарадзей сёмага веку Траяна: Усяслаў Полацкі. Мн., 1991.

Чаропка В. Імя ў летапісе. Мн., 1994.

Дадатковая

Арлоў У. Прысуд выканаў невядомы. Мн., 1992.

Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. — Мн., 1996.

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Энцыклапедыя. Мн., 1990.

Беларусы: У 8 т. Мн, 1995–2004.

Бутэвіч А. Званы Нямігі. Сем цудаў Беларусі. Мн., 2002.

Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. У 3-х т. Мн., 2005, 2006, 2010.

Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы / М.Біч, Р.Гарэцкі, У.Конан і інш. Мн, 2007.

Грыгор’ева В. В. і інш. Ці ведаеце Вы гісторыю сваёй краіны. Мн., 1998.

Ермаловіч M.I. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Мн., 2000.

История Беларуси. Словарь-справочник. Под ред. С.Ф.Дубенецкого. Мн., 2000.

К. Каліноўскі. За нашу вольнасць. Творы, дакументы. Уклад. Г.Кісялёў. Мн., 1988.

Кніга для чытання па гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў (VI—XV стст.). Аўт.-склад. Н.Я.Новік. Мн., 2003.

Кніга для чытання па гісторыі Беларусі (канец ХVІІІ – 1917 г.): 8 кл. Мн.. 2007.

Кніга для чытання па гісторыі Беларусі (1917 – 1945 гг.): 9 кл. Аўт.-склад. Н.Я.Новік. Мн.. 2002.

Красинский А. Юрий Тарич. — Мн., 1971.

Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мн.,1998.

Масляніцына І., Багадзяж М. Слава і няслаўе. Мн., 1995.

Масленицина И., Богодяж Н. Радзівілы – нясвіжскія каралі. Мн., 1997.

Масленицина И., Богодяж Н. Кавалеры и дамы белорусского Ренессанса. Мн., 2000.

Масленицина И., Богодяж Н. По рыцарским законам. Мн., 2001.

Мяснікоў А. Нацдэмы: лёс і трагедыя. Мн., 1993.

Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993.

Падокшын С.А. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мн., 2003.

Памяць: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн, 1985 – 2004.

Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Мн., 1996.

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. Мн., 1991.

Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Вып. 1-2. Мн., 2000, 2003.

Сыны і пасынкі Беларусі. / Уклад. Барыс С.В. Мн., 1996.

Цярохін С.Ф. Славутыя адвагай на вайне. Мн., 1991.

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1988.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Мн, 1993–2003.

Якімовіч А. Кастусь Каліноўскі. Мн., 1976.



Навукова-метадычная

Баранов П.А. Актуальные проблемы методики преподавания истории в школе. Практическое пособие для системы последипломного образования. М., 2002.

Вяземский Е.Е., Стрелова О.Ю. Как сегодня преподавать историю в школе. Пособие для учителя. М., 1999.

Вяземский Е.Е., Стрелова О.Ю. Методические рекомендации учителю истории. Основы профессионального мастерства. Практическое пособие. М., 2000.

Ерохина М.С. Историческая личность: современная методика изучения // Преподавание истории в школе. 1996. № 7.

Лернер И.Я. О роли человека в истории // Преподавание истории в школе. 1990. № 2.

Мыскин В.А. Изучение личности исторического деятеля // Преподавание истории в школе. 1991. № 4.

Степанищев А.Т. Методика преподавания и изучения истории. В 2 ч. М., 2002.

Студеникин М.Т. Методика преподавания истории в школе. М., 2000.

Інтернэт-рэсурсы

Назва партала, сайта

Электронны адрас

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

http://opac.bas-net.by/hi

Нацыянальная бібліятэка Беларусі

http://www.nlb.by

Архівы Беларусі

http://archives.gov.by

Віртуальны курс лекцый па гісторыі Беларусі

http://www.belarusianhistory.narod.ru

Беларускі гістарычны агляд

http://gw.lingvo.minsk.by

Беларусіка-Albaruthenica

http://gw.lingvo.minsk.by/mab/@book/index.htm

Гісторыя Беларусі. Асобы

http://tbm.org.by

Глобус Беларусі

http://globus.tut.by

Гісторыя Беларусі

http://albaruthenia.by

Міжнароднае грамадскае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

http://www.zbsb.org

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

http://niab.belhost.by

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

http://museum.bsu.by


Аўтарская даведка

аб дапрацоўцы праграмы факультатыўных заняткаў «Гісторыя Беларусі ў імёнах і падзеях» па заўвагах і прапановах канд. гіст. навук, дацэнта В. Вароніна


На с. 7 у матэрыяле «Князі Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове ХІІІ – сярэдзіне ХІV ст.» у тэксце пытання папраўлена фармулёўка аб вызначэнні ўплыву ўсходнеславянскага этнічнага фактару ў працэсе станаўлення ВКЛ.

На с. 9 у матэрыяле «Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл: палітыка і каханне» уведзены радок аб месцы і ролі Жыгімонта ІІ Аўгуста ў дынастыі Ягелонаў і зняты радок аб станаўленні фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадарання.

На с. 9 папраўлена назва матэрыяла пра К. Лышчынскага наступным чынам «Казімір Лышчынскі і яго погляды на веру чалавека ў Бога».

На с. 10 у матэрыяле «Антоній Тызенгаўз і яго рэформы» скарочаны радок наступным чынам «А. Тызенгаўз як «вучоны муж».

На с. 10-11 у матэрыяле «Тадэвуш Касцюшка і яго ўклад у грамадска-палітычныя падзеі ў ЗША і Рэчы Паспалітай» у тэксце пытання папраўлена фармулёўка аб вызначэнні ўкладу ўраджэнца Беларусі Т. Касцюшкі ў развіццё польскай і амерыканскай нацыі.

На с. 12 у матэрыяле «Вікенцій Канстанцін Каліноўскі як прыхільнік ідэі сацыяльнай справядлівасці» зняты сказ пра каханне В.К. Каліноўскага.

На с. 12-13 у матэрыяле «Янка Купала і Якуб Колас: прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне» радок аб адлюстраванні матываў роднага краю, уласцівых Я. Купале і Я. Коласу, у творчасці вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» пад кіраўніцтвам Уладзімі­ра Мулявіна скарочаны і пададзены ў фармулёўцы адлюстравання згаданых матываў у сучасным беларускім мастацтве.

На с. 13 у матэрыяле «Марк Шагал як адлюстраванне іміджу Беларусі па-за яе межамі» у тэксце пытання папраўлена фармулёўка аб вызначэнні месца творчасці М. Шагала ў сучасным культурна-гістарычным асяроддзі Беларусі і магчымасцей аднаўлення яго імя як брэнда беларускага грамадства.

На с. 14-15 у матэрыяле «Браніслаў Тарашкевіч і Язэп Драздовіч: уклад у развіцце культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа» папраўлены сказ аб ацэнцы арыгінальнасці постаці Я. Драздовіча і нацыянальнага характару яго творчасці (пры гэтым знята вызначэнне постаці Я. Драздовіча як беларускага Леанарда да Вінчы).

Матэрыял «Кірыла Мазураў і Петр Машэраў: удзел у барацьбе з ворагам і ўклад у станаўленне пасляваеннай індустрыяльнай Беларусі» перанесены ў раздзел VІ «Гісторыя Беларусі ў другой палове 1940-х гг. - пачатку XXI ст.» на той падставе, што дзейнасць дадзеных гістарычных асоб адлюстравана пераважна ў пасляваенны перыяд. Разам з тым у раздзел V «Гісторыя Беларусі 1917–1945 гг.» уведзены матэрыял пра народнага героя Беларусі дзеда Талаша.

Па тэксту праграмы на сс. 2, 3, 4, 5, 9, 11 папраўлены памылкі друку, няўдалыя словазлучэнні і стылістычныя хібы.

У спісе літаратура ўдакладнена энцыклапедычнае выданне «Вялікае Княства Літоўскае» у 3-х т. (Мн., 2005, 2006, 2010).

Ад імя аўтарскага калектыву

кандыдат педагагічных навук, дацэнт Паноў С.В.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка