Гісторыя англійскай літаратуры эпохі рэстаўрацыі І асветніцтва




Дата канвертавання19.03.2016
Памер240.97 Kb.

ГІСТОРЫЯ АНГЛІЙСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

ЭПОХІ РЭСТАЎРАЦЫІ І АСВЕТНІЦТВА



Гісторыя англійскай літаратуры эпохі Рэстаўрацыі
Сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Англіі ў другой палове XVII стагоддзя. Рэстаўрацыя дынастыі Сцюартаў (1660). Адкрыццё тэатраў. Вялікі пажар у Лондане (1666). Прыняцце закона аб прысязе (1673). Роспуск парламента (1681). Пакаранне караля Джэймса (Якава).

Філасофска-эстэтычныя і культурныя асновы мастацтва эпохі Рэстаўрацыі (1660 – 1688). Стварэнне Каралеўскага Грамадства па вывучэнні прыродазнаўчых навук (1662). Скептыцызм як адна з філасофскіх дактрын эпохі. Вучэнне Т. Гобса (Thomas Hobbes, 1588 – 1679) пра матэрыяльнага чалавека і ідэальны ўрад («Левіяфан», 1651). Французскія вытокі і нацыянальная спецыфіка лібертынажа. Вальнадумства і дасціпнасць (wit). Рэакцыя на тэатральны лібертынаж у артыкуле Джэрамі Кальера (Jeremy Collier) «Кароткі агляд імаралізму і прафанацыі англійскай сцэны» (A Short View on the Immorality and Profaneness of the English Stage, 1698).

Проза эпохі Рэстаўрацыі. Дзённікі С. Пэпіса (Samuel Pepys, 1633 – 1703) як летапіс эпохі. Алегарычная аповесць Дж. Беньяна (John Bunyan, 1628 – 1688) «Шлях паломніка» (Pilgrim's Progress, 1678 – І частка): традыцыі У. Ленгленда. Паэтыка і маральна-філасофская праблематыка прозы Афры Бен (Aphra Ben, 1640 – 1689). Вобраз «высакароднага дзікуна» ў рамане «Арунока, ці велічны раб» (Oroonoko, or the Royal Slave, 1688).

Камедыя эпохі Рэстаўрацыі. Новы погляд на майстэрства камедыі («Аб гумары ў камедыі» У. Конгрыва). Камедыі Уільяма Конгрыва (William Congreve, 1670 – 1729) «Стары халасцяк» (Old Bachelor, 1693), «Двайная гульня» (Double Dealer, 1693) на сцэнах тэатраў «Друры-Лейн» і «Лінкольнз-ін-філдс». Эволюцыя герояў камедыі У. Конгрыва і маральна-этычныя нормы пераходнага часу. Творчая садружнасць У. Конгрыва з сябрамі «Клуба Мартына Скрыблеруса (“пісакі”)». Дж. Свіфт, А. Поўп, Дж. Гей аб уплыве У. Конгрыва на сваю творчасць. Камедыі Джорджа Фаркера (George Farquhar, 1678 – 1707) ля вытокаў буржуазнай драмы пачатку XVIII стагоддзя. Палеміка з нормамі класіцызму. Аўтабіяграфічныя матывы ў камедыях Дж. Фаркера «Афіцэр-вярбоўшчык» (The Recruiting Officer, 1706) і «Выдатная стратэгія» (Beaux' Stratagem, 1707). Мастацтва інтрыгі, стварэнне тыповага характару, адметнасць мовы ў камедыях Дж. Фаркера.

Спроба вяртання жанру гераічнай трагедыі. Французскія і нацыянальныя вытокі класіцызму ў творчасці Джона Драйдана (John Dryden, 1631 – 1700). Тэорыя класіцызму і агляд гісторыі англійскай драматургіі ў «Вопыце аб драматычнай паэзіі» (Essay of Dramatic Poesy, 1668).
Сацыяльна-гістарычныя вытокі англійскай літаратуры

XVIII стагоддзя
Усталяванне канстытуцыйнай манархіі ў Англіі пасля «Славутай рэвалюцыі» 1688 г. і пачатак эпохі еўрапейскага Асветніцтва. Стварэнне Вялікабрытаніі пасля падпісання пагаднення з Шатландыяй (1707). Вайна за іспанскую спадчыну (1701 – 1713гг.); Утрэхцкі мір (1713); Семігадовая вайна (1756 – 1763). Аслабленне пазіцый Англіі ў Новым Свеце ў сувязі з барацьбой паўночнаамерыканскіх калоній за незалежнасць (1775 – 1763). Рэакцыя Брытаніі на Вялікую Французскую рэвалюцыю 1789 – 1794 гг. – гісторыка-храналагічнае заканчэнне асветніцкай эпохі ў Еўропе. Палітыка-эканамічнае суперніцтва «партыі двара» (торы) і «партыі краіны» (вігаў).

Ідэйныя плыні англійскага Асветніцтва, іх неаднароднасць, апалагетыка дзяржаўнага ладу Англіі (Дж. Адысан, Р. Стыл), крытыка буржуазных парадкаў (Дж. Свіфт, Д. Дэфо), маральна-рэлігійная канцэпцыя сацыяльнага кампрамісу (С. Рычардсан). Уплыў філасофіі Т. Гобса і Дж. Лока (J. Locke, 1632 – 1704) на філасофска-этычныя пошукі англійскіх асветнікаў. Ідэя прыроднай роўнасці людзей, непрыняцце саслоўнай няроўнасці, абгрунтаванне працы як крыніцы прыватнай уласнасці. Уплыў канцэпцыі tabula rasa, тэорыі грамадскай дамовы Дж. Лока ў «Двух трактатах аб праўленні» (Two Treatises on Government, 1689) на тэорыю «грамадскай дамовы» і канцэпцыю «натуральнага чалавека» французскіх асветнікаў («Грамадская дамова» Ж. Ж. Русо). Трактат Дж. Лока «Вопыт аб чалавечым разуменні» (Essay Concerning Human Understanding, 1690) як светапоглядны падмурак еўрапейскага Асветніцтва. Э. Шэфтсберы (A. Shaftsbury, 1671 – 1713) – адзін з пачынальнікаў дэізму. Дэізм як узор натуральнай рэлігіі, яго ўплыў на светапогляд англійскіх асветнікаў. Канцэпцыі прыроды і натуральнага чалавека. Значэнне філасофска-эстэтычнай палемікі аб прыродзе чалавекеа паміж Э. Шэфтсберы і Б. Мандэвілем (B. Mandeville, 1670 – 1733). Яе адлюстраванне ў творчасці Дж. Свіфта, С. Рычардсана, Г. Філдынга. Сэнсуалізм Дж. Берклі (G. Berkley, 1785 – 1753) і Д. Юма (D. Hume, 1711 – 1776). Значэнне кнігі Эдмунда Бёрка (Edmund Burke, 1729 – 1797) «Філасофскія даследаванні аб паходжанні ідэй узвышанага і прыгожага» (A Philosophical Enquiry into the Origin of Our Ideas of the Sublime and Beautiful, 1757) у станаўленні этыкі і эстэтыкі сентыменталізму. Эмпірызм і абарона эксперыментальных ведаў. Паступовыя ўводзіны курса натуральнай гісторыі ў адукацыйных установах Брытаніі. З’яўленне школ для прадстаўнікоў трэцяга саслоўя і жанчын. Асветніцкая дзейнасць Сэмуэля Джонсана (Samuel Johnson, 1709 – 1784). Стварэнне «Слоўніка англійскай мовы» (Dictionary of English Language, 1755). Выданне васьмітомнага збору твораў У. Шэкспіра. Спроба стварэння першай гісторыі англійскай літаратуры ў «Жыццяпісаннях выбітных паэтаў» (Lives of the Most Eminent Poets).


Трансфармацыя жанравай сістэмы ў эпоху Асветніцтва

Развіццё журналістыкі. Выданне «Аглядальніка» Д. Дэфо, «Балтуна» (The Tatler, 1709 – 1711) і «Гледача» (The Spectator, 1711 – 1712, 1714) Дж. Адысана (Joseph Addison, 1672 – 1719) і Р. Стыля (Richard Steele, 1672 – 1729). Філасофска-эстэтычная, сацыяльна-палітычная, сямейна-этычная праблематыка эсэ Дж. Адысана і Р. Стыла. Адметнасць жанру літаратурнага нарысу і эсэ. Стварэнне вобраза выдуманага аўтара эсэ, карціна нораваў і характараў сучаснай Англіі. Выхаваўча-асветніцкая скіраванасць творчасці Дж. Адысана і Р. Стыла і канцэпцыя разумнага кампрамісу арыстакратаў і буржуа, палітычнай раўнавагі ў Англіі. Спалучэнне дабрадушнай сатыры і дыдактыкі ў эсэ Дж. Адысана і Р. Стыла. Уплыў журналістыкі і змены чытацкай аўдыторыі на трансфармацыю жанравай сістэмы англійскай літаратуры. Росквіт эсэсістыкі і сатыры. Памфлетная творчасць Дж. Свіфта.

Асветніцтва як эпоха дамінавання жанру рамана. Пераход ад romance да novel. Літаратурныя крыніцы англійскага асветніцкага рамана: «Дон Кіхот» М. Сервантаса, пікарэскны раман, алегарычная прыпавесць (Дж. Беньяна), сатыра Дж. Свіфта, камедыя эпохі Рэстаўрацыі, часопісы Дж. Адысана і Р. Стыля, дзённікава-мемуарная літаратура. Адрозныя рысы novel: індывідуальны вопыт як крытэр ісціны і аснова сюжэтабудовы; новы тып героя – прадстаўніка трэцяга саслоўя, выхадца са знаёмага чытачам асяродку; індывідуалізацыя характараў; дэталёвае апісанне асяроддзя; імкненне да тапаграфічнай і храналагічнай дакладнасці; устаноўка не на традыцыйныя прыёмы і манеру пісьма, а на пошук індывідуальнага стыля; адмова ад рытарычных фігур на карысць дэмакратызацыі стыля і г.д. Разнастайнасць мадыфікацый англійскага асветніцкага рамана: эпісталярныя раманы С. Рычардсана, камічная эпапея ў прозе Г. Філдынга, раман-пародыя Л. Стэрна і г. д.

Змены ў сістэме паэтычных жанраў. Выцясненне класічных форм дэскрыптыўнай (апісальніцкай) і дыдактычнай лірыкай, а таксама папулярызацыя жанру балады. Развіццё жанраў іроі-камічнай паэмы (як адлюстравання крызісу Вялікай гісторыі) і філасофскай паэмы (А. Поўп).



З’яўленне новых жанраў драматургіі. Узнікненне драмы як жанру. «Баладная опера» Дж. Гея. Мяшчанская драма Дж. Ліло і Э. Мура. Палітычная камедыя і фарсы Г. Філдынга. Норавапавучальныя камедыі Р. Шэрыдана.
Мастацкія метады англійскага Асветніцтва
Асветніцкі класіцызм, яго прынцыповае адрозненне ад французскага класіцызму XVII стагоддзя: прызнанне абмежаваных магчымасцяў розуму як сродку спасціжэння навакольнай рэчаіснасці; зварот да антычнасці не ў пошуках узору, але аналогіі падзеям англійскай рэчаіснасці; адсутнасць строгай жанравай іерархіі; большая свабода ў індывідуалізацыі стыля і г.д. Роля англійскай філасофскай і навуковай думкі ў змякчэнні класіцыстычнай нарматыўнасці. Асветніцкі рэалізм як даміноўны мастацкі метад англійскай літаратуры XVIII стагоддзя. Спецыфічнае разуменне рэалізму эпохі Асветніцтва ў адрозненне ад рэалізму наступных эпох. Супроцьстаянне барока, успрыняцце жанравых элементаў ракако і сінтэз з асветніцкім рэалізмам. Мастацкія прынцыпы літаратуры ракако: геданізм як светапоглядная аснова, гуллёвая паэтыка, цікавасць да прыватнага жыцця герояў, амбігітыўнасць, грывуазнасць. Прычыны адсутнасці багатай ракайльнай традыцыі ў Англііі. Сэнсуалізм як аснова сентыментальнай паэтыкі. Культ дабрадзейнасці, натуральнасці і пачуцця (чалавечага сэрца) у сістэме сентыментальнага погляду на свет. Супрацьпастаўленне натуральнага асяроддзя шумнай гарадской цывілізацыі. Адлюстраванне натуральных пачуццяў чалавека. Пераважанне суб’ектыўнай формы аповеду і эпісталярнасці як асаблівасцяў стыля. Суаднесенасць англійскага сентыменталізму з французскім русаізмам і нямецкім шцюрмерствам.
Персаналіі
Аляксандр Поўп –

англійскі паэт асветніцкага класіцызму
Перыядызацыя творчасці А. Поўпа (Alexander Pope, 1688 – 1744). Першы перыяд творчасці А. Поўпа (1700 – 1727). Спалучэнне класіцыстычных (Феакрыт, Вергілій) і нацыянальных (Э. Спэнсар, Дж. Мільтан) традыцый у «Пастаралях» (The Pastorals, 1709) А. Поўпа. Развіццё прынцыпаў асветніцкага класіцызму ў «Эсэ аб крытыцы» (Essay on Criticism, 1709) А. Поўпа. Уплыў «Паслання да Пізонаў, ці Навукі паэзіі» Гарацыя і «Паэтычнага мастацтва» Н. Буало. Паняцце густу (прырода і выхаванне). Канцэпцыі меры, праўдападобнасці ў мастацтве і прынцып пераймання прыроды. Азначэнне яснасці і дарэчнасці вершаванага складу як асноўнае патрабаванне паэтычнага стыля. Стварэнне і сцвярджэнне гераічнага куплета (дзесяціскладовага двуверша) у супрацьвагу 12-ціскладоваму александрыйскаму вершу. Агульнатэарэтычныя праблемы ў «Эсэ аб крытыцы» (канцэпцыя ўплыву «генія і клімату» на з’яўленне шэдэўраў мастацтва, азначэнне дасціпнасці). Услаўленне Утрэхцкага міру ў паэме А. Поўпа «Віндзорскі лес» (Windsor Forest, 1713). Іроі-камічная паэма «Выкраданне локана» (The Rape of Lock, 1712) – англійскі ўзор галантнай літаратуры ракако. Гульня на кантрасце ўзвышанага стыля і бытавізме канфлікту. Сумяшчэннне бытавых сцэн арыстакратычнага грамадства з фантастычнымі карцінамі казачнага свету (гісторыя Арабелы Фермор, прататыпа Белінды – і сільф на чале з Арыэлем). Мастацкая своеасаблівасць жанру пасланняў «Элегія на памяць адной няшчаснай ледзі» і «Элаізы да Абеляра» (The Elegy to the Memory of an Unfortunate Lady and Eloisa To Abelard, 1717). Трагічная экспрэсія, рамантычная ўзрушанасць верша. А. Поўп – выбітны перакладчык і выдавец класічнай спадчыны (пераклады «Іліяды» і «Адысеі» Гамера, выданне сачыненняў У. Шэкспіра ў 1725 – 1726 гг.). Узмацненне грамадзянскіх матываў у паэзіі А. Поўпа позняга этапа творчасці. Філасофска-дыдактычная паэма «Эсэ (вопыт) аб чалавеку» (Essay on Man, 1733 – 1734) – помнік еўрапейскай асветніцкай думкі. Жанравая своеасаблівасць паэмы, асаблівасці кампазіцыі. Наратыўныя стратэгіі, абумоўленыя жанрамі эсэ і паслання. Прырода і канцэпцыя натуральнага чалавека ў паэме. Суднесенасць розуму і пачуцця, часткі і цэлага, Вялікага ланцуга быцця і ланцуга Любові як вязьма Сусвету. Канцэпцыя шчасця. Ідэя маральнага ўдасканалення чалавека ў паэме А. Поўпа. Паэтыка-стылёвыя асаблівасці паэмы «Эсэ аб чалавеку» як узору асветніцкага класіцызму.
Даніэль Дэфо і Джонатан Свіфт –

стваральнікі англійскага асветніцкага рамана
Сацыяльна-палітычная дзейнасць Д. Дэфо (Daniel Defoe, 1660 – 1771). Прагрэсіўна-дэмакратычныя погляды Д. Дэфо ў «Вопыце аб праектах» (An Essay Upon Projects, 1697). Трактат «Чыстакроўны англічанін» (The True-Born Englishman, 1701) і па-занацыянальная, па-засаслоўная канцэпцыя чалавечай годнасці. Лёс ананімнага памфлета Д. Дэфо «Самы кароткі спосаб расправы з дысідэнтамі» (The Shortest Way with the Dissenters, 1702) у абарону пурытан. Сацыяльнае значэнне «Гімну ганебнаму слупу » (Hymn to the Pillary, 1703). Жанравая разнастайнасць журналісцка-публіцыстычных твораў Д. Дэфо: памфлеты, эсэ, гістарычныя і этнаграфічныя працы, палітычныя агляды. Дакументальнасць аповеду– адметнасць творчай манеры Д. Дэфо. «Жыццё і незвычайныя, дзіўныя прыгоды Рабінзона Круза, марака з Ёрка, апісаныя ім самім » (The Life and Strange Surprising Adventures of Robinson Crusoe of York, Mariner, Written by Himself, 1719). Жанравае наватарства рамана: спалучэнне традыцыі мемуарнага жанру з рысамі філасофскай прыпавесці, авантурна-прыгодніцкага пачатку з ілюзіяй дакументальнасці. Азначэнне рамана як духоўнай біяграфіі з элементамі рамана выхавання. Устаноўка на праўдзівасць, даставернасць аповеду. Суб’ектыўная форма аповеду. Сюжэтныя крыніцы рамана: «Плаваннне вакол свету Вудса Роджэрса» (1712), нарыс Р. Стыла пра шатландскага марака Аляксандра Селькірка. Версія Т. Северына пра Генры Пітмана як прататып Рабінзона Круза (T. Severin. Seeking Robinson Crusoe, 2002). Асветніцкая канцэпцыя гісторыі чалавечага грамадства ў рамане Д. Дэфо. Уплыў філасофіі Дж. Лока на «астраўную рабінзанаду» Д. Дэфо. Услаўленне стваральніцкай сілы працы, творчай дзейнасці розуму на шляху да духоўнага ўзвышэння і цывілізаванага пераўтварэння прыроды. Суаднесенасць тэорыі здаровага сэнсу, вопыту (школа Дж. Лока) і рэлігійнага містыцызму, наканавання. Драматызм і псіхалагізм у раскрыцці супярэчлівай прыроды чалавека, стварэнне эпасу прыватнага жыцця ў рамане Д. Дэфо. Суаднесенасць «натуральнага чалавека» і цывілізаванага (Пятніца і Рабінзон). Дыдактычны характар раманаў-працягаў «Далейшыя прыгоды Рабінзона Круза» (The Farther Adventures of Robinson Crusoe, 1719) і «Сур’зныя разважанні Рабінзона Круза аб яго бачанні анёльскага свету» (Serious Reflections of Robinson Crusoe, 1720). Рабінзанада як літаратурна-філасофскі тэрмін і жанравая мадыфікацыя рамана. Інтэгральныя прыкметы рабінзанады: сітуацыя ізаляцыі чалавека ці групы, наяўнасць апазіцыі чалавек – прырода, праблема маральнага самавызначэння асобы і г. д.. Значэнне раманаў Д. Дэфо ў станаўленні традыцыі рабінзанады. Сацыяльна-псіхалагічны раман «Моль Флендарс» (Moll Flanders, 1722) і жанр «ньюгейцкага рамана». «Жывое апісанне» як прынцып адлюстравання заганы ў рамане. Літаратурныя крыніцы авантурна-прыгодніцкага рамана «Капітан Сінглтан» (Captain Singleton, 1720). Асветніцкае вырашэнне праблемы злачыннасці і ролі асяроддзя ў фарміраванні чалавека. Жанравая своеасаблівасць «Палкоўніка Джэка» (Colonel Jaсk, 1722). Псіхалагізм рамана «Раксана» (Roxana, 1724), мемуарны раман ці раман-дзённік «Дзённік чумнага года » (A Journal of the Plague Year, 1722), гістарычны раман «Мемуары кавалера» (Memoirs of a Cavalier, 1724). Прыём аўтарскага пераўвасаблення ў героя.
Этапы жыцця і творчасці Джонатана Свіфта (Jonathan Swift, 1667 – 1745). Фарміраванне філасофска-рэлігійных, этычных, гістарычных поглядаў Дж. Свіфта падчас працы ў пісьменніка-эсэіста Тэмпла. «Бітва кніг» (The Battle of the Books, 1697) – першы памфлет Дж. Свіфта. «Спрэчка старых і новых» – падстава для напісання памфлета. Алегарызм і сатырчнае майстэрства Дж. Свіфта. Канцэпцыя аўтара пра суаднесенасць суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў творчасці і прыпавесць пра пчалу і павука. «Казка бочкі» (A Tale of a Tab, 1696) – вяршыня памфлетнага мастацтва Дж. Свіфта. Іншаказальна-сімвалічнае асямяяння рэлігійнага фанатызму ў Англіі і гратэсна-парадыйны характар вобразаў. Сіметрычная кампазіцыя памфлета. Нарысы Дж. Свіфта «Нататкі Бікерстафа-Партрыджа» (The Bickerstaff-Partridge Papers, 1708 – 1709) – сатыра на астралагічныя прагнозы папулярнага шарлатана Джона Партрыджа. Адлюстраванне літаратурных і палітычных падзей у «Дзённіку для Стеллы» (The Journal to Stella, 1766) і гісторыя стасункаў з Эстэр Джонсан. Ірландскі перыяд у жыцці і творчасці Дж. Свіфта. Паэма Дж. Свіфта «Кадэнус і Ванэса» (Cadenus and Vanessa, 1713) і лёс Эстэр Ваномры. Уплыў гісторыі асабістага жыцця Дж. Свіфта на драму Й. Гётэ «Стэла». Асуджэнне тыраніі і беззаконнасці ў ірландскіх памфлетах «Лісты Суконшчыка» (The Drapier's Letters, 1724). «Падарожжы ў розныя аддаленыя краіны Лемюэля Гулівера, спачатку хірурга, а пасля капіатана некалькіх караблёў» (Travels into Several remote Nations of the World. In Four Parts. By Lemuel Gulliver, First a Surgeon, and then a Captain of Several Ships, 1721 – 1725) – вяршыня творчасці Дж. Свіфта. Пачатак задумы дзвюх частак рамана ў клубе Мартына Скрыблеруса (1711). VII – VIII раздзелы «Мемуараў Мартына Скрыблеруса». Антычная (Лукіян) і рэнесансная (Рабле) крыніцы сатырыка-фантастычнай традыцыі. Уплыў рамана Д. Дэфо «Рабінзон Круза» на сюжэтную форму рамана-падарожжа. Рысы падабенства і адрознення галоўных герояў раманаў Д. Дэфо і Дж. Свіфта (Рабінзон і Гулівер) і вобраз станоўчага героя ў англійскай асветніцкай літаратуры. Праблема жанравага азначэння: рысы рамана і памфлета. Кампазіцыя рамана. Эвалюцыя светапогляду героя ў працэсе спасціжэння нораваў і падзей навакольнага свету. Вучэнне Дж. Лока аб сенсуалістычным вопыце, адноснасці чалавечых уяўленняў у рамане Дж. Свіфта. Эвалюцыя філасофскіх і палітычных поглядаў Дж. Свіфта на працягу рамана (ад ідэі асветнай манархіі да непрыняцця брытанскага манархічнага ладу). Прыём остранения і алегорыя як асноўныя складнікі паэтыкі рамана. Сусветнае значэнне сатырыка-фантастычнага рамана Дж. Свіфта. Уплыў на наступныя адкрыцці ў еўрапейскай літаратуры (філасофскую аповесць Вальтэра, навукова-фантастычную навелістыку (Вашынгтон Ірвінг, Герберт Уэлс), сацыяльна-фантастычны утапічны раман (Джордж Оруэл).
Традыцыя і наватарства ў творчасці Генры Філдынга
Генры Філдынг (Henry Fielding, 1707 – 1754). Жанравая разнастайнасць творчасці Г. Філдынга: палітычныя камедыі, раманы-памфлеты, раманы-пародыі, узоры сацыяльна-псіхалагічнага рамана. Светапогляд пісьменніка: сенсуалізм Дж. Лока, канцэпцыя ўздзеяння навакольнага асяроддзя на станаўленне чалавека, пастулат Э. Шэфтсберы аб спрадвечнай дабрадзейнасці чалавечай прыроды, вера ў пераадоленне двудушнасці грамадства сілай розуму. Драматургічнае мастацтва Г. Філдынга (1730 – 1739). Парадыйна-сатырычны характар камедый. Асмяянне ўяўнай велічы ўладароў свету ў камедыі «Трагедыя трагедый, альбо жыццё і смерць Хлопчыка-з-ногціка» (The Tragedy of Tragedies; or The Life and Death of Tom Thumb, 1731). Палітычная камедыя «Дон Кіхот у Англіі» (Don Quixote in England, 1734) на матэрыяле англійскага сучаснага жыцця. Сутыкненне мары і рэчаіснасці ў п’есе. Закрыццё тэатра Г. Філдынга (с 1736) і ўводзіны закона аб тэатральнай цэнзуры (1737). Выкрыванне рабаўніцкай палітыкі англійскіх уладаў у дачыненні да народа ў гратэскна-парадыйным рамане «Жыццё містэра Джонатана Уайльда Вялікага» (The Life of Mr. Johnathan Wild, the Great). Новы ўзор «камічнай эпапеі» і «камічнага эпасу ў прозе», аповеднае мастацтва аўтара з пункту гледжання «натуральнага чалавека». Вяршыня раманнага мастацтва Г. Філдынга – «Гісторыя Тома Джонса, знайдыша» (The History of Tom Jones, a Foundling, 1749). Жанравае наватарства рамана. Канцэпцыя адноснасці мастацкага часу, унутрытэкставыя аўтарскія каментары і адступленні. Лінейны аповед і фабула рамана. Узаемадачыненні чалавека і асяроддзя. Гісторыя жыцця галоўнага героя і карціна англійскай рэчаіснасці. Сутыкненне дабра і зла ў формах лёгкадумнасці і разважлівасці. Спалучэнне іроніі і патэтыкі, сарказму і пачуццёвасці ў пісьменніцкай манеры Г. Філдынга. Асветніцкая вера ў чалавека і канцэпцыя шчаслівага фіналу рамана. Сацыяльна-маральны канфлікт ў рамане «Амелія» (Amelia, 1751). Рысы сентыменталізму. Супярэчлівасць асветніцкіх поглядаў Г. Філдынга: стаіцызм, шэфтсберыянства, свіфтыянства. Значэнне творчасці Г. Філдынга ў развіцці еўрапейскай раманістыкі (Т. Смолет, В. Скот, Ч. Дыкенс, У. Тэкерэй).
Творчасць С. Рычардсана, Т. Смолета, О. Голдсміта

ў этапным развіцці англійскай раманістыкі эпохі Асветніцтва
Сэмюэл Рычардсан (Samuel Richardson, 1689 – 1761). Эпісталярныя раманы Рычардсана і станаўленне сямейна-бытавога і псіхалагічнага рамана ў еўрапейскай літаратуры (Жан-Жак Русо). Дэмакратызм сюжэтнай асновы і павучальны характар першага рамана С. Рычардсана «Памэла, ці Ўзнагароджаная Дабрадзейнасць. Шэраг прыватных лістоў маладой асобы да яе бацькоў, публікуемых з мэтаю ўмацавання прынцыпаў дабрадзейнасці ў розумах прадстаўнікоў абодвух палоў» (Pamela, or Virtue Rewarded: in a series of Familiar Letters from a Beautiful Young Lady to her Parents, 1740). Сацыяльны характар псіхалагічнага канфлікту ў рамане. Майстэрства псіхалагічнага аналізу ў раскрыцці ўнутранага свету герояў і ідэал свабоднай, духоўна незалежнай асобы. Рэлігійна-этычны характар кампраміснага вырашэння праблемы саслоўнай няроўнасці ў рамане. Крытыка буржуазна-пурытанскіх маралізатарскіх тэндэнцый С. Рычардсана ў парадыйна-сатырычных раманах Г. Філдынга (мяркуемае аўтарства) «Апалогія жыцця міс Шамэлы Эндрус» (An Apology for the Life of Mrs. Shamela Andrews, 1741), «Гісторыя прыгод Джозефа Эндруса і яго сябра Абраама Адамса» (The History of Adventures of Joseph Andrews and his Friend, Mr. Abraham Adams, 1742). Раман «Кларыса, ці гісторыя маладой ледзі...» (Clarissa, or the History of a Young Lady: Comprehending The most Important Concerns of Private Lifeand Distresses that may attend the Misconduct Both of Parents and Children, In Relation to Marriage, 1747 – 1748) – вяршыня торчасці С. Рычардсана. Ускладненне мастацкай формы, характараў герояў, сістэмы вобразаў у рамане. Драматызм маральна псіхалагічнага канфлікту ў рамане. Тэма чалавечай годнасці і супрацьстаяння амаральнасці грамадства. Лавелас як выразнік маральных тэстаментаў Т. Гобса і Б. Мандэвіля. Раман «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (The History of Sir Charles Grandison, 1754) – спроба аўтара стварыць ідэальны вобраз героя ў процілегласць адмоўнаму прыкладу героя «Кларысы». Стылёвая разнастайнась і шматаспектны погляд на рэчы ў раманах С. Рычардсана як сродак тыпізацыі герояў. Рысы сентыменталізму ў раманах С. Рычардсана: адлюстраванне ў якасці галоўных герояў прадстаўнікоў трэцяга саслоўя, цікавасць да гісторыі пачуццяў, асобасная форма эпісталярнага самавыяўлення чуллівага характару героя. Рычардсанаўскае разуменне шчасця як спалучэння разважлівасці з дабарадзейнасцю. Роля раманаў С. Рычардсана ва ўсталяванні даміноўнага становішча сямейна-побытавага і любоўна-псіхалагічнага, эпісталярнага жанру рамана ў еўрапейскай раманістыцы XVIII – XIX стст. (Д. Дыдро, Ж.-Ж. Русо).
Тобіяс Джордж Смолет (Tobias George Smollett, 1721 – 1771). Адметнасць канцэпцыі героя і жанравых асаблівасцяў раманаў Т. Смолета і Г. Філдынга. Раманы Т. Смолета і традыцыі махлярскага рамана. Уплыў філасофіі Т. Гобса і Б. Мандэвіля на ацэнку Т. Смолетам магчымасцяў чалавечага розуму ва ўдасканаленні характару і прыроды чалавека. Герой – адбітак разбэшчанага асяроддзя ў рамане «Прыгоды Радэрыка Рэндама» (The Adventures of Roderick Random, 1748). Тэма «маленькага чалавека» ў рамане «Прыгоды Перыгрына Пікля» (The Adventures of Peregrin Pickle, 1751). Элементы «гатычнага» рамана ў апісанні адваротнага боку жыцця ў рамане «Прыгоды графа Фердынанда Фатама» (The Adventures of Ferdinand Count Fathom, 1753). Новы этап у развіцці асветніцкага рэалізму – эпісталярны раман «Падарожжа Хамфры Клінкера» (The Expedition of Humphrey Clinker, 1771). Сінтэз жанравых асаблівасцяў сацыяльнага (Філдынг), сентыментальнага (Рычардсан) рамана. Гратэскная тыпізацыя герояў, прыём размовы аўтара з чытачом, суаднесенасць індывідуальнай пісхалогіі героя з грамадскімі норавамі, адкрыццё законаў варожых розуму ў сучасным свеце як дасягенне Т. Смолета.
Олівер Голдсміт (Oliver Goldsmith, 1728 – 1774). Асноўныя этапы жыцця і творчасці О. Голдсміта – стваральніка жанру сентыментальнага рамана. Цыкл сатырычных нарысаў «Грамадзянін свету, ці лісты кітайскага філосафа, што пражывае ў Лондане, сваім сябрам на Усходзе» (The Citizen of the World. Purportedly written by a Chinese traveler in England, 1762). Уплыў «Персідскіх лісоў» Мантеск’е на эпісталярны жанр сацыяльна-філасофсай энцыклапедыі аб духоўным жыцці ў Англіі. Традыцыі сатырычнага мастацтва Дж. Свіфта. Саркастычнае адлюстраванне нораваў англійскага грамадства ў кнізе О. Голдсміта. Вобраз аўтара і героя-апавядальніка. Тэма адзіноты летуценніка-гуманіста ў эгаістычным сучасным свеце. «Векфілдскі вікарый» (The Vicar of Wakefield, 1766) – узор сентыментальнага асветніцкага рамана ў англійскай літаратуры. Традыцыі Г. Філдынга і С. Рычардсана. Русаісцкі ідэал патрыярхальнага жыцця ў яднанні з прыродай ў рамане. Вобраз Прымроза і лірычны аўтабіяграфізм. Гумар у рамане.
Сінтэз ракайльнай і сентыментальнай

паэтыкі ў творчасці Лоранса Стэрна
Лоранс Стэрн (Laurence Sterne, 1713 – 1768). Суаднесенасць ракайльнай і сентыментальнай паэтыкі ў рамане Л. Стэрна «Жыццё і думкі Трыстрама Шэндзі, джэнтэльмена» (The Life and Opinions of Tristram Shandy, Gentleman, 1759 – 1767). Жанравыя навацыі Л. Стэрна. Паэталагічны складнік рамана. «Ірацыянальны» рэалізм, алагізм кампазіцыі, наўмысная «незавершанасць» аповеду, гіпербалізаваная роля ўнутраных маналогаў, металепсія. Абгрунтаванне ўяўлення аўтара як асновы творчага працэсу. Псіхалагічнае майстэрства аналізу ўнутранага свету героя ў рамане Л. Стэрна. Паняцце «шэндызм», тэорыя «канька». «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі » (A Sentimental Journey through France and Italy, by Mr. Yorick, 1768) Л. Стэрна. Суб’ектыўная карціна свету аўтара і філасофія Д. Юма. Культ адчування як вышэйшай каштоўнасці ў дачыненні да знешніх падзей. Значэнне мастацкіх адкрыццяў Л. Стэрна для літаратуры плыні свядомасці і псіхалагічнага рамана.
Паэзія англійскага сентыменталізму
Росквіт лірычнай паэзіі (Д. Томсан, Э. Юнг, Т. Грэй). Узвышаны вобраз лірычнага героя – чуллівага летуценніка, сузіральніка, спачувальнага паэта. Меланхалічныя матывы ў лірыцы сентыменталістаў і канцэпцыя пастаянства смутку, марнасці і часовасці зямнога жыцця. З’яўленне «кладбішчанскай паэзіі» і яе характэрныя рысы. Развіццё жанру элегіі ў сентыментальнай паэзіі. Апісальная паэма Джэймса Томсана (James Thomson, 1700 – 1748) «Паравіны года» (The Seasons, 1726 – 1730). Новая канцэпцыя прыроды: замена класічнага абагулена-аб’ектыўнага вобраза з’явы ідэяй руху, колазварота з’яў. Асаблівасці белага верша Дж. Томсана. Эдвард Юнг (Edward Young, 1683 – 1765) – заснавальнік еўрапейскай традыцыі меланхалічнай «начной паэзіі». «Скарга, ці начныя думкі аб жыцці, смерці і неўміручасці » (The Complaint: or Night Thoughts on Life, Death, and Immortality, публ. 1742 – 1745) як адлюстраванне страты веры ў выратавальную сілу зліццяз абагаўлёнай прыродай. Томас Грэй (Thomas Gray, 1716 – 1771) – стваральнік кананічнага ўзору элегічнага «кладбішчанскага» жанру. Асаблівасці кампазіцыі, паэтыкі і вершаскладання «Элегіі, напісанай на вясковых могілках» (Elegy Written in a Country Churchyard, публ. 1751) Англійскі варыянт элегічнага памеру. Новае разуменне пейзажа, адухоўленага не толькі прысутнасцю чалавека, але і памяццю культуры. Паэма О. Голдсміта «Пакінутая вёска» (The Deserted Village, 1770) і развіццё сентыменатальнай паэзіі ў Англіі.

Драматычны лёс англійскага тэатра ў XVIII стагоддзі
Асноўныя жанры англійскай драматургіі эпохі Асветніцтва: «баладная опера» (Д. Гей), камедыі-памфлеты (Г. Філдынг), «мяшчанская драма» (Д. Ліло), «сямейная трагедыя» (Э. Мур). Драматургія англійскага класіцызму эпохі Асветніцтва. Палітычная трагедыя Д. Адысана «Катон» (Caton, 1713) і рэаліі англійскай палітыкі эпохі «вялікага кампрамісу». Неадпаведнасць характару барацьбы партый торы і вігаў гераічнаму супрацьстаянню рэспубліканца Катона імператару Юлію Цэзару. Маральная («слязлівая») камедыя Р. Стыла «Сумленныя закаханыя» (The Conscious Lovers, 1722). Жанравая своеасаблівасць сатырыка-палітычнай вясёлай камедыі Джона Гея (John Gay, 1685 – 1732) «Опера жабрака» (The Beggars Opera 1728). Форма «баладной оперы» і жанр сучаснай аперэты. Пародыя на італьянскія оперы. Ідэалізацыя англійскай буржуазіі і стварэнне вобраза дабрадзейнага купца ў англійскай драматургіі. Джордж Ліло (George Lyllo, 1693 – 1739) –пачынальнік еўрапейскай мяшчанскай драмы. Дэмакратызацыя жанру класіцыстычнай трагедыі. Прадстаўнікі буржуазна-гандлёвых колаў англійскага грамадства ў ролі галоўных герояў норавапавучальнай трагедыі.Услаўленне буржуазных дабрадзейнасцяў – памяркоўнасці пачуццяў як асновы прыстойнасці, прыватнай уласнасці як выніка сумленнай працы «Лонданскі купец, ці гісторыя Джорджа Барнвела» (The London Merchant, or The History of George Barnwell, 1731). Асуджэнне карыслівасці як ненатуральнай з’явы ў мяшчанскай драме «Лонданскі купец» (1736). Папулярнасць п’есы паслядоўніка Ліло Эдварда Мура (Edward Moore, 1712 – ­1757) «Гулец» (The Gamester, 1753) у рускім тэатры XIX стагоддзя. Выбітнае значэнне тэатральна-літаратурнай дзейнасці Рычарда Брынслі Шэрыдана (Richard Brinsley Sheridan, 1751 – 1816) у гісторыі англійскай драматургіі. Асноўныя этапы жыцця і творчасці Р. Б. Шэрыдана. Значэнне тэатра «Друры Лейн». Адметнасць «вясёлай камедыі» Р. Б. Шэрыдана. «Школа скандалу» (The School for Scandal, 1780). Мастацтва кампазіцыі, мізансцэны, інтрыгі, характару. Спалучэнне паэтыкі камедыі становішчаў, характараў і нораваў у п’есе Р. Б. Шэрыдана. Самобытная прырода дасціпнасці Р. Б. Шэрыдана. Моўная характарыстыка герояў, мастацтва дыялога. Спрэчка паміж прыхільнікамі вясёлай і сентыментальнай камедый (О. Голдсміт «Ноч памылак»). Сацыяльна-псіхалагічная праблематыка, бліскучая дасціпнасць, феерверк камічных эфектаў – адметныя рысы камедый Р. Б. Шэрыдана.
Літаратура англійскага перадрамантызму
Ідэйна-мастацкаія перадумовы ўзнікнення і развіцця гатычнага рамана, яго сэнсавая і эстэтычная спецыфіка. Адсутнасць цэласнага ўяўлення аб зместава-сэнсавых параметрах і храналагічных межах жанру. Асноўныя аспекты гатычнага тыпу сюжэтнага разгортвання: замкавы хранатоп, звышнатуральная і фантастычная вобразнасць, комплексны характар наратыўных мадэляў, высокая ступень складанасці сюжэтна-падзейнага шэрагу, агульная атмасфера таямнічасці і страху. Правідэнцыяльная/са-кральная і фрэнічная функцыі звышнатуральнага ў гатычным рамане.
Гарацый (Хорас) Уолпал (Horace Walpole, 1717 – 1797) – пачынальнік «гатычнай» літаратуры. Раман «Замак Атранта» (The Castle of Otranto, 1765) – першы «гатычны» раман у еўрапейскай літаратуры. Ірацыянальнае і фантастычнае ўсюжэтабудове рамана. Супярэчлівы вобраз галоўнага героя, матыў лёсу. Прыёмы рэалістычнага аповеду ў адлюстраванні бытавых сцэн і драматычных дыялогаў. Уільям Бэкфард (William Backford, 1760 – 1797) і арыентальныя матывы «арабскай аповесці» «Ватэк» (Vatek, 1786). Псіхалагічная складанасць вобраза Ватэка (фаўстаўскія матывы). Кампазіцыя рамана. Традыцыі асветніцкай літаратуры ў «гатычным рамане» Анны Радкліф (Ann Radcliffe, 1764 – 1823). Гісторыя духоўнага жыцця героя ў цэнтры рамана А. Радкліф «Таямніцы Удольфскага замка» (The Mysteries of Udoppho, 1794). Жывапіснасць пейзажа і русаізм у творчасці А. Радкліф. Звышнатуральнае і таямнічае ў рамане Мэт’ю Грэгары Льюіса (Matthew Gregory Lewis, 1775 – 1818) «Манах» (The Monk, 1795). Готыка ў рамане Чарльза Мэт’юрына (Charles Robert Maturin, 1782 – 1824) «Мельмот-вандроўнік» (Melmoth the Wanderer, 1820).
Літаратура англійскага перадрамантызму і вялікія містыфікатары эпохі. Томас Персі (Thomas Percy, 1729 – 1811) і яго «Помнікі даўняй англійскай паэзіі» (Reliques of Ancient English Poetry, 1765) як збор англійскіх народных балад: балады рабінгудаўскага цыкла, гістарычныя балады, балады любоўнага і фантастычнага зместу. Роля выдання ў абуджэнні цікавасці да народнай творчасці, уплыў на В. Скотта, паэтаў «азёрнай школы» і Дж. Кітса, а таксама на шцюрмераў і Гердэра. Джэймс Макферсан (James Macpherson, 1736 – 1796) і перастварэнне ім эпічных карцін з жыцця старажытных гэльскіх плямёнаў у «Паэмах Асіяна» (The Poems of Ossian, 1760 – 1765). Таямнічасць, неакрэсленасць абрысаў, змрочнасць, меланхалічная рэзін’якцыя, пераважанне лірычнага пачатку над дзеяннем, патэтычная ўсхваляванасць аповеду. Містыфікатар-«архаіст» Томас Чатэртан (Thomas Chatterton, 1752 – 1770) як стваральнік цыкла твораў ад асобы выдуманага сярэднявечнага святара Томаса Роўлі.
Роберт Бёрнс (Robert Burns, 1759 – 1796). Народныя вытокі і лірычны геній паэзіі Р. Бёрнса. Першы зборнік вершаў Р. Бёрнса «Вершы, пераважна на шатландскім дыялекце» (Poems, Chiefly in the Scottish Dialect, 1784). Праблемна-тэматычнае поле лірыкі Р. Бёрнса. Жанравая разнастайнасць вершаў Р. Бёрнса (песні, балады, эпіграмы). Тэма свабоды і справядлівасці ў паэзіі Р. Бёрнса. Паэт і народ у ацэнцы Р. Бёрнса («Да партрэта Роберта Фергюсона»). Стаўленне Р. Бёрнса да Французскай рэвалюцыі («Дрэва Свабоды» [The Tree of Liberty]). Любоўная лірыка. Стварэнне вобраза нацыянальнага героя, характару. Сацыяльныя матывы. Пейзажная лірыка Р. Бёрнса і шатландская прырода, вобраз бацькаўшчыны («У гарах маё сэрца» [My Heart's in the Highlands]). Палітычная лірыка Р. Бёрнса і тэма перамогі над прыгнятальнікамі. Стварэнне гераічных вобразаў шатландскіх змагароў за свабоду («Шатландская слава»). Наватарства паэзіі Р. Бёрнса. Музычнасць балад і песняў Р. Бёрнса («Джон Ячменнае Зерне» [John Barleycorn], «Чырвоная Ружа...» [A Red, Red Rose]), перапрацоўка народных песняў. Уплыў Р. Бёрнса на станаўленне рамантызму (Скот, Байран, Шэлі, Вордсварт).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка