Герберт Ўэлс/ Herbert Wells




Дата канвертавання08.04.2016
Памер231.25 Kb.




Герберт Ўэлс/ Herbert Wells (1866 – 1946) – Ангельскі пісьменнік, вядомы сваёй працай у жанры навуковай фантастыкі. Пладавіты аўтар і ў многіх іншых жанрах, такіх як сучасныя раманы, гісторыя, палітыка і сацыяльныя каментары. Ўэлса, як і Жуля Верна, называюць “бацькам навуковай фантастыкі”.


Ча­ла­век, які ўмеў рабіць цуды

(The Man Who Could Work Miracles)



Пан­тум у прозе

Даволі сумнеўна, што гэта была прыроджаная здольнасць. Я, са свайго боку, мяркую, што яна з’явілася ў яго рап­тоў­на. Бо фак­тыч­на да трыц­ца­ці гадоў ён быў перакананым скептыкам і не верыў у цудадзейныя сі­лы. І тут будзе самы зруч­ны момант рас­ка­заць, што гэта быў не­вы­со­кі чалавек з карымі-карымі ва­чы­ма, вельмі натапыранымі рыжымі ва­ла­са­мі, вусамі, кончыкі якіх ён падкручваў, і рабаціннем. Звалі яго Джордж Макуіртэр Фатэрынгей – яго імя не прад­вяш­чае ніякіх цудаў – і працаваў ён клер­кам у Гом­ша­таў. Ён быў адданым прыхільнікам па­зі­тыў­най ар­гу­мен­та­цыі ў спрэчках. І самы першы намёк на яго­ныя звыш­на­ту­ра­ль­ныя сілы пазітыўна праявіўся, калі ён даводзіў немаг­чы­масць цу­даў. Гэтая спрэчка ад­бы­ва­ла­ся ў бары “Вялікі Дракон”, і Тодзі Біміш увесь час манатонна пярэчыў: “Гэта вы так кажаце”, – што даводзіла містэра Фатэрынгея да мяжы шаленства.

Акрамя гэтых двух, прысутнічалі таксама адзін раварыст, запылены з ног да галавы, землеўласнік Кокс і міс Мэй­б­рыдж, надз­вы­чай са­ма­ві­тая і даволі тоўстая буфетчыца “Дракону”. Міс Мэйбрыдж ста­я­ла спінай да м-ра Фатэрынгея, мыючы шклян­кі. Астатнія назіралі за ім, у бо­ль­шай ці меншай ступені за­ці­каў­ле­ныя тым, як прабуксоўвае яго пазітыўны метад. Раздражнёны шматузроўневай абаронай м-ра Бі­мі­ша, м-р Фатэрынгей наважыўся ўжыць незвычайны рытарычны пры­ём.

– Паслухайце, містэр Біміш, – сказаў м-р Фатэрынгей, – давайце вызначымся, чым ёсць цуд. Гэта неш­та такое, што су­пя­рэ­чыць нармальным прыродным умовам і здзяйсняецца сілай волі, нешта, што не магло б адбыцца, калі б не было ад­мыс­ло­ва выклікана.

– Гэта вы так кажаце, – перарваў яго м-р Біміш.

М-р Фатэрынгей звярнуўся да раварыста, які дагэтуль быў толькі маўклівым слухачом, і атрымаў ад та­го згоду, выражаную не­ра­шу­чым пакашліваннем і пагляданнем на м-ра Біміша. Землеўласнік не вы­ка­заў ніякай думкі, а м-р Фатэрынгей вяр­нуў­­ся да м ра Бі­мі­ша, які нечакана саступіў, стрымана пагадзіўшыся з пры­ведзе­ным азначэннем цуду.

– Прывядзем прыклад, – сказаў м-р Фатэрынгей, моцна падбадзёраны. – Дапусцім, тут адбыўся цуд. Гэ­ная лямпа пры нар­ма­ль­ных прыродных умовах не магла б гарэць так, як цяпер, каб перавярнулася да­га­ры дном, праўда, Бі­міш?

Вы сцвярджаеце, што не магла б.

– А вы? Вы так не сцвярджаеце, га?

– Ладна, – сказаў Біміш неахвотна. – Не магла б.

– Выдатна. І вось падыходзіць нехта, хай гэта буду я, і становіцца... ну, няхай вось тут ды кажа да лямпы, вось як я цяпер, саб­раў­шы ўсю сваю волю: “Перакуліся дагары дном, ды так, каб агонь не збіўся, а пра­цяг­ваў роўна гарэць”, – і – авохці!

І толькі прагучала гэтае: “Авохці!” – як немагчымае, неверагоднае ўбачылі ўсе. Лямпа павісла дагары дном і ціха пра­цяг­ва­ла гарэць, па­каз­ва­ю­чы язычком агню долу. Гэта было настолькі аб’ектыўна і не­сум­нен­на, наколькі аб’ектыўнай і несумненнай толькі мо­жа быць лямпа, ба­на­ль­ная, звычайная лям­па ў бары “Вялікі Дракон”.

М-р Фатэрынгей застыў з выстаўленым указальным пальцам, звёўшы бровы ў чаканні жудаснага бразга­ту. Ра­ва­рыст, што сядзеў каля лям­пы, адхінуўся і адскочыў у іншы кут бару. Усе адскочылі так ці інакш. Міс Мэйбрыдж па­вяр­ну­ла­ся і ўскрыкнула. Амаль тры секунды лям­па вісела нерухома. Слабы крык пакуты выр­ваў­ся з глыбіні душы м-ра Фатэрынгея.

– Я не магу больш яе трымаць, – прастагнаў ён.

Ён адхіснуўся, а перакуленая лямпа раптам успыхнула, упала ў кут бару, адскочыла ўбок, разбілася аб падлогу і згасла.

На шчасце, яе рэзервуар быў металічны, бо іначай усё навокал было б у агні. Містэр Кокс загаварыў пер­шы, і з яго вы­каз­ва­ння без ліш­ніх адступленняў вынікала, што Фатэрынгей – дурань. Фатэрынгей быў не ў стане запярэчыць на­ват такому ка­тэ­га­рыч­наму меркаванню! Тое, што адбылося, бязмерна здзі­ві­ла яго. Далейшая размова аб­са­лютна не праліла святла на тое, што яго агаломшыла. Усе не толькі ў поў­най меры, але і вельмі горача падтрымалі дум­ку м-ра Кокса. Кожны быў рады аб­ві­на­ва­ціць Фатэрынгея ў дурным фокусе і выставіць яго пе­рад ім самім не­ра­зум­ным парушальнікам цішыні і спакою. Ён сам у віры разгубленых думак быў гатовы па­гадзіц­ца з усі­мі і абсалютна марна спрабаваў адмовіцца, калі яму пра­па­на­ва­лі сысці.

Ён ішоў дадому расчырванелы і ўсхваляваны, каўнер паліто скамечыўся, вочы моцна балелі, а вушы га­рэ­лі. Ён тры­вож­на паг­ля­даў на кож­ны з дзесяці ліхтароў, мінаючы іх. І толькі застаўшыся адзін у сва­ім маленькім пакойчыку на Чэрч-роў, ён здо­леў засяродзіцца на ўспа­мі­нах пра здарэнне і запытаць ся­бе: “А што ўласна адбылося?”

Зняўшы паліто і чаравікі, ён сядзеў на ложку, трымаючы рукі ў кішэнях, і ў семнаццаты раз паўтараў сваё ап­раў­да­нне: “Я не хацеў, каб гэ­тая поскудзь перакулілася”, – і тут яму прыйшло да галавы, што ў той самы момант, калі ён вымавіў словы за­га­ду, то ненаўмысна па­жа­даў таго, што сказаў, і што калі ён уба­чыў лямпу ў паветры, то адчуў, што ад яго залежыць, ці тры­маць яе гэтак, хоць ён і не ўяўляў, як гэта ра­біць. Ён меў не дужа складана арганізаваны ро­зум, бо іначай мог бы на нейкі час аза­да­чыц­ца гэтым “ненаўмысна пажадаў”, спрабуючы зра­зу­мець усе цьмяныя праб­ле­мы ўсведамлення ўчынкаў. Але ён быў ме­на­ві­та такім, якім быў, таму гэтае ўяўленне прыйшло да яго ў цал­кам прымальнай няяснасці. І ад такога ўяўлення, не тры­ма­ю­чы­ся, трэба адзначыць, ніякай выразнай лагічнай па­с­ля­доў­на­с­ці, ён пе­рай­шоў проста да правядзення эксперыменту.

Ён рашуча паказаў на свечку і сабраўся з думкамі, хоць і адчуваў, што робіць глупства.

– Уздыміся, – сказаў ён. Ужо праз секунду тое адчуванне знікла. Свечка ўзнялася, на адзін лег­ка­дум­ны мо­мант завісла ў па­вет­ры, і ка­лі м-р Фатэрынгей выдыхнуў, са стукам упала на туалетны столік, па­кі­нуў­шы яго ў поўнай цем­ры, за вык­лю­чэ­ннем агеньчыка, што згасаў на яе кноце.

Нейкі час м-р Фатэрынгей сядзеў у цемры абсалютна нерухома.

– Урэшце, гэта ж сапраўды здарылася, – сказаў ён. – І я не ведаю, як гэта растлумачыць, – ён цяжка ўздых­нуў і па­чаў на­мац­ваць запалку ў кішэні. Нічога знайсці не ўдавалася, і ён падняўся ды ўсляпую стаў шукаць яе на ту­а­лет­ным століку. – Мне б запалку, – прамармытаў ён. Ён пайшоў да свайго паліто, але там яе таксама не было, і та­ды да яго дайшло, што цуды маг­чы­мыя нават з запалкамі. Ён выцягнуў ру­ку і сувора паглядзеў на яе ў цемры. – Ха­чу, каб у гэтай руцэ была запалка, – ска­заў ён. І зараз жа адчуў, як нейкі лёгкі прадмет упаў на яго да­лонь, а пальцы ўхапіліся за запалку.

Пасля колькіх марных спробаў запаліць яе ён зразумеў, што гэта бяспечная запалка. Ён адкінуў яе, і тут яму па­ду­ма­ла­ся, што можна прос­та загадаць ёй загарэцца. Ён так і зрабіў і ўбачыў, як яна гарыць па­ся­род абруса на ту­а­лет­ным століку. Ён ху­це­нь­ка яе падхапіў, і яна па­гас­ла. Усведамленне сваіх маг­чы­ма­с­цяў узмацнілася, і ён вяр­нуў свечку на падсвечнік.

– А цяпер ты гары! – сказаў м-р Фатэрынгей, і свечка зараз жа загарэлася, а ён убачыў маленькую чор­ную дзі­рач­ку ў ста­ль­ні­цы, ад якой ішоў клубок дыму. Ён некалькі разоў перавёў позірк з дзірачкі на аге­нь­чык і назад, а па­с­ля ўзняў вочы і сус­т­рэў уласны позірк у люс­тэр­ку. Праз яго ён нейкі час моў­ч­кі абменьваўся думкамі з самім са­бой.

– Ну, што ты цяпер думаеш пра цуды? – урэшце спытаў м-р Фатэрынгей у свайго адбітку.

Наступныя разважанні м-ра Фатэрынгея былі нескладанымі, але бязладнымі. Пакуль што ён разумеў то­ль­кі тое, што для яго ўсё зак­лю­ча­ла­ся ў чыстым жаданні. Прырода ўжо перажытых падзеяў адбіла ах­во­ту эксперыментаваць да­лей, прынамсі пакуль ён усё не пе­ра­а­сэн­суе. Але ён паспрабаваў узняць ар­куш і зрабіў ваду ў шклянцы спа­чат­ку ружовай, а пасля зя­лё­най, тады стварыў смаўжа, якога цу­дадзей­ным жа чынам і знішчыў, і начараваў сабе новую зубную шчотку. Ужо глы­бо­кай ноччу ён дай­шоў да ўсведамлення таго, што сі­ла яго волі мусіць быць ве­ль­мі рэдкай і адметнай, пра што ён, ка­неч­не, зда­гад­ваў­ся і раней, але не быў у тым канчаткова ўпэўнены. Страх і збянтэжанасць ад пер­ша­па­чат­ко­ва­га адкрыцця ця­пер змяніліся гонарам ад пацверджання сваёй вык­люч­на­с­ці і няпэўнае ад­чу­ва­нне ўдачы. Ён пачуў, як царкоўны гадзіннік б’е гадзіну, і паколькі не здагадаўся, што і ад будзён­ных абавязкаў у Гомшатаў можна пазбавіц­ца чароўным чынам, то пра­цяг­нуў раздзявацца, каб хут­чэй пай­с­ці спаць. Калі ён з цяжкасцю сцягваў кашулю цераз га­ла­ву, яму прыйшла бліс­ку­чая ідэя.

– Хачу быць у ложку, – сказаў ён і апынуўся там. – Раздзетым, – дадаў ён умову, а заўважыўшы, што пра­с­ці­на ха­лод­ная, хут­ка дадаў: – І ў начной кашулі – ха! – у прыемнай мяккай ваўнянай начной ка­шу­лі. Ах! – сказаў ён ад вя­лі­кай асалоды. – А за­раз хачу соладка пас­нуць…

Ён прачнуўся ў свой звычайны час і быў у задуменні ўвесь сьняданак, разважаючы, ці не было пе­ра­жы­тае ўна­чы нейкім надзі­ва ма­ляў­ні­чым сном. Нарэшце яго думкі зноў схіліліся да асцярожных эк­с­пе­ры­мен­таў. Напрыклад, на сняданак ён меў тры яйкі: два ад гас­па­ды­ні дому, добрыя, але крамныя, і ад­но – вельмі смачнае свежае гу­сі­нае яйка, знесенае, пры­га­та­ва­нае і пададзенае на стол ягонай звыш­на­ту­ра­ль­най воляй. Ён паспяшаўся да Гом­ша­таў у стане моцнага, але старанна ха­ва­на­га ўзрушэння і ўспом­ніў пра шкарлупіну ад трэ­ця­га яйка, толькі калі гас­па­ды­ня загаварыла пра яе ўвечары. Увесь дзень ён не мог працаваць ад свайго новага самаўспрымання, але гэ­та не прынесла яму клопатаў, таму што ён чароўным чынам наг­наў усё за апошнія дзесяць хвілін.

На працягу дня яго душэўны стан змяняўся ад здзіўлення да радасці, хоць абставіны выгнання яго з “Вялікага Дракону” да­гэ­туль бы­ло непрыемна ўспамінаць, а заблытаныя падрабязнасці тых падзе­яў, дайшоўшы да ка­ле­гаў, сталі тэмай шэрагу жартаў. Было ві­да­воч­на, што тут трэба быць ас­ця­рож­ным, як з крохкімі рэчамі, але ў іншым разе яго дар абяцаў тым больш, чым далей ён яго абдумваў. Ся­род ін­ша­га, ён намерваўся за кошт сціплых цу­даў павялічыць свой дастатак. Ён стварыў пару вы­дат­ных дыяментавых запінак і спехам зьніш­чыў іх, калі ма­ла­ды Гомшат прайшоў праз бухгалтэрыю да свайго стала. Ён баяўся, што Гомшат зацікавіцца, адкуль яны ў яго. Ён ве­ль­мі ясна разумеў, што практыкаванні з дарам парабуюць абачлівасці і пільнасці, але наколькі ён мог дагэтуль мер­ка­ваць, цяж­ка­с­ці, якія маглі ўзнікнуць, былі не большымі, чым калі ён вучыўся ез­дзіць на ровары. Гэтая аналогія, бадай, як і па­чу­ццё таго, што ў “Вялікім Драконе” яму ра­дыя не будуць, пры­вя­ла яго пасля вячэры ў завулкі за газавым заводам, каб у адзіноце ад­рэ­пета­ваць пару цудаў.

Магчыма, у яго намаганнях было пэўнае жаданне зарыгінальнічаць, бо па-за сілай волі м-р Фатэрынгей не меў нічога вык­люч­на­га. Яму на памяць прыйшоў цуд з посахам Майсея, але ноч была цём­ная і непрыдатная для таго, каб на­леж­ным чынам управіцца з вя­лі­кі­мі чароўнымі змеямі. Тады ён уз­га­даў гісторыю з “Тангёйзэра”, якую прачытаў на адвароце фі­лар­ма­ніч­най праграмкі. Гэта здалося яму надз­вы­чай прывабным і бясшкодным. Ён утыр­к­нуў свой кіёк – вельмі элегантны пуна-пэ­нанг­с­кі лоер [1] – у траву з краю сцежкі і загадаў су­хой драўніне зацвісці. Па­вет­ра неадкладна запоўнілася водарам ру­жаў, і ў святле запалкі ён сам убачыў, што прыгожы цуд сап­раў­ды адбыўся. Яго радасць парушылі нечыя крокі. Спужаўшыся заўчаснага выкрыцця сваіх здо­ль­на­с­цяў, ён хутка звяр­нуў­ся да квітучага кійка: “Вяртайся назад”. Ён меў на ўвазе: “Ператварайся назад”, – але, вя­до­ма, наб­лы­таў. Кіёк адскочыў з ладнай хут­ка­с­цю, і зараз жа пачуўся гнеўны крык і ла­ян­ка чалавека, які па­ды­ходзіў.

– Ты ў каго хмызам шпульнуў, дурань? – крычаў голас. – У галёнку мне патрапіў.

– Даруй, зямляк, – сказаў м-р Фатэрынгей і, раптам зразумеўшы няўдала выбраны тон свайго адказу, па­лах­лі­ва ўзяў­ся за ву­сы. Ён уба­чыў, як набліжаецца Ўінч, адзін з трох канстэбляў Імерынгу.

– Чаго гэта ты?.. – спытаў паліцыянт. – Здарова! Гэта ж ты, так? Мужык, каторы зламаў лямпу ў “Вялікім Драконе”!

– А што я? – адказаў м-р Фатэрынгей. – Я нічога.

– Дык нашто тады ты так робіш?

– От, халера! – сказаў м-р Фатэрынгей.

– Дык і халера! Ты ведаеш, што гэта балюча? Дык нашто ты гэта робіш, га?

У гэтую хвіліну м-р Фатэрынгей не мог думаць пра тое, нашто ён гэта зрабіў. Яго маўчанне, падобна, раз­зла­ва­ла м-ра Ўін­ча.

– Дык ты напаў на паліцыю, хлапец. Вось што ты зрабіў.

– Паслухайце, містэр Ўінч, – сказаў м-р Фатэрынгей, раззлаваны і разгублены, – мне шкада, вельмі. Рэч у тым, што…

– Ну?

Да галавы не прыходзіла нічога, апрача праўды.



– Я рэпетаваў цуд, – ён спрабаваў казаць бесклапотна, але нічога не выходзіла.

– Рэпетаваў… што? Так, не вярзі лухты. Рэпетаваў цуд, ды няўжо! Гэта проста смешна! Ну, а як жа, дзяцюк, які не верыць у цуды… Ясна, гэта твой чарговы фокус – вось што. А зараз слухай сюды…

Але м-р Фатэрынгей так і не пачуў, што м-р Ўінч меўся сказаць яму. Ён зразумеў, што прагаварыўся, даў языку во­лю. Рап­тоў­ны выбух гне­ву прымусіў яго дзейнічаць. Ён рэзка і злосна павярнуўся да па­лі­цы­ян­та.

– Так, – сказаў ён, – хопіць ужо, даволі! Зараз я пакажу табе адзін фокус! Ідзі ты ў пекла! Зараз жа!

Ён застаўся адзін!

У тую ноч м-р Фатэрынгей больш не рабіў цудаў, як і не думаў пра тое, што сталася з яго квітучым кій­ком. Ён вяр­нуў­ся ў го­рад, спа­ло­ха­ны і вельмі маўклівы, і пайшоў у пакой.

– Божухна! – сказаў ён. – Гэта магутны дар, надзвычай магутны дар. Я і блізка не думаў пра такое. Су­р­’­ёз­на… Цікава, як там у пекле?

Ён сеў на ложак, каб зняць чаравікі. Раптам яго азарыла цудоўная ідэя – ён зараз жа перамясціў па­лі­цы­ян­та ў Сан-Фран­цыс­ка, і больш ні пра што не думаючы, спакойна пайшоў спаць. Уначы яму сніўся раз­зла­ва­ны Ўінч.

Назаўтра м-р Фатэрынгей пачуў дзве цікавыя навіны. Насупраць дому м-ра Гомшата-старэйшага на Ла­лэ­бо­раў-роўд нехта вы­ра­с­ціў не­ве­ра­год­на прыгожую стэпавую ружу, а рэчку ў раёне Роўлінгз-Міла збіраюцца абследаваць у по­шу­ках канстэбля Ўін­ча.

М-р Фатэрынгей увесь дзень быў няўважлівы і задумлівы і не звяртаўся да цудаў, за выключэннем пра­ві­зіі для Ўін­ча і ве­ль­мі пун­к­ту­а­ль­на­га завяршэння працы, нягледзячы на той пчаліны рой думак, які гуў у ягонай галаве. Яго нез­вы­чай­ная за­ду­мен­насць і лагоднасць па­водзі­наў была заўважаная не­ка­ль­кі­мі людзьмі і стала нагодай для жар­таў. Галоўным чынам ён ду­маў пра Ўінча.

У нядзелю ўвечары ён пайшоў у царкву, і, як гэта ні дзіўна, казань містэра Мэйдыга, што меў пэўную ці­ка­васць да звыш­на­ту­ра­ль­ных з’я­ваў, была пра “рэчы, што не адпавядаюць закону”. М-р Фатэрынгей не належаў да царкоўных заў­сёд­ні­каў, але яго сістэ­ма пазітыўнага скеп­ты­цыз­му, на якую я ўжо спа­сы­лаў­ся, цяпер значна пахіснулася. Сут­насць прамовы паказала яму зу­сім у іншым святле гэты новы дар, і ён раптам вырашыў параіцца з містэрам Мэй­ды­гам адразу пасля службы. Як толькі ён так вы­ра­шыў, то здзівіўся, чаму не зра­біў гэтага раней.

М-р Мэйдыг, худы экспансіўны чалавек з неймаверна доўгімі запясцямі і шыяй, узра­да­ваў­ся просьбе пра аса­біс­тую раз­мо­ву ад маладога чалавека, пра чыё нядбальства ў рэлігійных справах ве­да­лі ўсе ў горадзе. Па­с­ля пары не­аб­ход­ных затрымак ён правёў яго ў святарскі дамок, які пры­ля­гаў да царквы, зручна ўсадзіў і, стаў­шы перад прыемным полымем – яго ногі ўтварылі радоскую арку це­ню на супрацьлеглай сьцяне – папрасіў м ра Фатэрынгея расказаць пра сваю справу.

Спачатку м-р Фатэрынгей троху саромеўся, яму было крыху цяжка адкрыць, у чым рэч.

– Я баюся, вы наўрад ці мне паверыце, містэр Мэйдыг, – казаў спачатку ён. Але ўрэшце вырашыў за­даць пы­та­нне і па­ці­ка­віў­ся ў м-ра Мэй­ды­га, як той ставіцца да цудаў.

М-р Мэйдыг сказаў, як і раней: “Ну”, – скрайне бесстароннім тонам, калі м-р Фатэрынгей зноў пе­рар­ваў­ся:

– Я мяркую, вы не паверыце, што нейкі звычайны чалавек – кшталту мяне, напрыклад, – які сядзіць вось тут пе­рад вамі, мог бы мець такі та­лент, што дазваляў бы яму рабіць нешта сілай волі.

– Гэта магчыма, – сказаў м-р Мэйдыг. – Нешта такое, бадай, магчыма.

– Каб я мог свабодна абыходзіцца з чым-небудзь тут, думаю, я мог бы паказаць вам якісь эк­с­пе­ры­мент, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Вось, ва­зь­мі­це гэную табакерку на стале, напрыклад. Я хацеў бы ве­даць: тое, што я з ёй зраб­лю, – гэта цуд ці не? Уся­го паўхвіліны, м-р Мэйдыг, ка­лі ласка.

Ён нахмурыўся, паказаў на табакерку і сказаў:

– Стань вазай фіялак.

Табакерка зрабіла, як ёй загадалі.

Пры змене м-р Мэйдыг рэзка ўсхапіўся і стоячы стаў пераводзіць позірк то на чараўніка, то на вазу фі­я­лак. Ён ні­чо­га не ка­заў. Хутка ён ры­зык­нуў нахіліцца над сталом і панюхаць фіялкі – яны былі све­жыя і вельмі прыгожыя. Та­ды ён зноў ута­ро­піў­ся ў м-ра Фатэрынгея.

– Як вы гэта зрабілі? – спытаў ён.

М-р Фатэрынгей тузаў сябе за вусы.

– Я ж толькі што сказаў – і вось вы зноў. Цуд гэта, чорная магія ці што гэта? І што са мной, як вы ду­ма­е­це? Вось што я ха­чу ведаць.

– Гэта проста неверагодна.

– А ў гэты самы дзень тыдзень таму я ведаў пра сваю здольнасць рабіць такое не больш за вас. Гэта прый­ш­ло аб­са­лют­на не­ча­ка­на. Зда­ец­ца, з маёй воляй нешта не так, наколькі я разумею.

– Гэта ўсё? Ці можаце вы зрабіць што іншае, апрача гэтага?

– Госпадзе, так! – усклікнуў м-р Фатэрынгей. – Усё, што заўгодна, – ён падумаў і раптам успомніў фо­кус, які бачыў ра­ней. – Вось! – па­ка­заў ён, – стань сасудам з рыбкамі – не, не, не так – ператварыся ў шкля­ны сасуд, поўны вады, у якім плаваюць рыб­кі. Ужо лепей! Бачыце, м-р Мэйдыг?

– Гэта дзіўна. Гэта неверагодна. Вы або вельмі незвычайны… Але не…

– Я мог бы ператварыць яго ў што хочаце, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Ва ўсё, што хочаце. Вось! Стань, калі лас­ка, голубам.

Праз момант блакітны голуб лапатаў крыламі па пакоі, прымушаючы м-ра Мэйдыга адхіляцца кожны раз, калі пра­ля­таў над ім.

– Спыніся, калі ласка, тут, – сказаў м-р Фатэрынгей, і голуб нерухома завіс у паветры. – Я магу пе­рат­ва­рыць яго на­зад у вазу з кветкамі, – прапанаваў ён і, перанёсшы голуба на стол, зрабіў цуд. – Думаю, вы хутка захочаце ку­рыць, – ён вярнуў назад табакер­ку.

М-р Мэйдыг сачыў за ўсімі пазнейшымі пераменамі ў стане нейкага маўклівага ляманту. Ён ута­ро­піў­ся ў м-ра Фатэрынгея і ве­ль­мі ас­ця­рож­на ўзяў табакерку, агледзеў яе і вярнуў на стол. “Сілы нябёсныя!” – было адзі­ным выяўленнем яго па­чу­ццяў.

– Пасля гэтага прасцей растлумачыць, што ў мяне здарылася, – сказаў м-р Фатэрынгей, і перайшоў да доўгага і блы­та­на­га аповеду пра свае дзіўныя прыгоды, пачынаючы ад падзеі з лямпай у “Вялікім Дра­ко­не” і дадаючы няс­пын­ныя намёкі на Ўінча. Пакуль ён працягваў, ча­со­вы гонар ад уражання, зроб­ле­на­га на м-ра Мэйдыга, прайшоў. Ён зноў стаў самым звычайным міс­тэ­рам Фатэрынгеем, якім заў­сё­ды быў для навакольных. М-р Мэйдыг за­ся­род­жа­на слухаў з табакеркай у руцэ, і яго рэ­ак­цыя таксама мя­ня­ла­ся цягам аповеду. Калі м-р Фатэрынгей перайшоў да цуду з трэцім яйкам, пас­тар пе­рар­ваў яго, затросшы выцягнутай рукой.

– Гэта магчыма, – сказаў ён. – Гэта верагодна. Гэта дзіўна, вядома, але гэта вырашае шэраг істотных цяж­ка­с­цяў. Здо­ль­насць рабіць цу­ды – гэта дар, незвычайная якасць, як геній або прароцтва. Да гэ­тай пары ён з’яўляўся ве­ль­мі рэдка і то­ль­кі ў выключных людзей. Але ў гэтым разе… Я заўжды дзі­віў­ся цудам Магамета, і цудам ёгаў, і цу­дам мадам Блавацкай. Але канечне – так, гэта проста дар! Ён так хо­ра­ша пацвярджае тэзісы гэтага вялікага мы­с­ля­ра, – голас м-ра Мэйдыга за­гу­чаў цішэй, – яго свет­ла­с­ці герцага Аргайлскага. Тут мы пранікаем у асновы якогась фундаментальнага закону – глыбейшага за звычайныя законы прыроды. Так, так. Працягвайце. Працягвайце!

М-р Фатэрынгей працягваў расказваць пра няшчасны выпадак з Ўінчам, а м-р Мэйдыг, больш не ба­ю­чы­ся і не па­ні­ку­ю­чы, па­чаў трэсці ру­ка­мі і ўстаўляць здзіўленыя рэплікі.

– Вось што турбуе мяне больш за ўсё, – працягваў м-р Фатэрынгей, – тут мне тэрмінова патрэбная па­ра­да. Ка­неч­не, ён у Сан-Францыска – дзе б ні быў той Сан-Францыска – але несумненна, гэта нязручна нам абаім, зра­зу­ме­е­це, містэр Мэйдыг? Я не ведаю, як бы ён мог зра­зу­мець усё, што здарылася, мне зда­ец­ца, ён напужаны і, пэўна, жу­дас­на раззлаваны, і хоча знай­с­ці мяне. Мне здаецца, ён усё спра­буе вяр­нуц­ца. Я адсылаю яго назад, цудам, кож­ныя колькі гадзінаў, калі ўспамінаю пра гэ­та. І канечне, гэта­га яму не зразумець, і гэта му­сіць цвяліць яго. І вя­до­ма, калі ён штораз бярэ білет, то гэта яму выйдзе до­ра­га. Я зрабіў усё магчымае для яго, але, натуральна, яму цяж­ка паставіць сябе на маё месца. Я пасля па­ду­маў, што ягоная воп­рат­ка магла і падсмаліцца – ведаеце, калі пек­ла такое, як мы ўяў­ля­ем, – перш чым я перамясціў яго. У такім разе, я мяр­кую, у Сан-Францыска яго маглі і арыш­та­ваць. Ка­неч­не, я загадаў, каб яго гар­ні­тур стаў новым, я паклапаціўся пра гэта. Але ведаеце, я ўжо чартоўскі заб­лы­таў­ся…

М-р Мэйдыг выглядаў сур’ёзна.

– Я бачу, што вы заблыталіся. Так, гэта складаная сітуацыя. Як вам з яе выбрацца… – ён стаў няў­пэў­не­на цяг­нуць.

– Аднак пакінем Ўінча на нейкі час і абмяркуем важнейшае пытанне. Я не думаю, што гэта чорная ма­гія ці што-небудзь такое. Думаю, ва ўсім гэтым няма прыкметаў злачын­с­т­ва, м-р Фатэрынгей, – ніякіх, ка­лі вы не хаваеце істотных фактаў. Не, гэта цу­ды – чыстыя цуды – цу­ды, калі так можна сказаць, най­вы­шэй­ша­га гатунку.

Ён пачаў хадзіць сюды-туды па дыване ля каміна і жэстыкуляваць, а м-р Фатэрынгей з устрывожаным выг­ля­дам сеў і апу­с­ціў галаву на руку, абапертую на стол.

– Я не разумею, што мне рабіць з Ўінчам, – сказаў ён.

– Дар цудатворства – бясспрэчна, вельмі магутны дар, – казаў м-р Мэйдыг, – ён дапаможа вы­ра­шыць праб­ле­му з Ўін­чам – не бой­це­ся. Мой дарагі сэр, вы незвычайна важны чалавек – чалавек вык­люч­най каштоўнасці. Як свед­ка, нап­рык­лад! А з іншага боку, тое, што вы можаце рабіць…

– Так, я ўжо падумаў пра сёе-тое, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Але асобныя рэчы выходзяць крывавата. Ці бачылі вы тых ры­бак спа­чат­ку? Не той са­суд і не тыя рыбы. І я падумаў, што варта спытаць каго.

– І слушна зрабілі, – сказаў м-р Мэйдыг, – вельмі слушна зрабілі, цалкам слушна зрабілі. – Ён спы­ніў­ся і паг­лядзеў на м-ра Фатэрынгея. – Гэта фактычна бязмежны дар. Давайце праверым вашы сілы, для прыкладу. Ці сап­раў­ды яны такія… Такія, якімі здаюцца.

Вось жа, якім бы неверагодным гэта ўсё ні здавалася, у кабінеце маленькага дому за кан­г­рэ­га­цы­я­на­ліс­ц­кай царквой уве­ча­ры ў нядзе­лю 10 ліс­та­па­да 1896 году м-р Фатэрынгей, падбухтораны і натхнёны міс­тэ­рам Мэйдыгам, пачаў прак­ты­ка­вац­ца ў цудах. Я наўмысна засяроджваю ўвагу чы­та­ча на даце. Ён запярэчыць, а магчыма, ужо запя­рэ­чыў, што пэўныя моманты гэ­тай гісторыі непраўдападобныя, што ка­лі нешта з ужо апісанага сапраўды зда­ра­ла­ся, усё было б у тагачасных газетах. Тое, што ад­бу­дзец­ца зараз жа пасля гэтага, падасца яму асабліва неп­ры­ма­ль­ны­м, бо, сярод іншага, яно прыводзіць да выс­но­вы, што ён або яна, згаданы чытач або чытачка, мусяць быць забітымі жорсткім і нечуваным чынам больш за год та­му. Дык цуд не цуд, калі ён ­ве­ра­год­ны, і чытач сапраўды быў забіты жорсткім і нечуваным чынам у 1896 годзе. Па далейшым развіцці гэтай гісторыі ўсё ста­не выдатна зразумела і праў­да­па­доб­на – любы разумны і раз­важ­лі­вы чытач гэта прыз­нае. Але гэта яшчэ не канец гісторыі, яна ледзь толькі пе­ра­ва­лі­ла за сярэдзіну. І спачатку цуды, якія рабіў м-р Фатэрынгей, бы­лі цудамі нясмелымі і дробнымі – ней­кія апе­ра­цыі з кубкамі і абстаноўкай у пакоі. Нязначныя, як цуды тэасофаў. Але пры ўсёй сваёй няз­нач­на­с­ці яны ўсп­ры­ма­лі­ся яго таварышам з вялікай пашанай. Фатэрынгей ахвотней неадкладна б заняўся спра­вай Ўінча, але м-р Мэйдыг не да­ваў яму. Пасля таго, як яны зрабілі з тузін хатніх справаў і ўпэўніліся ў сваіх сілах, іх уяўленне па­ча­ло паказваць прыкметы ўзбуджэння, і іх амбіцыі ўзраслі. Іх першая значная справа была выкліканая го­ла­дам і нядбайнасцю місіс Мін­чын, аканомкі м-ра Мэйдыга. Страва, якую пастар прапанаваў м-ру Фатэрынгею, была дрэнна пададзеная і неп­ры­ваб­ная для двух рупліўцаў-цу­датворцаў. Але яны селі, і м-р Мэйдыг доўга і хут­чэй скрушна, чым гнеў­на, казаў пра заганы сваёй аканомкі, пакуль м-р Фатэрынгей не здагадаўся, што ўсё ў яго руках.

– Як вы думаеце, містэр Мэйдыг, – спытаў ён, – ці не будзе залішняй вольнасцю, калі я

– Мой дарагі містэр Фатэрынгей! Вядома ж! Не – я так не думаю.

М-р Фатэрынгей махнуў рукой.

– Што будзем? – шчодра і добразычліва прапанаваў ён, і калі м-р Мэйдыг замовіў, то цалкам пе­рай­на­чыў выбар. – Што да мя­не, – сказаў ён, паглядаючы на страву містэра Мэйдыга, – я аддаю пе­ра­ва­гу куфлю портэру з цу­доў­най ва­лій­с­кай грэнкай, гэта я і буду. Я не ду­жа люблю бургундскае, – і ад­ра­зу па ягонай камандзе з’явіліся пор­тэр з грэнкай. Яны доўга вя­чэ­ра­лі, размаўляючы на роўных, што не мог не заўважыць м-р Фатэрынгей, чыр­ва­не­ю­чы ад здзіўлення і за­да­ва­ль­не­ння, пра ўсе цу­ды, якія яны яшчэ зробяць. – І дарэчы, міс­тэр Мэйдыг, – ска­заў м-р Фатэрынгей, – я бадай што мог бы вам да­па­маг­чы – па гаспадарцы.

– Не зусім вас разумею, – сказаў м-р Мэйдыг, асушаючы шклянку цудоўнага старога бур­гун­дс­ка­га.

М-р Фатэрынгей стварыў сабе проста з паветра яшчэ адну валійскую грэнку і адкусіў ад яе.

– Я падумаў, – сказаў ён, – што мог бы (хрум-хрум) зрабіць (хрум-хрум) цуд з місіс Мінчын (хрум-хрум) – зрабіць з яе лепшую жанчыну.

М-р Мэйдыг паставіў шклянку і паглядзеў з сумневам.

– Яна… Яна вельмі не любіць, калі ўмешваюцца, разумееце, м-р Фатэрынгей. І, па праўдзе, ужо да­лё­ка за адзі­нац­цаць, яна найхутчэй ужо спіць. А вы думаеце?..

М-р Фатэрынгей выслухаў пярэчанні.

– Не разумею, што перашкаджае нам зрабіць гэта, пакуль яна спіць.

М-р Мэйдыг крыху пасупраціўляўся і ўрэшце саступіў. М-р Фатэрынгей загадаў, і, ба­дай, без ра­ней­шай ужо ра­з­ня­во­ле­на­с­ці двое джэнтльмэнаў вярнуліся да ежы. М-р Мэйдыг шмат га­ва­рыў пра змены ў сваёй аканомцы, якія ён спадзя­ваў­ся ўбачыць заў­т­ра, з такім аптымізмам, які нават на бяседны розум м-ра Фатэрынгея зда­ваў­ся крыху ненатураль­ным і занадта бурным, калі наверсе па­чаў­ся бязладны шум. Яны абмяняліся за­пы­та­ль­ны­мі позіркамі, і м-р Мэйдыг спешна па­кі­нуў пакой. М-р Фатэрынгей пачуў, як той кліча гас­па­ды­ню, а пасля яго кро­кі наверх да яе.

Праз нейкую хвіліну пастар вярнуўся, ён ішоў лёгка, і яго твар свяціўся.

– Дзівосна! – сказаў ён, – і кранальна! Надзвычай кранальна!

Ён пачаў хадзіць па дыванку.

– Пакаянне – якое кранальнае пакаянне – скрозь шчыліну ў дзвярах. Бедная жанчына! Такая дзі­вос­ная пе­ра­ме­на! Яна ўста­ла. Яна, му­сіць, зараз жа ўстала. Яна прачнулася, каб раскалаціць бутэльку брэн­дзі, якую трымала ў ку­фэр­ку. І каб паспавядацца ў гэтым!.. Але гэта дае – гэта адкрывае нам – дзівоснае ба­ча­нне нашых магчымасцяў. Ка­лі мы змаглі зрабіць такую цу­доў­ную змену ў ёй

– Магчымасці, відаць, неабмежаваныя, – сказаў м-р Фатэрынгей. – А што да містэра Ўінча…

– Абсалютна неабмежаваныя, – стоячы на дыванку, м-р Мэйдыг адмахнуўся ад праблемы з Ўінчам і выказаў шэ­раг цу­доў­ных пра­па­но­ваў – прапановаў, якія ён прыдумаў, пакуль хадзіў.

Што гэта былі за прапановы, для нашай гісторыі неістотна. Дастаткова сказаць, што яны былі ў духу бя­з­меж­най шчод­ра­с­ці, той шчод­ра­с­ці, якую называюць паабедзеннай. Дастаткова сказаць таксама, што праблема Ўінча засталася нявырашанай. Няма патрэбы тлумачыць, як далёка заходзіў той шэраг. У ім планаваліся дзіўныя змены. Глыбокая ноч заспела м-ра Мэйдыга і м-ра Фатэрынгея, калі яны беглі халодным рынкавым пляцам пад спакойным месяцам у магічным экстазе: рухавы і ўзрушаны м-р Мэйдыг ды маленькі, даўно не голены м-р Фатэрынгей, які ўжо больш не саромеўся сваёй сілы. Яны выправілі кожнага п’яніцу ў Парламенцкім раёне, ператварылі ўсё піва і ўвесь алкаголь у ваду (м-р Мэйдыг здолеў пераканаць у гэтым м-ра Фатэрынгея). Пасля яны значна палепшылі чыгуначную інфраструктуру ва ўсёй мясцовасці, асушылі Фліндэрскае балота, палепшылі глебу на Гары Аднаго Дрэва і вылечылі бародаўку вікарыю. І яны збіраліся прыдумаць, што можна зрабіць з пашкоджанай паляй Паўднёвага моста.

– Заўтра, – задыхаўся м-р Мэйдыг, – гэта будзе зусім іншае месца. Як жа ўсе здзівяцца, як яны будуць удзяч­ныя, – і якраз у гэты мо­мант царкоўны гадзіннік прабіў тры.

– Паслухайце, – сказаў м-р Фатэрынгей, – ужо тры гадзіны! Мне трэба вяртацца. Трэба на працу да ва­сь­мі. І акрамя та­го, місіс Ўімс…

– Мы толькі пачынаем, – сказаў м-р Мэйдыг, поўны асалоды ад неабмежаванай улады. – Мы толькі па­чы­на­ем. Па­ду­май­це, ко­ль­кі доб­ра­га мы робім. Калі людзі прачнуцца…

– Але… – пачаў пярэчыць м-р Фатэрынгей.

М-р Мэйдыг раптам схапіў яго за руку. Яго вочы выглядалі яркімі і дзікімі.

– Мой дарагі друг, – сказаў ён, – няма куды спяшацца. Глядзіце, – ён паказаў на месяц у зеніце, – Ісус На­ваў!

– Ісус Наваў? – перапытаў м-р Фатэрынгей.

– Ісус Наваў, – паўтарыў м-р Мэйдыг. – Чаму не? Спыніце яго.

М-р Фатэрынгей паглядзеў на месяц.

– Ён крыху завялікі, – сказаў ён пасля паўзы.

– Дык і што? – спытаў м-р Мэйдыг. – Вядома, ён не спыніцца. Трэба спыніць рух Зямлі, ра­зу­ме­е­це. Тады час спыніцца. Мы гэтым не зробім шкоды.

– Хм! – сказаў м-р Фатэрынгей. – Ну, – уздыхнуў ён, – я паспрабую. Зараз!

Ён зашпіліў пінжак і звярнуўся да жывой планеты з нахабнай самаўпэўненасцю, вартай яго сілаў.

– Перастань круціцца, калі ласка, – папрасіў м-р Фатэрынгей.

І ў той жа момант ён ужо кулём ляцеў у паветры з хуткасцю дзесяткаў міляў у мінуту. Нягледзячы на ўсе тыя не­з­лі­чо­ныя пе­ра­ва­ро­ты, якія ён штосекунду рабіў, ён паспеў падумаць. Дзівосная рэч дум­ка – часам марудная, як ця­чэ­нне смалы, а ча­сам вокамгненная, як свят­ло. Ён за секунду пасьпеў па­ду­маць і пажадаць:

– Хачу апусціцца жывым і здаровым. Што б ні адбылося далей, апусці мяне жывым і здаровым.

Ён пажадаў гэтага вельмі своечасова, бо ягоная вопратка, нагрэтая хуткім рухам скрозь паветра, ужо па­ча­ла пад­с­ма­ль­вац­ца. Ён апу­с­ціў­ся з моцным, але абсалютна бясшкодным ударам у тое, што ака­за­ла­ся кучай све­жа­вы­вер­ну­тай зямлі. Вя­ліз­ная глыба з муру і металу, якая дзіўна нагадвала гадзіннікавую ве­жу ў цэнтры рынкавага пля­цу, ударылася аб зямлю каля яго, адскочыла рыкашэтам над яго га­ла­вой і ра­з­ля­це­ла­ся на муроўку, цэглу і цэмент, ні­бы ўзарваная бомба. Нейкая карова на­ля­це­ла на адзін з большых абломкаў, і яе рас­п­люш­чы­ла, як яйка. Адбыўся ўдар, у параўнанні з якім грукат ад усіх наймацнейшых уда­раў у яго жыцці здаваўся гукам ад падзе­ння пёр­ка, а за ім яшчэ шэраг меншых удараў. Вя­ліз­ны вецер роў на зямлі і ў небе, так што ён ледзь мог прыўзняць га­ла­ву, каб аг­ледзец­ца. Нейкі час ён быў занадта задыханы і здзіўлены, на­ват каб зразумець, дзе ён знаходзіцца або што здарылася. І пер­шым яго рухам бы­ла спроба памацаць галаву, каб пе­ра­ка­нац­ца, што валасы, якія ра­звя­ва­лі­ся на вет­ры, былі яшчэ на месцы.

– Госпадзе! – задыхаўся м-р Фатэрынгей, ледзь гаворачы за ветрам, – я ледзь выратаваўся! Што зда­ры­ла­ся? Бу­ра, гром. А ўся­го хвіліну та­му была цудоўная ноч. Гэта Мэйдыг падгаварыў мяне гэта зрабіць. Які вецер! Яшчэ пару такіх жартаў, і я аба­вяз­ко­ва патраплю ў неш­та жудаснае!..

Дзе Мэйдыг?

У якім жудасным хаосе ўсё!

Ён агледзеў сябе, наколькі гэта дазваляў яго пінжак, які трапятаў на ветры. Усё сапраўды выглядала скрайне дзіў­на.

– Ну, хоць з небам усё ў парадку, – сказаў м-р Фатэрынгей. – І гэта, здаецца, адзінае, што ў парадку. Ха­ця па­доб­на, што на­ват адтуль наб­лі­жа­ец­ца жахлівы шторм. Але месяц на небе. Такі самы, як і хвіліну та­му. Светлы, як дзень. А ўсё астатняе… Дзе вёс­ка? Дзе – дзе ўсё? Ча­му ўвогуле ўзняўся такі вецер? Я не пра­сіў ветру.

М-р Фатэрынгей безвынікова паспрабаваў падняцца на ногі, але пасля першай няўдалай спробы, вы­ра­шыў да­лей тры­мац­ца рачком. З-пад фалдаў пінжака, якія развяваліся над яго галавой, ён аглядаў асвет­ле­ную месяцам прас­то­ру з пад­вет­ра­на­га боку.

Адбылося нешта дрэннае, – сказаў м-р Фатэрынгей. – А што, Бог яго ведае.

Нічога не было відаць у асветленай белым святлом пыльнай імгле, якая неслася наперадзе вісклівай бу­ры, ад­ны толькі вы­вер­ну­тыя ма­сы зямлі і кучы свежых руінаў, без дрэваў, без дамоў, без знаёмых аб­ры­саў, толькі бяз­лад­ная пустэча, якая так­са­ма ўрэшце знікала ў цем­ры пад вірам калонаў і тран­с­па­ран­таў, бліскавіц і грымотаў буры, якая няўмольна набліжалася. Ка­ля яго ў шаравата-сінім святле вы­лу­ча­ла­ся нешта, што раней магло быць вя­зам – расплюшчаная маса стрэмак, якія тра­пя­та­лі ад галінак да ко­ра­ня, – а далей з пераблытанай ку­чы паў­с­та­ва­ла скручаная маса жалезных бэлек, у якой ад­гад­ваў­ся мост.

Рэч у тым, што, калі м-р Фатэрынгей спыніў кручэнне цэлай планеты, ён не зрабіў ніякіх указанняў ад­нос­на ру­хо­мых аб­’­ек­таў на яе па­вер­х­ні. А Зямля круціцца з такой хуткасцю, што паверхня на яе эк­ва­та­ры рухаецца значна хут­чэй за тысячу міляў у гадзіну, а ў нашых шы­ро­тах – менш чым у два разы па­во­ль­ней. Таму вёска, і м-р Мэйдыг, і м-р Фатэрынгей, і ўсё астатняе рэз­ка рванула наперад з хуткасцю ка­ля дзе­вя­ці міляў у секунду, інакш кажучы, значна хут­чэй, чым калі б імі стрэлілі з гарматы. І кож­ны чалавек, кожная жывая істота, кожны дом і кож­нае дрэва – увесь вя­до­мы нам свет – быў гэткім чынам пад­хоп­ле­ны, рас­п­люш­ча­ны і цалкам знішчаны. Вось і ўсё.

Гэтага м-р Фатэрынгей, канечне, у поўнай меры не ўсведамляў. Але ён зразумеў, што ягоны цуд па­цяр­пеў няў­да­чу, і ад гэ­та­га адчуў вя­ліз­ную агіду да цудаў. Цяпер ён быў у цемры, бо хмары згру­ва­с­ці­лі­ся і перакрылі месяц, які то­ль­кі што быў ві­даць, а паветра напоўнілася мі­гат­лі­вы­мі, бурлівымі, ус­ка­ла­му­ча­ны­мі аблокамі друзу. Незвычайнае завыва­нне ветру і вады на­поў­ні­ла зямлю і неба, і ўглядаючыся з-пад далоні супраць ветру скрозь пыл і град, ён уба­чыў у гульні маланак велічэзную сця­ну вады, якая іш­ла на яго.

– Мэйдыг! – крычаў м-р Фатэрынгей кволым голасам скрозь шум стыхіі. – Сюды! Мэйдыг!

– Спыніся! – гукаў ён да вады, якая набліжалася. – О, дзеля Бога, спыніся!

– Хвілінку, – казаў м-р Фатэрынгей да маланак і грому. – Пастойце хвілінку, пакуль я збяруся з дум­ка­мі… Што мне цяпер ра­біць? – пы­таў ён. – Што мне цяпер рабіць? Госпадзе! Каб жа Мэйдыг быў тут.

– Ведаю! – ускрыкнуў м-р Фатэрынгей. – І дзеля Бога, хай цяпер усё атрымаецца.

Ён усё стаяў рачком, схіліўшыся супраць ветру, вельмі засяроджаны, каб усё зрабіць правільна.

– Так! Хай нічога з таго, што я загадаю, не збываецца, пакуль я не скажу “Давай!”… Госпадзе! Чаму я не прыдумаў гэ­та­га ра­ней!

Ён узняў свой слабы голас супраць смерчу, марна намагаючыся крычаць гучней, каб пачуць, што ка­жа.

– Так, зараз! Памятай, пра што мы толькі што дамовіліся. Па-першае, калі споўніцца ўсё, што я скажу, за­бя­ры ў мя­не цу­дат­вор­ную сілу, хай маё жаданне будзе значыць столькі ж, колькі жаданне любога ін­ша­га, і ўсе гэтыя не­бя­с­печ­ныя цуды скончац­ца. Мне яны не дас­па­до­бы. Лепш бы я іх не рабіў. Сап­раў­ды. Гэта першае. А другое: вяр­ні мяне ў час якраз перад тым, як па­ча­лі­ся цуды. Хай усё будзе так, як бы­ло перад момантам, калі перакулілася прак­ля­тая лямпа. Гэта вялікае жаданне, але самае апошняе. Зра­зу­меў? Канец цудам, усё як бы­ло: я зноў у “Вялікім Дра­ко­не”, якраз перад тым, як выпіў свае паў­пін­ты. Вось! Так.

Ён пагрузіў пальцы ў зямлю, заплюшчыў вочы і сказаў: “Давай!”

Усталявалася абсалютная цішыня. Ён адчуў, што стаіць роўна.

– Гэта вы так кажаце, – прагучаў голас.

Ён расплюшчыў вочы. Ён быў у бары “Вялікі Дракон” і спрачаўся пра цуды з Тодзі Бімішам. У яго ўзнікла было няпэўнае пачуццё, што ён забыўся пра нешта істотнае, але яно імгненна прайшло. Рэч у тым, што, за выключэннем цудадзейных сілаў, усё стала па-ранейшаму, таму яго розум і памяць цяпер былі роўна такімі, як тады, калі гэтая гісторыя пачыналася. Ён не ведаў абсалютна нічога пра ўсё, апісанае вышэй, – і да сённяшняга дня нічога не ведае. А сярод іншага, вядома, ён дагэтуль не верыць у цуды.

– Я вам паўтараю, што цуды, уласна кажучы, адбывацца не могуць, – сказаў ён, – што б вы сабе ні ду­ма­лі. І я цал­кам гатовы да­ве­с­ці гэ­та.

– Гэта вы так думаеце, – сказаў Тодзі Біміш і дадаў: – Давядзіце ж, калі можаце.

– Паслухайце, містэр Біміш, – сказаў м-р Фатэрынгей. – Давайце вызначымся, чым ёсць цуд. Гэта неш­та такое, што су­пя­рэ­чыць нармальным прыродным умовам і здзяйсняецца сілай волі…


[1] Від кійка для хадзьбы са сцябла паўднёваазіяцкай пальмы.

пераклад з ангельскай – Павел Донаў

© Павел Донаў, пераклад, 2009





prajdzisvet.org




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка