Георгій марчук чужое багацце




Дата канвертавання13.05.2016
Памер168.28 Kb.
ГЕОРГІЙ МАРЧУК

Чужое багацце
Не стану хітраваць, ёсць у казцы святая няпраўда, але ёсць і намёк — добрым малайцам урок, дзяўчатам навука, старым суцяшэнне.

Сірата Ганначка ранішнюю малітву заўсёды заканчвала словамі: «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Бессмяротны, даруй нам правіны нашы». Свята памятала яна матчын запавет, які вельмі строга загадваў хутара не кідаць, на зямлі лён вы-рошчваць, жыта, каноплі, калодзеж з жывой вадой людзям не аддаваць. Ды праўду старыя кажуць: чужое багацце вочы коле.

Адразу за хутарам, дзе жыла сірата, смалярня1 пана Майданскага была. А сам Майданскі, людзі здагадваліся, прыслужваў Кадуку — самаму галоўнаму Балотнаму чорту. Кадука, які наганяў на ўсіх страх і жудасць, ніхто ў вочы не бачыў. Аднак усе ведалі, што Майданскі бярэ прыклад са свайго гаспадара: носіць чырвоны плашч, чорны шыракаполы капялюш і ніколі не здымае боты на высокіх абцасах.

Майданскі варыў смалу і прадаваў яе для дарожных патрэб. Але гэта была толькі хітрасць. Большую частку смалы ён перапраўляў патаемнымі сцежкамі ў Балота да Кадука, а той перапрадаваў яшчэ далей — самому Люцыпару ў Пекла.

Для Люцыпара грэшнікаў заўсёды мала. Усе іхнія багацці — дамы, банкі, срэбра ды золата — былі набыткам не толькі Сатаны, але і яго адданых сяброў, такіх, як Кадук, а той зрэдку дзяліўся са сваімі памагатымі. Майданскі таксама меў побач сваіх прыхвасняў: аднавухага Пачварніка, вартавога смалярні, і касавокую Русалку, якія так і глядзелі, каб з чужой бяды прыбытак мець. Яны сварылі між сабой суседзяў, разлучалі любых, распачыналі войны.

I ўсё было б як мае быць, ды вось толькі каханне ды дабро — лютыя іх ворагі. Здаўна служкі д'ябла не набліжаліся да тых дамоў і хутароў, на якіх раслі лён, жыта, каноплі.

Свята памятала запавет сваіх бацькоў-нябожчыкаў Ганначка: увесну, калі рыхтавалася да сустрэчы свайго сябра Бусла, гняздо якога месцілася на ліпе, што расла ля ганка, кідаць у зямлю насенне льну, жыта і канапель, прыгаворваць пры гэтым: «Сею лён, сею лён, каноплі, жыта, дай, Божа, дай, Божа, каб усё ўрадзіла».

Сонейка ззяе, Жаўрук спявае, а на душы ў Ганначкі скруха-туга. Не можа яна дачакацца свайго любага Іванку, якога забралі ў салдаты, і лістоў ад яго яна ой як даўно не атрымлівала. «Можа, на вайне ён?» — падумала і яшчэ больш зажурылася. Няўжо не вернецца да яе Іванка? Бацькі ж яго хату ў суседняй вёсцы прадалі і падаліся да сябе на Украіну. Хутчэй бы Бусел прыляцеў, можа, ён вестку ад любага прынясе.

Да прылёту Бусла старанна рыхтаваліся і ворагі — Пачварнік з Русалкаю. Яны пачалі ўгаворваць сірату аддаць ім калодзеж. У гэтым калодзежы Пачварнік хацеў зрабіць патаемны склад і хаваць зброю. А пакуль тое ды сёе, пачаў ён рыхтаваць для Бусла гняздо-прынаду2.

А гняздо тое было незвычайным. Зжыць са свету Бусла наважыліся Пачварнік з Русалкаю, каб ужо ніхто не мог абараніць сірату.

У свавольнай Русалкі таксама была свая мара. Надта ж ёй хацелася трапіць на баль Кадука, прывабіць яго і зрабіцца жонкай усемагутнага чорта. Надакучыла ёй у рачной ціне дні марнаваць. Вось чаму абодва яны так угаворвалі Ганначку не сеяць лён, жыта, каноплі. Не паслухалася іх сірата, памятала матчыны словы: «Ніхто з нячысцікаў не зможа пераступіць твайго парога, калі ля дому будуць расці лён, каноплі, жыта».

Вось чаму і сварыліся Пачварнік з Русалкаю:

— Ды калі б не я, цябе б гаспадар смалярні Майданскі не зрабіў бы гандляром.

Так яны маглі палову дня крычаць і клясці адзін аднаго, пакуль не ўмешваўся пан Майданскі:

— Сварку спыніць! Ну што, задзіры, адгаварылі сірату?

— Яна нас не слухае, — паведаміў Майданскаму Пачварнік.

— Кепска. На той зямлі, дзе растуць лён, жыта, каноплі, Кадук не мае ўлады над людзьмі, — Майданскі нервова пагладзіў свае чорныя вусікі.

— Засуха патрэбна. Хай Кадук пашле засуху, — прапанаваў Пачварнік, — вада ў калодзежы перасохне, нечым будзе паліваць рунь3. Бусла мы адужаем, а вось калі салдат Іванка вернецца, кепска нам будзе.

— Супакойцеся. Іванку на вайне кантузіла. Ён памяць згубіў. Не знойдзе сюды дарогі, — супакоіў іх Майданскі.

— Адкуль ты ведаеш? — не давала веры Русалка.

— У Кадука на двары багата чароўных камп'ютараў. Яны ўсё яму паказваюць. Не дачакаецца Ганначка свайго збавіцеля. А калі раптам ён і з'явіцца, дык не пазнае яе, ён жа памяць згубіў, не памятае, хто ён, кім быў раней. Бусел — першы вораг Кадука.

— I чаго ён яго так баіцца? — здзівіўся Пачварнік.

— Будзеш усё ведаць, хутка састарэеш. Выконвай, што табе загадалі, і мы хораша зажывём! — пераканаў іх гаспадар смалярні.

— Я зайздрошчу чужому багаццю, — адразу сказаў Пачварнік.

— Я зайздрошчу чужому шчасцю, — прызналася і Русалка.

— А я зайздрошчу чужой волі. Завалодае Кадук Ганначкінай душой, мы пераможам, кожны атрымае сваё. Ты, Пачварнік, — зямлю, калодзеж. Ты, Русалка, будзеш прынята пры двары Кадука, пачнеш па ўсім свеце вандраваць. Мне абяцалі ўладу над усімі банкамі і рэстаранамі.

— Дык чаму ён сам не заманіць Бусла ў пастку — і ўсё ў парадку? — абураўся Пачварнік.

— Аракулы-прадказальнікі прадказалі, што Бусел прынясе яму пагібель. Вось чаму ўсё лета, пакуль Бусел гасцюе ў Ганначкі, Кадук сядзіць у сваім балотным палацы за дванаццаццю замкамі.

— Ды я гэтага Бусла з аўтамата! — завёўся Пачварнік.

— Бусел — птушка Боская, — астудзіў ягоны запал Майданскі, — яна нам непадуладная. Прымусім падманам добрага і шчырага Іванку застрэліць Бусла залатой куляй.

— Засуха патрэбна. Калі ежы не будзе, Бусел сам адгэтуль паляціць.

— Пазваніце, пан Майданскі, Кадуку і раскажыце пра ўсё, — прасіла Русалка.

Згадзіўся Майданскі і пазваніў Кадуку.

— Дармаеды! Абібокі! — закрычаў у трубку Кадук, голас у яго быў скрыпучы, непрыемны, нават страшны. — Прыляцеў Бусел?

— Не. Яшчэ не! — разам адказалі Майданскі і Пачварнік.

— Добра, невукі. Я зраблюся віхрам і прынясу засуху. Чакайце. Ваша шчасце, што сёння трынаццатае, пятніца!

Не паспеў Майданскі схаваць свой тэлефон, як над гарызонтам з'явілася невялікая чорная хмарка, на вачах яна ператварылася ў буру-віхор. За некалькі секунд віхор абляцеў хутар. Спалохалася Ганначка. Гарачыня стаіць, нібы ў пустыні.

Лён, жыта, каноплі не растуць. Вады ў калодзежы амаль не засталося. А яшчэ больш растрывожылася яна з-за таго, што Бусел і салдат Іванка дарогу не знойдуць: усё пяском пазаносіла.

Русалка з Пачварнікам павесялелі. Вярнуліся яны да смалярні (яе віхор абышоў, не закрануў), смачна паабедалі і ад задавальнення запелі на свой лад...

Пакуль яны балявалі, прагледзелі Бусла. Ён спакойна праляцеў над лесам, смалярняй, абмінуў замаскіраванае гняздо і сеў на родную ліпу ля ганка Ганначкінай хаты. Дзяўчына нарадавацца не можа на дарагога госця. Абдымае яго, лашчыць па галоўцы. Пытае, ці не бачыў у чужых краях Іванку? Бусел галавой хістае, маўляў, не бачыў, не сустракаў. Зажурылася Ганначка, але духам не пала: удваіх з Буслам бяду адужаць лягчэй. А Майданскі, Пачварнік, Русалка пасля багатага пачастунку вырашылі гадзінку адпачыць. Толькі ляглі, як з'явіўся чорны, маленькага росту Кадук. Схамянуліся яго падначаленыя — і на калені, паклоны адбіваюць. Сто гадоў жыцця атамнага яму зычаць.

Кадук казлінай нагой як тупне:

— Даю вам трынаццаць дзён. Калі не заманіце сірату ў мой балотны палац, літасці не чакайце.

— Яна не паддаецца на ўгаворы, цягае з калодзежа ваду. А ён чароўны: вады ў ім не менее, — паведамляе Майданскі.

— Хлусня. Я зараз дастану з акварыума чорную жабу, што харчуецца толькі адной смалою і выдыхае атручанае паветра. Адвярніцеся. Ніхто не можа яе бачыць.

— Чаму? — напалохалася Русалка.

— Таму што, — угнявіўся Кадук, — хто пабачыць яе, адразу зробіцца сляпым. Беражыце яе больш за свае вочы, — строга загадаў.

Кадук выцягнуў з акварыума чорную жабу, схаваў яе ў торбачку, торбачку паклаў у вядро з вадой і працягнуў Майданскаму.


  • Неўзаметку падкіньце жабу ў калодзеж!

— Зробім, — адказаў Майданскі. Пачварнік адвярнуўся, як і загадаў Кадук, і раптам у бінокль убачыў Бусла:

— Бусел! Бусел прыляцеў!

Пачуў Кадук пра Бусла — і куляй да сябе ў балота. Толькі паспеў сказаць: «Забіце яго!»

Перш-наперш вырашылі заманіць Ганначку ў сваю пастку, каб Бусел адзін застаўся. Надумаліся спачатку запусціць у калодзеж жабу, а пасля ўгаварыць дзяўчыну накіравацца да Кадука па жывую ваду. А пасля... Няма такой сілы, якая б адужала Кадука ў яго ўласным палацы-логаве. Але, каб кінуць жабу ў калодзеж, трэба адцягнуць Ганначкіну ўвагу. Для гэтага пан Майданскі апрануўся ў іспанскія ўборы і прыкінуўся сеньёрам матадорам4. Песню нават прыдумалі. Русалка словы напісала. Яна ж усім замежным цікавілася.

Прыйшлі ў Ганначкіну хату. Русалка ўзялася расхвальваць госця, маўляў, такі прыгажун. Майданскі ўключыў магнітафон, пачаў скакаць, абцасамі стукаць-грукаць, рукі разводзіць, як яго Русалка навучыла. Сапраўдны «артыст балета». Песня нават спадабалася Ганначцы. Русалка і сама падпявала.

А тым часам Пачварнік цішком сваю брудную справу зрабіў: жабу ў калодзеж падкінуў.

Хвацка скакалі Майданскі і Русалка, але надта ж разышліся. Прыкмеціла Ганначка, што адна нага «сеньёра» чортаў капыт нагадвае. Здагадалася яна, што пад іспанскімі ўборамі Майданскі хаваецца, але выгляду не падала. «Сеньёр» запрасіў яе на конкурс прыгажунь у горад Мадрыд. Бясплатна авіябілеты дае. Першае месца, прэміі, грошы — усё абяцае. Русалка ад зайздрасці прытомнасць страціла. Ды не згаджаецца Ганначка ні на якія абяцанкі. Пайшлі госці ні з чым.

Раніцай выцягнула Ганначка вядро вады з калодзежа і ахнула. Не вада, а гразь са смалою. Пачварнік з Русалкаю ў засадзе ляжаць, рукі ад задавальнення паціраюць. Усё атрымалася належным чынам. Не жыць больш на хутары Ганначцы.

Бядуе сірата, не ведае, як калодзежу дапамагчы, як яго вылечыць. Чужынцы — Пачварнік, Русалка, Майданскі — па яе хутары, як па сваёй зямлі, пахаджваюць, парады даюць.

— Трэба ісці да Кадука. Толькі ў яго жывая вада ёсць.

— Ты жывую ваду выльеш у свой калодзеж, ён і паздаравее. Я ведаю, усё жыццё з вадой справу маю, — нахабна маніць Русалка.

Не дае веры Ганначка. Зноў падышла яна да калодзежа, зазірнула глыбока-глыбока і раптам убачыла на дне чорную жабу, ад якой зыходзіла пранізлівае святло. Заплюшчыла вочы дзяўчына, ды позна. Глядзіць на дом, на буслінае гняздо, на поле і нічога не бачыць. Зразумела яна, што аслепла.

Пачварніку і Русалцы толькі таго і трэба. Сталі яны яе суцяшаць, угаворваць. Параіцца сіраціне няма з кім, і згадзілася яна раніцай пайсці да Кадука па жывую ваду. Не забылася, на ноч прачытала малітву, закончыла яе словамі: «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Бессмяротны, даруй нам правіны нашы». Нейкім цудам гэтыя словы пранесліся над лесам, балотам, полем і даляцелі да маленькай чыгуначнай станцыі Гарынь, дзе толькі што выйшаў з цягніка салдат Іванка. На ім шынель, старыя боты, за плячыма торба льняная. Яму было ўсё роўна, дзе выходзіць. Як убачыць з акна цягніка калодзеж, дык і выходзіць на станцыі і рушыць да калодзежа. На гэты раз ён калодзежа не ўбачыў, але праз сон пачуў словы малітвы, што прамаўляла Ганначка. Іванку заўважыў Бусел, які кружыў высока ў небе. Бусел паляцеў наперад, не пакідаў па-за ўвагай салдата і падказваў яму шлях.

Аднак не паспеў дайсці да хутара салдат, як раптам перахапілі яго на скрыжаванні Пачварнік з Русалкаю і заманілі ў смалярню. Яны пазналі Іванку, пачалі частаваць яго абедам, півам паіць.

Расказаў ім Іванка пра сваё гора: на вайне страціў памяць. Ляжыць ён паранены і сніць Анёла-Ахоўніка, які кажа яму: «Кінь зброю, вяртайся на радзіму! Па дарозе ты мусіш ачысціць сорак калодзежаў, і тады дзяўчына напоіць цябе жывой вадой з саракавога калодзежа; у той самы момант памяць вернецца да цябе».

— Вось трыццаць дзевяць калодзежаў я ўжо ачысціў, — кажа Іванка. У вас тут усюды пясок. Можа, падкажаце, дзе крэмень адшукаць, каб калодзеж ачысціць: бачыў я тут адзін недалёка, — звярнуўся Іванка да Пачварніка і Русалкі.

Скемілі яны, што Ганначкін калодзеж салдату ад чорнай смалы век не ачысціць, але на хітрыкі пайшлі. Паслуга за паслугу. Мы табе, маўляў, дазволім на нашай зямлі набраць крэменю, а ты за гэта адну птушачку застрэль, з якой у нас варожасць смяротная.

Усё зраблю, калі крэменем падзеліцеся... Спяшацца мне трэба. Словы малітвы пачуў... не ведаю, чые гэта словы, але чалавеку, што іх прамовіў, кепска... гора ў яго вялікае, — адказаў Іванка. — Каго страляць трэба?

— Адразу відаць, што чалавек дзелавы. Ды Бусла праклятага. Вунь там сядзіць. Стрэльбачку і кульку залатую табе гаспадар смалярні пан Майданскі напракат дасць. За ўсё заплачана. Птушачка на зямлю ўпадзе — камень твой, — распа-раджаўся Пачварнік.

Хоць Іванка і страціў памяць на некаторы час, але душу д'яблу не прадаў. Вельмі важна кожнаму чалавеку, калі напаткаюць яго гора, бяда, адзінота, душу зберагчы, не прадаць яе чорту, зразумець, дзе дабро, а дзе зло.

«Нешта тут не тое, — падумаў Іванка. — Няўжо Бусел, святая птушка, замінае ім? Відаць, яны толькі здаюцца добрымі, а самі подлыя».

— Вы стрэльбу рыхтуйце, а я ў разведку схаджу да Бусла. Прымеруся, дзе лепш засаду наладзіць, — сказаў Іванка.

Назіраў ён за Буслам хвілін трыццаць. Дзіўная птушка: нічога не кажа, а ўсё як чалавек робіць — носіць, збірае на дарозе каменьчыкі і кідае іх у калодзеж. Ды не разумее, што калодзежу можа дапамагчы толькі крэмень. Здзівіўся ён Буслінаму розуму. Падышоў, загаварыў з ім.

— Я цябе, браток, забіваць абавязаны. Але я гэтага не зраблю. Ты прыгожая, разумная птушка. Не бойся. Давай мы перахітрым тваіх ворагаў. Калі будзеш ляцець над балотам, я стрэлю, але міма. Ты ж зрабі выгляд, што куля ў цябе трапіла, і каменем упадзі на зямлю. Узлятай толькі тады, калі пачне змяркацца.

Разумны Бусел заківаў галавой у знак згоды.

— Вось і добра. Дзякуй! Ты больш каменьчыкі ў калодзеж не цягай, пачакай, я ачышчу калодзеж.

Вярнуўся Іванка да сваіх новых «сяброў». Тыя яго ўжо чакалі, каб ісці на паляванне. Далі яму стрэльбу і пайшлі. Побач з ім Русалка з Майданскім, за імі — Пачварнік з біноклем. Падказваюць, перашкаджаюць салдату. Бусел кружыць, усё бліжэй, бліжэй. Стрэліў Іванка. Як і дамовіліся, каменем упаў Бусел на купіну і ляжыць, не варушыцца. Пачварнік глянуў у бінокль. Усё выдатна. Ухвалілі Іванку, завялі ў каменяломню. Узяўся ён калоць крэмень. Майданскі ж з хеўрай5 з дакладам да Кадука заспяшаліся. Маўляў, усё ў парадку. Бусла, якога вы так баяліся, сярод жывых няма. На свае вочы бачылі.

Як назад ішлі, збочылі да хутара. Іванка камень крышыць, Бусел на купіне ляжыць, Ганначка адна ў хаце сядзіць. Падышла да яе Русалка і кажа:

— Бусел не вытрымаў засухі, паляцеў адгэтуль. Збірайся, трэба ісці да Кадука па жывую ваду. Там баль наладжваюць. Усе знакамітасці з'явяцца. Патанцуеш адзін танец з Кадуком — абсыпле золатам, жывой вады дасць. Жыццё — цуд. Не ўвесь жа век аслеплай быць. Дапамогі чакаць няма ад каго. Разлічвай толькі на нас.

Згадзілася Ганначка, і накіраваліся яны да Кадука, а Пачварнік гаспадарыць на двары ўзяўся. Грандыёзныя планы ў Пачварніка. Ён ужо наважыўся смалярню купіць, толькі б на балі ў Кадука ўсё атрымалася, як задумалі.

Тым часам Іванка скончыў работу, склаў камень у мех, выйшаў з каменяломні. Бачыць, Русалка вядзе за руку прыгажуню — ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Надта ж спадабалася яна Іванку, вырашыў ён паглядзець, куды яны кіруюцца. Так ішлі з купкі на купку, пакуль не апынуліся сярод балота. Бачыць — а спераду сухое дрэва, у дрэве дупло з чалавечы рост. Да яго і пайшлі Русалка з дзяўчынай. Як высветлілася, не дупло гэта, а ўваход у Кадукоў падземны палац. На ліфце ўніз спусціліся, Іванка за імі, а там гасцей поўна, слугі мітусяцца з пачастункамі на падносах. А на падносах — віны заморскія. Замест сцэны — экраны тэлевізараў ды камп'ютараў.

Пан Майданскі падвёў да Кадука сірату Ганначку і салдата, якога ён прыкмеціў. Пачаставалі салдата віном, падарылі пярсцёнак залаты, гадзіннік-тэлевізар. Толькі невясёлы Іванка. Увесь час турбуецца ён з-за сляпой дзяўчыны. Не п'янее ягоная галава. Цвярозы ў яго розум. Бачыць салдат, што Майданскі ап'янеў. «Дай, — думае, — спытаю, хто гэта дзяўчына і што з ёй?» Майданскі ўсё пра дзяўчыну і расказаў: як убачыла яна чорную Кадукову жабу і аслепла на трынаццаць дзён і трынаццаць начэй, а думае, што аслепла назаўсёды. Вось Русалка і прывяла яе сюды па жывую ваду. Але каб атрымаць яе ад Кадука, трэба з ім патанцаваць. Вось тут уся таямніца: варта Кадуку дакрануцца да Ганначкі — і дзявочая душа апы-нецца пад яго ўладай.

«Вось што ён надумаў», — зразумеў Іванка злосную Кадукову задуму. Тут пачулася змяінае сыканне. Усе ведалі, што за гэтым сыканнем мусіць з'явіцца сам Кадук. Вельмі шкада зрабілася Іванку Ганначкі. Не мог ён дапусціць, каб такая прыгажуня балотнай пачвары ў лапы трапіла. I пачаў ён думаць, як уратаваць яе. У залу тым часам заляцеў віхор, і з яго з'явіўся Кадук.

— Ці падабаецца вам у мяне? Ці дастаткова ежы, пітва, ці весела? — пытае ён пісклівым го-ласам.

— Усё даспадобы. Усім задаволены! — хорам адказваюць госці.

Кадук чырвонымі вачыма агледзеў усіх. Падвёў да яго Майданскі салдата і расказаў, што той забіў Бусла.

— Малайчына! Прасі, чаго пажадаеш. Усё дам. Прасі, — вымавіў Кадук, а сам вачэй не зводзіць з Ганначкі.

— А ты не хлусіш? Ты на самай справе Кадук? — нечакана спытаў Іванка. Усе госці вохнулі нават.

— Ці ж я не падобны на Кадука, Люцыпаравага сына? — здзівіўся Кадук і злёгку ўгнявіўся.

— Не! Дзед мне калісьці казаў, што ў сапраўднага Кадука барада пазалочаная, — смела адказаў Іванка.

Усміхнуўся Кадук:

— Ты маеш рацыю, салдат. Раз на год Кадук бараду залоціць, калі шлюб бярэ. Сёння менавіта такі дзень. Нявеста побач. Ты майстра на ўсе рукі. Дазваляю табе пазалаціць маю бараду. Пан Майданскі, падайце служываму залаты парашок. Майданскі выканаў загад Кадука.

— Што яшчэ трэба?

— Парашок... так... і смала. А навошта?

— Перамяшаем са смалой, тады золата лепш на барадзе ўтрымаецца.

— Лагічна, — адказаў Майданскі.

Іванка хуценька перамяшаў смалу і залаты парашок, расплавіў і паднёс гаршчок да Кадука. Той асцярожна апусціў сваю доўгую бараду.

— Не горача? — пацікавіўся салдат.

Самае то, — адказаў з усмешкай Кадук. — Чым аддзячыць табе, салдат?

— Дазвольце адзін танец з вашай новай нявестай станцаваць.

— I ўсё? Танцаваць — не ночку гуляць. Дазваляю, — паблажліва адгукнуўся Кадук.

Танцуе Іванка з Ганначкай і ціха пытае:

— Навошта ты сюды прыйшла?

— Па жывую ваду.

— Не давай веры. У Кадука яна атручаная.

— А ты хто?

— Сябра твой. Хачу табе дапамагчы. Як толькі ўсе пачнуць скакаць, уцякайма адгэтуль.

— Куды? Я ж дарогу да свайго хутара не знайду.

— Там, дзе Бусел лётае, — там і хутар, — супакоіў дзяўчыну Іванка. — Я табе дапамагу.

Кадуку павольны танец быў не даспадобы, завёў ён хуткую музыку. Не ўседзела Русалка, так ёй карцела паказаць перад Кадуком свой спрыт, падхапіла яна Майданскага, пайшла скакаць.

Але раптам канцэртмайстар завёў новы танец і абвясціў яго танцам жаніха і нявесты. Хацеў быў Кадук выцягнуць бараду з гаршчка, ды не можа — смала застыла. Схапіў ён гаршчок і ў шаленстве забегаў па зале. Кляне салдата, а таго ўжо і след прастыў. Ускараскаліся наверх Іванка ды Ганначка, ды кулём прэч ад заклятага месца пабеглі. Служкі панікуюць, госці напалохаліся, на падлогу паваліліся: Кадук раз'юшаны, дык жахлівы.

— Камп'ютарам, камп'ютарам заблакіруйце ліфт, зачыніце выхад! — крычыць ён, але ніхто не цяміць, на якім камп'ютары прыладжана сістэма кіравання. Нарэшце Майданскі ўключыў адзін экран, і стала відаць, што салдат з Ганначкай пераадолелі балота, набліжаюцца да лесу.

— Адразайце мне бараду да самага падбародка, — загадвае Кадук. — Хутчэй, хутчэй...

Адрэзалі пазалочаную бараду, вызвалілі Кадуку рукі, ён жа ўвесь час у руках трымаў гаршчок.

— У пагоню! — загадаў ён Майданскаму, Русалцы і свайму целаахоўніку.

— Стамілася я, давай адпачнём, сіл больш няма, — прапанавала салдату Ганначка.

— Нельга. За намі пагоня. Наперадзе калодзеж. Вып'ем вады, сіл паболее, — адказаў Іванка.

— Асцярожна! Не пі! Там чорная жаба. 3-за яе я і аслепла, — спалохалася Ганначка.

— Ведаю. Мы Кадукову прыслужніцу адтуль крэменем вытурым.

Кінуў Іванка ў свой саракавы калодзеж крэмень. Забурліла вада, успенілася. Зрабілася жабе моташна.

Каб жывую ваду атручваць, трэба жабе смалою падмацоўвацца. Памкнулася яна наверх, выкараскалася вонкі. Наважылася да смалярні скакаць, ды ўбачыў яе з вышыні Бусел, ухапіў за шкірку ды ў рот: на тое яна і жаба, каб Бусел яе глынуў. Не ведаў ён, што жаба незвычайная, што Кадукова смерць у ёй хаваецца. А калі б ведаў — яшчэ б хутчэй глынуў. Бусел чорту ніколі сябрам не быў.

Не дайшоў Кадук да хутара, спыніўся, нядобра яму зрабілася, ногі скамянелі. Уключыў камп'ютар на сваёй руцэ і бачыць, што стаяць ля калодзежа Бусел, Ганначка і салдат, жывую ваду набіраюць.

Здагадаўся ён, што Бусел чорную жабу глынуў і што зараз яго, Кадука, нішто ад пагібелі не ўратуе.

Умылася вадою Ганначка, і адразу заслона з яе вачэй спала. Зірнула яна на свайго збавіцеля, пазнала:

— Іванка! Родны!

Пачуў гэтыя словы салдат, і адразу памяць да яго вярнулася. Азірнуўся вакол, пазнаў родныя мясціны, хутар, калодзеж, любую Ганначку, якая абяцала чакаць яго з арміі. Абняў яе, верную ды прыгожую. Глядзіць на закаханых Кадук, і слабасць яго апанавала. Пачварнік за ім з засады назірае. Хаця і абвешаны ён зброяй з галавы да ног, а на самай справе баязлівец. Уцёк агародамі.

Канае Кадук. Паклікаў Майданскага:

— Адпомсці ім за мяне, вось табе капсула з атрутай. Усё, што тут ёсць, разлі на хутары. Пяцьсот тысяч гадоў нішто жывое там расці не будзе. Табе перадаю палац мой і ўладу галоўнага Балотнага чорта. Працягвай нашу справу. Я паміраю. Ператваруся ў віхор і больш ніколі не з'яўлюся. Пылам вам дапамагаць буду. Вось табе дыск ад усіх камп'ютараў і пярсцёнак з пячаткай самога Сатаны.

— Усё зразумеў, бацька родны! Жаданне тваё выканаю як мае быць, — адказаў Майданскі.

— Капсулу з атрутай беражы... — прамовіў апошнія словы Кадук і знік, толькі пыл завіхурыўся.

Тут прыбег увесь у слязах Пачварнік, давай скардзіцца: яго ў каршэнь з хутара прагналі, тавар канфіскавалі6, пагражаюць. Вядома, усё гэта ён навыдумляў, каб спачуванне да сябе выклікаць. Пачула яго расказ Русалка — перадумала ўцекачоў даганяць. Бокам, бокам да сябе ў рэчку. Хоць і сумна там, журботна, але ж надзейна. А з такімі сябрамі адно пагібелі дачакаешся.

— За мной! — загадаў Майданскі. Пачварнік спаслаўся на боль у нагах і памкнуўся да сябе на Пачвару — акрайчык зямлі паміж лесам і балотам. Перачакаць вырашыў вайну Майданскага з Іванкам. У Пачварніка сутнасць такая: падбухторыць да сваркі, бойку справакуе, а сам у схованку, каб пасля з пераможцам нарабаванае дабро ды трафеі7 падзяліць.

— Эх, здраднікі! Вы яшчэ пашкадуеце. Прыбяжыце да мяне на паклон, — прыгразіў Майданскі і з целаахоўнікам рушыў да хутара.

Вельмі спяшаліся Іванка ды Ганначка, рупіліся, палівалі вадой з калодзежа лён, каноплі і жыта. «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Бессмяротны, даруй нам правіны нашы», — ціха прасіла Ганначка. Закрасавалі лён і каноплі; вытыркнуліся жытнія каласкі. Ганначка з ільну сатчэ палатно, нашые кашуль, з канапель алей выцісне. Іванка з зерня мукі намалоціць, напякуць яны смачных пірагоў.

Спазніўся Майданскі са сваім целаахоўнікам. Просіць Іванку, каб той сірату яму вярнуў, інакш ён усё навокал атруціць. Кажа так Майданскі, а сам увесь час галаву ад канапель, ільну ды жыта адварочвае. Бо як гляне на іх, дык уся злосць знікае і на сон яго цягне. Накіраваў ён целаахоўніка дзялянкі з жытам, ільном, каноплямі павытоптваць, парасткі з карэннем павырываць. Ды Іванка не лыкам шыты. У арміі добра засвоіў прыёмы рукапашнага бою. Застаўся Майданскі адзін. Выняў капсулу, пагражае ўсё атруціць. Выліў кроплю яду на траву, яна адразу пажухла і завяла. Тады Іванка паліў яе жывой вадой — трава выпрасталася, ажыла, зазелянела.

— Няма чаго радавацца! Я дачакаюся свайго часу, — страшыць Майданскі. У яго ад злосці нават хвост вырас. Зусім у чорта ператварыўся.

— Не дачакаешся! Мы дзяцей сваіх навучым лён, жыта, каноплі садзіць, калодзеж берагчы, родную зямлю шанаваць, адно аднаму дапамагаць, — адказвае яму Іванка.

— А вось і першая летняя навальніца! Дачакаліся, дзякуй Богу! — узрадавалася Ганначка.

Стаў Іванка перад Майданскім і кажа.

— Выбірайся, пакуль цэлы, чорт балотны, чуеш — навальніца. Гэта Ілля табе з нябёсаў прывітанне пасылае.

Вядома, як чэрці навальніцы баяцца; хуценька спусціўся Майданскі ў падземныя лабірынты Кадука, толькі яго і бачылі. А шчырым ды добрым людзям чаго грому нябеснага палохацца?

Добры дождж апырскаў зямлю, сонца выйшла з-за хмар. Усё жывое жыццю радуецца.

— Я кахаю цябе, Ганначка, — казаў шчаслівы Іванка.

— I я кахаю цябе, Іванка, — адказвае шчаслівая Ганначка.

Ім хацелася спяваць. I яны заспявалі сваю песеньку: «Сонейка ззяе, ветрык вее. Бусел клякоча над галавой. Няма той сілы, што б разлучыла, мілая, мілы, з табой».

Тут і казка канчаецца. Я на вяселлі быў, гуляў, піва піў. Пеўніка мне падарылі, які ўзлятае на дрэва і салоўкай спявае. Дачка мая паказвае яго ўсяму мястэчку. Не верыце? Чыстая праўда. Таму што казкі без праўды не бывае.


____________

1 Смалярня — прадпрыемства, дзе вырабляюць смалу.

2 Прынада — усё тое, што прываблівае.

3 Рунь — усходы, пасевы азімых культур.

4 Матадор — галоўны ўдзельнік бою быкоў, які нано-сіць смяротны ўдар быку; тарэадор.

5 Хеўра — група людзей, якія аб'ядналіся для разбою, злачынства; зграя, шайка, банда.

6 Канфіскаваць — тут: забраць.

7 Трафей — багацце, захопленае ў пераможанага праціўніка.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка